Сёлета ў гродзенскім выдвецтве "ЮрСаПрынт" выйшла з друку кніга доктара гістарычных навук,прафесара Святланы Марозавай "Людзі культуры Гродзеншчыны: Леанід Лаўрэш".У кнізе расказваецца пра жыццё і дзейнасць беларускага пісьменніка, даследчыка, лідскага краязнаўцы Леаніда Лаўрэша. Ён паказаны як пісьменнік, даследчык гісторыі Беларусі, як асветнік, стваральнік сайта pawet.net, як патрыёт Лідскага краю.
Кніга змяшчае радавод і і генеалагічнае дрэва роду Лаўрэшаў за 300 гадоў. Сам Леанід Лаўрэш нарадзіўся 1 сакавіка 1963 года ў Лідзе. У 1970 - 1980 гадах вучыўся ў лідскай сярэдняй школе № 11. Падчас вучобы праявіў цікавасць да астраноміі і гісторыі. Наведваў астранамічны гурток пры гарадскім планетарыі. У 1985 годзе скончыў электратэхнічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер - Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт) па спецыяльнасці «інжынер-электрык».
У кнізе прыводзяцца выказванні вядомых гісторыкаў пра навуковую вартасць кніг Леаніда Лаўрэша. Спіс яго публікацый дае ўяўленне пра сферу даследчых зацікаўленняў: праблематыку, храналогію, гісторыю навукі. У сукупнасці матэрыялы кнігі адлюстроўваюць уклад пісьменніка-даследчыка ў пашырэнне ведаў аб гісторыі Лідчыны і асэнсаванне яе месца ў беларускім і еўрапейскім гістарычным кантэксце.
Выданне прызначана для даследчыкаў і аматараў гісторыі, краязнаўства і культуры Беларусі, Гродзеншчыны, Лідчыны, усіх тых, хто любіць гэты край і цікавіцца біяграфіямі яго вядомых ураджэнцаў.
Сяргей Чыгрын