Беларускі паэт, грамадска-культурны і палітычны дзеяч Валянцін Таўлай (1914-1947) пражыў усяго 33 гады. Кароткае і няпростае яго жыццё было звязана з Баранавічамі, Слонімшчынай, Вільняй, Лідай, Наваградкам і Менскам. У гэты таўлаеўскі спіс гарадоў змог бы патрапіць і Клецк, куды, пасля адлічэння за камуністычную дзейнасць з Віленскай беларускай гімназіі, паступалі многія гімназісты-актывісты.
У 1927 годзе Валянцін Таўлай паступае ў 4-ты клас Віленскай беларускай гімназіі. Там ён знаёміцца з многімі гімназістамі, у тым ліку і з земляком Якубам Міско (1911-1981), які вучыўся ўжо ў 6-ым класе. Якуб Міско далучыў Валянціна да камсамольскай дзейнасці, і вясной 1928 года юнак са Слонімшчыны ўступае ў шэрагі падпольнага камсамолу Заходняй Беларусі, пачынае друкаваць свае творы і прымае ўдзел у розных забастоўках гімназіі. Ён разам са сваімі сябрамі-камсамольцамі ўдзельнічае ў забастоўцы з патрабаваннем вярнуць 28 выключаных з гімназіі вучняў, байкатуе лекцыі Янкі Станкевіча, піша лістоўкі.
У пошуках звестак пра Клецкую беларускую гімназію адшукаў у Віленскім цэнтральным гістарычным архіве (LCVA) некалькі дакументаў, звязаных з лёсам юнага Валянціна Таўлая. Гэтыя дакументы ў 1929 годзе трапілі ў Клецкую беларускую гімназію, куды пасля Вільні планаваў паступаць Валянцін. Але ён не з'явіўся ў Клецкую гімназію, таму што ў траўні 1929 года Таўлай выбіраецца сакратаром Азярніцкага падрайкама камсамолу Слонімскага павета, арганізоўвае розныя мітынгі. А ў канцы жніўня 1929 года юнака арыштоўваюць за ўдзел у канферэнцыі Слонімскага акруговага камітэта камсамолу, прысвечанага Міжнароднаму юначаму дню. Вясковых хлопцаў выдаў нейкі правакатар Мароз. І праз пэўны час Валянцін Таўлай быў прыгавораны Гарадзенскім акруговым судом да 6 месяцаў турмы без заліку папярэдняга зняволення. Таму паехаць у Клецк працягваць вучобу не выпала.
Сярод дакументаў Клецкай беларускай гіназіі, якія захоўваюцца ў LCVA, зберагліся ведамасць (выпіска) аб паспяховасці Валянціна Таўлая для Клецкай беларускай гімназіі, пасведчанне, сертыфікат, сертыфікат аб прышчэпцы воспы і просьба бацькі Валянціна Таўлая ў дырэкцыю Клецкай беларускай гімназіі (Ф.207, Воп.1, Спр.32). Гэтыя дакументы напісаны па-польску і па-беларуску.
Вось такія, не вельмі добрыя адзнакі, меў Валянцін Таўлай пасля заканчэнне 4 класа Віленскай беларускай гіназіі:
Закон Божы - 3
Беларуская мова - 3
Польская мова - 4
Нямецкая мова - 3
Матэматыка - 4
Прырода - 3
Геаграфія - 3
Фізіка - 3.
З гэтымі адзнакамі ў вучобе Валянціна Таўлая ўсё ж залічылі ў 5 клас Клецкай беларускай гімназіі. Дырэктар гімназіі Рыгор Якубёнак напісаў на выпісцы: "Залічыць у V клас. 29. 06. 1929 г. Клецк.".
Адным з галоўных дакументаў, які захоўваецца ў архіве, з'яўляецца Пасведчанне:
"Гэтым сведчыць, што Таўлай Валянцін, які паступіў у II клас Віленскай беларускай гімназіі дня 1 верасня 1926 года вучыўся да IV класа ўключна, з якога на падставе пастановы Педагагічнай Рады ад 27 лютага 1929 г. (Пратакол № 21) быў звольнены за непадпарадкаванне школьнай дысцыпліне.
Дырэктар - Р. Астроўскі,
Сакратар - У. Лукашэвіч".
Цікавым дакументам з'яўляецца і просьба бацькі Валянціна Таўлая Паўла Дзям'янавіча Таўлая ў дырэкцыю Клецкай беларускай гімназіі. Вось яе змест:
"У дырэкцыю Клецкай беларускай гімназіі ад Паўла Таўлая ж. в. Рудаўка Міжэвіцкай вол., Слонімскага пав.
Просьба.
Гэтым маю гонар прасіць паважаную Дырэкцыю дапусціць майго сына Валянціна да экзаменаў за IV клясу. Дакументы будуць прадстаўлены пры паступленні у КБГ.
З пашанай П.Таўлай. В.Рудаўка 31/V-1929 г.".
Два архіўныя сертыфікаты на польскай мове сведчаць пра тое, што Валянцін Таўлай вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі і быў прышчэплены ад воспы. Вось іх тэкст у перакладзе на беларускую мову.
"Штамп Віленскай беларускай гімназіі
Сертыфікат
Пацвярджаем, што Таўлай Валянцін, сын Паўла і Марыі (?), нарадзіўся 26 студзеня 1914 г. у г. Баранавічы, пастаянна пражывае ў в. Рудаўка Міжэвіцкай гміны Слонімскага павета, цяпер вучань чацвёртага класа Віленскай беларускай гімназіі і часова пражывае ў Вільні па вул. Святой Ганны, 23.
Уласнаручны подпіс Валянціна Таўлая зацверджаны подпісамі і пячаткай.
Круглая пячатка Віленскай беларускай гімназіі (на трох мовах)
Дырэктар Ф. Стацкевіч.
Сакратар В. Лукашэвіч."
"Сертыфікат аб прышчэпцы ад воспы
Пацвярджаю, што Валянцін Таўлай, народжаны ў 1915 годзе, які пражывае ў вёсцы Рудаўка Слонімскага павета, дня 5 ліпеня 1927 года падлягаў паўторнай вакцынацыі супраць воспы са станоўчым вынікам.
Павятовы лекар (неразборлівы подпіс).
Круглая пячатка з надпісам: "Слонімскае староства * Павятовы лекар".
____________________________
Дадзены сертыфікат павінен захоўвацца пастаянна."
З гэтых новых архіўных дакументаў добра бачна, што Валянцін Таўлай быў не падобны на іншых сваіх равеснікаў. Ён ішоў сваёй дарогай, дарогай пошукаў, барацьбы і трывог. Яму было ўсё пад сілу: і творчасць, і арышты, і турэмныя муры. Вось толькі здароўя не хапіла, каб усё перажыць і пажыць спакойна і ціха.