З мінуўшчыны ў сучаснасць ...
Да 90-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая
Валянцін Паўлавіч Таўлай... Яшчэ паўгода назад, да майго прыходу на працу ў музей Янкі Купалы, гэтае імя мне было невядома. Але прайшоў час, і лёсам мне было наканавана паглыбіцца ў гісторыю нашай Бацькаўшчыны, адкрыць для сябе ўпершыню гэтага чалавека: паэта, палымянага змагара за ўз'яднанне Беларусі, аднаго з першых навуковых супрацоўнікаў музея Янкі Купалы.
Гляжу на партрэт Валянціна Таўлая з удумлівымі, крыху засмучонымі вачыма: разумны, сціплы, просты... А колькі за яго плячыма!..
Творчая біяграфія Таўлая - з'ява ў многіх адносінах незвычайная. Валянцін Таўлай прайшоў кароткі, але яркі і змястоўны жыццёвы шлях, ён для паэта быў не лёгкі. Дзяцінства яго бегла праз Ліду, Зэльву, вёскі Рудаўка, Вялікая Кракотка (Слонімскі р-н).
Да Валянціна Таўлая рана прыйшло разуменне "забранасці" роднага краю. Неўзабаве пасля акупацыі Заходняй Беларусі польскімі панамі, у 1924 годзе як непаляк быў звольнены з працы бацька. У гэты ж час памерла маці. Сям'я пасялілася ў вёсцы Рудаўка, дзе занялася сельскай гаспадаркай на трох з паловай гектарах зямлі.
Праз два гады з-за нязгоды адмовіцца ад сваёй нацыянальнасці вымушаны быў пакінуць Слонімскую польскую настаўніцкую семінарыю Валянцін. Чым жыве ў той перыяд заходне-беларуская вёска? У Таўлая ёсць лаканічны запіс: "Набліжаюцца гады штурму і націску ў заходне-беларускай вёсцы і ў маёй душы." Гады фармавання маладога, не па гадах паважнага чалавека.
Хата Таўлаяў становіцца ў гэты час як бы штабам грамадоўскага гуртка вёскі. Ідзе барацьба за сваю беларускую школу, складаюцца дэкларацыі, пішуцца заявы. Будучы паэт на свае вочы бачыў тую родную кіпучую Грамаду, пра якую потым сказаў, што гэта была "бунтуючая паэма беларуска-мужыцкай стыхіі". У хаце Таўлаяў была адчынена, нарэшце, хоць прыватная, але свая, беларуская школа, і сюды вечарамі прыходзілі самыя аўтарытэтныя для Валянціна настаўнікі - тыя ўзбуджаныя дзядзькі, якія ўжо "скоса пазіралі на панскую зямлю, на польскую паліцыю. З ап'яняльным, салодкім здзіўленнем адчувалі, што яны - вялікая сіла. "
Значным асяродкам вызвольнага руху была тады Вялікакракоцкая бібліятэка, заснаваная ў 1927 годзе самімі сялянамі, якія далі ёй імя Я. Купалы. На яе паліцах было звыш тысячы тамоў кніг беларускай, рускай, украінскай і польскай літаратуры, у тым ліку камплекты многіх часопісаў, нават старыя гадавікі "Нашай нівы". Зазначым, што тады і пазней, да апошніх сваіх дзён, В. Таўлай падтрымліваў з гэтай бабліятэкай жывую напарыўную сувязь.
Будучы студэнтам Віленскай гімназіі, В. Таўлай актыўна ўдзельнічаў у камсамольскіх гуртках і вёў агітацыйную работу сярод моладзі. І вось у 1929 годзе за ўдзел у кіраўніцтве студэнцкім штрайкам супраць фашызацыі гімназіі, яго выключаюць з гэтай навучальнай установы і аддаюць у рукі паліцыі, якая прымусова дастаўляе Валянціна ў родныя мясціны. Але ў вёсцы В. Таўлай не сядзеў склаўшы рукі. Ён разгарнуў камсамольскую работу, быў сакратаром раённага камітэту камсамола Заходняй Беларусі. Вельмі хутка ўлады прымянілі да свядомага беларуса больш дзейсныя, чым адмовы ў стыпендыі і выключэнне, "сродкі выхавання". У канцы 1929 года В. Таўлай быў два разы арыштаваны і зняволены ў Слонімскую турму, потым ў Гарадзенскі астрог.
Творы паэта нараджаліся за кратамі. Жыццё Валянціна Таўлая варта яркай, змястоўнай кнігі. Гэта кніга - яго творчасць. Сваім зместам яна цесна звязана з барацьбой, якая падказвала аўтару тэмы вершаў, паэм. Спалу-чэнне глыбока сімвалічнае: пачатак літаратур-най дзейнасці В.Таўлая па часе амаль супадае з пачаткам яго свядомай рэвалюцыйнай барацьбы.
Мастак ад Бога, ён пачынаў вельмі рана і ярка. Трынаццацігадовым падлеткам здзівіў знаёмага чалавека з суседняй вёскі не дзіцячым зместам сваіх вершаў. У адным з іх адгукнуўся на палеміку паміж грамадоўцамі і хадэкамі, што разгарнулася на старонках заходнебеларускага перыядычнага друку ў сярэдзіне 20- х гг., заклікаў беларусаў да згоды:
"О ты, Згода, адгукніся,
Дзе ты прападаеш?
Цябе рэдка дзе пабачыш,
Рэдка дзе бываеш!
Ці ўтамілася ты, Згода,
Ды ў глыбокім моры,
Што ўжо так запанавалі
У нашым краі споры?.."
Потым была паэма "Непераможныя", напісаная ў час суда над кіраўнікамі Беларускай сялянска-работніцкай грамады і надрукаваная ў вучнёўскім часопісе Віленскай беларускай гімназіі "Золак" № 1 за 1928 год. Праўда, подпіс стаяў пакуль не "Бунтарны", а "Янка Дванаццаты", ды бунтарскі дух ужо вырываецца на прастору жыцця-барацьбы, жыцця-змагання. Твор, як згадваюць сябры В.Таўлая, стаў значнай падзеяй ў жыцці навучальнай ўстановы. Ён пераходзіў з рук у рукі, яго чыталі, дэкламавалі на сходах.
Знаёмячыся з самымі раннімі творамі В. Таўлая, пазначанымі 1928 і 1929 гг.("Жаданне", "Напрадвесні", "Ідзе за годам год", "Ніва" і інш.), цяжка паверыць, што аўтар іх не толькі навічок у паэзіі, але і зусім яшчэ юная асоба. Жыццё патрабавала дзеяння, абставіны вымагалі рашучасці, талент нараджаў па-сапраўднаму грамадзянскую, сацыяльна жарсную і востра публіцыстычную споведзь.
Чытаеш гэтыя вершы і бачыш перад сабою самога аўтара... Не можаш не бачыць: такога даверлівага, адкрытага. Ён ведае: час, абставіны патрабуюць ад яго выразнай грамадзянскай пазіцыі. Гучыць споведзь пакалення змагароў.
"Гром, загрымі! Віхор, - завый!
Пад бляск маланак агнявы
Хай задрыжаць прасторы неба:
Скрануць Зямлю з падвалін трэба!"
("Жаданне", 1928г.)
Глухая навала астрогаў (іх засведчылі горкія подпісы пад вершамі і паэмамі - Слонім, астрог; Гародня, астрог; Вільня, Лукішкі; Ліда, турма...), якія забралі сем гадоў жыцця, не дужа спрыяла праяўленню творчага дару. Турмы ўмелі спраўджваць свае загаддзя разлічаныя планы ўдушэння таленту. Але, нягледзячы на ўсё гэта, цуд паэзіі ўсё ж ствараўся! Раскрываўся менавіта Таўлаеўскі дух бунтоўнасці, пратэсту, глыбока ўсвядомленага выкліку ўсім бесчалавечна- нялюдскім сістэмам уціску.
З канца 1932 года - ён сябар цэнтральнай рэдакцыі КПЗБ у Варшаве. Адзін з фактычных рэдактараў "Беларускай газеты" і яе дадатку- часопіса "Літаратурная старонка", легальных неафіцыйных органаў КПЗБ у Вільні, адным з арганізатараў Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў (падрыхтаваў і правёў 1 з'езд заходнебеларускіх пісьменнікаў, дзе і сам выступіў з дакладам у снежні 1933г.).
Памятны верасень 1939 года В.Таўлай сустрэў на вуліцах Гародні ў вопратцы вязня. Радасць вызвалення, сустрэч з роднымі, любімая праца ў рэдакцыі Лідскай раённай газеты, сям'я, віды на выданне зборніка твораў. У гэты час В.Таўлай сустрэўся і моцна пасябраваў з вядомай беларускай паэтэсай Нінай Тарас. Пачаліся іх узаемныя "літаратурныя чытанні", як сваіх твораў, так і таго, што найбольш падабалася ў паэзіі Маякоўскага, Багрыцкага, Міцківіча ці Славацкага.
Вялікая Айчынная вайна стала суровай школай для ўсіх сумленных людзей. В. Таўлай становіцца сувязным партызанскага аддзела імя Р. І. Катоўскага, разведчыкам спецгрупы "Буравеснік". Давялося нямала перажыць. Вясной 1942 года выпадкова застаўся жыць, восенню 1943 - га трапіў у фашысцкія засценкі...
Паэзія В.Таўлая гадоў вайны - паэзія жыццёвага і грамадскага аптымізму. Ні на хвіліну паэт не сумняваўся, што вораг будзе разгромлены. Як ў вераснёўскай творчасці В. Таўлая адметнае месца займаюць "Лукішскія вершы", так у ваеннай - верш "Лісты з турмы". Там і тут - праўда змагання. Там і тут здзіўляючая шчырасць. "Лісты з турмы " адрасаваны сябрам, жонцы Лідзіі Сяргееўне.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з ліпеня 1944 па люты 1945 года Таўлай працаваў адказным сакратаром наваградскай раённай газеты "Звязда", а са снежня гэтага ж года ў Літаратурным музеі Янкі Купалы. Лёс прывёў В.Таўлая ў музей невыпадкова. Гэта стане зразумела, калі адгарнуць некалькі старонак з творчых сувязяў Валянціна Паўлавіча з Янкам Купалам.
Як адзначае паэт і даследчык жыцця і творчасці В. Таўлая Мікола Арочка, на пачатку хапала ўсяго: павярхоўнага пераймання, калі, "забыўшыся", рука паўтарала купалаўскую рытміку і сімволіку, выпрабоўваючы яго вершаваныя памеры. Аднак, гэтае захапленне было і яго ратункам, бо выхоўвала густ. Адчуванне мастацкай меры вяло глыбей да таямніц мастацкага слова.
Валянцін Таўлай прызнаваўся, што Купала быў яго "вялікім маральным падтрыманнем у найбольш цяжкія хвіліны".
У лісце, які М. Арочка атрымаў ад С. А. Жабінскага, былога загадчыка замежнага аддзела "Звязды", ёсць цікавыя звесткі пра першае знаёмства Таўлая з Купалам. Гэтае знаёмства адбылося напрадвесні 1931 года на кватэры Купалы, да якога Жабінскі з Таўлаем па даручэнні рэдакцыі звярнуліся з прапановай даць на старонках газеты водпаведзь буржуазным заходнебеларускім пісакам з "Беларускага звону" і "Беларускай крыніцы". Праз некалькі дзён Купала прынёс у "Звязду" сваю гнеўную водпаведзь у выглядзе "Ліста ў рэдакцыю", а неўзабаве - і свой вядомы верш "А ў Вісле плавае тапелец...".
Нельга абмінуць такую падзею ў жыцці Таўлая, як сустрэча неўзабаве пасля памятнага верасня з Янкам Купалам у Лідзе. У архіве Таўлая захаваўся чарнавы накід успамінаў пра тыя дні: "Першая сустрэча, - піша ён, - у чыгуначным клубе. Немалая зала аказалася малой да недарэчнасці. Людзі запоўнілі яе да адказу. Хвіліна ўсхваляванага чакання - і залу ўзрушаюць працяглыя авацыі: на сцэну ўзыходзіць Янка Купала. Яго акружаюць кіраўнікі грамадскага вузла горада, чыгуначнага вузла і маладыя паэты Заходняй Беларусі, якія на абвестку аб сустрэчы з'ехаліся з розных куткоў вобласці.
Ва ўсёй постаці Янкі Купалы, у кожным яго жэсце - ніякай позы, адна запалоньваючая прастата вялікага чалавека. Купала гаворыць аб вялікай радасці, што ён ізноў на гэтай адвечнай беларускай зямлі, па якой хадзілі яго ногі..."
Тут добра перададзена ўсхваляванасць самога Таўлая, а таксама тых людзей, што ішлі тады за дзесяткі кіламетраў, каб толькі пабачыць Купалу. Многія ж "памяталі і любілі Купалу з далёкіх дарэвалюцыйных гадоў". І хоць па гэтай зямлі "дваццаць год не хадзілі яго ногі", затое хадзіла яго песня - ад вёскі да вёскі, ад сэрца к сэрцу.
Купала на адвітанне падараваў кожнаму з маладых паэтаў па сваёй кніжцы. "Мне асабіста, - піша Таўлай, - Янка Капала ахвяраваў паэму "Над ракой Арэсай" з надпісам: "Таварышу Валянціну Таўлаю на ўспамін аб сустрэчы ў Лідзе - Янка Купала". Гэтая кніга разам з іншымі дарагімі дакументамі майго жыцця беспаваротна загінула ў вайну. Успамінаючы загінуўшую кніжачку ў зялёнай вокладцы, я кожны раз адчуваю востры боль: ужо ніколі Янка Купала не ахвяруе ні мне, ніводнаму з нас сваёй кнігі."
Пасля вайны Валянціна Таўлая, думаецца, невыпадкова прывяла дарога да грунтоўнага вывучэння спадчыны Купалы. Ад яго адыходзіў ён на раннім этапе, і да яго выпала прыйсці ўзмужнелым у баях. Ад першых дзён працы літаратурнага музея Я.Купалы Таўлай стаў найбліжэйшым памочнікам Ул.Францаўны Луцэвіч, яе намеснікам.
Таўлаю даводзілася аднаму з першых пачынаць вялікую працу па збору і вывучэнню Купалаўскай спадчыны. Ён нечакана адшукаў урыўкі невядомай паэмы Купалы - "Гарыслава". І як яго ўсцешыла гэтая знаходка!.. На шчасце, было дзве рэдакцыі ўрыўкаў паэмы - іх можна было супаставіць і прааналізаваць выспяванне мастацкага слова Купалы. Пранікнуць ў тайнікі Купалаўскай "лабараторыі выгатаўлення мастацкага слова" - вось адна з важнейшых задач, якую ставіў сабе Таўлай.
Можа здзівіць шырыня даследчыцкіх задум Валянціна Таўлая: ён ставіць, напрыклад, сваё прозвішча супроць такіх тэм: "Творчы працэс Янкі Купалы", "Развіццё верша Янкі Купалы", "Янка Купала - ідыёлаг нацыянальна- вызваленчай барацьбы беларускага народа", "Метафары Янкі Купалы", "Янка Купала і польская літаратура", "Уплыў Купалы на фармаванне паэтаў Заходняй Беларусі" - і ўсё гэта было разлічана на бліжэйшыя пяць год - тых, якія яму не суджана было пражыць.
Засталіся ў рукапісах сотні накідаў, выпісак, тонкіх назіранняў.
Спасцігаючы ўсё глыбей душу Купалаўскай паэзіі, Таўлай аберагаў яе чысціню і сапраўднае, першароднае гучанне. Ён натхнёна гаварыў аб "замацаванні вялікіх творчых традыцый Купалы", якія павінны стаць надзейным падмуркам усёй беларускай літаратуры. "Я пішу,- паведамляў ён у друку, - папулярную біяграфію народнага паэта і рыхтую на першыя чэрвенскія Купалаўскія чытанні даклад на тэму : "Янка Купала і Заходняя Беларусь". Нашаму славутаму песняру В.Таўлай прысвяціў вершы "Падарожны", "Памяці Янкі Купалы".
Даволі актыўна працаваў паэт і ў галіне нарыса, быў вядомы таксама як крытык і літаратуразнаўца.
Працаваў, гледзячы далёка на перад, як апантана працуе чалавек, што яшчэ не задумваецца над пройдзенымі жыццёвымі вёрстамі. А сэрца, спакутаванае ў засценках, збалелае ад надзвычайнага фізічнага і маральнага напружання, білася ўсё слабей і слабей. В.Таўлай трапляе ў бальніцу. Памірае доўга - цэлых паўгода, не здагадваючыся аб гэтым. 27 красавіка 1947 года паэта не стала. У лісце да сябра Я.Купалы. украінскага паэта Тэрэня Масэнкі (28.04.47г.) Уладзіслава Францаўна Луцэвіч пісала: "заўтра хаваем цудоўнага чалавека, слаўнага паэта і найлепшага сябра Янкі Валянціна Таўлая. Вельмі цяжка хаваць такіх выдатных, чэсных людзей."
Ён так і не паспеў пабачыць сваю першую кнігу "Шляхі і краты", якая выйшла пасля смерці паэта пад назвай "Выбранае". Сваімі думкамі пра яе В. Таўлай дзяліўся ў артыкуле "Пераступіўшы парог" у 1946 годзе.
Яго словы аказаліся прарочымі... Сёння я трымаю ў руках кнігу Валянціна Таўлая, праз якую са мной размаўляе выдатны паэт і сапраўдны чалавек, што здолеў, як быццам бы, "пераступіць парог з мінуўшчыны ў сучаснасць..."
НІНА ТАЎЛАЙ ПРА БРАТА І ПРА ЎСІХ
(Інтэрвію Ніны Таўлай рэдактару часопіса "Лідскі летапісец" Станіславу Судніку 20 лютага 2004 г. у Лідзе)
. Дык Вы нарадзіліся ўжо ў Лідзе?
- Я нарадзілася ў 1933 годзе ў Лідзе.
- А Валянцін нарадзіўся..?
- Ён у 1914 г.
- Дзе?
- У Баранавічах.
- У саміх Баранавічах?
- Мяне не было, дык я добра не ведаю. І яшчэ быў адзін брат, Аляксандр з 1916 года.
- А з ім што сталася?
- Ён загінуў у 1943 годзе. Ён быў радыстам ці стралком на самалёце. Ён перад вайною вучыўся на лётчыка. Паступіў у лётнае вучылішча. Але пачалася вайна, і яго ўзялі ці стралком, ці радыстам на самалёт. Ён быў у 1943 годзе каля Саратава, Бузулук - такі горад за Волгай. Вось там ён і загінуў. Таму што прыязджаў пасля вайны яго таварыш, які разам з ім ваяваў, ён прывёз фатаграфію і расказваў. Я ўжо ў цёці жыла, у мамінай сястры, яна мяне гадавала. І ён расказваў. Так што ён загінуў у 1943 годзе.
- Ваш бацька ў якім годзе сюды пераехаў?
- Я толкам не ведаю. Я радзілася тут, а потым паехалі, жылі ў Рудаўцы. А потым, калі прадалі у Рудаўцы гаспадарку, хату...
- У якой Рудаўцы?
- У вёсцы, у Рудаўцы.
- А дзе яна?
- А яна на Слонімшчыне, там яны і жылі. Там былі дваюрадныя бацькавыя браты. І адзін, і другі. Яны нядаўна толькі памерлі. А дваюрадная сястра татава ў Слоніме яшчэ жыве. І яны ўсе з Рудаўкі. І там у таты была гаспадарка. Як яны жылі ў Рудаўцы, там у мамы была беларуская школа, там беларускія хлопчыкі і дзяўчаты прыходзілі, вучыліся на беларускай мове. Мама мая настаўніцай была.
- Ён сюды ўдаўцом прыехаў?
- Першая жонка яго памерла ад тыфу. Ён застаўся з двума малымі сынамі: гэта Валянцін і Аляксандр. І іх першы час гадавала яго маці, бабка Аўдоцця. Яна ў Рудаўцы жыла, і яны там былі ў Рудаўцы. А тата жыў на чыгунцы, працаваў у Лунінцы, у Баранавічах, потым яго перавялі ў Ліду. У якім толькі годзе не магу дакладна сказаць. Бо спецыяльна гэтым не займалася. Ёсць гэта ўсё ў кніжках напісана. Відаць тут пазнаёміліся з мамай. І недзе ў 1922 ці 1923 годзе яны пажаніліся. Потым у іх тут быў сын Валодзя, але ён 8 ці 9 гадоў пражыў і памёр. А толькі праз год пасля яго смерці нарадзілася я. І я тут нарадзілася, а потым яны паехалі, як бацьку пры панскай Польшчы,а ён жа быў беларус, звольнілі, у Рудаўку. Жылі ў Рудаўцы. А ў якім годзе дакладна не магу сказаць, ён усё прадаў, і пераехалі ў Ліду, гэта ўжо было недзе ў 1938 ці 1937 годзе. У мамы тут была дзедава хата на два канцы. На адным канцы маміна доля была, а на другім маміна сястра жыла. У яе муж памёр, потым маленькая дачка памерла, і яна жыла адна. Ну і, як прыехалі мы ў Ліду, і як была вызвалена Заходняя Беларусь, і Валянціна вызвалілі з турмы, ён ў Гародні ў турме быў, ён прыехаў, ці як ён дабраўся да Ліды, прыйшоў дахаты да бацькі. Я помню якраз той час, як ён прыйшоў, і з бацькам доўга сядзелі, гаварылі, я маленькая была і ўжо клалася спаць, гэта было позна вечарам, і ўсё глядзела, як яны сядзелі размаўлялі, мне было цікава, што ў мяне такі вялікі брат.
Гэта такія першыя ўспаміны пра яго.
- Калі вы ў гэты домік перасяліліся, каля замка?
- А не, гэта ён толькі тут жыў, Валянцін толькі жыў. Ён жыў з першай жонкай, з Кірай у гэтым доміку. А мы там жылі. І вайна пачалася, мы там жылі. Спачатку тата працаваў на складах кладаўшчыком, а як толькі Заходнюю Беларусь вызвалілі, яго перавялі ў Скрыбава (Скрыбаўцы) начальнікам вакзала. І мы туды ўсе пераехалі, але там мала жылі, у 1940 -41 гг., а як толькі пачалася вайна, то зноў пераехалі ў Ліду і жылі ў матчынай хаце.
- А на якой вуліцы стаяла тая хата?
- Труханава, завулак Труханава быў.
- Гэта цяпер Труханава, а пры Польшчы была Каляёвая, мабыць і завулак Каляёвы.
- Але тыя дамы згарэлі. Яны былі насупраць аўтавакзала. Тут Чапаева (пры Польшчы Пілсудскага, рэд.), а тут чыгунка. Тут дзе магазін, тут дзе аптэка быў завулак Труханава, вузенькая вулачка. І тут насупраць аўтавакзала быў мамінага брата дом, побач з гэтым домам бацька, як прадаў у Рудаўцы хату, то купіў участак зямлі ў мамінага брата і тут побач будаваў свой дом, харошы новы дом. Па гэтым завулку Труханава праз 5-6 драўляных дамоў быў стары дом майго дзеда, дзе жыла мая мама і яе сястра. Якраз увесь гэты квартал, немцы, як адходзілі, спалілі.
- А мамы вашай дзявочае прозвішча якое было?
- Дарашкевіч. Брат Пётр Паўлавіч быў Дарашкевіч. А мама, значыць, Сцепаніда, яе маці Надзея. Потым Анастасія і Вера. Вось гэтыя сёстры былі.
Потым, калі пачалася вайна, мы жылі тут. А да вайны Валянцін жыў у гэтым доміку каля замкавай гары. Ён працаваў у рэдакцыі лідскай газеты "Уперад" і жыў ў гэтым вось доміку з першай жонкай. Я любіла да іх прыходзіць таму, што мне было вельмі цікава глядзець. Вось пад гэтым акном, тут яго пакой быў, (паказвае на здымку левае акно) стаяў столік і ён заўсёды сядзеў за гэтым столікам і працаваў, а яшчэ было такое крэсла-гушканка ў яго там, я сядзела ў гэтай гушканцы і гушкалася. А перад акном быў плот, паміж домам і плотам была клумба. Ён бывала, піша - піша, я праз дзверы выбягала і бегала вакол гэтай клумбы, а ён за мной, каб злавіць. Зловіць і прынясе пасадзіць у гушканку. І зноў садзіцца піша. Ён такі быў добры, пяшчотны, далікатны, мяккі па характары.
- Купалу памятаеце?
- Купалу памятаю, як я выступала. Як ён прыязджаў, мне даручылі вершык расказаць. Гэта ў клубе чыгуначнікаў было. І там Валянцін якраз прымаў удзел у арганізацыі гэтага вечара, сустрэчы з Янкам Купалам. Я вывучыла вершык, вышла на сцэну, пачала гаварыць і забылася, а мама стаяла за кулісамі. Я пабегла і крычу: "Мама, як далей!" Мама мне падказала, я вярнулася і расказала да канца. Потым мяне пахвалілі, што не спужалася, а вярнулася на сцэну.
Трохі памятаеце, як Купала выглядаў?
- Проста нейкія дзядзькі сядзелі за сталом...
- Вось вайна пачалася.
- Вось пачалася вайна. Як Валянцін апынуўся ў Наваградку гэтага не магу сказаць. А дзе была першая жонка яго Кіра, як яны разышліся, не магу сказаць. Але потым яна і юрыстам была.
А ён апынуўся ў Наваградку і, нават, не ў самім Наваградку, а ў Ваўкавічах, там пяць кіламетраў за Наваградкам па Карэліцкай дарозе. І там ён сустрэўся з Лідзіяй Сяргееўнай-другой жонкай. Як яна тут апынулася? Яна сама з Ленінграда. Перад вайной яна вучылася ў інстытуце кінематаграфіі і ўжо канчала гэты інстытут, і яе прыслалі ў Беласток на практыку. І ўжо пачалася вайна, і яна старалася адыйсці падалей ад фронту. Але немцы наступалі хутка. Фронт яна не дагнала і засталася ў тым раёне: Карэлічы - Ваўкавічы- Наваградак. Там яны і сустрэліся. Потым Валянцін быў сувязным у партызанскім аддзеле, а афіцыйна лічыўся пісарам у гміне ў Ваўкавічах.
Ён меў сувязі з усімі, з кім трэба было, і, мусіць, дапамагаў. Ён часта ездзіў па справах у Вільню, назад, ездзіў цераз Ліду і часта спыняўся ў нас.
У 1943 г. падчас адной з паездак ён спыніўся ў нас. Гэта было ў лютым месяцы. А толькі помню, што ён тады падышоў да мяне, а я мела такі сшытак, ну і цяпер у дзяўчат мода альбомы заводзіць, і тады сяброўкі пісалі ў гэтых альбомах, што ім хацелася, пажаданні розныя, віншаванні. Я сяджу размалёўваю гэты сшытак. Ён падышоў і пытае: "Што гэта ты робіш?" Я кажу: "Во напішы мне што-небудзь у альбом ад сябе" Ён: "Давай!" Узяў гэты сшытак мой, пайшоў у іншы пакой, зачыніўся і там пісаў, а я села пад дзвярыма і чакала, што ён мне там напіша. Ну вось, калі ён выйшаў, аказалася што ён напісаў два вершы: адзін "Малой сястрычцы", а другі "Я Ніночку- малышу гэткі вершык напішу" Гэты сшытак у мяне недзе ёсць, захаваўся.
(Чытае верш маларазборліва. Чутны словы "Не хачу я ў школу, у мяне ў баку трохі вельмі коле".)
Гэткія словы я на самай справе гаварыла. Мама мяне ў школу выпраўляе, а я: "Не хачу я ў школу, у мяне ў баку трохі вельмі коле. Куды я пайду?"
Ну, Нінок, гэта дзяўчынка,
Адкажы, як хочаш, як знаеш,
Бо па-моему гэта свінка,
Можа, нават, і не малая.
Не, каб змалку ўставаць раніцою,
Адзявацца самой абудацца,
Мыцца ў пояс халоднай вадою
І ў школу спяшацца.
А ён любіў з мяне пасмяяцца, але так па-харошаму, па-добраму, падкалоць мяне, але без крыўды ўсякай.
Потым ён ехаў ці ў Вільню ці з Вільні і зноў спыніўся ў нас на некалькі дзён. І якраз 23 верасня пад раніцу ў Менску быў забіты Куба. І тут жа пачаліся арышты. У першую чаргу арыштоўвалі тых, на каго мелі зуб, на каго даносы былі. А тата мой, ён працаваў таксама ў гміне Дакудава. Спачатку гэтая гміна была ў самім Дакудаве. Яшчэ помню, тата мяне туды раз вазіў у Дакудава. А потым пасля таго, як партызаны разграмілі гэтую гміну ў Дакудаве, яе перавялі ў Ліду. Ну і вось 23 верасня на раніцы я ўстала, і мне вельмі не хацелася ісці ў школу. Тады мама сказала мне: "Ідзі паеш, і тата завядзе цябе ў школу". Тата павёў мяне ў школу, а сам ішоў назад і яго арыштавалі і пасадзілі ў машыну. Пасля яшчэ многіх іншых арыштавалі і прыехалі па маму. А Валянцін быў у нас праездам. Ён быў у апошнім пакойчыку. Як пачуў, што прыйшлі па маму, хацеў адчыніць акно і праз акно ціхенька ўцячы. Прыадкрыў акно, але ўвесь дом быў ачэплены. Тады ён назад. Мама зайшла да яго і нешта загаварыла. Немец следам зайшоў і ўбачыў яго, і арыштавалі і маму, і яго. А потым прыехалі па мяне ў школу. Мяне ўзялі з урока. У нас быў урок рысавання. А школа, вось дзе цяпер магазін вялікі, самаабслугоўвання на Перамогі, то там быў невялікі раўчук, рачулка. То па правы бок гэтага раўчука быў такі драўляны будынак, і ў ім была беларуская школа. Колькі там класаў было? Можа чатыры былі пакоі і чатыры класы. Першы, другі, трэці і чацвёрты. Я з другога класа пайшла вучыцца, бо мама была настаўніца, і яна прывяла мяне ў другі клас. А гэта я была ў чацвёртым класе. Быў урок рысавання, і раптам адчыняюцца дзверы ў клас, і ўваходзіць немец.
Ён спытаў у настаўніцы, хто тут Ніна Таўлай. Яна сказала ўстаць, я ўстала. Ён падышоў да мяне, сказаў збіраць партфель. Я сабрала. Ён узяў партфель, мяне за руку і павёў. На вуліцы стаяў грузавік. Ён пасадзіў мяне ў кабінку паміж шафёрам і сабой, і мы паехалі. Аб'ехалі кругом. І як цяпер Савецкая, міма замкавай гары ўніз паехалі туды да турмы. Як ехалі, нехта дакрануўся мне да пляча. Машына была крытая. Але паміж кузавам і кабінай было такое акенца. Яно было завешанае. Але я так паглядзела. Мама там сядзела. Яна трошкі адвесіла, толькі мне да пляча дакранулася і кажа: "Не бойся"
Ну, прывезлі нас у турму. Тату з Валянцінам адразу павялі ў камеры. Тата яшчэ хацеў са мной развітацца, яму не далі. А жанчын, там было многа людзей, не толькі мы, цэлыя машыны былі людзей, жанчын неяк трошкі пакінулі, а потым і нас павялі па камерах.
Я была там 12 дзён, потым захварэла, потым цудам мяне адтуль выкупілі. Выкупілі мяне за прадукты маміна сястра і мамінага брата жонка. Яны даведаліся, што жонка начальніка турмы полька, і хадзіла дзядзіна, дзядзі жонка, да гэтай полькі. Яна сама была з вёскі (дзядзіна), адтуль з вёскі прывезла яек, масла, сала, пайшла да жонкі начальніка турмы. Занесла прадукты. Адзін раз занеслі, другі раз занеслі. Ну тая паднаціснула на свайго мужа. Ён сказаў прыходзьце тады і тады пад турму. Я захварэўшы была ў турме. Там быў доктар з вязняў. Хадзіў па камерах, правяраў людзей. Ён, як я захварэла, прыйшоў і нейкія таблеткі мне даў. А як мяне выпусцілі, то гэтыя таблеткі засталіся ў мамы. Мяне забрала маміна сястра, якая жыла ў другім канцы дзедавага дома. І я ў яе ляжала з высокай тэмпературай. Трохі паляжала, але ж лякарства не было дзе дастаць, і зноў пайшлі туды. Цётка і дзядзева жонка зноў пайшлі туды. Там сказалі, прывядзіце значыць гэтую хворую.
Узялі мяне, і мы ўсе трое зноў пайшлі пад турму. Нас упусцілі ў турэмны дворык. Ім сказалі пачакаць, а мяне немец павёў у камеру. Прывёў у камеру да мамы. І гаворыць: "Што табе трэба, бяры" Я папрасіла ў мамы таблетачкі. Яна ў што там было загорнутае дала, і мяне зноў выпусцілі. Гэтымі таблеткамі лячылі мяне, і дамашнімі спосабамі. І так я засталася жыць.
А потым месяцаў праз два ці праз два з паловай месяцы выкупілі Валянціна. Калі Валянцін аказаўся на свабодзе ён пачаў старацца, як можна бацькоў вызваліць. Але яму нічога не ўдалося зрабіць, таму што недзе ўже бліжэй да Новага году ўсіх вывезлі ў Менск. А ўжо з Менска ўсіх павезлі, Валя даведваўся, у Асвенцым. Пасля вайны сюды, у Ліду, вярнуўся чалавек, які добра ведаў мамінага брата, дзядзю Пецю Дарашкевіча, ён потым, гэты чалавек, які вярнуўся з Асвенцыму, гаварыў, што з маім бацькам сустракаўся ў Асвенцыме на кухні, кацёл чысціў. У той час, у зіму 1943-44 г. ён быў у Асвенцыме. І быццам бы тата гаварыў, што маці не даехала. А потым у канцы зімы гэты чалавек больш бацьку не сустракаў.
-Тады як забіралі ў вайну, немцы гаварылі за што забіралі.
- Немцы не гаварылі. Аднак пасля вайны была мне такая аказія, што на бацьку былі даносы, што ён на партызан працуе.
А там, ці такія даносы, ці іншыя, ці хто быў злы на бацьку, канкрэтна не вядома, але былі такія даносы. Таму, як ён быў у Дакудаве, ён многіх людей ратаваў ад нямецкага палону, як вывозілі на работы. Ён жа меў доступ да папераў. Ён ці падказваў, каго вывезуць ці што. Казалі, што многім і многім дапамог. А некаторыя можа мелі злосць на яго.
Ну а потым, як Чырвоная Армія вызваліла Ліду, а Валянцін, як вызвалялі, у Наваградку быў, то ён прыслаў цёцю Ліду, яна прыехала і забрала мяне. Жылі мы ў Наваградку, спачатку на Карэліцкай вуліцы, потым на Гарадзенскай вуліцы. Ён там працаваў у Наваградскай газеце. А Лідзія Сяргееўна перад вайной была ўжо замужам і мела дзве дачкі: Ірыну і Алену. Яна была ўжо развёўшыся, і, калі яна ехала на практыку ў Беласток, адвезла дачок да сваіх родных на Волгу, на ўсё лета. А маці яе заставалася ў Ленінградзе. Яна ў блакаду памерла. І калі Лідзія Сяргееўна, пасля таго, як нас вызвалілі, забрала мяне ў Наваградак, яна паехала па сваіх дачок. І ў той час, як мы заставаліся з Валянцінам удваіх, ён мяне часта вадзіў у Наваградскую сталоўку. Мы там капусту елі на абед, больш нічога не было пасля вайны. Драўляныя сталы, заміж ножак накрыж збітыя дошкі. Малая я была шкодная, гэтае есці не хачу, тое не хачу, а тут ці еш, ці галодная будзь, як хочаш. Аднойчы, я сказала, што мне капуста надакучала і што я абед звару. Было трохі бульбы. Наліла вады, паставіла на агонь. А гэта было лета, цёпла яшчэ было. А сама пабегла, садзік быў за домам, пабегла, гуляла сабе. Потым прыходзіць Валя: "Ну ці накорміш ты мяне абедам". "А ёсць, ёсць, бульбу я паставіла варыць". Прыходзім, а там перагарэлі дровы, выкіпела ўся бульба, палавіна згарэўшая. А тую што засталася паспрабавалі, яна без солі была. "Ну і накарміла мяне сястрычка". Гэта быў той першы досвед, як я абед варыла брату.
Потым Лідзія Сяргееўна прывезла сваіх дзяўчатак у Наваградак, і Валянцін, ці яго выклікалі, ці ён сам паехаў, пайшоў працаваць у музей Янкі Купалы, да цёткі Уладзі, як мы яе ўсе называлі. Яна была дырэктарам музея, ну і ён там. Адтуль ён напісаў некалькі лістоў. У мяне ў хаце ёсць гэтыя лісты, захаваліся. Ён пісаў мне, пытаўся, як я жыву, як я вучуся, што мне трэба: "Што табе трэба, усё прышлю, якія кніжачкі трэба, якія падручнікі трэба для школы. Не саромейся, пішы, я ўсё табе прышлю". Нават ці панчошкі маеш, ці што, адзенне якое і што, усё цікавіўся, каб у мяне ўсё было.
Потым мы пераехалі ў Менск. Ён да гэтага часу атрымаў у бараку пакой, а барак гэты быў каля Парка Чалюскінцаў, якраз завод стаяў, тут такая дарожка была ў парку, а па левы бок ад гэтай дарожкі за вялікім плотам Якуб Колас жыў. А мы, як дзяўчаты, глядзелі часта: "Во як, і Якуб Колас тут жыве". Ён часта любіў гуляць, такая сцяжыначка была акацыямі абсаджана. Ён раніцай, раненька любіў там гуляць.
Мы глядзелі: "Во, такі беларускі паэт". Потым, з Валям сябраваў Янка Брыль. Мы яго называлі "дзядзя Ваня". Ён часта прыходзіў да нас. Любіў з намі пажартаваць і пагаварыць. А потым, ужо як я паступіла ў Менскі універсітэт і жыла паўгода ў Лідзіі Сяргееўны, то мы якраз жылі ў адной кватэры з Янкам Брылём. Там была адна кухня ў нас, у іх было тры пакоі, а ў Лідзіі Сяргееўны - два. Паўгода жыла, потым перайшла ў інтарнат. Да Кандрата Крапівы хадзілі, да Масіма Танка, я хадзіла з Валям, потым Шырма, я прысутнічала пры гэтай сустрэчы, была і ў музеі Янкі Купалы, там дзе Валя працаваў. І толькі памятаю, ён усё працаваў і працаваў, цэлы дзень на рабоце, у музеі круціўся, там то выставы, то тое, то тое, а потым бывала прыдзе. А ў нас, як было, вялікі барак, уваход і такія вузкія калідорчыкі, а наш пакой быў самы апошні. І якраз выходзіў на канец барака. У нас, як увойдзеш у гэты пакой, то тут шафка стаяла, тут этажэрка з кнігамі, тут мы з Ірай спалі. А Валяў стол быў па гэты бок. Як толькі ні прачнешся ноччу, ён усё сядзіць і піша, сядзіць і піша. Калі ён спаў, калі адпачываў. Таму што, як ні паглядзіш, усё працаваў.
У снежні 1945 г., у канцы 1945 г. у школах былі навагоднія ёлкі. Мы хадзілі на навагоднія ёлкі. Я ў беларускай школе вучылася, а Лена з Ірай, дочкі Лідзіі Сяргееўны, яны ў рускую школу хадзілі. І вось, калі аднойчы ў канцы снежня 1945 года, яны ішлі з ёлкі навагодняй, то Лена трапіла пад машыну. Яна перабягала вуліцу, трапіла пад машыну, і на смерць. Яна пахавана на Даўгабродскіх могілках. Каля магілы Валянціна ёсць яшчэ адна магіла. Гэта магіла дачкі Лідзіі Сяргееўны. А ў іх яшчэ была першая дачка, якая нарадзілася ў гады вайны ў Ваўкавічах, Алеся, яна маленькая памерла. Яна там і пахаваная ў Ваўкавічах. Засталася толькі Іра.
1946 год сустрэлі. Восенню 1946 года ў Лідзіі Сяргееўны нарадзілася Галінка, другая іх дачка. Яна цяпер у Санкт-Пецярбурзе жыве. А потым восенню Валя захварэў, трапіў у клініку. У яго было хворае сэрца. Потым, як Лідзія Сяргееўна гаварыла, у яго была эндакардыя сэрца. Ну, і калі ён захварэў, трапіў у клініку, гэты барак, дзе мы былі, і клініка вялікая былі амаль побач.
Лідзія Сяргееўна напісала ў Ліду цёці маёй, цёця прыехала і забрала мяне. Я тут у Лідзе вучылася ў беларускай школе № 2. Гэта было памяшканне, дзе цяпер педкаледж. Педнавучальня была з аднаго боку, а беларуская школа № 2 - з другога боку.
Ну і калі ён памёр 27 красавіка, Лідзія Сяргееўна прыслала тэлеграму, мы паехалі на пахаванне. Спазніліся, бо як мы прыехалі, ужо ўсе вярнуліся з могілак.
А потым я ўжо тут канчала школу, паступіла ва універсітэт на фізіка-матэматычны факультэт. Разам з Шушкевічам адзін факультэт канчалі, у адным годзе, толькі ён аддзяленне фізікі, а я - матэматыкі. Многія з аддзялення фізікі сталі прафесарамі, а матэматыкаў амаль усіх паслалі ў школы. Я працавала ў Юрацішках, потым год- у Трабах, там вышла замуж і паехала ў Вільню. Да 1997 года з 1959-га я працавала матэматыкам у рускай школе ў Вільні.
-Там з віленскімі беларусамі знаёмыя?
-Не, так не вельмі. Я толькі сустракалася з Валянцінам Урбановічам.
-Там жа ёсць такі Хведар Нюнька, Таварыства беларускай культуры.
-Ведаеце што. Я неяк ужо чацвёрты год жыву з дочкай у Электранай і не бываю ў Вільні. А там, як матэматык, як настаўнік, мела вельмі многа работы. Гадзін было шмат. З грамадскасцю амаль не сустракалася.
-Як у Вас прозвішча цяпер?
-Радзюкевіч.
-Колькі дзяцей?
-Дачка адна, Ларыса. Двое ўнукаў. У дзесятым класе і сёмым.
-Літоўцамі будуць?
-Рускую школу канчаюць
-Не хочуць літоўцамі быць?
-Унук гаворыць па-літоўску. Унучка горш. Дачка гаворыць па-літоўску. Яна там нарадзілася, там вучылася, Віленскі ўніверсітэт закончвала.
А Галінка. Лідзія Сяргееўна жыла з Галінкай доўгі час у Менску. Потым Галінка выйшла замуж за Бахціяра Юсуп - задэ, плямяннік Мікалая Дзялендзіка. Потым яны развяліся, і гэта мусіць гадоў десяць назад, прадалі кватэру, якая была на вуліцы Ульянаўскай, каля вакзала, насупраць стадыёна "Дынама", і пераехалі ў Пецярбург.
Лідзія Сяргееўна, калі яшчэ была ў Менску, мы прыязджалі да іх, яна ўжо кепска сябе адчувала, левая рука амаль не дзейнічала, левая нага цягнула. Старэйшая дачка, Ірына, яна ў Менску канчала школу, паступіла ў Беларускі ўніверсітэт, на хімічны факультэт, перавялася ў Ленінград, яна там канчала ўніверсітэт і цяпер кандыдат хімічных навук, працуе ў Пецярбурзе. Лідзія Сяргееўна з Галінкай, як прадала кватэру ў Менску, выехалі ў Санкт-Пяцярбург. Галінка вышла замуж за Ігара Маціеўскага, там такі кампазітар ёсць, пецярбургскі. Лідзія Сяргееўна звярталася да дактароў. Сказалі, каб раней, то руку можна было б уратаваць. Гадоў можа 5-6 таму назад яна памерла. І там пахавана ў Пецярбурзе.
Галінка - музыказнавец. Яна ўсю Беларусь скалясіла, збірае фальклор, запісвае беларускія народныя песні. У яе ёсць кніжка "Купалле", усе песні, прысвечаныя Купаллю.
-Як яе прозвішча?
-Таўлай. Галіна Валянцінаўна Таўлай. Яна яшчэ і мне падарыла адну кніжачку. Яна кандытат мастацтвазнаўчых навук. Разам з Ігарам ездзяць па камандзіроўках, запісваюць народныя песні.
У старэйшай дачкі Лідзіі Сяргееўны ёсць яшчэ дачка.
У Галінкі нікога няма.
А на Слонімшчыне ёсць Таўлаі. І ў Ленінградзе, і ў Лідзе ёсць прозвішчы...
Успаміны Дарашэвіча Пятра Паўлавіча
які жыў у г. Лідзе, вул. Чапаева, д. 4,
брата жонкі Таўлая Паўла Дзям'янавіча
Запісаныя 13.01.1964 г.
Бацька Валянціна Таўлая Павел Дзям'янавіч нарадзіўся ў в. Рудаўка Слонімскага павету ў 1895 (93) г. Жыў там прыкладна 20 гадоў і працаваў на чыгунцы пад Баранавічамі. У 1920 годзе пераехаў у г. Ліду і працаваў на чыгунцы прыкладна да 1925 года. У 1925 г. палякі далі яму маленькую пенсію, і ён зноў паехаў у Рудаўку, дзе жыў прыкладна да 1935 (37) г. У Рудаўцы ён быў арыштаваны ў 1935 г. і пасаджаны ў турму ў Гародню, дзе ён прабыў каля года, але потым вызваліўся.
Пасля вызвалення з турмы ў 1936 г. ён пераехаў у г. Ліду. Беларуская школа, у якой працавала яго жонка (мая сястра), у 1935 г. была закрыта. Гаспадарку сваю ў Рудаўцы ён прадаў, а тут ён пабудаваў сабе дом па вул. Пілсудскага (зараз Чапаева). Пры савецкай уладзе быў прызначаны на ст. Скрыбава і працаваў там да прыходу немцаў. Пры немцах жыў у гор. Лідзе, працаваў у Дакудаве некаторы час памочнікам войта. Пасля забойства войта ён пераехаў у Ліду і стаў войтам. Ён быў звязаны з партызанамі, перадаваў ім дакументы і нейкія звесткі.
Пасля забойства Куба ў Менску (у верасні 1943 г.) у Лідзе было арыштавана 125 чалавек, у тым ліку і Таўлай Павел Дзям'янавіч з жонкай і дачкой Нінай. За адзін дзень да арышту сюды з Вільні прыехаў Валянцін. На наступны дзень усіх арыштавалі. Валянцін там сядзеў у турме тыдні тры. У Лідзе вызвалілі цераз перакладчыцу дачку Ніну. Валянціна вызваліла жонка (яны жылі недзе каля Наваградка). Бацьку Валянціна з мачахай вывезлі ў г. Менск пасля аднаго месяца турмы ў г. Лідзе. У Менску іх трымалі ў бараку без шыбаў, хаця на дварэ стаялі марозы. Не давалі вады. З імі там жылі: Макарэвіч з жонкай (былы дырэктар школы, закончыў нешта па хіміі, але пры Польшчы не працаваў), Міроўскі з жонкай і дзецьмі, які зараз працуе на Камбінаце харчовых канцэнтратаў. Жонку Таўлая разам з усімі жанчынамі пасадзілі ў машыну (сама не магла хадзіць з-за раўматызму) і некуды павезлі. Больш пра іх (пра жанчын) нічога не было вядома.
Жонка Паўла Таўлая, Стэфаніда Паўлаўна Дарашэвіч, выйшла замуж за Таўлая ў 1920 г. Пад Беластокам да рэвалюцыі яна закончыла настаўніцкую. семінарыю. У 1915 г. яна эвакуявалася і працавала настаўніцай у гор. Басхаў Арлоўскай губерні (60 км ад Арла), там яна была да 1919 г. Вярнулася ў 1920 г., вышла замуж, пераехала ў Рудаўку і там адкрыла ў сваёй хаце беларускую школу (4-5 парт), якая працавала гады тры (гэтая школа была адкрыта пасля пенсіі мужа). У 1940 годзе працавала настаўніцай. Была арыштаваная пры немцах разам з мужам. Валянцін быў ад першай жонкі Паўла Таўлая, якая памерла да рэвалюцыі.
Валянцін нарадзіўся 8.02.1914 г. У 1939-40 гг. Валянцін жыў у доме, дзе зараз скурвендыспансер на 2-м паверсе. Жонка яго працавала адвакатам. Валянцін працаваў у газеце "Уперад". Вучыўся Валянцін у Вільні ў Беларускай гімназіі. Яго арыштоўвалі два ці тры разы. Першы раз яму было толькі чатырнаццаць гадоў. Потым ён перайшоў мяжу ў Менск. Адтуль ён прыйшоў зноў сюды працаваць падпольшчыкам. Апошні раз яго схапілі на сходзе недзе каля Рудаўкі і пасадзілі ў Гародню, дзе яго і вызваліла Чырвоная Армія. Калі пачалася вайна, ён пайшоў пяшком пад Наваградак. Там ён устанавіў сувязь з партызанамі, якія накіравалі яго працаваць у Вільню. З Вільні ён прыехаў неяк да бацькі, у якога толькі пераначаваў, а раніцай яго арыштавалі. Яго вызвалілі, здаецца, за золата, якое сабралі партызаны. Пад Наваградкам ён ажаніўся другі раз. Першая жонка заставалася ў Лідзе і, відаць, была расстраляна немцамі разам з яўрэямі (яна была яўрэйка).
Успаміны Міцюкевіч Сафіі Мітрафанаўны
якая жыла ў г. Ізабелін
Запісаныя 1.02.1964 г.
Мы разам з мужам былі арыштаваныя 12 кастрычніка 1943 г. Прычына невядомая, але здарылася гэта адразу пасля забойства Куба, і з кожнага горада было ўзята ў той час па 50 чалавек.
Маё імя і імя па бацьку Міцюкевіч Сафія Мітрафанаўна, год нараджэння 1890. Муж Павел Адамавіч, год нараджэння 1882.
Нас памясцілі ў Лідскую турму (сёння райпрамкамбінат). Разам з намі знаходзіліся жыхары гор. Ліды:
1) Пашкоўскія: муж, жонка, сястра і сын;
2) Лазенка: муж, жонка і сын;
3) Макарэвіч;
4) Кнотава;
5) Гурская Марыя (маці і 4 дзяцей);
6) Баўэр;
7) Лугоўскі Станіслаў з жонкай;
8) Таўлай з жонкай;
9) Краснадэмбская;
10) Лясковіч з жонкай і дачкой (з-пад Ліды);
11) Мухлядава з нявесткай і ўнукам (Белагруда);
12) Будзевічы: муж, жонка і 3 дзяцей ва ўзросце 14-16 г. (Белагруда);
13) Гілевічы: муж, жонка і 2 дзяцей ад 3 да 5 гадоў);
астатніх не памятаю, усяго 48 чалавек.
У Лідскай турме мы знаходзіліся да 1 лістапада 1943 г.
1 лістапада 1943 г. нас адправілі этапам у Менск і памясцілі ў лагер на вуліцы Шырокай. Лагер - гэта халодная канюшня, а значыць холад, голад, а надалей эпідэмія тыфу. Многія захворвалі тыфам і хваробу сваю павінны былі хаваць. Хворых тыфам вывозілі, і ні адзін з іх не вярнуўся.
9 снежня 1943 г. была разгрузка лагера і тады вывезлі з лагера:
1) Пашкоўскіх (4);
2) Лазенка (3);
3) Макарэвіча;
4) Кнотаву;
5) Баўэр;
6) Лугоўскіх (2, муж і жонка);
7) Таўлая з жонкай;
8) Краснадэмбскую;
9) Лясковіча з жонкай і дачкой;
і ўсіх астатніх.
Мяне з мужам, Мухлядаву і Будзевіч Уладзіславу пакінулі ў Менску.
1 студзеня 1944 г. усіх, у каго былі дзеці, пагрузілі на машыны і вывезлі з лагера, але куды ніхто не знае. Потым стала вядома, што іх быццам бы вывезлі ў лагер Трасцянец за 14 км ад Менска, там расстралялі і спалілі.
У іх лік трапілі:
1) Будзевічы: муж, жонка і 2 сыны;
2) Гурская Марыя і 4 дзяцей;
3) Гілевічы: муж, жонка і 2 дзяцей;
11) Мухлядава з дзіцем (маладая).
і шмат іншых, якіх не памятаю.
15 лютага 1944 г. мяне, мужа, Мухлядаву (старэйшую) і Будзевіч Уладзіславу вывезлі з Менска.
Як потым стала вядома, нас разам з іншымі вязнямі накіроўвалі ў лагер смерці ў Гамбург, але паколькі гэты лагер быў перапоўнены, нас адправілі ў Францыю. У Гамбургу да нашага цягніка прычапілі яшчэ два вагоны з вязнямі- жанчынамі. Апранутыя ў лахманы, стрыжаныя і галодныя, падобныя на вар'ятак, яны ўяўлялі жудаснае відовішча. З Гамбурга мы прыбылі на размеркавальны пункт у Шэрбург. Мужа ў той жа дзень адправілі, як потым стала вядома, у горад Ліль, а нас дні цераз тры адправілі ў Самполь на будоўлю. Калі будоўлю разбамбілі, нас перавезлі на працу ў шахту ў гор. Тыль з месцам жыхарства ў лагеры Эрувіль. Там мы знаходзіліся да самага вызвалення.
У чэрвені 1945 г. вызвалілі нас амерыканцы, а на радзіму я вярнулася ў жніўні 1945 г. Муж мой знаходзіўся ў Бельгіі, працаваў у гаспадара, на радзіму вярнуўся ў красавіку 1945 г. Вызвалілі яго англічане.
Вяртаючыся на Радзіму я бачыла ўжо апусцелыя лагеры ў Котбургу, Трагібрыцане і Дахаў, дзе мы затрымліваліся па некалькі тыдняў.
Больш падрабязныя звесткі можна атрымаць у былога вязня Асвенцыма Лугоўскага Станіслава, які жыве ў гэты час у Лідзе. Адраса яго я не ведаю. Працаваў ён на Заводзе харчовых канцэнтратаў. Свякі яго (Іваноў Віктар Паўлавіч) жывуць па вуліцы Мопраўскай, 1.
Ад рэдакцыі.
Прыведзеныя чатыры матэрыялы, якія тычацца лёсу Валянціна Таўлая і яго сваякоў, так і не далі адказу на пытанне, на каго і ў якой ступені працаваў Валянцін Таўлай падчас вайны, хто і як выкупіў камуністычнага заходнебеларускага паэта з нямецкай вязніцы, як ён трапіў на ІІ Усебеларускі кангрэс, чаму не выехаў у эміграцыю, як іншыя ўдзельнікі кангрэсу, як не трапіў пад сталінскія рэпрэсіі пасля вайны.
Шмат пытанняў. І дакладнага адказу мы, напэўна, ніколі не атрымаем.
Можна толькі здагадвацца, што ва ўсёй гэтай таямнічай гісторыі з Валянцінам Таўлаем можа праглядвацца ўдзел Міколы Дзямідава, які меў пры немцах у Лідзе найбольшую вагу і які бачыў ў Таўлаі перш за ўсё шчырага беларуса і паэта, а пасля ўжо камуніста, тым больш заходнебеларускага.
Так гэта ці не так, цяжка сказаць. Адно можна канстатаваць адназначна. Школу падпольшчыкі Заходняй Беларусі пры паляках прайшлі добрую. Калі яны хацелі што-небудзь схаваць са сваёй біяграфіі, то рабілі гэта выключна прафесійна.