Папярэдняя старонка: Станіслаў Баніфацый Юндзіл

Станіслаў Юндзіл 


Аўтар: Савук Aнтось,
Дадана: 20-06-2000,
Крыніца: Лідскі летапісец №6.



Паслядоўнік Лінэя

240 год з дня нараджэння С. Б. Юндзіла

Сярод нашых славутых землякоў імя Станіслава Баніфацыя Юндзіла ззяе зоркай першай вялічыні. Ён прыродазнавец, адзін з першых даследчыкаў расліннага і жывёльнага свету Беларусі, доктар філасофіі і тэалогіі, прафесар батанікі і заалогіі Віленскага ўніверсітэта, загадчык кафедры гісторыі прыроды.

Нарадзіўся Станіслаў Баніфацы 6 траўня 1761 года ў вёсцы Ясенцы Лідскага павету (цяпер Воранаўскі раён). Ад хатніх настаўнікаў ў бацькоўскім доме атрымаў пачатковую адукацыю. Частку заняткаў настаўнікі праводзілі на лацінскай мове. Вось чаму Станіслаў яе так добра ведаў. Затым тры першыя класы скончыў ў піярскім калегіюме ў Лідзе. Тады шаснаццацігадовы юнак сур'ёзна ўзнамерыўся пасвяціць сябе ў духоўны сан у ордэне піяраў, у якім яму адкрываўся шлях да вышэйшай адукацыі.

У Любяшоў на Валыні (цяпер Украіна) ў 1777 г. ён прыехаў для праходжання ордэнскага навіцыяту. У новай школе яму пашчасціла натрапіць на такія даведнікі, якія адпавядалі яго палкай ахвоце да навук і яго схільнасцям. Увесь вольны час праводзіў за кнігамі. За гэта прыйшлося заплаціць пад канец сваёй вучобы ў навіцыяце стратай зроку правага вока. Атрымаўшы пасвячэнне на ксяндза, ён 2 гады настаўнічаў у піярскіх школах, спачатку ў Расенях, а потым у Вільні. У 1781-1784 гг. Станіслаў Баніфацы працягвае вучобу ў Віленскай акадэміі, дзе вывучае філасофію, геалогію, фізіку, хімію, тэалогію. Яму даводзіцца слухаць лекцыі па гісторыі прыроды вядомага французскага вучонага, біёлага і ўрача Жана Эмануэля Жылібера, запрошанага працаваць ва ўніверсітэт, які першы пачаў сістэматычнае вывучэнне флоры і фаўны Беларусі і Літвы. У 1781-1782 гг. Э. Жылібер выдаў 5-томнае апісанне расліннага свету Беларусі і Літвы пад назвай "Флора Літвы". Юндзіл не аднойчы ў сваіх працах звяртаўся да гэтага твору Э. Жылібера.

Лекцыі Э. Жылібера выкладаліся, як цяпер кажуць, факультатыўна. Іх слухала невялікая група студэнтаў-мяшчан. Студэнты-шляхціцы, як правіла, іх ігнаравалі з прычыны забабонаў, што панавалі ў краіне, паводле якіх займацца хіміяй, фізіялогіяй, медыцынай і іншымі прыродазнаўчымі навукамі, якія патрабавалі арганізацыі доследаў, лічылася зневажальным для асоб шляхецкага паходжання, паколькі гэта значыла - ў вачах шляхецкага грамадства - зраўнавацца з людзьмі больш нізкага паходжання. Да таго часу Юндзіл акрамя лацінскай ведаў польскую, рускую, французскую, нямецкую мовы, а таксама, відаць, літоўскую і беларускую. Але з усіх навук яго найбольш цікавілі прыродазнаўчыя. Асноўным яго інтарэсам хутка стала батаніка - навука, да таго часу занядбаная ў школах. Тады ж Юндзіл выконваў абавязкі дазорцы канвікту, а ў астатні час слухаў лекцыі ў Акадэміі.

У 1785 г. Станіслаў Баніфацы адбывае ў Шчучын, дзе прымае кіраўніцтва школай піяраў. Яму належыць аўтарства рэфармавання ў ёй выкладання ў адпаведнасці з новым статутам Адукацыйнай камісіі. Ён увёў там курс батанікі і заклаў батанічны садок, упершыню ў сваім жыцці пачаў ствараць навуковы гербар мясцовай флоры. Так быў ім зроблены першы крок у батаніцы. У выніку рэформ, праведзеных Юндзілам, Шчучынская школа ў хуткім часе стала адной з найлепшых піярскіх школаў.

У наступным годзе ён працягвае сваю выкладчыцкую працу ў Вільні ў піярскай школе, дзе выкладае логіку і метафізіку для яе вучняў. Але выкладаць шмат не давялося. Па загаду правінцыяла Ланга, у выніку намаганняў уладальнікаў Шчучына Сцыпіёнаў, згадзіўся заняцца адукацыяй іх дзяцей, і таму перабраўся жыць у акадэмічныя сцены. Выконваючы гэты абавязак, ён меў больш часу для працы над самім сабою. Працуючы адначасова над адукацыяй сваіх вучняў і займаючыся самаадукацыяй, Юндзіл прыступіў да калекцыянавання насякомых і птушак. У гэты час ён займаецца перакладам з італьянскай мовы на польскую, у тым ліку перакладае працу Дж. Бекарыі аб штучнай і прыроднай электрычнасці, бярэ у наваколлі Вільні, Ліды і Шчучына ўзоры мясцовых флоры і фаўны (сабраныя ім багатыя калекцыі загінулі ў час паўстання 1830 - 31).

У 1790 годзе Юндзіл распачынае чытаць лекцыі па заалогіі і гісторыі прыроды ў піярскіх школах. Сваім вучням ён перадае шмат тых ведаў, якія набыў, займаючыся самаадукацыяй. І ўсё ж яго педагагічная дзейнасць ускладнялася адсутнасцю неабходнага дыдактычнага матэрыялу і падручнікаў. Гэта і падштурхнула яго да складання адпаведных настаўленняў-дапаможнікаў, у якіх даў звесткі пра лекавыя расліны Беларусі, Літвы і Польшчы і іх выкарыстанне. Разам з настаўленнем быў і навуковы трактат па батаніцы, бібліяграфічны нарыс і і біяграфія натураліста К. Лінэя. Другой і найбольш значнай працай вучонага ыло "Апісанне лiтоўскіх раслін паводле сістэмы Лінэя" (Вільня, 1811), за якую кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ўзнагародзіў Юндзіла залатым медалём "Merentibus" (Юндзіл быў першы, каго ўзнагародзілі гэтым медалём). Гэта кніга была адзінай польскамоўнай працай, якая так глыбока і дасканала апісала раслінны свет нашай краіны. Папярэдняе выданне Жылібера "Флора Літвы" была напісана на лацінскай мове. Другі такі медаль Юндзіл атрымаў за даследванне "Аб саляных радовішчах і солі ў Стоклішках" (Вільня,1792), якое ён прадставіў каралю разам з пробамі солі, атрыманай шляхам вымарожвання з вады.

У 1792 года ён становіцца экстраардынарным прафесарам натуральнай гісторыі ў Галоўнай школе Вялікага княства Літоўскага (Віленскай акадэміі). Сярод выкладчыкаў гэтага кірунку ён ў той час быў адзіны з Літвы. Вось чаму часта адбываліся канфлікты і спрэчкі з прыехаўшымі з-за мяжы вучонымі, якія мала што ведалі з расліннага свету Літвы. І выкладалі тое, што было ў іх краінах. Віной канфліктаў быў і яго няпросты характар. Як найвыдатнейшаму з айчынных батанікаў яму былі выдаткаваны сродкі на паездку за мяжу з мэтай удасканалення ў навуках. Юндзіл у Кракаве і Вене слухаў лекцыі па хіміі і мінералогіі, знаёміўся з аўстрыйскай флорай, пабываў у наваколлі Карпат. Знаёмства з акадэмічным батанічным садам у Вене і шэрагам іншых добраўпарадкаваных садоў выклікала ў вучонага найбольшы інтарэс. Затым вывучаць мінералогію паехаў ў Саксонію, дзе таксама знаёміўся з мясцовымі горна-металургічнымі заводамі, наведаў Прагу, Дрэздан і інш.

У 1793 ён наведвае руднікі і горнымі заводы ў Венгрыі, вывучае досвед Венгерскай ветэрынарнай школы, на ўзор якой меў намер стварыць школу ў Вільні. Але ў сувязі з змяненнем палітычных абставін, выкліканых трэцім падзелам Рэчы Паспалітай, вярнуцца своечасова Юндзілу ў Вільню не ўдалося.

Застаўшыся ў Вене без матэрыяльных сродкаў, ён заняўся прыватнымі ўрокамі па батаніцы і мінералогіі, паралельна 2 гады вывучаў ветэрынарыю. У Вене Юндзіл заклаў сад лекавых раслін.

У кастрычніку 1797 года Юндзіл вяртаецца на пасаду экстраардынатарнага прафесара на кафедры натуральнай гісторыі ў Віленскай акадэміі, дзе і заставаўся да канца свайго жыцця.

На ўзор убачаных у Еўропе Станіслаў Банiфацы заняўся ў 1799 годзе арганізацыяй батанічнага саду, які ўзначальваў 27 год.

Адначасова па даручэнні Адукацыйнай камісіі Юндзіл займаецца стварэннем кабінета гісторыі прыроды, экспанаты для якога між іншым паступілі з калекцый і ўзораў, падараваных Ж. Жыліберам, Г. Форстэрам і былым вялікім гетманам літоўскім М. Агінскім.

Ужо ў 1801 г. кабінет пачаў працаваць. У ім былі выстаўлены і сістэматызаваны ўсякія дары і набыткі, атрыманыя ў розныя часы ад шматлікіх асоб. Некаторыя з іх трапілі ў кабінет не столькі па шчодрасці ахвярадаўцаў, колькі дзякуючы старанням Юндзіла. Яны і надалі кабінету матэрыяльную і навуковую вартасць. Апошнім і надта рэдкім набыткам для кабінета сталі дзве вялізныя глыбы метэарытнага жалеза, упаўшыя на Валыні.

У 1801 годзе, калі нашэсці саранчы сталі сапраўдным бедствам у паўднёвых раёнах краіны, вучоны-практык быў запрошаны для абмеркавання сродкаў ад пагрозы распаўсюджання гэтых насякомых. Ім былі распрацаваны метады знішчэння гэтага шкодніка, якія, размножаныя друкам, былі разасланы па ўсіх паветах. Матэрыялы выступлення былі надрукаваны пад назвай "Дысертацыя аб саранчы і спосабах яе знішчэння".

Апошнія гады ХУІІІ ст. і першыя гады пачатку ХІХ ст. ў жыцці Станіслава Баніфацыя ўнеслі шмат вялікіх падзей. У 1798 годзе ён атрымаў ступень доктара філасофскіх навук, у 1800 годзе - ступень доктара тэалогіі, з 1800 года выконваў абавязкі цэнзара духоўнай літаратуры і гэтай клопатнай справай займаўся два гады, у 1799 годзе выдаў кнігу, карысную не толькі для аматараў батанікі, але і для эканомікі: "Прыкладная батаніка, ці звесткі аб уласцівасцях і ўжытку раслін у гандлі, эканоміцы, рукадзеллі, аб іх радзіме, размнажэнні і даглядзе". Для напісання гэтай працы былі выкарыстаў шматлікія выпіскі з літаратуры, якія зрабіў у бібліятэках Вены, пра важнейшыя з ужываных раслін.

Юндзіл таксама займаўся выкладаннем у Акадэміі курсу мінералогіі. У 41 год (1802 г.) ён атрымаў пасаду прафесара гісторыі прыроды, якую займаў да 1824 г., ўзначаліў аднайменную кафедру, заснаваную ў 1781 г. Жыліберам. У 1804-1805 гг. у Варшаве выходзяць "Асновы батанікі" Юндзіла ў 2-х частках (2-е выданне ў 1818, 3-е - у 1829 гг.). А ў 1807 г. - "Кароткі курс заалогіі" ў чатырох частках (2-е выданне - 1827 г.). Гэтая праца ўжывалася ў якасці падручніка ўва ўсіх школах, падпарадкаваных Віленскаму ўніверсітэту, а таксама ў Варшаўскім герцагстве. Станіслаў Баніфацы выдаў за жыццё сваё шмат кніжак, а па роду сваіх эаняткаў з'яўляўся сябрам многіх таварыстваў, у тым ліку Варшаўскага таварыства сяброў навукі (з 1801 г.), Маскоўскага таварыства натуралістаў (з 1807 г.), Сельскагаспадарчага таварыства ў Варшаве (з 1811 г.), Пецярбургскага фармацэўтычнага таварыства. У 1805-1806 гг. ён быў сурэдактарам "Дэённіка Віленскага", дзе змяшчалася шмат артыкулаў самаго Юндзіла. У 1810 г. дабраахвотна адмовіўся на карысць заняткаў навукай ад абрання і зацверджання віленскім кафедральным канонікам. У 1812 г. Аляксандр II, будучы ў Вільні, адарыў сваёй ласкай Юндзіла, а граф Румянцаў падараваў вучонаму бронзавы бюст Лінэя, які потым упрыгожыў батанічны сад.

Ў 1824 годзе ў 63-гадовым узросце С. Б. Юндзіл пакідае працу ва ўніверсітэце ў сувязі з слабым здароўем. Яго дзейнасць была найлепшым прыкладам самаадданай працы дзеля навукі.

Астатняе жыццё ён пражыў з такім жа светлым розумам, як і раней. Ён не быў у бяздзейнасці. Пры аслабленых фізічных сілах ён валодаў здзіўляльнай памяццю і свядомасцю. Апошнія гады жыцця шмат разоў друкаваў у перыёдыцы свае лісты, успаміны, часам пранікнутыя горыччу і іроніяй. Спрабаваў сябе ў фельетонным жанры. На схіле сваіх дзён Юндзіл цалкам страціў зрок. У 1846 г. "Кур'ер віленскі" надрукаваў яго паведамленне пра незвычайныя прыродныя з'явы. Аднак то быў апошні голас у навуцы гэтага вучонага мужа. 15 красавіка 1847 г., пражыўшы 86 год, пасля адчування на працягу некалькіх дзён слабасці, з-за выпадковага падзення ва ўласным пакоі, ён скончыў свой жыццёвы шлях.

Пахаваны вучоны на могілках Бернардынскага касцёла ў Вільні. У шматлікіх беларускіх энцаклапедычных выданнях, нават у 11-м томе "Беларускай энцыклапедыі", што ўбачыла свет у 2000 годзе ў артыкуле "Нача" на стар. 245 гаворыцца, што ў в. Начы знайходзяцца магілы Т. Нарбута, В. А. Шукевіча, С. Б. Юндзіла. Прайшоўшы Начу ўдоўж і ўпоперак разам з яе жыхаром, краязнаўцам У. В. Рулём я не знайшоў там магілы Юндзіла. Затое ў кнізе "Wklad pijarow do nauki i kultury w Polsce XVII - XIX w." знайшоў фотаздымак помніка на магіле С. Б. Юндзіла на Бернардынскіх могілках у Вільні. І каб не замінала мяжа, то адлажыўшы ўсе справы пад'ехаў бы ў Вільню асабіста спраўдзіць гэтую інфармацыю. Выканаў бы свой здымак. Думаю, з часам, так і давядзецца зрабіць.

Сканчаючы расповед пра нашага славутага земляка, трэба адзначыць, што С. Б. Юндзіл вызначаецца з іншых вучоных нашага краю тым, што, будучы доктарам тэалогіі, у ліку першых тлумачыў працэсы жыцця з матэрыялістычных пазіцый.


Літаратура.

Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Энцыклапедычны даведнік/ Беларусь, Энцыклапедыя, Мн.; 1995; Очерки истории науки и культуры Беларуси IХ - начала ХХ в. / П.Т.Петриков, Д.В.Карев, А.А.Гусак и др. - Мн.: Наука и техника, 1996;

Палуцкая С. В., С. Б. Юндзіл: жыццё і творчасць; Славутыя людзі Воранаўшчыны. / Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі ў в. Нача Воранаўскага раёна, Гродна - Нача, 1994

Папко І. В. Педагагічная і навуковая дзейнасць М. Догеля, А. Доўгірда, К. Нарбута і С. Юндзіла ў Шчучыне./ Шчучыншчына: мінулае і сучаснасць: Матэрыялы навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай знакамітым людзям, помнікам гісторыі і культуры, гістарычным падзеям і мясцінам Шчучыншчыны. - Ліда: 1997;

Wanda Grebecka. Stanislaw Bonifacy Jundzil - wybitny uczony polskiego oswiecenia (1761 - 1847) / Wklad pijarow do nauki i kultury w Polsce XVII - XIX w. / Warszawa - Krakow 1993.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX