Папярэдняя старонка: Навукоўцы

Іосіф Нікадзімавіч Кардаш 


Аўтар: Сняжко Яніна,
Дадана: 02-01-2022,
Крыніца: Сняжко Яніна. Іосіф Нікадзімавіч Кардаш // Лідскі Летапісец. 2020. № 4(92). С. 22-23.



Іосіф Нікадзімавіч Кардаш нарадзіўся 29.09.1924 г. У яго бацькоў было 4 дзяцей: старэйшы Іосіф, Станіслава 1927 г.н., Мар'ян 1931 г.н., Алёна 1935 г.н..

І. Н. Кардаш.

Дзяцінства Іосіфа прайшло на гаспадарцы сваіх бацькоў у невялікай вёсачцы Колышкі што з паўтары вярсты ад горада.. Як старэйшаму прыходзілася працаваць і за плугам і па догляду жывёлы.Як здатнаму да вучобы, бацькі далі яму магчымасць вучыцца ў Лідскай польскай гімназіі. Пад час ваеннага ліхалецця многа перажыў, зведаў цяжкую долю селяніна і пасля вызвалення цвёрда вырашыў вучыцца на настаўніка. Паспяхова здаўшы іспыты Іосіф паступіў у Лідскае педагагічнае вучылішча і закончыў яго ў 1949 годзе. У час вучобы ён ажаніўся. Узяў дзяўчыну са сваёй вёскі - Шот Люцыну. У яго было 4 дзяцей: Вальдэмар, Аня, Генадзь і Зося. Трое дзяцей нарадзілася тут, на радзіме, а апошняя, Зося, нарадзілася ўжо ў Польшчы. Пасля педвучылішча адразу быў накіраваны дырэктарам Гярвенікскай сямігадовай школы, тутака быў і сельскі Савет. Школа размяшчалася на хутары Ільянова ў драўляым будынку былога асадніка. Гэта быў жнівень 1949 года і Іосіф Нікадзімавіч актыўна ўзяўся за падрыхтоўку будынка і класных пакояў да навучальнага года: адрамантавалі дах, падлогу, печкі, уцяплілі вокны. З дапамогай бацькоў нарыхтавалі дроў на зіму.

1 верасня, у святочны дзень для усёй школьнай дзетвары з навакольных вёсак і хутароў, сустракаў дзяцей малады, сімпатычны новы дырэктар. Ён адразу спадабаўся і вучням, і бацькам, як ветлівы і добразычлівы чалавек. Іосіф Нікадзімавіч на ўроках зацікаўлена выкладаў прадмет, тлумачыў усё так дасканала, каб веды даходзілі да кожнага. Да настаўнікаў адносіўся з павагаю, ветліва патрабаваў, каб добра выкладалі свае прадметы.

У настаўніцкім калектыве існавалі паразуменне і ўзаемападтрымка. З вучнямі хадзілі ў паходы, на экскурсіі ў Ліду. Таленавітыя вучні паспяхова ўдзельнічалі ў раённых конкурсах. Па заканчэнні сямігодкі ў 1953 годзе ўсе сем выпускнікоў школы здалі ўступныя экзамены ў Лідскае педвучылішча і, нягледзячы на конкус 12 кандыдатаў на месца, паступілі!

Сам Іосіф Нікадзімавіч іграў на скрыпцы, меў прыгожы голас, цудоўна выконваў беларускія песні "Зорка Венера", "Бывайце здаровы, жывіце багата", што надта падабалася вяскоўцам…

Усе пяць год да 1954 года Іосіф Нікадзімавіч з сям'ёй дружна жыў у нашай хаце на кватэры. І ўсе далейшыя годы мы падтрымлівалі з імі сяброўскія стасункі.

У жніўні 1954 года быў пераведзены працаваць загадчыкам Аўсядаўскай пачатковай школы. Там ён адпрацаваў таксама 5 гадоў, да лета 1959 года.

Летам 1959 года Іосіф Нікадзімавіч з сям'ёй выехаў у Польшчу. Там ён паступіў у педагагічны інстытут і пасля заканчэння быў прызначаны дырэктарам школы ў вёсцы Флёрчакі. У гэтай адной школе ён адпрацаваў 25 год і заслужыў вялікую павагу ў вучняў, бацькоў і кіраўніцтва адукацыі гміны, меў шэраг узнагарод за значныя поспехі ў настаўніцкай працы.

Усе гады Іосіф Нікадзімавіч актыўна збіраў матэрыял аб Лідчыне, некалькі разоў наведваў родныя мясціны, дзе прайшло дзяцінства, вучоба і вясковае настаўніцтва. Па ўспамінах і матэрыялах, у 1997 годзе выйшла яго кніга "Ліда праўдзівая" (Lida Prawdziwa), дзе апісаны падзеі вайны і пасляваеннае сялянскае жыццё з трагедыямі і бандытызмам …

Апісаны факты праўдзіва, так, як было: прозвішчы людзей, назвы вёсак і г.д.

З 1984 года, калі выйшаў на пенсію, пражываў увесь час у горадзе Ольштын (Olsztyn), вуліца Барча (Barcza), 9\22.

Іосіф Нікадзімавіч Кардаш, адсвяткаваўшы 91-годзе з дня нараджэння ў коле сваіх родных і сяброў (дарэчы і мы, былыя вучні Гярвенікскай сямігадовай школы, даслалі яму віншаванне), памёр 13.10.2015 г.

Пахаваны на могілках у той жа вёсцы Флёрчакі. Там ужо быў склеп, дзе пахаваны яго дачка Аня і сын Вальдэмар.

Яніна Пятроўна Сняжко, былая вучаніца Гярвенікскай школы. Вёска Крупава.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX