50 гадоў сваіх не прычакаў
Леанід Макаравіч Віннік (6.06.1956, г. Ліда - 1.05.2006) - вядомы на Лідчыне паэт і краязнавец, аўтар зборнікаў вершаў "Под погасшими звёздами" (1996), "Мелодии печального дождя" (1997), "Ностальгия" (1999), "Откровение" (2000, у саюзніцстве з Л. Пырскім), беларускамоўнага даведніка культурнага жыцця Лідчыны напрыканцы ХХ стагоддзя "Зоркі лідскіх небасхілаў" (2001) і рускамоўнай краязнаўча-біяграфічнай кнігі "Время и судьбы" (2004, у саюзніцтве з М. Мельнікам).
Леанід Віннік пісаў у асноўным па-руску. Але яго беларускамоўныя творы вызначаюцца выдатным веданнем мовы, мілагучнасцю, пранікнённасцю, глыбокім лірызмам, тонкім бачаннем навакольнай рэчаіснасці. Вершам Л. Вінніка ўласціва і меладычнасць, таму многія з іх пакладзены на музыку. Песня "Горад мой" (словы Л. Вінніка, музыка В. Пыпеця) з'яўляецца як бы неафіцыйным гімнам горада Ліды. Яна гучала на "Славянскім базары" ў Віцебску. Доўгі час ёю пачыналіся перадачы Лідскага радыё.
Песні на словы Леаніда Вінніка таксама пісалі Г. Зубрыцкі, С. Бугасаў, С. Чарняк. С. Лявонава і іншыя.
Леанід Віннік быў неўтаймаваным па натуры чалавекам: працаваў электрыкам на будоўлі трасы "Ніжнявартаўск - Сургут - Урангой", бондарам на возеры Байкал, будаўніком у БУ - 133 г. Ліды, у г. Туапсе і на Камчатцы, сталяром у Лідскім гарадскім унітарным прадпрыемстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі і на іншых работах.
Займаў актыўную жыццёвую пазіцыю, уваходзіў у розныя грамадскія арганізацыі Ліды. Быў шчырым прыхільнікам літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты", тры дзесяцігоддзі друкаваўся на старонках гэтага выдання, а таксама ў розныя гады змяшчаў свае творы ў "Гродзенскай праўдзе", "Прынеманских вестях", часопісах "Оникс" ," Ад лідскіх муроў" і інш.
Ён умеў даражыць сяброўствам, быў чуллівым і спагадлівым, з адкрытай душой, да канца дзён сваіх заставаўся аптымістам, верыў у зменлівасць лёсу і чалавечую дабрыню, што так кранальна апеў у сваіх вершах.
Пахавалі Леаніда Вінніка 7 траўня 2006 года на могілках Лідскай Слабадской каталіцкай парафіі.
Ён быў Паэт, і ўспаміны пра яго застануцца светлымі.
Леанід Віннік
Горад мой
Ласкай сонейка шчодра абліты,
Ну куды толькі вокам ні кінь...
Прывітанне табе, горад Ліда.
Добры дзень вам, мае землякі.
Я табою ганаруся,
Ты заўсёды са мной,
Прыгажэйшы па ўсёй Беларусі,
Любы мой, горад мой.
Ты ў людзях сваіх, нібы ў зорках,
Ў старажытных легендах жывеш.
Б'юць маланкі высока-высока,
А тваіх не кранаюцца веж.
Я табою ганаруся,
Ты заўсёды са мной,
Прыгажэйшы па ўсёй Беларусі,
Любы мой, горад мой.
РоднасцьЗноў, нібы ў снах прарочых,
Бачу ўсё ясна-ясна:
Любай матулькі вочы,
Постаць яе ля вязаў...
Быццам ідзе па глебе,
Той - ні канца, ні краю...
А ў сінім - сінім небе
Сонейка дзіўна грае.
Ўсё тут хвалюе сэрца:
Рэчка і дуб прыкметны...
І нікуды не дзецца
Ад успамінаў светлых.
Наша старая хата
Па-над ракой Лідзейкай,
Ў ёй усяго багата,
Хлеб мне там і пасцелька.
Там і маё каханне
Ў белай сукенцы новай
Шчыра мяне вітае
Матчынай роднай мовай.
* * *Не дацягнешся да зоркі ў расе,
Пад вялікім дажджом не пагрэеш рукі:
Але нітка адлётных гусей
Не патоне ў дажджы разлукі.
Гэтай ніткі рукой не кранеш,
Хоць пакуль што чысценькай ходзіш.
Зорка знікне ў жыцці на дне,
Ты шукай - не шукай - не знойдзеш.
Зорка знікне - ужо не падняць,
Пацямнеюць у полі пакосы.
І табе ўначы не суняць
Ні дажджы, ні вятры, ні слёзы.
* * *Сляды пакінуў час
На векавечных плітах.
Праходзіць ноч ў цішы,
Дзень крочыць у жыццё...
І цесна родніць нас,
Мой гарадочак Ліда,
І цеплыня душы,
І дружбы пачуццё...
Беларусі
Ніхто гэты цуд у мяне не адыме,
З напеваў матулі ля чыстых крыніц
Святою малітвай прыйшло тваё імя
І ўся ты, што кветка пасля навальніц.
Ці будзе спякота, ці павадак будзе,
Я лёсу ўсё роўна ўдзячны за ўсё,
Зямелька-зямліца ўскалыхвае грудзі,
Пах вольных дуброў і блакітных азёр.
Ды сонейка мне тут па-добраму свеціць,
І ў небе жаўрук, і рамонкі ў жніве...
Жыве Беларусь, і жывуць яе дзеці,
І бусел над матчынай хатай жыве.
Падрыхтаваў да друку Міхась Мельнік.