Вядома, што гэты шляхецкі род мае татарскае паходжанне і з'яўляецца галіной роду Крэчаўскіх. Родапачынальнікам роду быў Абдул Абас Фурсавіч Крэчаўскі, суўладальнік Крэчавіц, які згадваецца ў 1565 і 1569 гг., а яго сыны - Юзаф, Сулейман, Эліяш і Ахмет Абас-Кановіч, згадваюцца ў каралеўскім прывілеі 1631 г.
Сынам Ахмета быў Януш Абакановіч, ён меў сына Юрыя. Мяркуецца, што Юрый быў ахрышчаны, бо ўжо яго сын, Юрый Юр'евіч Абакановіч, дзедзіч маёнтка Падрукша-Ляхаўшчына, фігуруе ў крыніцах як католік. Ад імя Юрыя Абакановіча гэты род атрымаў прыдомак Юрэвіч [1].
Адам Банецкі пачынае свой першы том «Гербоўніка ...» менавіта з Абакановічаў, ён піша што прадстаўнікі гэтага роду Юры і Адам Абакановічы герба Абданк у 1763 г. падпісалі маніфест літоўскай шляхты супраць незаконных дзеянняў трыбуналу (гвалтаў) [2]. Севярын Урускі дадае да гэтай інфармацыі, што Абакановічы мелі прыдомак Юрэвіч, з іх тыя самыя Юры і Адам падпісалі канвакацыю на сойм 1764 г. ад Віленскага ваяводства, унукі Юрыя, сыны Казіміра - Міхал, Ігнацый і Ян - былі дзедзічамі маёнтка Падрукша-Ляхаўшчына (сучасная Віцебская вобласць). У 1849 і 1860 гг. разам з нашчадкамі яны былі ўпісаны ў кнігу шляхты Ковенскай губерні [3].
Чэслаў Малеўскі піша, што ў 1863 г. у Лідскім павеце ў Салечніцкай парафіі Абакановічам належаў засценак Падборцы [4] а ў Віленскім - фальварак Журы (Маляцкая парафія, 1867 г.) і таксама маёнтак Карысць з вёскай Пяляканцы (Тургельская парафія, 1870-74, 1894-1898 гг.), у 1842-1914 гг. Абакановічы жылі ў Вільні, нейкі тытулярны радца Дамінік Абакановіч памёр у Вільні 07.01.1862 г. ва ўзросце 45 гадоў [5]. Лічыцца, што прататыпам маладога татарына Селіма ў аповесці Генрыка Сянкевіча «Ганя» (1876 г.) быў адзін з Абакановічаў [6].
Невядома, да якой з галін Абакановічаў належала асоба, пра якую пойдзе гаворка далей, але мы ведаем, што паэт і этнограф Уладзіслаў Абакановіч быў гувернёрам у сям'і Тэадора Нарбута. Для гувернёра сваіх дзяцей Тэадор Нарбут купляў кнігі, якія ў той час былі не таннымі, напрыклад 7 снежня 1843 г. ён даслаў у Вільню свайму сябру доктару Рэніеру цэлы спіс (рэестрык) кніг, якія жадаў бы мець «наш гувернёр» [7].
З сваіх маладых гадоў Уладзіслаў Абакановіч быў сябрам Уладзіслава Сыракомлі (Людвіка Кандратовіча), любіў дзяцей і таму з ахвотай браўся за іх навучанне. Быў настаўнікам у сям'і Тэадора Нарбута ў Шаўрах, а потым пераехаў у блізкую да Шаўроў Начу і вучыў тут маладога Вандаліна Шукевіча, будучага члена-карэспандэнта Кракаўскай акадэміі навук. Сістэма адукацыі ў той час была цалкам зрусіфікавана, і таму малога Вандаліна не аддалі ў звычайную школу, а пачалі даваць хатнюю адукацыю. Настаўнік вучыў Вандаліна і яго сястру Ідальку пісьму і літаратуры, пісаў для іх вершыкі. Абанаковіч перадаў Вандаліну сваё захапленне паэзіяй і літаратурай [8]. Дадам яшчэ раз, што гувернёр дзяцей Нарбута і настаўнік Вандаліна Шукевіча Уладзіслаў Абакановіч, навучаў дзяцей граматыцы і каліграфіі, дапамагаў зразумець самыя цяжкія праблемы гісторыі [9].
Абакановіч сабраў вялікую колькасць этнаграфічных матэрыялаў, нейкую частку з якіх потым надрукаваў Вандалін Шукевіч, які пісаў: «Легенды [...] я знайшоў у паперах нябожчыка Уладзіслава Абакановіча [...]. Ён паходзіў з шарачковай шляхты Троцкага павета, жыў адным жыццём з народам і занатоўваў усё, што тлумачыла паняцці, этыку і традыцыі простага люду. Такім чынам ён сабраў каштоўны матэрыял, частку якога я выкарыстаў» [10].
У іншай сваёй публікацыі Шукевіч трошкі больш паведаміў пра гэтую важную для гісторыі Лідчыны постаць: «Не трэба даказваць, наколькі важна для даследчыка развіцця культуры вывучэнне такіх праяў духу, як народныя вераванні, павер'і і забабоны. [...] Гэты матэрыял, у значанай ступені, належыць сёння ўжо нябожчыку Уладзіславу Абакановічу, некалі сябру Сыракомлі і таксама паэту, чые ўдалыя вершыкі, падпісаныя псеўданімам «Вл. з Заціша» (Wł. z Zacisza) былі вядомыя 30 гадоў таму чытачам розных часопісаў ("Opiekuna Domowego", "Przyjaciel Dzieci", "Tygodnik Mód" і інш.). Ён паходзіў са шляхты Троцкага павета, усёй моцай сваёй душы любіў наш народ, у свой час быў разбуджаны Тышкевічымі, Кіркорам [11], Нарбутам (пад уплывам якога ён некаторы час знаходзіўся) і іншымі. Ён цікавіўся краёвымі справамі, што падказала яму неабходнасць збору вуснай народнай творчасці, якую ён і сам памятаў з дзяцінства і якую чуў падчас сваіх блуканняў па свеце.
Тут варта адзначыць, што не толькі сялянскія вёскі і засценкі дробнай шляхты забяспечвалі с. п. Абакановіча матэрыялам для яго збору - у сярэдзіне XIX ст. нават дворыкі і двары вышэйшай часткі землеўладальнікаў былі так жа прасякнутыя атмасферай забабонаў і павер'яў, як і ў часы палення ведзьмаў. І нават сёння не адна дачка шляхціца таксама прасякнута як верай у св. Андрэя, гэтак і верай у забабоны, і на вяселлі ў сяброўкі яна цягне вугал дывана як і звычайная сялянка Кася, а шляхціц верыць у «злое вока», як і яго сусед, селянін Юрка.
Дзякуючы менавіта гэтаму, с. п. Абакановіч сабраў вялікую колькасць народных забабонаў выключна ў Віленскай губерні, і калі б яго зборы захаваліся ў цэласнасці, яны б былі вялікім укладам у вывучэнне фалькларыстыкі. На жаль, у апошнія гады свайго жыцця ён перастаў цаніць тое, што калісьці было надзвычай дарагім для яго, і палічыўшы свой збор некаштоўным, шмат што з яго спаліў. Засталіся толькі рэшткі, якія трапілі ў мае рукі пасля смерці гаспадара.
Гэтыя рэшткі, якія складаюцца з павер'яў, забабонаў, вядзьмарстваў, варажбы і г. д., некалі здабытых с. п. Абакановічам сярод розных класаў нашага краю... [былі мной надрукаваны].» [12].
Абакановіч застаўся жыць у Начы як сябар і амаль што член сям'і Вандаліна Шукевіча. Займаўся агародніцтвам, тут жа памёр і быў пахаваны [13]. Таму, неабходна заўважыць, што ўсе этнаграфічныя матэрыялы Абакановіча належаць Лідскаму павету (які ў той час знаходзіўся ў Віленскай губерні) і нашаму беларускаму народу.
Трэба сказаць, што замілаванне да нашай гісторыі, ад Тэадора і Юстына Нарбутаў, сімвалічна, перайшло да іхняга суседа Вандаліна Шукевіча, той перадаў гэтую святую паходню пакаленню, якое групавалася вакол выдання «Лідская Зямля» (самым выбітным сярод іх быў Міхал Шымялевіч [14] - лідскі радны ад Таварыства беларускай мовы), а ад іх, праз выбітных краязнаўцаў, рэдактара «Лідскай газеты» Аляксандра Жалкоўскага і майго школьнага настаўніка Анатоля Куляша, было падхоплена нашым пакаленнем. Гэтак, на працягу больш за 200 гадоў, трымаецца непарыўная сувязь чатырох генерацый даследчыкаў гісторыі Лідчыны, і я ўпэўнены, што наша справа будзе падхоплена наступнымі пакаленнямі.
Такім чынам, намі выяўлены лідскі краязнавец першай генерацыі (этнаграфія - паважная частка краязнаўства), генерацыі Юстына і Тэадора Нарбутаў, і гэта ёсць вялікай каштоўнасцю для гісторыі Лідчыны.
[1] Dziadulewicz S. Herbarz rodzin tatarskich w Polsce, Wilno, 1929. S. 365.
[2] Boniecki Adam. Herbarz polski: wiadomości historyczno-genealogiczne o rodach szlacheckich. Warszawa, 1899. Cz. 1. T. 1. S. 17.
[3] Uruski Seweryn. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. Warszawa, 1904. T. 1. S. 1.
[4] Malewski Czesław. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. Warszawa, 2016. S. 33.
[5] Там жа. S. 33.
[6] Sikorski Saturnin. Wielka encyklopedia powszechna ilustrowana, Warszawa, 1890. T. I. S. 14-15.
[7] Kronika Rodzinna. 1888. № 12. 15 czerwca. S. 356-359.
[8] Лаўрэш Леанід. Вандалін Шукевіч: беларускі археолаг і краязнаўца. Мінск, 2014. С. 11-12.
[9] Магдалена Бломберг Мар'яна. Вандалін Шукевіч. Сын лідскай зямлі даследчык і грамадскі дзеяч (1852-1919). Варшава - Ліда, 2010. С. 52.
[10] Szukiewicz Wandalin. Niektóre wierzenia, przesądy i zabobony ludu naszego, legiendy i podania // Kwartalnik Litewski wydawnictwo poswiecone zabytkom przeszlosci, dziejom, krajoznawstwu i ludoznawstwu Litwy, Bialorusi i Inflant. 1910. T. 2. S. 90-91.
[11] Вядома, што Абакановіч перапісваўся з Юзафам Крашэўскім.
[12] Szukiewicz W. Wierzenia i praktyki ludowe w gub. Wileńskiej // Wisła. T. XVII. Z. 3. Warszawa. 1903. S. 265-280. Wisła. T. XVII. Z. 4. Warszawa. 1903. S. 266-267.
[13] Магдалена Бломберг Мар'яна. Вандалін Шукевіч. Сын лідскай зямлі даследчык і грамадскі дзеяч (1852-1919). С. 52.
[14] Гл: Шымялевіч Міхал. Збор твораў / укл. Л. Лаўрэш. - Гродна: ТАА «ЮрСаПрынт», 2019.; Лаўрэш Леанiд. Пра Міхала Шымялевіча: Крэскі да біяграфіі найлепшага гісторыка горада Ліды // АСОБА І ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 6. Мінск, 2015. С. 133-165.; Лаўрэш Леанід. Міхал Шымялевіч. Крэскi да бiяграфii найлепшага гiсторыка горада Лiды // Лідскі летапісец. 2016. № 1 (73). C. 45-58. ; Лаўрэш Леанід. Новае пра лепшага лідскага гісторыка XX ст. Міхала Шымялевіча // Лідскі Летапісец. 2021. № 1(93). С. 15-17.