Папярэдняя старонка: Палітыкі

Адольф Сегень 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 03-06-2024,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Зразумець Адольфа Сегеня // Запісы Інстытута імя братоў Луцкевічаў. Год III. Сшытак 3. Vilnius - Менск. 2023. С. 41-50.

Спампаваць




Зразумець Адольфа Сегеня

Пра Адольфа Сцяпанавіча Сегеня (1880-1943) вядома вельмі мала.

Раней гэтая асоба мяне асабліва не цікавіла, пакуль я не прачытаў ва ўводзінах да зборніка успамінаў габрэяў нашага горада наступнае: "Рэўкам у горадзе узначаліў беларускі камуніст Сегень (нарэшце - беларус). Сярод яго сябраў - паляк Калясінскі, член Рускай партыі эсэраў (камуністы яшчэ дзялілі ўладу з іншымі партыямі)" [10:38].

I хоць іншы аўтар піша, што кіраўніком ваенна-рэвалюцыйнага камітэта з'яўляўся бальшавіцкі эмісар Вацлаў Калясінскі [8:117], ужо тое, што яшчэ адзін камісар, Адольф Сегень, быў беларусам, не магло не зацікавіць. Калі Сегень беларус, дык варта ведаць як мага болей пра гэтага чалавека.

Юзаф Дзічканец у сваёй працы "Самаабарона Лідскай зямлі" паведамляе, што паходзіў А. Сегень з вёскі Вінькаўцы [8:96]. Асобна адзначым, што Сегені - лідская шляхта.

На пачатку XX ст. А. Сегень пазнаёміўся з Іванам Луцкевічам, i гэтае знаёмства ў немалой меры вызначыла яго далейшае жыццё. Вось як ён сам пісаў пра гэта ў 1920 годзе:

"Пазнаёміўся я [з I. Луцкевічам] неяк на вёсцы ў 1904 ці [190] 5 року як з сяўцом сацыялістычнае навукі. I так прывязала мяне гэта, што ў роднай мове i зразумела паясьняў. A калі да гэтага перагледзіў усе рэчы, сабраныя ім на Беларусі, адбіваючыя аблічча беларуса, то так прывязаўся, што нявольна, бываючы ў Вільні, стараўся заўсёды пабачыць і, пачуўшы слова падмогі, з радасьцю адходзіў, веручы у лепшую будучыну" [6:41].

А. Сегень быў у ліку тых беларусаў, якія праводзілі I. Луцкевіча на лячэнне ў Закапанэ. Вярнуцца на Бацькаўшчыну сейбіту сацыялістычнае навукі наканавана не было.

Можна прачытаць i пра сяброўства А. Сегеня з Янкам Купалам [5:58].

Вось першая знойдзеная мною згадка пра А. Сегеня ў друку: "У снежні 1906 г. у Лідзе быў створаны сельскагаспадарчы гурток ("kółko rolnicze"), заснавальнікамі яго сталі: Міхал Шымялевіч, Адольф Сегень, Ян Грышэль i інш."[9].

Сегень толькі на адзін год маладзейшы за лепшага лідскага гісторыка XX ст. Міхала Шымялевіча, i можна выказаць здагадку, што ён сябраваў з Шымялевічам, бо разам з ім вучыўся ў Лідскім павятовым вучылішчы.

У 1913 г. Адольф Сегень адзіны раз фігуруе у віленскай памятнай кніжцы як майстар гліна-саламяных дахаў, пясчанабітных, глінабітных i саманных пабудоў [7:40],

У нас няма звестак аб жыцці А. Сегеня ў час нямецкай акупацыі Лідскага павета. Вядома, што ў ноч з 27 на 28 снежня 1918 г. часткі нямецкіх войскаў пакінулі Ліду, a 3 студзеня 1919 г. - i ўвесь Лідскі павет. Менавіта назаўтра пасля выхаду немцаў з Ліды (29 снежня 1918 г.) i паўстаў рэвалюцыйны камітэт [8:95-96], Лідскі рэвалюцыйны камітэт узяў пад кантроль гарадскую электрастанцыю, тэлефонную i чыгуначную станцыі, будынак вакзала i склады.

6 студзеня 1919 г. у Ліду ўвайшла Чырвоная армія, i ў той самы дзень у горадзе другі раз сабраўся з'езд польскіх прадстаўнікоў павета. Прыбыўшы ў залу пасяджэнняў у суправаджэнні некалькіх узброеных чырвонаармейцаў, камісар катэгарычна засведчыў, што ўлада ў горадзе ўжо належыць Саветам i ад імя гэтай улады зараз жа распусціў з'езд. Назаўтра ў бюро павятовай польскай Нацыянальнай Рады з'явіліся пасланцы рэўкама на чале з А. Сегенем i забралі ўсе дакументы павятовай управы. Воляй рэўкама польская Нацыянальная Рада была распушчана [8:106],

25 студзеня 1919 г. старшыня ўраду БНР Антон Луцкевіч, які ў той час знаходзіўся ў Горадне, занатаваў у сваім дзённіку: "У "Echo" надрукована вестка з Ліды, што там у мамэнт адходу немцаў польскія паны i ксяндзы ўстроілі з'езд "камітэтаў парахвіяльных", каторы пастанавіў далучыць Лідчыну да Польшчы, завясьці польскія школы i польскую ўрадовую мову. У гэты мамэнт "прадстаўнік Тарыбы" - як відаць, наш Сегэнь - увёў у салю атрад чырвонай арміі i з'езд разагнаў. Цікава i характэрыстычна!" [1:арк. 37адв.]

Газета памылілася. Сегень, вядома ж, не быў прадстаўніком Літоўскай Тарыбы. У снежні 1918 г. міністр беларускіх спраў Літвы Язэп Варонка прызначыў камісараў у беларускія паветы Літоўскай Рэспублікі. Камісарам Лідскага павета стаў Е. Пашкевіч [3]. Ю. Дзічканец пісаў:

"Беларусы i літоўцы таксама не драмалі. Яшчэ перад тым, як [польская] Самаабарона пакінула Ліду, у Нацыянальную Раду прыбыў прадстаўнік літоўскай Тарыбы з мэтай наладжвання сувязяў i каб схіліць жыхароў Ліды на літоўскі бок.

Спроба гэтая цалкам не ўдалася. Пасланец, атрымаўшы адмову Нацыянальнай Рады, вымушаны быў пакінуць Ліду" [8:97], Пэўна, размова ішла якраз пра Е. Пашкевіча.

Калі Чырвоная армія прыйшла ў Ліду, бальшавікі прыступілі да арганізацыі ўлады ў горадзе. Перш за ўсё яны рэарганізавалі мясцовы рэвалюцыйны камітэт, у якім галоўныя пасады занялі прыезджыя, a тутэйшыя Сегень i Калясінскі былі прызначаны на другарадныя пасады. Сегень заняў пасаду камісара земляробства, a Калясінскі - фінансаў.

У працы Ю. Дзічканца занатавана i такое: "Трэба... адзначыць, што, нягледзячы на тое, што адбыліся вялікія перамены, у Рэвалюцыйным Камітэце i надалей вялікую ролю адыгрывалі тутэйшыя габрэі Падземскі i Шыфмановіч, якія потым разам з Калясінскім, перад тым, як польскія войскі занялі Ліду, уцяклі ў Расію" [8:108],

Той жа Ю. Дзічканец прыводзіць цікавы факт, які выдатна характарызуе А. Сегеня як чалавека. У канцы снежня 1918 г. паручнік польскай самаабароны Эразм Рудзецкі, не ведаючы, што атрады польскай самаабароны ўжо пакінулі Ліду, з'явіўся ва ўніформе ў Ліду i быў затрыманы міліцыянерамі-габрэямі, якія забралі ў яго зброю i прывялі ў рэўкам. Рэўкам некалькі дзён разбіраў справу Рудзецкага. Дзічканец паведамляе: "Пасля некалькіх супярэчлівых рэзалюцый (габрэі былі за расстрэл) дзякуючы ўмяшанню члена рэўкама Сегеня пастанавілі яго [Рудзецкага] адпусціць i пад эскортам адвезці да месца пражывання з той умовай, што ён [падпіша абавязацельства поўнага падпарадкавання бальшавіцкай уладзе, што праз тры дні з'явіцца ў Рэвалюцыйны Камітэт, што не ўступіць у польскія атрады пад пагрозай страты маёмасці i расстрэлу яго сям'і, якая жыве ў маёнтку Шынкаўшчына. Па дарозе да маёнтка паручнік Рудзецкі зваліў у прыдарожны роў п'янага чырвонаармейца, які яго эскартаваў, забраў у яго карабін, a сам уцёк праз Мыто i Ваверку ў Васілішкі, дзе, як даведаўся па дарозе, павінны былі затрымацца атрады лідскай Самаабароны. Толькі на адлегласці 5 км на поўдзень ад гэтага мястэчка, у маёнтку Гурнофель, далучыўся да сваіх" [8:125-126].

Як бачым, А.Сегень уратаваў жыццё чалавека, бо быў ён "нетыповым" камуністам і, пэўна, не жадаў распальваць полымя грамадзянскай вайны, што не можа не выклікаць павагі да нашага лідзяніна.

У 1920 г. мы бачым Сегеня пад № 50 у спісе "беларускіх работнікаў у Вільні i ваколіцах" [2:1000]. Гэта значыць, што ён не пабаяўся застацца на радзіме. У 1920-х гг. ён пэўны час жыў у Вільні.

За сваю рэвалюцыйную дзейнасць А. Сегень быў асуджаны польскай уладай. 3 газетнай інфармацыі 1925 г. даведваемся пра лёс лідскага камуніста:

"22.Х. у апэляцыйным судзе разглядалася справа грам. Сегэня Адольфа, якога акружны суд засудзіў на вечную катаргу за нібы "дзяржаўную здраду" ў 1918 г. у Лідскім павеце, калі там ня было ніякае ўлады ані войска, ды ня былі ўстаноўлены падставы польскага падданства. Баранілі яго адвакаты Міцкевіч, Нэйман, Чэрніхаў i Сьмароўскі [1] (з Варшавы). На судзе справа Сегэня была адложана, каб выклікаць 12 яго сьведкаў" [4].

У 1932 г. Адольф Сегень i яго жонка Браніслава Францаўна Сегень (у дзявоцтве Борыс; нарадзілася ў 1893 г.) сталі бацькамі. У ix з'явілася дачка Ганна. Такім чынам, можна лічыць, што не пазней за 1931 г. Адольф Сегень быў ці то апраўданы, ці то памілаваны i выйшаў на волю.

Тут трэба зазначыць, што А. Сегень быў беззямельны. Ажаніўшыся, ён пайшоў на жончыну гаспадарку i жыў у вёсцы Колышкі, што пад Лідаю.

Адольф Сегень меў двух сыноў i дзвюх дачок. Вядома, што Сегенева дачка Ганна (†1995 г.) была замужам за Кліменціем Пятровічам Гаўрошам, 1924 года нараджэння. Яна выкладала нямецкую мову ў Ганчарскай сярэдняй школе. Вучні яе вельмі паважалі [5:58]. Другая дачка - Зоя Адольфаўна - у замустве мела прозвішча Генцэвіч.

Калі ў 1939 г. пачалася нямецка-польская вайна, А. Сегеня зноў арыштавалі. A калі прыйшлі "першыя Саветы", ён выйшаў на волю. У той час Адольф Сегень вельмі цікавіўся гісторыяй Беларусі i новай савецкай літаратурай. 3 1941 г., пасля прыходу немцаў, ён супрацоўнічаў з партызанамі. Адольфа Сегеня выдалі ў 1943 г. Яго забілі падчас налёту ў

вёсцы Пяцюлеўцы, што пад Лідай. Хто забіў: немцы, акаўцы? Невядома.

***

Але вернемся ў 1918-1919 гг., калі яшчэ нічога не было ясна. Паглядзім на палітычную сітуацыю ў Беларусі праз запісы аўтарытэтнай асобы ў беларускім руху таго часу, старшыні ўрада БНР Антона Луцкевіча. Чалавека левых перакананняў, але не камуніста.

Палітычная раўнавага ў той час не толькі ў былой Расійскай імперыі, але i ў Германіі хуткімі тэмпамі змяшчалася ў левы бок. Калі на пачатку 1917 г. партыя рускіх кадэтаў лічылася вельмі левай, дык пры канцы таго ж года у шырокіх народных масах кадэты пачалі лічыцца рэакцыянерамі i таму практычна перасталі існаваць як палітычная сіла. Тое самае адбывалася ў Беларусі i Украіне. Нашы "правыя" дзеячы БНР (такія, як Раман Скірумунт ці Кіпрыян Кандратовіч) гублялі палітычны грунт пад нагамі. На палітычную арэну стыхійна выходзілі народныя масы, якія пасля стагоддзяў прыгнёту патрабавалі сацыяльнай справядлівасці ў тым выглядзе, як яны яе разумелі.

31 снежня 1918 г. Луцкевіч занатаваў у дзённіку:

"Па абедзе прыехалі цікавыя госці: Цярэшчанка, ваўкавыскі камісар, яго памочнік Горык, старшыня ваўкавыскай рады сялянскіх дэпутатаў Данілюк i старшыня беларускай рады ў Ваўкавыску - Маеўскі. Яны павялі арганізацыю па сыстэме савецкай, хоць самі зусім не бальшавікі [2] , мо пры гэткай сыстэме ўдзержацца на прыход бальшавікоў. Выпусьцілі адозву..., якой не паўстыдаюцца i бальшавікі. Гэта вызвала ў нашай грамадцы даволі гарачыя i вострыя споркі аб тактыцы. Запраўды, прарочыць трудна, але спадзеючыся бальшавікоў, тактыка бальшавікоў ваўкавыскіх беларусаў можа быць найлепшая" [1:арк. 6адв.-7].

На наступны дзень старшыня ўраду запісаў:

"Па абедзе ў мяне адбылася нарада прадстаўнікоў "саветаў" ваўкавыскага, гродзенскага i плянцкага (шчучынскага). Паднялася гутарка аб вышэйшай уласьці i аб інструкцыі для валасных i паветовых рад (саветаў). (...) У справе інструкцыі ўсе зышліся на тым, што цяпер ядыная форма арганізацыі - гэта "савецкая" [1:арк. 8-8адв.].

Ці вось запіс ад 12 студзеня 1919 г.: "Нашы гродзенскія беларусы прынімаюць тактыку савецкую" [ 1 :арк. 21].

Як бачым, на месцах самакіраванне само па сабе, без усялякіх бальшавікоў, усталёўвалася ў савецкай форме.

У запісах А. Луцкевіча звяртаюць увагу на сябе словы "наш Сегень". З гэтага можна зрабіць выснову, што Адольф Сегень быў з тых сябраў Беларускай Сацыялістычнай Грамады, якія ў 1917-1918 гг. перайшлі на бальшавіцкія пазіцыі.

Зусім лагічна дапусціць, што ім кіравала пачуцьцё сацыяльнай справядлівасці. Можна сцвярджаць, што i ў адносінах да палякаў i польскай улады ў нашым народзе таксама перамагалі не нацыянальныя падыходы, a сацыяльныя. 7 студзеня 1919 г. Антон Луцкевіч заўважыў:

"Ранічныя газэты... прынесьлі вестку аб заняцьці Вільні большэвікамі. Пры іншых варунках гэта вызвала-бы агульны сум, - але цяпер мы шчыра цешымся: бо гэта - ядыны ратунак ад польскага панаваньня. Болыпэвізм (ведама, калі ён не запануе на ўсенькім сьвеце, a на гэта, здаецца, йшчэ рана!) можна прыраўнаваць да дзіцячай хваробы - одры, або іншай, на якую дзіця павінна перахварэць, але пасьля ад яе сьледу не астаецца. Наадварот: калі-б хоць на нейкі час у нас запанавалі палякі, дык гэта хвароба, як пранцы, ўелася-бы ў кроў i косьці нашага народу аж да дзясятага пакаленьня" [1:арк. 14адв.]. Далей палітык прадбачліва лічыць: "Здаецца, што болыпэвізм не прападзе, як іншыя думаюць, не разьвеецца, як дым, a толькі перажыве сур'ёзную эволюцыю. A калі пад гэты час маскоўшчына залье i ўсю Беларусь, i ўсю Літву, i Балтыку, - дык якімі прымусовымі крокамі entente i немцы маглібы разьвязаць гэту ўнутраную справу Расеі ў кірунку незалежнасьці? Шансы на незалежнасьць можа мець яшчэ Украіна, калі адбароніцца ад большэвікоў, бо ў ей ужо ёсьць аружная сіла i арганізацыя, з якой можна пачаць будаваньне гасударства. Але тады, раз Расея ўтраціць палудзень i Чорнае мора, дык напэўна ад яе не адрэжуць Балтыцкага. Можа быць гутарка аб фэдэрацыі, аўтаноміі i т. д." [1:14адв-15].

Бальшавізм i насамрэч будзе ісці да свайго канца праз унутраную трасфармацыю, але для гэтага будуць патрэбныя болып за 70 гадоў i мільёны жыццяў. A вымушаная федэрацыя ў рамках СССР стане адзіна магчымай формай хоць уяўнай, але дзяржаўнасьці.

Антон Луцкевіч лічыў, што "большэвізм у Польшчы, здаецца, немінучы!" [1:20адв.], - i памыліўся. У Польшчы нацыянальныя ідэя аказалася мацнейшай, чым сацыяльная барацьба, што i выратавала Польшчу [3] . Але на нацыянальную польскую ідэю больш доўгі час працавалі лепшыя інтэлектуальныя сілы гэтай нацыі, прыгадаю толькі геніяльнага Адама Міцкевіча ці нобелеўскага лаўрэата 1905 г. па літаратуры Генрыка Сянкевіча. Нічога нават падобнага на тагачасны польскі культурны фундамент беларусы не мелі.

17 студзеня 1919 г. старшыня ўраду БНР даведаўся, што ў Мінску бальшавікі аб'явілі Беларускую рэспубліку. Гісторыя не ходзіць у адваротным кірунку i таму справа айцоў БНР была працягнутая нават варожымі да беларускасці расійскімі бальшавікамі, які падабралі для гэтага мясцовых камуністаў - сапраўдных беларусаў, - такіх, як наш Адольф Сегень. Зноў працытую запіс Луцкевіча:

""Наше утро" надрукавала першыя два прыказы галавы савецкага ураду Беларусі Жылуновіча... Аб Жылуновічу (Цішка Гартны), сколькі яго знаю, можна сказаць, што ён перш беларус, a пасьля большэвік... Усё-ж гэта наша вялікая пабеда: ўсё праводзіцца паводлуг рацэпту, аб якім я ў Кіеве трактаваў з Ракоўскім. Тады - пасьля 6-7 гутарак па 2-3 гадзіны кожная - Раковскі формулаваў магчымую ўгоду на гэткіх трох асновах: прызнаньне незалежнасыді Беларусі, адначаснае апавешчаньне фэдэрацыі з савецкай Расеей i ўвядзеньне ў Беларусі савецкай констытуцыі. Усё гэта i праведзена большэвіцкім маніфэстам i першымі двума прыказамі Жылуновіча" [1:29адв.].

I праз некалькі дзён:

"Ідэя Беларускай рэспублікі, як бачым, можа сьвяткаваць поўную пабеду. Аб ей гавораць, за яе абяцуюцца бароцца тыя, хто йшчэ ўчора бароўся проці яе! I тыя-ж большэвікі, каторыя разганялі ўсебеларускі з'езд у сьнежні 1917 году, аб'явілі незалежную савецкую Беларусь у фэдэрацыі з Расеяй, a да ўраду яе ўвялі Жылуновіча, Дылу, Фальскага, Чэрвякова i іншых праўдзівых беларусаў, часьцю ўчасьнікаў таго-ж разагнанага конгрэссу!

Праўда, большэвікі пераконаны, што яны гэтак умацовываюць панаваньне большэвіцкай ідэі. Але яны шмат памыляюцца..." [1:арк. 38адв.].

Дадам, што ўсе нацыянал-камуністы будуць рэпрэсаваныя i большасць з ix расстраляныя бальшавікамі. Такі лёс беларусаў...

18 студзеня 1919 г. старшыня ўраду БНР Антон Луцкевіч запісаў: "Усё ж гэты бальшавізм - сіла: ён яшчэ не хутка разваліцца, калі яму суджана разваліцца. Бальшавікі ідуць на ўступкі, на "соглашательство". Ленін заяўляе, што трэба змяніць фронт у аграрнай справе i абаперціся на сярэдняй сялянскай гаспадарцы - зусім мая праграма!" [1 :арк. 3Іадв.].

I надзвычай цікавы дзённікавы запіс старшыні ўраду ад 22 студзеня 1919 г.:

"Радзівіліха проці ўсялякіх антыбольшэвіцкіх выступленьняў, стаіць за еднасьць з Расеей, хоць i большэвіцкай, i проці ўсялякага збліжэньня з Польшчай [1:арк. 36]".

Радзівіліха - гэта княгіня Магдалена Радзівіл, якая паходзіла з сям'і графа Завішы-Кежгайлы. Пасля смерці першага мужа - графа Людвіка Красінскага - выйшла замуж за князя Мікалая Радзівіла. Падтрымлівала беларускі рух, за яе грошы надрукаваны першыя кнігі Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло, Максіма Гарэцкага i іншыя выданні. Больш далёкага ад бальшавікоў чалавека, чым княгіня Радзівіл, i ўявіць сабе немагчыма!

Закончу цытаванне надзвычай цікавага дзенніка Антона Луцкевіча гэтым запісам:

"Праўда, у "совдэпскай" часьці нашага Краю праводзіцца ў жыцьцё йшчэ адзін з нашых палітычных лозунгаў: аб'еднаньне Беларусі з Літвой. Але праводзіцца гэта чужымі нам рукамі - жыдамі i маскалямі - ў імя інтарэсаў савецкага ураду!

Польшча суліць нам унію. Але хто можа верыць, каб наш народ запраўды прыстаў на яе? Нават між тымі абаламучанымі беларусамі-каталікамі, якія ўжо называюць сябе "палякамі", пасьля хвалебных гымнаў для пана i ксяндза пачуеш прыцішаным голасам сказанае пытаньне: "Паночку, a ці скора прыдуць "яны"?" - "На што-ж вам "яны"? - "Бо зямлі нам дадуць."...

Большэвізм у нас немінучы, як, здаецца, немінучы ён i ў Польшчы. I чым хутчэй наш народ перапаліцца ў яго агні, тым лепш: тым хутчэй пачнецца творская работа - будаваньне новай будучыны, дзе народ запраўды будзе гаспадаром на сваей зямлі" [1:арк. 54-54адв.].

Трэба сказаць, што Антон Луцкевіч добра прадчуваў будучыню. Людзі такога высокага гатунку, як ён, не часта нараджаюцца сярод любога народа.

На гэтым можна было б закончыць, гэтага дастаткова, каб зразумець Адольфа Сегеня. Але, пры канцы, параўнаем яго з яшчэ адной вельмі вядомай асобай.

Яшчэ ў 1904 г. Юзаф Пілсудскі заснаваў Баявую арганізацыю Польскай сацыялістычнай партыі i, у адрозненні ад нашага Адольфа Сегеня, быў сапраўдным баевіком. 26 верасня 1908 г. пад кіраўніцтвам Пілсудскага, на станцыі Безданы, недалёка ад Вільні, быў абрабаваны паштовы цягнік. Група нападнікаў складалася з дваццаці чалавек: шаснаццаці мужчын i чатырох жанчын. Сярод ix была будучая другая жонка Юзафа Пілсудскага Аляксандра Шчарбінская i трое будучых прэм'ер-міністраў Польшчы - Томаш Арцішэўскі, Аляксандр Прыстар, Валеры Славэк - ды іншыя вядомыя дзеячы будучай Польскай Рэспублікі [4] . Перш чым ахова цягніка спыніла супраціў, быў забіты адзін i паранена пяцёра салдат аховы. Баевікі ўзарвалі дынамітам паштовы вагон i сейфы ў ім, пераклалі грошы ў мяшкі i ўцяклі. Экспрапрыяваная сума склала 200 812 рублёў 61 капейку - гіганцкія на той час грошы [5] .

Заснавальнік Польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі казаў пра сябе : "Я сышоў з цягніка "сацыялізм" на станцыі "незалежнасць"". I ўвайшоў у гісторыю, як чалавек які стварыў незалежную Польшчу a ў 1920-м спыніў наступ "бальшавіцкіх орд" на Еўропу.

A наш Сегень нікуды i не выходзіў - ён усе жыццё пражыў на станцыі Беларусь.

КРЫНІЦА I ЛІТАРАТУРА

1. Lietuvos mokslą akademijos Vrublevskiij biblioteka. Rankraśćiij skyrius. - F. 21. - Vnt. 319.

2. Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі / уклад. С. Шупа. - Т. 1. - Кн. 2. - Вільня-Менск-Нью-Ёрк-Прага, 1998.

3. Homan. - 1918. - 18 śnieżnia. - № 99.

4. Жыцьцё Беларуса. - 1925. - 4 лістапада. - № 17.

5. Лідскі Летапісец. - 2021. - № 1 (93).

6. Пра Івана Луцкевіча: успаміны, сьведчаньні. - Мінск: Кнігазбор, 2007.

7. Памятная книга Виленской губернии. - Вильна, 1913.

8. Dziczkaniec J. Samoobrona Ziemi Lidzkiej. - Lida: Nakładem wydawnictwa "Ziemi Lidzkiej", 1938.

9. Kuryer Litewski. - 1906. - 5(18) grudnia. - № 276.

10. Sefer L. Former residents of Lida in Israel and the Committee of Lida Jews in USA. - Tel-Aviv, 1970.



[1] Насамрэч Смяроўскі (Śmiarowski) Эўгеньюш, адвакат, які ў 1928 г. бараніў беларускіх паслоў на Сойм Польскай Рэспублікі на працэсе Беларускай Сялянска- Работніцкай Грамады.

[2] Нагадаем, што старшыня Ваўкавыскай рады сялянскіх i рабочых дэпутатаў, слуцкі паўстанец Хведар Данілюк (1877-1960) меў духоўную адукацыю. Пазней ён стане праваслаўным святаром, будзе пераследаваны польскімі ўладамі за супраціў паланізацыі Праваслаўнай Царквы, будзе ў ліку святароў, якія выступалі за аўтакефальную Беларускую Царкву, a па вайне стане душпастырам на эміграцыі.

[3] Праўда, Польшча дзякуючы падтрымцы Францыі, Злучаных Штатаў, Украінскай дзяржавы ўнікла камунізму на нейкі час, але дзеля мноства ўнутраных i вонкавых прычын усё ж мусіла перапаліцца ў гэтым агні. Польскі камунізм быў значна мякчэй- шы, чым камунізм у Беларусі, асабліва ва ўсходняй частцы нашай краіны. Луцкевіч меў рацыю, калі пісаў, што "болыпэвізм, пасоўваючыся на заход, шмат зьмяняе свае формы i перажывае глыбокую эвалюцыю".

[4] У Польшчы гэтую аперацыю называюць akcją czterech premierów; бо тут улічваецца яшчэ i сам Пілсудскі.

[5] Сума, якая адпавядала б сёння прыкладна сямі мільёнам даляраў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX