Старшыня Рады БНР Язэп Сажыч служыў на Лідчыне
Язэп Сажыч (05.09.1917, в. Гарадзечна, сёння Наваградскі р-н - 19.11.2007, Эн-Арбар, Мічыган, ЗША), грамадскі дзеяч, вайсковец. У часе нямецка-польскай вайны 1939 г. трапіў у нямецкі палон. Пазней вярнуўся ў Беларусь, дзе браў удзел у арганізацыі беларускіх вайсковых адзінак. У 1943 годзе ў якасці камандзіра Лідскай роты Беларускага батальёна аховы чыгунак служыў у Лідзе. Ад 1944 г. - на эміграцыі. У1950 г. скончыў Марбурскі ўніверсітэт (Нямеччына) з дыпломам лекара і выехаў у ЗША. Стаў адным з заснавальнікаў аддзелу Беларуска-амерыканскага задзіночаньня ў штаце Мічыган. Ад 1953 г. - сябра Рады БНР. Заснаваў аддзел Згуртавання беларускіх ветэранаў у Дэтройце, выконваў абавязкі сакратара ў справах ветэранаў пры Радзе БНР. У 1982-1997 гг. - Старшыня Рады БНР. У сакавіку 1993 г. браў удзел у святкаванні 75-й гадавіны незалежнасці ў Менску. Прыязджаў у Ліду. Пад Лідай жыве ўнучаты плямяннік Язэпа Сажыча Сяргей Сажыч з сям'ёй. Пахаваны Язэп Сажыч на беларускім могільніку ў Іст-Брансвіку (Нью-Джэрсі, ЗША).
Беларускі батальён аховы чыгунак (Bahnschutz) 1942-1944.
У канцы верасня 1942 года дырэкцыя чыгункі ў Менску звярнулася праз генеральны камісарыят Беларусі да доктара Ермачэнкі які з'яўляўся камендантам БСА (Беларуская Самаабарона) з запытам, ці мог бы ён арганізаваць Беларускі батальён для аховы чыгунак. Умовы, якія паставіла дырэкцыя, з беларускага пункта гледжання былі прымальныя. Д-р Ермачэнка пагадзіўся арганізаваць батальён.
На пасаду камандзіра батальёна быў прызначаны капітан Ф. Кушаль - выканаўца абавязкаў галоўнага рэферэнта БСА. На той момант арганізаваць батальён было не цяжка, таму што ўжо існавала сетка пунктаў для прызыву ў БСА, і былі выпушчаны два афіцэрскія і ўнтэр-афіцэрскія курсы. Кадры былі гатовыя.
Тыднем пазней прайшлі перамовы з прадстаўнікамі Bahnschutz (ахова чыгунак) адзін з якіх быў камандзірам Bahnschutz Беларусі спадар Штрымке (Schtrimke). Вырашаліся дадатковыя ўмовы і тэхніка арганізацыі батальёна. Францішак Кушаль адзначаў, што падчас гэтай сустрэчы немцы былі вельмі падатлівымі і ўсе, пастаўленыя беларускімі прадстаўнікамі ўмовы, прынялі. Ужо на наступны дзень былі дадзеныя распараджэнні акруговым рэферэнтам БСА аб прызыве дабраахвотнікаў у батальён аховы чыгунак, а Ф. Кушаль пачаў інспектаваць казармы, прыгатаваныя для раскватаравання аддзелаў батальёна па Беларусі.
Пры перамовах са Штрымке было ўстаноўлена наступнае размяшчэнне батальёна: 1 рота ў Менску, 1 рота ў Стоўбцах, 1 рота ў Баранавічах, 1 рота ў Лідзе, 1 рота ў м. Круглае Глыбоцкай акругі. Акрамя таго, у Менску павінна была быць арганізаваная ўнтэр-афіцэрская школа з мэтай падрыхтоўкі кадраў для пашырэння аховы чыгунак. На дадзеным этапе патрабавалася набраць 800 чалавек, кожная рота праходзіла чатырохтыднёвую перападрыхтоўку і пасля гэтага магла выкарыстоўвацца на чыгунцы.
Неўзабаве пачалі прыбываць дабраахвотнікі. Першая партыя прыбыла ў Менск з Слоніма, дзе і пачала фармавацца першая рота. Камандзірам быў прызначаны лейтэнант Зміцер Чайкоўскі, рота пачала навучанне з снежня 1942 г. Услед за Менскай ротай пачала арганізоўвацца рота ў Баранавічах, камандзірам якой быў прызначаны лейтэнант Барбарыч. Увогуле, арганізацыя батальёна ішла вельмі добра.
Са слоў сучаснікаў, калі ў гэтым пераканалася нямецкае камандаванне, яго стаўленне да беларусаў дыяметральна змянілася. Першае што яны абвясцілі, было тое, што камандзір батальёна будзе прызначацца ад Штрымке, а з беларускай боку яму спатрэбіцца толькі афіцэр для сувязі. Д-р Ермаченка быў змушаны пагадзіцца, і афіцэрам для сувязі быў прызначаны капітан артылерыі Віталь Мікула.
У лютым была арганізаваная рота ў Лідзе, камандзірам якой быў прызначаны лейтэнант Язэп Сажыч.
Тым часам Менская рота скончыла навучанне і была падзелена групамі на розныя станцыі для аховы чыгункі. Гэтыя групы не перавышалі памеру аднаго аддзялення і размяшчаліся на асноўных вузлавых станцыях. Такім чынам першая група была накіравана ў Полацк пад камандаваннем лейтэнанта Маслава, другая размяшчалася ў м. Унеча пад Арлом і апошняя заставалася ў Менску. На месца выбылых у Менскую роту пачалі набірацца новыя кандыдаты.
Баранавіцкая рота была гэтак жа падзелена на групы і накіравана ў Палессе, магутная група была размешчаная ў Калінкавічах, дзе стала вяла барацьбу з партызанамі, якія знаходзіліся ў Палескіх лясах.
Апошняй ротай якая скончыла навучанне была Лідская - яна была падзеленая на дробныя групы накіраваныя на асобныя адрэзкі чыгункі.
Да вясны 1943 года колькасць дабраахвотнікаў у батальёне дасягнула 1000 чалавек. Усе чыгункі на тэрыторыі Беларусі ад Арла да Берасця і ад Полацка да Калінкавічаў мелі беларускую ахову. Адной з асноўных яе задач была барацьба з савецкімі і польскімі партызанамі.
Пазней практычна ўсіх беларускіх афіцэраў замянілі нямецкімі, пакінуўшы беларускага афіцэра толькі ў якасці прапагандыста, ім быў лейтэнант Язэп Сажыч.
Аж да эвакуацыі ў 1944 годзе батальён выконваў свае абавязкі. Ён быў пераведзены ў прырэйнскую вобласць, дзе службоўцы былі выкарыстаныя як рабочая сіла на чыгунках, частка пазней улілася ў 1-ю Беларускую штурмавую брыгаду СС.
Батальён забяспечваўся са складоў чыгуначнай паліцыі (Bahnschut-zpolizei) у Менску. Службоўцы яго насілі стандартную сінюю нямецкую ўніформу паліцыі аховы чыгунак, але з беларускімі пятліцамі і кукардамі, зацверджанымі пазней і для Беларускай Краёвай Абароны, пагоны і званні былі нямецкімі. Узбраенне ў батальёне было па статуце таксама нямецкае, але тып узбраення больш залежаў ад аддаленасці рот ад Менска напрыклад, па ўспамінах сучаснікаў у службоўцаў Лідскай роты на ўзбраенні былі савецкія кулямёты Дзегцярова ДП-27 і вінтоўкі Мосіна. А ў Менску выдаваліся і нямецкія ўзоры.
Справу сваю мы рабілі шчыра, самааддана, самаахвярна
Язэп Сажыч
Зусім гадка стала - ужо пад «дзевяностку» падыходжу. Фізічна я вельмі слабы, але, дзякуй Богу, мазгаўня трохі працуе. Не прапіў поўнасцю (смяецца). У кантакце з іншымі беларусамі, цікаўлюся падзеямі, чытаю нашы газеты («Беларуса», «Нашу Ніву»), хачу яшчэ нешта зрабіць для Бацькаўшчыны. Гэтым і трымаемся. Мяне, Барыса Рагулю і Ўладзіміра Набагеза мая нябожчыца жонка колісь назвала «трыма беларускімі мушкецёрамі». Надта падобны ў нас лёс: усе з Наваградскай акругі, скончылі адну гімназію, потым сталі афіцэрамі і, урэшце, - дактарамі. Да гэтых часоў разам трымаемся. Хаця Барыс, на жаль, ужо зусім слабы . Нябожчык Аляксандар Стагановіч - пасол у польскім Сойме - ахрысціў нас «наваградскай мафіяй». З трох «мафіёзі» я - найстарэйшы…
Ляжу часта ў ложку, і ўспаміны ў галаве страшэнна круцяцца: хоць кнігу выдавай. Мушу імі з Вамі падзяліцца.
Нарадзіўся 5 верасня 1917 г. у вёсцы Гарадэчна. Гадаваўся ў страшэннай беднаце: бацька памёр, калі мне было два годзікі (мамачка расказвала, што ён любіў мяне больш за ўсё на свеце), і маленькі хлопчык мусіў зрабіцца гаспадаром - араць, касіць. У сем-восем гадоў я стаў у хаце лідарам: як скажу, так і мусіць быць! Калі мама злавалася, называла мяне «праклятым бальшавіком». «Чырвоных», як і палякаў, ніколі не паважала.
Мая маці, Вера Дарашэвіч, была для бацькі Сымона, які вярнуўся з заробкаў у ЗША, другой жонкай. Калі памерла першая, на бацькавых руках засталіся трое дзетак. А мамачка, зусім маладая тады жанчына, да шлюбу працавала ў Гарадэчна ў цёткі. Была яна чалавекам амаль непісьменным, але вельмі інтэлігентным, разумным.
Братка, ты не ўяўляеш, як мы з мамачкай любілі адно аднаго. Ужо апынуўшыся на вайне, перад апошняй атакай быў упэўнены, што мяне заб'юць. Смерці не баяўся, страшыўся аднаго: што мама не перажыве страты сыночка...
* * *
Калі споўнілася 14 гадоў, здарылася падзея, якая моцна паўплывала на мой лёс. Кашу ля рэчкі сена, пад'язджае брычка з войтам Сокалам: «Хадзі вучыцца, ты здольны хлопец». Я кажу: «Дык гэта грошай вялікіх каштуе». А ён: «Нічога, я ведаю дырэктара Ціханоўскага, прыходзь да мяне ў гміну». Войт мне выпісаў пасведчанне, перахрысціў і кажа: «Сынку, хадзі вучыся, але не давярай ніякай савецкай прапагандзе!» Пасля таго як зачынілі беларускую гімназію, перайшоў у наваградскую польскую гімназію, плаціў толькі 25 працэнтаў ад сумы. Я быў найбяднейшы з усіх хлопцаў. За гады навучання ў гімназіях не знайшоў магчымасці купіць аніводнай кнігі - пазычаў у багацейшых сяброў. Гімназія мела лінгвістычную скіраванасць, шмат вучылі на памяць. Я перапісваў на паперку і, ідучы дадому (дзесяць кіламетраў штодня), вучыў на памяць. І цяпер шмат лацінскамоўных твораў памятаю. Здараецца, як пачнем з Набагезам дэкламаваць па чарзе...
Відавочна, таму, што ў дзяцінстве галадаў, цяпер магу ні ў чым сабе не адмаўляць: хачу - ем сала, хачу - селядзец. Уявіце: дзесяць гадоў пешшу хадзіў з Гарадэчна ў Наваградак і назад. А гэта дзесяць кіламетраў кожны дзень. Чатыры кіламетры ішоў босы, а пад горад надзяваў чаравічкі, вось так, братка. На прыгарадку жылі Мазуры - бацькі маёй жонкі. Матка яе была стараверка, з сям'і Кашталянавых, паходзіла ад вялікіх расейскіх магнатаў. І калі я пачаў сустракацца з яе дачкой Варай, яна казала: «Што, я аддам сваю дачку за гэтага батрака? Што ў яго за гены?»
У гімназіі я быў неблагім матэматыкам, хацеў ісці на інжынера. І тут у Наваградак прысылаюць маладых украінскіх святароў, што скончылі ў Варшаве тэалогію. Быў такі святар Скрыпнік, ён мяне ўвесь час апякаў. Аднойчы ён кажа мне: «Ну што думаеш рабіць далей?» Паступаць ва ўніверсітэт было не па сілах фінансава. Скрыпнік націскаў, каб я ішоў на тэалогію: «Вам, беларусам, патрэбны адукаваныя патрыёты-святары». Рэлігію я паважаў, але разам з тым страшна любіў войска. Вучыцца вайсковай справе? Але ж куды цябе палякі прапусцяць?..
* * *
Пачалася Другая Сусветная вайна. На фронце я зрабіўся героем: кідалі ў цяжкія абставіны, і я неяк з іх вылазіў. Камандзір дывізіі, таксама беларус, Мікалай Болтуць называў мяне «беларускім ільвом». Пяць разоў хадзіў у атаку - быў камандзірам левага флангу. У час апошняй атакі паднімаю пісталет і крычу: «Хлопцы, за мною!» А кулямёт як трахне - добра мяне прасёк. Ляжу, гляджу на рану і думаю: усё, заб'юць немцы. Аказалася, што яны добра ратавалі афіцэраў, - адразу мяне паднялі з зямлі і адвезлі ў амбулянс. Нямецкі маёр, малады хірург, зрабіў рэнтген, пагладзіў па галаве і кажа: «Юнге, ты шчаслівы! Косць не закранута, мы цябе вылечым». Лячылі мяне ў вялікім ваенным шпіталі ў Лодзі.
Якраз тады саветы дамовіліся з Гітлерам: Нямеччына выпускае дадому беларусаў і ўкраінцаў, а СССР - г. зв. «фольксдойчаў», палякаў нямецкага паходжання. Я скарыстаў гэтую магчымасць, уцёк са шпіталю і пайшоў дадому, у Гарадэчна.
Нашая хатка стаяла на цэнтральнай вуліцы. Стаіць мая мамачка, прыглядаецца да хлопцаў у шынялёх. Падыходзіць да яе адзін, з суседняй вёскі: «Што, бабушка, сынка чакаеш? Выбачай, сам бачыў - палёг твой сынок у баі». Божачкі, а я ж адзін сынок у мамачкі.
Наша сям'я належала да наваградскага сабора святога Мікалая, настаяцелям там быў Мікалай Гарбацэвіч. Я добра яго ведаў, нават кадзіла падаваў. Мамачка, канешне, адразу пабегла да яго. Зрабілі па мне вялікую паніхіду, усе плакалі, спяваў хор - пра гэта я пазней даведаўся. І вось прабіраюся агародамі дадому, а мамачка стаіць і набірае ў калодзежы ваду. Убачыла мяне і адразу ж, самлеўшы, упала: «Дзеці, глядзіце, што робіцца!» Думала, што прывіда ўбачыла.
Ужо ў Нямеччыне я спаткаў беларускага дзеяча Васіля Плескача, які ў францускай зоне акупацыі працаваў дырэктарам польскай школы. У 1948 г. у яго нарадзіўся сын, і Васіль папрасіў, каб я стаў хрышчоным бацькам. Прыязджаю на хрэсьбіны ў Швэнінген. Гляджу - Гарбацэвіч, божачкі ты мой! Той вочы вытарашчыў, падбег да мяне, цалуе і кажа: «Выбачай, родненькі. Я ж паніхіду па табе ўжо справіў. Вер, доўгім будзе тваё жыццё». Я асабіста прасіў Быкава апісаць гэты выпадак, аднак спадар Васіль адказаў: «Выбачай, даражэнькі, я не магу апісаць тое, што сам не перажыў».
* * *
Вярнуўся ў Гарадэчна. І тут сустракаю аднаго са сваіх таварышаў па гімназіі, а ён быў камсамольцам: «Юзік, хавайся. Табе тут не месца. Уцякай!» Выпісаў пасведчанне, у якім было сказана наступнае: «Сажич Иосиф Семенович, бедняк, направляется на учебу». І я паехаў у Львоў, праціснуўся ва ўніверсітэт, на ўлікова-эканамічны факультэт. Зрабіў тры семестры, стаў выдатнікам. Між іншага, у Львове ў тыя часы апынулася шмат беларусаў: пасля таго як Вільню аддалі літоўцам, Віленскі ўніверсітэт перавялі на літоўскую мову. Па-расейску ў Львове ніхто не размаўляў - расейцаў галічане не шанавалі. Калі прыехаў у Львоў, на нацыяналізм не «хварэў». І мае калегі-студэнты, адданыя галіцкія патрыёты, уцягнулі мяне ў «бандэраўцы». Я сваімі вачыма бачыў, як на Галоўным рынку Львова было аб'яўлена аб стварэнні незалежнай дзяржавы, самаўраду. Якая весялосць пачалася, якое свята! А калі немцы заявілі, што Галіцыя - гэта частка Аўстрыі, - галічане пайшлі ў падполле. Была ўтворана Ўкраінская паўстанчая армія, якая змагалася і з камуністамі, і з фашыстамі. Я таксама быў звязаны з гэтай арганізацыяй, з'яўляўся камандзірам у адной з вёсак. Потым мне далі харчовую краму, і ў Беларусь я паехаў самы апошні, бо мусіў забяспечваць харчамі ўсіх хто ад'язджаў.
Слухай, браток, нацыяналістам я стаў менавіта ў Львове. Калі жылі пад палякамі, пра незалежнасць і не марылі: нейкія правы, аўтаномія і ўсё. А ў сяле пад Львовам бачу: дзяўчаты выцягваюць з-пад куфраў нацыянальныя «жоўта-блакітныя» сцягі, усе спяваюць, святкуюць - нацыянальны ўздым каласальны. Божа, думаю, а ў нас што?.. Украінцы мяне пытаюць, якія сцяг і гімн у Беларусі, а я чырванею - не ведаю... Нават вусаты селянін-украінец, калі пачуў адказ, адкуль я прыехаў, сказаў: «Дык ты ж ліцьвін!» Гэта мяне страшэнна ўзварушыла.
* * *
Але мусіў вярнуцца ў Наваградак, дзе ўсё апанавалі палякі, якія здавалі беларусаў немцам: ён, ён і ён - камуністы, і справа скончана... Стаўленне немцаў да нас было рознае: шмат было і добрага, і благога. Напрыклад, галоўны камісар Вільгельм Кубэ зрабіўся сябрам беларусаў, стараўся нам дапамагчы. Велізарная праблема крылася ў тым, што не ведалі, каму давяраць, а каму - не. Сярод нас, беларускіх нацыяналістаў, былі людзі, завербаваныя саветамі. Таму паводзіць сябе трэба было надта асцярожна. Лічу, што галоўным лідарам беларусаў тых часоў, нашым правадыром, быў Радаслаў Астроўскі - здольны, адукаваны, рашучы, сапраўдны шляхціц. Я быў на яго пахаванні ў ЗША, аддаў апошнюю даніну павагі гэтаму выдатнаму дзеячу.
Ратаваць суайчыннікаў ад немцаў і палякаў пачаў на Наваградчыне Барыс Рагуля, які вырваўся з палону і засеў у гэбітскамісарыяце. Барыс, як спаткаў мяне, адразу прапанаваў: будзеш камісарам паліцыі па цэлай Наваградскай акрузе. Але, пабыўшы ў Львове, я адрэзаў: «Ніякага супрацоўніцтва з немцамі! Дай мне войска - пайду ў войска».
Рагуля ўвесь час недзе матаўся: то ў Менск паедзе, то ў Вільню. Жылі мы ў адной хаце, і аднойчы ноччу, а другой гадзіне, прылятае Барыс, запальвае святло і кідае мне пачак папер: «На табе тваё войска!» Тады немцы далі дазвол утварыць Самаахову: адчынялася афіцэрская школа перашкалення ў Менску, у кожнай акрузе - падафіцэрскія школы і ў кожным раёне - батальёны. Да самай раніцы святкавалі падзею: выпілі, браток ты мой, добра.
Мяне прызначылі камандзірам падафіцэрскай школы ў Наваградку. Пад маім кіраўніцтвам было чалавек дзвесце. Немцы паглядзелі, з якой адданасцю хлопцы вучыліся, і спалохаліся. Выдалі загад, паводле якога гэтыя кадры мусілі выкарыстоўвацца для дапаможных аддзелаў. Напрыклад, была створана лясная самаахова. Раптам мяне ў Менск выклікае Франц Кушаль і інфармуе, што немцы даюць дазвол утварыць чыгуначны батальён. Цікава, што Кушаль мяне спаткаў ужо ў чыгуначнай уніформе. У ранзе палкоўніка мяне тады сустрэў князь Святаполк-Мірскі . Я быў супраць гэтай працы, аднак мне адказалі: «Сажыч, вы ёсць афіцэр, таму - ніякіх дыскусій». Я мусіў узяць 50 хлопцаў са сваёй школы ў Наваградку і ехаць у Ліду. Батальён не быў беларускай ваеннай адзінкай: я цягам шасці месяцаў школіў жаўнераў, і пасля іх накіроўвалі на ахову станцый. Мы мелі кулямёты, гранаты, вострую зброю. Нас апранулі ў сінюю нямецкую чыгуначную ўніформу, на шапках была нашыта «Пагоня», а на каўнярах - ярылаўскія крыжы.
Аднойчы на адной са станцыяў здарыўся такі інцыдэнт: жаўнер Слонімскі абяззброіў немцаў, забраў колькі хлопцаў і пайшоў у чырвоную партызанку. Двое хлопцаў, якія баяліся нямецкага расстрэлу, прыбеглі да мяне, і я іх накіраваў у Нямеччыну. А Слонімскі паехаў у тыл, бульбу абіраць.
* * *
Калі Барыс Рагуля арганізаваў у Наваградку швадрон, я туды не трапіў: мяне накіроўвалі з аднаго месца ў другое: Маладзечна, Стоўбцы... У кожным я меў па 200-300 хлопцаў для вучобы. У суме я перашколіў каля 2500 жаўнераў.
Браток, ты б ведаў, як мяне любілі хлопцы! Чаму? Бо ўмеў расказваць: сяду ды пачну апавядаць пра свае ваенныя прыгоды, а маладыя жаўнеры ажно раты параскрываюць.
Гадаваў іх у патрыятычным рэчышчы, рабіў заклікі хапаць зброю і бараніць Бацькаўшчыну. Мала хто ведае, што я з'яўляюся аўтарам некалькіх знакамітых вайсковых песень, падбіраў да іх мелодыі. Пад белчырвона-белымі сцягамі, з «Пагонямі» мае хлопцы маршыравалі і спявалі патрыятычныя песні. Лішнім будзе казаць, што размаўлялі мы толькі па-беларуску. А цяпер хтосьці ўяўляе сабе, каб лейтэнант беларускай арміі загаварыў на роднай мове?.. Дарэчы, я вывез з Баранавічаў апошні цягнік, а з ім - 300 чалавек. Усе палескія станцыі ўжо пазаймалі саветы.
На ІІ Усебеларускім кангрэсе ў Менску я меў ахоўныя функцыі: з двума пісталетамі, гранатамі дзяжурыў на балконе. Туды мяне асабіста накіраваў Усевалад Родзька. Калі б здарыўся нейкі сабатаж ці з савецкага, ці з нямецкага боку, я быў гатовы страляць ці кідаць у злачынцаў гранаты.
* * *
За мяжой закінулі нас ажно ў Саарбрукен, што знаходзіўся ў французскай зоне акупацыі. Родзька, які кіраваў Беларускай Незалежніцкай Партыяй, гэты вялікі канспіратар, даў мне загад перайсці да французаў. Раптам у Саарбрукен прыязджае маёр Барыс Рагуля і забірае мяне ў Берлін, адкуль мы накіраваліся ва Ўсходнюю Прусію. Там быў ужо створаны беларускі дэсантны батальён «Дальвіц».
Колькі я там спаткаў знаёмых хлопцаў - не пералічыць! Кажу Рагулю: «Я ж нічога ў гэтай справе не разумею». На што генерал Міхал Вітушка, які пры сустрэчы па-бацькоўску мяне расцалаваў, адказаў: «Не хвалюйся. Я ўсё вазьму на сябе».
Дарэчы, дэсантаваць у Беларусь мусіў Рагуля, аднак ён ужо меў сям'ю. Па адной з версіяў, у 1944-м дэсантаваў Вітушка, які нібыта быў забіты ў баі з савецкім войскам. Паводле іншых, яму ўдалося схавацца дзесьці на Захадзе. Апынуўшыся зноў у Берліне, тры дні сядзеў у начальніка галоўнага ваеннага ўпраўлення БЦР Канстанціна Езавітава, рабіў справаздачы. Потым Рагуля засунуў мяне ў Баварыю, дзе я зрабіўся камандзірам афіцэрскай школы. Працую, адказна раблю справу - і раптам немцы прысылаюць нейкага свайго афіцэра, які мусіў пераняць мае функцыі. Хлопцы распачалі бунт, а мяне пасадзілі пад хатні арышт і хацелі расстраляць. Але з дапамогай Рагулі, які ўсюды, дзе б ні быў, ствараў на прысутных цудоўнае ўражанне, мяне вызвалілі ды накіравалі ў нямецкую школу афіцэраў пад Ростак, у зямлю Мэкленбург.
* * *
Пасля вайны многія беларусы, якія перабіраліся ў ЗША, з той нагоды, што тым ці іншым чынам былі далучаны да немцаў, баяліся праблем. Яўрэі зрабілі так, што нас пачалі называць нямецкімі калабарантамі. А я нічога не баяўся, бо ведаў: мая біяграфія чыстая. Ніколі, ніводнага разу мяне не вінавацілі, што я быццам зрабіў штосьці благое для свайго народу. Калі даваў нямецкаму журналісту інтэрвію, сказаў наступнае: «З чортам кроўю падпішу дамоўленасць, каб толькі яны далі мне зброю, і я змог бы бараніць Беларусь».
Скончыўшы медыцынскі факультэт Марбурскага ўніверсітэта, на ваенным караблі накіраваліся з жонкай у ЗША. Шчыра кажучы, хацеў ехаць у Аргентыну ці Аўстралію, аднак жонка, у якой у ЗША жыў дзядзька, настаяла.
Цікавая размова адбылася, калі мы ўжо заходзілі на карабель. Правяральшчык глядзіць у мой пашпарт і кажа: «Хто Вы па нацыянальнасці?» - «Беларус». Той здзіўляецца: «Дык беларусы ж сталіся вольным народам, вяртайцеся на радзіму». Я не губляюся: «А я камуністаў не люблю». Мне ў лоб: «Ты што, - фашыст?» - «Чаму ж, я - дэмакрат». Той зарагатаў: «Тады, канешне, праходзь - будзеш у ЗША за нашую дэмакратычную партыю галасаваць». У той час пры ўладзе былі рэспубліканцы...
У Амерыцы я працаваў па спецыяльнасці - доктарам-анестазіёлагам. Дачка Гелена нарадзілася, калі я яшчэ быў студэнтам у Нямеччыне. А сын Юзік з'явіўся на свет, калі мне было 44 гады! Я хацеў, каб ён таксама стаў лекарам, аднак сын выбраў іншы шлях - святарскі. Цяпер Юзік - знакаміты тэолаг, як місіянер нават да Беларусі дабраўся. Праўда, пратэстант.
Ёсць у мяне ўнукі, якіх я страшэнна люблю. У Фларыду перабраўся 15 гадоў назад: тут цудоўны клімат, цеплыня, мора. Дачка кажа, каб вяртаўся назад: «Буду цябе даглядаць». Аднак я і сам рады яшчэ даю, дый прызвычаіўся да Фларыды.
Прыехаўшы ў Дэтройт, адразу ж працягнулі нацыянальную справу. Мая жонка, якая раптоўна памерла ад раку, калі ёй было трохі больш за 50 гадоў, таксама была палымянай патрыёткай Бацькаўшчыны. Як і ўся яе інтэлігентная сям'я. Дарэчы, яе сястра яшчэ жыве ў Дэтройце, яна замужам за доктарам-беларусам Жывікам. Ведаеш, чалавеча, калі б я не быў у Дэтройце, ніхто б там не ведаў, што такое Беларусь, і хто такія беларусы. Справу сваю мы рабілі шчыра, самааддана, самаахвярна. Менавіта я заснаваў у Дэтройце праваслаўную парафію Святога Духа. Потым царкву напаткала бяда. Пра раскол у беларускім царкоўным жыцці сказана-пісана шмат, таму спыняць на ім увагу не буду. Скажу адно: я заўсёды падтрымліваў беларускую аўтакефалію. Яна, а не вуніяцтва, мусіць быць нашай нацыянальнай рэлігіяй. Дарэчы, мяне хацелі высвяціць на святара, асабліва пасля смерці жонкі. Высвяціўся б - мог разлічваць стаць япіскапам. Але ўмяшаліся справы палітычныя, і я сказаў «выбачайце». І добра, бо я не веру ў Святую Тройцу...
Шчыра кажучы, я не збіраўся займацца палітыкай. Аднак у 1982 г. мяне нечакана абралі на пасаду старшыні Рады БНР. Хоць былы старшыня Вінцэнт Жук-Грышкевіч мяне не любіў, галасы за мяне падалі 70 % дэлегатаў. Раней Жук-Грышкевіч зрабіў мяне сакратаром па справах ветэранаў, заўсёды казаў, што палітычна я - няпісьменны.
Пісьменны, няпісьменны, але ж кіраваў 15 гадоў. Час майго кіравання хтосьці ахрысціў «брэжнеўскім застоем», але, паверце, гэта хлусня. Калі сыходзіў, галасаваў супраць цяперашняй старшыні Івонкі Сурвілы, і яна пра гэта ведае - хацеў, каб маё месца заняў Рагуля. Калі яе выбралі, я сказаў: «Івонка, будзеш нашай Маргарэт Тэтчар». Лічу, што яна добра кіруе справамі: усюды піша, прамаўляе. Сваім найвялікшым дасягненнем я лічу візіт на Радзіму ў 1993 г., калі святкаваліся 75-я ўгодкі БНР. Ніколі не забуду гэтага гістарычнага моманту: я раблю прамову перад трыма тысячамі чалавек, усе скандуюць «Жыве Беларусь!» - і ў мяне цякуць слёзы... Ездзіў тады і ў Вільню, дзе адбыўся заклад магілы братоў Луцкевічаў. І ў Беларусі, і ў Літве за мной бегала прэса, усё пытала пра БНР. Я адказваў коратка: «Калі б не БНР, не было б БССР. Калі б не было БССР, не было б незалежнай Беларусі». Вось так, братка. Спаткаўся з нашымі адметнымі дзеячамі. Напрыклад, з Пятром Краўчанкам у добрым рэстаране пілі каньяк, з мітрапалітам Філарэтам. Апошні, дарэчы, абяцаў, што з цягам часу абавязкова пяройдзе на беларускую мову... Антыбеларускасць - страшэннае гора сучаснай Беларусі. Лукашэнка - хітры і здольны палітык. І сярод апазіцыі я сёння не бачу такіх жа здольных ды хітрых. Але ж, нягледзячы ні на што, Беларусь мусіць адрадзіцца.