19 люты 2020, 20:45
На экскурсію па горадзе, якога ўжо няма, запрашае новая кніга краязнаўцы Лявона Лаўрэша «Шпацыры па старой Лідзе». Разам з аўтарам гартаем старонкі, рушым на прагулянку і слухаем, што могуць расказаць даўнейшыя будынкі.
Новая кніга краязнаўцы зь Ліды Лявона Лаўрэша «Шпацыры па старой Лідзе» вядзе чытача на экскурсію па адным з самых старых гарадоў Беларусі. Перад вачыма паўстае забудова пераважна канца XIX - пачатку XX стагодзьдзяў.
Ліду моцна зьнішчылі два вялікія пажары ў XIX стагодзьдзі і апошні - у 1941 годзе. Некаторыя будынкі засталіся толькі ва ўспамінах. Каб захаваць памяць пра той горад, і зьявілася кніга. Лаўрэш працаваў над ёй каля 20 гадоў.
1. Лідзкі замак
Замкавая вуліца, 1
Замак пачалі будаваць у 1323 годзе. Ён уваходзіў у лінію ўмацаваньняў Наваградак - Крэва - Меднікі - Трокі. Падчас нападаў крыжакоў на Вялікае Княства Літоўскае ў XIV стагодзьдзі ў Лідзе або побач зь ёй пабывалі ўсясьветна вядомыя асобы. Герцаг Сомэрсэт Джон Бофарт і Генры Пэрсі па мянушцы Гары Готспур, як вынікае з гістарычных крыніц, маглі ўдзельнічаць на баку Тэўтонскага ордэна ў нападах на Лідзкі замак у 1392 і 1394 гадах. Джон Бофарт і дзядзька Готспура Томас Пэрсі - пэрсанажы трагедый Уільяма Шэксьпіра «Рычард ІІ» і «Генрых IV».
Лідзкі замак аднаўлялі з канца 1970-х гадоў да мінулага году.
2. Ратуша
Лідзкая ратуша стаяла на Рынку. У ёй месьціліся органы гарадзкога самакіраваньня. Магдэбурскае права Ліда атрымала ў 1590 годзе. Будынак ратушы ў ХІХ стагодзьдзі служыў вайсковай гаўптвахтай, драўляная прыбудова побач - складам для пажарных. Былая лідзкая ратуша згарэла ў вялікім пажары 1891 году.
3. Фарны касьцёл
Вуліца Шолам-Алейхема, 15
Пабудаваны ў 1770 годзе. У 1794 годзе значная частка касьцельнага срэбра пайшла на падтрымку паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі. 15 жніўня 1812 году тут, як і ў іншых гарадах Беларусі, сьвяткавалі дзень нараджэньня Напалеона, які ніколі не бываў у Лідзе. Захавалася падрабязнае апісаньне гэтага дня. У 1960-я гады агароджу касьцёла з брамаю разабралі. Каб абараніць сьвятыню, людзі клаліся пад трактары. Касьцёл уратавалі, цяпер ён дзейнічае.
4. Гарадзкі магістрат, або Народны дом
Замкавая вуліца, 2
Двухпавярховы дом пабудавалі на пачатку ХХ стагодзьдзя. Амаль адразу яго арандавала папячыцельства аб народнай цьвярозасьці, і тут пачаў працаваць Народны дом. Народныя дамы адкрывалі, каб адцягнуць народ ад пʼянства. Звычайна там бывала бібліятэка-чытальня і чайная, працавалі розныя гурткі. У 1920-я гады тут месьціліся штаб-кватэры розных палітычных партый. Падчас апошняй вайны гарэў, быў адрамантаваны. Цяпер гэта жылы дом.
5. Касьцёл і кляштар кармэлітаў
Савецкая вуліца, 3
Кармэліцкі касьцёл асьвяцілі ў 1714 годзе. Кляштар прылягаў да касьцёла. Там жылі ў розныя часы 6-14 манахаў. Часам пры кляштары вучыліся хлопчыкі зь бедных семʼяў, працаваў шпіталь. Кляштарная бібліятэка мела больш за 100 тамоў тэалягічнай літаратуры. Першы паверх кляштара ў ХІХ стагодзьдзі выкарыстоўвалі для сьвецкіх мэтаў: тут былі архіў, павятовая каса, суд з канцылярыяй. Пасьля паўстаньня 1831 году кляштар у кармэлітаў забралі. Тут разьмясьціўся вайсковы шпіталь, потым салдацкі клюб, староства Лідзкага павету. У 1941 годзе будынак згарэў. Сёньня на месцы кармэліцкага кляштара музычны каледж.
6. Тарбут-школа
Ленінская вуліца, 10а
Сьцяна лідзкай прыватнай сынагогі пры тарбут-школе, здымак 2000 году
Гэтая сьцяна - адзінае, што засталося ад габрэйскай Ліды. З 1920-х гадоў тут была так званая тарбут-школа - сьвецкая вучэльня, дзе вучыліся на іўрыце. Па гэтым адрасе здаўна жыла вялікая, вядомая і паважаная ў горадзе сямʼя Ілютовічаў. Яшчэ за царскім часам аднаго з Ілютовічаў неяк схапіла на вуліцы каманда лаўцоў, якая палявала на габрэйскіх дзяцей, каб забраць іх у войска. Але мясцовы паліцэйскі пазнаў яго і загадаў адпусьціць. Тарбут-школу наведвалі 500 вучняў. У 1930-я, калі ў ёй стала цесна, новы будынак для яе пабудавалі ў іншым раёне.
7. Дом Длускага
Савецкая вуліца, 16
На гэтым месцы ў 1798 годзе стаяў дом пані Едкі, а ў ім была пошта. Пасьля чарговага пажару тут пабудавалі двухпавярховы будынак, які належаў Флярэнтыну Длускаму.
У двары гэтага дома месьціўся першы лідзкі кінатэатар «Ілюзіён» - яго перарабілі са стайні. У будынку не было ніводнага акна. Будучы прафэсар-кіназнаўца Далінскі пісаў: «Вельмі рана... я пачаў наведваць кінатэатар "Ілюзіён". У ім не было нават крэслаў... і мы, хлапчукі, сядзелі на лаўках. Каштаваў нам квіток вельмі танна, усяго 5 капеек... Уваходзілі мы туды нясьмела, як у сынагогу: жарт сказаць, цуд, белы экран, і на ім раптам жывыя людзі, розныя зьвяры, вуліцы, лес, возера і нават дзіўнае бяскрайняе мора». У 1955 годзе кінатэатар і дом на Савецкай, 16 рэканструявалі. На першым паверсе адкрылі дзіцячую бібліятэку і крамы, на другім - гарадзкую бібліятэку.
Афіша першага лідзкага кінатэатру
8. Дом Малеўскага і дом Вітажэнца
Савецкая вуліца, 32, 34
Гэтыя дамы пабудавалі ў стылі функцыяналізму ў канцы 1930-х гадоў. Першы дом належаў сямʼі Малеўскіх, другі - Баляславу Вітажэнцу. Яны лічыліся аднымі з найлепшых у горадзе. У доме Малеўскага пасьля апошняй вайны месьціўся гаркам камсамолу, потым жылі начальнік турмы, першыя сакратары гаркаму і райкаму, старшыні гарвыканкаму.
У кнізе сустракаюцца QR-коды, па якіх таксама можна знайсьці інфармацыю пра дамы. У QR-кодзе на фота - геаграфічныя каардынаты
9. Пошта
Вуліца Міцкевіча, 8
Пабудаваны ў сярэдзіне 1930-х гадоў у стылі функцыяналізму. Падобныя будынкі пошты зьявіліся ў той час у польскіх Быдгашчы, Гдыні, ва ўкраінскім Луцку. У 1938 годзе на замену конным вазам, якія дастаўлялі карэспандэнцыю, прыйшлі аўтамабілі. Напачатку, як пошта адкрылася, перад будынкам стаяла барыкада з ровараў - іх пакідалі курʼеры. Цяпер будынак пад аховай дзяржавы.