Праз турму і катаванні. Светлай памяці ксендза Ч. Янкоўскага
У няпростыя часы сваёй гісторыі, калі грамадства ў сваім развіцці робіць круты паварот, мы з надзеяй пазіраем у бок хрысціянскай царквы, як бы звяраючы свае асабістыя справы і дзеянні ўсяго народа з сусветным Сумленнем і Розумам, вяртаючыся да праўдзівых каштоўнасцяў. Мы шукаем прыклады жыццёвых шляхоў асоб, на якіх можна было б параўнацца ў сваім жыцці. "Нет села без праведника" - ёсць такое рускае выслоўе. І сапраўды, калі болей пазнаеш сваіх землякоў, то заўважаеш, што сярод іх сустракаюцца асобы, якія жыццё сваё ахвяравалі высокім ідэалам, служачы Богу і людзям. Пра аднаго з іх гэты расповед.
***У Мінойтах, дзе сёння месціцца Дом састарэлых, знайходзілася сядзіба маёнтка сп. Гадачэўскіх. Былі яны не беднымі людзьмі. У валоданні іх было шмат зямлі. У маёнтку апрача гаспадароў, цёткі Віткоўскай, парабкаў і прыслугі жылі таксама дзве незамужнія плямянніцы: Каміла і Юлія Шунэйка. Каміла была доктарам-акулістам, акрамя таго добра валодала справай "кастаправа" - лячыла пазваночнік. Юлія таксама мела вышэйшую адукацыі, але нідзе не працавала, займаючыся толькі справамі маёнтка.
У 20-х гадах у гаспадароў гэтага маёнтка нарадзілася ідэя пабудаваць для сябе каталіцкую капліцу і запрасіць сюды ксяндза, каб праводзіў службу. Як вядома, ў тыя часы "беззямельных" касцёлаў не было. Вось чаму звярнуўшыся да тагачаснага Віленскага біскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага (сп. Гадачэўскія і Шунэйкі былі ў далёкім сваяцтве з біскупам) яны атрымалі адмову. У выніку далейшых хадайніцтваў было дазволена пабудаваць ім у сваім маёнтку капліцу, але пры гэтым утрыманне капліцы і ксяндзоў павінна было адбывацца за іх уласны кошт. Акрамя таго, па дамове пасля смерці гаспадароў 40 гектараў зямлі адходзіла касцёлу. Усё гэта было зафіксавана ў адпаведным тастаманце. Канчаткова вырашана было будаваць не капліцу, а касцёл. Так у 1928 годзе, за сродкі сп. Гадачэўскіх быў пабудаваны Мінойтаўскі касцёл. Асвячэнне яго адбылося ў імя Сэрца Пана Езуса ў 1929 годзе біскупам Р. Ялбжыкоўскім.
Спачатку ксяндзамі ў касцёле былі Караль Любянец і Александр Зон. Затым, з 1935 года распачаў сваю душпастырскую справу ў касцеле ксёндз Часлаў Янкоўскі. З ім разам служыў ксёндз Міхал Віталіс Маеўскі. Жылі яны ў маёнтку Гадачэўскіх.
З прыходам "саветаў", пачынаюцца ганенні на гаспадароў маёнтка. Зямлю і дом ад іх адбіраюць, ле не высылаюць у Сібір. Можа гэта было звязана з тым, што гаспадары маёнтка добра былі знаёмы з роднымі сёстрамі самаго Ф. Дзяржынскага. Перад вайной яны не аднойчы летам прыязджалі да Гадачэўскіх адпачываць. Каміле і Юліі давялося ад'ехаць у Ліду і пасяліцца ў знаёмых недалёка ад каталіцкіх могілак, дзе знайходзіцца сёння вул. Радзюка. Каміла працавала ў Лідскай паліклініцы ўрачом-акулістам. Сябры па працы не лепшым чынам ставіліся да Камілы; усе ведалі, што яна была з багатых. Да злосці дабавілася і зайздрасць. Каміла патаемна займалася прыватнай практыкай па лячэнню пазваночніка. Да яе прыйходзілі наведвальнікі. Аднойчы калега па працы, каб спраўдзіць гэту інфармацыю, падаслала да Шунэйкі сваю маці. Старая, апранутая па-сялянску, вельмі прасіла яе палячыць. Каміла вылячыла яе. Такім чынам звесткі аб яе справах па лячэнні на доме дайшлі да начальства. Пачаліся на яе ганенні. У канцы 50-х гадоў сёстры вымушаны былі пакінуць Ліду і пераехаць у Салечнікі (Літва), дзе працяглы час жылі. З часам Каміла вярнулася ў Калясішчы і жыла ў сп. Ю. Фалітарчыка. Яна пражыла больш 90 год і памерла 5 кастрычніка 1973 года. Юлія памерла ў 1957 годзе ў Салечніках. Па абоіх сёстрах Шунэйка давялося адпраўляць пахавальную імшу ксендзу Янкоўскаму.
Часлаў Янкоўскі быў чалавекам незвычайнага лёсу. У жыцці сваім яму давялося прайсці праз шматлікія выпрабаванні і пакуты. Але ўсё па-парадку.
АНКЕТА
на служителя культа
1. Фамилия, имя и отчество Янковский Чеслав Францевич
2. Год, месяц и место рождения 1906.28.XI. дер. Мокрый Лес, волость Вонсево, уезд Остров-Мазовецкий, воеводство Варшава
3. Национальность поляк
4. Кем и где служил в настоящее время ксендзом прихода Минойты, с/с Третьяковский, раён Лида, облость Гродно
5. Обрaзование (когда, где и какое учебное заведение окончил):
а) светское 1925 г., Гимназия, гор. Остролэнка, воев. Варшава
б) духовное 1932 г., гор Вильнюс, Духовная Семинария
в) имеет ли богословскую степень ----------
6. Когда и где посвящён в сан 1932 г., 12. VI., гор. Вильнюс
7. Сведения о судимости не судимый
8. Адрес места жительства дер. Поддубно, с/с Третьяковский Лидского района, Гродненской области Минойты 7.ІХ.1970 г.
Спачатку, пасля пасвячэння ў сан, Ч. Янкоўскі быў вікарыем у прыходзе Камаі бліз Смаргоні. Дрэннае здароўе вымагала шмат часу на лячэнне. Вось чаму з сакавіка 1934 па жнівень 1935 ён нідзе не працаваў - лячыўся ад сухот ў Закапанэ.
Падлячыўшыся, з жніўня 1935 года Янкоўскі распачынае сваю душпастырскую справу у парафіі Мінойты. З гэтага часу яго жыццёвы лёс звязаны з нашай зямлёй.
Калі ў 1939 годзе памянялася ўлада і ад сп. Гадачэўскіх была адабрана маёмасць, Часлаў Янкоўскі разам з Міхалам Маеўскім непрацяглы час, яшчэ жылі ў доме гаспадароў. Але ў ліпені 1940 года прыйшоў загад ўладаў, каб ксяндзы на працягу 24 гадзін пакінулі маёнтак, дзе размясціўся дом састарэлы. Хоць спачуваўцаў нялёгкаму лёсу ксяндзоў сярод прыхаджан з Мінойтаў было шмат, але запалоханыя савецкай уладай, яны баяліся браць на кватэру апальных ксяндзоў, над голавамі якіх ужо збіраліся хмары. Давялося светарам пераехаць у Паддубна да сп. Змітровічаў, якія з чыстым сэрцам прынялі сваіх кватарантаў. Перавозіць небагаты скарб ксяндзоў давялося ноччу, каб паспець зрабіць справу да вызначанай гадзіны. У гэтым доме Янкоўскаму давялося пражыць 42 гады. Так збылося ўбачаннае ў сне ксяндзом Янкоўскім, які затым часта ўспамінаў той сон: "Я так хутка ляцеў праз Мінойты, што набраўшы разбег змог прыпыніцца толькі за чыгункай ля Паддубнаў."
Гаспадары, што прытулілі светароў, разам з імі зведалі ўсе ласкі савецкага ладу жыцця на сабе. Пачынаецца застрашванне гаспадароў, з імі праводзяць адпаведную работу. А супрацоўнікі НКУС аднойчы ўночы, зрабіўшы ператрус у доме, забралі ксяндза Янкоўскага на допыт.
У 1941 годзе, калі ўжо да Ліды падходзілі нямецкія войскі, да сп. Змітровічаў прыехалі НКУСаўцы. Забралі з сабой ксяндзоў Маеўскага і Янкоўскага, уладальніка дома І. Змітровіча, некалькі суседзяў і шмат уцекачоў, што сюды папрыязджалі, калі распачаліся першыя бамбаванні Ліды. Усіх абшукалі і павезлі да кар'ераў у вёсцы Шайбакі. НКУСаўцам падалося, што мясцовыя жыхары разам з ксяндзамі выконвалі абавязкі нямецкіх шпіёнаў. Учынілі там допыт. І хоць падцверджання сваім падазрэнням знайсці не ўдалося, усё ж такі вырашана было для вернасці арыштаваных расстраляць. Іх падвялі бліжэй да кар'ераў і зшыхтавалі ў адну лінію. Але ў апошні момант пад'ехаў нейкі НКУСаўскі начальнік, здаецца у званні палкоўніка, і загадаў іх пагрузіць назад у "варанок" і везці далей. Іх павезлі за Дакудава ў мястэчка Пудзіна і замкнулі ў вялізным хляве. Ксяндзы, як і ўсе, хто сабраўся там, адчуваючы набліжэнне трагічнай развязкі, пачалі з сябрамі па няшчасцю праводзіць апошнюю споведзь. Але НКУСаўцы не з'яўляліся. Праз дзень гаспадыня хлява, адчыніўшы іх, паведаміла, што "саветы" ўжо ўцяклі, а ў сяле стаяць немцы. Так нейкая выпадковая акалічнасць уратавала жыццё гэтым людзям. Цікавы малюнак уяўляла вяртанне вызваленых: паперадзе ішла падвода, на якой сядзеў Маеўскі, а за ёй ішлі ўсе астатнія. Маеўскі жартаваў, нешта гучна расказваў. Усе астатнія стомленыя, але шчаслівыя з смехам і жартамі ішлі за ім.
Нямецкія салдаты неаднойчы наведваліся да ксяндзоў у госці, але без дрэнных намераў. Ды ворагі - ёсць ворагі. Даводзілася быць асцярожнымі. Бо да святароў у тыя часы прыйходзілі на споведзь ці па іншым справам не толькі простыя прыхаджане, але і АКаўцы, і савецкія партызаны. Гэта можна было разглядаць як сувязь з ворагам. А сувязь такая каралася, як вядома, смерцю. Ксёндз Міхал Маеўскі памёр 25 лістапада 1949 года. Янкоўскі працягваў жыць у Змітровічаў у Паддубнах.
14 жніўня 1950 года органы НКУС арыштавалі ксяндза Янкоўскага быццам бы за сувязь з АКаўцамі. На допытах высвятлялі тое, што расказвалі на споведзі салдаты АК. Янкоўскі ў сваіх паказаннях НКУСаўцам спасылаўся на таямніцу споведзі. Знайходзіцца ў следчым ізалятары ў Горадні светару давялося паўтары гады. Допыты ў асноўным адбываліся ноччу. Спаць удзень не даводзілася. І хоць сп. Змітровічы прывозілі вельмі часта перадачы (дазвалялася рабіць перадачы спачатку 1 раз у 7 дзён, а затым - у 10 дзён) пад канец адсідкі ў ізалятары Янкоўскі важыў 48 кілаграм. Давялося ксендзу прайсці праз два суды і атрымаць 25 год зняволення.
Янкоўскі спачатку некаторы час сядзеў у Воршы ў перасыльнай турме, а затым адбываў зняволенне на лесапавале ў Архангельскай вобласці (лагернае аддзяленне ЛОН/3). Вельмі часта пісаў з турмы. 21 сакавіка 1956 года вызвалены з зняццем судзімасці і вяртаннем канфіскацыі (вяртання канфіскаванай маёмасці не дамагаўся). Усё астатнае жыццё ва ўсіх анкетах мусіў пісаць: "Не судзімы". Хоць улада зняўшы судзімасць, не вярнула страчанага здароўя.
Вызваліўшыся з турмы сваім гаспадарам кватэры даў тэлеграму, калі і на якім цягніку вяртаецца ў Ліду. Тыя пайшлі яго сустракаць на станцыю Ліду. Як пазней высветлілася, у цягніку, адна састарэлая пасажырка папрасіла Янкоўскага на станцыі даць тэлеграму яе родным. Ён, з дзяцінства вылучаючыся сваёй дабратой, адгукнуўся на яе просьбу. Выскачыўшы з цягніка, пачаў шукаць тэлеграф. Гэтая справа зацягнулася. Цягнік пайшоў. У вагоне ў Янкоўскага застаўся чамадан, які яму зрабілі сябры-зняволеныя, з небагатым скарбам. Давялося яму бегчы да начальніка станцыі, каб той патэлефанаваў на бліжэйшую, праз якую ішоў цягнік, дзе б знялі яго чэмадан з рэчамі. Так і зрабілі. А Янкоўскі ўсё ж адправіў тэлеграму. Людзі, прыйшоўшыя сустракаць цягнік, на якім ксёндз павінен быў прыехаць у Ліду, сярод прыехаўшых яго не знайшлі. Так хадзілі разы тры-чатыры бліжэйшыя двое сутак да прыбываючых цягнікоў, якія ішлі з маскоўскага кірунку, пакуль на адным з іх не прыехаў Ч. Янкоўскі.
Убачыць сына, вызваленага з турмы, 8 снежня 1956 года прыехала яго маці з сваім братам таксама ксендзам Янам Скшэчкоўскім. Было яшчэ адно спатканне Ч. Янкоўскага з сваёй маці, якое адбылося ў Польшчы. Але і там "усёбачачыя" органы не давалі спакою ксендзу - быў наладжаны за ім нагляд. А аднойчы нават ён быў выкліканы на допыт у мясцовыя органы бяспекі. З сакавіка па лістапад 1956 года Янкоўскі не працаваў. Увесь гэты час парафіяне дабіваліся вяртання яго светаром у парафію, збіраючы патрэбныя дакументы, подпісы, робячы візіты да высакапастаўленых асоб. З 17 лістапада да дня смерці 20 кастрычніка 1982 года Ч. Янкоўскі служыў светаром у касцёле ў Мінойтах.
Аднавіўшы душпастырскую дзейнасць, Янкоўскі пачынае займацца рамонтам касцёла. Калі ён сядзеў у турме, то яму давялося працаваць разам з адным зняволеным, які быў вельмі акуратны і дакладны ў рабоце. Яго ксёндз і перацягнуў пасля вызвалення з турмы да сябе. Як вядома Н. Хрушчоў казаў, што ў 1980 годзе пакажа апошняга ў Савецкім Саюзе папа. Тагачасная ўлада ўсё для гэтага рабіла. Мінойтаўскі касцёл, які доўгі час не дзейнічаў, патрэбна было рамантаваць. А гэта не ўваходзіла ў планы тых, хто яго хацеў закрыць. Даводзілася рамонт касцёла рабіць патаемна: мяняць згніўшыя бярвенні кавалкамі, затым іх ашалёўваць і адразу маляваць пад колер старой выгараўшай фарбы. І ў гэтай справе неацэнную ролю адыграў сябар па турме ксендза Янкоўскага.
Не магчыма ўспомніць усіх добрых спраў, якія зрабіў людзям ксёндз Ч. Янкоўскі. Не лічачыся з часам і сваім здароўем, выязджаў да хворых на споведзь у любы момант: ці ноччў, ці ўдзень, у холад, ці ў горач. Калі ксяндзы іншых касцёлаў па якой-небудзь прычыне не маглі пашлюбаваць маладых, ці пахрысціць дзіця (за Фарным касцёлам у Ліде напрыклад быў наладжаны несупынны нагляд), усе ехалі ў Мінойты. Янкоўскі ніколі не адмаўляў. Ён, не гледзячы на суровыя патрабаванні савецкага заканадаўства, мог пахрысціць дзіця ці пашлюбаваць без запісу ў касцельных кнігах. Зоркае вока ўпаўнаважаных па справах рэлігій вельмі часта кнігі гэтыя праглядала і сачыла за тым, каб сярод шлюбаваных ці бацькоў хрышчаных дзяцей не было людзей, якія займалі на вытворчасці адказныя пасады. І, калі такія знайходзіліся, то рабілі ўсё магчымае, каб іх звольніць з працы, ці панізіць па пасадзе, або зняць ці адтэрмінаваць з чаргі на кватэру. Вядома ж, што гэта было напоўнена іншым зместам, чым барацьба з рэлігіяй.
Быў такі выпадак. Аднойчы на кватэру да сп. Змітровічаў, дзе жыў ксёндз, каб узяць шлюб прыехала нават дачка аднаго ўпаўнаважанага па справах рэлігій. І хоць яна выхоўвалася ў атэістычным асяроддзі, але муж трапіўся непахісным католікам. Ды і бацькі маладога намагаліся шлюбу. Давялося маладой за ноч пад кіраўніцтвам ксендза Янкоўскага вывучыць катэхізіс. А ўранку святар маладым даў шлюб.
Сваю справу давядзення чалавека да Бога ён рабіў не дзеля грошай ці адпаведнай адзнакі ў кнізе, а аддаваючы ўсяго самаго сябе справе навучэння маладых і несвядомых людзей. Часта прыйходзіў дадому далёка за поўнач. Сіл ужо не знайходзілася нават распрануцца. Гаспадары кватэры тады ранкам знайходзілі яго, заснуўшым у фатэлі.
Заўсёды ксёндз насіў з сабой нататнік, дзе быў запісаны расклад руху ўсіх аўтобусаў і цягнікоў, якія спыняліся, ідучы праз Мінойты. Калі мяняўся гэты расклад на другі, то адразу ж адпаведны запіс з'яўляўся ў нататніку. І каму трэба было, прыехаўшы здалёк у касцёл, пакінуць Мінойты, ён распавядаў, як, у якую гадзіну і на якім цягніку ці аўтобусе гэта найлепей можна зрабіць.
Калі едзеш праз вёску Мінойты ў бок Наваградка, то ў самым канцы яе, якраз насупраць павароту на Вялічкі знайходзяцца парафіяльныя могілкі. Там недалёка ад шашы, у дзесяці кроках ад брамы, у цені дрэў пад просценькім помнікам з чорнага граніту спачывае цела ксендза Янкоўскага. На помніку стаяць лічбы: "1906 - 1982". А паміж гэтымі лічбамі жыццё, поўнае веры, пакут і цярпення.
Гэты артыкул не ўбачыў бы свет без дапамогі Змітровіч Тэрэсы Іосіфаўны, за што аўтар выказвае ёй вялікую ўдзячнасць.