Леанід Лаўрэш жыве ў Лідзе. Па прафесіі ён інжынер. І амаль увесь вольны час займаецца гістарычнымі і архіўнымі даследаваннямі, а таксама гістарычным краязнаўствам. Напісаў дзесяткі артыкулаў, выдаў шмат кніг па гісторыі лідскай зямлі. Шэраг публікацый Леаніда Лаўрэша прысвечана вусным, пісьмовым і выяўленчым крыніцам рэгіянальнай гісторыі, у тым ліку каменным магілам, каменям-следавікам, паданням, малюнкам, паштоўкам і фотаздымкам. Ён даследуе і публікуе невядомыя факты пра жыццё і дзейнасць такіх асобаў як Кіпрыян Кандратовіч, Дзіянісій Хлявінскі, Францішак Нарвойша, Ян Снядэцкі, Гаўрыла Ціхаў і многіх іншых. Пра ўсё гэта, і шмат яшчэ пра што, ён пагадзіўся распавесці чытачам "Czasopisu".
Леанід, як так сталася, што ты, інжынер па адукацыі, захапіўся гісторыяй і краязнаўствам?
- Я з дзяцінства чытаў кнігі па гісторыі, у свой час перачытаў у лідскіх бібліятэках усе, што знайшоў. Адчуванне, што магу нешта напісаць, прыйшло бліжэй да 40 гадоў. Першы мой артыкул, калі не памыляюся, быў надрукаваны ў 2000 годзе. Ну і потым, неяк, усе пайшло само па сабе.
Гэта тваё хобі ці цяжкая, марудная і няпростая праца?
- Хобі, але чым далей, чым усе больш становіцца маруднай працай. Сам сабе стаўлю планы і сам іх выконваю. Планы ўсё больш вялікія і працы ўсе больш. Трэба спяшацца пісаць, бо позна пачаў і трэба рэалізаваць раней задуманае. У прынцыпе, у свае 56 гадоў, я з большага ўжо ведаю, што за сваё жыццё мне трэба напісаць. Таму яшчэ наперадзе шмат планаў і працы.
Даследуеш ты і гісторыю прыродазнаўчых навук на Беларусі. Раскажы пра гэта.
- "Астраномія - гэта было другое хобі дзяцінства. У Лідзе меўся планетарый (адзін з трох у Беларусі), і я хадзіў у астранамічны гурток. З нейкага часу я ўжо ведаў, што павінен напісаць кнігу па гісторыі астраноміі. Таму ў 2013 годзе і выйшла мая кніга "Зорнае неба над галавой". Я паставіў яшчэ адзін крыжык - чарговы пункт жыццёвай праграмы выкананы. Здаецца, пакуль падобных кніг у Беларусі не выдавалася. За кнігу я ўдзячны людзям, без якіх яна б не пабачыла свет, гэта - дырэктару выдатнага мінскага выдавецтва "Лімарыус" Марыне Шыбко і Аляксандру Фядуту.
Зараз больш канцэнтруюся на лакальнай лідскай гісторыі, але артыкул пра Тэадора Нарбута, як аматара прыродазнаўчых навук, усё ж нядаўна надрукаваў.
Каб даследаваць канфесійную гісторыю Беларусі, трэба добра разбірацца ў рэлігійных пытаннях. У цябе, бачу, атрымліваецца. У палітэхнічным інстытуце ў Мінску гэтаму не вучылі. Праўда ж?
- У палітэхнічным інстытуце навучылі галоўнаму - уменню ўключаць мозг на поўную магутнасць, а таксама сістэмна думаць і працаваць. Лічу, што, акрамя атрымання прафесійных ведаў, у гэтым і ёсць сутнасць вышэйшай адукацыі. Таму, калі мяне гэтаму навучылі мае выкладчыкі - прайшло 35 гадоў. Але я ўзгадваю іх з вялікай удзячнасцю. Дык далей можна было ўжо самастойна разабрацца і ў нечым іншым. Аднак, не зусім і самастойна. Таму лічу сабе "вучнем-завочнікам" лепшага знаўцы (па-майму меркаванню) канфесійнай гісторыі Беларусі - гэта доктара гістарычных навук прафесара Святлану Валянцінаўну Марозаву з Гародні. Колькі часу яна патраціла, рэдагуючы мае кнігі і тлумачачы мне, аматару, базавыя моманты! Гэта чалавек самага высокага інтэлекту і прафесіяналізму, але і, як усе разумныя людзі, яна вельмі прыязна ставіцца да іншых асоб. І я заўсёды магу атрымаць карысную кансультацыю ў прафесіянала такога ўзроўню.
Зараз набліжаецца да заканчэння праца над кнігай з біяграфіямі вядомых грэка-каталіцкіх дзеячаў часоў ліквідацыі ўніі. Пішацца кніга па гісторыі царквы ўсходняга абраду на Лідчыне. Гэта будзе вельмі аб'ёмная кніга, акрамя апісанняў усіх прыходаў і цэркваў, у ёй будуць пераклады візітацый 18 стагоддзя і спісы усіх прыхаджан цэркваў Лідчыны 1829 года. Спадзяюся, што гэтыя кнігі будуць сумеснымі праектамі з паважаным прафесарам.
Ведаю, што ты распрацаваў тэму удзелу англійскіх арыстакратаў у вайне Тэўтонскага ордэна супраць Вялікага Княства Літоўскага. Як табе ўдалося так далёка заглянуць у мінулае нашай гісторыі? Тэма ў Беларусі не вельмі яшчэ распрацавана і даследавана: і пра Тэўтонскі ордэн, і пра вайну, і пра ВКЛ і г.д. Так?
- Так, было. Проста вырашыў паглядзець, што за людзі прыходзілі пад наш Лідскі замак? І, як выявілася, былі сярод іх і вельмі вядомыя людзі і нават героі драматычных твораў Шэкспіра. Гэта добра павялічвае турысцкі патэнцыял нашага края.
Апошнім часам я вырашыў больш-менш сістэмна напісаць пра гісторыю Лідчыны ад пачатку і, прыкладна, да 18 стагоддзя. Зразумела, што адлюстраваць можна будзе толькі самае галоўнае. Тэма герояў Шэкспіра на Лідчыне стане часткай гэтай далёкай яшчэ кніжкі. І, дарэчы, па больш старажытнай гісторыі, у мяне таксама ёсць кансультант самага высокага узроўню - доктар гістарычных навук прафесар Алесь Краўцэвіч, у якога ў апошні час я шмат кансультуюся.
Дзякуючы табе, Леанід, Лідчына мае сёння добрага даследчыка, якім не можа пахваліцца іншы раён Беларусі. Ды і Лідчыне пашанцавала. Ці не так?
- Ну, пра гэта не мне меркаваць. Але я раблю гэту справу, таму што мне вельмі цікава. А, значыць, і прыемна гэтым займацца. Цешуся, калі ёсць нейкі вынік для іншых. Але, доўгі час лічыў, што пішу для сябе і толькі адносна нядаўна, з вялікім здзіўленнем, заўважыў, што нехта яшчэ і чытае мае тэксты. То добра.
Я ведаю і пісаў пра гэта - лідскаму краязнаўству ўжо больш за 200 гадоў, а мы, сучасныя даследчыкі, з'яўляемся ўжо трэцяй генерацыяй даследчыкаў лакальнай гісторыі Лідчыны. Таму, мы маем моцны падмурак і, вядома ж, што на пустым месцы адразу нічога не расце. Патрэбны культурны слой, а ён ужо ёсць. Вось у гэтым 200-гадовым шэрагу даследчыкаў, жадаў бы бачыць і сябе. І, галоўнае, каб нехта пераняў нашу справу далей. Дарэчы, хацеў бы сказаць, што важнай фігурай у сучаснай генерацыі даследчыкаў гісторыі Лідчыны з'яўляецца Станіслаў Суднік - чалавек-інстытуцыя. Ён адзін працуе, як вялікі калектыў. Каалі б такіх Суднікаў было ў Беларусі чалавек з 50, у нас усё на гісторыка-краязнаўчай і культуралагічнай ніве складвалася б па-іншаму.
Я з табой цалкам пагаджаюся. Але пра Лідчыну ты асабіста напісаў і даследаваў шмат. А пра што найцікавей пішацца, даследуючы сваю маленькую радзіму?
- Вось нядаўна выйшла важная для мяне кніга на 1,5 млн знакаў "Шэпт пажоўклых старонак" з прадмовай і рэцэнзаваннем доктара гістарычных навук прафесара Алеся Смаленчука. Вялікі дзякуй яму. І кніга пра генерала Кандратовіча з прадмовай і рэцэнзаваннем габілітаванага доктара і прафесара Дароты Міхалюк (таксама вялікі дзякуй цудоўнаму навукоўцу). Аднак, тэмы Ліды з 1900 па 1939 гады і жыццё, і дзейнасць Кандратовіча не адпускаюць і цяпер. Ідзе новая інфармацыя, нешта дапісваецца, знаходзіцца.
Зараз на выхадзе кніга з назвай "Шпацыры па старой Лідзе", хутка павінен перадаць яе ў гродзенскае выдавецтва "ЮрСаПрынт (дырэктар выдавецтва Алесь Рыжы. Гэта яшчэ адзін чалавек, які рухае нашу культуру). Абдумваюцца і патроху пішуцца яшчэ каля 5 розных кніг, ці лепей сказаць, ідзе праца ў гэтых напрамках. Пра некаторыя з іх я ўжо сказаў вышэй, акрамя названых, магчыма атрымаюцца кнігі пра лідскую адукацыю, пра лідскія могілкі і г. д.
Леанід, а дзе ты бярэш матэрыялы, факты, лічбы, здымкі? Ці гэта нейкі сакрэт? Калі ездзіць па свеце, то на гэта патрэбны грошы, час, ды і здароўе?
- Бяру адусюль. З кніг, з архіваў, з успамінаў лідзян. Так і на ўсё ідуць грошы са сваёй уласнай кішэні. А што зробіш? Заўважыў, што калі вельмі хачу здабыць інфармацыю, дык яна рознымі шляхамі заўсёды да мяне прыходзіць. Галоўнае - моцна жадаць. Ну і зноў жа, са мной дзеляцца інфармацыяй з архіваў нашы выбітныя гісторыкі, назаву толькі два прозвішча - кандыдаты гістарычных навук Генадзь Семянчук і Таццяна Вароніч. І прафесійную кансультацыю ў іх заўсёды можна атрымаць, што важна для мяне.
Ці шмат яшчэ чаго не даследавана па Лідскім рэгіёне? Якія тэмы застаюцца неасветленымі ў друку?
- Я абсалютна дакладна ведаю, што вывучэнне Лідчыны толькі пачынаецца. Мы стаім на самым пачатку і здымаем вяршкі. Толькі адзін факт - лічылася, што лідскі архіў згарэў у 1812 годзе, а ён, калі не ўвесь, дык вялікая яго частка, знаходзіцца ў Мінску! А яшчэ і Гарадзенскі архіў, і Віленскі, і Пецярбургскі, Варшаўскі, Кракаўскі і іншыя! Амаль што некранутая цаліна. Вялікай колькасці будучых даследчыкаў прыйдзецца аддаць жыццё, каб вывучыць тыя матэрыялы. Як кола круціцца галава, калі ўявіш сабе, колькі ў тых архівах сюжэтаў і знаходак.
Калі б у цябе сёння было 100 тысяч даляраў на твае асабістыя даследаванні, куды ты іх найперш уклаў бы і для чаго і для каго выкарыстаў бы?
- Пытанне … Ой, нават і не ведаю … Але думаю, жыў бы, як і жыву. І пісаў бы, як пішу. Ну, нейкія жыццёвыя праблемы вырашаліся б лягчэй. І шмат чаго набыў бы для лідскіх музеяў, для сваіх даследаванняў.
Як да тваёй даследчай творчасці адносяцца лідзяне і мясцовыя чыноўнікі?
- Звычайна. Чыноўнікі не перашкаджаюць. Лідзяне (некаторыя) нават чытаюць. Я ўжо казаў, што ў прынцыпе, пішу, таму што мне самому цікава, раблю гэта для сябе. Эгаіст такі. Ну, а калі камусьці гэта таксама цікава, дык і добра.
Над чым працуеш сёння, калі гэта не сакрэт?
- Непасрэдна ў гэтыя тыдні? Ну вось учора паслаў у новы нумар часопіса "Лідскі летапісец" некалькі тэкстаў. Дапісваю другі артыкул пра раней невядомага апошняга беларускага базыльяніна а. Кірыла Летаўта, там яшчэ шмат цікавага. Падрыхтаваў пераклад цікавейшага артыкула Ул. Талочкі, дапісваю дакументальную аповесць пра Лябёдку Іваноўскіх і фрагмент яе павінен быць хутка надрукаваны. Падрыхтаваў да друку вялікія ўспаміны уніятаў-пакутнікаў 19 стагоддзя - гэта будзе сенсацыйная бомба. Ну, і яшчэ ўсялякае, рознае, цікавае і, спадзяюся, карыснае.
Гутарыў Сяргей Чыгрын