17 жніўня 2022 года адзначыў свой юбілей паэт, празаік, даследчык, краязнавец, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея, былы кіраўнік літаб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" Алесь Часлававіч Хітрун.
Нарадзіўся Алесь Хітрун 17 жніўня 1982 года ў вёсцы Крупава Лідскага раёна. У 1997 годзе скончыў Крупаўскую сярэднюю школу (9 класаў), у 1998-м - Першамайскую дзіцячую музычную школу мастацтваў (па класе баяна), у 2000 годзе - Лідскае ПТВ-196. Адслужыў у войсках ВПС і СПА - 127-й Лідскай зенітна-ракетнай часці і ў 206-й Лідскай штурмавой авіяцыйнай базе. Затым працягнуў вучобу. Завочна скончыў філалагічны факультэт аддзялення беларускай мовы і літаратуры Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (2007-2013 гг.). Працаваў у прыватных арганізацыях - рабочым у дрэваапрацоўчай фірме "ЛіДанія", а таксама тынкоўшчыкам і маляром будаўнічай фірмы "Фрост". З 2012 года працуе ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі, дзе цяпер з'яўляецца навуковым супрацоўнікам і куратарам Дома Валянціна Таўлая. З 2018 па 2020 год на базе другой вышэйшай адукацыі навучаўся ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў УА "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў" па спецыяльнасці перападрыхтоўкі "Камунікацыя ў сферы музейнай дзейнасці". На працягу сямі гадоў (2012-2019) узначальваў літаратурнае аб'яднанне "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты".
Акрамя таго што, як навуковы супрацоўнік, займаецца даследаваннямі, таксама піша вершы, апавяданні, перакладае на беларускую мову вершы іншых аўтараў. У 2017 годзе прымаў удзел у ІІ Міжнародным моладзевым фестывалі-конкурсе паэзіі і паэтычных перакладаў "Берега дружбы" (Расія, Растоўская вобласць, Няклінаўскі раён, сяло Пакроўскае), у якім стаў фіналістам і лаўрэатам ІІ ступені.
Вось што пісала пра паэзію Алеся Хітруна найстарэйшая лідская паэтэса Алеся Аляксандраўна Бурак: "У паэтычных творах адчуваюцца непадробленая шчырасць, уменне назіраць за жыццёвымі з'явамі і аналізаваць іх, бачыць у акаляючым паэзію, прыкмячаць і трагічнае, і гумарыстычнае. Асабліва кранула мяне, выкладчыка беларускай мовы і літаратуры, выказаная ў яго творах нейкая апантаная любоў да бацькоўскіх мясцін, да роднай Беларусі і роднай мовы".
З першай публікацыяй Алеся Хітруна напрыканцы 1998 года пазнаёміліся чытачы "Лідскай газеты" (з якой супрацоўнічае яшчэ са студэнцкіх гадоў), а ў 1999 годзе дэбютаваў тут з паэтычнымі творамі (верш "Песня салдату"). Першы празаічны твор - апавяданне-быль "Блукальнікі" - быў змешчаны ў альманаху "Ад лідскіх муроў" (№ 4, 2000 г.). Друкаваўся ў многіх газетах і часопісах. Яго паэтычныя і празаічныя творы, даследаванні, гумарыстычныя замалёўкі, рэпартажы і нататкі друкаваліся ў такіх выданнях, як "Лідская газета", "Гродзенская праўда", "Наша слова", "Лідскі летапісец", "Краязнаўчая газета", "Літаратура і мастацтва", "Настаўніцкая газета", "Маладзёжны кур'ер", "Слова жыцця", гумарыстычная газета "15 сутак". Яго мастацкія творы змяшчаліся і ў штогодніку "Галасы", у часопісе для дзяцей "Вясёлка", у часопісе сатыры і гумару "Вожык", штомесячным літаратурна-мастацкім і грамадска-палітычным ілюстраваным часопісе "Маладосць". Алесь Хітрун - аўтар найлепшай публікацыі ў намінацыі "Проза" (апавяданне "Хвёдар") сярод аўтараў часопіса "Маладосць" (2007). У 2008 годзе быў узнагароджаны Ганаровай граматай ад рэдакцыйна-выдавецкай установы "Літаратура і мастацтва". Атрымаў дыплом за актыўны ўдзел у фестывалі гумару "Пуд смеху" (2007).
Як куратар літаратурнага музея, Алесь Часлававіч сустракаўся з многімі вядомымі беларускімі пісьменнікамі, з некаторымі з іх падтрымлівае сувязь. Літаратары Лідчыны з задавальненнем згадваюць, як многа яркіх, цікавых сустрэч з дзеячамі беларускай літаратуры праводзілася ў рамках дзейнасці літаб'яднання "Суквецце" пад кіраўніцтвам Алеся Хітруна. Пры Алесю Хітруне ў "Суквецця" з'явілася і свая старонка ў сацыяльных сетках. Актыўная і шматгранная пад яго кіраўніцтвам дзейнасць Дома Таўлая, дзе праходзіць шмат цікавых сустрэч і выстаў. Сярод самых новых праектаў Дома Таўлая, куратарам якіх з'яўляецца Алесь Хітрун, - выстава "Ізноўку наведаў Купала наш Ліду" (да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы), выстава "Вераб'іная праСТОра" (да 100-годдзя першага верша Валянціна Таўлая "Верабейкі"), інклюзіўны праект "Перадай дабро па крузе" (сумесна з аддзяленнямі дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды і горада Бярозаўкі, Лідскай аб'яднанай арганізацыяй ГА "Беларускае таварыства інвалідаў"). Алесь Часлававіч актыўна даследуе жыццёвы і творчы шлях заходнебеларускага паэта Валянціна Таўлая, яго сувязі з Лідчынай. У сферы яго даследчыцкіх інтарэсаў, якія ўваходзяць у цыкл навукова-даследчых прац "Пісьменнікі Беларусі: чарговыя разгадкі ў спадчыне Лідскага рэгіёна", і іншыя пісьменнікі (Янка Купала, Якуб Колас, Цётка, Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Ніна Тарас, Канстанцыя Буйло, Максім Гарэцкі, Максім Танк, Пятрусь Граніт, Васіль Струмень, Уладзімір Калеснік і інш.), якія маюць пэўнае дачыненне да лідскай зямлі. Дзякуючы яго намаганням Дом Таўлая папаўняецца новымі экспанатамі.
Вось што яшчэ пісала пра Алеся Хітруна тая ж Алеся Аляксандраўна Бурак, з якой ён шмат гадоў падтрымліваў сяброўскія адносіны: "Гарачы прыхільнік беларускіх нацыянальных традыцый, няўрымслівы даследчык роднага краю, Алесь Хітрун не лічыўся са сваім часам, з матэрыяльнымі тратамі, не аднойчы пабываў на радзіме Янкі Купалы, наведвае гарады, дзе праходзіць свята беларускага пісьменства, пабываў у сталіцы беларускага гумару, а менавіта на адкрыцці музея гумару - у Аўцюках Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Ён быў удзельнікам адкрыцця музея-дачы Васіля Быкава ў Ждановічах. І сваімі ўражаннямі аб гэтых урачыстасцях дзеліцца з землякамі праз перыядычныя выданні. Малады творца сустракаўся і сустракаецца з многімі прадстаўнікамі культуры Беларусі, паэтамі і пісьменнікамі, з некаторымі сябруе. Перазвоньваецца з Данутай Бічэль, перапісваецца з Уладзімірам Ліпскім, Алесем Карлюкевічам, сустракаецца з Віктарам Праўдзіным, Віктарам Шніпам. У архіве Алеся Хітруна многа кніг з аўтографамі знакамітых літаратараў".
Трэба адзначыць, што Алесь Часлававіч займаецца актыўным даследаваннем фальклору Лідчыны, вывучае мясцовую народную гаворку, геаграфічныя назвы, асабовыя імёны. Яго даследчыя матэрыялы, з якімі ўжо знаёмы чытачы, змешчаны, напрыклад, у зборніку навуковых артыкулаў "Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны" (2012 г.). Ён актыўны ўдзельнік навукова-практычных канферэнцый, якія праходзяць у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы пад назвай "Лідскія чытанні", а таксама іншых канферэнцый рэспубліканскага значэння. Алесь Хітрун з асаблівай любоўю і павагай адносіцца да малой радзімы - вёскі Крупава. З'яўляючыся яе ўраджэнцам, ён даследуе гістарычнае мінулае свайго краю і свой радавод, па крупіцах збірае матэрыял для запланаваных кніг.
Ніжэй прапануем пазнаёміцца з вершамі Алеся Хітруна, напісанымі ў розныя гады.
Я - Алесь, я - Хітрун
Я з любімага, роднага поля,
Дзе жыта ласкава пяе,
Дзе вецер гуляе на волі,
Дзе сонца з-за лесу ўстае.
Я не буду ніколі Купалам,
Ды Пушкіным мне і не быць,
Бо пісаць вершы гэтак удала
Не змагу я, мне б колькі ні жыць.
Я, аднак, жыву творча і з Лірай
Дружыць буду як бард, як баюн.
Я жыву недалёка, за Лідай,
Невядомы пакуль вам -
Алесь я, Хітрун.
Мая малая радзіма - Крупава
Нарадзіўся я ў Беларусі,
Падарункам мне - мова мая.
Я радзімай сваёй ганаруся:
Тут жа хата мая і сям'я!
Даспадобы мне спеў жаўруковы,
Па-над хатаю клёкат буслоў,
Золкім ранкам рыканне каровы
І за вёскаю - гул трактароў.
Наталяюся тут сырадоем
Хвалі Крупкі палоняць ушыркі,
Ды каса вабіць летняй парою,
Каб п'янець з сакаўной асакі.
Сваю маці-Радзіму не кіну,
Бо яна ўзгадавала мяне…
І да самай апошняй хвіліны
Не дам ганьбіць ніколі яе.
Малітва беларуса
Прад табою, мой Божа,
Я ўпаду на калені.
На зямлі, як на ложы,
Прастаю ў маленні.
Памалюся за хату,
За радзіму, за род,
Каб заўжды быў багатым
Беларускі народ.
А яшчэ памалюся,
Каб не ўзнікла вайна,
Памалюся за мову,
Каб не ўмерла яна.
Каб яе ўсім сэрцам
Палюбіў кожны з нас,
Каб заўжды белы бусел
З поўдня лётаў да нас.
Каля свечкі нязгаснай
Галаву нахілю:
"Долі светлай і шчаснай
Дай мне, Божа, малю!"
Парада
Той, хто змалку зямлі не любіў,
Каму родная мова абрыдла
І з крыніцы вады не папіў,
Быў нікчэмным, бясклопатным з віду.
Хто ніколі людзей не цаніў,
Лёгкі хлеб палюбіў ён з укусу,
Шкадаваў свайго поту і сіл -
Не завецца ў нас беларусам.
Трэба быць змагаром за Айчыну,
Палюбіць ўсё жывое вакол,
Не хаваць мазалёў і маршчынаў
І заслужана сесці за стол,
Быць заўжды чулым сэрцам і духам,
Паспрыяць, памагчы без прымусу,
Да зямліцы прыпасць сярпом, плугам -
Толькі той варты быць беларусам!
У абарону мовы
Крыкнуць хочацца: "Даволі
Мову родную таптаць!"
Ды няўжо ніхто ніколі
Вам не зможа так сказаць:
- А навошта так балюча
Зневажаць яе і ганіць?
Мова ж песняю гаючай
Ашчаслівіць, не зняславіць.
Мова - бы вада з крыніцы,
Паспрабуйце прыгубіць,
Ёю можна наталіцца
І навечна палюбіць!
Беларусі
Ты - мая зямелька,
Я - твой каранёк,
У цябе - стагоддзі,
А ў мяне - дзянёк.
Ты - мая сцяжынка,
А я - твой слядок.
Ты - агню іскрынка,
Ну а я - дымок.
Ты - мая матуля,
А я - твой сынок,
Да сябе прытуліш -
Я твой слых і зрок.
Я табой ганаруся,
Бо ты - Беларусь.
Думкі аб будучыні
Мае гады адносіць вецер,
І дні пралятаюць, як хмары.
Не хочацца думаць аб смерці,
Сказаць хачу гэтай пачвары:
- Я мару найболей пабачыць
З таго, што дало мне жыццё,
Жыць доўга і пуста - то значыць,
Без следу пайсці ў небыццё.
Жыцця сэнс знайсці я імкнуся,
З надзеяй жыць у заўтрашнім дні,
І лёсу свайму пакланюся,
Бо шчасным я быў на зямлі.
Маё крэда
І куды б я ні паехаў,
Куды б лёс мяне ні кінуў,
Крыкну - і паўторыць рэха:
"Беларусь я не пакіну!"
Падрыхтаваў Аляксей КРУПОВІЧ.