Ён быў першым кіраўніком вызваленай Ліды
У кнізе - хроніцы "Памяць. Лідскі раён" можна знайсці Акт надзвычайнай камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка - фашысцкіх захопнікаў на Лідчыне , складзены якраз пасля вызвалення Лідчыны ад акупантаў . Сярод тых , хто падпісаў гэты акт , - першы сакратар Лідскага гаркаму партыі Рыгор Аляксандравіч Сідарок . Што ведаем мы аб першым кіраўніку вызваленай Ліды ? У той жа кнізе "Памяць" звестак пра яго няма , ды і працаваў Рыгор Сідарок у Лідзе ўсяго паўгода. Аднак працоўны шлях гэтага чалавека варты таго, каб лідзяне больш ведалі пра яго. Гэты матэрыял дае чытачу магчымасць падрабязна пазнаёміцца з біяграфіяй Рыгора Аляксандравіча Сідарка, чыя плямянніца - Алеся Аляксандраўна Бурак - жыве ў нашым горадзе (адрыўкі з успамінаў Алесі Аляксандраўны аб сваім дзядзьку выкарыстаны пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу, побач з дакументальнымі звесткамі і газетнымі публікацыямі).
Рыгор Аляксандравіч Сідарок родам з Усходняй Беларусі. Нарадзіўся 16 лістапада 1902 года ў вёсцы Варацец Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Рыгор быў адным са старэйшых дзяцей у шматдзетнай сялянскай сям'і Сідаркоў (у сям'і было дванаццаць дзяцей, Рыгор быў трэцім). Маці Рыгора Сідарка, Ульяна, пражыла амаль сто гадоў, пахавана ў Варатцы (зараз гэта Чарнобыльская зона адсялення).
Свой працоўны шлях Рыгор Сідарок пачаў з дзіцячых гадоў пастухом. Да рэвалюцыі і ў першыя гады савецкай улады батрачыў на кулакоў. З траўня 1924 па лістапад 1926 года праходзіў службу ў радах Чырвонай Арміі. У 1925 годзе скончыў палкавую школу і стаў камандзірам аддзялення 98-га стралковага палка 33-й стралковай дывізіі, якая размяшчалася ў горадзе Стары Быхаў. Пасля заканчэння службы ў Чырвонай Арміі Рыгор Аляксандравіч Сідарок заняты на розных участках савецкай і гаспадарчай работы.
Некаторы час працаваў у роднай вёсцы Варацец загадчыкам хаты-чытальні. Паўтары гады быў міліцыянерам у горадзе Рэчыца Гомельскай вобласці. На працягу трох гадоў у тым жа горадзе Рэчыцы працаваў на лесапільным заводзе памочнікам рамшчыка. Са жніўня 1931 года Рыгор Сідарок - член КПСС, з 1932 года знаходзіцца на партыйнай рабоце. Паўтары гады з'яўляўся студэнтам і сакратаром парткаму саўпарт-школы горада Гомеля.
Пастух, парабак, чырвонаармеец, міліцыянер, рабочы, студэнт. Такімі былі першыя ступені працоўнага шляху Рыгора Аляксандравіча Сідарка, сялянскага сына з хойніцкай вёскі Варацец, якія паспрыялі яго далейшаму кар'ернаму росту, сталі для яго школай гарту.
* * *
Пасля заканчэння ў 1934 годзе Гомельскай саўпартшколы Рыгор Сідарок знаходзіцца на партыйнай рабоце ў горадзе Дрыса Віцебскай вобласці: з'яўляецца загадчыкам парткабінета Дрысенскага РК КПБ, у 1935-1937 гадах - палітруком і старшынём райсавета Асаавіяхіма, у 1938 годзе - інструктарам Дрысенскага РК КПБ. У 1929, 1933, 1935 і 1937 гадах прызываўся на 45-дзённыя зборы ў якасці палітрука. З верасня 1938 па люты 1939 года Рыгор Сідарок - слухач курсаў вышэйшай школы ЦК КПБ у Менску. Пасля курсаў некалькі месяцаў працуе загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі РК КПБ горада Ветрына Віцебскай вобласці, а з ліпеня 1939 года з'яўляецца інструктарам ваеннага аддзела ЦК КПБ у Менску.
З успамінаў лідзянкі Алесі Аляксандраўны Бурак пра свайго дзядзьку Рыгора Аляксандравіча Сідарка
Я вельмі добра памятаю свайго дзядзьку, старэйшага брата маёй маці, Сідарка Рыгора Аляксандравіча. Ён часта са сваёй жонкай Аляксандрай (першая жонка Рыгора Сідарка, загінула ў першы год Вялікай Айчыннай вайны - заўв. аўтара) прыязджаў да нас у Дукору з Менска (гэта 40-45 км ад сталіцы), дзе працаваў інструктарам ЦК КП(б)Б. Прыгожы, валатоўскага складу, ён заўсёды добразычліва адносіўся да нашай сям'і, асабліва любіў дзяцей, якіх у маіх бацькоў было чацвёра. Вясёлы, жартаўлівы. Ні то жартам, ні то ўсур'ёз гаварыў: "Аддайце нам старэйшую, навошта вам гэтулькі дзяўчат!" Старэйшай дзяўчынкай у сям'і была я. Дзядзька Рыгор з жонкай не мелі дзяцей, хаця пражылі разам нямала.
Бывала, дзядзька разам з маім бацькам вып'юць па чарцы і заспяваюць сваю любімую: "Ты не вейся, черный ворон, над моею головой. Ты добычи не добьешься, черный ворон, я не твой". Спявалі напярэдадні вайны, а ў 1941 годзе, у першыя дні вайны, бацька загінуў. Яго звалі Алесь Сцяпанавіч. У 1941 годзе ён быў старшым палітруком на зборах ля Берасця.
У 1939 годзе Рыгор Сідарок зноў быў прызваны ў Чырвоную Армію, дзе быў адказным сакратаром партбюро асобнага зенітнага артылерыйскага дывізіёна. Прымаў удзел у вызваленні ў верасні 1939 года Заходняй Беларусі. З тае пары яго лёс на доўгія гады быў звязаны з заходнебеларускай зямлёй. У 1940 годзе загадам народнага камітэта абароны Рыгору Аляксандравічу Сідарку было прысвоена вайсковае званне "старшы палітрук".
Са студзеня 1940 па чэрвень 1941 года Рыгор Сідарок займае пасаду першага сакратара Івянецкага райкаму КПБ (мястэчка Івянец Баранавіцкай вобласці). У студзені-лютым 1941 года 45-дзённы збор вайсковай падрыхтоўкі кіраўнічых работнікаў партыйных камітэтаў. У Івянцы, на пасадзе першага сакратара райкаму партыі, і застала Рыгора Аляксандравіча Вялікая Айчынная вайна. У складаных умовах вераломнага нашэсця нямецкіх акупантаў сакратар райкаму многае зрабіў, каб папярэдзіць паніку сярод людзей, адправіць сем'і савецкіх службоўцаў і важныя дакументы на Усход, падрыхтаваць насельніцтва да руху супраціўлення. І праз некаторы час нямецка-фашысцкія захопнікі адчулі ўдары патрыётаў.
* * *
Летам 1941 года Рыгор Аляксандравіч Сідарок быў упаўнаважаным ЦК КПБ на Цэнтральным фронце. На фронце, пад горадам Клімавічы, у жніўні 1941 года быў лёгка паранены ў бок і цяжка паранены ў левую нагу. Некалькі месяцаў знаходзіўся на лячэнні ў шпіталі горада Жалезнаводска.
У 1942 годзе Рыгор Сідарок знаходзіцца ў распараджэнні ЦК КПБ у Маскве. Вярнуўшыся на часова акупаваную нямецка-фашысцкімі войскамі тэрыторыю Беларусі, вядзе адказную партыйную работу. 15 снежня 1942 года ЦК КП(б)Б зацвердзіў Рыгора Аляксандравіча Сідарка адным з памочнікаў упаўнаважанага ЦК КП(б)Б па Баранавіцкай вобласці (цяпер гэта ў асноўным Гарадзенская вобласць). Адпраўка ўпаўнаважанага і яго памочнікаў у тыл ворага, аднак, затрымалася да сакавіка 1943 года. У 1943-1944 гадах Рыгор Сідарок - памочнік упаўнаважанага ЦК КПБ і Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР), сакратар падпольнага райкаму КПБ, камандзір злучэння партызанскіх брыгад і атрадаў па Баранавіцкай вобласці і выканавец абавязкаў сакратара падпольнага абкаму партыі. Падпольная мянушка Рыгора Аляксандравіча Сідарка - Дубаў.
У сакавіку 1943 года сакратар абкама КП(б)Б В. Я. Чарнышоў і члены абкама партыі Я. Д. Гапееў (пазней - ганаровы грамадзянін горада Ліды), Р. А. Сідарок і С. П. Шупеня самалётам былі накіраваны ў тыл праціўніка ў Баранавіцкую вобласць. Прыбыўшы на месца, у Налібоцкую пушчу, дзе знаходзіўся штаб партызанскага руху вобласці, яны пачалі дзейнічаць як падпольны абкам КП(б)Б. 19 сакавіка 1943 года ЦК КП(б)Б зацвердзіў замест бюро склад Баранавіцкага абкаму КП(б)Б. Адным з членаў абкама быў зацверджаны Р. А. Сідарок (былы сакратар Івянецкага райкама партыі). Друкаваным органам Баранавіцкага падпольнага абкаму КП(б)Б была газета "Чырвоная звязда".
Адначасова ЦК КП(б)Б прыняў прапанову аддзела кадраў ЦК КП(б)Б, Баранавіцкага абкаму партыі і Беларускага штаба партызанскага руху аб арганізацыі ў Баранавіцкай вобласці васьмі міжраённых партыйных цэнтраў, якія павінны былі ўяўляць сабою органы па кіраўніцтву падпольнай партыйнай работай і партызанскім рухам у замацаваных за імі раёнах вобласці. Узначальваць міжрайпартцэнтры павінны былі ўпаўнаважаныя ЦК КП(б)Б і БШПР па гэтых групах раёнаў. Івянецкі міжрайпартцэнтр, які прыступіў да працы 14 красавіка 1943 года, узначаліў Рыгор Аляксандравіч Сідарок. У зону яго дзейнасці па кіраўніцтву партыйнай работай і партызанскім рухам уваходзілі Валожынскі, Івянецкі, Ляхавіцкі (па жнівень 1943 года), Мірскі і Стаўбцоўскі (па 2 кастрычніка 1943 года) раёны Баранавіцкай вобласці.
У красавіку 1943 года члены падпольнага абкаму КП(б)Б Я. Д. Гапееў, Р. А. Сідарок і С. П. Шупеня прыступілі да выканання абавязкаў кіраўнікоў Лідскага, Івянецкага і Шчучынскага міжрайпартцэнтраў. Паплечнікамі Рыгора Аляксандравіча Сідарка па падпольнай рабоце былі таксама Р. Ф. Фамічоў (пазней - сакратар Лідскага гаркаму партыі), А. Г. Глухараў (пазней - старшыня Лідскага гарвыканкаму). Адметна, што Рыгор Аляксандравіч Сідарок змагаўся супраць акупантаў у адным шэрагу з вядомым на Лідчыне важаком народных мсціўцаў Яфімам Данілавічам Гапеевым. Першы ўзначальваў Івянецкае партызанскае злучэнне, другі - Лідскае. Абодва гэтыя фармаванні знаходзіліся ў Налібоцкай пушчы, часта ўзаемадзейнічалі ў падрыхтоўцы баявых аперацый.
Дарэчы, у Налібоцкай пушчы Рыгор Сідарок пазнаёміўся са сваёй будучай другой жонкай - партызанскай радысткай Нінай Васільеўнай Ізергіной. Радыстка Ніна разам з Рыгорам Сідарком была закінута ў тыл ворага ў Налібоцкую пушчу.
Пушчанскія салдаты Івянецкага партызанскага злучэння разам з народнымі мсціўцамі Лідскай і Стаўбцоўскай зон цесна ўзаемадзейнічалі ў змаганні супраць акупантаў, знішчаючы іх жывую сілу і тэхніку. Івянецкае партызанскае злучэнне ўваходзіла ў зону дзейнасці Івянецкага міжрайпартцэнтра, які па даручэнні ЦК Кампартыі Беларусі ўзначальваў Рыгор Аляксандравіч Сідарок. Да кастрычніка 1943 года злучэнне дзейнічала на тэрыторыі чатырох памежных паўночна-ўсходніх раёнаў Баранавіцкай вобласці (Івянецкага, Стаўбцоўскага, Карэліцкага і Мірскага), а так-сама Валожынскага раёна, базавалася ў Налібоцкай пушчы. У склад гэтага фармавання ўваходзілі чатыры партызанскія брыгады (імя Сталіна, імя Чкалава, імя Жукава, імя Фрунзе) і асобны атрад № 106, падпарадкаваны ўтворанаму Стаўбцоўскаму міжраённаму падпольнаму камітэту КП(б)Б (усяго каля чатырох з паловай тысяч лясных салдат).
У барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі яскрава праявіўся арганізатарскі талент Рыгора Сідарка як камандзіра злучэння. З расавіка 1943 па ліпень 1944 года партызаны злучэння падарвалі 452 вайсковыя цягнікі праціўніка, звыш пяці тысяч чыгуначных рэек, разбілі дзесяткі гарінзонаў і валасных упраў.
8 чэрвеня 1943 года Баранавіцкім падпольным абкамам КП(б)Б зацверджаны Івянецкі падпольны райкам КП(б)Б. Першым сакратаром райкаму партыі стаў член Баранавіцкага падпольнага абкаму КП(б)Б, кіраўнік Івянецкага міжрайпартцэнтра Р. А. Сідарок. Райкам КП(б)Б базаваўся ў зоне дыслакацыі партызанскіх брыгад імя І. В. Сталіна, імя П. К. Панамарэнкі, імя Н. А. Шчорса і партызанскага атрада № 106. Друкаваны орган падпольнага райкама КП(б)Б - газета "Народны мсцівец" (з 26 жніўня 1943 года (№ 14) - "Народный мститель").
19 снежня 1943 года рашэннем Баранавіцкага падпольнага абкаму КП(б)Б міжрай-партцэнтр як прамежкавы партыйны орган паміж абкамам і райкамамі КП(б)Б быў скасаваны. Падпольныя райкамы партыі ўвайшлі ў непасрэднае падпарадкаванне падпольнаму абкаму КП(б)Б. За Р. А. Сідарком заставалася партыйна-палітычнае і ваенна-аператыўнае кіраўніцтва партызанскімі дзеяннямі ў гэтай зоне па ліпень 1944 года.
Аб высокім аўтарытэце і арганізатарскім таленце Рыгора Аляксандравіча сведчыць і наступны факт. Калі ў траўні 1944 года першы сакратар Баранавіцкага падпольнага абкаму партыі Васіль Чарнышоў па выкліку ЦК партыі выбыў з Налібоцкай пушчы, яго абавязкі па кіраўніцтву падпольнай работай і партызанскім рухам у Баранавіцкай вобласці былі ўскладзены на Рыгора Сідарка. І Рыгор Аляксандравіч годна справіўся з гэтым адказным даручэннем.
5 ліпеня 1944 года партызаны Налібоцкай пушчы сустрэліся з наступаючымі част-камі Чырвонай Арміі.
* * *
Летам 1944 года Беларусь стала свабоднай. На другі дзень пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў горада Ліды (у канцы першай дэкады ліпеня 1944 года) Рыгор Аляксандравіч Сідарок узначаліў Лідскі гаркам партыі, паўгода быў першым сакратаром Лідскага гарадскога камітэта КПБ. На гэтай адказнай пасадзе ён, першы кіраўнік вызваленай Ліды, разам са сваімі паплечнікамі многае зрабіў для наладжвання ў нашым горадзе мірнага жыцця.
Чаму Рыгор Сідарок аказаўся на кіраўнічай пасадзе ў Лідзе? Тут трэба мець на ўвазе, што наш горад у той час (да восені 1944 года) уваходзіў у склад Баранавіцкай вобласці. Рыгор Аляксандравіч да вайны, у 1940-1941 гадах, узначальваў Івянецкі райкам партыі і меў немалы досвед арганізатарскай работы.
Лёс Рыгора Аляксандравіча Сідарка быў звязаны з горадам Лідай, калі старажытны горад, скалечаны ў час нямецкай акупацыі, аднаўляўся і чым мог дапамагаў фронту. Вялікі груз клопатаў і абавязкаў, звязаных з толькі што вызваленай Лідай, быў ускладзены на ўчарашняга важака партызан. Пад кіраўніцтвам Рыгора Аляксандравіча Сідарка працавала надзвычайная камісія па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на Лідчыне. Акт гэтай камісіі, падпісаны сакратаром гаркаму Р. А. Сідарком, змешчаны ў кнізе-хроніцы "Памяць. Лідскі раён" (стар. 200-203). Ён быў складзены якраз пасля вызвалення Лідчыны ад акупантаў. Камісія пачала сваю работу 31 ліпеня 1944 года і закончыла яе 18 жніўня таго ж года.
Рыгор Сідарок і яго паплечнікі наладжвалі ў нашым горадзе мірнае жыццё. Паступова аднаўлялася і набірала сілу вытворчасць на лідскіх прадпрыемст-вах. Жыхары горада, чым маглі, дапамагалі фронту. У той жа час перад мясцовай уладай стаяла задача забяспечыць гаражанам нармальнае жыццё. Вялікая ўвага ўдзялялася адукацыі, культуры, медыцыне. Для падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў у горадзе пачало працаваць педагагічная вучэльня. Аб цяжкасцях таго часу ведаюць лідзяне-старажылы. Тады складана было набыць самае неабходнае - хлеб і соль.
У той час, калі Рыгор Аляксандравіч Сідарок працаваў першым сакратаром Лідскага гаркаму партыі, на яго некалькі разоў нападалі бандыты, якіх было многа ў блізкіх лясах. Аб адным з такіх нападзенняў, якое адбылося 17 лістапада 1944 года, пісала польская газета "Ziemіa Lidzka" ("Лідская зямля", № 1, люты 2003 года). У газеце паведамлялася, што 17 лістапада 1944 года на дарозе Гародня-Ліда (за 7 км ад Шчучына) машыну Р. Сідарка абстралялі бандыты. Яны забілі двух яго таварышаў, а ў яго толькі прастрэлілі шапку, хаця забіць хацелі ў першую чаргу сакратара Лідскага гаркаму партыі. (Пазней Рыгора Сідарка перавялі працаваць у Літву, дзе крымінагенная абстаноўка была яшчэ больш небяспечная.)
У пачатку 1945 года Рыгор Аляксандравіч Сідарок пакінуў пасаду першага сакратара Лідскага гарадскога камітэта КПБ і быў накіраваны на вучобу ў Маскву. На працягу двух гадоў быў слухачом ВШПА (вышэйшай школы партарганізатараў) пры ЦК КПСС.
З успамінаў лідчанкі Алесі Аляксандраўны Бурак
…Ад яго доўга не было звестак, і толькі ў 1946 годзе ён зноў у Лідзе… Я ўпершыню прыехала ў гэты горад. Памятаю, што сям'я дзядзькі і радня яго жонкі Ніны жылі ў доме, дзе сёння знаходзіцца аддзел ЗАГС. Вакол была пустэча (а цяпер - прыгожы парк). Сярод шматлікіх родных быў брат Ніны Васільеўны, жонкі майго дзядзькі, Ізергін Анатоль Васільевіч з сям'ёю, які быў інвалідам вайны: без рукі, без аднаго вока, дрэнна чуў. Былы лётчык (яго прозвішча ўнесена ў кнігу "Памяць. Лідскі раён", стар. 272).
У сям'і Сідаркоў была ўжо дачушка Вера. Яны збіраліся пераязджаць на месца жыхарства ў Літву.
Дзядзька Рыгор расказваў не столькі пра сваю работу ў Лідскім гаркаме партыі, колькі пра сутычкі з ляснымі бандамі, якія былі ў лясах на Лідчыне. І збіраўся ён ехаць у Літву, дзе было не менш небяспечна.
* * *
У Літве Рыгор Аляксандравіч Сідарок працаваў звыш пяці гадоў - спачатку першым сакратаром Швянчонскага (Свянцянскага) павятовага камітэту КПЛ, а з ліпеня 1950 года - загадчыкам планава-фінансава-гандлёвага аддзела Віленскага абкаму партыі. У Літве жыла і яго жонка Ніна Васільеўна (ён жаніўся ў 1944 годзе), якая нарадзіла яму дзвюх дачок. Старэйшая дачка, Вера, нарадзілася ў 1945 годзе ў Лідзе. Малодшая дачка, Ліля, нарадзілася ў 1947 годзе ў Літве.
У пачатку 1952 года Рыгор Сідарок вярнуўся ў родную Беларусь. Амаль чатыры гады быў другім сакратаром Баранавіцкага гаркаму партыі.
З успамінаў лідзянкі Алесі Аляксандраўны Бурак
У 1953 годзе мяне вызвалі ў калідор інстытуцкага інтэрната (у нашым пакоі жыло 20 чалавек), там стаяў дзядзька Рыгор. Я запрасіла яго ў пакой, дзе на вешалцы сохла мая сукенка (іх у мяне было дзве, адну я насіла, другую мыла). Ён запрасіў мяне ў магазін і купіў мне матэрыял на спаднічку і блюзачку, ведаючы, што я магу сама пашыць. Пазней я сабе пашыла і праз год у гэтай спаднічцы выходзіла замуж, а блюзачку мне пазычыла на наша студэнцкае вяселле мая сяброўка Каралёва Іна. Затым мы зайшлі ў прадуктовы магазін, і ён накупіў мне шмат усялякіх прысмакаў і прадуктаў і запытаў у мяне: "Што яшчэ табе купіць?" "Солі", - адказала я. Пасля ён аб гэтым расказваў ці то жартам, ці то са шкадаваннем. А мне было сорамна за такую просьбу. У мяне часта не было самага неабходнага, і на той час не было нават солі.
У гэты час дзядзька працаваў у Баранавіцкім абкаме партыі. Летам пасля трэцяга курса я не паехала, як звычайна, працаваць у піянерскі лагер, а наведала сям'ю дзядзькі ў Баранавічах. Памятаю прасторны драўляны аднапавярховы дом, у якім жылі ён, яго жонка Ніна Васільеўна і дзве дачушкі. Памятаю, што дом стаяў у вялікім садзе, дзе было многа яблыкаў. Да сённяшняга дня, сядаючы абедаць або снедаць, успамінаю дзядзькава павучанне: "З'ядаць са сваёй талеркі патрэбна ўсё, пакідаць ежу на талерцы некультурна". І яшчэ ён сказаў: "Тая дзяўчына, якая сць хутка і з'ядае ўсё, будзе добрай гаспадыняй, так казалі нашыя продкі". Стараюся быць такой, якой бы хацеў бачыць мяне мой дзядзька.
* * *
З 1955 па 1961 год Рыгор Аляксандравіч Сідарок з'яўляўся адказным сакратаром Берасцейскага абласнога аддзялення таварыства па распаўсюджанні палітычных і навуковых ведаў. З лютага 1961 года Рыгор Аляксандравіч - персанальны пенсіянер. Партызанская вайна ў тыле ворага, самаахвярная работа ў пасляваенныя гады падарвалі яго здароўе.
З успамінаў лідзянкі Алесі Аляксандраўны Бурак
Дзядзька Рыгор з сям'ёй жыў у Берасці, дзе працаваў у абкаме партыі. Ён быў членам ЦК КП(б)Б. У 1960 годзе ён сябе дрэнна адчуў, турбавалі раны, нанесеныя вайной, і яму прыйшлося звярнуцца ў лячэбную камісію (урадавая лячэбная ўстанова). І тут у кабінеце доктара яго паралізавала. Даведаўшыся аб тым, што ён ляжыць у Менску ў гэтай установе, я паехала да яго наведаць. Ён вельмі абрадаваўся; у размове з суседам па палаце (іх было ў палаце двое) назваў мяне любімай пляменніцай, хваліўся, што, нягледзячы на цяжкасці, я скончыла інстытут, і не прамінуў пажартаваць наконт таго, як я яго некалі папрасіла купіць "яшчэ солі".
Цяжка і доўга хварэў Рыгор Аляксандравіч. Памёр на 61-м годзе жыцця 14 чэрвеня 1963 года. Пахаваны ён на Маскоўскіх могілках (зараз Усходнія могілкі) у Менску. Была на яго магіле двойчы…
У чэрвені 1967 года я павезла сваіх вучняў на экскурсію ў Менск. Пабывалі мы ў музеі Вялікай Айчыннай вайны. Сустрэліся з Гапеевым Яфімам Данілавічам, разам паехалі ў Малы Трасцянец - лагер смерці, пачулі аповед Рудзінскай - відавочца трагічных падзей, - узялі зямлю з месца пахавання ахвяр Трасцянецкага лагера смерці і прывезлі на Лідскі Курган Неўміручасці. З Яфімам Данілавічам многа гаварылі пра яго паплечніка па барацьбе з ворагамі, майго дзядзьку Сідарка Рыгора Аляксандравіча.
Кожны раз, наведваючы з вучнямі музей Вялікай Айчыннай вайны, я ім паказвала стэнд, на якім змешчаны фотаздымак майго дзядзькі Рыгора, яго дакументы і ўзнагароды.
* * *
Вялікі і слаўны жыццёвы шлях прайшоў Рыгор Аляксандравіч Сідарок. Сын беларускай зямлі заўсёды заставаўся верным Айчыне і яе людзям. Баявыя і мірныя справы Рыгора Сідарка адзначаны многімі ордэнамі, медалямі і іншымі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Сярод іх - ордэн Суворава II ступені, ордэн Працоўнага Чырвонага сцяга, медалі "Партызану Айчыннай вайны" I ступені, "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.", "За доблесную працу ў 1941-1945 гг.", Падзячная грамата Усесаюзнага таварыства ведаў, Падзячная грамата рэспубліканскага таварыства ведаў.
З успамінаў лідзянкі Алесі Аляксандраўны Бурак
…І на працягу свайго жыцця дапамагалі мне дзядзькава аптымістычная вера пры пераадоленні цяжкасцей, цяга да ведаў, імкненне дасягаць намечанай мэты, здольнасць не адчуваць страху перад начальствам і перад пошукамі праўды, не баяцца ў жыцці перашкод, імкненне да таго, каб людзям, якія побач з табой, жылося лепш, імкненне верна служыць сваёй справе, любоў да дзяцей і выхаванне ў іх любові да Радзімы.
P. S. Жонка Рыгора Аляксандравіча Сідарка, Ніна Васільеўна, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, яго дочкі Вера і Лілея жывуць у Менску. У Лідзе жыве плямянніца Рыгора Аляксандравіча - Алеся Аляксандраўна Бурак, ветэран педагагічнай працы, паэтэса (маці Алесі Аляксандраўны была роднай сястрой Рыгора Сідарка). Пасля заканчэння Менскага педінстытута Алеся Аляксандраўна да самай пенсіі працавала на Гарадзеншчыне. Яе ўспаміны, а таксама дакументальныя звесткі ляглі ў аснову гэтага матэрыялу. Пры падрыхтоўцы матэрыялу, акрамя таго, былі выкарыстаны публікацыі аб Рыгору Сідарку ветэрана журналісцкай справы, колішняга рэдактара газеты "Уперад" (цяпер - "Лідская газета") Аляксандра Васільевіча Жалкоўскага, якога, на жаль, ужо няма з намі.