Пісьменнік, які прэзентуе прафесійную культуру гісторыка
На першыя краязнаўчыя артыкулы Леаніда Лаўрэша натхнілі адкрыцці, зробленыя разам з сябрамі падчас вандровак па роднай Лідчыне ў 2000 г. У вёсцы Ішчална яны знайшлі дзейны сонечны гадзіннік XVIII ст. - ці не адзіны ў Беларусі, у вёсцы Бабры - язычніцкі камень-следавік, навуцы да таго невядомы. Услед прыйшла цікавасць да помнікаў храмабудаўніцтва Лідчыны, а разам з імі - і да канфесійнай гісторыі Беларусі і краю. З-пад пяра выйшлі артыкулы пра асобныя прыходы, храмы, капліцы розных канфесій, пра замкі і палацы, маёнткі і сядзібы Лідчыны. Асобныя працы даследчык прысвяціў лідскай чыгунцы і пошце, навучальным установам і прамысловым прадпрыемствам, пахаванням і месцам гістарычных падзей. Ён піша пра войны паўстанні; звяртаецца да пытанняў эканамічнай гісторыі; рэканструіруе невядомыя факты гісторыі населеных пунктаў краю. Храналагічны дыяпазон навуковай зацікаўленасці Леаніда Лаўрэша гісторыяй Лідчыны - ад часоў першабытнасці і сярэднявечча да Заходняй Беларусі 1921-1939 гадоў.
Ці ведае яшчэ хто так грунтоўна гісторыю Ліды і Лідчыны, як Леанід Лаўрэш? Напэўна, гэта рытарычнае пытанне. Ён можа не проста распавесці пра кожную вуліцу, наяўны будынак, храм, але і даць уяўленне, як яны змяняліся ў часе. Усё гэта сам даследаваў па крыніцах. Слухаючы яго, нібы перамяшчаешся ў часе і крочыш па эпохах. Ён ведае кожную гістарычную вёску свайго краю.
У полі зроку дапытлівага вандроўніка і даследчыка таксама людзі - звычайныя лідзяне і знакамітыя ўраджэнцы краю. Ён піша пра педагогаў і студэнтаў, вучоных і мысліцеляў, пісьменнікаў і мастакоў, святароў і вернікаў, вайскоўцаў і паўстанцаў, пра манархаў і ўраднікаў, масонаў і камуністаў, яўрэяў, і гараджан, і сялян. Апублікаваў біяграмы і біяграфічныя даследаванні, прысвечаныя фундатару Маламажэйкаўскай царквы Шымку Мацкавічу, асветніку Францішку Нарвойшу, акадэміку Берлінскай акадэміі Аляксандры Нарбут, манаху-базыльяніну Цэзарыю Каменскаму, вучонаму-астраному Марціну Пачобуту-Адляніцкаму, міністру Беларускай Народнай Рэспублікі, генералу Кіпрыяну Кандратовічу, паэту Антонію Гарэцкаму, лідскаму гісторыку XX ст. Міхалу Шымялевічу і інш.
Асаблівую цікавасць лідскі даследчык мае да гісторыі навукі: філасофіі, гісторыі, астраноміі. Ён першым напісаў кнігу пра развіццё астраноміі ў Беларусі - "І зорнае неба над галавой…" (Мінск, 2013. 266 стр.).
Сукупнасцю сваіх прац - а гэта 13 кніг і больш за 330 артыкулаў - Леанід Лаўрэш адкрыў сваім землякам шматлікія невядомыя старонкі мінулага Лідчыны і стварыў грунтоўную і багатую гісторыю свайго краю, паказаўшы яе ўнікальнасць. У 2017 г. Саюз беларускіх пісьменнікаў прызнаў літаратурны, публіцыстычны і перакладчыцкі талент Лаўрэша і прыняў у склад сваіх сяброў.
Працы даследчыка Лідчыны - кнігі і артыкулы - заснаваны на багатым фактычным матэрыяле і грунтуюцца на саліднай крыніцавай базе. Гэта самыя разнастайныя крыніцы, архіўныя і апублікаваныя: помнікі права і актавыя матэрыялы, справаводства і статыстыка, летапісы і хронікі, літаратурныя і публіцыстычныя творы, мемуары і перапіска, перыёдыка. У сваіх краязнаўчых даследаваннях Леанід Лаўрэш зыходзіць з яго вялікасці факту. Шэраг публікацый ён прысвяціў самім крыніцам - рэчавым, вусным, пісьмовым і выяўленчым, у тым ліку каменным магілам, паданням, малюнкам, паштоўкам і фотаздымкам.
Звычайна краязнаўства асацыіруецца з аматарствам. Гэта не пра Лаўрэша. Яго кнігі - гэта навуковае даследаванне, хай сабе і выкладзенае ў папулярнай форме, але напісанае на грунтоўным крыніцазнаўчым і гістарыяграфічным падмурку, што прэзентуе прафесійную культуру гісторыка. І кнігі яго маюць пэўны рэзананс у гістарычнай супольнасці Беларусі.
Не выпадкова кафедра гісторыі Беларусі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы не аднойчы запрашала лідскага даследчыка да супрацоўніцтва і ён удзельнічаў у творчым калектыве, які па заданні Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук працаваў на навуковымі праектамі. Ён - удзельнік шматлікіх навуковых гістарычных канферэнцый і круглых сталоў, дзе выступаў па лідскай тэматыцы. У 2020 г. Леанід Лаўрэш быў узнагароджаны граматай-падзякай ад Інстытута гісторыі "За арганізацыю навукова-пошукавай работы і плённую працу на ніве краязнаўства".
Лідскі асветнік
Калі па пошукавай сістэме мы знаходзім у рэсурсах інтэрнэта патрэбныя нам тэксты па гісторыі Беларусі і Гарадзеншчыны, наўрад ці думаем, што трэба быць удзячнымі людзям, якія іх змясцілі ў сусветным павуцінні. Адзін з іх - Леанід Лаўрэш. Інжынер, які адзін з першых зразумеў, што будучыня - за электроннымі бібліятэкамі (рэсурсамі), і паставіў лічбавыя тэхналогіі на службу гістарычнай навуцы і краязнаўству. У 1999 г. ён стварыў сайт pawet.net, прысвечаны беларускай гісторыі і культуры, і вось ужо 24-ты год мэтанакіравана і сістэматычна напаўняе яго новымі, а таксама і старымі, выяўленымі ім, кнігамі і артыкуламі, картамі і альбомамі, аўдыя- і відэаматэрыяламі. Робіць гэта штотыдзень, па суботах, у вольны ад асноўнай работы час, калі большасць з нас адпачывае.
З часам pawet.net стаў найбагацейшым гістарычным парталам. У ім - бібліятэка з раздзеламі "Гісторыя", "Мастацтва", "Філалогія, Гісторыя літаратуры", "Філасофія, роздумы" і іншае. Яны, у сваю чаргу, падзяляюцца на падраздзелы. У каталогу-раздзеле "Гісторыя" выдзяляюцца падраздзела "Гісторыя Беларусі", "Гісторыя навукі" і "Гісторыя Лідскага павета, краязнаўства". А яны, у сваю чаргу, утрымліваюць тэматычныя, храналагічныя і імянныя падраздзелы. І ўсё гэта - лёгкае для пошуку. Сістэма "Пошук" унутры сайта, між іншым, таксама настроена. Ужо яна сведчыць пра багацце тэматычнай электроннай бібліятэкі, якую стварыў Леанід Лаўрэш.
Асобна вылучаюцца багаты збор мемуараў людзей, якія жылі ў розныя эпохі; калекцыя альбомаў, фатаграфій, карцін. У раздзеле "Лідская генеалогія" вы можаце паспрабаваць і нават рэальна знайсці сваіх продкаў з Лідчыны. На сайце - таксама калекцыя карт XVIII-ХХІ ст.
На сайце pawet.net вы знойдзеце насычаныя ўнікальнымі матэрыялымі па гісторыі Лідчыны газеты "Zemia Lidska", "Zycie Lidskie", "Лідскае Слова", архіў газеты "Наша слова" за 2005-2023 гады. Тут жа - "падшыўка" краязнаўчага, гістарычна-літаратурнага часопіса "Лідскі летапісец" за 2003-2022 гады. Які яшчэ раён Гарадзеншчыны мае свой гістарычны часопіс? Стараннямі пісьменніка і журналіста Станіслава Судніка, які сваё жыццё прысвячае беларускай мове і гісторыі, Лідскі раён мае.
Галоўная старонка сайта pawet.net адлюстроўвае найноўшыя, размешчаныя ў папярэдні тыдзень, тэксты - манаграфіі і навукова-папулярныя працы, матэрыялы навуковых канферэнцый, артыкулы, перыядычныя выданні, візуальныя матэрыялы і інш.
Агульны аб'ём інфармацыі на сайце pawet.net вымяраецца гігабайтамі. Штодня гэтым унікальным рэсурсам карыстаецца сотні, а то і тысячы чалавек. Калі ў адрасе знойдзенага вамі тэкста будзе прысутнічаць слова "pawet", знайце - за поспехам вашай знаходкі стаіць ужо вядомы вам Леанід Лаўрэш. Створаны ім сайт служыць развіццю беларускай гістарычнай навукі і адукацыі.
Вядомы беларускі гісторык Яўген Анішчанка сваю кнігу па генеалогіі пад назвай "Шляхта Лидского павета" (Мінск, 2013) пачаў такімі словамі: "Шляхце Лідскага павета пашанцавала. Ужо досыць даўно ў Інтэрнэце існуе сайт "Павет", прысвечаны розным бакам гісторыі гэтага краю, у тым ліку і пытанням генеалогіі. На ім публікуюцца новыя рэтраспекцыі па гэтым рэгіёне як у агульным плане, так і па асобных родах".
У пачатку XVI ст. Францыск Скарына з Полацка даў беларусам друкаваную кнігу. На скульптуры ў Лідзе асветнік трымае ў руках разгорнутую кнігу і нібы гаворыць нам, сённяшнім: "Бярыце, чытайце!" Гэтак жа ў пачатку ХХІ ст., у век новых тэхналогій, Леанід Лаўрэш адкрывае перад намі багатую тэматычную кніжную скарбніцу, якую назапашваў дзесяцігоддзямі: "Бярыце, чытайце!" Асветнік - гэта чалавек, які бескарысна нясе людзям веды; прагрэсіўны грамадскі дзеяч, пашыральнік перадавых ідэй і ведаў.
Патрыёт свайго краю
Леанід Лаўрэш - таленавіты даследчык слаўнага гісторыяй горада Ліды і Лідскага краю. А таксама вялікі патрыёт сваёй малой радзімы, якую ўслаўляе, гістарычны прэстыж якой уздымае сваімі кнігамі і артыкуламі. Яны перадаюць дух і атмасферу мінулых эпох, дапамагаюць убачыць прыгажосць і веліч нацыянальнай гісторыі і адчуць яе боль, зразумець, як жылі пакаленні продкаў, якія праблемы турбавалі нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Пакаленні лідзян выхоўваюцца на даследаваных Леанідам Лаўрэшам эпізодах мінулага, на іх прыкладах фарміруецца гістарычная памяць землякоў. Для вывучэння ён абірае не толькі малыя эпізоды, але актуальныя гістарычныя сюжэты і вызначальныя моманты айчыннай гісторыі, якімі былі, напрыклад, нацыянальна-вызваленчыя паўстанні ХІХ ст. Сваімі аўтарскімі даследчымі працамі, а таксама ўсім зместам назапашаных, сабраных разам і даступных цікаўным лічбавых рэсурсаў Леанід Лаўрэш прышчэплівае суайчыннікам пачуццё гонару за сваю зямлю і народ. У супольнасці гарадзенскіх гісторыкаў высокі гістарычны рэйтынг Ліды сфармаваны не толькі старажытным замкам і помнікам Скарыну, але таксама працамі Лаўрэша і яго выступленнямі на навуковых канферэнцыях.
А да таго ж усю сваю даследчыцкую дзейнасць і пісьменніцкую творчасць таленавіты лідзянін ажыццяўляе на беларускай мове, якая з'яўляецца важным элементам нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і фактарам нацыянальнай бяспекі Беларусі.
Чалавек, які больш за траціну жыцця прысвяціў таму, каб жыхары Лідчыны ведалі гісторыю свайго краю і ёй ганарыліся, які паставіў на службу краязнаўству і гістарычнай навукі каштоўны інфармацыйны рэсурс - электронную бібліятэку, варты нашага прызнання, падзякі і павагі.
1 сакавіка 2023 года беларускаму пісьменніку, краязнаўцу і даследчыку Леаніду Лаўрэшу спаўняецца 60 год. Жадаю яму новых даляглядаў у творчай, даследчай дзейнасці! Здароўя і шчасця!
Святлана Марозава, доктар гістарычных навук, прафесар.