Папярэдняя старонка: Леанід Лаўрэш

Плён працы Леаніда Лаўрэша 


Аўтар: Чыгрын Сяргей,
Дадана: 08-03-2023,
Крыніца: Чыгрын Сяргей. Плён працы Леаніда Лаўрэша // Краязнаўчая газета. 2023. 3 сакавіка.



Лідзе пашанцавала, што ў гэтым горадзе 1 сакавіка 1963 года нарадзіўся і цяпер жыве, працуе Леанід Лаўрэш - краязнавец, пісьменнік і гісторык, якім ганарыцца не толькі Лідчына, але і мы ўсе, хто яго ведае, паважае і любіць. Калі б у кожным раёне было б па аднаму Лаўрэшу, то краязнаўчая справа ў Беларусі вырашалася б на самым высокім узроўні. Але, на вялікі жаль, многія раёны Беларусі пахваліцца такімі краязнаўцамі і гісторыкамі пакуль яшчэ не могуць.

Па прафесіі Леанід Лаўрэш - інжынер, але гісторыю і краязнаўства ён у сто разоў любіць больш, чым сваю прафесію. І амаль увесь вольны час займаецца гістарычнымі і архіўнымі даследаваннямі, а таксама гістарычным краязнаўствам. Напісаў дзесяткі артыкулаў, выдаў шмат кніг па гісторыі лідскай зямлі. Шэраг публікацый Леаніда Лаўрэша прысвечана вусным, пісьмовым і выяўленчым крыніцам рэгіянальнай гісторыі, у тым ліку каменным магілам, каменям-ледавікам, паданням, малюнкам, паштоўкам і фотаздымкам. Ён даследуе і публікуе невядомыя факты пра жыццё і дзейнасць такіх асобаў як Кіпрыян Кандратовіч, Дзіянісій Хлявінскі, Францішак Нарвойша, Ян Снядэцкі, Гаўрыла Ціхаў і многіх іншых. Цяпер усё папарадку.

Чыгрын Сяргей. Плён працы Леаніда Лаўрэша.

Леанід з дзяцінства чытаў кнігі па гісторыі, у свой час перачытаў у лідскіх бібліятэках усе гістарычныя выданні, якія знайшоў. Тады з'явілася адчуванне, што і сам нешта можа напісаць, але гэта адчуванне прыйшло бліжэй да 40 гадоў. Першы яго артыкул, калі не памыляюся, быў надрукаваны ў 2000 годзе. Ну і потым, неяк, усё пайшло само па сабе.

Са школьных гадоў Леанід Лаўрэш палюбіў астраномію. У Лідзе ў свой час меўся планетарый (адзін з трох у Беларусі), і ён хадзіў у астранамічны гурток. З нейкага часу сам усведамляў, што павінен напісаць кнігу па гісторыі астраноміі. Таму ў 2013 годзе выйшла з друку яго кніга "І зорнае неба над галавой". У ёй аўтар разгледзеў гісторыю навуковай астраноміі. У першай частцы гэтай кнігі аўтарам сістэмна выкладзена развіццё астраноміі ў Віленскім універсітэце. І ў дадатках да першай часткі зроблена спроба паказаць працу Віленскай абсерваторыі ў кантэксце тагачаснай навукі. У другой частцы сваёй кнігі Леанід Лаўрэш распавядае пра астраномаў XIX-XX стагоддзяў - выхадцах з Беларусі і ўзнёску іх у развіццё гэтай дасканалай навукі. Вось такую кнігу напісаў і выдаў ні супрацоўнік акадэміі навук ці прафесар нейкага ўніверсітэта, а звычайны чалавек з глыбінкі. Цяпер ён больш канкрэтызуецца на лакальнай лідскай гісторыі, таму цікавыя і добрыя артыкулы апублікаваў пра свайго земляка Тэадора Нарбута (1784-1864). Сам Леанід нібыта працягвае працу Тэадора Нарбута, які напісаў нарыс пра Ліду, які даследаваў Лідскі замак, а таксама гісторыю Вільні, Крэва і Навагрудка.

Леанід Лаўрэш выказаў уласную гіпотэзу пра месца заключэння Востраўскага пагаднення (1392). Распрацоўваў тэму удзелу англійскіх арыстакратаў, персанажаў Шэкспіра - Генры Ланкастэра, Генры Персі Хотспура, Джона Бафорта і іншых асобаў у вайне Тэўтонскага ордэна супраць Вялікага Княства Літоўскага. Лідскі краязнавец пісаў і піша пра адбітак войнаў і паўстанняў у XIX стагоддзі - вайны 1812 года, паўстанняў 1830-1831 і 1863-1864 гадоў у гісторыі Лідчыны. Звяртаецца ён і да пытанняў эканамічнай гісторыі Ліды і Лідчыны. Рэканструяваў раней невядомыя моманты з гісторыі многіх паселішч Лідчыны. Частка артыкулаў Леаніда Лаўрэша прысвечана і архітэктурным помнікам, архітэктуры готыкі і рамантызму на Лідчыне.

Леанід Лаўрэш актыўна распрацоўвае канфесійную гісторыю Лідчыны, ён з'яўляецца аўтарам артыкулаў пра асобныя прыходы, храмы і капліцы. Зрабіў уклад у царкоўнае краязнаўства. Пры гэтым, мабыць, першым у Беларусі, захапіўся царкоўным краязнаўствам уніяцкай (грэка-каталіцкай) царквы. У кнізе «Грэка-каталіцкая (уніяцкая) Царква на Лідчыне» (2012) паказаў у кантэксце аналагічных усходнееўрапейскіх працэсаў царкоўна-рэлігійныя працэсы на Лідчыне ў ХVI-ХХ стагоддзях, апісаў адбітак стварэння, дзейнасці і ліквідацыі ўніяцкай царквы ў Беларусі на гісторыі Лідчыны. Кніга заснавана на багатым факталагічным матэрыяле, з апублікаваннем дакументаў у дадатках.

У 2017 годзе лідскі даследчык выдае кнігу пра вядомы храм у Беларусі, яна называецца "Маламажэйкаўская царква". Прафесар з Гродна Святлана Марозава лічыць, што кніга Леаніда Лаўрэша "Маламажэйкаўская царква" - не звыклы краязнаўчы нарыс: "Чым далей чытаеш, тым больш разумееш веліч і трагізм нашай мінуўшчыны… Пасля адкрыццяў, якія зрабіў аўтар кнігі, пра Мураванку можна складаць вершы і пісаць ледзь не дэтэктыўныя раманы. … Старонка за старонкай мы гартаем кнігу гісторыі Маламажэйкаўскай царквы даўжынёй у 500 год. Мы знаёмімся з падзеямі і людзьмі: уладальнікамі Мажэйкава, "калятарамі" царквы (дабрадзеямі і самадурамі), са шматлікімі прэтэндэнтамі на сам храм і яго маёмасць, рэліквіі, землі. З дзяржаўнымі мужамі і мясцовымі чыноўнікамі, ад якіх залежаў лёс храма. Перад намі праходзіць цэлы шэраг прадстаўнікоў духоўнага саслоўя: ад вышэйшых царкоўных іерархаў да шараговых святароў. Дарэчы, Лаўрэш аднавіў імёны ўсіх настаяцеляў храма, пачынаючы з сярэдзіны ХVII стагоддзя".

Працяг даследаванняў Лідчыны адлюстраваны таксама ў кнігах Леаніда Лаўрэша "Ліда ўчора і сёння", "Паўстанчы дух", "Шпацыры па старой Лідзе" і ў іншых. Асаблівасць выданняў аўтара заключаецца ў спалучэнні гістарычных тэкстаў з выявамі горада з канца XVIII стагоддзя да нашага часу. Грунтуючыся на архіўнай інфармацыі, працах гісторыкаў, мемуарах лідчан і артыкулах старых газет, праз лёс лідскіх вуліц, будынкаў і жыхароў Ліды, цікава распавядаецца гісторыя старажытнага горада Ліды. Карыстаючыся кнігамі Леаніда Лаўрэша, можна самастойна вывучаць гісторыю старога павятовага цэнтра Беларусі.

У 2017 годзе выйшла з друку кніга "Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг." Леаніда Лаўрэша. Гродзенскі прафесар Аляксандр Смалянчук адзначыў, што кніга "у пэўным сэнсе ўнікальная. Гэта свайго роду хроніка мінулага Ліды, складзеная карэспандэнтамі шматлікіх газет і часопісаў, у якой адлюстравалася жыццё горада і наваколляў у першае саракагоддзе ХХ стагоддзя… Кніга дазваляе зазірнуць у малавядомыя старонкі гісторыі горада і наваколляў у апошнія гады існавання Расейскай Імперыі, у часы ваенных выпрабаванняў, якія працягваліся для Лідчыны доўгія 7 гадоў - з 1914 па 1921 гады. Шмат месца ў кнізе займае хроніка горада міжваеннага перыяду, калі Ліда знаходзілася ў складзе Польскай Рэспублікі. Гэтыя старонкі прыцягваюць асаблівую ўвагу ў сувязі з тым, што ў ранейшыя часы гэты перыяд гісторыі звычайна адпраўлялі ў забыццё. Кніга заканчваецца падзеямі, у якіх адчувальны подых Другой сусветнай вайны…".

Шмат гадоў Леанід Лаўрэш збіраў па крупінцы матэрыялы пра выбітнага дзеяча Беларускай Народнай Рэспублікі, генерала ад інфантэрыі Кіпрыяна Кандратовіча (1859-1932). І вынікам гэтай працы стала ўнікальная кніга "Генерал, які дайшоў да Беларусі. Жыццяпіс Кіпрыяна Кандратовіча" (2018).

На сённяшні дзень, краязнавец і гісторык з Ліды напісаў і апублікаваў больш за 300 гісторыка-краязнаўчых артыкулаў, выдаў 12 кніг. Ён з'яўляецца стваральнікам гістарычна-краязнаўчага сайта pawet.net . Леанід Лявонцьевіч працягвае рабіць сваю справу, таму, што яму ўсё гэта вельмі цікава. Ён цешыцца, калі нешта новае знаходзіцца, адкрываецца, атрымліваецца. Дарэчы, лідскаму краязнаўству ўжо больш за 200 гадоў, а сучасныя даследчыкі, такія, як Леанід Лаўрэш, з'яўляюцца ўжо трэцяй генерацыяй даследчыкаў лакальнай гісторыі Лідчыны. Таму, яшчэ ёсць моцны падмурак і, вядома ж, што на пустым месцы адразу нічога не расце. Патрэбны культурны слой, а ён ужо ёсць. Вось у гэтым 200-гадовым шэрагу даследчыкаў, мы бачым сёння і Леаніда Лаўрэша. І, галоўнае, як ён сам кажа, каб "нехта і надалей пераняў нашу справу". Вядома ж, верыцца ў гэта, што ў краязнаўства завітаюць новыя маладыя асобы. "Ці шмат яшчэ чаго не даследавана, напрыклад, па Лідскім рэгіёне? Якія тэмы застаюцца неасветленымі ў друку?" - такія пытанні задаю Леаніду пры сустрэчы. І вось што ён сказаў:

-Я абсалютна дакладна ведаю, што вывучэнне Лідчыны толькі пачынаецца. Мы стаім на самым пачатку і здымаем вяршкі. Толькі адзін факт - лічылася, што лідскі архіў згарэў у 1812 годзе, а ён, калі не ўвесь, дык вялікая яго частка, знаходзіцца ў Мінску! А яшчэ і Гродзенскі архіў, і Віленскі, і Пецярбургскі, Варшаўскі, Кракаўскі і іншыя! Амаль што некранутая цаліна. Вялікай колькасці будучых даследчыкаў прыйдзецца аддаць жыццё, каб вывучыць тыя матэрыялы. Як кола сёння круціцца галава, калі ўявіш сабе, колькі ў тых архівах сюжэтаў і знаходак...

Сапраўды так. Працы нашым краязнаўчам хопіць на тысячу гадоў. Галоўнае - трэба працаваць так, як Леанід Лаўрэш з Ліды. 1 сакавіка яму спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння. З юбілем Вас, Леанід Лявонцьевіч! Здароўя Вам, новых творчых адкрыццяў і кніг.

Сяргей ЧЫГРЫН

Краязнаўчая газета, сакавік (№9 (926) 2023 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX