Бывае так, што жывеш у горадзе ў якім нямала выдатных гістарычных аб'ектаў, з якімі абавязкова трэба пазнаёміцца, але ніяк не выпадае іх аглeдзeць, бо навошта, часу хапае, зрабіць гэта можнa ў любы момант, напрыклад заўтра... ці лепей пасля-заўтра. Так атрымалася і ў мяне з Лідай. Давялось жыць там нейкі час, а нават з замкам зняўся толькі пасля таго, як адтуль з'ехаў. Таму прачытаць гэтую кнігу мне было асабліва цікава. Вандроўка пачынаецца ад Лідскага замка, раскрываецца гісторыя яго заснавання ў 1323, ад гэтага года адлічваецца і гісторыя горада. Таксама ўзгадваецца альтэрнатыўны варыянт узнікненя паселішча з назвай Ліда на гэтым месцы на 200 гадоў раней. Пакружыўшы вакол замка аўтар распавядае пра іншыя гарадскія вуліцы і будынкі на іх. Толькі не ўсё так добра, большасць гістарычных будынкаў аказаліся знішчанымі пад час пажараў у 1891 і 1941 гадах. Таму з імі атрымліваецца азнаёміцца толькі пры дапамозе архіўных звестак, а таксама старых фотаздымкаў і паштовак з выявамі горада. Толькі звесткі ў асноўным закранаюць часы Расійскай імперыі, бо ранейшыя, з часоў Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага таксама знішчаны ў пажарах. Можна аддаць належнае аўтару, ён не завальвае чытача дадзенымі накшталт: пабудавана ў адным годзе, рэканструявана ў другім годзе. Гэта безумоўна ў кнізе ёсць, але такія звесткі разбаўляюцца ўражаннямі простых людзей і гэта асабліва каштоўна, бо робіць гісторыі дамоў больш жывымі. Акрамя таго выкарыстоўваюцца і крымінальныя хронікі - рынак, корчмы, гатэлі, піўныя і бардэлі - гэта ўсё месцы якія так і прыцягваюць злачынцаў, а з імі і праблемы. Цікавая прыведзеная гісторыя з мемарыяльнай дошкай Людвіку Нарбуту аднаму з лідараў паўстання 1863 года, які нарадзіўся ў Лідскім павеце і вучыўся ў Лідзе ў папіярскім вучылішчы. Вывешанная 8.05.1938, замураваная 17.09.1939 перад прыходам саветаў. Зноў адкрытая ў 1989, гвалтоўна сарваная 17.06.1996, а з 1997 увогуле схаваная ў адным з гарадскіх касцёлаў. І яшчэ раз адкрытая 21.04.2013. Галоўнае каб зноў не надышоў час яе хаваць. Усе раздзелы суправаджаюць QR-коды з каардынатамі месца, з якога лепей глядзець на аб'ект, аб якім ідзе гаворка, і з 360-градусным фота, таму, пры жаданні, можна нават дыстанцыйна знаёміцца з выбітнымі месцамі горада. Але, як напісана ў кнізе "такія збудаваннi дзеляцца з чалавекам сілай, прыгажосцю і любоўю, якiя заклалі ў іх стваральнiкi, але дзеляцца толькi з тымі, хто ўмее ўсё гэта ўбачыць…" Кніга пакінула прыемнае пачуццё. Цікавая прыдумка з QR-кодамі, гісторыі звычайных жыхароў горада аб іх успыяцці горада, справы розных махляроў і злачынцаў таксама было цікава пачытаць. Да кнігі толькі адна прыдзірка - аўтар напісаў, што Тотэнхэм "стаў адным з самых тытулаваных на Туманным Альбіёне", толькі як вядома Тотэнхэм "лайном не быў, але і да вяршыняў не дабраўся".
Osman_Pasha, livelib.ru: https://www.livelib.ru/review/2997811-shpatsyry-pa-staroj-lidze-leanid-laresh