Папярэдняя старонка: Палітыкі

Салыга В. А. 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 24-05-2008,
Крыніца: Лідскі летапісец № 36.



Саджалі ўсе, або лёс грамадоўца

Гэта дакументальная гісторыя пра тое, як феліксаўскі каваль, паднабраўшыся рэвалюцыйных ідэй, захацеў, каб Беларусь стала вольнай дзяржавай, і што з гэтага выйшла. (Да 110 - годдзя з дня нараджэння В. А. Салыгі.)


26 верасня 1926 года ў Лідзе адбыўся павятовы з'езд Беларускай сялянска-работніцкай Грамады. У яго працы прынялі ўдзел 100 дэлегатаў. Старшынём абраны Вікенці Антонавіч Салыга.

Вікенці Антонавіч Салыга нарадзіўся 22 лютага 1896 г. у в. Феліксава, Жалудокскай воласці, Лідскага павету (зараз Лідскі р-н) у сялянскай сям'і. Скончыў тры аддзяленні народнай вучэльні. Навучыўся прафесіі каваля і з'ехаў у Санкт-Пецярбург. Там паступіў на Пуцілаўскі завод, дзе працаваў да жніўня 1914 года. З пачаткам Першай сусветнай вайны быў прызваны ў войска і прызначаны ў Двінскую цвердзь на артылерыйскі склад. Цвердзь была здадзеная немцам без бою, Дзвінскі артылерыйскі склад быў эвакуяваны ў Бранск, з Бранска ў Камышын, з Камышына ў г. Ялец. Першы раз яго пасадзілі ў Яльцы: " патрапіў у палон да генерала Мамантава, дзён сем сядзеў у турме, збег".

"У 1919 г вучыўся ў вайсковым тэхнікуме пры Смаленскім палітэхнічным інстытуце. У 1920 г. блізка ад Полацка фармавалі перадавую агнебазу для барацьбы з Пілсудскім. Маім начальнікам быў Іван Іванавіч Сідараў - начальнік забеспячэння Заходняга фронту, былы слесар Пуцілаўскага завода. Пазней служыў у Ржэўскай артбазе справаводам".

У 1923 г. ад рэвалюцыйнага холаду і голаду вярнуўся да бацькоў у в. Феліксава, пабудаваў сваю кузню і працаваў кавалём. Ажаніўся з Марыяй Антонаўнай.

"Хлеб ёсць, але жыцця няма".

Выйсце бачылася барацьбе за свае чалавечыя і нацыянальныя правы. Арганізацыяй, якая найбольш поўна выражала інтарэсы беларускіх сялян у Заходняй Беларусі, была Беларуская сялянска-работніцкая грамада. І Вікенці Салыга, як і многія іншыя, уступае ў Грамаду.

Пачаткам дзейнасці Грамады лічыцца 24 чэрвеня 1925 года, калі дэпутаты польскага сойму Б. Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла і П. Валошын выйшлі з Беларускага пасольскага клуба і ўтварылі пасольскі клуб Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Жыхары Заходняй Беларусі адразу адчулі, што ў асобе Грамады ствараецца сапраўды народная арганізацыя, якая карэнным чынам адрозніваецца ад іншых партый.

Так у верасні 1925 г. пасольскі клуб Грамады распачаў агітацыю сярод беларускага насельніцтва за падачу адміністрацыйным уладам заяў з патрабаваннем адкрыць беларускія пачатковыя школы. Яна мела значны поспех. "Амаль усе пагалоўна вёскі Нясвіжскага раёна патрабуюць увядзення ў школах беларускай мовы, чаго ўрад не хоча дазволіць, а сяляне ў знак пратэсту не пасылаюць дзяцей у польскія школы"(1). Ужо на студзень 1926 года, нягледзячы на ўсякія перашкоды з боку ўладаў было пададзена 16000 заяў аб адкрыцці 412 школ (2).

Лідчына не засталася ў баку ад грамадоўскага руху. Першае буйное выступленне Грамады ў Лідзе адбылося 1 траўня 1926 года. На першамайскую дэманстрацыю, арганізаваную Грамадой, у Лідзе сабралася 800 чалавек. Да прыкладу ў Берасці на дэманстацыю сабралася больш 1000 чалавек, у Слоніме - 300 чалавек.

Пасля гэтай дэманстрацыі на Лідчыне пачалі стварацца гурткі Грамады. У чэрвені 1926 года былі створаны 4 гурткі (50 сяброў), у ліпені - 5 гурткоў (148 сяброў), у жніўні - 10 гурткоў (243 сябры), у верасні - яшчэ 8 гурткоў (327 сяброў). Усяго на верасень 1926 года на Лідчыне існавала 27 гурткоў Грамады, у якіх налічвалася 768 сяброў (3).

26 верасня 1926 г. у Лідзе адбыўся павятовы

<>1. "Чырвоны сцяг", 1925, 30 ліпеня.

2. ЦДА Літвы, ф.2, воп. 1, спр. 9, арк. 19. "Народная справа", 1926, 19 чэрвеня.

3. ЦДАКР Беларусі, ф. 882, воп. 1, спр. 36, арк. 190, спр. 63, арк. 299.

З'езд Грамады, на якім прысутнічалі 100 гарадскіх і сельскіх дэлегатаў. Старшынём Лідскага павятовага камітэта Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады быў абраны Вікенці Антонавіч Салыга. У склад камітэта ўвайшлі таксама Мікалай Сарока, Кастусь Мінкевіч, Ян Тубілевіч.

Даведка.

Я, Сарока Мікалай Васільевіч, член КПСС, партбілет № 0832931. знаю тав. Салыгу Вікенція Антонавіча з 1925 года па сумеснай працы. Тав. Салыга Вікенці Антонавіч быў Старшынём акружнога камітэту "Грамады", дзе праводзіў актыўную працу сярод насельніцтва, за што быў арыштаваны 15 студзеня 1927 года і асуджаны ў 1928 годзе Віленскім акружным судом на 4 гады турэмнага зняволення.

Сарока."

(Даведка заверана 23 траўня 1959 г.)

Камітэт займаўся распаўсюджваннем нелегальнай літаратуры сярод насельніцтва. Салыга сустракаўся з Мятлой П., Валошыным П. і Рак-Міхайлоўскім С. "Працу весці было зацяжка, бо некаторых сваіх трэба было асцерагацца".

Тым не менш колькасны рост Грамады на Лідчыне працягваўся. У кастрычніку 1926 года ў Лідскім павеце было створана яшчэ 11 гурткоў (397 сяброў), у лістападзе было ўтворана новых 11 гурткоў (613 сяброў). Усяго на 1 снежня 1926 года ў Лідскім павеце дзейнічала 49 гурткоў Грамады з агульнай колькасцю сяброў 1778 чалавек, у тым ліку ў Дроздаве (старшыня Кудла), у Табале, Ганчарах, Бенявічах, Дакудаве, Агародніках. Па звестках на 14 снежня 1926 года ў Лідскім павеце дзейнічалі 52 прадстаўнікі ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Найбольшай актыўнасцю ў Лідскім павеце ў гэты час адзначаецца дзейнасць Вікенція Салыгі і Кастуся Шымкевіча. З красавіка па снежань 1926 года дэпутаты клуба Грамады выязджалі ў гарады і мястэчкі краю для правядзення справаздачных мітынгаў. Усяго было праведзена 23 мітынгі, адзін з іх - у Лідзе.

Пасля перавароту Ю. Пілсудскага ў Заходняй Беларусі пачала нарастаць хваля паліцэйскага тэрору. Грамада павяла актыўную барацьбу за амністыю палітзняволеных. Праводзіліся мітынгі і сходы. Польскія ўлады ўсяляк ім супрацьдзейнічалі. Так наваградскі ваявода забараніў правядзення такіх мітынгаў у вёсках Збляны і Рачкавічы Лідскага павету (1).

Нягледзячы на нарастанне паліцэйскага ціску рост шэрагаў Грамады на Лідчыне працягваўся. Так на 10 студзеня 1927 года ў Лідскім павеце колькасць гурткоў Грамады вырасла да 65 (2). На кожны гурток прыпадала ў сярэднім 60 чалавек. Уся Грамада ў гэты час налічвала 117 тысяч чалавек.

Грамадоўскі рух набыў грандыёзныя памеры. 25 лістапада 1926 года Ю. Пілсудскі прыехаў у Вільню і правёў таемную нараду, на якой быў выпрацаваны план разгрому Грамады. Арышты пачаліся ў ноч 15 студзеня 1927 года. У тую ж ноч быў арыштаваны і Вікенці Салыга. Падчас следства сядзеў у Віленскай турме "Лукішкі". У спісе паліцыі па справе Грамады ад 11.12.1928 значыўся пад нумарам 41 як старшыня Лідскага павятовага камітэту Грамады. Вінавацілі па гэтай справе 102 чалавек, да суда давялі 56. Працэс па справе Беларускай Работніцка-Сялянскай Грамады працягваўся тры месяцы - з 23 лютага па 22 траўня 1928 г.

Пры разглядзе справы Вікенція Салыгі ў судзе на яго абарону выступіў сам Браніслаў Тарашкевіч. Калі паліцыянт Махерскі, даючы паказанні ў якасці сведкі, сказаў, што абвінавачаны В. Салыга гаварыў на мітынгах і сходах аб тым, што няма беларускіх школаў, Б. Тарашкевіч задаў яму пытанне на беларускай мове:

- Дык, на думку сведкі, Салыга не меў права гаварыць, што беларускіх школ няма? (3)

Віленскі акруговы суд "за камуністычную дзейнасць" асудзіў 37 чалавек. Тарашкевіч Б., Рак-Міхайлоўскі С., Валошын П., Мятла П. атрымалі па 12 гадоў, Бурсевіч М. і Акінчыц Ф. - па 8 гадоў, Кузміч І. з Наваградскага павета, Якімовіч М., Шушкевіч У., Паддубік з Гародні, Гелда з Сакольскага павета, Саванец С. з Слонімскага, Куліна-Куліноўскі з Маладзечанскага - 6 гадоў турмы, Патапчук І. з Пружанскага, Сіняк, Якубчык П., Яхімовіч М. і Шатько І. з Слонімскага, Козіч М. з Сакольскага, Лабунька К. з Дзісненскага, Антановіч А. з Вілейскага - 5 гадоў, Гатько Клаўдзія з Наваградскага, Баліцкі Я. з Гародні, Каўпак М. і Кот І. з Пружанскага, Салыга В. з Лідскага, Шчыгельскі С. з Ваўкавыскага, Нікіфароўскі М. і Даніловіч з Дзісненскага, Беламызы М. і Зданюк А. з Сакольского павета - па 4 гады (у аўтабіяграфіі В. Салыга піша, што быў асуджаны на 6 гадоў), Патоцкі А. , Харкевіч. з Ваўкавыскага, Марчук А. з Слонімскага - па 3 гады турмы. Асуджаныя выслухалі прысуд у поўным спакоі. Пасля таго, як суд пакінуў залу, заспявалі гімн "Ад веку мы спалі". Паліцыя атачыла асуджаных і вывела з залы, увечар усіх пасажырскім цягніком адправілі ў Святакрыжскую турму.

1. ЦДАКР Беларусі, ф. 882, воп. 1, спр. 63, арк. 11, 13, 16..

2. Там жа, ф. 882, воп. 1, спр. 63, арк. 418, спр. 28.

3. Там жа, ф. 882, воп. 1, спр. 27, арк. 588.

Тэрмін В.А. Салыга адбываў у турмах Ліды, Вільні і ва "Вронках" за Познанню.

У 1929 г. у Вільні адбыўся апеляцыйны суд па справе асуджаных дзеячаў і актывістаў Грамады. Разгледзеўшы паўторна справу, суд прызнаў недаказанасць некаторых абвінавачванняў (падрыхтоўка паўстання, захоўванне зброі, шпіянаж), апраўдаў асобных актывістаў, астатнім скараціў тэрмін зняволення да двух, а кіраўнікам да шасці гадоў. Пад змяншэнне тэрміну да двух гадоў трапіў і В. Салыга.

ад 28 кастрычніка 1958 г.

У дакументальных матэрыялах архіўнага фонду "Цэнтральны Камітэт Беларускай Рабоча-сялянскай "Грамады" у абвінаваўчым заключэнні па судовай справе кіраўнікоў "Грамады" за 1928 год маюцца звесткі пра тое, што Салыга Вінцэнты (імя па бацьку не ўказана) на падставе артыкула 102 часткі 2-й Крымінальнага Кодэкса Польскай рэспублікі быў прыцягнуты Віленскім Акружным Судом да судовай адказнасці ў 1927-1928 гг. за камуністычную дзейнасць у Лідскім павеце.

Падчас следства знаходзіўся ў Віленскай турме "Лукішкі".

Прыгавора ў справе няма.

ПАДСТАВА: Ф.42, воп.1, с.28.

Начальнік Цэнтральнага дзяржархіва

Літоўскай ССР Г. Валінскене.

Начальнік аддзела& І. Ругалайтэ.

Даведка ад 27 снежня 1961 г.

Інстытут гісторыі Партыі пры ЦК ПОРП на падставе наяўных дадзеных пацвярджае, што тав. Салыга Вікенці Антонавіч быў дзеячам рэвалюцыйнай Беларускай Сялянска- Работніцкай Грамады. За дзейнасць у вышэйпаказанай арганізацыі тав. Салыга В.А. (арыштаваны) у студзені 1927 г. і 23 лютага-22 траўня 1928 г. акруговым судом у Вільні прыгавораны да 4 гадоў турэмнага зняволення з залічэннем да тэрміну пакарання 14 месяцаў папярэдняга арышту. Апеляцыйны суд у Вільні 28 лютага-16 сакавіка 1929 года зменшыў тэрмін пакарання да 2 гадоў турэмнага зняволення з залічэннем да тэрміну пакарання 14 месяцаў папярэдняга арышту...

За Дырэктары Інстытута Гісторыі Партыі пры ЦК ПОРП Г. Ціхоцкая.

Пасля адбыцця зняволення з 1930 па 1939 г. працаваў кавалём, "не забываў і агітацыі, за што часта падвяргаўся арыштам і пабоям".

У верасні 1939 г. прызначаны старшынём Лябёдскага валаснога выканкаму.

Гр-ну Салыга Вікенцію Антонавічу

в. Феліксава, Лідскі р-н,

Гродзенскай вобласці

На Вашую заяву паведамляем, што дакументальных матэрыялаў Шчучынскага райвыканкаму і Лябёдскага валвыканкаму за 1939-1940 гг. на захоўванні ў архіве няма, з-за гэтага пацвердзіць Ваш стаж працы старшынём Лябёдскага валвыканкаму за ўказаныя годы не з'яўляецца магчымым.

Начальнік аблдзяржархіву А. Плешавеня.

Заг. стала даведак Веташкіна.

Пазней працаваў старшынём Мала-Мажэйкаўскага сельсавета.

Даведка ад 11 кастрычніка 1962 г.

Дадзена гр-ну Салыгу Вікенцію Антонавічу 1896 года нараджэння, урадж. в. Феліксава Жалудокскага раёна Гродзенскай вобласці ў тым, што ён да дня яго арышту 26 красавіка 1940 года працаваў старшынём Мала-Мажэйкаўскага с/савета Жалудокскага раёна Гродзенскай вобласці...

Начальнік падраздзялення УКДБ пры

СМ БССР па Гродзенскай вобл. Дайкоў.

21 красавіка 1940 г. Вікенці Салыга быў арыштаваны Жалудокскім НКУС.

Асуджаны 28 жніўня 1940 г. і вывезены ў Архангельскую вобласць.

У месцах пазбаўлення волі знаходзіўся да 3 верасня 1941 г.

Даведка

Выдадзена гр-ну Салыгу Вікенцію Антонавічу, 1896 года нараджэння ў тым, што ён знаходзіўся ў месцах пазбаўлення волі з 21 красавіка 1940 года па 3 верасня 1941 года.

Падстава:

Архіўная справа № П-7663 арк. 3 т. І і арк. 15 т. ІІ, якая захоўваецца ў УКДБ Гродзенскай вобл.

Даведку склаў: супрацоўнік УААП

Гродзенскай аблвыканкаму Іўлеў.

Начальнік аддзела УААП

Гродзенскага аблвыканкаму

Палосін.

Справа, па якой быў асуджаны В.А. Салыга, па яго меркаванні звязана з нагаворам ворагаў народа, быццам бы ён быў афіцэрам царскага войска.

Праз 22 гады - 24 ліпеня 1962 г. пастановай адмысловай нарады Вярхоўнага суда БССР па дадзенай справе ён быў рэабілітаваны "за адсутнасцю складу злачынства". Салыгу Вікенцію Антонавічу

Гродзенская вобласць, Лідскі

раён, в. Феліксава

Паведамляю, што вашая скарга праверана. Справа, па якой Вы былі асуджаны ў 1940 годзе, вызначэннем Вярхоўнага Суда БССР ад 24 ліпеня 1968 года вытворчасцю спынена за адсутнасцю складу злачынства.

Даведка пра спыненне справы Вам будзе выслана Вярхоўным судом БССР.

Пам. Пракурора Беларускай ССР

Па нагляду за следствам у органах

дзяржбяспекі, дарадца юстыцыі

П. Юрэль.

Даведка ад 26.07.1962 г

Справа па абвінавачванні Салыгі Вікенція Антонавіча, 1896 года нараджэння, перагледзена Вярхоўным судом БССР 24 ліпеня 1962 г. Пастанову Адмысловай Нарады ад 28 жніўня 1940 г. у адносінах Салыгі Вікенція Антонавіча адменена, і справа за адсутнасцю складу злачынства спынена.

Салыга В.А. рэабілітаваны па гэтай справе.

Старшыня Вярхоўнага

суда БССР С. Шардыка.

Пасля заключэння дамовы савецкага ўраду з генералам Сікорскім Вікенці Салыга быў накіраваны ў польскую армію Андэрса, якая фармавалася ў Савецкім Саюзе. Прывезлі ў Тацішчава Саратаўскай вобласці, там ён быў прызначаны ў 5-ю красовую дывізію.

"У Іраку быў апазнаны былымі польскімі стральцамі, арыштаваны польскім камандаваннем і аддадзены пад ваенна-палявы суд, за тое, што ў 1939-40 гг. актыўна дапамагаў усталяванню савецкай улады. Суд прысудзіў 3 гады і 6 месяцаў зняволення, але пры перавозцы з Ірака праз Іран у Палестыну ў г. Лятрунь у Тэгеране збег ад варты".

З даведкі № 41/43 ад 9 студзеня 1943 г. камандавання Папаўнення №3 на Ўсходзе падпісанай маёрам Дмоўскім, выцякае, што Вінцэнты Салыга быў вызвалены ад вайсковага абавязку на аснове артыкула 10 пункт "с", як той, які меў прысуд аб пазбаўленні волі ў 1928 г. У даведцы пазначана, што пасольствам Рэчыпаспалітай Польскай у Тэгеране яму быў выдадзены польскі пашпарт № 14409.

У даведцы ад вайсковага аташэ Польскай Народнай Рэспублікі, выдадзенай 21.06.1960 г. гаворыцца тое ж што і ў даведцы з пасольства, пра ваенна-палявы суд не згадваецца.

Гр-ну Салыгу Вікенцію Антонавічу

БССР, Гродзенская вобласць,

г. Ліда, вуліца Савецкая, дом № 7.

Вяртаючы Ваш ліст ад 27.ІІ.1960 года, перасланы ў Міністэрства Нацыянальнай Абароны ПНР з просьбай аб тлумачэнні арт. 10 пункта "ц" Закона ад 9 красавіка 1938 года аб усеагульнай вайсковай павіннасці паведамляю наступнае.

Згодна з высвятленнем Прававога Бюро Міністэрства Нацыянальнай Абароны ПНР арт. 10 пункт "ц" гаворыць:

"арт. 10 - Ад усеагульнай вайсковай павіннасці вызваляюцца...

ц/ асобы, звольненыя з войска, вайскова-марскога флоту або выдаленыя з афіцэрскага корпусу па рашэнні ці ў выніку судовага прыгавору з моманту ўступлення прыгавору ў законную сілу".

З прыкладзенай да Вашага ліста даведкі № 41/43 камандавання Папаўнення № 3 на Усходзе, можна меркаваць, што прычынай звальнення Вас з войска паслужыў прыгавор аб пазбаўленні волі...

Вайсковы аташэ пры пасольстве

Польскай Народнай Рэспублікі

генерал брыгады Ф. Мруз.

Наступныя 14 гадоў Вікенці Салыга пражыў у Тэгеране, працаваў у розных майстэрнях. З 8 жніўня 1943 г па 2 верасня 1944 г працаваў слесарам у іранскай кампаніі Шкода. "У працяг усяго тэрміна сваёй службы нёс яе да нашага поўнага задавальнення і пакідае службу па сваім жаданні, вольны ад якіх альбо абавязальніцтваў перад намі".

З кастрычніка 1944 г. па кастрычнік 1948 г. працаваў майстрам рамонтных майстэрняў кулямётных заводаў у Тэгеране з месячным акладам 3600 рыалаў і па 28 кастрычніка 1949 г. - рабочым-электрыкам на фабрыцы па вытворчасці кулямётаў і вайсковага абсталявання.

Вайсковае міністэрства,

Дэпартамент,

Аддзел

№6887

13.8.1327 г. /4 лістапада 1948 г./

Сведчыцца, што

Слесар № 7718 Вікенсі Салыга (так у дакуменце) згодна з загадам № 140 /пар. 3 ... частка/ 3 3.8.1323 г. з месячным акладам жалавання 3600 рыалаў, - быў прыняты на службу ў якасці майстра рамонтных майстэрняў нашых заводаў. 5.8.1327 года закончылася яго служба. Яго праца і паводзіны былі здавальняльнымі

Памочнік дырэктара і загадчык тэхнічнай

часткі кулямётных заводаў

Палкоўнік - інжынер Парвіз.

Галоўны інжынер заводаў

Інжынер Жазеф Філа.

Дырэктар кулямётных заводаў

Палкоўнік Валі.

Даведка аб працы іншаземнага майстра

Вікенція Салыгі.

Згаданая вышэй асоба працавала з 26 верасня 1945 года па 28 кастрычніка 1949 года ў якасці рабочага электрыка. Ён з'яўляецца савецкім грамадзянінам. Атрымоўваў вайсковае абмундзіраванне...

Як відно з даведкі В. Салыга атрымаў у Іране савецкае грамадзянства. Мабыць вырашыў, што ў Польшчы яго нічога добрага не чакае.

З 1952 г. Вікенці Салыга працаваў у прыватнай майстэрні: "Быў адным з лепшых майстроў маёй майстэрні і заслужыў маё задавальненне і хвалу."

У жніўні 1957 г. праз репатрыацыйную камісію ў Баку вярнуўся на радзіму ў в. Феліксава. Дочкі замужам, адна ў Прыморскім краі, другая - у Мастах, сын памёр. Каля года прапрацаваў у калгасе "Шлях да камунізму" кавалём, але "на гэтую працу здароўе не дазваляла, і таму калгас пакінуў". У 1957 г. выпрацаваў 169 працадзён: верасень - 25 працадзён, кастрычнік -42, лістапад -30,5, снежань - 31,5. У 1958 г. выпрацаваў 132 працадні. Устаноўлены мінімум 250 працадзён.

4 снежня 1957 г. у Жалудокскім РАМ атрымаў пашпарт і неўзабаве перабраўся ў Ліду, дзе жыў у Новым завулку дом 10. З 4 снежня 1958 г. па 21 жніўня 1959 г працаваў на дамоўных пачатках сталяром пры Лідскім гарнізонным доме афіцэраў. Заробак яго вагаўся ў межах ад 75 рублёў у снежні 1958 г. да 15 руб. 32 кап. у чэрвені 1959 г.

У 65-гадовым узросце адзінокі Вікенці Салыга вырашыў выстарацца ў савецкай улады пенсіі па старасці і інваліднасці. Але гэта аказалася практычна немагчымым. Гарадзенскі абласны аддзел сацыяльнага забеспячэння налічыў яму ўсяго 8 гадоў 11 месяцаў і 6 дзён працоўнага стажу.

У жніўні 1962 г. Міністэрства сацыяльнага забеспячэння Беларускай ССР налічыла ў В. Салыгі стаж працы 10 гадоў, 10 месяцаў, 23 дні /час знаходжання ў турме пры польскім буржуазным урадзе з 1928 па 1930 г., праца ў Тэгеране з 1945 г. па 1949 год і з 1952 года па 1957 год/ і адмовіла ў прызначэнні яму пенсіі па старасці і інваліднасці, бо ён не мае "неабходнага для прызначэння пенсіі стажу працы па найму. ... Час службы ў Царскім і Польскім войску з 1915 па 1921 г., праца ў якасці члена калгаса з 1957 па 1958 г., у якасці сталяра ў Лідскім доме афіцэраў у 1959 г. па дамове падраду і ва ўласнай кузні з 1923 па 1927 год і з 1930 г па 1939 год, паводле дзейнага заканадаўства, у стаж для прызначэння пенсіі не залічваюцца".

Аднак Міністэрства сацыяльнага забеспячэння Беларускай ССР рэкамендавала Лідскаму раённаму аддзелу сацыяльнага забеспячэння "улічваючы матэрыяльныае становішча тав. Салыгі... унесці на разгляд райвыканкаму пытанне аб прызначэнні яму дапамогі як былому члену калгаса, землі якога перададзены саўгасу або пры яго згодзе вырашыць пытанне аб памяшчэнні яго ў дом састарэлых на поўнае дзяржаўнае забеспячэнне".

Апошнія дваццаць гадоў жыцця правёў у дамах састарэлых. У кастрычніку 1962 г. па рашэнні аблвыканкаму быў вызначаны ў Барысаўскі дом - інтэрнат. У 1966 г жыў у Смаргоньскім доме інвалідаў "Залессе", у 1968 г. - у Казлоўшчынскім доме ветэранаў працы і састарэлых. З 8 кастрычніка 1971 г. нахадзіўся на дзяржаўным забеспячэнні ў Лідскім доме - інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. З характарыстыкі: "Зарэкамендаваў сябе з станоўчага боку. Пісьменны таварыш, шмат чытае мастацкай літаратуры, газет і часопісаў. Па сваім перакананні атэіст, праводзіць атэістычную працу сярод забяспечваных і абслуговага персаналу. Правільна разумее знешнюю і ўнутраную палітыку партыі і савецкага ўраду, правільна растлумачвае іншым. Па сваім старэчым веку і стану здароўя не прымае ўдзелу ў грамадска-карыснай працы дома-інтэрната."

У 1974 г. выканкам абласнога Савета дэпутатаў разгледзеў хадайніцтва Лідскага раённага Савета дэпутатаў аб прызначэнні Салыгу В. А. персанальнай пенсіі і адмовіў.

Памёр былы старшыня Лідскага павятовага камітэту "Грамады" Вікенці Салыга ў 1983 г., пражыўшы 87 гадоў. Згадваецца ў "Гістарычнай энцыклапедыі Беларусі" у томе першым на стар. 416.

Паводле асабістай справы В. Салыгі, якая захоўваецца ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі і кнігі У.А. Палуяна "Беларуская сялянска-рабочая грамада" ("Навука і тэхніка", Мінск, 1967) матэрыял падрыхтавалі да друку

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX