Папярэдняя старонка: Палітыкі

Мікола Дзямідаў-беларускі нацыянальны дзеяч з роду Каліноўскіх (1888-1967) 


Аўтар: Латышонак Алег,
Дадана: 09-10-2009,
Крыніца: Лідскі летапісец № 17.



Мікола Дзямідаў, педагог, вайсковец, на эміграцыі генерал. Нарадзіўся 10 снежня 1888 года ў Гарадку, быў сынам Станіслава Катнароўскага і Аляксандры з Каліноўскіх. Яго бацька памёр у тым самым годзе, а маці другі раз выйшла замуж за акцызнага ўрадніка Яна Дзямідава, які 10 снежня 1889 года усынавіў яе дзіця, надаў яму сваё прозвішча. Дзямідавы былі сям'ёй мясцовых фабрыкантаў. Адзін з іх, К. Дзямідаў, прафінансаваў рэстаўрацыю абраза Маці Божай у гарадокскай царкве.

Дзяцінства М. Дзямідава прайшло ў Гарадку. У той час найбольшы ўплыў на яго выхаванне меў дзед з боку маці, Аляксандар Каліноўскі, брат Канстанціна Вікенція Каліноўскага, кіраўніка паўстання на Літве і Беларусі. Аляксандар Каліноўскі культываваў памяць пра свайго брата, што выклікала вялікі ўплыў на будучую прыхільнасць М. Дзямідава да беларускага нацыянальнага руху.

У 1889 годзе Дзямідаў паступіў у філалагічную гімназію ў Ломжы. Яго выхаванне пераняў дзед з боку бацькі, Станіслаў Катнароўскі, які меў у Ломжы маёнтак.

У 1905 годзе М. Дзямідаў здаў экзамен на настаўніка двухкласавых пачатковых школ у настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы. У 1907 годзе атрымаў пасаду ў канцылярыі службы руху Ўправы Прывіслянскай чыгункі і паступіў як вольны слухач на вячэрнія курсы на гістарычна-філалагічны факультэт Варшаўскага універсітэта. У 1910 годзе здаў экзамен у Беластоцкай рэальнай сярэдняй школе на настаўніка павятовых школ. 1 кастрычніка 1911 года прызначаны кіраўніком беластоцкай двухкласнай чыгуначнай школы Польскай чыгункі. У 1912 годзе здаў залік у Віленскім педагагічным інстытуце за летні курс педагогікі і методыкі, а таксама раздзелы з гісторыі так званага Паўночна-Заходняга краю (г. зн. Літвы і Беларусі). Здаў экзамен на настаўніка гісторыі і рускай мовы ў гарадскіх школах Віленскай школьнай акругі.

18 ліпеня 1914 года быў мабілізаваны ў расейскую армію. Спачатку служыў у гаспадарчых пададдзелах розных вайсковых частак на Ковеншчыне. Пад канец студзеня 1915 года пераведзены на пасаду пісара аддзелу мабілізацыі афіцэраў ў Петраградзе. Пад канец таго ж года наведваў курсы ў Мікалаеўскай вайсковай акадэміі. У кастрычніку 1916 года накіраваны ў Першую Паўлаўскую вайсковую школу, якую скончыў 1 лютага 1917 года і стаў курсавым афіцэрам 7 роты гэтай школы.

Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі ўступіў у саюз афіцэраў-рэвалюцыянераў. Быў прызначаны Наваградскім акруговым камісарам. Выконваючы свае абавязкі наведваў Дзвінск (даўней Дынабург, зараз Даўгаўпілс), дзе ў пачатку сакавіка 1918 года трапіў у нямецкі палон.

Пасля рэвалюцыі ў Германіі ў канцы лістапада 1918 года быў вызвалены з палону і выехаў у Вільню, дзе актыўна ўключыўся ў арганізацыю беларускіх аддзелаў у літоўскім войску. 1 снежня 1918 года адкамандзіраваны як афіцэр запасу ў годнасці паручніка ў Літоўскае міністэрства абароны. 20 снежня 1918 года прыбыў у годнасці капітана з групай беларускіх афіцэраў у Горадню, дзе заняў пасаду каменданта горада. Арганізаваў Асобны батальён гарадзенскай камендатуры ў 350 чалавек, які выконваў службу вартавую, патрульную і жандармскую, а таксама паштовую і тэлеграфную службы. Да яго абавязкаў адносілася таксама і арганізацыя вярбоўкі дабраахвотнікаў для ўступлення ў беларускія падраздзяленні. Дзякуючы энергічнай дзейнасці М. Дзямідава былі створаны вярбовачныя пункты ў Беластоку, Бельску, Берасці, Друскеніках, Пружанах, Слоніме, Саколцы, Шчучыне, Васілішках і Ваўкавыску. Мікола Дзямідаў арганізаваў таксама ахову саюзніцкіх амерыканскай і французскай місій, якія наведвалі Горадню.

1 чэрвеня 1919 года быў арыштаваны польскімі ўладамі, якія мелі намер абмяняць яго на прапольскага беларускага дзеяча Казіміра Цвірку-Гадыцкага арыштаванага раней М. Дзямідавым, і які ўтрымоўваўся пад вартай у Коўне. Пад канец ліпеня 1919 года быў інтэрнаваны ў лагеры ў Беластоку. Пасля вызвалення з палону ў верасні 1919 года паступіў на беларускія настаўніцкія курсы (і іх скончыў). У той самы час увайшоў у склад Беларускай Вайсковай Камісіі (БВК) у Вільні, легалізаванай 22 кастрычніка 1919 года дэкрэтам Юзафа Пільсудскага. У пачатку кастрычніка быў сябрам арганізацыйнай камісіі БВК. У пачатку снежня 1919 года М. Дзямідаў разам з БВК пераехаў у Менск, а пасля быў накіраваны ў беларускую школу падхарунжых, адчыненую ў Варшаве, дзякуючы вышэй згаданаму дэкрэту.

Расчараваны бяздзейнасцю БВК М. Дзямідаў летам 1920 года (у час бальшавіцкага паходу на Варшаву) уступіў у войска генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Генерал даверыў М. Дзямідаву фармаванне Асобнага беларускага батальёна і прызначыў яго камандзірам гэтага батальёна. Завярбованыя М. Дзямідавым дабраахвотнікі паходзілі з Беласточчыны. Батальён налічваў каля 700 штыхоў (у тым ліку 26 афіцэраў). У складзе Астроўскага пяхотнага палка 2-й пяхотнай дывізіі ўзяў удзел у распачатай генералам С. Булак-Балаховічам у лістападзе 1920 года збройнай спробе абаронынезалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. 10-14 лістапада 1920 года Астроўскі пяхотны полк вёў зацятыя баі за горад і станцыю Калінкавічы, якая шмат разоў пераходзіла з рук у рукі. 21 лістапада 1920 года ўзначаленны М. Дзямідавым батальён затрымаўся на лініі фронту паміж Альшанамі і Малешавым на правым беразе Прыпяці разам з беларускім батальёнам Смаленскага пяхотнага палка. У той самы дзень беларускія батальёны атрымалі звесткі, што па супрацілеглым баку Прыпяці рухаецца група генерала С. Булак-Балаховіча, якая вырвалася з-пад Рэчыцы, і што ёй пагражае акружэннем пад Жыткавічамі. Беларускія батальёны ў цяжкіх умовах пераправіліся цераз Прыпяць і аказалі дапамогу генералу С. Булак-Булаховічу, ратуючы яго ад савецкага палону.

Пасля інтэрнавання польскімі ўладамі арміі генерала С. Булак-Булаховіча М. Дзямідаў са сваім батальёнам застаўся ў нейтральнай паласе паміж польскімі і савецкімі войскамі, на левым беразе Прыпяці ў трохкутніку Сенкевічы - Жыткавічы - Леніна на паўночны ўсход ад чыгуначнай лініі на Калінкавічы. У той час батальён налічваў 400 чалавек (у тым ліку 12 афіцэраў), меў на ўзбраенні 2 палявыя гарматы і 4 кулямёты. 21 лістапада 1920 года М. Дзямідаў заклікаў сваіх жаўнераў, не зважаючы на адход арміі генерала С. Булак-Балаховіча, бараніць да апошняга, хоць бы акрайчык радзімай зямлі. 29 лістапада 1920 года батальён М. Дзямідава ўступіў у бой з савецкім 40 стралковым палком і страціў забітымі 4 чалавекі і 10 раненымі. 3 снежня 1920 года батальён прыняў бой з савецкімі аддзеламі пад вёскай Вялікая Малышоўка, адбіваючы іх атакі. У пачатку снежня 1920 года М. Дзямідаў правёў перамовы з польскім кіраўніцтвам, прапануючы на выпадак аднаўлення вайны з Савецкай Расіяй уключыць свой батальён у склад Беларускага пяхотнага палка 18-й пяхотнай дывізіі. У студзені 1921 года жаўнеры М. Дзямідава ўжо не мелі прадуктаў, закончыліся боепрыпасы і прыйшло ў нягоднасць абмундзіраванне. Не жадаючычы рабаваць жыхароў Мазыршчыны, М. Дзямідаў звярнуўся ў Варшаву да польскага кіраўніцтва з просьбай аб дапамозе. Мікола Дзямідаў меў намер злучыць свой батальён з 1-й Слуцкай брыгадай стральцоў, якая пад канец снежня 1920-га года перайшла на польскі бок фронту (М. Дзямідаў падтрымліваў сувязь з камандаваннем брыгады). Польскае кіраўніцтва спачатку пагадзілася аказаць дапамогу, але ў выніку ўмяшання С. Булак-Балаховіча і намесніка старшыні Беларускага палітычнага камітэту Паўла Алексюка, якія абвінавачвалі М. Дзямідава ў намеры заняць пасаду Начальніка Беларускай дзяржавы і антыпольскасці, у дапамозе было адмоўлена (афіцэры М. Дзямідава ўчынілі замах на жыццё П. Алексюка). Мікола Дзямідаў быў інтарнаваны і памешчаны ў лагер у Радаме, куды быў прысланы і ўвесь яго батальён, які вымушаны быў перайсці на польскі бок фронту.

Дабраахвотны беларускі батальён М. Дзямідава быў апошнім беларускім падраздзяленнем, якое аказвала супраціў савецкім войскам у адкрытым баі ў барацьбе за незалежнасць Беларусі.

1 чэрвеня 1921 г. М. Дзямідаў быў вызвалены з лагера для інтарнаваных, а 1 ліпеня 1921 г. атрымаў пасаду кіраўніка 7-класнай пачатковай школы ў родным Гарадку. Падчас побыту ў гэтай мясцовасці заснаваў тут эпідэміялагічны шпіталь, а таксама арганізаваў сетку кааператываў і стаў старшынём іх галоўнага кіраўніцтва. Дзякуючы гэтаму, меў мажлівасць склікання сходаў, на якіх устаўляў нацыянальную свядомасць мясцоваму насельніцтву. У 1922-м годзе прыняў актыўны ўдзел у выбарах у Сейм, як кандыдат Блоку нацыянальных меншасцяў і старшыня Беларускага выбарчага павятовага камітэту гэтага Блоку. У выніку гарачых прамоваў М. Дзямідава на перадвыбарчых сходах сяляне гарадоцкай гміны выправадзілі са сваіх вёсак польскіх настаўнікаў і зажадалі навучання на беларускай мове. 9 лістапада 1922 г. выкліканая ўладамі гміны паліцыя з Беластоку акружыла школу ў Гарадку і правяла ператрус, забіраючы пры гэтым усю знойдзеную беларускую літаратуру (частку гэтай літаратуры, перададзенай Вацлавам Ластоўскім, прывезла М. Дзямідаву з Прагі Вера Мацяйчук-Маслоўская), а таксама і прыватную карэспандэнцыю М. Дзямідава і яго жонкі. Сам М. Дзямідаў быў арыштаваны і прывезены ў Беласток. Тут яму было высуната абвінавачванне ў антыдзяржаўнай агітацыі. Вызвалены з-пад арышту 14 лістапада 1922 г., павінен быў, тым не менш, быць прыцягнуты да суда. Не чакаючы працэсу М. Дзямідаў выехаў у Вільню, адкуль пры дапамозе Антона Луцкевіча і Браніслава Тарашкевіча перабраўся ў Латвію ў Дзвінск, дзе яго прыняў Кастусь Езавітаў.

У Латвіі М. Дзямідаў спачатку быў настаўнікам беларускай школы ў Пустыні на Дзвіншчыне. У 1924 годзе пераехаў у Рыгу. Арганізаваў тут два беларускія таварыствы: "Беларуская хатка" на Чырвонай Дзвіне і "Рунь" у Маскоўскім прадмесці. У тым жа годзе тут былі адкрытыя беларускія школы: 6-класная ў Маскоўскім прадмесці і 4-класная на Чырвонай Дзвіне. Пазней на Чырвонай Дзвіне былі адкрыты яшчэ дзве беларускія школы: вячэрняя для дарослых - 6-класная пачатковая і механічная.

Пасля анексіі Латвіі Савецкім Саюзам у 1940 г. М. Дзямідаў быў арыштаваны і зняволены ў Маскве на Лубянцы. Пасля вызвалення вярнуўся ў Латвію.

Пасля заняцця Латвіі нямецкімі войскамі ў 1941 г. заняў пасаду тагачаснага інспектара беларускага пачатковага школьніцтва ў Латгаліі (г. зн. на Дзвіншчыне). Дзякуючы яго намаганням, на беларускую мову выкладання перайшлі 6-класныя школы ў Прыдруйску, Бульбінаве, Пустыні, а таксама школы ў гмінах Істрынь і Краславе, акрамя таго ў Бульбінаве была адкрыта беларуская гімназія.

У 1943 годзе пераехаў у Ліду на пасаду школьнага акруговага інспектара. Арганізаваў таксама батальён беларускай Самаабароны (т. зв. Самааховы). У 1944 годзе пакінуў Беларусь разам з адступаючымі немцамі і аказаўся ў Берліне. 12 кастрычніка 1944 г. быў прызначаны намеснікам начальніка падафіцэрскіх курсаў пры 1-м кадравым батальёне Беларускай Краёвай Абароны. 27 кастрычніка 1944 г. часова адкамандзіраваны на працу ў Мабілізацыйным аддзеле Галоўнага кіраўніцтва вайсковых справаў Беларускай Цэнтральнай Рады. 20 снежня 1944 г. звольнены паводле ўласнага жадання з беларускага войска і перайшоў ў армію ген. Аляксандра Ўласава. Хутчэй за ўсё, што зрабіў ён гэта па даручэнні сваіх вярхоўных уладаў, якія вялі перамовы з ген. А. Уласавым пра ўтварэнне супольнага антысавецкага фронту і фармаванні беларускіх частак у арміі ген. А. Уласава. Ужо 21 снежня 1944 г. М. Дзямідаў перадаў Беларускай Цэнтральнай Радзе цераз К. Езавітава, што расчараваны падыходам уласаўцаў да беларускіх справаў, папрасіў пра паўторны прыём у беларускае войска і ў той жа дзень атрымаў згоду. 1 студзеня 1945 г. зноў прыняты ў беларускае войска ў склад Спецыяльнай групы Беларускай вайсковай рэзервы, да якой належалі афіцэры і падафіцэры, што працавалі ў беларускіх інстытутах і арганізацыях у Берліне. У той самы дзень пераведзены ў 1-шы кадравы батальён Беларускай Краёвай Абароны і адначасова адкамандзіраванына працу ў якасці ўпаўнаважанага Кіраўніцтва вайсковых справаў, дакладней, апекі над сем'ямі вайскоўцаў пры Аддзеле апекі над бежанцамі Беларускай Цэнтральнай Рады.

Пасля капітуляцыі немцаў М. Дзямідаў знайходзіўся ў французскай акупацыйнай зоне. Быў адным з ініцыятараў склікання сабору Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (далей БАПЦ) у Канстанцы ў 1948 г. і аднаўлення БАПЦ пасля адыходу Беларускага епіскапату да Расейскай замежнай праваслаўнай царквы.

У 1950 г. М. Дзямідаў выехаў у ЗША і напачатку пасяліўся ў Лансінгу ў штаце Мічыган, але неўзабаве перасяліўся ў Чыкага. У тым самым годзе стаў сябрам кіраўніцтва Беларуска-Амерыканскай Народнай Рады (Б-АНР), адзінай арганізацыі старой беларускай эміграцыі, якая прымала новых палітычных эмігрантаў. У склад кіраўніцтва Б-АНР уваходзілі Язэп Варонка і Ян Чарапук (нар. у Новым Двары на Сакольшчыне), які ў1918-1919 гг. працаваў сумесна з М. Дзямідавым у Горадні. У 1950 г М. Дзямідаў вёў таксама беларускія радыёперадачы ў Чыкага. У больш позні час М. Дзямідаў быў актыўным дзеячом Згуртавання беларусаў штата Ілінойс, заснаванага ў 1953 г. дзеячамі, не згоднымі з палітыкай Б-АНР. Быў таксама сузаснавальнікам праваслаўнай парафіі Св. Юрыя ў Чыкага і першым рэгентам яе хору. Пазней М. Дзямідаў далучыўся да беларускай парафіі ўніяцкай царквы Хрыста Збаўцы ў Чыкага і быў адным з найбольш актыўнейшых парафіянаў. Астанія гады свайго жыцця правёў у Лансінгу, дзе памёр у беднасці ў 1967 г. Быў пахаваны па ўніяцкім абрадзе.

Пераклад з польскай І. Менжынскас і С. Судніка.


Ад рэдакцыі.

У артыкуле Алега Латышонка практычна нічога не сказана пра лідскі перыяд жыцця Міколы Дзямідава. Разам з тым праца на пасадзе школьнага акруговага інспектара не магла не пакінуць следу. Недзе, хутчэй за ўсё ў снежні 1943-га года, малады беларускі паэт родам з Шынкаўцоў, што пад Астрына (Шчучынскі раён), Пётр Калбыка, тады студэнт Шчучынскай настаўніцкай семінарыі прысвяціў М. Дзямідаву верш. Паэт загінуў на вайне ў шэрагах Чырвонай Арміі ў лютым 1945-га года. Верш застаўся.


На дзень імянінаў Спадару Дзямідаву (акруговаму інспектару ў Лідзе)


У гэты цудны, зімні час,

пад небам роднае краіны

наш семінарны ІІІ клас

страчае Вашы імяніны.

З глыбінь душы ў саду душы,

вам поўныя кахання

прыносяць ў дар для Вас,

Спадар, сардэчны пажаданні.

У гэты дзень так дарагі

рады за волю змагароў,

узняўшы радасці сцягі,

Вам жыць жадаюць сто гадоў!

Ў красе жыцця - для Вас дзіця

праменіць шчасцем воблік,

бо толькі Вы сабе знайшлі

ў ягоным сэрцы водклік.

І гэтых мілых дзетак рой,

што кожна ранне ў школу йдзе,

Вам кожна з іх ў душы сваёй

падзяку шчырую нясе.

І кожны з нас у гэты час

сардэчна просіць Бога,

каб Ваш прамень і ўноч, і ўдзень

паказваў нам дарогу.

Бо Вы, як месяц паміж зор,

што светам цудным залаціцца

і рассвятляе той прастор,

дзе цемень вечная таіцца.

У віру награнуўшых часоў

хай ззяе нам Ваш цудны свет!

Вам жыць жадае сто гадоў

у гэты дзень юнак-паэт!


Звесткі пра жыццё і дзейнасць Міколы Дзямідава на чужыне падаюцца таксама ў кнізе Міколы Панькова "Хроніка беларускага жыцця на чужыне. 1945-1984)", якая нядаўна выйшла з друку. Разам з тым звесткі пра лідскі перыяд дзейнасці М. Дзямідава застаюцца вельмі скупымі. Выпадае толькі спадзявацца, што нехта адгукнецца на гэтую нашую публікацыю.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX