Папярэдняя старонка: Навукоўцы

Ян Карловіч 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 03-01-2017,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Ян Карловіч // Лідскі Летапісец 3(75)-2016. С. 11–13.



180 гадоў з дня нараджэння

Ян Карловіч паходзіў са старой ліцвінскай шляхты гербу Астоя. Як бачна з «Дэкрэту вывадных кніг» Менскай губерні, заснавальнікам роду лічыўся Сымон Карловіч, які служыў у войску ВКЛ, у харугве палкоўніка Аскеркі і валодаў паловай маёнтка Русанаўшчына (другая назва Крывое Сяло) у былым Наваградскім ваяводстве. Ён пакінуў пасля сябе двух сыноў: Антона і Мацея.

Ян Карловіч.

У 1727 г. продкі Яна ўжо валодалі маёнткам Падзітва Лідскага павета. Сам Ян Карловіч знайшоў ў спісах студэнтаў Гельдэйбергскага ўніверсітэта свайго продка - таксама Яна Карловіча з Вільні (Johannes Karlowoczius Vilnensis Lithuanus), запісанага ў студэнты тэалогіі ў 1619 г. Гэты продак быў кальвіністам.

Дзед Яна, Людвік Карловіч, гаспадарыў у Падзітве і Братамеры Лідскага павета ў суседстве з вялічэзным маёнткам Гародна, які належаў Радзівілам, потым - Сапегам, а потым - Тышкевічам і Патоцкім. У паперах маёнтка Гародна захоўваліся лісты Людвіка Карловіча, напісаныя ў 1816 і 1818 гг. эканому маёнтка каноніку Сянкевічу і датычныя праблемаў размежавання маёмасці.

Аляксандр Карловіч, сын Людвіка і бацька Яна, нарадзіўся ў 1799 г. Першасную адукацыю атрымаў у Лідскім піярскім калегіюме, а потым у Віленскай гімназіі, якую закончыў у 1818 г. Быў добра знаёмы з Міцкевічам і Адынцом. Меў паэтычны талент, і на гэта, звярнулі ўвагу яго настаўнікі яшчэ ў піярскай школе. Напачатку друкаваўся ў «Дзённіку Віленскім», потым на працягу жыцця - у розных паэтычных зборніках і літаратурных часопісах.

Аляксандр Карловіч быў жанаты з Антанінай з Малахоўскіх. У 1828-1831 гг. займаў розныя выбарныя пасады ў Лідскім павеце. Памёр у 1862 г. У тастаманце пажадаў быць пахаваным на сялянскіх могілках пад вялікім каменем з надпісам «Аляксандр Карловіч» і крыжам, кутым з жалеза.

Ян Аляксандр Людвік Карловіч прыйшоў на свет 28 траўня 1836 г. у Субартовічах каля Мерачы [1] Троцкага павета. Субартовічы трымаў яго бацька, але пасля яго смерці ўдава ўступіла гэты маёнтках Л. Марачэўскаму.

Ян атрымаў добрае хатняе выхаванне і адукацыю. Пра раннюю цягу да літаратуры сведчыў перапісаны і падараваны ў 1845 г. на імяніны маці сшытак з выбранымі вершамі Антонія Гарэцкага і пераклад праз два гады з расійскай мовы апавядання «Павестка» А. Марлінскага.

Добры падрыхтаваны хатнім настаўнікам, Ян Карловіч у 1847 г. паступае ў 3-ці клас Віленскай гімназіі. У гімназіі вучыўся добра, з класа ў клас пераходзіў з пахвальнымі лістамі, а закончыў гімназію ў 1852 г. з залатым медалём. Падчас вучобы ў гімназіі вызначыўся і вялікай зацікаўленасцю да музыкі - граў на віяланчэлі. Гімназіст браў урокі, шмат рэпеціраваў і нават удзельнічаў у канцэртах.

У 1853 г. малады Карловіч паступіў на гістарычна-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, які паспяхова закончыў праз 4 гады. Універсітэт даў грунтоўныя веды і прыахвоціў нашага земляка да навуковай працы ў галіне лінгвістыкі.

Пасля абароны навуковай працы па заканадаўстве Лікурга, Ян Карловіч атрымаў ступень кандыдата ўніверсітэта. Тут трэба заўважыць, што некаторыя аўтары памылкова суадносяць тагачасную ступень кандыдата ўніверсітэта з сучаснай навуковай ступенню кандыдата навук, якая засталася ў Беларусі ад Савецкага Саюза і суадносіцца з еўрапейскай навуковай ступенню доктара філасофіі, медыцыны, юрыспрудэнцыі ці тэалогіі [2]. Кандыдат унiверсiтэта - першая акадэмiчная ступень. Яна прысвойвалася асобам, якiя закончылi з выдатнымi адзнакамi курс унiверсiтэта. Ступень кандыдата ўнiверсiтэта пры паступленнi на дзяржаўную службу давала права на чын 10-га класа - калежскi сакратар, што адпавядала армейскаму званню штабс-капiтана.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Ян Карловіч для вывучэння гісторыі едзе вучыцца ў Парыжскі ўніверсітэт. Тут, у Парыжы ён пачаў пісаць вершы.

У 1858/1859 навучальны год малады, прагны да навукі вучоны, вучыцца ў Гельдэйбергу, слухае лекцыі сусветна вядомых прафесараў. Пасля Гельдэйберга вывучае музыку ў Брусельскай кансерваторыі, удасканальвае ігру на віяланчэлі, вучыць гісторыю і тэорыю музыкі.

Летам 1860 г. малады вучоны ўжо ў Берліне, а ўвесну 1861 г. «Кур'ер Віленскі» паведаміў, што 17 сакавіка Ян Карловіч у якасці сольнага выканаўцы прыняў удзел у філарманічным канцэрце ў Вільні, які даваўся на карысць Сыракомлі. Газета паведаміла, што на канцэрце сабраліся «вяршкі» віленскага грамадства.

З 27 лютага па 31 кастрычніка 1862 г. Ян Карловіч чыста намінальна займаў пасаду калежскага сакратара ў Віленскім павятовым судзе.

Пры канцы 1862 г. паступае ў Берлінскі ўніверсітэт, але вучыцца толькі адзін семестр, бо смерць бацькі прымусіла яго вярнуцца дахаты. З-за цяжкай хваробы і гаспадарчых клопатаў у маёнтку ён 2,5 гады жыве на радзіме. Як раз у гэтыя тады Ян Карловіч закахаўся ў Ірэну Сулістроўскую з Вішнева.

Кіраваць маёнткам пачала ягоная маці. Ян дапамагаў ёй, але сваімі думкамі ён быў у навуцы, музыцы і паэзіі. Перакладае Гайне, піша на яго вершы музыку, сам складае сатырычныя вершыкі [3].

Перад паўстаннем 1863 г. абшарнікам Звяровічам быў запрошаны на пасаду настаўніка ў маёнтак Доцішкі Лідскага павета Францішак Багушэвіч. Доцішкі знаходзіліся недалёка ад Падзітвы, і менавіта тады будучы заснавальнік беларускай літаратуры новага часу пазнаёміўся з Янам Карловічам. З 1862 па 1865 гг. пра Яна Карловіча амаль што нічога не вядома. Паводле дырэктара музея Ф. Багушэвіча у Кушлянах Алеся Жамойціна, Карловіч быў адказным за друкаваную прадукцыю паўстання і трымаў адпаведны фонд для выдавецкай справы. Пасля задушэння паўстання менавіта Ян Карловіч быў адзіным з старых сяброў Францішка Багушэвіча, застаўшыхся на свабодзе. Ён і параіў Багушэвічу выехаць на Украіну і пазычыў грошай на дарогу. Ёсць інфармацыя, што грошы Багушэвічу прывозіла менавіта будучыя жонка Яна Карловіча Ірэна Сулістроўская. Так Ян Карловіч уратаваў для Беларусі Францішка Багушэвіча [4]. Потым старыя сябры перапісваліся да канца жыцця.

На пачатку 1865 г. праходзяць заручыны Яна Карловіча і Ірэны Сулістроўскай, і пасля гэтага ён адразу едзе ў Берлін, каб працягнуць адукацыю ва ўніверсітэце. Маладая пара вырашае пашлюбіцца праз два гады - пасля заканчэння адукацыі, але бацькі нявесты патрабуюць паскорыць справу, таму Ян Карловіч прыязджае на радзіму, і 8 верасня 1865 г. адбываецца шлюб. Маладая пара адразу з'язджае ў Берлін, дзе Ян працягвае адукацыю, наведваючы лекцыі лепшых прафесараў Еўропы. Маладая жонка з цікаўнасцю дапамагае мужу ў яго навуковай працы.

У выніку, у Берлінскім універсітэце Ян Карловіч атрымлівае навуковыя ступені доктара філасофіі і магістра вольных навук.

Жадаючы заняць кафедру гісторыі ў Варшаўскай галоўнай школе бярэцца за напісанне габілітацыйнай працы па гісторыі. Адначасова займаецца пошукамі ў галіне славянскай філалогіі.

Але заняць месца прафесара ў Галоўнай школе не атрымліваецца.

Толькі ў 1871 г. Ян Карловіч атрымлівае месца настаўніка класа музыкі ў Варшаўскай кансерваторыі. Аднак хвароба вачэй не дазволіла працаваць ў кансерваторыі, і ён цалкам пераключаецца на навуку.

Этнаграфія заўсёды цікавіла Карловіча, яшчэ ў 1871 н. ён напісаў этнаграфічную кніжку «Дапаможнік для збіральнікаў народных твораў» [5]. Таму паступова вучоны спецыялізуецца на тым, што ў тыя часы мела назву «рэшткі даўняй культуры», паступова малады вучоны становіцца вядомым спецыялістам. Адначасова, ён вывучае летувіскую мову і паглыблена цікавіцца лінгвістыкай. Апрацоўвае легенду пра «Вечнага яўрэя», шукаючы яе карані ў этнаграфіі.

Восенню 1873 г. разам з маці і жонкай перасяляецца ў Вішнева, дзе, не пакідаючы навуку, на грамадскіх пачатках займаецца паляпшэннем эканамічных умоў сваёй мясцовасці. Але хутка гаспадарчыя справы бярэ на сябе жонка, даючы магчымасць Яну Карловічу займацца навукай. Менавіта тут у яго з'яўляецца жаданне заняцца вялікім слоўнікам польскай мовы - гэта праца заняла ў яго дваццаць гадоў.

У Вішневе Карловіч жыве да 1882 г. - тут былі напісаны ці спланаваны амаль што ўсе яго галоўныя працы, у тым ліку два яго славутыя слоўнікі.

Трэба сказаць, што адносіны з суседнімі абшарнікамі не склаліся, яны не разумелі памкненняў высокаадукаванага чалавека. Можа таму ён з сям'ёй усё ж перасяляецца ва ўлюбёны Гельдэйберг.

У Гельдэйбергу Ян Карловіч шмат піша, перакладае і друкуецца.

У 1885 г. жыве ў Празе і Дрэздане - працуе ў бібліятэках, знаёміцца з навукоўцамі. У 1887 г. стала пасяляецца ў Варшаве, 12 лістапада гэтага года, Акадэмія Ведаў у Кракаве абірае яго сваім чальцом [6].

У Варшаве Карловіч стаў рэдактарам толькі што створанага часопіса «Вісла». 11 гадоў ён рэдагаваў часопіс, за гэты час у ім надрукавана шмат найцікавейшых этнаграфічных матэрыялаў, у тым ліку і фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, запісаныя ў розных рэгіёнах Беларусі. У тыя ж гады Карловіч задумвае адкрыць этнаграфічны музей, прымае удзел ва ўсіх найважнейшых еўрапейскіх этнаграфічных і мовазнаўчых канферэнцыях таго часу.

Ян Карловіч запісваў беларускія народныя казкі, легенды, паданні, прыказкі і прымаўкі, выслоўі і інш. У 1889 і 1891 гг. запісаў для М. Федароўскага ў Ваўкавыскім павеце больш за 500 мелодый беларускіх народных песень (больш за 300 апублікаваны ў працы Федароўскага «Люд беларускі», т. 5-6, 1958-1960). Яшчэ напярэдадні ён выдаў працу «Найноўшыя даследаванні паданняў i ix зборы» (1883), а ў кнізе «Народныя паданні і казкі, сабраныя ў Літве» (т. 1-2, 1887-1888) змясціў у перакладзе на польскую мову больш за 80 беларускіх легенд, паданняў i казак, якія зaпicaў у Свянцянскім, Лідскім i Наваградскім паветах. Падрыхтаваў да друку (неапублікаваны, рукапіс зберагаецца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы, Вільня) зборнік з 400 бел. нар. абрадавых песень (вясновых, валачобных, жніўных, талочных, радзінных, лірычных і інш.), 50 мелодый, шмат казак, легенд, паданняў, прыказак і прымавак, выслоўяў. Быў сузаснавальнікам (1884) і галоўным рэдактарам «Prac Filologicznych» («Філалагічных працаў»). Аўтар працаў «Польская хата» (1884), «Сістэматыка песень польскага народа» (1889-95).

Карловіч - аўтар фундаментальных лінгвістычных прац «Слоўнік польскай мовы» (т. 1-8, 1900-27, у суаўтарстве з А. Крыньскім і В. Нядзьведзкім), «Слоўнік польскіх гаворак» (т. 1-6, 1900-11, закончыў Ян Лось), «Слоўнік выразаў замежнага і малавядомага паходжання...» (А-К, 1894-97). Напісаў найважнейшыя філасофскія і музыказнаўчыя працы: «Дон Карлас, каралевіч іспанскі» (1867), «Нарыс жыцця і творчасці Станіслава Манюшкі» (1884-85), «Міфалогія і філасофія» (1899) [7].

Ян Карловіч напісаў уступ да кнігі «Беларускія паданні», сабраныя Уладзіславам Вярыгай і выдадзенай ва Львове ў 1889 г. У гэтым уступе (С. 3-13.), напісаным у Варшаве 31 снежня 1887 г., Ян Карловіч акрэсліў становішча беларускай мовы, адносіны яе да ўкраінскай і рускай моваў. У прадмове Карловіч навукова паказаў, што беларуская мова - гэта асобная мова.

Даследчык пералічвае 16 асаблівасцей беларускай мовы і ўказвае на 4 асаблівасці, якіх не маюць украінская і руская мовы, што, па яго меркаванні, кажа пра асобнасць і самастойнасць беларускай мовы, гэтыя асаблівасці: 1) аканне, 2) дзеканне і цэканне, 3) тое, што гук «р» ніколі не бывае мяккім, 4) падваенне «н», «л» і «ц» ў канчатках (напр. гаданне, вяселле, піццё). У гэтым тэксце Карловіч пазначыў уплыў іншых моў: стараславянскай, польскай, татарскай і, у апошні час, рускай. Коратка напісаў пра беларускую літаратару.

Мовазнавец Караль Апель успамінаў, што Карловіч выказаў яму падзяку за працу «Аб беларускай мове» (1880 г.), у якой Апель разгледзеў асноўныя фанетыка-граматычныя рысы беларускай мовы. Карловіч напісаў, што праца прынесла яму вялікую радасць, бо ў ёй ён, хаця б часткова, пабачыў выкананне сваёй старой задумкі - напісанне граматыкі беларускай мовы, якую, «падобна, я ніколі не выканаю» [8].

Ян Карловіч памёр 14 чэрвеня 1903 г. ва ўзросце 67 гадоў.

Меў двух сыноў: Эдмунда (нарадзіўся 11 сакавіка 1871 г.) і Мечыслава (нарадзіўся 11 снежня 1876 г. у Варшаве), а таксама дачку Ванду, якая была замужам за Зыгмунтам Васілеўскім, яна толькі на 3 месяцы перажыла бацьку.



[1] Субартовічы (па-летувіску: Subartonys), вёска ў Аранскім раёне Аліцкага павета Летувы, 5 км на поўнач ад Мерачы. Знаходзіцца ў Дзукійскім нацыянальным парку. З 1775 г. Субартовічы былі родавым гняздом Карловічаў. Субартовічы радзіма летувіскага літаратара Вінцаса Крэве-Міцкевіча

[2] Традыцыя, застаўшаяся ад сярэднявечных ўніверсітэтаў, якія мелі 4 факультэты: права, медыцыны, філасофіі і тэалогіі. Таму і ступень доктара адпавядала гэтым 4 факультэтам. Так атрымалася што сучасныя не медыкі, не юрысты ці не тэолагі, напрыклад - фізікі з гісторыкамі атрымліваць адну ступень - "доктар філасофіі" скарочана Ph(d).

[3] Zycie i prace Jana Karlowicza (1836-1903). Warszawa, 1904. S. 1-10.

[4] Суднік Станіслаў. Францішак Багушэвіч у паўстанні 1863 года: легенды, здагадкі, факты // Лідскі летапісец № 1 (69), 2015. С. 28., 31.

[5] Karlowicz Jan. Poradnik dla zbierajacych rzeczy ludowe. Sklad glowny w Ksiagarni M. Orgelbranda, 1871.

[6] Zycie i prace Jana Karlowicza (1836-1903). Warszawa, 1904. S. 11-19.

[7] Ліцьвінка Васіль. Ян Карловіч // Лідскі летапісец № 2 (34), 2006. С. 9.

[8] Zycie i prace Jana Karlowicza (1836-1903). Warszawa, 1904. S. 132., 60.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX