Папярэдняя старонка: Святары

Раймунд Зямацкі 


Аўтар: Нарковіч Ліліяна,
Дадана: 20-11-2013,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 3(63) - 2013.



Вельмі заслужаны род Зямацкіх, які карыстаўся гербам Равіч, асеў на Літве яшчэ ў ХVІ ст.

Раймунд Мікалай Зямацкі нарадзіўся 19 верасня 1810 г. у Лоску - вёсцы Наваградскага ваяводства, а раней мястэчку, якое належала Кішкам. Яго бацька, Андрэй Зямацкі быў дзедзічам 12 - валокавых Дахаў у Ашмянскім павеце, ротмістрам таго ж павета. Тытул гэты здабыў у шэрагах Тадэвуша Касцюшкі. З жонкай Катажынай з Камінскіх меў старэйшых сыноў - Юзафа і Раймунда. Абодва вучыліся ў айцоў трынітарыяў у Маладзечне, пасля чаго іх паслалі вучыцца ў Вільню ва ўніверсітэт. (Наймалодшы іхні брат - Францішак Зямацкі - будучы бацька прафесара Ўніверсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні Юзафа Зямацкага). Юзаф Зямацкі (старэйшы) загінуў падчас лістападаўскага паўстання. Раймунд падчас сутычкі, калі паўстанцаў дашчэнту разбілі, і расейцы ўчынілі крывавую разню ў Ашмянах, атрымаў "чатыры ўдары казацкай пікай і два ўдары шабляй". Страціўшы прытомнасць, застаўся на полі бою сярод трупаў. Прабуджаны холадам ночы, сцякаючы крывёй, дапоўз да найбліжшага засценка. Вяртанне ў родны двор было не мажлівае, бо Дахі былі пад наглядам паліцыі. Туляўся па вакольных дворыках, баючыся навесці небяспеку на гаспадароў. Родны дом адведваў пакрыёма. У той час дома вырашылі, што Раймунд "для зацірання слядоў" паступіць у духоўную семінарыю.

Святарскае пасвячэнне Раймунд Зямацкі атрымаў у 1838 годзе. Быў вікарыем пры касцёле святога Рафала ў Вільні ў 1848-49 гадах. З 1849 года выконваў абавязкі пробашча ў мястэчку Вавёрка ў Лідскім павеце. Час залячыў цялесныя раны. Душпастарская праца прынесла веру ў дабро таго, што рабіў. Раны маральныя..., тыя заўсёды былі жывыя. Даўнія ўспаміны і надзеі ажылі з наступленнем 1863 года.

У ноч з 24 на 25 студзеня (стар. ст., рэд. ) у дзверы плябані пастукаў незнаёмы мужчына і ўручыў пробашчу ліст з загадам прачытаць яго з амбона ў найбліжэйшую нядзелю. Быў гэта маніфест Літоўскага паўстанцкага ўраду, які надаваў уладальнікам свабоду і зямлю, заклікаючы люд да абароны сваёй Айчыны. Змест маніфесту быў наступны:

"Правінцыйны часовы ўрад на Літве і Белай Русі ад імя Польскага Нацыянальнага ўраду абвяшчае наступнае:

1. Ад сённяшняга дня ўсе сяляне і ўсе жыхары хоць якога паходжання і веры ёсць вольныя, як старапольская шляхта.

2. Польскі Нацыянальны ўрад аддае сялянам: панскім і скарбовым на вечныя часы ў поўнае валоданне без чыншаў і выкупаў тую зямлю, якую яны да таго часу мелі, а ўсякія распараджэнні маскоўскага ўраду становяцца няважнымі, бо гэтая зямля польская, а не маскоўская.

3. Сяляне за тое, як шляхта, павінны бараніць польскі край, грамадзянамі якога, ад сённяшняга дня з'яўляюцца.

4. Парабкі, звольненыя жаўнеры і ўсе, якія толькі пойдуць бараніць польскі край ад маскалёў, атрымаюць самі або іх сем'і ва ўзнагароду надзел зямлі не менш, як тры моргі.

5. Польскі ўрад узнагародзіць грамадзян за панесеныя імі ахвяры з нацыянальных фондаў.

6. Калі хоць хто не будзе паслушны гэтаму маніфесту, ці ён пан, ці селянін, ці чыноўнік, ці хто іншы, будзе пакараны паводле польскага ваеннага права.

Божа, ратуй Польшчу.

Дадзены ў Вільні 1 лютага ( паводле новага стылю - прып. аўт.) 1863 г.

(Пячатка)."

У сваю чаргу ў лісце, скіраваным да ксендза гаварылася:

"Вяльможнаму Зямацкаму, Вавёрскаму пробашчу ў Вавёрцы.

Паводле загаду Часовага правінцыйнага ўраду на Літве і Белай Русі далучаны Маніфест Польскага ўраду мае быць у нядзелю 27 студзеня ( ст. стылю, рэд.) у Вавёрскай парафіі мясцовым капланам абвешчаны з амбона сабранаму люду. У выпадку невыканання гэтага даручэння пробашч будзе прызнаны за здрадніка Айчыны і як такі на падставе пункта 6 таго ж маніфесту будзе пакараны паводле польскага ваеннага права.

№1805. 1863, лютага 2 дня, Вільня."

Лісты з ідэнтычным зместам даставілі таксама да пробашчаў іншых парафій.

Адны не прачыталі іх наогул, іншыя, баючыся помсты паўстанцаў, хочучы захаваць сваю пасаду, паведамілі паліцыі і папрасілі аховы. Не зрабіў таго, як піша Я. Обст, ксёндз Зямацкі, ён свядома выканаў свой абавязак патрыёта, потым, як шчыры хрысціянін і католік, прымяніў перад судом усялякія годныя сродкі абароны, нікога, аднак, не выдаўшы, на нікога не звальваючы віны, калі прагучаў вырак, прыняў яго, як герой.

27 студзеня (ст. стылю, рэд. ) у касцёле ў Вавёрцы адпраўленне сумы прыпала маладому вікарыю. Ксёндз Раймунд узяў аднак на сябе "цяжкі абавязак зачытвання маніфесту". Добра разумеў, што маладога чалавека чакае вязніца і кара.

- Я ўжо стары, да паважнага веку будуць, можа, больш пачцівыя. Зрэшты, мне на шмат менш жыцця засталося, чым табе, - падрахаваў ён.

Адразу пасля прачытання маніфесту ксёндз Зямацкі быў арыштаваны мясцовым спраўнікам, высланы ў Вільню і пасаджаны ў кляштарнай вязніцы пры касцёле Святога Духа.

У загадзе "камандуючага войскамі і генерал-губернатара" ад 3 траўня 1863 г. м. ін. гаварылася: "Аддаць пад палявы суд ксяндзоў Ішору, Фалькоўскага і Зямацкага (усе з Лідскага павету, рэд. ) , а таксама пісара Гаеўскага, лясніка Яшчэвіча і арганіста Калясінскага за прачытанне подбухторчага маніфесту і падбухторванне сялян да паўстання", "справу належыць залатвіць на працягу 24 гадзін".

Знойдзеная ў гарадскім архіве ў 1922 г. папка з надпісам "Справа аб прачытанні ў Вавёрскім парафіяльным касцёле пробашчам кс. Зямацкім польскага падбухторчага маніфесту" ўтрымоўвала таксама пратакол следства, сведчанні некалькіх мясцовых жыхароў, якія баранілі ксендза, і абвінаваўчы акт. Між іншым у прыгаворы з дня 8 траўня 1863 г. гаварылася: "... кс. Раймунда - Мікалая Зямацкага, 52 гадоў, за распаўсюджанне падбухторчага маніфесту на грунце ваеннага крымінальнага права, кніга 1, пар. 177, пункт, пакараць смерцю цераз расстрэл. Адначасова магчымасць змягчэння кары суд робіць залежным ад рашэння вышэйшай улады, адзначаючы, што асуджаны, канешне, мог прачытаць маніфест пад прымусам, што, паводле ўласнага прызнання, пасля прачытання маніфесту дадаў, што не радзіць нікому яго выконваць, але гэтая акалічнасць не была следствам высветлена, толькі пацверджана двума мясцовымі землеўладальнікамі і таму не можа быць замоўчана."

За ксендза Зямацкага гаварыў таксама факт, што адразу пасля арышту яго ў Вавёрцы спраўнікам ён ва ўсім прызнаўся. Вышэй названая акалічнасць павінна была змягчальна ўплываць на памер кары, і, нават, найбліжэйшыя да ксендза былі перакананыя, што расейскія ўлады не пойдуць на крайнія меры. Сітуацыю радыкальна змяніў прыезд у Вільню Мураўёва з вядомай мянушкай "Вешальнік". 21 траўня 1863 года (ст. ст.) ён накіраваў ліст "камандзіру другой пяхотнай дывізіі гвардыі":

"Не бачу дастатковых прычын для аблягчэння кары асуджанаму ксендзу Зямацкаму, бо сведчанні двух мясцовых жыхароў-католікаў ніякай вагі не маюць, як тых, якія належаць да люднасці варожай ураду. Таму загадваю споўніць вырак над Зямацкім паводле прыгавору ваеннага суда, г.зн. пакараць яго смерцю цераз расстрэл. Споўніць вырак згодна з 549 параграфам, другой кнігі вайсковага крымінальнага статута публічна на адным з Віленскіх пляцаў...

Камандуючы войскамі, генерал ад інфантэрыі Мураўёў".

5 чэрвеня 1863 г. на Лукішскім пляцы ў Вільні ксёндз Зямацкі быў публічна расстраляны. Загінуў па выраку расейскага суда за спрыянне студзенскаму паўстанню. Расейская куля, якая праляцела міма ў 1831-м годзе, дагнала яго ў 1863-м.

Плямяннік Раймунда Зямацкага Юзаф Зямацкі ў 1889 годзе як лекар Абухаўскага гарадскога шпіталя ў Пецярбурзе пазнаёміўся з жанчынай (па паходжанні віленкай), якая, як нарачоная афіцэра расейскай жандармерыі, прысутнічала на экзекуцыі ксендза Зямацкага. Прафесар запісаў:

"Памятаю, што быў гэта чалавек ужо паважнага веку, добра прыпамінаю яго рысы, меў ужо сівыя валасы, быў вельмі аслаблены хваробай, якую перажыў у вязніцы, не мог ісці пешшу, быў прывезены на дрожках. Пасля вываду яго з падамініканскіх муроў, дзе была вязніца, нейкі расейскі вайсковец высокага рангу падышоў да яго прасіць дабраславенства. Бо быццам бы сярод расейцаў існуе забабон, што дабраславенства прыгаворанага на смерць прыносіць шчасце ў будучым жыцці.

Ксёндз Зямацкі дабраславіў яго знакам крыжа, а той пацалаваў яму руку. (Пра такі забабон ніколі не чула...). Адразу пасля залпа карабінаў ксёндз павіс бяссільна на вяроўках, якімі быў прывязаны да слупа; бачыла потым, калі цела было адвязана ад слупа і ляжала ўжо на зямлі, сутана на грудзях была моцна заліта крывёю, а некалькі плям крыві аказалася пазней і на сівых валасах. Побач з ксендзам Зямацкім, наводдаль за колькі крокаў, быў страчаны таксама цераз расстрэл вельмі малады чалавек, Лясковіч (таксама з Лідскага павету, рэд. ) . Целы іх абодвух адразу пасля экзекуцыі ўкінулі ў магілы, загадзя прыгатаваныя перад слупамі, да якіх былі прывязаны асуджданыя. Целы засыпалі зямлёй, магілы выраўнялі".

У адным з архіўных дакументаў чытаем: "Зацверджаны камандуючым войскамі Віленскай вайсковай акругі дня 21 траўня пад нумарам 616, вырак над ксендзам Раймундам Зямацкім быў выкананы 24 траўня (паводле старога стылю, прып. аўтара ) ; кс. Зямацкі расстраляны публічна на гандлёвым пляцы ў 11 гадзін раніцы...

Віленскі камендант. Ген.-лейт. (подпіс). "

Целы расстраляных былі адкапаныя ноччу, каб таямніца не выйшла на яву. З пляца св. Якуба іх перавезлі "на Трыкрыжскую гару, да рэдута, які быў насыпаны на самай вярхушцы гары, і ў якім былі ўстаноўлены падчас паўстання 1863 года гарматы, павернутыя да горада". Целы "былі пакладзены на вярхушцы Трыкрыжскай гары ў магілы, падрыхтаваныя загадзя ўздоўж паўночнага вала рэдута. У тым рэдуце, каля паўднёвага яго краю стаялі тры дрэвы, а за імі праз адзін або два крокі тры высокія крыжы."

У зборніку, выдадзеным у Пецярбурзе ў 1906 г. палякамі, якія там жылі, з мэтай ушанавання памяці пра Элізу Ажэшку знаходзяцца таксама дадатковыя звесткі прафесара Юзафа Зямацкага, якія датычацца месца вечнага спачыну яго дзядзькі: ксендза Раймунда. Юзаф Зямацкі згадвае пра сваю размову з навочным сведкам - полькай, віленкай, нарачонай афіцэра жандармерыі, нейкай N. "Пасля пахавання, - піша Ю. Зямацкі, - акрэсліла яна вельмі дакладна размяшчэнне магіл. Ведала, што месца пахавання парэшткаў страчаных з'яўляецца вялікай таямніцай. Мела сабе загад на абсалютнае маўчанне, і таму ўзнікла ў яе галаве думка, каб хоць у будучыні дакладна абазначыцць тое месца, а паколькі ноч была светлая, і зоркі свяцілі, то магла дасканала акрэсліць бакі свету і запомніла выразна сітуацыю: ад усходняга крыжа - 17 крокаў, проста на поўнач выпадае магіла кс. Зямацкага, на лева ад яго, г.зн. на захад - Лясковіча, а як даведалася ад нарачонага, направа ад кс. Зямацкага - магіла кс. Ішоры, страчанага пару дзён пасля таго. Магілы наступных страчаных - а было іх шмат - размешчаны ў храналагічным парадку налева, г.зн. на захад".

Пасля атрымання гэтых звестак у 1889 годзе прафесар Ю. Зямацкі паехаў у тым жа годзе ў Вільню з мэтай правесці замеры на Трыкрыжскай гары. "Крыжоў у той час ужо не было. - успамінае ён , - але я памятаў пра тое, што былі тры дрэвы, якія да гэтага часу існуюць (прафесар пісаў той артыкул у 1906 г., прып. аўтара ), то не цяжкай мне была арыентацыя, і на самай справе на вярхушцы гары, ад месца, дзе павінен быў стаяць крыж, проста на поўнач ёсць 17 крокаў аж пад паўночны вал. Такое дакладнае акрэсленне той адлегласці ў памяці N пасля 26 год, дало мне шмат для роздуму (...)."

Тры дрэвы на вярхушцы гары Трох Крыжоў былі зрэзаны ў 1916 годзе пры пабудове Трыкрыжскага помніка аўтарства А. Вівульскага. Я. Обст канстатуе: "Сёння на вяршыні ўзгорка над магіламі ахвяр дзікай звышсілы падымаюцца промні трох крыжоў - сімвал пакутніцтва і ўваскрэсення, прысвечаныя памяці святых пакутнікаў. Тых, якія сваю ахвярную кроў пралілі ў лона нашай Маці-Зямлі дзеля будучага плёну святла і свабоды!"

Праз шэсцьдзесят год пасля паўстання, калі на Замкавай вежы развіваўся бела-чырвоны штандар, Ян Обст, заснавальнік Музея Міцкевіча ў Вільні і адзін з найбольш чынных папулярызатараў гісторыі Віленшчыны, гісторык па адукацыі, публічна заклікаў: "(...) сёння першым нашым абавязкам ёсць скласці паклон тым сейбітам свабоды, ценям бацькоў нашых і дзядоў, палеглых за Айчыну ў няроўнай барацьбе", у гадавіну смерці кс. Зямацкага "годна было б тую непараўнальна прыгожую, шляхетную постаць, якая назаўжды застанецца ў нашай мартыралогіі, ушанаваць умураваннем сціплай табліцы з адпаведным надпісам у касцёле св. Рафала (...)".

У 1923 годзе ў друкарні "Зара" ў Вільні з'явілася брашурка Я. Обста пад назвай "Кс. Раймунд Зямацкі. У 60-ю гадавіну смерці пакутніка за Айчыну". "У якасці матэрыялу , - зазначае аўтар, - паслужылі нам перш за ўсё дэталёвыя ўспаміны плямянніка с.п. кс. Раймунда - шаноўнага прафесара і сузаснавальніка ўніверсітэта імя Баторыя - Юзафа Зямацкага, а таксама арыгінальныя судовыя акты, якія датычацца той справы, за расійскімі часамі недаступныя для польскіх даследчыкаў, а цяпер знойдзеныя ў гарадскім архіве".

І ў тым жа 1923 годзе з правага боку на франтоне касцёла Св. Арханёла Рафала (Рафаіла), была змешчана мемарыяльная дошка з наступным надпісам:

"S.Р. Кс. Раймунд Зямацкі. Нар. у Лоску

19 верасня 1810 г.,

удзельнік паўстання 1831 г.

Вікарый касцёла Св. Рафала ў Вільні,

пазней пробашч у Вавёрцы Лідскага павету.

Каплан - герой, загінуў пакутніцкай смерцю, расстраляны на Лукішскім пляцы ў Вільні

5 чэрвеня 1863 г.

А на Бернардынскіх могілках у Вільні знайходзіцца магіла плямянніка Раймунда Зямацкага, доктара медыцыны, звычайнага прафесара тапаграфічнай анатоміі і хірургіі Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні Юзафа Зямацкага, які адраджаў Віленскі ўніверсітэт, укладаючы ў гэтую справу шмат працы як рэктар у перыяд арганізацыі, а пазней прарэктар. На магіле надпіс:

"S.P. Д-р Юзаф Казімір Зямацкі, прафесар Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні, кавалер ордэна Адраджэння Польшчы,

нар. 18 верасня 1856 г.,

пам. 20 верасня 1929 г".

Годныя прадстаўнікі годнага роду Зямацкіх.

(Пераклад Станіслава Судніка.)

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX