Папярэдняя старонка: Святары

Святапакутнік Кіпрыян (Клімуц) 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 23-08-2012,
Крыніца: Лідскі летапісец № 55.



Першая кананізацыя ў Лідзе

5 жніўня 2011 г. у саборы святых Беларускай Праваслаўнай Царквы стала на аднаго святога больш. У Лідзе мітрапаліт Філарэт правёў набажэнства і кананізацыю святара Кіпрыяна Клімуца. У Наваградскай епархіі апошні раз акт кананізацыі праходзіў 500 гадоў назад. Тады да ліку святых прылічылі святога Елісея Лаўрышаўскага (Вялікага князя Войшалка, старэйшага сына караля Міндоўга). У чэрвені гэтага года на паседжанні Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы да ліку святых прылічаны святар Кіпрыян Клімуц.

Абраз Святапакутніка Кіпрыяна.

Кананізацыя - гэта прызнанне царквой памерлага верніка святым c адпаведным яго шанаваннем. Пакуты за веру, святасць жыцця і народнае шанаванне - гэта асновы для прылічэння да аблічча святых. Цяпер у саборы беларускай праваслаўнай царквы больш за 70 святых, 30 з іх гэта новапакутнікі.

Да новага святога ўжо ў дзень кананізацыі вернікі звярнуліся ў сваіх малітвах. А дзень смерці святара - 9-е верасня - у праваслаўных вернікаў зараз стане днём памяці святога.

У гісторыі царквы ніколі не было такіх маштабных і ўсёахопных, доўгіх і бесперапынных ганенняў, як у 30-40-х гадах мінулага стагоддзя. Ваяўнічыя атэісты абрынулі на Рускую Праваслаўную Царкву ўсю моц рэпрэсій. Праваслаўныя храмы ўзрывалі, абразы секлі і спальвалі, святароў і манахаў высылалі, забівалі. Пакінутых у жывых запалохвалі да таго, што многія нават ад блізкіх хавалі сваю веру. За гэтыя гады нябесная айчына папоўнілася мноствам святых пакутнікаў і спавядальнікаў. Сярод іх і святапакутнік Кіпрыян, прасвітар Ятранскі.

Іярэй Кіпрыян нарадзіўся ў 1897 годзе ў беднай сялянскай сям'і ў вёсцы Альхова Гудзевіцкай воласці Гарадзенскага павету. Яго бацька да старэчага ўзросту працаваў кандуктарам на чыгунцы, а маці вяла хатнюю гаспадарку і выхоўвала дзяцей. У сям'і акрамя Кіпрыяна было яшчэ пяцёра дзяцей - два сыны і тры дачкі, аднак ён быў старэйшым. Калі падрос, набожныя бацькі вырашылі даць сыну адукацыю ў Варшаўскай духоўнай семінарыі. Аднак пачалася Першая Сусветная вайна, і сям'я змушана была эвакуявацца ўглыб Расіі.

У 1917 году юнак прайшоў курс паскоранага навучання ў Маскоўскай Александраўскай пяхотнай вучэльні, затым служыў прапаршчыкам у войску Часовага ўраду ў Саратаве. Тады быў бурны рэвалюцыйны час, і новыя ідэі захапілі Кіпрыяна. У сакавіку 1918-га ён з'ехаў у горад Балагое, дзе быў узяты на службу камандзірам роты ў асобны атрад Рабочасялян-скай Чырвонай Арміі, пазней працаваў справаводам. А з 1919 па 1921 год знаходзіўся ў Татарстане, тут жа ён ажаніўся, у яго нарадзіліся дзве дачкі.

Здавалася б, як жа так магло здарыцца, што набожны чалавек, ды яшчэ, які атрымаў духоўную адукацыю, апынуўся па адзін бок з багаборцамі?! Пазней, на допыце, сам айцец Кіпрыян гэты факт тлумачыў "спагадай ідэям партыі". Ён таксама засведчыў, што ад сваіх рэлігійных перакананняў ніколі не адмаўляўся. Аднак неўзабаве адбыўся яго разрыў з бальшавізмам...

У ліпені 1921 года, у сувязі з хваробай жонкі і рээвакуацыяй уцекачоў з Заходняй Беларусі, Кіпрыян Клімуц вярнуўся на Гарадзеншчыну, якая ўваходзіла тады ў склад Польшчы. У гэтым жа годзе архіепіскупам Гарадзенскім Уладзімірам ён быў пасвечаны ў святарскі сан. Да 1929 года служыў у розных прыходах Гарадзенскай епархіі, а з 1 студзеня 1930 года да самага свайго арышту з'яўляўся настаяцелям прыходу Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы вёскі Ятра Наваградскага раёна.

Айцец Кіпрыян прыкладаў нямала высілкаў для ўмацавання ў верніках выратавальнай веры ў Бога. У пропаведзях ён адважна казаў пра памылкі матэрыялізму і атэізму, заклікаў сваю паству захоўваць веру і трымацца Праваслаўнай Царквы. Па яго ініцыятыве ў верасні 1934 года ў Ятранскім прыходзе было заснавана Праваслаўнае народнае брацтва. Сваю дзейнасць ён накіроўваў на выхаванне маладога пакалення ў духу праваслаўя. Гэта выклікала незадаволенасць падпольнай партыйнай ячэйкі КПЗБ.

У верасні 1939 года, з прыходам у Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі, тут пачала ўсталёўвацца тая ўлада, з ідэямі якой змагаўся папярэднія гады айцец Кіпрыян. Ён, нягледзячы на пагражаўшую яму небяспеку, як добры пастыр, не пакінуў свайго прыходу і працягваў жыць у вёсцы Ятра, несці людзям святло веры Хрыстовай. Мясцовыя дзеячы кампартыі арганізавалі сход сваёй ячэйкі, на якім абвінавацілі іярэя Кіпрыяна ў антыкамуністычнай дзейнасці, супрацоўніцтве з польскімі ўладамі, арганізацыі польскага фашызму і іншых надуманых злачынствах. Жыхары сяла Ятра так любілі свайго бацюшку, што пратакол з абвінавачваннямі ў адрас святара Кіпрыяна амаль ніхто не падпісаў. Тым не менш айцец Кіпрыян быў арыштаваны. Яму прыпісваліся "правядзенне антысавецкай агітацыі, супрацоўніцтва з партыяй польскіх фашыстаў і з паліцыяй у мэтах барацьбы супраць камуністычнага руху". Вінаватым сябе айцец Кіпрыян не прызнаў. На допытах трымаўся мужна і з добрай годнасцю, ад сваіх рэлігійных перакананняў не адмаўляўся, нікога з блізкіх не агаварыў і не абгаварыў. Да арыштаваных, якія не прызнавалі сваю віну і не адмаўляліся ад сваіх перакананняў, ужываліся пакутлівыя катаванні, каб праз фізічнае ўздзеянне атрымаць патрэбныя сведчанні. Гэта былі так званыя "стойкі", "канвеерныя допыты", зняволенне ў карцар, утрыманне ў адмыслова абсталяваных сырых, халодных ці вельмі гарачых памяшканнях, пазбаўленне сну, ежы, вады, збіванне і многае іншае.

4 верасня 1940 года іярэй Кіпрыян Клімуц "як сацыяльна небяспечны элемент" быў асуджаны на восем гадоў папраўча-працоўных лагераў. Для адбывання пакарання яго адправілі ў Каргапольскі папраўчапрацоўны лагер Архангельскай вобласці. Ад голаду, холаду, хвароб, здзекаў і непасільнай працы бязвінныя людзі гінулі тут тысячамі. Пайка хлеба і баланда з бульбянымі лупінамі часта нават не даходзілі да тых, хто быў послабей і не мог за сябе пастаяць. Смерць у лагерах чакала што крок. Зняволеныя валілі лес, пілавалі і раскрыжоўвалі дрэвы, а затым, падцягваючы бярвені да чыгункі, грузілі іх на платформы. Праца тут, як і ў многіх лагерах ГУЛагу, была сапраўды катаржнай. Голад і холад даводзілі людзей да знямогі. Перанёсшы жорсткія пакуты, святар Кіпрыян Клімуц памёр ад знясілення ў Каргапольлагу 9 верасня 1942 года.

Праз амаль паўстагоддзя чалавечая справядлівасць у адносінах іярэя Кіпрыяна была адноўлена: па заключэнні пракуратуры Гарадзенскай вобласці ад 29 верасня 1989 года іярэй Кіпрыян быў рэабілітаваны. На паседжанні Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ў снежні 2009 года было разгледжана пытанне пра ўслаўленне святара Кіпрыяна Клімуца ў ліку новапакутнікаў і спавядальнікаў як мясцовашанаванага святога. 13 сакавіка 2010 года Найсвяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл зацвердзіў хадайніцтва Мітрапаліта Менскага і Слуцкага пра здзяйсненне акту кананізацыі святара Кіпрыяна.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX