За удзел ў паўстанні 1863 г. у дзеда Вітольда - Юзафа Пілецкага - быў канфіскаваны маёнтак, і ў выніку Пілецкія былі расцярушаны па абшарах Расійскай імперыі. Бацька Вітольда, Юльян, выпускнік Ляснога інстытута ў Пецярбургу, меў пасаду ляснічага ў горадзе Аланцы, што ў Карэліі. У гэты горадзе ажаніўся з Людвікай Асяцімскай і 13 траўня 1901 г. у іх нарадзіўся сын Вітольд - адзін з пяці дзяцей у гэтай сям'і. У 1910 г. бацькі вырашылі пераехаць на радзіму, але з-за фінансавай мэтазгоднасці бацька працягваў працаваць ва Управе дзяржаўных лясоў старшым рэвізорам, а ў Вільню пераехала Людвіка Пілецкая з дзецьмі. Менавіта ў Вільні Вітольд пайшоў у гандлёвую школу і ў 1913 г. уступіў у скаўты.
Выбух Першай сусветная вайны застаў Пілецкіх падчас адпачынку ў Друскеніках. Пасля набліжэння немцаў Людвіка з дзецьмі выехала да сваёй маці ў Гаўрылкава, што на Магілёўшчыне, дзеці ж працягвалі адукацыю ў Арле. На пачатку 1918 г. на Магілёўшчыне стала неспакойна - сяляне рабавалі маёнткі і забівалі іх уладальнікаў. Таму Пілецкая з дзецьмі вяртаецца ў Вільню. А прабыўшы тут некалькі тыдняў, з-за недахопу грошай едзе ў маёнтак Сукурчы пад Лідай, які належаў яе свякрусе Флавіі Пілецкай. Маёнтак не быў раней канфіскаваны, бо быў запісаны на дзявочае прозвішча бабулі Вітольда Пілецкага - Дамейка.
У XIX ст. Сукурчы - цэнтр вясковай акругі (у якой жылі больш за 500 чалавек) [1]і вельмі стары населены пункт, вядома што ў 1690 г. гэты двор у Лідскім дэканаце належаў пані Сцыпіён, удаве Андрэя Сцыпіёна дэль Кампа і меў 6 дымоў [2]. Андрэй Сцыпіён (?-1682 г.), "дзедзіч на Шчучынку, Сукурчах і Сякержынцах", падчашы гарадзенскі, з 1678 г. харунжы вяндэнскі. Ён падпісываў элекцыю караля Міхала Карыбута Вішнявецкага ў 1669 г. ад Лідскага павета, а элекцыю Яна ІІІ Сабескага ў 1674 г. - ад Гарадзенскага павета. Ён быў жанаты з Элеанорай Сухадольскай - дачкой Паўла Казіміра Сухадольскага, ваўкавыскага земскага пісара, меў 6 дзяцей, з якіх выжылі 4: дочкі Кацярына і Канстанцыя ды сыны Казімір і Ян. Ян Сцыпіён валодаў пасля бацькі Сукурчамі, Шчучынкам, Балотным (зараз Воранава) і інш. Ад маці ён стаў уладальнікам Канюхоў ў Ваўкавыскім павеце. За дзяржаўную службу Ян Сцыпіён з жонкай атрымаў вёскі Гарні (1708 г.) і Пурcці (1711 г.) у Лідскім павеце. У 1735 г. размясціў у Балотным (Воранаве) кляштар піяраў, а ў 1738 г. у Канюхах - кляштар дамініканаў. Такім чынам, Ян Сцыпіён быў першым прадстаўніком свайго роду, які дасягнуў амаль магнацкага статусу: сенатар, двойчы стараста, уладальнік некалькіх маёнткаў у трох паветах, заснавальнік двух кляштароў. Наступным уладальнікам Сукурчаў стаў сын Яна - Юзаф Сцыпіён (?-1743 г.) [3]. Калі Сукурчы прыдбалі Нарбуты, невядома, але ў вопісе Лідскага дэканата за 1784 г. двор і вёска Сукурчы належаць падкамораму лідскаму Тадэвушу Нарбуту [4]. Але ж у 1794 г. менавіта тут лідскі стараста Юзаф Сцыпіён яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння паўстання арганізаваў патаемную прысягу шляхты [5]. У другой палове XХ ст., калі Сукурчаў як населенага пункта ўжо не існавала, у народзе захоўвалася памяць пра тое, што адзін з тутэйшых будынкаў быў вельмі стары, на бэльцы яго нібыта была напісана дата - XVI ст. [6] Апошнім уладальнікам фальварка Сукурчы быў легендарны герой Другой сусветнай вайны Вітольд Пілецкі. За 1 км ад Сукурчаў знаходзіўся фальварак Востраў. Тодар Нарбут так пісаў пра гэты фальварак: "Востраў, у павеце Лідскім, на захад ад Ліды недалёка ад Мыто, за левым берагам ракі Дзітва, раней уласнасць скарбу літоўскага, дзе быў вялікі палац і да гэтага часу фундамент і склепы захаваліся, гарод меў памер 9 моргаў, у апошнія часы належаў да Тадэвуша Нарбута, падкаморага Лідскага. Зараз, пасля здрабнення праз exdywizye [7], ёсць невялікім фальфаркам..." [8]. У Востраве Тадэвуш Нарбут на свае сродкі фундаваў капліцу [9], у фальварку каля дарогі мелася карчма, а на рацэ Крупцы - стаў з млынам (другі стаў быў каля Сукурчаў) [10]. Згодна з гісторыкам Тодарам Нарбутам (унучатым племяннікам Тадэвуша Нарбута) менавіта ў Востраве было падпісана знакамітае Востраўскае пагадненне 1392 г., якое палажыла канец братазабойчай вайне паміж Вітаўтам і Ягайлам [11].
У занятую немцамі Вільню Вітольд Пілецкі вярнуўся восенню 1918 г. і пачаў вучыцца ў гімназіі імя Яўхіма Лелявеля. Адначасова ўступіў у канспіратыўную польскую вайсковую арганізацыю.
Вучыўся нядоўга - ужо 20 кастрычніка 1918 г. Вітольд з іншымі вучнямі ўступіў у аддзел віленскай польскай Самаабароны, якую узначаліў генерал Уладзіслаў Вейтка. Хутка Самаабарона ўзяла ўладу ў горадзе. Пілецкі актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх дзеяннях па захопу ўлады, а потым рыхтаваўся бараніць Вільню ад наступаючай Чырвонай Арміі - быў старшым на барыкадзе каля Вострай Брамы. У ноч з 5 на 6 студзеня 1919 г. аддзелы Самаабароны пакінулі Вільню, Пілецкі далучыўся да аддзела кавалерыі Самаабароны. У сакавіку гэты аддзел пачаў лічыцца Добраахвотніцкім дывізіёнам віленскай кавалерыі ў складзе рэгулярнай польскай арміі, а ў чэрвені 1919 г. быў рэарганізаваны ў 13 полк уланаў. Полк удзельнічаў ва ўсіх баявых дзеяннях польскай арміі на ўсходзе - пад Лідай, Берасцем, Баранавічамі, Менскам.
Як вучань гімназіі Вітольд Пілецкі 1 кастрычніка 1919 г. быў дэмабілізаваны і аднавіў навучанне ў Віленскай гімназіі імя Лелявеля. Але ўжо ў ліпені 1920 г., пры чарговай бальшавіцкай навале, добраахвотнікам уступае ў 201 полк пяхоты, разам з якім адыходзіць у бок Гародні. Адступаючы разам з палком Вітольд Пілецкі даходзіць да Варшавы, дзе ўступае ў толькі што сфармаваны дабраахвотны полк Наднёманскіх уланаў. Як улан 3 звяза 2 эскадрона гэтага палка ўдзельнічае ў бітвах пад Плоцкам, Млавай, Хажалямі, Друскенікамі, Стоўбцамі і Койданавым, дзе і застаў заканчэнне вайны.
Як віленец, у кастрычніку 1920 г. разам са сваім палком удзельнічаў у выправе генерала Люцыяна Жалігоўскага на Вільню, у выніку якой была створана часовая дзяржава Сярэдняя Літва. Каб працягнуць адукацыю, 1 студзеня 1921 г. старшы ўлан Вітольд Пілецкі быў звольнены з войска. У лютым таго ж года уступіў Звяз бяспекі краю, прайшоў падафіцэрскі курс і стаў камендантам-інструктарам гэтага Звязу ў Новых Свянцянах. У траўні 1921 года ў Вільні здаў экзамены за курс гімназіі перад адмысловай камісіяй для былых вайскоўцаў. Нягледзячы на такі "паскораны" курс адукацыі Пілецкі добра размаўляў на трох замежных мовах: французкай, нямецкай і рускай.
Пасля атрымання атэстата гімназіі Вітольд Пілецкі паступіў у Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя на факультэт Прыгожых мастацтваў. Але брак сродкаў праз запусценне сямейнага маёнтка ў Сукурчах, дзе жылі ягоныя бацькі з малодшымі дзецьмі, цяжкая хвароба бацькі (ён нейкі час знаходзіўся ў бальшавіцкай турме, дзе падарваў здароўе) прымусілі яго пакінуць універсітэт, каб пачаць зарабляць грошы.
Першапачаткова працаваў сакратаром Звязу сельскагаспадарчых гурткоў Віленшчыны, а потым сакратаром следчага суддзі 2-й Судовай акругі ў Вільні. Пачаў завочна вучыцца на сельскагаспадарчым факультэце Познаньскага ўніверсітэта. Адначасова займаўся юрыдычным вяртаннем Сукурчаў сваёй сям'і, што паспяхова закончылася ў верасні 1926 г. Пасля гэтага ён стала пасяліўся тут і пачаў займацца аднаўленнем зруйнаванай гаспадаркі. Паступова спецыялізаваўся на вырошчванні канюшыны і вырабе малочнай прадукцыі [12].
Дачка Пілецкага Зоф'я расказвала, што бацька працаваў у полі разам з нанятымі ім парабкамі. Сын, Андрэй успамінаў, як, трохі падросшы, разам з бацькам абыходзіў раллю [13].
Аднак Пілецкага цягнула да войска. У 1925 г. адбыў практыку ў 26-м палку уланаў, які стаяў у Баранавічах і ў 1926 г. атрымаў чын падпаручніка рэзерву з старшынствам з 1923 г. Рэгулярна ўдзельнічаў у вучэннях 26-га палка ўланаў, а ў 1931 г. прайшоў падрыхтоўку ў Цэнтры падрыхтоўкі кавалерыі ў Грудзянцы.
У 1929 ці 1930 гг. Пілецкі пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марыяй Астроўскай (паходзіла з Вострава-Мазавецкага), маладой настаўніцай школы ў Крупаве. Шлюб паміж імі адбыўся 7 красавіка 1931 г., і ў 1932 г. у маладой сям'і нарадзіўся сын Андрэй, яшчэ праз год - дачка Зоф'я.
Акрамя маёнтка Пілецкі актыўна заняўся грамадскай працай. Быў начальнікам Добраахвотнай пажарнай аховы, старшынём кааператыва па вырабу малочнай прадукцыі (масла кааператыва прадавалася ў Вільні), з мясцовымі земляробамі заснаваў сельскагаспадарчы гурток, дапамагаў бедным. У красавіку 1932 г. заснаваў у Лідскім павеце арганізацыю для падрыхтоўкі кавалерыстаў (кракусаў), якая з 1937 г. падпарадкоўвалася 19-й дывізіі пяхоты.
У жніўні 1937 г. за грамадскую дзейнасць Вітольд Пілецкі быў узнагароджаны Срэбным Крыжам Заслугі [14]. У 1938 г. ён узначаліў Звяз шляхецкіх засценкаў Лідчыны [15].
Мой цесць успамінаў: "Пілецкага я знаў. Ну, як дзіця, знаў. Ён камандаваў дабраахвотнай арганізацыяй стральцоў. З бальшавікамі першы раз ваяваў ён яшчэ салдатам. У 30-я гады прысвоілі яму афіцэрскае званне. Ну і ён займаўся сваім маёнткам, відаць, што добра ў яго справы ішлі. ... У Сукурчах. Тым, хто ўдзельнічаў у гэтай арганізацыі стральцоў, не трэба было адпрацоўваць такі дарожны абавязак, дарогі ўладкоўваць, ну там жвір вазіць, грэблі будаваць. Вось яны былі свабодныя ад гэтага. Мая хрышчоная, сястра бацькі Клементына Роўба, адразу пасля вайны, у 20-х з мужам нейкі час трымала ў арэндзе гэтыя Сукурчы. І каля Сукурч яны купілі сабе фальварк Надзея, каля Бялевіч пад Гудамі. Пілецкія потым прыехалі на гаспадарку сваю. Па вайне іх адразу не было ... Пасля вайны першым прыехаў яго дзядзька, бацькі брат. Бацька мой, як быў халасцяк, часта бываў у сястры.
Ну яны прыехалі, значыць, пачалі самі разгортваць сваю гаспадарку, а мая цётка з мужам купілі Надзею, 70 гектараў. ... І мой бацька ў сястры часта бываў. Пілецкі быў малодшы за бацьку, але яны сябравалі. Пралежвалі ў садзе днямі з маім бацькам. У фальварку Надзея арганізавалі базу для гэтага стралецкага таварыства. Кавалак поля адвялі, за яго дзяржава плаціла арэнду, было выгадна. Таму я яго знаў. А ў нас была добрая кабыла, такая чорная, высокая ... Дык Пілецкі мяне на гэтую кабылу садзіў, у сядло, і вучыў ездзіць. У Надзеі, у цёткі, маёй хрышчонай гэта было. І стральцы вучыліся ездзіць, ставілі такія бар'ерчыкі, цераз іх на конях скакалі. Потым такія галінкі шаблямі секлі. А я, як з бацькам прыеду, любіў паглядзець на тое, як Пілецкі вучэнні праводзіць. І мяне таксама садзіў на чорную кабылу і вучыў скакаць цераз бар'ерчыкі. Аднаго разу кабыла дайшла да плота, а скакаць не захацела, рабочая кабыла была. Гэта, калі Пілецкі бываў у добрым настроі, і гуляў з дзіцем, са мной, значыць ... гэта было разоў можа з 10. Садзіў на кабылу, а сёдлы ў іх ляжалі, шаблі ляжалі. Шаблю мне не давалі, а сядло прыстасоўваў пад дзіця. Ну яны там трэніруюцца, а я з боку таксама езджу вакол поля. Любіў паездзіць. Бацька быў выдатна з ім знаёмы, і яны разам праводзілі час. Тут яшчэ ў раёне Кербедзяў быў такі Сікорскі, і была ў яго дарослая дочанька, ну дык вярхом да іх у Кербедзі ездзілі. Ну, наогул, вольны час Пілецкі меў і такой справай займаўся ... Ён у форме хадзіў. Гэтыя стральцы па рознаму хадзілі, хто ў цывільным, хто ў вайсковым, а ён у вайсковай форме. Калі меў справу з коньмі ў грамадзе - дык і з шабляй. Але і ў цывільным я яго бачыў" [16].
Вітольд Пілецкі знаходзіў час, каб пісаць вершы (захавалася і чакае перакладу на беларускую мову яго паэма "Сукурчы") і займацца жывапісам. І зараз у Крупаўскім касцёле, у будаўніцтве якога Пілецкі прымаў удзел, захаваліся два напісаныя ім абразы.
У сярэдзіне 1939 г. з-за надыходу Другой Сусветнай вайны ў Польшчы пачалася мабілізацыя. 26 жніўня была мабілізаваны кавалерыя 19 дывізіі пяхоты. Падпаручнік Вітольд Пілецкі імгненна арганізаваў прызыўны пункт у Крупаве і разам з мабілізаванымі жаўнерамі своечасова прыбыў у свой аддзел. 19 дывізія ўваходзіла ў склад арміі "Прусія". 4 верасня дывізія выйшла ў раён Петрыкава Мазавецкага, заняла абарону і была атакаваная 16 нямецкім танкавым корпусам. Палякі адступілі ў кірунку Тамашава Мазавецкага. Кіраваны Пілецкім эскадрон лідскіх уланаў быў разбіты падчас цяжкіх баёў пад Валбожам. Адступаўшыя жаўнеры разам са сваім падпаручнікам пераправіліся цераз Віслу і далучыліся да нанова фармаванай 41-й дывізіі пяхоты. Пілецкі быў прызначаны намеснікам камандзіра кавалерыі дывізіі маёра Яна Уладаркевіча. Пасля найцяжэйшых баёў 22 верасня 1939 г. дывізія была разбіта. Пілецкі не апусціў зброі і са сваімі ўланамі партызаніў да 17 кастрычніка 1939 г.
Сям'я Вітольда Пілецкага засталася ў Заходняй Беларусі. Марыя Пілецкая з дзецьмі ратавалася ад НКУС у мясцовых людзей. У красавіку 1940 г. ёй удалося перайсці мяжу і пасяліцца ў сваіх бацькоў у Востраве-Мазавецкім. Тут яна першы раз пасля пачатку вайны сустрэлася з мужам.
Пры канцы кастрычніка 1939 г. Вітольд Пілецкі з'яўляецца ў Варшаве, аднаўляе кантакт з маёрам Янам Уладаркевічам, і разам яны пачынаюць ствараць канспіратыўную групу. 9 лістапада 1939 г. пад час сустрэчы ў кватэры швагеркі Элеаноры Астроўскай прымаецца рашэнне аб стварэнні Тайнай Арміі Польскай (TAП). На наступны дзень ў гарнізонным касцёле па вуліцы Доўгай канспіратары прынялі прысягу. Узначаліў TAП маёр Уладаркевіч "Дарвіш", Пілецкі стаў начальнікам штаба.
У Варшаве Пілецкі жыў пад прозвішчам Томаш Серафінскі. Арыштаваныя немцамі чальцы TAП патраплялі ў Асвенцым (Аўшвіц). Гэтая прычына разам з рознымі чуткамі, якімі поўнілася Польшча пра гэты лагер, звярнула на яго ўвагу кіраўніцтва TAП - было вырашана правесці выведку ўнутры лагера. З ведама камандзіра Звязу збройнай барацьбы (Zwiаzku Walki Zbrojnej, ZWZ) генерала Стэфана Равецкага "Грота" для выканання гэтай місіі добраахвотна быў вызначаны Вітольд Пілецкі. 19 верасня 1940 г. падчас аблавы ў варшаўскім раёне Жалібор падпаручнік дазволіў арыштаваць сябе і пад прозвішчам Серафінскі ў ноч з 21 па 22 верасня 1940 г. патрапіў у Асвенцым, дзе атрымаў лагерны нумар 4859.
Адразу пасля выгрузкі вагонаў Пілецкі зразумеў, што трапіў у пекла на зямлі - пакуль калону вязняў гналі ў лагер, іх білі і цкавалі сабакамі, адзін з вязняў, як быццам, паспрабаваў уцячы - яго застрэлілі і ў якасці кары эсэсаўцы тут жа расстралялі яшчэ дзесяць чалавек. У тую страшную ноч Пілецкі страціў толькі два зубы. Пасля ўсяго ён напісаў у рапарце: "Тут мы пакінулі ўсе вялікія мяшкі, да якіх былі прымацаваныя нумары. Тут нам абрылі валасы на галаве і ўсім целе, далі ўмыцца халоднай вадой. Тут у мяне выбілі два зубы за тое, што свой ідэнтыфікацыйны нумар я нёс у руках, а не зубах, як хацеў эсэсавец. Атрымаў у сківіцу цяжкай палкай, выпалі два зубы. Трохі цякла кроў".
Першую інфармацыю з Асвенцыма з апісаннямі таго, што там робіцца, Пілецкі прыслаў ужо ў кастрычніку 1940 г. Праз некалькі тыдняў гэтая інфармацыя была перададзена генералу Стэфану Равецкаму, які праз Стакгольм пераслаў яе ў Лондан, дзе яе атрымалі 18 сакавіка 1941 г. Да гэтага часу Пілецкі ўжо арганізаваў у лагеры канспіратыўную арганізацыю, якой паставіў наступныя мэты: "Падтрымліваць дух сяброў праз распаўсюд інфармацыі ў свеце, размеркаванне вопраткі, падрыхтоўка аддзелаў для паўстання, калі надыдзе час ...", аднавіў кантакты з чальцамі TAП, якіх арыштавалі раней, у тым ліку з доктарам Уладзіславам Дэрынгам. Першая пяцёрка канспіратараў паўстала ўжо ўвосень 1940 г. У 1942 г. канспіратыўнай арганізацыяй у лагеры кіраваў палкоўнік Ян Карч, яна налічвала 600 сяброў, з якіх каля 100 асоб прыняў асабіста Пілецкі. Інфармацыя з лагера паспяхова паступала ў вольны свет, і за сваю дзейнасць у лагеры 11 лістапада 1941 г. Вітольд Пілецкі атрымаў чын паручніка.
Увесну 1943 г. лагернае гестапа пачало арышты сярод канспіратараў. З-за пагрозы арышту, Пілецкі ў ноч з 26 на 27 красавіка 1943 г. разам з Янам Рэдзеям (№ 5430) і Эвардам Цясельскім (№ 12969) уцёк з лагера. На волі ён так падсумаваў свой лагерны вопыт: "Выйшаўшы меў на некалькі зубоў меней ... заплаціў надта танна за такі санаторый".
Галоўнай мэтай яго на той час стала напісанне справаздачы аб Асвенцыме і падрыхтоўка збройнай акцыі, каб вызваліць вязняў. У Варшаву патрапіў 22 верасня 1943 г. і пачаў актыўна займацца канспіратыўнай працай. Праз нейкі час, каб сустрэцца з сям'ёй з'ездзіў у Востраў-Мазавецкі, потым бачыўся з жонкай і дзецьмі не часта.
За гераізм пад час выканання задання ў Асвенцыме галоўны камендант АК генерал Тадэвуш Камароўскі 19 лютага 1944 г. прысвоіў Вітольду Пілецкаму чын ротмістра, аднак ягоны праект атакаваць лагер не быў прыняты камандаваннем АК.
На пачатку варшаўскага паўстання Пілецкі ваяваў шараговым байцом у 1-м батальёне "Варшавянка". Аднак праз нейкі час стала вядома пра ягоны чын, Пілецкі быў прызначаны камандзірам аднаго з аддзелаў групы "Храбры ІІ". Ваяваў у раёне варшаўскіх вуліц Таварнай, Панскай, Мядзянай і Жалезнай і плошчы Старыкевіча. Будынак рэдакцыі газеты "Рэч Паспалітая", які бараніў яго аддзел атрымаў назву "Рэдут Вітольда". Пасля задушэння паўстання, 5 кастрычніка 1944 г. Пілецкі разам з сваімі жаўнерамі патрапіў у канцэнтрацыйны лагер у Ажараве, потым - у Мурнаў, а потым - у Ламсдорфе. Пасля вызвалення лагера амерыканцамі 29 красавіка 1945 г. Пілецкі прабыў там нейкі час і выехаў у Італію дзе быў прыняты ў ІІ Аддзел штаба 2-га корпуса польскага войска генерала Уладзіслава Андэрса. Летам 1945 г. Вітольд Пілецкі два разы размаўляў з генералам і пачаў рыхтавацца да вяртання ў Польшчу, дзе павінен быў арганізаваць разведвальную сетку для збору інфармацыі.
22 кастрычніка 1945 г. праз Рым, Балонню, Брэмен, Рэгесбург і Прагу выехаў у Польшчу і 8 снежня 1945 г. пад прозвішчам Раман Язерскі Пілецкі прыехаў у Варшаву. Хутка стварыў разведвальную сетку супрацоўнікаў і інфарматараў, якіх набіраў сярод былых жаўнераў TAП і чальцоў канспіратыўнай арганізацыі ў Асвенцыме. Збіраў інфармацыю пра нарастаючы тэрор НКУС і польскай Службы бяспекі (Urzаdu Bezpieczenstwa, UB), дзейнасць іншых канспіратыўных арганізацый, эканамічныя сувязі Польшчы з СССР. Уся інфармацыя дасылалася ў ІІ Аддзел штаба 2-га корпуса ў Італіі [17].
Да гэтага часу на Лідчыне памяталі, што адразу пасля Другой сусветнай вайны Пілецкі пабываў тут, цесць расказваў: "Ну такая была гісторыя пасля вайны. Расказваў адзін чалавек, Кучынскі, ... з Козіч, я з ім працаваў разам. Ён расказваў, што ў Пілецкага ў доме пасялілася дзяўчына, яна рабіла ў Крупаве брыгадзірам і дэпутатам была. Дык Пілецкі прыйшоў у форме лейтэнанта савецкага, у шынялі, гэта было ў канцы 40-х, ці ў пачатку 50-х, ... Ён мне расказваў, што Пілецкі прыйшоў, але яе не знайшоў. Але пасля гэтага яна тут жа з'ехала. Потым гэты дом неяк быў знішчаны" [18].
У чэрвені 1946 г. з-за пагрозы арышту Пілецкі атрымаў загад вяртацца на Захад. Гэта быў адзіны загад, які ён не выканаў. Не хацеў вяртацца з-за дзвюх прычын: не меў намесніка, на якога можна было б пакінуць працу і не хацеў пакідаць у Польшчы сям'ю, з якой рэгулярна бачыўся. Тады ж Пілецкі прадставіў польскаму ўраду ў выгнанні справаздачу выведкі аб яўрэйскім пагроме ў Кельцах, ён назваў трагедыяй забойства 37 яўрэяў польскім натоўпам, які падбухторвалі мясцовыя чыноўнікі. У красавіку 1947 г. ён пачаў збіраць доказы савецкіх злачынстваў, учыненых у Польшчы падчас акупацыі 1939-1941 гг.
Польская Службы бяспекі арыштавала Пілецкага 8 траўня 1947 г. (па некаторым крыніцам 5 траўня). Адразу быў падвергнуты катаванню пад час допытаў, непасрэдна кіраваў допытамі дырэктар Следчага дэпартамента Міністэрства публічнай бяспекі (Ministerstwa Bezpieczenstwa Publicznego, MBP) палкоўнік Юзаф Ружанскі (потым падчас суда, Пілецкі шаптаў жонцы: "Асвенцым - гэта былі дзіцячыя гульні").
Афіцыйнае следства закончылася 10 снежня 1947 г. Пілецкі быў абвінавачаны ў тым, што " ў часе ад ліпеня 1945 г. да 8 снежня 1945 г. у Італіі, а потым, з таго часу да часу затрымання ў Польшчы 8 траўня 1947 г. дзейнічаў на шкоду польскай дзяржаве як рэзідэнт замежнай выведкі ... і арганізаваў на тэрыторыі Польшчы выведную сетку ... кіраваў дзейнасцю яе праз загады і інструкцыі ... здабываў дакументы якія былі таямніцай дзяржавы і войска, ... а таксама палітычную інфармацыю пра развіццё і моц уплыву дэмактратычнага блоку ..., развіццё гандлю і структуры гаспадаркі края і замежны гандаль з СССР і іншымі саюзнымі дзяржавамі".
3 сакавіка пачаўся працэс Вайсковага акруговага суда над Вітольдам Пілецкім і яго сябрамі: Марыяй Шчалангоўскай, Тадэвушам Плужанскім, Рышардам Ямантам-Крывіцкім, Максіміліянам Каўцкім і інш. Старшынём суда быў падпалкоўнік Ян Грыцкавян, чальцамі суда - капітан Юзаф Бадэцкі і капітан Стэфан Навацкі, пракурорам - маёр Чэслаў Лапінскі [19].
Дачка Пілецкага Зоф'я ўспамінала, што падчас судовага працэсу ў школе, дзе яна вучылася, для ўсеагульнага праслухоўвання ўключалася радыё, і яна слухала, як бацьку называлі шпіёнам, злодзеем, лакеем Захаду. У нейкі момант, настаўніца падышла да дзяўчынкі і запытала, ці Вітольд Пілецкі - яе бацька, дзіцё адказала: "Так, гэта мой бацька, і я ім вельмі ганаруся" [20].
Падчас суда Вітольд Пілецкі адкінуў абвінавачванні ў шпіянажы: "Не быў рэзідэнтам, а быў толькі польскім афіцэрам. Выконваў загады да моманту арышту". 15 сакавіка 1948 г. быў агучаны вырак суда: ротмістр Вітольд Пілецкі, Марыя Шчалангоўская, Тадэвуш Плужанскі прыгавораны да страты. Астатнія - да шматгадовага заключэнне ў турму.
7 траўня 1948 г. Вітольд Пілецкі накіраваў прэзідэнту камуністычнай Польшчы Баляславу Беруту ліст з просьбай аб памілаванні: "Усе жыццё працаваў для Польшчы. Пасля ссылкі майго дзеда царскім урадам за ўдзел у паўстанні 1863 г., пасля ўсіх падзелаў мне па жаночай лініі засталося 37,5 га ворнай зямлі з лугамі. Не спыніўся на працы на зямлі, але пайшоў будзіць народныя масы. Арганізаваў і кіраваў Сельскагаспадарчым гуртком, Добраахвотнай пажарнай аховай, малочным кааператывам 12 гадоў. Стварыў і 7 гадоў кіраваў арганізацыяй па падрыхтоўцы кавалерыстаў ... . Пасля разгрому пад Петрыкавым - па загаду генерала Пякарскага арганізаваў ва Уладаве 13 - 16.ІХ.1939 г. аддзел 41 дывізіі пяхоты, з якім пасля разгрому дывізіі трымаўся ў лясах да 17.X.1939 г., знішчыўшы 7 танкаў, 2 самалёты на аэрадроме і 1 самалёт у паветры ...."
Берут адмовіўся памілаваць Пілецкага, але памілаваў Марыю Шчалангоўскую і Тадэвуша Плужанскага. Вырак быў выкананы 25 траўня 1948 г. у 21.30.
Памяць пра Вітольда Пілецкага не загінула. Ужо ў 1957 г. жонка пачала патрабаваць ягонай рэабілітацыі. З 1986 г. пачалося асэнсаванне ягонага вычыну, з 1989 г. яго імем "добраахвотніка ў Асвенцым" пачалі называць школы, вуліцы, скверы. 1 кастрычніка 1990 г. вырак ротмістру Пілецкаму быў цалкам ануляваны. 22 студзеня 1995 г. прэзідэнт Польшчы Лех Валенса пасмяротна ўзнагародзіў яго Камандорскім Крыжам ордэна Адраджэння Польшчы. У 2006 г. прэзідэнт Лех Качынскі пасмяротна ўзнагародзіў ротмістра Пілецкага Ордэнам Белага Арла [21].
У сваёй кнізе "Six Faces of Courage" выбітны брытанскі гісторык прафесар Майкл Фут (Michael Foot) аднёс Вітольда Пілецкага да ліку шасці самых адважных герояў Другой Сусветнай вайны.
Усёабдымны даклад Пілецкага напісаны ў 1945 г. пра сакрэтную місію ў Асвенцыме быў апублікаваны на англійскай мове ў 2012 г. пад назвай «Добраахвотнік Асвенцыма: за межамі адвагі». Аб Вітольдзе Пілецкім напісана шмат кніг, у тым ліку кніга Джэка Файрвэзера (Jack Fairweather) «Добраахвотнік: місія аднаго чалавека - кіраваць падпольнай арміяй у Асвенцыме і спыніць Халакост» (2019 г.) Файрвэзер быў у Лідзе, ездзіў у Сукурчы і сустракаўся з аўтарам гэтага тэксту [22].
[1] Slownik Geograficzny Krolestwa Polskiego... Warszawa. 1890. Т. 11. S. 561.
[2] Metryka Litewska. Rejestry podymnego Wielkiego Ksiastwa Litewskiego: Wojewodztwo wilenskie 1690 r. / Opracowal A. Rachuba. Warszawa, 1989. S. 212.
[3] Данскіх Сяргей. Шляхта італьянскага паходжання ў Лідскім павеце ВКЛ: пытанні рэцэпцыі і асіміляцыі // Герольд Litherland № 17. 2006. С. 62-63.
[4] Rybak A. Dekanat lidzki w 1784 roku w swietle opisow parafii. Praca magiterska. Bialystok, 2004. S. 69.
[5] Восстание и война 1794 г. в Литовской провинции (по документам архивов Москвы и Минска)./ Сост., ред. и предисл. Е.К.Анищенко.- Мн., 2001. С. 107-108.
[6] Пацюпа Юры. Tahafut al-Tahafut // Arche №4. 2006. С.205.
[7] У Літве існаваў закон, па якім, у выпадку неплацежаздольнасці даўжнiка, яго маёмасць не прадавалася з аўкцыёну, але дзялілася на часткі адпаведна ліку крэдытораў.
[8] Narbutt Teodor. DZIEJE STAROZYTNE NARODU LITEWSKIEGO. Wilno, 1839. T. 5., S. 491.
[9] Kurczewski J. Biskupstwo Wilenskie. Wilno, 1912. S. 486.
[10] Rybak A. Dekanat lidzki w 1784 roku w swietle opisow parafii. Praca magiterska. Bialystok, 2004. S. 68. 72-73.
[11] Гл: Лаўрэш Леанід. Месца заключэння Востраўскага пагаднення 1392 г. // Гістарычны альманах. Т. 13. 2007. С. 109-118.
[12] Pawlowicz Jacek. Rotmistrz Witold Pilecki (1901-1948). Warszawa. Instytut Pamiaci Narodowej, 2013. S. 1-6.
[13] Ziemia Lidzka, nr 5 (75), pazdziernik, 2006.
[14] Kurjer Wilenski, № 240 (4203), 24 wrzesnia 1937.
[15] Kurjer Wilenski № 54 (4372), 24 lutego 1938.
[16] Хруль І. І. Размова са старым шляхціцам // Лідскі летапісец, 2012. № 2. С. 57-58.
[17] Pawlowicz Jacek. Rotmistrz Witold Pilecki (1901-1948). Warszawa. Instytut Pamiаci Narodowej, 2013. S. 8-15.
[18] Хруль І. І. Размова са старым шляхціцам // Лідскі летапісец, 2012. № 2. С. 58.
[19] Pawlowicz Jacek. Rotmistrz Witold Pilecki (1901-1948). Warszawa. Instytut Pamiaci Narodowej, 2013. S. 15-16.
[20] Ziemia Lidzka, nr 5 (75), pazdziernik, 2006.
[21] Pawlowicz Jacek. Rotmistrz Witold Pilecki (1901-1948). Warszawa. Instytut Pamiеci Narodowej, 2013. S. 17-23.
[22] Наша Слова № 21 (1328), 24 траўня 2017.