Папярэдняя старонка: Палітыкі

Фелікс Стацкевіч 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 30-05-2020,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Пра Фелікса Стацкевіча. Да 140-годдзя з дня нараджэння // Лідскі Летапісец 2020. 4(88). С. 11–15.



Стацкевіч (Стэцкевіч) Фелікс Іванавіч, псеўданім «Аганёк», нарадзіўся 2(14).12. -1879 г. у мястэчку Шчучын Лідскага павета.

Пра сваё паходжанне Фелікс Стацкевіч пісаў: «З сям'і з польскімі патрыятычнымі традыцыямі - з дзіцячых гадоў я выхоўваўся ў польскай нацыянальнай сведамасці. Бацька мой па прафесіі землямер ("каморнік") яшчэ за 1848 год адбыў пяць ці шэсьць год цвердзі ў Вусьць-Каменагорску, a маці займалася навучаннем па-польску дзяцей, што тады было забаронена (нарадзіўся я ў 1879 годзе). Трэба аднак адцеміць да гонару мясцовы уладаў i местачковага (Шчучын Лідскага павету, цяпер павятовы горад) расейскага грамадства - бацюшкі, вучыцеля i іншага чынавенства - што яны глядзелі на гэта скрозь пальцы i з гэтай прычыны асаблівых прыкрасцяў бацькам не рабілі. Першая мова мая была польская, і выхаванне ў бацькоўскім доме было ў духу польскага патрыятызму. У гімназію мяне завезлі аж у Пецярбург, i з таго часу я досьці рэдка бываў у хаце» [1]. Вучоба ў гімназіі ў Пецярбургу прыпала на 1891-1900 гг.

Фота Фелікса Стацкевіча са студэнцкай справы, знойдзенае Ігарам Барынавым (Игорь Баринов).

Яшчэ ў гімназіі пачаў займацца грамадскай дзейнасцю, разам з іншымі вучнямі заснаваў бібліятэку і гурток па вывучэнні палітэканоміі. Таксама меў дачыненне да польскага нацыянальнага руху: «Яшчэ ў гімназіі я вучыў па-польску нейкіх дзяцей пецярбургскай беднаты, што ўскладалі на мяне старэйшыя студэнты, сябры польскай асветнай арганізацыі пад назовам, здаецца, "Oświata Ludowa". У сям'і В., дзе я выхоўваўся ў Пецярбургу, у малодшых класах гімназіі i пазней я спатыкаў правадыроў ППС - Пілсудскага i Сулькевіча, чытаў "Przedświt" i "Robotnika"» [2].

У 1900 г. паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. За ўдзел у студэнцкім руху і дэманстрацыях у лютым і сакавіку 1901 г. выключаны з універсітэта. Арыштаваны і высланы на радзіму пад нагляд паліцыі, тут займаўся прыватнай настаўніцкай працай: «Гэты час, можа, найбольш спрычыніўся да майго беларускага нацыянальнага ўсведамлення. Прыглядаючыся да вясковага народу, я пачаў меркаваць, што народ гэты, які цягнуць у свой бок i расейцы, i палякі, не ёсць ані расейскі, ані польскі, i што я, як сын "каморніка" (землямера), які век працаваў на беларускай вёсцы, узгадаваўся коштам гэтага народа. Усё ж такі, нацыянальна, я не лічыў сябе беларусам» [3].

У Шчучыне нагляд за маладым «палітычным» меў станавы прыстаў, «па паходжанні остзэйскі барон, які ажаніўся з полькай і дзеці якога вучыліся ў маёй маці па яе праграме. Зразумела, што надзор гэты не сцясняў маіх рухаў, прынамсі, у бліжэйшай ваколіцы. Местачковыя жандармы таксама мелі нагляд за мной. Здарылася так, што я нейкі час пражываў у якасці вучыцеля ў суседнім маёнтку, вёрст за 20 ад мястэчка. Жандарм, доўга не бачыўшы мяне, прыйшоў да прыстава, пытаючыся, дзе я знаходжуся. Прыстаў не захацеў даць яму ніякіх выясненняў» [4].

Ёсць меркаванне, што ўлетку 1901 г. на маёўцы Стацкевіча навярнула на беларускі шлях Алаіза Пашкевіч [5]. Сам Стацкевіч пісаў пра знаёмства з Цёткай: «Таго ж лета, быўшы настаўнікам у маёнтку Грабіцкіх, на маёўцы і вечарыне ў маёнтку аднаго татарына я пазнаёміўся з Цёткай Пашкевічанкай, пазней Кейрысовай. Шмат пазней яна казала, што гаварыла са мной у беларускай справе, але я не помню пра гэта. Магчыма, аднак, што гэта гутарка пакінула свой след» [6]. У іншых успамінах: «У гэтым жа годзе летам я пазнаёміўся з Алёізіяй Пашкевічанкай, спаткаўшыся на нейкай маёўцы. Пазней яна казала мне, што вяла са мной гутарку па беларускім нацыянальным пытанні» [7].

Абшарніку Грабіцкаму Эдуарду Антонавічу належаў маёнтак Сіткаўцы, які знаходзіўся недалёка ад Новага Двара. Грабіцкі меў 600 дзесяцін зямлі (для параўнання, сусед Грабіцкага, бацька Вацлава Іваноўскага - Леанард Іваноўскі з Лябёдкі меў 400 дзесяцін, а бацька Алаізы Пашкевіч - Сцяпан Войцехавіч Пашкевіч - 126 дзесяцін зямлі) [8].

Увосень 1902 г. Фелікс Стацкевіч зноў прыязджае ў Пецярбург, і тут ад «знаёмых студэнтаў палякаў-пэпээсаў я даведаўся аб існаваньні сярод студэнтаў гуртка беларусаў. Гэтая вестка i зрабіла ўва мне пералом у бок беларускай нацыянальнай сведамасці. Тыя ж пэпээсаўцы i навязалі маю лучнасць з гэтым гуртком. З ліку сяброў тагачаснага гуртка я прыпамінаю Вацлава Іваноўскага, братоў Луцкевічаў i Малецкага, апошняга толькі па празвішчы. ... У гэтую ж зіму ці ў наступным годзе сябры гэтага гуртка стварылі арганізацыю пад назовам "Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады"» [9].

У 1902 г. наш герой працаваў у прыватнай натарыяльнай канторы ў Марыупалі.

Антон Луцкевіч успамінаў: «У 1903 годзе восенню ў Пецярбугу стварылася беларускае рэвалюцыйнае ядро, у якім, апрача нашае тройкі, быў рад найвыдатнейшых прадстаўнікоў нашае краёвае моладзі ... у Вільні пад уплывам Вацюка Іваноўскага далучаецца Аліёізія Пашкевічанка, пасля па мужу Кейрысовая, мянушка "Цётка" (з-пад Васілішак, у Лідчыне), Фэлюк Стэцкевіч, мянушка "Аганёк" (са Шчучына, у Лідчыне)» [10].

Вясной 1903 г. Стацкевіч выязджае з Пецярбурга (працаваць на Прыладажскіх каналах) і часова траціць сувязь з беларускім рухам. «Спатыкаўся я з беларусамі толькі пры рэдкіх i кароткіх пабыўках у Пецярбузе». І толькі вясной 1905 г. пасля аднаўлення вучобы ва ўніверсітэце Вацлаў Іваноўскі прапанаваў яму «ўзяцца за друкарскую тэхніку ў Беларускай Рэвалюцыйнай Грамадзе i з гэтай мэтай паехаць за граніцу ў Кракаў на навуку. Перад выездам у Кракаў я паехаў дахаты. Тут мяне адведаў Бурбіс, з якім я дагэтуль не быў знаёмы. ... У дзень свайго прыезду пад ноч ён здолеў склікаць невялічкую сходку, відаць маючы ўжо навязаную лучнасць з местачковым бундам. Было на гэтай сходцы колькі асоб жыдоўскай моладзі i батракоў з маёнтка ўласніка маётка Шчучына, князя Друцкага-Любэцкага - разам менш дзясятка чалавек. Бурбіс прамаўляў вельмі добра.

I тут, пры пераездзе цераз граніцу, i ў Кракаве, пры паступленні ў друкарню на навуку за наборшчыка, вялікую помач аказалі пэпээсы. Нават перад паваротам дахаты я атрымаў ад Пілсудскага 50 крон на дарогу, бо з тых 80 ці 90 рублёў, якія мне дала Грамада, пасля месячнага пабыту ў Кракаве ў мяне нічога не засталося, a свае сябры грошы не слалі. Вярнуўся я ў Вільню ў жніўні 1905 года зараз жа пасля абвешчання Булыгінскай Думы» [11].

У рэвалюцыю 1905-07 г. Фелікс Стацкевіч вёў рэвалюцыйную прапаганду ў Вільні і Менску, наладзіў выпуск пракламацый. Для гэта было знойдзена паразуменне з ППС, гэта партыя мела ў той час вельмі добрую амерыканскую друкавальную машыну, на якой можна было надрукаваць да 3 000 старонак у дзень: «Час быў гарачы, работа вялася напружаная, часта прыходзілася працаваць i ў начы, прынамсі рабіць набор, a часам i адбіваць на машыне. Па статыстыцы, якую вёў мой сябра пэпээсавец за два месяцы, што існавала друкарня, лістапад-снежань, мы адбілі да ста тысячаў друкаў, шмат з якіх адбівалі на два бакі. Між друкаў беларускіх адбілі рэволюцыйныя вершы Цёткі - "Хрэст на свабоду" i інш. Колькі дзён працаваў у нас i наборшчык габрэй, які набіраў пэпээсаўскія адозвы ў жаргоне. Між іншым, нам цяжка было паразумевацца з гэтым наборшчыкам, бо ён гаварыў толькі на жаргоне» [12].

Пры канцы 1905 г. у Менску быў скліканы партыйны з'езд БРГ. Антон Луцкевіч успамінаў: «На з'ездзе былі: з Менска Іван, я, Уласаў, Каганец, Зелезей, Шабуня, Земенцкі, ды рад сялянскіх дэлегатаў з Ігуменскага, Менскага i Слуцкага паветаў; з Вільні "Цётка", Бурбіс, Стэцкевіч ды Аўген Хлебцэвіч; з Пецярбурга Іваноўскі ды йшчэ нехта, каго не прыпамінаю ... У канцы быў выбраны Цэнтральны Камітэт. Усяго было выбрана 5 асоб (тры сябры i два кандыдаты, толькі не памятаю, хто за каго): Іван, я, Уласаў, Іваноўскі, Бурбіс. Новаму Ц.К. была загадана, паміж іншым, арганізацыя партыйнае падпольнае друкарні, што было падгатавана ўжо раней: Фэлюк Стэцкевіч быў спецыяльна адкамандзіраваны да чужое нелегальнае друкарні ў Вільні, каб навучыўся друкарскае штукі, ды ўжо многа папрацаваў на гэтым грунце, складаючы беларускія адозвы для віленскае арганізацыі» [13].

Антон і Іван Луцкевічы заняліся арганізацыяй партыйнай друкарні ў Менску. Усё патрэбнае было закуплена праз ППС у Вільні. «Прывёз друкарскі станок у Менск я ў навагоднюю ночку, запакаваўшы ў коўдры i ўвязаўшы ў рэмні. На Тарговай вуліцы (каля Нізкага Рынку) знайшлі пакойчык пад друкарню, ды тамака і засеў, прыехаўшы месяцы праз два з Вільні, "Аганёк" (Стэцкевіч)», - пісаў Антон Луцкевіч.

На пачатку траўня 1906 г. Фелікс Стацкевіч пераехаў у Менск і заняўся тут друкарскімі справамі: «Прылады да адбівання прыйшлося рабіць больш прымітыўныя - вал, які хадзіў па рэйках. Памоцнымі ў гэтым нам былі габрэі» [14]. Друкарня месцілася ў кватэры каля Нізкага Рынку, па Гандлёвай вуліцы, д. 40. Працаваў ў друкарні адзін Стацкевіч, і ў дзень друкавалася не больш за 400 улётак. На першым паверсе дома, дзе месцілася друкарня месціўся шынок, і друкар, каб прадэманстраваць, што яму няма чаго хаваць, згадзіўся трымаць запас гарэлкі шынкара. Прыходзіў і паліцэйскі прыстаў, але нічога падазронага не заўважыў.

Друкарня пад назвай «Аганёк» (адсюль і псеўданім Стацкевіча) працавала цэлы год (да жніўня 1907 г.), выпусціла цэлы шэраг улётак i пракламацый, ды была зліквідавана ў сувязі з агульнай ліквідацыяй палітычнай працы ў Менску [15].

Восенню 1907 г. Стацкевіч вёў школку ў мястэчку Івянец - групу з дзесяці хлопцаў і дзяўчынак, ён рыхтаваў іх да экзамену ў 4-ты клас гімназіі.


З 1908 г. Фелікс Стацкевіч працаваў сакратаром менскіх адвакатаў Шабуні і Дземідовіча ў Ігумене. Адвакаты прыязджалі туды штомесяц на сесіі павятовага з'езду земскіх начальнікаў і на выязныя сесіі Акруговага суда. Там Стацкевіч разам з былым студэнтам Сяргеем Мальцавым, сынам павятовага лекара, і нейкім настаўнікам яўрэйскай школы пачалі арганізацыю грамадскай рознамоўнай бібліятэкі, прыцягнуўшы да гэтага мясцовую, пераважна чыноўную інтэлігенцыю. У Ігумене пражыў 8 месяцаў і, атрымаўшы пасведчанне аб «благонадежности», паехаў да інжынера Басяцкага ў Ноўгарад працаваць гідратэхнікам, пад кіраўніцтвам якога працаваў на прыладажскіх каналах, Стацкевіч Фелікс. «а ўвосень таго ж года, застаючыся на рабоце, запісаўся ў універсітэце на юрыдычны факультэт. На працягу ўсяго ўніверсітэцкага курсу да 1913 г. не толькі ў часе навігацыі, але і ў зімнюю пару працаваў на правінцыі - у Ноўгарадзе і на рэках Волхаве, Пале і Ловаці. Таму, утрымоўваючы з пецярбурскімі беларусамі, я не прымаў значнага ўдзелу ў беларускім руху. Сярод беларусаў значную ролю адыгрываў кусташ універсітэцкай біблятэкі, прафесар каталіцкай Духоўнай Акадэміі Эпімах Шыпіла. Пры ім гуртаваліся беларусы-студэнты, якіх ён падтрымоўваў нат матэрыяльна.

Важную самасільную работу вёў Антон Грыневіч. Быўшы ўрадоўцам нейкага міністэрства, ён на зберажэнні ад заработнай платы выдаваў сваім коштам запісаныя ім самім песні. Быў беларускі хор. Прынамсі прыпамінаю адну спеўку на кватэры пры вул. Глінкі. Час ад часу ладзіліся публічныя досыць шматлюдныя канцэрты-вечарыны. На адным з іх я бачыў выступленне ансамблю танцаў Буйніцкага з яго дочкамі. На адным з баляў прыпамінаю В. Іваноўскага ў лапцях, апранутага ў кашулю і порткі з белага самаробнага палатна, падпяразанага паяском. На адным вечары я пазнаёміўся з жонкай, магчыма, толькі яшчэ будучай, Янкі Купалы. Самога Купалу я спаткаў увосень 1908 г. на кватэры Іваноўскага. Купала меў ужо гарадскі выгляд. Ён быў ужо больш самапэўны, свядомы сваёй вартасці. Калі была гутарка аб труднасцях адшукання яму работы, ён выказаўся ў тым сэнсе, што даць матэр'яльныя магчымасці для яго жыцця ў Пецярбурзе ёсць грамадскі абавязак беларусоў. Бадай што беларусы самі перацягнулі яго ў Пецярбург. Беларуская работа часткова вялася у клубе "Promień", які меў польскую вывеску, але ў склад сябраў яго ўваходзілі работнікі і служачыя пераважна беларускага паходжання. Час ад часу ладзіліся лекцыі ў беларускай мове. У летнім часе адбываліся загарадныя экскурсіі-спацыры. Значную ролю ў гэтым клубе адыгрываў агратэхнік Пётра Маркевіч. Адзін, ужо не малады, вучыцель, прозвішча якога не помню, злажыў падручнік ці то папулярную кнігу па прыродазнаўстве. З іншых беларусоў прыпамінаю інж. Перапечку і студэнтаў Зайца і Вінцука Валэйку» [16].

У 1913 г. скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт.

У 1913 - 1919 гг. Фелікс Стацкевіч працаваў у Цвяры.

Пасля бальшавіцкай рэвалюцыі працаваў у прафсаюзах. У 1919-20 гг. - супрацоўнік выдавецкага аддзела Наркамата асветы Літоўска-Беларускай ССР. У 1920-23 гг. супрацоўнік Віленскага беларускага саюза кааператываў. У 1923 г. выкладчык лацінскай мовы і дырэктар Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны.

Як бачым, на пачатку XX ст. беларускія і польскія нацыянальныя дзеячы добра супрацоўнічалі паміж сабой. Вось што пісаў пра гэта Стацкевіч у 1921 г.: «Цяпер польскія дэмакратычныя партыі, у тым ліку i сацыялістычная, ідуць іншым шляхам - яны заняты сваімі нацыянальнымі мэтамі, кажуць, як у Рызе, што не хочуць разбіваць свае галовы за незалежнасць беларусаў i ўкраінцаў, a цешаць нас, што польскі рабочы клас, дужэйшы i болей свядомы за наш, здабудзе большую свабоду ў дзяржаве польскай, якой скарыстаемся i мы. Тым часам гэтыя партыі не хочуць бачыць прыгнечэння i дэмаралізацыі беларускага народа з боку польскай адміністрацыі, a праз тое і дэмаралізацыі польскага грамадзянства, частку якога складае гэта адміністрацыя; яны моўчкі падтрымліваюць гэты парадак. ... Беларуская дэмакратыя можа сказаць польскай: вашы адносіны да нас - гэта частка Беларускай справы. З Польшчай, без Польшчы, ці проці Польшчы беларускі народ здабудзе сабе незалежнасць. Аднак справядлівыя i шчырыя адносіны з вашага боку да нашай справы могуць шмат скараціць шлях беларускага народа да яго свабоды, ды i вам можа будзе менш "балець глова". Не прымушайце беларускі народ зварачываць вочы на ўсход, ці яшчэ кудысьці. Няхай свабода для яго ідзе з заходу на ўсход, a не наадварот» [17].

У 1926 г. Фелікс Стацкевіч сярод іншых абіраецца сябрам Управы Таварыства беларускай школы [18]. Пасля расколу ТБШ у 1929 г., 19 траўня 1929 г. на нелегальным з'ездзе старшынём Галоўнай управы ТБШ абралі Фелікса Стацкевіча [19]. Адначасова ён працуе ў Савеце адвакатаў пры Віленскім апеляцыйным судзе.

Прывяду вялікую і цікавую цытату Антона Шукелойця пра ТБШ: «ТБШ - гэта старая беларуская арганізацыя, закладзеная яшчэ ў 20-х гадах. Старшынямі яе былі людзі розных палітычных перакананняў. Быў нейкі час Тарашкевіч, быў нейкі час ксёндз Адам Станкевіч, здаецца, Астроўскі. Словам, у выніку росту Грамады, ТБШ (якое ў Грамадзе прадстаўляла культурную частку Грамады, школьніцтва, перадусім) разраслося несамавіта, і тады, калі ліквідавалі Грамаду, ліквідавалі адначасна і ТБШ. Тады ТБШ зайшло зусім у тупік, асабліва ў 30-я гады. Не ведаю, бо гэта яшчэ перада мной было (як я паступіў на ўніверсітэт), але нехта з дзеячоў ТБШ, магчыма, нават і Шырма, звярнуўся да Беларускага Студэнцкага Саюза, каб яны ім дапамаглі. Таму ў некага там думка паўстала, што такую заслужаную арганізацыю, якая ў розныя часы мела сваімі старшынямі такіх выдатных людзей, як Тарашкевіч, ксёндз Станкевіч, не можна страціць. Звярнуліся да Беларускага Студэнцкага Саюза, і Саюз выслаў групу студэнтаў (гэта Шчорс, Вайтэнка, Аўген Аніська). Гэтыя студэнты ўвайшлі ў галоўную ўправу (значыць прынялі ўдзел у выбарах) і аднавілі ТБШ, надалі яму зноў нацыянальны характар, бо яно ўжо мела такі характар прабальшавіцкай арганізацыі. Абнавілі арганізацыю і выбралі на старшыню вельмі такога саліднага адваката Стацкевіча (стары дзеяч, яшчэ з "нашаніўскіх" часоў, які карыстаўся павагай усіх беларусаў). Заступнікам старшыні быў Тумаш. Часта Вітаўту Тумашу закідалі, што ён нібыта быў з бальшавікамі, што ён быў радыкальна левы чалавек. Гэта няпраўда. Ён ніколі не быў радыкалам. Сакратаром ТБШ, дарэчы, стаў Шырма.

Перамены засведчылі, што ТБШ нібы працягвае старыя традыцыі беларускай культурніцкай арганізацыі, а з другога боку, што нібы не адарвалася ад Грамады; што яно, у параўнанні з Беларускім Інстытутам Гаспадаркі і Культуры (створанага хадэкамі), на чале якога стаяў ксёндз Гадлеўскі, ёсць арганізацыяй такой лявейшай» [20].

Фелікс Стацкевіч пахаваны на могілках Салтонішкі ў Вільні (Saltoniškių kapinės).

Тым не менш, разам з іншымі Стацкевіча абвінавачваюць ў «скамунізаванні» ТБШ і ў 1930 і 1933 гг. арыштоўваюць.

З 1933 г. Стацкевіч з'яўляўся рэдактарам-выдаўцом штомесячніка «Летапіс Таварыства беларускай школы», супраць якога польскія ўлады разгарнулі рэпрэсіі. Усяго выйшла 19 нумароў часопіса, прычым асобныя нумары былі здвоеныя. Часопіс пачаў выходзіць з траўня 1933 года як орган ТБШ. Выдаваўся да верасня 1939 г. (у 1934-1935 гг. часопіс не выходзіў з-за з рэпрэсій польскіх улад). Са снежня 1936 г. часопіс пачаў выходзіць пад назвай «Беларускі летапіс». Друкаваўся ў Вільні ў друкарнях Я. Баеўскага на Татарскай вуліцы, 13, М. Багаткевіча і Б. Тручко на вуліцы Міцкевіча, 22, а таксама ў друкарні Я. Левіна на Нямецкай вуліцы, 22. У склад рэдакцыі, акрамя рэдактара, уваходзілі таксама Сяргей Паўловіч, Максім Танк, Рыгор Шырма і Вітаўт Тумаш. Часопіс актыўна асвятляў культурна-грамадскі і літаратурны рух у Заходняй Беларусі [21].

У 1939-41 гг. Фелікс Стацкевіч настаўнічаў у Вілейцы і Клецкім раёне. У Другую сусветную вайну працаваў суддзём у Смаргоні. У 1944-49 гг. з'яўляўся супрацоўнікам Беларускага музея ў Вільні. Дырэктар музея Янка Шутовіч пісаў: «Пасля вызвалення Вільні ў ліпені 1944 года для музея пачаўся новы, савецкі перыяд існавання ... Ен быў кароткім, бо трываў некалькі месяцаў... Пакінулі музей i перайшлі на іншую работу Уладас Дрэма i Янка Бэкіш. На ix месца паступілі Стацкевіч Фелікс, Сергіевіч Пётра i Фёдараў Мікіта» [22].

У 1945-49 гг. працаваў у музеі А. С. Пушкіна ў мястэчку Маркучай пад Вільняй. У 1949 г. арыштаваны і зняволены. Пасля вызвалення ў 1950-х гг. жыў у Вільні. Быў актывістам руху эсперантыстаў, склаў «Эсперанта-беларускі слоўнік» [23] (рукапіс у Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі), пераклаў на мову эсперанта кнігу Л. Петражыцкага «Тэорыя права і маральнасць» (публікацыя не выяўлена).

Старэйшы беларускі нацыянальны дзеяч меў цяжкую, адзінокую старасць. 23 красавіка 1962 г. ён напісаў ліст Максіму Танку, у якім прасіў таго дапамагчы атрымаць персанальную пенсію (як вялікая колькасць заходнебеларускіх дзеячаў, не меў ніякай пенсіі): «У тутэйшым Собесе насунулі мне думку прасіць аб прызнанні мне персанальнай пенсіі. З гэтай мэтай зварочваюся да Вас з просьбай даць ацэнку, паколькі яна можа быць прыхільнай, аб маёй працы ў часе апошняга польскага панавання ў Заходняй Беларусі на грунце ТБШ. Магчыма, Вы так жа ведаеце, што мне, як адвакату, здаралася бараніць сябраў ТБШ у палітычных справах, часам выязджаючы на правінцыю - у Вялейку, Свіслач і іншыя суды. Мо Вы чулі нешта аб маёй папярэдняй працы ў беларускім культурна-вызвольным руху, пачатай яшчэ ў 1905 годзе, жывых удзельнікаў якой мне цяжка знайсці. Тое, што Вы можаце пасведчыць, прашу пераслаць мне на рукі, каб я мог далучыць гэта да сваёй заявы ў тутэйшыя ворганы Соцаховы… Мой адрас: Лит. ССР, Неменчине, Бирайский дом инвалидов» [24].

Не дачакаўшыся адказу, 11 чэрвеня таго ж года Фелікс Стацкевіч піша Максіму Танку другі ліст: «Ад Сергіевіча я чуў, што Вы сумняваецеся, каб Ваша апінія аб маёй грамадскай працы магла мне памагчы. Тымчасам у Літоўскім Мін. Соцаховы ... мне ... сказалі, што якраз Ваша апінія была бы карыснай для мяне ў гэтай справе. Калі не маеце іншых прычын адмовіць у маёй просьбе - так яшчэ раз прашу Вас здаволіць яе…» [25].

Пасля другога звароту, і як бачна, пры пасярэдніцтве вядомага беларускага мастака Пётры Сергіевіча, Максім Танк задаволіў просьбу ветэрана беларускага руху і выслаў кароткую станоўчую характарыстыку яго працы ва ўмовах Заходняй Беларусі.

Пасля чаго Фелікс Стацкевіч напісаў Максіму Танку: «Паважаны Еўгені Іванавіч! Шчыра дзякую за Вашу спраўку і пісьмо. Незалежна ад выніку дадзенай справы, гэтыя дакументы даюць мне маральнае здаваленне; як ацэнка маёй грамадскай працы з боку выдатнага як Вы прадстаўніка эліты нашай савецкай інтэлігенцыі» [26].

Невядома, ці атрымаў Стацкевіч хоць якую пенсію ад Савецкай улады, але жыць у доме інвалідаў яму заставалася яшчэ 5 гадоў.

Тым не менш, беларускі этнограф, педагог і мемуарыст Мар'ян Пецюкевіч у якасці дзейнага адрасу Фелікса Стацкевіча ў 1965 г. падае адрас: Вильнюс, ул. Спорту 24 [27].

У 1968 г. Мар'ян Пецюкевіч адным з лістоў пісаў: «Фелікса Стацкевіча, якога я меў намер наведаць, на жаль ужо не застаў у жывых. Памёр незадоўга да майго прыезду. Стацкевіч быў для мяне блізкім і шанаваным чалавекам, бо быў ён адзін год маім дырэктарам у Радашкоўскай Бел[арускай] Гімназіі. Калі ... санацыйная паліцыя і дэфензіва грамілі Віленскую Бел [арускую] Гімназію, я, каб пазбегнуць эвентуальнага арышту, пераехаў у матуральны клас у Радашковічы. Там мне і давялосяя блізка пазнаёміцца з Ф. Стэцкевічам - добрым і разумным чалавекам і педагогам. ... Заслугі ён мае несумніўныя, нават як дырэктар, які падабраў у Радашкоўскую Бел [арускую] Гімназію адпаведны настаўніцкі персанал, які развіваў камсамольскую дзейнасць сярод навучэнцаў. Наведваў гэту гімназію даволі часта Б. Тарашкевіч, ну і сталым быў апекуном Ал[яксандр] Уласаў, які пражываў у Мігаўцы, у 3-х км ад Радашковіч. ... у Варшаве стала пражывае яго родны пляменнік, які да апошніх дзён жыцця дзядзькі быў з ім у кантактах» [28].

Фелікс Стацкевіч пакінуў пасля сябе ўспаміны, якія, па-легендзе прыслаў даўняму знаёмцу - Максіму Танку, тады галоўнаму рэдактару «Полымя». Танк, не маючы мажлівасці ўспаміны надрукаваць, здаў іх у архіў.


Лічылася, што лідзянін, які аддаў жыццё Беларусі, памёр 21.06.1967 г. і пахаваны на Віленскіх Свята-Еўфрасіннеўскіх праваслаўных могілках (Ліпаўскія могілкі) разам з іншымі знанымі дзеячамі Заходняй Беларусі, але гісторык Алесь Горны ўдакладніў, што насамрэч Фелікс Стацкевіч пахаваны на могілках Салтонішкі ў Вільні (Saltoniškių kapinės).


Аўтар удзячны за кансультацыі і дапамогу з матэрыяламі для артыкула выбітному беларускаму гісторыку Анатолю Сідарэвічу.



[1] Стацкевіч Ф. І. З мінуўшчыны беларускага руху // Беларускі летапіс. 1937. № 6-7. С. 132-134.

[2] Там жа.

[3] Там жа.

[4] Успаміны Ф. Стацкевіча з асабістага архіву Анатоля Сідарэвіча.

[5] Сідарэвіч Анатоль. Жывым на Лубянку не трапіў // https://nn.by/?c=ar&i=119335

[6] Там жа

[7] Стацкевіч Ф. І. З мінуўшчыны беларускага руху // Беларускі летапіс. 1937. № 6-7. С. 132-134.

[8] Списки лиц, имеющих право участвовать в выборах в Государственную Думу 4-го созыва. По Лидскому уезду // Виленские губерские ведомомсти. 1906. № 90. С. 17., 20.

[9] Там жа.

[10] Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903-1928): Успаміны аб працы першых беларускіх палітычных арганізацыяў: Беларуская рэвалюцыйная грамада. Беларуская сацыялістычная грамада. Вільня, 1928. С. 10.

[11] Стацкевіч Ф. І. З мінуўшчыны беларускага руху // Беларускі летапіс. 1937. № 6-7. С. 132-134.

[12] Стацкевіч Ф. І. З мінуўшчыны беларускага руху // Беларускі летапіс. 1937. № 8. С. 176-178.

[13] Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903-1928) ... С. 23.

[14] Стацкевіч Ф. І. З мінуўшчыны беларускага руху // Беларускі летапіс. 1937. № 8. С. 176-178.

[15] Стацкевіч Ф. І. З мінуўшчыны беларускага руху // Беларускі летапіс. 1937. № 9. С. 199-201.

[16] Успаміны Ф. Стацкевіча з асабістага архіву Анатоля Сідарэвіча.

[17] Стацкевіч Ф. І. Успаміны і думкі // Беларускі звон. №4, 17 красавіка 1921.

[18] Кароткі нарыс беларускага пытання. Мінск, 2008. С. 246.

[19] Siemakowicz M. Szkoły z białoruskim językiem nauczania na tle polityki władz polskich wobec ludności białoruskiej od zamachu majowego do końca II Rzeczypospolitej // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 2002. № 17. S. 135.

[20] Пазняк Зянон. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. Варшава, 2003.С. 35-36.

[21] Чыгрын Сяргей. Часопісу "Беларускі летапіс" - 80 гадоў // Новы Час. №19(340), 17 мая 2013.

[22] З успамінаў Янкі Шутовіча // Спадчына. 1995. №1. С. 39.

[23] Чыгрын Сяргей. Часопісу "Беларускі летапіс" - 80 гадоў ...

[24] Мікуліч Мікола. Жыццё як маральны подзвіг // Маладосць. 2012. № 9. С. 75.

[25] Там жа.

[26] Там жа.

[27] Пецюкевіч Мар'ян. Лісты (1956 - 1982). Беласток, 2005. С. 56.

[28] Там жа. С. 64-65.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX