Папярэдняя старонка: Навукоўцы

Віктар Кудла 


Аўтар: Дзікевіч М. М., Суднік С. В., Яхантава В. М.,
Дадана: 28-12-2022,
Крыніца: Дзікевіч М. М., Суднік С. В., Яхантава В. М. Краязнаўцу Віктару Кудлу - 80 // Лідскі Летапісец. 2021. № 3-4(95-96). С. 27-30.



Кудла Віктар Іванавіч нарадзіўся 17 кастрычніка 1941 года ў сялянскай сям'і ў в. Дроздава Лідскага раёна. У бацькоў былі чатыры сыны, на іх долю выпалі палахлівыя гады ваеннага ліхалецця, пасляваеннай галадухі і цяжкай працы. Пасля Жучкоўскай пачатковай школы прадоўжыў навучанне ў Ганчарах. Тут у 1957 годзе ўступіў у камсамол, быў старшынём вучнёўскай вытворчай брыгады. Неадразова быў пераможцам у раёне па кулявой стральбе з мк вінтоўкі. За выдатную вучобу і прыкладныя паводзіны атрымаў "Пахвальны ліст" Лідскага гаркама камсамолу. Скончыў Ганчарскую сярэднюю школу ў1959 годзе на 4-5 і без экзаменаў паступіў у Гарадзенскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Акрамя паспяховай вучобы прымаў актыўны ўдзел у камсамольскім жыцці: афармляў наглядную агітацыю, унікальную светлагукавую газету, адзначаны "Пахвальным лістом" Гарадзенскага райкама камсамолу (1962) і Граматай абкама камсамолу (1962). Да прызыву на вайсковую службу некалькі месяцаў працаваў заатэхнікам калгаса "Нёман" (в. Дзітрыкі) Лідскага раёна.

Віктар Кудла.

У лістападзе 1962 г. быў прызваны ва Узброеныя Сілы. Чатыры гады тэрміновай службы з 1962 па 1966 год праходзіў на крэйсеры "Камсамолец" Талінскай ваенна-марской базы Двойчы Чырванасцяжнага Балтыйскага флоту. Асвоіў ваенна-марскія спецыяльнасці вежавага артэлектрыка і старшыны рэйдавага камандзірскага кацера. З'яўляўся выдатнікам баявой і палітычнай падрыхтоўкі, спецыялістам першага класу. Быў намеснікам, а апошні год тэрміновай службы абраны сакратаром камітэта камсамолу карабля на правах райкама. Арганізаваў выпуск і быў рэдактарам арыгінальнай светлагукавой газеты "Камсамольскі фіціль". Удзельнічаў у візіце савецкіх караблёў у Данію (травень 1964 г.), у Швецыю (травень 1965 г.), у далёкім паходзе ў Паўночнае мора, у вучэннях краін Варшаўскай дамовы. З'яўляўся арганізатарам і актыўным удзельнікам Усесаюзнага турыстычнага паходу па месцах баёў абаронцаў Маандзунскага архіпелага. У скадзе каманды былі: Герой Савецкага Саюза Анатоль Каняеў, камандзір падводнай лодкі, якая ўпершыню прайшла пад ільдамі Фінскага заліва, зампаліт палка, узняўшага Сцяг Перамогі над рэйхстагам - палкоўнік Арцюхоў.

Вахтавы журнал паходу, фотаматэрыялы і светлагукавыя газеты перададзены ў музей Балтыйскага флоту. Закончыў службу старшыной першай стацці, а пасля перападрыхтоўкі прысвоена званне "старшы лейтэнант ВМФ".

Зрэшты, за гады ваенна-марской службы Віктару Іванавічу давялося сустрэцца з легендарнымі асобамі. Падчас інспектарскай праверкі ён на камандзірскім кацеры правёз па гаванях Талінскай ВМБ двойчы Героя Савецкага Саюза Міністра абароны маршала Андрэя Грэчку.

Падчас пераходу эскадры караблёў з Таліна да Балтыйска з экіпажам крэйсера сустракаліся: Маршал Савецкага Саюза Кірыл Маскаленка, генерал арміі Хетагураў, Міністры абароны краін Варшаўскай дамовы, аб чым Віктар Кудла аформіў для іх фотаальбомы. Але больш за ўсё маладому мараку запомнілася сустрэча з лётчыкам-касманаўтам № 2, Героем Савецкага Саюза Германам Цітовым, які падчас рэйду з крэйсера на востраў Саарэма сфатаграфаваўся ў рубцы кацера і падарыў яму кнігу "На касмадроме" з асабістым аўтографам.

За поспехі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы і актыўную камсамольскую працу быў узнагароджаны Ганаровай граматай ЦК ВЛКСМ, Граматай ЦК ЛКСМ Эстоніі, Граматамі камандзіра карабля, сфатаграфаваны каля разгорнутага сцяга крэйсера і тройчы адзначаўся адпачынкам з выездам на радзіму.

Падчас вучэнняў Узброеных сіл краін Варшаўскай дамовы за доблеснае выкананне адказнага і даволі рызыкоўнага задання ў час штармавой непагадзі па дастаўцы кацерам камандавання эскадры з порта Свінавусце (Польшча) да караблёў на рэйдзе ўзнагароджаны юбілейным медалём "20 гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-45 гг.". Медаль уручыў Старшыня Савета Міністраў СССР А.Н. Касыгін.

Напрыканцы службы стаў членам кампартыі, і была прапанова застацца сакратаром камсамольскай арганізацыі Талінскага мараходнага вучылішча, але трэба было вяртацца на радзіму да састарэлых бацькоў…

Пасля дэмабілізацыі Віктара Іванавіча запрасілі заатэхнікам у родны калгас імя Чкалава ў в. Жучкі (1966 г.), а праз год перавялі намеснікам старшыні калгаса імя ВС СССР у в. Мыто (1967-70 гг.). Пасля заканчэння Гарадзенскага сельгасінстытута і курсаў па падрыхтоўцы кіраўнічых кадраў у 1970 годзе, кіраўнікі раёна настойліва прапаноўвалі стаць старшынём калгаса "Ударнік" (в. Хадзюкі). Але, не даўшага згоду, са спагадай накіравалі галоўным заатэхнікам самага адсталага ў раёне саўгаса "Дворышча", а ў 1973 годзе прызначылі дырэктарам саўгаса "Савецкі" (в. Крыніцы). За 5 гадоў узначалены ім працоўны калектыў дамогся значнага павелічэння вытворчасці і продажу сельгаспрадукцыі. Былі пабудаваны: дзіцячы сад на 90 месцаў, пасялковая кацельня, жывёлагадоўчы комплекс на 400 галоў, зернясховішча, бульбасховішча на 2 тысячы тон з нямецкім сартавальным пунктам, два 4-х кватэрныя жылыя дамы, вясковы вадаправод. За высокія вытворчыя вынікі гаспадаркі Кудла В.І. быў узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны", значком "Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва 1975 года" і жэтонам "Ударнік 11-ай пяцігодкі".

У сакавіку1979 года па прапанове Лідскага РК КПБ, Савет Міністраў БССР прыняў Пастанову аб узбуйненні экс. базы "Савецкая" за кошт далучэння саўгаса "Дворышча". Аб'яднаная гаспадарка атрымала назву эксперыментальная база "Ніва", а дырэктарам быў зацверджаны Кудла В.І.

Шмат сіл і старанняў давялося прыкласці маладому кіраўніку, дарэчы, самай буйной на той час гаспадаркі ў раёне, каб з'яднаць аб'яднаны працоўны калектыў, умацаваць працоўную дысцыпліну, нацэліць спецыялістаў і працаўнікоў на рашэнне перспектыўных задач.

За гэтыя гады шмат было зроблена па стварэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы, навядзенні парадку на зямлі, уладкаванні палявых дарог, будаўніцтве і рэканструкцыі з поўнай механізацыяй працаёмкіх працэсаў на жывёлагадоўчых фермах Мігуны, Гурыны, Гімбуты, Сліжы. (Дарэчы, тры апошнія цяпер знішчаны.) Пасля мадэрнізацыі па навейшай тэхналогіі, свінагадоўчая ферма "Мяргінцы" была прызнана лепшым у вобласці мінікомплексам замкнёнага цыклу: вырошчвалі 2 тыс. парасят і прадавалі 200 тон свініны. (Сёння там разваліны).

Дзякуючы кіраўнікам будаўнічай справы Лабецкаму У.Ю., Юхно В.Г. і зладжанай працы будаўнічай брыгады ў складзе поўсотні чалавек, а ў летні перыяд студэнцкім будатрадам "Маладосць" і "Граніт", былі пабудаваны: аграхімцэнтр, збожасховішча вежавага тыпу з зернесушылкамі, сенасховішча і буракасховішча з кармацэхам, склады для будматэрыялаў, новыя гаражы і навесы для сельгастэхнікі.

Было шмат зроблена па сацыяльна-культурным развіцці гаспадаркі: пабудаваны адміністрацыйны будынак, сярэдняя школа, ФАП, быткамбінат, катэджы па вуліцах Цэнтральнай і Зорнай. Функцыянавалі дзве лазні ў вёсках Дворышча і Крыніцы, а для жыхароў астатніх вёсак душавыя на ўсіх фермах Гурыны, Сліжы, Мігуны, Мяргінцы, Гімбуты, а ў раммайстэрні "Дворышча" - саўна з міні-басейнам. (На сёння нават у Дворышчы лазня не працуе.)

У красавіку 1982 года гаспадарку наведалі кіраўнікі Рэспублікі і вобласці: першы сакратар ЦК КПБ Кісялёў Т.Я., старшыня Прэзідыума ВС БССР Палякоў І.Я., першы сакратар абкама КПБ Кляцкоў Л.Г., старшыня аблвыканкама Арцыменя Д.К. Далі высокую адзнаку стану спраў у гаспадарцы, і была прапанова Віктару Іванавічу на павышэнне, але адмовіўся, каб не абрываць пачатае і запланаванае.

Па ініцыятыве і пры актыўным удзеле Кудлы В.І. у пачатку 80-х гадоў для аднаўлення былых будынкаў Дварышчанскага панскага фальварка быў распрацаваны праект сядзібна-этнаграфічнага комплекса. У рэстаўраванай чатырохпавярховай вежы быў створаны гістарычна-этнаграфічны музей "Зямля і людзі". Экспазіцыі музея асвятлялі гістарычнае мінулае і сучаснасць Дварышчанскага краю. Вадзяны млын быў рэканструяваны пад гасцініцу і рэстаран, у якім працавалі б свае работнікі, выкарыстоўваючы саўгасныя прадуты. У млыне былі замацаваны падмуркі, сцены, зноўку ўсталяваны дах, пакрыты чырвонай дахоўкаю. Выкладзены падлогі, столі абабіты арыгінальнай вагонкай, устаўлены вокны з вітражамі і дубовыя дзверы. На трох паверхах ўладкаваны тры каміны, грузавы ліфт, пракладзены электраправодка, трубы і вадзяныя радыятары, устаноўлены перагародкі пакояў, санвузел. У мансарднай частцы млына была абсталявана малая банкетная зала, а пад ім - лазня з мінібасейнам.

На сёняшні дзень усе гэтая аб'екты аграэкатурызму давалі б працу дзесятку дварышчан і прыносілі б значны прыбытак гаспадарцы.

На жаль, большасць з гэтага ўжо ў мінулым, разбурана і знішчана…

Пасля сустрэчы з алімпійскім чэмпіёнам па конным спорце Віктарам Угрумавым і зацікаўленай размовы, у 1985 годзе былі закуплены першыя спартыўныя коні, і арганізавана коннаспартыўная школа, якая і сёння працуе. Для аматараў парыбачыць на забалочаных і хмызняковых нізінах сваім эскаватарам і за сродкі гаспадаркі былі выкапаны сажалкі ў вёсках Мігуны, Мяргінцы, Крыніцы, Дворышча, Гурыны.

У старадаўнім парку на летняй эстакадзе праходзілі святочныя мерапрыемствы і масавае гулянне вяскоўцаў (цяпер тут выгул для коней). Уздоўж рэчкі Жыжма каля клуба быў пасаджаны новы парк імя 40-годдзя вызвалення Беларусі, аднак усе годы там пасвіліся каровы знішчыўшы пасадкі.

Па цэнтральнай вуліцы пакладзены ходнікі, пароблены газоны і кветнікі. Пракладзены ліўнёвая каналізацыя, падземны кабель вулічнага асвятлення з таршэрамі (за апошнія гады гэта разбурана). У падвальным памяшканні пад канторай быў цір для стральбы з малакалібернай вінтоўкі і трэнажоры. Часта на эксбазе праходзілі раённыя спаборніцтвы.

Значную дапамогу гаспадарка аказала Дварышчанскай школе па ўнутраным аздабленні класаў, вестыбюля. Каля школы былі пабудаваны стадыён і арыгінальная дзіцячая пляцоўка з малымі архітэктурнымі формамі (ад іх нічога не захавалася), перададзены ў выкарыстанне фруктовы сад.

Былі закуплены картынгі, лыжы, спартыўная форма. Многія выпускнікі заставаліся працаваць у гаспадарцы (яны і сёння касцяк механізатараў) і часта за кошт гаспадаркі паступалі ў сельскагаспадарчыя інстытуты і тэхнікумы.

У гаспадарцы працавала больш за сто камсамольцаў і 70 партыйцаў. Санітарная дружына займала першыя месцы ў раёне і вобласці.

Па творчай прапанове і эскізе Віктара Іванавіча менскімі скульптарамі Батвінёнкам А.У., Патапавым Н.Ф. быў выраблены і ўстаноўлены на школьнай пляцоўцы помнік-манумент у памяць аб зямляках-змагарах за народное шчасце і дабрабыт. Нездарма ў лідскай газете, на той час "Уперад" (1985 г.), была падборка матэрыялаў пра "дырэктара-архітэктара", а вёска Дворышча ўпершыню названа "аграгарадком". За планамерную і ўмелую забудову цэнтральнай сядзібы Дворышча, гаспадарка была ўзнагароджана дыпломам ВДНГ, а дырэктар Кудла В.І. - бронзавым медалём.

У эксперыментальнай базе "Ніва" кожны год праходзілі раённыя і часта абласныя семінары з удзелам кіраўніцтва вобласці і раёнаў. "Ніве" было прысвоена званне "Гаспадарка высокай культуры земляробства і жывёлагадоўлі" . Гаспадарка выйшла на перадавыя пазіцыі ў раёне па продажы бульбы (4-5 тыс. тон штогод), па вытворчасці кармоў і малака. Прыбытак гаспадаркі складаў больш за два мільёны рублёў, а сярэдняя зарплата працаўнікоў была самая высокая ў раёне і большая за сярэднерэспубліканскую. Пенсіянеры тых часоў сёння атрымліваюць пенсію ў два разы большую за цяперашніх.

Віктару Іванавічу неаднаразова прапаноўвалі ісці на павышэнне, а ён цвёрда вырашыў усе сілы і намаганні аддаць Дварышчанскаму краю. Але гэта не прайшло бясследна для здароўя. І калі дактары цвёрда сказалі, што яго сэрца больш можа не вытрымаць дырэктарскай нагрузкі, яму прапанавалі працу, як думалася, больш спакойную - старшынём райкама прафсаюза работнікаў АПК.

Нягедзячы на значныя дасягненні па сацыяльна- эканамічным развіцці гаспадаркі, кіраўніцтву раёна не падабалася самастойна-прынцыповая пазіцыя дырэктара, а падчас і крытыка ў іх адрас. І, мажліва, таму ў раённых кіраўнікоў не знайшлося сумлення, каб па справядлівасці адзначыць сямігадовую працу ў эксбазе "Ніва" Кудлы Віктара Іванавіча ўрадавай узнагародай. І толькі пасля пераводу ў прафсаюз "удагонку кінулі" Ганаровую грамату ВС БССР.

У перыяд эканамічнай разрухі і палітычнай нестабільнасці Віктар Іванавіч, маючы актыўную грамадзянскую пазіцыю, прынцыпова стаў на абарону сацыяльна-працоўных правоў работнікаў праз заключэнне калектыўных дамоў. Прафсаюзны актыў удзельнічаў у справядлівым размеркаванні тавараў павышанага попыту, пуцёвак санаторна-курортнага лячэння. У падпарадкаваным прафсаюзу аздараўленчым лагеры "Бярозка" была праведзена значная рэканструкцыя памяшканняў, закуплена абсталяванне, мэбля і інвентар, што дазволіла значна павялічыць колькасць адпачываючых дзяцей і якасць аздараўлення. Каб прафсаюзным работнікам не жыць за кошт узносаў, было створана і працавала гаспадарча-разліковае малое прадпрыемства "Белагруда".

Віктар Іванавіч, верны сялянскаму пакліканню, пасля выхаду на пенсію сумесна з сынамі Вадзімам і Артурам арганізаваў фермерскую гаспадарку "Расінка-2002", дзе па сучасных тэхналогіях вырошчваецца прадукцыя. Узначальваючы асацыяцыю фермерскіх гаспадарак Лідчыны, стараецца адстойваць роўныя ўмовы гаспадарання для сельгасвытворцаў.

Напрыканцы лета 2015 года прайшло масавае запамінальнае свята фермераў Лідчыны з дэманстрацыяй дасягненняў фермерства, выставай старыннай рэрытэтнай сельскагаспадарчай тэхнікі і прыладаў працы.

Па ініцыятыве і пры актыўным удзеле Віктара Іванавіча было арганізавана свята роднай вёскі Дроздава. Аднавяскоўцы і госці з цікавасцю выслухалі яго экскурс у мінулае вёскі, змаглі ўбачыць цікавыя архіўныя матэрыялы пра даўнейшых насельнікаў вёскі, выставу яго карцін і разьбу па дрэве…

На аснове захаваўшыхся дакументаў і ўспамінаў бацькі ў "Лідскім летапісцы" надрукаваны "Экскурс у гісторыю беларускага бежанства ў Першую сусветную вайну". А цяпер Віктар Іванавіч працуе над "Звесткамі аб сялянскім жыцці, навучэнцах і навучанні ў Ганчарскай акрузе", якія ўжо не адзін год друкуюцца ў "Лідскім летапісцы".

Абраны старшынём ветэранскай арганізацыі Дварышчанскага сельсавета. Свой аўтарытэт і здольнасці выкарыстоўвае на вырашэнне надзённых праблем ветэранаў. Былі праведзены сходы ветэранаў у вёсках і "агеньчык" "Вечар успамінаў". Заўвагі і прапановы перададзены ў сельвыканкам і дырэкцыі. На жаль, усё засталося па-за ўвагай і без выканання.

Па праекце Кудлы В.І. пад старыну быў пабудаваны з бутавага каменю васьмівугольны будынак, у якім цяпер размясцілася царква імя святой Сафіі Слуцкай. У 2014 годзе здолеў сустрэцца з архіепіскапам Гурыем і адстаяць святара ад пераводу ў іншую грамаду і абрысаваць планы па абсталяванні царквы… Актыўна займаецца краязнаўствам малой радзімы, рупліва абараняе гістарычна-архітэктурную спадчыну. На аснове сабраных ім архіўных матэрыялаў у "Лідскім летапісцы" быў апублікаваны артыкул "Дворышча". Па яго ініцыятыве летам 2021 года адзначылі 500-годдзе Дворышча. Тут былі выстаўлены яго карціны і выстава старадаўняй сельскагаспадарчай тэхнікі і сялянскіх прыладаў працы. Шукае разрабаваныя экспанаты, каб зноў абсталяваць знішчаны музей, а, мажліва, і аграсядзібу…

- Мой святы абавязак - пастарацца зрабіць як мага больш, каб гісторыя засталася ў памяці нашчадкаў.

Партрэт Віктара Іванавіча, напэўна, быў бы няпоўным без некалькіх штрыхоў аб яго здольнасцях і захапленнях. Адно з іх - гэта фатаграфіі, з якіх па жыццёвай храналогіі і пра наведванне 18-ці замежных краін, аформіў больш за 20 фотаальбомаў. Другое: здатна малюе алейнымі фарбамі на палатне карціны з роднымі краявідамі, асвоіў разьбу па дрэве і інкрустацыю, але на гэта мае мала часу…

Прысядзібны ўчастак сям'і запоўнены фруктовымі дрэвамі, вінаградам і дэкаратыўнымі туямі, якія разводзіць сам. Добры мёд дае і невялікая пасека. Альпійскую горку і газоны ўпрыгожваюць кветкі жонкі Яніны Станіславаўны, а ў адмысловых цяпліцах вырошчваецца агародніна.

І сёння Віктар Іванавіч поўны ідэй і задум. Ён ніколі не спыняецца на дасягнутым - "Увесь час у актыўным жыццёвым паходзе".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX