У сакавіку 1933 г. у Менску органамі АДПУ была арыштавана група татарскіх і беларускіх інтэлігентаў, якія абвінавачваліся па сумнавядомых артыкулах 72 і 76 Крымінальнага кодэксу БССР (антысавецкая агітацыя і прапаганда, удзел у контррэвалюцыйных органах). У абвінаваўчым заключэнні па справе № 35137 "Аб контррэвалюцыйнай татарскай арганізацыі ў Менску" адзначалася: " Асабовым аддзелам ППАДПУ БССР ліквідавана контррэвалюцыйная нацыяналістычная татарская групоўка, якой кіраваў былы падпалкоўнік царскай арміі Гямбіцкі Іван Канстанцінавіч (Ях'я Хасеневіч). У склад групоўкі ўваходзілі Мурза-Мурзіч Ібрагім Халільевіч, былы банкаўскі работнік г. Кіева, які працаваў кантралёрам Менскай канторы дзяржбанка, Рызвановіч Хасень Іосіфавіч, былы судовы следчы, які працаваў у Галоўміліцыі БССР, Дашкевіч Іосіф Сямёнавіч, бухгалтар Соцзембанка, Даўгяла Дзмітры Іванавіч, навуковы работнік, Мухля Ібрагім Аляксандравіч, бухгалтар аб'яднання татарскіх органаў, у мінулым - чыноўнік казённай палаты (у момант арыштаў яму ўдалося выехаць у Кіеў). Былі таксама арыштаваны па справе № 35137 "Аб контррэвалюцыйнай татарскай арганізацыі ў Менску" Біцютка Сулейман Якаўлевіч, былы палкоўнік царскай арміі, а таксама браты Якуб і Аляксандр Багдановічы, але апошнія ў ходзе следства былі апраўданы"*.
Арыштаваныя І. Х. Мураза-Мурзіч і Х. І. Рызвановіч прызналі сябе вінаватымі ў прад'яўленым ім абвінавачванні. Я. Х. Гембіцкі і І. С. Дашкевіч не прызнавалі сябе вінаватымі, але як сказана ў абвінаваўчым заключэнні "достаточно изобличаются показаниями И. Х. Мурзы-Мурзича, Х. И. Ризвановича и свидетеля (даносчыка - И. К.) С. М. Хотеновича, целиком подтвердившим показания Мурзы-Мурзича и Ризвановича"**.
У адносінах да гісторыка Д. І. Даўгялы матэрыял крымінальнай справы быў вылучаны асобна. Матэрыял на І. А. Мухлю быў накіраваны ў Кіеўскі абласны аддзел АДПУ. 11 траўня 1933 г. усім арыштаваным было даведзена абвінаваўчае заключэнне. Я. Гямбіцкі і І. Х. Мурза-Мурзіч абвінавачваліся ў тым, што "путём систематической контрреволюционной агитации создали контреволюционную националистическую татарскую группировку с последующим распределением своего влияния на татарскую колонию г. Минска, для создания контрреволюцыонной националистической организации ставя своей целью свержение Советской власти и установление республиканско-демократического строя". Х. І. Рызвановіч і І. С. Дашкевіч абвінавачваліся ў тым, што "состаяли в контрреволюцыонной националистической татарской группировке, ставившей своей целью свержение Советской власти и установление республиканско-демократического строя"***. Іх крымінальная справа была накіравана для "внесудебного рассмотрения" тройкай ППАДПУ БССР. Паводле рашэння тройкі ад 13 траўня 1933 г. усе яны былі асуджаны на тры гады высылкі ў Казахстан****.
Сёлета аднаму з выдатных дзеячаў беларускіх татар, гісторыку Ях'і Хасенавічу Гямбіцкаму споўнілася б 122 гады.
Я. Х. Гямбіцкі нарадзіўся ў чэрвені 1883 г. у г. Лідзе Віленскай губерні. У пратаколе допыту Я. Х. Гямбіцкага ад 16 сакавіка 1933 г. у раздзеле "Паходжаньне (адкуль родам, хто бацькі, нацыянальнасць, грамадзянства або падданства) маецца яго ўласнаручны запіс: "Беларускі татарын, грамадзянін СССР, бацькі як і ўсе беларускаія татары лічыліся дваранамі. Бацька мой меў дом у м. Гарадзішча Мінскай губерні, які прадаў. Маці жыла ў аколіцы Якушы Ашмянскага ўезда Віленскай губерні, мела надзел зямлі (7 дзесяцін). Але бацька не гаспадарыў на зямлі, а ўвесь час жыў у г. Трокі Віленскай губерні, дзе працаваў уездным воінскім начальнікам, а затым быў пераведзены ў г. Сувалкі. Дзякуючы службоваму становішчу бацькі я быў залічаны ў Полацкі кадэцкі корпус, дзе вучыўся бясплатна"*****.
Сям'я, як адзначае Я. Гямбіцкі, заўсёды жыла бедна. Таму для паляпшэння матэрыяльнага становішча займалася агародніцтвам, што дазваляла даць неабходную адукацыю дзецям. Пасля заканчэння ў 1890 г. кадэцкага
* Архіў Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі Рэспублікі Беларусь (далей: Архіў КДБ), спр. 31371-с, арк. 63-69.
** Там жа, спр. 31371, арк. 126-129.
*** Там жа, арк. 63-69.
**** Там жа, арк. 126-129.
***** Там жа, арк. 36.
корпуса Я. Гямбіцкі паступіў у Міхайлаўскую артылерыйскую навучальню (скончыў у 1902 г.) Быў накіраваны малодшым афіцэрам у 26-ю артылерыйскую брыгаду г. Гародня, а ў 1908 г. быў пераведзены служыць в г. Вільню. Знаходзячыся на вайсковай службе, ён уступае ў таварыства ўзаемадапамогі татараў, выбіраецца ў склад рэвізійнай камісіі таварыства. У Вільні ён сустракаецца з прадстаўнікамі тутэйшых татараў, сябруе са старшынём рэвізійнай камісіі таварыства Альгердам Крычынскім. Ад яго даведваецца, што брат Альгерда Крычынскага, Лявон, вывучае гісторыю літоўскіх татараў, бывае разам з маці, братам і сёстрамі ў сем'ях Ахматовічаў, Карыцкіх і Крычынскіх*.
У час лютаўскай рэвалюцыі Ях'я Гямбіцкі прымае ўдзел у фармаванні батарэі г. Рэвеля. Яго батарэя першая далучаецца да рэвалюцыйных маракоў. Я. Гямбіцкаі абіраецца камандзірам артылерыйскай батарэі 107-га асобнага артылерыйскага дывізіёна. У гэты ж час па просьбе татараў Рэвеля ён арганізуе таварыства ўзаемадапамогі татараў, якое пераўтварыў пасля рэвалюцыі ў палітычную арганізацыю па абароне палітычных правоў татараў у Эстоніі і аб'яднаў іх з такім жа таварыствам яўрэяў.
Пасля таго, як артдывізіён быў разбіты на востраве Эзель, частка яго, што не пажадала здацца ў палон немцам, прарвалася да мора і пераплыла на суседні востраў Маон. Пасля няўдалай спробы арганізацыі абароны вострава Маона рэшткі дывізіёна былі перавезены на лодках паміж двух варагуючых флотаў на сушу. Адтуль яны дабраліся да бліжэйшай чыгуначнай станцыі і цягніком да Рэвеля. Па распараджэнні каменданта цвердзі яны былі накіраваны фармавацца ў г. Луга пры запасным артылерыйскім дывізіёне. Я. Гямбіцкі ўзгадвае, што склад разбітага 107-га артылерыйскага дывізіёна быў рознародным. Большасць яго была схільная па сваіх палітычных перакананнях да партыі сацыял-рэвалюцыянераў (эсэраў). Але запасны артылерыйскі дывізіён, пры якім знаходзіўся разбіты 107-ы дывізіён, быў увесь на баку партыі бальшавікоў. На агульным сходзе прадстаўнікі камітэтаў частак войск прынялі рашэнне выконваць загады партыі і, у першую чаргу, ахоўваць склады боепрыпасаў і не выдаваць іх іншым злучэнням, якія падпарадкоўваліся Часоваму Ураду. Роля дывізіёна Я. Гямбіцкага заключалася ў праверцы пастоў і правільнасці нясення вайсковай службы**.
Вясною 1918 г. 107-му артдывізіёну было прапанавана або перафармавацца ў Чырвоную Гвардыю, або расфармавацца. Па рашэнні агульнага сходу артдывізіён быў расфармаваны. Пасля гэтага Я. Гямбіцкі прыязджае ў Маскву, дзе лечыцца ад кантузіі і лечыць вочы. Затым паступае на цывільную службу ў Маскоўскае аддзяленне Дзяржкантролю. Прапанаванае яму прызначэнне на новае месца службы камандзірам супрацьсамалётнай батарэі ў Маскве не адбылося па прычыне адсутнасці матэрыяльнай часткі батарэі.
У студзені 1919 г. Я. Х. Гямбіцкі быў прызваны ў Чырвоную Армію і ў лютым прызначаны памочнікам камандзіра артылерыйскага дывізіёна Заходняй стралковай дывізіі. Але летам артдывізіён быў расфармаваны, і яго прызначылі для даручэнняў пры камісары Штаба абароны і аховы чыгунак Рэспублікі з пасяленнем у адзін з батальёнаў войск аховы чыгункі.
Пасля смерці маці Ях'я Гямбіцкі просіцца аб пераводзе яго на фронт і хутка быў прызначаны для даручэнняў пры 27-й брыгадзе аховы і абароны чыгунак, якая знаходзілася ў г. Чалябінску.
Прыбыўшы ў Чалябінск, Ях'я Гембіцкі па распараджэнні штаба 5-й арміі і ўзгаднені з Л. Троцкім, як артылерыйскі спецыяліст, прызначаецца памочнікам начальніка курсаў штаба 5-й арміі, якія знаходзіліся ў г. Міасе, а затым загадчыкам вучэбнай часткі 1-х сібірскіх артылерыйскіх курсаў, якія пры яго непасрэдным удзеле былі сфармаваны і ўзорна пастаўлены. У 1920 г. кавалерыйскія курсы былі пераведзены ў г. Бійск пад новай назвай - 8-я Сібірскія кавалерыйскія курсы. Ях'я Гямбіцкі быў прызначаны памочнікам начальніка курсаў па вучэбна-шыхтовай частцы, старшынём культурна-асветнай камісіі і адказным распарадчыкам дзіцячага дома пры курсах.
"У той час, - піша Я. Гембіцкі ў паказаннях на допыце 16 сакавіка 1933 г., - я асабліва адчуў недастатковасць падрыхтоўкі для займання пасады кіраўніка вучэбнай і палітычнай падрыхтоўкі курсантаў, таму вырашыў вучыцца далей"***. У Бійску паміраюць дзве сястры Я. Гямбіцкага, і ён прымае рашэнне вярнуцца ў Менск, бо даведваецца паводле газетных паведамленняў аб адкрыцці там універсітэта. Дзякуючы садзеянню шэфа курсаў, Бійскага гаруезднага выканкама ён прызначаецца камендантам цягніка бежанцаў, які накіроўваўся ў Менск. Пры ад'езде з Бійска Я. Гямбіцкі атрымаў ад шэфа кусаў за "паспяховую работу курсаў па адукацыі і выхаванні доблесных чырвоных камандзіраў" ганаровы адрас, які быў занесены ў паслужны спіс Я. Гямбіцкага. Упраўленне вайскова-вучэбных устаноў перавяло Ях'ю Хасенавіча выкладчыкам артылерыі і матэматыкі 21-х Менскіх кавалерыйскіх імя ЦВК курсаў. На
* Архіў Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі Рэспублікі Беларусь (далей: Архіў КДБ), спр. 31371-с, арк. 37.
** Там жа, арк. 38.
*** Там жа, арк. 38.
гэтай пасадзе ён працаваў з 1922 па 1932 гг. да перафармавання курсаў і выхаду ў адстаўку. Адначасова вясною 1923 г. Я. Х. Гямбіцкі, скончыўшы паспяхова бухгалтарскія курсы, пачаў працаваць бухгалтарам Наркамзема. Увосень гэтага ж года ён паступіў на факультэт грамадскіх навук Беларускага дзяржаўнага універсітэта, на аддзяленне эканомікі. Затым пасля ліквідацыі факультэта быў пераведзены на грамадска-эканамічнае аддзяленне і ў 1927 г., скончыў сацыяльна-гістарычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.
Яшчэ будучы студэнтам універсітэта, Я. Гямбіцкі праяўляў вялікую цікавасць да айчыннай гісторыі. Яго навуковая праца "Гісторыя валочнай памеры ў Бабруйскім старостве ў ХVІІ ст." была змешчана ў часопісе "Наш край". З 1926 г. ён пачаў працаваць у Гістарычнай клясе Інстытута беларускай культуры і распрацоўваць "кітабы" - беларускія тэксты, пісаныя арабскім алфавітам, напісаў артыкул "Даследаванне аль-кітабаў".
Але скончыўшы ў 1927 г. сацыяльна-гістарычнае аддзяленне педфака БДУ, ён не атрымаў пасады настаўніка "з прычыны несправядлівай пастановы Камісіі, якая размяркоўвала пасады"*.
У лісце да Народнага камісара асветы БССР А. В. Баліцкага 24 кастрычніка 1928 г. Я.Х. Гямбіцкі паведамляў, што "пасля высвятлення прычын такога рашэння інспектар школ Соцвыха т. Мазур сказаў мне, што гэта была памылка і, калі я знайду ў Менску пасаду настаўніка грамадазнаўства, то ён прызначыць мяне, а пакуль што я буду лічыцца кандыдатам на гэтую пасаду. Нягледзячы на тое, што я некалькі разоў даведваўся ў працягу году, замест абяцанай пасады я атрымаў адказ інспектара, што пасад для мяне ізноў няма. Такім чынам я ізноў павінен працаваць рахункаводам, каб мець магчымасць існаваць. "Воўчы білет", які быў дадзены мне ў мінулым годзе, як відаць, існуе і цяпер. Нягледзячы на перагляд маёй справы ў мінулым годзе і ўпэўнення т. Мазура, што пастанова Камісіі ў адносінах да мяне знішчана. З гэтым становішчам я не магу згадзіцца і, як камандзір пераменнага складу штаба Беларускай Стралковай дывізіі з адказнаю пасадаю, і як камандзір Чырвонай Арміі, які мае ганаровы адрас шэфа вайсковай школы за сваю службу загадчыкам навучальнай часткі школы, кіраўніком культурна-асветнаю працаю і адказным кіраўніком дзіцячага дому пры школе"**.
У гэтым жа лісце Я. Гямбіцкі паведамляў, што з 1927 г. яго прызначылі на пасаду пазаштатнага аспіранта пры Гістарычнай клясе Інбелкульта, але без стыпендыі, што не давала яму ў поўнай меры весці навуковую падрыхтоўку і складаць сваю працу "Гісторыя беларускіх татар". Я. Х. Гямбіцкі звяртаўся ў Прэзідыюм Акадэміі навук аб прызначэнні яго ў штат і паведамляў, што Гістарычная кляса аднагалосна пастанавіла прасіць Прэзідыюм аб прызначэнні яго на гэтую пасаду. Але Прэзідыюм Акадэміі меў намер адмовіць яму ў гэтай просьбе па той толькі фармальнай прычыне, што ўзрост яго быў большым за 35 гадоў. Урэшце, гэтае пытанне канчаткова павінен быў вырашыць Прэзідэнт Акадэміі У. М. Ігнатоўскі. Напрыканцы ліста Я. Гямбіцкі звяртаў увагу наркама асветы на тыя бязвыхадныя ўмовы, у якія ён бязвінна пастаўлены і прасіў яго садзейнічання аб прызначэнні яго на службу ў Акадэмію, падкрэсліўшы, што ён "з'яўляецца адзіным працаўніком па вывучэнні культуры беларускіх татар, цікавая гісторыя якіх зусім злучаецца з гісторыяй Беларусі"***.
Але пытанне гэтае не было станоўча вырашана, пра што сведчыць наступны ліст Я. Х. Гямбіцкага ў Гістарычную клясу Інбелкульта ад 12 снежня 1928 г. Я. Х. Гямбіцкі працягваў завочна вучыцца ў асірантуры****. У Цэнтральным навуковым архіве Нацыянальнай Акадэміі навук намі знойдзена "Праграма для аспіранта Гямбіцкага, складзеная яго навуковым кіраўніком - прафесарам А. Ясінскім". "Принимая во внимание, что гр. Гембицкий решил свои труды посвятить татарской истории, - пісаў А. Ясінскі, - я находил бы желательным, чтобы он ознакомился с некоторыми работами общего содержания". Для аспіранта быў складзены бібліяграфічны ўказальнік літаратуры аб татарах***** . З просьбай выпісаць гэтую літаратуру Я. Х. Гямбіцкі звяртаўся ў Дзяржаўную Цэнтральную бібліятэку. Я. Х. Гямбіцкі ліставаўся па праблемах гісторыі і культуры мусульманскіх народаў з акадэмікам І. Ю. Крачкоўскім, сустракаўся з акадэмікам Я. Марам, спрабаваў паступіць на вучобу ў Пецярбургскі інстытут усходазнаўства******.
У 1929 г. у "Запісках аддзелу гуманітарных навук" Беларускай Акадэміі навук быў змешчаны грунтоўны артыкул Ях'і Гямбіцкага "Да пытаньня аб сацыяльна-эканамічным стане беларускіх татар у сярэднявеччы"*******. Для яго напісання аўтар выкарыстаў у поўнай меры
* Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей: НА РБ), ф. 42, воп. 1, спр. 1945, арк. 45.
**Там жа, арк. 45-45 адв.
*** Там жа, арк. 45 адв.
**** Цэнтральны навуковы архіў Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі (далей: ЦНА НАНБ), ф. 67, арх № 22, арк. 252, 252-адв.
***** Там жа, арк. 251, 251-адв.
****** Архіў КДБ, спр.31371-с, арк. 37.
******* Запіскі аддзелу гуманітарных навук, кніга 8. працы клясы гісторыі, т. ІІІ, Менск 1929, сс. 53-64.
к першакрыніцы, так і навуковыя працы беларускіх, расійскіх і польскіх даследчыкаў: А. Мухлінскага, М. Доўнар-Запольскага, І. Лапо, Л. Барташэвіча, А. Крумана. А. Кіркора, І. Сыракомлі ды іншых.
Я. Гямбіцкі паспрабаваў вызначыць колькасць і племянны склад татарскага насельніцтва ў першыя дзясяцігоддзі іх асадніцтва на землях ВКЛ. Ён упершыню ў беларускай гістарыяграфіі ўказаў на сацыяльны падзел татар, аселых у Беларуска-Літоўскай дзяржаве, падкрэсліўшы, што ён амаль супадаў з пленянным. Я. Гямбіцкі ўмоўна падзяліў усіх татар на тры групы: 1) вышэйшая група, самая малая па колькасці, складалася з царэвічаў і князёў ці бекаў ханскіх родаў; 2) другая група, больш шматлікая, складалася з мурз, уланаў і юшынаў. Гэта была прывілеяваная група ў сваіх ордах. Розныя вышэйшыя пасады ў войску належалі яе прадстаўнікам; 3) трэцяя, самая шматлікая група складалася з жаўнераў, якія наймаліся літоўска-беларускімі князямі, ці прысылаліся ханамі дзеля вайсковае дапамогі і заставаліся жыць у ВКЛ. Да гэтай групы Я. Гямбіцкі адносіў таксама татарскіх казакаў - галоўную масу добраахвотных асаднікаў і татар, што траплялі ў палон у часе войн. Татары, якія належалі да вышэйшае групы - царэвічаў і князёў ці бекаў надзяляліся ў ВКЛ дварамі і сёламі з падданымі. Уланы, мурзы і юшыны атрымлівалі пераважна двары і пусташы, але ў значна меншай колькасці, чым прадстаўнікі першай групы. Жаўнеры, добраахвотныя асаднікі і палонныя татары ў валасцях атрымоўвалі такія надзелы зямлі, прыбытак з якіх мог задаволіць, як лічыць аўтар, толькі сціплыя запатрабаванні іх жыцця. Палонным татарам, асаджаным пераважна ў гарадах і мястэчках, давалася зямля пад сядзібы і агароды. Спасылаючыся на працу І. І. Лапко "Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до Стефана Батория (1569-1586)" Я. Гямбіцкі сцвярджаў, што татары надзяляліся зямлёй, якая была вызвалена ад падаткаў і спагнанняў. Царэвічы і князі, ці бекі, як і татарскія казакі, атрымлівалі двары ў спадчыннае ўладанне,а сёлы ў леннае. Уланам, мурзам і юшынам двары і сёлы даваліся толькі ў леннае ўладанне. Простыя татары, асаджаныя ў валасцях, атрымоўвалі свае надзелы зямлі таксама ў леннае ўладанне. Татары, атрымаўшыя зямлю, былі абавязаны несці татарскую земскую службу. У выпадку абвяшчэння "паспалітага рушэння", усе яны павінны былі з'яўляцца на вайну ўзброенымі, на конях і служыць без пенсіі. Толькі палонныя татары, асаджаныя на мястэчках і гарадах, мелі права не ісці на вайну. Карыстаючыся гэтымі правамі, яны раўняліся з мяшчанамі і неслі аднолькавыя з імі абавязкі. Калі ж яны добраахвотна ішлі на вайну, то карысталіся правамі шляхты і атрымоўвалі ў часе вайны, як і татарскія казакі, пенсію.
Татары неаднаразова даводзілі на войнах сваю адданасць дзяржаве. Ях'я Гямбіцкі ў пацвярджэнне гэтага прыводзіць наступны прыклад. У 1508 г., калі заволжкія татары зрабілі напад на Беларуска-Літоўскую дзяржаву і заклікалі татар, аселых у гэтай дзяржаве, злучыцца з імі, татары беларускія засталіся вернымі сваёй новай Радзіме і адказалі ім: "Ні Бог, ні Прарок не загадваў вам рабаваць, а нам быць няўдзячнымі. Мы лічым вас за разбойнікаў, і перамагаючы вас нашаю шабляю, забіваем гультаёў, а не братоў нашых. Сядзіце за Волгай, пакуль другія орды вас не выгналі. Каля Вакі мы будзем ліць нашу кроў за ліцвінаў, якія прынялі нас як братоў".
Ях'я Гямбіцкі даводзіць, што эканамічнае становішча татар было неаднолькавым: татарскія царэвічы і князі валодалі буйнымі зямельнымі надзеламі і, па сваім становішчы, былі падобнымі да магнатаў. Уланы, мурзы, юшыны і татарскія казакі ўладарылі дварамі рознай велічыні падобна шляхце. Паселеныя ў валасцях простыя татары ледзьве маглі задаволіць свае самыя неабходныя запатрабаванні жыцця і апрача сельскай гаспадаркі павінны былі займацца гарбарствам і фурманствам. Эканамічнае становішча татар, асаджаных у гарадах і мястэчках, было яшчэ горшае - мужчынскае насельніцтва займалася фурманствам, дубленнем скур, апрацоўкай саф'яну і, часкова, гандлем з Перакопскім царствам (Крымам - І. К.), адкуль вывозілі соль і турэцкія вырабы - матэрыі, палотна, хусткі, ручнікі, паясы. Жанчыны займаліся агародніцтвам і гадоўляй кароў, авечак і коз. Пасол турэцкага султана, прысланы ў ХУІ ст. дзеля азнаямлення са становішчам татар у Беларуска-Літоўскай дзяржаве, быў здзіўлены беднасцю тых татар, якія жылі ў мястэчках і гарадах, асабліва пры параўнанні з багацце магнатаў.
Завяршаючы даследаванне стану беларускіх татар у сярэднявечны, Я. Гямбіцкі адзначае, што нягледзячы на племянную і эканамічную рознасць татар, усе яны аб'ядноўваліся тым, што жылі ў кожнай мясцовасці сумесна. Асады іх называліся "татаршчынамі". У справах паміж сабою, не злучаных з уладаннем зямлёю, яны карысталіся самакіраваннем, складалі асаблівае войска ў час вайны, а ў час мірнага стану выконвалі сумесна абрады мусульнамскай веры, бо татары Залатой Арды прынялі мусульманскую рэлігію пры хане Беркане, наступніку хана Батыя ў 1256 г. З ХVІ ст. татары шырока карыстаюцца беларускай мовай, якая нават ужываецца ў рэлігійных справах. Гэта тлумачыцца тым, што з прычыны недахопу жанчын-татарак, урад Літвы дазволіў татарам жаніцца з ліцвінкамі-хрысціянкамі, пры ўмове захавання манагаміі. Дзеці ад шлюбаў з хрысціянкамі заставаліся ў веры свіх бацькоў (даследуючы гэтае пытанне, Я. Гямбіцкі звяртаўся да загадчыка бібліятэкі ў Ватыкане, прасіў паведаміць аб папскай буле, што дазваляла татарам жаніцца з хрысціянкамі, пакідаючы дзяцей мусульманамі, але атрымаў адмоўны адказ). Дзеля гэтага татары захавалі сваю веру, але ўжо ў ХVІ ст. гаварылі на беларускай мове. Больш заможныя з іх ведалі беларускую і польскую мовы. Асвета татар грунтавалася на рэлігіі. Найбольш адукаванымі з іх былі арабскія пісары, мулы ці імамы. Апошніх татары часткова запрашалі з Турэччыны і Перакопскага царства, дзе былі школы для вышэйшай багаслоўскай адукацыі. Па рэлігійных справах яны часта наведваліся ў Перакопскае царсва, дзе ў Акермане была галоўная асоба духавенства татар - муфцій. На думку Я. Гямбіцкага, татары, аселыя ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве, "зрабіліся супакойнымі, зычлівымі абаронцамі новай Бацькаўшчыны і пераймалі звычаі насельніцтва, якое іх атачала"*.
Як вядома, 1920-я гады былі складаным перыядам у гісторыі Беларусі. Гэта быў час буйных пераўтварэнняў у эканамічным, сацыяльным і грамадскім жыцці рэспублікі, час ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі, актыўнай працы з нацыянальнымі меншасцямі. У гэты перыяд дзяржаўнымі органамі Беларускай ССР рабіліся спробы нацыцянальнага будаўніцтва сярод нацменшасцяў краіны. Толькі ў канцы 20-х гадоў гэтыя мерапрыемствы закранулі і беларускіх татар. Адной з прычын гэтага было тое. што шмат сродкаў патарабвала палітыка беларусізацыі і праца з больш буйнымі этнасамі: яўрэямі, палякамі, латышамі, літоўцамі і немцамі. Да таго ж мясцовае кіраўніцтва вельмі часта не надавала ўвагі малым этнічным групам. Уладу непакоіла таксама значная "непралетарская праслойка сярод татар.
Ях'я Гямбіцкі неаднаразова звяртаўся ў Цэнтральную Нацыянальную Камісію пры ЦВК БССР і Нацыянальую Камісію пры Мінгарсавеце з просьбай арганізаваць культурна-асветніцкую работу сярод татар. У лісце ад 214 кастрычніка, названым "Задачы палітыка-культурнай работы сярод беларускіх татар". , Я. Гембіцкі адзначаў, што "беларускія татары да сённяшняга часу не лічыліся ні нацменшасцю, ні асобнай этнагарфічнай групай, таму што не маюць галоўнай прыметы, неабходнай да прызнання іх за самастойную нацыю - сваёй асаблівай мовы. (...).
Але трэба прызнаць такі падыход у дадзеным выключным выпадку чыцмта фармальным : беларускія татары маюць шматлікія асаблівасці, якія вылучаюць іх сярод астатняга насельніцтва Беларусі, і гэта даказваецца ўжо фактам самасвядомасці, што яны складаюць асаблівую нацыю, праявіўшую выключную трываласць, нягледзячы на тое. што яны перасталі размаўляць на татарскай мове і ніколі не былі фанатыкамі ў пытаннях іх рэлігійнага культу. Прычыны гэтага трэба шукаць у тым, што яны жывуць кампактнымі масамі, займаючы асобныя часткі населеных пунктаў, цесна звязаны паміж сабою эканамічна, кроўным сваяцтва, нацыянальнымі паданнямі і абрадамі, якія складаюць іх гістарычную спадчыну. Па перапісу гарадскога насельніцтва 1923-г. у БССР было зарэгістравана 2 614 татар, а па агульнаму перапісу 1926 г.іх налічвалася 3777, пры гэтым найбольшая колькасць іх прыходзілася на Менскую акругу: у г. Менску - 1 283, у Смілавічах - 376, ва Уздзе - 209 чалавек"**. Ях'я Гямбіцкі прыводзіць цікавыя факты, якія паказвалі, што татары імкнуліся адрадзіць сваю мову. Як вядома, да рэвалюцыі 1905 г. царскі ўрад забараняў татарам мець свае школы. Але пасля першай рэвалюцыі ў Менску быў прысланы з Казані настаўнік татарскай мовы, які ўтрымліваўся на сродкі, ахвяраваныя жыхарамі Казані. Акрамя таго, каля 30 дзяцей са шматдзетных бедных татарскіх сямей Менска, Відз, Капыля і Смілавіч былі пасланы ў Казань, дзе іх утрымлівалі і вучылі бясплатна татарскай мове і мусульманскай рэлігіі. Да таго ж, сем'ям такіх шакірдаў (вучняў) аказвалася з Казані штомесячная матэрыяльная дапамога. Але ў сувязі з наступіўшай затым рэакцыяй гэты працэс спыніўся і не меў працягу. Толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі татарам г. Менска была дадзена школа, якая назывался татарскай і да 1921 г. у ёй выкладалася татарская мова (у той час гэта была сямігадовая школа № 26 на вуліцы Вызвалення). Па невядомых прычынах школа гэтая была ў татар адабраная і быў зняты на ёй надпіс "Татарская школа". У 1927 г. у Нацкамісію пры Мінскім акружным выканкаме паступіла здаява Нацкамісіі мястэчка Смілавічы з просьбаю вылучэння мажлівасцяў дзецям татар для вувычэння ў школе іх роднай татарскай мовы***.
Усё гэтае, як лічыў Ях'я Гямбіцкі, служыла доказам, што беларускія татары маюць дастаткова дадзеных для таго, каб вылучыць іх у асобную нацыянальую меншасць і задаволіць неадкладна іх эканамічныя і культурна-асветніцкія патрэбы. Да таго ж сярод цюркскіх народаў СССР беларусія татары былі найбольш культурныя і адукаваныя. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі кіраўнікі Татрэспублікі і Кіргізскай рэспублікі настойліва прапаноўвалі беларускім татарам прыняць удзел у савецкім будаўніцтве іх рэспублік. Я. Гямбіцкі згадвае, што ў 1932 г. на курорце ў Кіславодску ён пазнаёміўся з кіраўніком Башкірскай канторы Дзяржбанка Р. Айбулата вым,
* Запіскі аддзелу гуманітарных навук, кніга 8. працы клясы гісторыі, т. ІІІ, Менск 1929, с. 56.
** НА РБ, ф. 701, воп. 1, спр. 60, арк. 33-34, 34-адв.
*** Там жда, арк. 34.
які запрасіў яго працаваць кансультантам па эканоміцы банка*. У той час сярод кіргізаў, туркменаў, сартаў, узбекаў і якутаў былі і качавыя плямёны і народы, якія знаходзіліся на ступені эканамічнага развіцця, што адпавядала феадалізму. Таму, сцвярджаў Я. Гямбіцкі, пытанне аб адукацыі татар, навучання іх нацыянальнай татарскай мове мае больш шырокае значэнне. У лісце да Нацкамісіі ЦВК БССР (1 ліпеня 1928 г.) Я. Гямбіцкі пісаў: "Маючы на ўвазе, што беларускія татары больш культурныя, параўнаўшы да іншых татарскіх народаў, і беларускія татары будуць працаваць па эканамічнаму і культурнаму развіццю тых народаў, неабходна весьці ў школе заняткі на расейскай мове, з абавязковым вывучэннем мовы беларускай - для ўсіх вучняў і татарскай - для татар. У мястэчках Сьмілавічы, Вузда і Капыль скласьці паасобныя групы з татарскіх дзяцей і паміж іншымі прадметамі, выкладаць татарскую мову; адчыніць хаты чытальні для татар, начаць культурна-палітычную працу сярод іх і вывучаць татарскую мову з дарослымі."**.
У сувязі з хуткім эканамічным ростам БССР і перанасяленнем не толькі гарадоў, але і сёлаў, эканамічнае становішча беларускіх татар, якія займаліся пераважна агародніцтвам і гарбарным рамяством, пагаршалася, а іх заняткі пераставалі даваць сродкі, неабходныя для пражывання і культурнага развіцця. Таму Я. Гямбіцкі прапановўваў првесці шэраг мер, накіраваных на паляпшэнне сацыяльна-эканамічнага і культурнага становішча ў БССР: вылучыць беларускіх татар у асобную нацыянальную групу з прадстаўніком ад іх у Нацыянальнай камісіі для найлепшага правядзення тых мерапрыемтваў, якія распаўсюджваюцца і на іншыя нацыянальныя меншасці; даць татарам-агароднікам і земляробам доўгатэрміновы крэдыт для пераходу ад агароднай культуры да садавай і прызначыць кіраўнікамі гэтай справы вучоных-садаводаў; каапераваць татар-саматужнікаў, арганізаваць навучанне татар вырабу саф'яну і наладзіць збыт яго (да ХУІІ ст. беларусія татары былі вядомыя як самыя выдатныя майстры па апрацоўцы скуры і вырабу саф'яну); арганізаваць перасяленне татар у Крым, адкуль яны галоўным чынам перасяляліся; пачаць палітычную і культурна-асветніцкую работу сярод татар, вярнуць ім школу з выкладаннем у ёй татарскай мовы і арганізаваць татарскі клуб, памяшканне для якога маецца ў г. Менску па Замячэтным завулку (былы дом Столкінда). У канцы ліста Я. Гямбіцкі выказваў надзею, што "пад кіраўніцтвам КП(б)Б пачнецца палітыка-асветніцкая адукацыя беларускіх татар і будаўніцтва іх эканомікі, што яшчэ больш умацуе іх адданасць Савецкаму Ураду"***.
У 1928 г. у Татарскай Слабадзе (іншая тагачасная неафіцыйная назва - Татарскі раён) г. Менска, дзякуючы намаганням і настойлівым лістам Я. Гямбіцкага, была ўрэшце адчынена татарская хата-чытальня. На фотаздымку, змешчаным у газеце "Чырвоная змена", датаваным чэрвенем 1929 г., шыльда на менскай хаце-чытальні мела беларуска- і татарскамоўныя надпісы (апошні быў выкананы арабскім алфавітам)****. Віталь Вольскі ў артыкуле "Культработа среди татар", які быў надрукаваны ў газеце "Рабочий", паведамляў, што "ўжо больш за два месяцы працуе ў Менску першая ў БССР татарская хата-чытальня. Неабходнасць яе арганізацыі адчувалася ўжо даўно, таму што да гэтай пары сярод татарскага насельніцтва Менска не вялося ніякай культурнай і палітыка-асветніцкай работы. Агульны сход татарскага насельніцтва, які папярэднічаў адкрыццю хаты-чытальні, здзівіў сваёй шматлікасцю: невялікае памяшканне па Вялікай Татарскай вуліцы не змагло змясціць усіх прыйшоўшых на сход. На гэтым жа сходзе быў абраны з 7 чалавек (з іх 5 членаў КП(б)Б і КСМ) Савет хаты-чытальні і вызначаны план работы на бліжэйшы час. Пры чытальні працуюць гурткі: па вывучэнню татарскай мовы (наведваюць каля 60 чалавек) і палітычны. Плануецца арганізаваць (ідзе запіс ахвочых) гурток "Бязбожнік" і лікбез. На днях выйдзе першы нумар газеты "Татарскае слова". Рэдакцыяй збіраюцца матэрыялы па асвятленні жыцця і быту татарскага насельніцтва і работы хаты - чытальні. Для папаўнення яе з кніжнай палаты было ўзята каля 60 выданняў на цюрка-татарскіх мовах, а з Пушкінскай бібліятэкі каля 200 рускіх і беларускіх кніг. Выпісваюцца татарскія, рускія і беларускія газеты і часопісы. Характэрна, што акрамя татар хату-чытальню наведвае і навакольнае яўрэйскае насельніцтва, асабліва моладзь. У сувязі з гэтым Савет хаты-чытальні прыняў рашэнне выпісаць дадаткова шэраг яўрэйскіх газет і часопісаў. 12 снежня 1928 г. дацэнтам Сербентам была прачытана лекцыя "Імперыялізм і рэвалюцыйны рух на Усходзе". У далейшым плануецца арганізацыя перыядычных лекцый. Татарскую хату-чытальню чакае велізарная праца, тым больш, што з 1 283 татар у Менску налічваецца каля 40 адсоткаў непісьменных. Асноўная работа хаты-чытальні (падкрэслівае В. Вольскі) павінна ісці па лініі барацьбы з непісьменнасцю і рэлігіяй. Перад ёй стаіць сур'ёзная і важная задача - вызваленне татарскага
* Архіў КДБ, спр. 31371-с, арк. 38.
** НА РБ, ф. 701, воп. 1, спр. 63, арк. 7,7-зв.
*** НА РБ, ф. 701, воп. 1, спр. 60, арк. 34-адв.
**** А. Каліта, Нарысы рабочых акраін, "Чырвоная змена", 1929, 10 чэрвеня.
насельніцтва з-пад уплыву мячэці" (заключае аўтар)*.
Але супрацьпастаўленне гэтай формы тагачаснага нацыянальнага будаўніцтва мячэцям, як традыцыйным асяродкам захавання этнакультурнай спецыфікі татар не дала станоўчых вынікаў. Пры фармальнай вонкава-нацыянальнай аформленасці працэсу вялікая беларусізаванасць татар, была, відаць, прычынай непрацяглага існавання менскай хаты-чытальні як нацыянальнай культурна-асветнай установы. 8 снежня 1928 г. Менская акруговая нацыянальная камісія, заслухаўшы справаздачу аб рабоце татарскай хаты-чытальні, адзначала "слабы тэмп разгарнення палітыка-масавай работы сярод татарскага і ваколічнага насельніцтва іншых нацыянальнасцяў, у прыатнасці была не праведзена работа ў кірунку асвятлення пытання нацыянальнай палітыкі і інтэрнацыянальнага выхавання", канстатавала "нацыянальна-шавіністычныя настроі класава-чужых элементаў у Савеце хаты-чытальні", указала, што "мэта хаты-чытальні - абслугоўваць разам з татарскім працоўным насельніцтвам і акраіннае жыхарства іншых нацыянальнасцяў таго ж раёну. Узяць кірунак на асвятленне палітыкі партыі і Савецкай улады ў нацыянальным пытанні, інтэрнацыянальнае выхаванне мас, папоўніць хату-чытальню літаратурай на іншых нацыянальных мовах, у прыватнасці на яўрэйскай і польскай"**.
У канцы 1919 г. татарская хата-чытальня была пераўтворана ў раённую, г.зн. была пазбаўлена нацыянальнага статусу. Не былі таксама рэалізаваны і прапановы Ях'і Гямбіцкага аб стварэнні ў Беларускім дзяржаўным музеі экспазіцыі, прысвечанай гісторыі і культуры татар Беларусі***.
З заняпадам нацыянальна-культурнага будаўніцтва адзінай формай нацыянальнага будаўніцтва сярод татар рэспублікі да сярэдзіны 30-х гадоў заставалася нацыянальна-гаспадарчае будаўніцтва. Татарскае насельніцтва БССР, як і іх суайчыннікі ў Заходняй Беларусі, займаліся сваімі адвечнымі заняткамі: агародніцтвам, саматужніцтвам, у гарадах пэўная доля асоб была "свабодных прафесій", службоўцаў. Ях'я Гямбіцкі ў лісце да Нацыянальнай Камісіі пры ЦВК БССР (11 ліпеня 1918 г.) прапаноўваў ураду краіны дапамагчы татарскаму насельніцтву стварыць калектывы саматужнікаў па вырабу скур і аўчын. На яго думку гэтая мера павінна была палепшыць сацыяльна-эканамічнае становішча татар Менска і мястэчак Смілавічы, Узда, Капыль і Смалявічы****. У чарговым лісце Я. Х. Гямбіцкага, І. А. Міськевіча і І. Х. Мурза-Мурзіча да Нацыянальнай камісіі (5 кастрычніка 1928 г.) адзначалася, што "ўраду Рэспублікі трэба звярнуць асаблівую ўвагу на пашырэнне ведаў сярод татар па агародніцтву і садаводству, што вельмі б зацікавіла апошніх". Аўтары ліста паведамлялід, што "для правядзення працы па пераходу татар-гароднікаў ад культуры гародняй да культуры ягаднай і пладовай атрымалі згоду ад прафесара Бурштэйна і аграномаў-садаводаў т.т. Турака і Хабэнка". Акрамя таго, мы звязваемся станцыяй прыкладной батанікі ў саўгаспадарцы Лошыца для арганізацыі навуковага кіраўніцтва апрацоўкаю агародаў, тым больш, што і станцыя зацікаўлена ў развядзденні "татарскай радысы"*****.
Аднак і гэтыя прапановы Ях'і Гембіцкага і яго сяброў не знайшлі водгуку ва ўладных стуктурах. Уладу вельмі непакоіла значная "непралетарская праслойка" сярод татар, таму затрымлівалася стварэнне татарскіх с аматужных арцелей. Нацыяльныя татарскія кааператывы (у далейшым калгасы) былі створаны толькі ў пачатку 1930-х гадоў у Смілавічах і мінску. Татарскі галгас у Мінску меў назву "Чырвоны агароднік". Яго старшынёй быў член КП(б) Беларусі Сулейман Хасенавіч Джэнаевіч******. сельгаскааператывы "Прафінтэрн" у Смілавічах і "Чырвоны агароднік" у Менску існавалі на базе традыцыйных татарскіх заняткаў агародніцтвам.
У 1920-я гады дзяржава раводзіла шэраг эканамічных мерапрыемстваў, якія павінны былі палепшыць гаспадарчае становішча нацыянальных меншасцяў. Палітыка землеўпарадкавання местачковага яўрэйскага насельніцтва, актыўная прапаганда перасялення на поўдзень Украіны і ў Крым адбіліся і на беларускіх татарах. 21 лютага 1928 г. у ЦВК БССР з заявай звярнуліся прадстаўнікі татарскіх перасяленцаў з г. Мінска і м. Смілавічы Ізмаіл Раецкі і Мустафа Ждановіч. Яны пісалі: "Мы, земледельнцы г. Минска и м. Смилавичи татарской национальности, желаем переселиться в Крымскую республику на хлебопашество. Считаем себя выходцами из Крыма и желаем переселиться на родину, изучить свой забытый национальный язык, а также желаем организовать исключительно из молодняка молодую Коммуну в составе 20 человек. Просим оказать нам помощь в переселении на родину и наделении землёй»*.
* НА РБ, ф. 701, воп. 1, спр. 97, арк. 8, "Рабочий", 1929, 16 февраля.
** НА РБ, ф. 701, воп. 1, спр. 94, арк. 2-3.
*** Архіў КДБ, спр. 31371-с, арк. 37.
**** НА РБ, ф. 701, воп. 1, спр. 63, арк. 7.
***** Там жа, спр. 60, арк. 35, 35-зв.
****** Архіў КДБ, спр. 28329, арк. 18.
З аналагічнай заявай І. Раецкі і М. Ждановіч звярнуліся ў Наркамзем Крыма і Крымскі ЦВК**. Наркамзем БССР, у сваю чаргу, 3 сакавіка 1928 г. звярнуўся з запытам "По вопросу о переселении татарского населения в Крымскую ССР" у Наркамзем Крыма. У ім паведамлялася, што "в виду поступающих у НКЗБ ходатайств от татар (бывших выходцев из Крыма)с просьбой предоставить им право переселения в пределы Крымской ССР с целью заняться сельским хозяйством і учитывая неблагопрыятную сложившуюся для них в БССР экономическую обстановку (так как в массе татары занимались, главным образом, кустарным промыслом і мелкпромышленным огородничеством), НКЗБ считает постановку вопроса самим татарским населением о переселении в Крымскую ССР правильным и просит сообщить Ваши соображения по этому вопросу. В смысле практических возможностей осуществить переселение. Если же вопрос формально Правительством Крымской ССР разрешён, не откажите выслать копии законодательных актов по этому вопросу, а также і сведения, необходимые для построения практической программы работ по переселению из БССР татарского населения, желающего переселиться"***.
10 красавіка 1928 г. сакратар Крымскага ЦВКа Мусаніф у лісце прадстаўнікам груп татарскіх перасяленцаў у Беларусі І. Раецкаму і М. Ждановічу паведамляў, што "Крым. ЦИК, в принципе, не возражает против Вашего переселения в Крым, при условии, если Наркомзем Белорусской ССР возьмёт на себя расходы по Вашему переселению в Крым и водворению Вас на месте. Какой-либо помощи на строительство или на предметы сельскохозяйственного обихода Крым. ЦИКом Вам не может быть оказано из-за отсутствия средств"****. Таксама і Наркамзем Крымскай ССР у лисце Наркамзему БССР ад 28 красавіка 1928 г. паведамляў, што "переселение в Крым 20 семейств татар может состояться на условиях, предложеных Крым. ЦИКом Наркомзему БССР, т.е. если последний возьмёт на себя все расходы, связанные с переселением указанных 20 семейств в Крым, также с возведением им построек, устройством колодца і снабжением расселенцев сельхозинвентарём на месте водворения. Что же касается предоставления участка для дополнительного переселения 100-150 душ согласно вашего отношения за № 3655, то за отсутствием свободных расселенческих фондов, ходатайство НКЗема не может быть удовлетворено"*****. Адначасова паведамлялася, што ў адпаведнасці з пастановай ЦВК і СНК СССР ад 18 студзеня 1928 г. перасяленне ў Крым праводзілася Усесаюзным Перасяленцкім Камітэтам у планавым парадку.
3 траўня 1928 г. яшчэ 8 сямей татар-гарбароў з г. Менска і м. Смілавічы падалі заяву ў Нацкамісію пры ЦВК БССР аб дазволе перасялення ў Крым, дзе яны мелі намер працаваць на зямлі. "Желаем переселиться на родину в Крымскую республику на культурное хозяйство. На переселение на родину нас толкает как малоземелье, так и забытый свой родной язык». Заяву падпісалі сям'я Алея Канапацкага, Хасеня Канапацкага, Ібрагіма Канапацкага, Мустафы Багдановіча. Асана Александровіча, Мустафы Гямбіцкага, Ізмаіла Раецкага, Хасеня Якубоўскага, а таксама маладыя татары з Менска Мустафа Ждановіч, Мустафа Хасяневіч, Адам Канапацкі і Алей Багдановіч******.
Нацыянальная Камісія ЦВК БССР, заслухаўшы "Хадайнічаньне татар аб перасяленьні іх у Крым на земляробства", задаволіла просьбу 8-мі татарскіх сем'яў, як беззямельных аб перасяленні ў Крым на земляробства і прасіла Прэзідыюм ЦВК БССР даць распараджэнне Наркамзему аб неабходнасці нрыняцця мер да задавальнення гэтых сем'яў у іх хадайніцтве перасяліцца ў Крым на земляробства. Адпусціўшы для гэтага сродкі з сум, прызначаных на перасяленне*******.
Прэзідыум ЦВК БССР 14 мая 1928 г., разгледзеўшы пастанову Нацыянальнай камісіі ЦВК БССР "Аб задавальненьні хадайнічаньня 8 татарскіх сем'яў аб перасяленьні іх у Крым", даручыў Нацкамісіі ЦВК "у планавым парадку вывучыць становішча і патрэбы татарскага насельніцтва. Якое пражывае ў БССР і распачаць мерапрыемствы па эканамічным і культурным абслугоўваньні татар, а таксама і палепшаньні іх быту"*. нацкамісіі было даручана таксама прадугледзіць магчымасць надзялення татар зямлёй як у межах Беларусі, так і ў іншых рэспубліках, у тым ліку і ў Крыме********.
Трагедыяй для ўсіх татар-землеробаў стала прымусовая калектывізацыя. Яна пагоршыла дабрабыт і асновы іх гаспадарчай дзейнасці. Падчас фарсіраваных сацыяльных пераўтварэнняў шырока праводзілася барацьба супраць так званага нацыянальнага адзінства. Трэба адзначыць, што сярод татар амаль што не было вялікай
* НА РБ, ф. 701, воп. 1, спр. 63, арк. 33.
** Там жа, арк. 35.
*** Там жа, арк. 32.
**** Там жа, арк. 31.
***** Там жа, арк. 44.
****** Там жа, арк. 37.
******* Там жа, арк. 28.
******** Там жа, арк. 27.
********* "Савецкая Беларусь", 1928, 5 мая.
класавай дыферэнцыяцыі. Татары, жывучы сваёй адасобленай абшчынай, былі пасіўныя ў грамадскім жыцці. Сярод дзяцей і моладзі амаль што не было піянераў і камсамольцаў. На пачатак 1930-х гадоў сярод татарскай моладзі ў Смілавічах налічвалася 3, а ў Менску 13 камсамольцаў, з 60 школьнікаў у Смілавічах толькі трое з'яўляліся піянерамі. У лістах да Нацкамісіі ЦВК БССР (14 траўня, 11 ліпеня 1928 г.) Я. Х. Гямбіцкі звяртаў увагу апошняй, што "прыёмныя камісіі ў вузы зусім не далучаюць татар да нацыянальных меншасцей, а між тым сярод татар беларускіх зусім не маецца з вышэйшай адукацыяй". Ён прасіў "садзейнічання Нацкамісіі аб залічэнні ў вузы без конкурсу чатырох прадстаўнікоў татарскай моладзі: З. Мухля, М. Багдановіч, А. Хасеневіча і С. Шагідэвіча, атрымання імі вышэйшай і спецыяльнай асветы, дзеля таго, што адукаваных дзеячаў паміж намі вельмі мала"*.
Такім чынам, жыццё татарскай меншасці ў Менску, як і ва ўсёй БССР, адбывалася ў кирунку тых сацыяльна-эканамічных, палітыка-грамадскіх змен, якія мелі месца ў краіне. Аналіз прычын непрацяглага існавання нешматлддікіх форм нацыянальнага будаўніцтва сярод татар БССР у гэтыя гады паказвае, што яны былі своеасаблівымі прыладамі для разбурэння жыццёвага ўкладу татарскага насельніцтва Беларусі, а таксама цэнтраў захавання этнаканфесійнай самабытнасці гэтага народу. Разам з тым было атрымана своеасаблівае пацвярджэнне вялікай інтэграванасці татар-мусульмар у айчынныя кансалідацыйныя этнічныя працэсы. Аналіз крыніц і дакументаў сведчыць таксама і пра тое. што савецкая ўлада ў БССР зрабіла ўсё для таго, каб узарваць тардыцыйны лад жыцця беларускіх татар, разбурыць асяродкі захавання этнаканфе-сійнай спецыфікі гэтага народа. Ужо ў першыя гады савецкай улады былі закрыты мусульманскія школкі пры мячэцях. Крыху пазней, змагаючыся з праявамі рэлігійнасці, пачалі таксама зачыняць мячэці.
У 1936 г. была закрыта мячэць у Менску. Будынак яе выкарыстоўваўся ў 1936-1941 гг. беларускай канторай "Гастраном" як харчовая база**. Лічылася, што прадстаўнікі канфесій прымаюць актыўны ўдзел у барацьбе супраць мерапрыемстваў дзяржавы, з'яўляюцца актыўнай контррэвалюцыйнай сілай. Сталін у гутарцы з амерыканскай рабочай дэлегацыяй (верасень 1927 г.) адзначыў, што партыя не павінна быць нейтральнай "у адносінах да рэакцыйнага духавенства, якое атручвае сумленне працоўным мас".
Ён выказаў спадзяванне, што антырэлігійная прапаганда з'явіцца тым сродкам, "які павінен давесці да канца справу ліквідацыі рэакцыйнага духавенства"***. антырэлігійная прапаганда на сталінскай мове адзначала разбурэнне мячэцяў і фізічнае вынішчэнне кіраўнікоў мусульманскай канфесіі. Неабгрунтаваныя рэпрэсіі былі пастаўлены ў цэнтр дзейнасці партыйна-дзяржаўных органаў Беларусі. Аўтару давялося скурпулёзна, на працягу некалькіх гадоў вывучаць архіўныя справы беларускіх татар - ахвяр палітычных рэпрэсій. Кожная старонка гэтых дакументаў - гэта старонка трагедыі канкрэтнага чалавека і татарскага народа ўвогуле. Гэтыя дакументы нельга чытаць без хвалявання і суперажывання. Вывучэнне іх дае магчымасць уявіць жудасную карціну беззаконня і гвалту, што панавалі ў грамадскім жыцці Савецкай Беларусі тых гадоў. Аналіз духоўніх крыніц паказвае, што палітычныя рэпрэсіі закранулі амаль кожную татарскую сям'ю, прынеслі нешматлікаму татарскаму народу велізарныя страты. Рэпрэсіі 1930-х гадоў загубілі лепшых прадстаўнікоў беларускіх татар. На вялікі жаль, няма дакладнай інфармацыі аб далейшым лёсе Ях'і Гямбіцкага, Ібрагіма Мурзы-Мурзіча і Хасеня Рызвановіча пасля таго, як вясной 1933 г. яны былі асуджаны "тройкай" і высланы ў Казахстан тэрмінам на тры тады. Па просьбе Беларускага грамадскага аб'яднання татар "Зікр уль-Кітаб" кіраўніцтва Дзяржкамархіва Беларусі звярталася ў сакавіку 1998 г. у Інфармацыйны цэнтр Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Казахстан з запытам аб прадстаўленні звестак на Я. Гямбіцкага, І. Мурза-Мурзіча і Х. Рызвановіча. 28 красавіка 1998 г. Упраўленне крымінальнай інфармацыі выслала даведку на Яхю Гембіцкага, з якой відаць, што пасля высылкі ў Казахстан ён працаваў эканамістам у абласным упраўленні калгасаў г. Уральска. 14 ліпеня 1938 г. Я. Гямбіцкі быў паўторна арыштаваны. Асуджаны па сумнавядомым артыкуле 58 Крымінальнага кодэкса РСФСР і знаходзіўся ва Уральскай турме. На І. Мурза-Мурзіча і Х. Рызвановіча звестак няма. дакладна вядома толькі адно: да дому, да сям'і і сваякоў яны ўсе больш не вярнуліся. Застаецца толькі спадзявацца, што дадзеная публікацыя хоць нейкім чынам зможа пасадзейнічаць у высвятленні іх лёсу. 10 кастрычніка 1989 г. рашэннем Пракуратуры БССР Я. Х. Гямбіцкі, І. Х. Мурза-Мурзіч, Х. І. Рызвановіч былі рэабілітаваны****.
* НА РБ, ф. 701, воп. 1, спр. 63, арк. 7, 7-зв., 39, 39-зв.; спр. 101, арк. 6; ф. 34, воп. 1, спр. 727.
** Там жа, ф. 952, воп. 1, спр. 17, арк. 224; спр. 18, арк. 245-247.
*** И. Сталин, Собрание сочинений, т. 10, Москва 1953, с. 133.
**** Архіў КДБ, спр. 31371-с, арк. 126-129.