Пра Юстына Нарбута (1773-1845), гісторыка з роду Нарбутаў і яго дачку, пісьменніцу Камілу, вядома не шмат, у гэтым артыкуле я падсумую інфармацыю, якая збіралася ў мяне шмат гадоў пра гэтыя дзве цікавыя постаці Лідчыны. Верагодна, артыкул будзе покуль самым вялікім тэкстам, прысвечаным гэтым важным для нашай гісторыі асобам.
Бацька Юстына Нарбута - Юзаф Нарбут (нар. каля 1752) быў жанаты ў першым шлюбе з Ганнай Гразмані. З 1768 па 1794 гг. ён займаў пасаду лідскага харунжага, у 1773 г. абіраўся паслом на сойм [1]. Да Юзафа Нарбута і яго жонкі, мы яшчэ вернемся трошкі ніжэй.
Унучка Юзафа і дачка Юстына Нарбута Каміла пісала пра свайго тату:
"Сын дыгнітарыя (саноўніка, вяльможы - рэд.), мой бацька нарадзіўся і вырас у дастатку, але калі потым страціў багацце, дык раўнадушна прыняў зменлівы лёс і ніколі не марыў пра новыя ласкі няўстойлівай фартуны.
Ветлівы да ўсіх, ён умеў цаніць асабістыя якасці кожнага чалавека, але меў адну загану - часам выхваляўся перад сябрамі старажытнасцю свайго роду, які выводзіў з адной крыніцы з Радзівіламі, ад паганскага архісвятара Ліздзейкі" [2].
Вядома, што ў чэрвені 1792 г. Юзаф Нарбут хадайнічаў аб уладкаванні свайго сына Юстына ў двор караля [3]. Што ў асноўных рысах супадае з інфармацыяй Камілы: "… бацька яшчэ ў калысцы атрымаў мачаху, бо мой дзед, калі быў дэпутатам на сойм у Варшаве, зноў ажаніўся на шасцідзесятым годзе жыцця. Маладая жонка мела гарэзлівы шарм і сапсаванае сэрца, яна хутка наставіла яму рогі і растраціла багацце. Няшчасны сірата ад першага шлюбу пасля заканчэння школы быў адпраўлены да генерала Касцюшкі, які 17-ці гадоваму юнаку надаў годнасць афіцэра, праз тры месяцы тату прысвоілі званне капітана.
Неўзабаве скончылася вайна: змяніўся палітычны лад. Бацьку вызвалілі ад службы, і некаторы час ён жыў у Варшаве. Адбываў некалькі дзяржаўных службаў у Літве. Нарэшце ўбачыў цалкам спустошаны нягоднай мачахай маёнтак і з'ехаў да аднаго са сваякоў у Беларусь, дзе яму здарылася добра ажаніцца" [4].
Удзельнік паўстання Тадэвуша Касцюшкі Юстын Нарбут у чыне палкоўніка камандаваў пяхотным палком у бітве пад Соламі 25.06.1794 г. Стэфан Бурхард - аўтар артыкула пра Юстына Нарбута ў польскім "Слоўніку біяграфічным" лічыць верагодным, што менавіта пра яго ідзе справа ў "Актах Касцюшкі", дзе фігуруе нейкі Нарбут, які з падачы Якуба Ясінскага 27.08.1794 г. атрымаў патэнт палкоўніка міліцыі Лідскага павета.
Вядома, што Юстын Нарбут вучыўся ў Віленскім універсітэце. Жанаты быў з Петранелай Сабаньскай. Ажаніўшыся, Нарбут стала жыў у Лідскім павеце, у маёнтку Юршышкі (зараз вёска Юршышкес у Літве, каля Эйшышкаў), у 1820 г. быў членам межавога суда Лідскага павета.
Магчыма, галоўнай справай Юстына Нарбута было вывучэнне гісторыі роднага краю. У 1818 г. у Гародні выйшла з друку яго першая кніга "Нарыс першавытокаў ліцвінскага народа" ("Rys pierwiastków narodu litewskiego, z różnych dawnych autorów zebrany"), якая змяшчае звесткі пра прагісторыю і міфалогію. Гэта невялікая кніга мае 56 старонак, аўтар пазначаны крыптонімам "J. M." Невялікі наклад кнігі хутка разышоўся, і ў 1820 г. выйшла яе другое выданне, якое мела тую самую назву, але на гэты раз імя аўтара кнігі было пададзена.
У 1842 г. у Вільні выйшла другая кніга Юстына Нарбута "Унутраная гісторыя літоўскага народа з часоў Яна Сабескага і Аўгуста II..." ("Dzieje wewnętrzne narodu litewskiego z czasów Jana Sobieskiego i Augusta II, królów panujących w Polsce; wyciąg z różnych notacyów i manuskryptów." T. 1-2, 1842 г., 2-е выд. 1843 г.).
У гэтай працы аўтар галоўным чынам апісвае гісторыю барацьбы паміж біскупам Канстанцінам Бжастоўскім і гетманам Казімірам Сапегам у 1693-1701 гг., якая скончылася бітвай пад Алькенікамі. Гісторыкі лічаць, што, магчыма, інспіратарам напісання гэтай кнігі быў нехта з Сапегаў, бо Юзаф Крашэўскі ў рэцэнзіі на яе ставіць у віну аўтару празмернае абяленне Сапегаў і ачарнене біскупа Бжастоўскага, асабліва ў другім томе гэтай працы, а таксама невыкарыстанне Нарбутам шэрагу крыніц, напрыклад, багатага збору лістоў Андрэя Хрызастома Залуцкага.
Дачка Каміла пісала: "Мой тата быў прыгожы ў маладосці, бо і ў сталым узросце ён меў прыгожую і высакародную постаць. Меў мяккі характар, яго здаровы розум быў адшліфаваны адукацыяй, быў добрым грамадзянінам, суседам, паблажлівым панам для слуг і сялян, яго любілі тыя, хто ведаў блізка. У добрай кампаніі бацька жартаваў і мог лёгка выказваць свае самыя складаныя думкі. Ён любіў літаратуру і сам любіў пісаць. Нават выдаў два невялікія гістарычныя творы, а пераклад з французскай гісторыі пра Генрыха IV пакінуў у рукапісе" [5].
Як бачым, у рукапісу застаўся яшчэ і пераклад кнігі пра Генрыха IV.
Нам вядомы рукапіс Юстына Нарбута пра наведванне царом Пятром І родных мясцін гісторыка. Нарбут перадаў рукапіс Адаму Кіркору, які надрукаваў яго ў розных крыніцах [6]. У адным са сваіх артыкулаў і я карыстаўся гэтым тэкстам.
Юстын Нарбут памёр 25 верасня 1845 г. ва ўзросце 72 гады і быў пахаваны на віленскіх могілках Росы, магільны помнік-камень з надпісам паставіла па бацьку дачка Каміла [7]. Помнік-камень, памерам 90 на 100 см, мае адшліфаваную пярэднюю частку, на версе якой выбіты выпуклы крыж, нахілены ўлева, а ўнізе выгравіраваны надпіс: "ПАРЭШТКІ / С. П. / ЮСТЫНА НАРБУТА / ПАЛКОЎНІКА / ПАМЁР У ВЕРАСНІ 1845 г. / 25-ГА ДНЯ ВА ЎЗРОСЦЕ 72-ГАДЫ / АД УДЗЯЧНАЙ ДАЧКІ / К. НАРБУТ //." [8]. Каардынаты пахавання, Старыя Росы, сектар - 12, нумар магілы - 0038.
Тэадор Нарбут пісаў у Вільню свайму сябру, бібліяфілу і доктару Аніцэту Рэніеру [9]: "Сумнай для мяне навіной стала смерць с. п. Юстына Нарбута, бо стары меў моцнае здароўе і хуткая дапамога добрага лекара магла б яго ўратаваць. Шляхетная Каміла 2 верасня (відочна, па юліянскім календары - Л. Л.) пісала мне, што яе бацька вось ужо 10 дзён як хворы, яна хацела ведаць, ці не гасцюеш ты ў мяне ў Шаўрах, і я радзіў ёй паслаць па цябе ў Вільню. Развітаўся з нябожчыкам 14 верасня (27 верасня па грыгарыянскім календары Л.Л.)" [10].
Адзначу, што Тэадор Нарбут быў дастаткова далёкім сваяком Юстына. Лінія Тэадора пайшла ад лідскага маршалка Казіміра Нарбута (нар. каля 1650 г., жанаты з Мар'янай Навіцкай), які быў родным братам Міхала Нарбута - дзеда Юстына. Аднак лідскі маршалак Казімір Нарбут з'яўляўся прадзедам гісторыка Тэадора Нарбута. Як бачым, паміж Юстынам і Тэадорам атрымаўся зрух на адно пакаленне, і таму бацька Тэадора Нарбута - Яўхім, быў траюрадным братам Юстына [11]. Але ў традыцыях тых часоў, нават самыя далёкія сваякі называліся кузынамі і паміж імі падтрымліваліся сваяцкія адносіны, якія, як бачым з ліста Тэадора Нарбута, меліся і паміж гэтымі двума галінамі рода.
Таксама і з тэкстаў Камілы Нарбут [12] бачна, што дачка Юстына Каміла неаднаразова сустракалася з Тэадорам Нарбутам і слухала яго расказы пра нашу гісторыю. У гістарычным архіве Летувы захоўваецца рукапіс успамінаў Камілы Нарбут пра Тэадора Нарбута. Сярод іншага, даведваемся, што сярод найважнейшых гістарычных экспанатаў, якія Тэадор Нарбут збіраў ўсё жыццё, у Шаўрах меліся рыцарскія даспехі і "ідал" - каменная статуя багіні кахання. Калі Каміла наведала Шаўры ўжо пасля смерці гісторыка, секвестра маёнтка і вывазу яго збораў у Вільню, яна напісала: "У прасторным жылым доме, у якім мелася грунтоўная бібліятэка і вялікая калекцыя археалагічных старажытнасцей, цяпер пануе страшэнная пустата. Няма ўжо застаўленых кніжных шафаў, няма бронзавага літоўскага бога вайны, якім так ганарыўся наш гісторык" [13].
Спынімся трошкі на радаводзе Юстына Нарбута.
Прадзед Юстына - лідскі падкаморы Уладзіслаў Нарбут, жанаты з Лукоўскай.
Дзед - пісар лідскага гродскага суда Міхал Нарбут, у 1733 г. падпісаў элекцыю караля Станіслава Ляшчынскага, у 1734 г. ён ротмістр Лідскага павета, у 1739 г. - дэпутат Трыбунала ВКЛ [14].
Бацька Юстына Нарбута - лідскі харунжы, таргавічанін [15] Юзаф Нарбут, быў тыповай асобай свайго складанага часу. У 1768-1769 гг. ён выступаў пасярэднікам ад імя біскупа Масальскага ў спрэчцы біскупа з віленскім ваяводам Каралем Радзівілам, Нарбут з'яўляўся набліжаным да біскупа чалавекам, і Масальскі нават дзяліўся з ім сваімі важнымі думкамі аб палітычных справах.
Юзаф Нарбут быў абраны паслом на сойм 1773 г. які склікаўся па ініцыятыве Расіі, Прусіі і Аўстрыі, і павінен быў узаконіць першы падзел Рэчы Паспалітай. Каб шляхта не ўжыла liberum veto, паслы на сойм і сенатары, якія за грошы служылі замежным дзяржавам, аб'явілі яго канфедэратыўным соймам (на такім сойме рашэнне прымалася большасцю галасоў), і Юзаф Нарбут быў сярод падпісаўшых акт канфедэрацыі. На гэты сойме Нарбут ўвайшоў шэраг розных камісій, у тым ліку і камісіі, якая вырашала лёс маёмасці езуітаў у Літве, камісіі па наглядзе над шпіталямі ў Літве і г. д. Гэты ж сойм прызнаў за ім староства Мерач. У 1873 г. унучка Юзафа Нарбута Каміла Юрэвіч з Нарбутаў, надрукавала нарыс пра Араны, Мерач і Друскенікі, у якім, сярод іншага пісала: "Апошнім пажыццёвым (мерачанскім) старастам быў Агінскі, па смерці якога, гэтае староства, па наданні нейкага сойма, на 50 гадоў павінен быў атрымаць харунжы літоўскі Юзаф Нарбут (як бачым, унучка значна падвышае свайго дзеда, ён быў толькі лідскім харунжым - Л. Л.). Але не маючы надзеі перажыць Агінскага, Нарбут прадаў свае правы некаму іншаму. Зараз зрабілі па-іншаму, гэтая зямля падзелена паміж беднымі сялянамі" [16].
Харунжы Юзаф Нарбут меў вялікі ўплыў у нашым павеце і, як пісалі сучаснікі, "разам з крэўнымі і сябрамі заўсёды "як трэба" праводзіў павятовыя соймікі". Нават лічылася, што ён цалкам узяў "пад сябе" лідскія соймікі, але насамрэч у павеце яму супрацьстаяў падскрабі ВКЛ Антоній Тызенгаўз, які, наогул, не любіў усіх Нарбутаў. Напрыклад, гэты вядомы чалавек не дазволіў Юзафу Нарбуту атрымаць пасаду лідскага падкаморага і ордэн Св. Станіслава.
Палітычная дзейнасць патрабавала грошай, і ў 1780 г. жонка харунжага прасіла караля, каб скарб ВКЛ заплаціў частку іх доўгу, а астатнюю частку дазволіў сплаціць па частках, як раз тады Камісія скарбаў ВКЛ разглядала даўгі Юстына Нарбута, і яму пагражала канфіскацыя маёнтка Перапечыца.
У 1784 г. Радзівіл запрашаў Нарбута ў Нясвіж на сустрэчу караля, і харунжы абяцаў прыехаць.
Юзаф Нарбут быў жанаты з Ганнай з Гразмані і таму бываў у Вільні ў свайго швагра Пятра Гразмані, які з'яўляўся сябрам тайнай арганізацыі зусім іншага напрамку. Тут лідскі харунжы сустракаўся з Якубам Ясінскім. Верагодна, потым Юстын Нарбут праз свайго дзядзьку меў пратэкцыю Ясінскага перад Касцюшкам і такім чынам атрымаў чын палкоўніка.
Юзаф Нарбут з'яўляўся актыўным прыхільнікам Таргавіцкай канфедэрацыі і лічыўся асобай, "адданай расійскай партыі". Невядома, як паводзіў сябе Юзаф Нарбут падчас паўстання 1794 г., аднак у складзеным Рапніным спісе небяспечных асоб Лідскага павета было напісана, што небяспечныя "ўсе Нарбуты, за выключэннем харунжага Лідскага павета", а пасля паразы паўстання харунжы Лідскага павета атрымаў ад Рапніна ахоўны ліст, які забяспечваў яго маёмасць ад ваенных рэквізіцый. Магчыма, гэтаму паспрыяла і тое, што дачка лідскага харунжага Юлія ў той час была каханкай усемагутнага Рапніна.
У 1797 г. Юзаф Нарбут кіраваў маёнткам літоўскай артылерыі - "графствам Ліпнішскім", якое хутка стала дзяржаўнай маёмасцю [17].
Трэба сказаць некалькі слоў пра вядомую перакладчыцу і літаратарку, жонку Юзафа Нарбута - Ганну з Гразмані. Ганна - дачка Юзафа Гразмані і Ганны з Галынскіх. Верагодна, яна нарадзілася на Любліншчыне ці на Мазоўшы.
Ганна атрымала добрае выхаванне і адукацыю, выдатна валодала французскай мовай. Вядомы яе пераклады: пераклад кнігі Ален Рэне Лесаж "Кульгавы д'ябал" (A. R. Lesage'a "Diabeł kulawy", 2 тамы, Вільня, 1777 г. ), і пераклад кнігі Мары Катрын Дэжардэндэ дэ Віледзю "Астрэя альбо Тамерлан" (М. C. Desjardins de Villedieu "Astrea albo Tamerlan", Вільня, 1778 г.), а таксама кніжка для моладзі Арно Бэркен "Сябар дзяцей" (A. Berquina "Przyjaciel dzieci", Вільня, 1786 г.). Гэтую кнігу Ганна прысвяціла свайму сыну.
Усе гэтыя кнігі, верагодна, друкаваліся за грошы яе мужа ў друкарні віленскіх піяраў, а апошняя з іх, магчыма, выйшла ўжо пасля смерці перакладчыцы. У 1778 г. былы правінцыял Ордэна піяраў, астраном, матэматык і паэт Феліцыян Выкоўскі [18] прысвяціў верш "перакладчыцы кніг" [19], лідскай харунжыне Ганне Нарбут з Гразмані [20].
Літаратуразнаўцы лічаць пераклады Ганны Нарбут сярэднімі па якасці, але прызнаюць важнасць і своечасовасць іх з'яўлення. Літаратурныя здольнасці Ганны пераняла яе ўнучка Каміла.
Дата смерці Ганны Нарбут з Гразмані невядомая [21].
Юстын Нарбут меў брата Казіміра (нар. каля 1774 г., шамбелян каралеўскага двара, меў маёнтак Радзівонішкі на Лідчыне, у 1832 г. яшчэ быў жывы), сясцёр Карнелію (нар. каля 1780 г.), Зузанну Рыла (па іншай інфармацыі Далінскую) і знакамітую Юлію з Нарбутаў (нар. 1779 г.) [22], першым мужам якой быў Лабаржэўскі? а другім рускі міністр Шышкоў [23]. Магчыма, сёстры Юстына былі ўжо ад другой жонкі яго бацькі, Юзафа Нарбута.
У Юстына і Петранелі Нарбутаў нарадзіліся сын Рамуальд (1800 - каля 1871) і дачка Каміла. Маскоўскі даследчык радаслоўнай свайго роду А. Н. Нарбут падае год нараджэння Камілы - каля 1802 [24], але Каміла сама пісала пра свайго брата: "Нас было двое. Мы не выхоўваліся разам. Першым з нас быў старэйшы за мяне мой брат" [25]. Таму я лічу цалкам дакладнай інфармацыю летувіскіх даследчыкаў, якія падаюць наступныя гады жыцця Камілы Нарбут: (~ 1814/1815-1881) [26].
Вядома, што Рамуальд даслужыўся да чыну маёра і ў 1854 г. займаў пасаду начальніка Выбаргскай жандарvскай каманды. Пасля звальнення са службы жыў у Вільні, свайго маёнтка не меў. Жанаты з Тэкляй з Сурокавых (нар. каля 1801 г.). У 1871 г. ужо ўдава Тэкля Нарбут пісала прашэнне аб змякчэнні пакарання свайму сыну Юстыну, які быў удзельнікам Крымскай вайны і меў узнагароды: ордэны Св. Ганны і Св. Станіслава 3 ст. Вядома, што ў 1863 г. адстаўнога штабс-капітана Уладзімірскага пяхотнага палка Юстына Нарбута (унука гісторыка) западозрылі ў крымінальным злачынстве і саслалі на 15 гадоў на катаргу ў Забайкальскую вобласць. У 1876 г. яго звольнілі і пасялілі ў вёску Шушанскае Енісейскай губерні. Тут ён каля чатырох месяцаў жыў у селяніна Ягора Паталіцына, а потым недзе знік.
Штабс-капітан Нарбут меў дачку Камілу (нар. каля 1850 г.) якая выйшла замуж за карэтнага майстра Грахоўскага. У 1869 г. яе маці скардзілася ўладам на супрацьзаконны шлюб дачкі [27].
Далей лінія лідскага гісторыка Юстына Нарбута не прасочваецца.
Біяграфія дачкі Юстына Нарбута - Камілы Нарбут мала даследавана. Вядома, што яна была пісьменніцай і супрацоўнічала з "Дзённікам Віленскім". У 1835 г. выдала аповесць "Мечыслаў і Стэфанія" і "Лісты маральныя" ("Pisma moralne").
Зараз у мяне ўжо гатовы пераклад яе невялікай аповесці пра "вандроўку ў Беларусь" і апавядання "Пустэльніка з Ражанкі", са зборніка "Калядкі Камілы Нарбут …" [28]. З гэтай аповесці маем інфармацыю пра Юстына Нарбута, якую я прывёў вышэй, інфармацыю пра яе далёкіх сваякоў у Магілёўскай губерні (усе гэтыя асобы выступаюць пад крыптанімамі), апісанне беларускіх гарадоў і маёнткаў, пачынаючы з Ашмянаў - Менска. З тэксту бачна, што Каміла мела хуткі розум, жвавае пяро, добрую назіральнасць і дрэнны зрок. Яе творы не належаць да вышынь літаратуры - яны з ліку тых твораў, якія складаюць моцную сярэдзіну, добра чытаюцца і абмяркоўваюцца адукаваным класам свайго часу. Для нас Каміла Нарбут, акрамя яе месца ў літаратуры, цікава яшчэ і тым, што яна наша зямлячка і яе кнігі - гэта літаратура Лідчыны. Таксама важна, што яна належала да Нарбутаў - роду, які граў найважнейшую ролю ў гісторыі Беларусі, Польшчы і Летувы.
Вядома, што Каміла выйшла замуж за нейкага Юрэвіча і пад гэтым прозвішчам выдала дзве кнігі: у 1852 г. "Калядкі Камілы Нарбут …" [29] і ў 1862 г. "Літоўскія замалёўкі" [30].
У 1873 г. Каміла Юрэвіч з Нарбутаў надрукавала згаданы ўжо мной вышэй нарыс пра Араны, Мерач і Друскенікі, у якім акрамя апісанняў Аранаў, Мерачы і Друскенкаў, яна адносна падрабязна падала гісторыю лякарні водамі ў Друскеніках. Каміла пісала, што тутэйшая вада па сваіх лекавых якасцях стаіць у адным шэрагу з лепшымі водамі Еўропы [31]. Трэба дадаць, што яшчэ ў 1840-х гг. лякарняй у Друскеніках апекаваўся сваяк Камілы, гісторык Тэадор Нарбут.
[1] Нарбут А. Н. Нарбуты Гроденской губернии. Москва, 1998. С. 13.
[2] Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. Wilno, 1852. S. 13.
[3] Polski Słownik Biograficzny.Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 533.
[4] Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. S. 14.
[5] Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. S. 13.
[6] Материалы для географии и статистики России собранные офицерами Генерального штаба. Виленская губерня. Санкт-Петербург, 1861. С.748-755.
[7] Polski Słownik Biograficzny.Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 533.
[8] ZWŁOKI / S. P. / JUSTYNA NARBUTTA / PUŁKOWNIKA / ZMARŁEGO 1845 ROKU WRZEŚNIA/ 25 DNIA WIEKU LAT 72 / PRZEZ WDZIĘCZNOŚĆ CÓRKA / K. NARBUTTA //.
[9] Пра яго гл: Лаўрэш Леанід. Бальтазар Калясінскі, Аніцэт Рэніер і Каятан Дарашкеіч // Лідскі летапісец. 2021. №1 (93). С. 37-44.; Лаўрэш Леанід. Апошні беларускі базыльянін XIX ст. // Наша слова. № 28 (1439), 10 ліпеня 2019.; Яшчэ раз пра Летаўта // Наша слова. № 31 (1442), 24 ліпеня 2019.
[10] Kronika Rodzinna. Nr. 13. 1888. S. 396.
[11] Нарбут А. Н. Нарбуты Гродзенской губернии. С. 49-50.
[12] Гл: Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. Wilno, 1852.
[13] Griškaitė Reda. Teodoro Narbuto intelektiniai žaidimai: Šiauriai kaip lietuviškų senienų muziejus // Knygotyra. 2020. T. 75. P. 268.; 286.
[14] Нарбут А. Н. Нарбуты Гроденской губернии. С. 11, 49-50.
[15] Таргавічанін, удзельнік Таргавіцкай канфедэрацыі - саюза магнатаў Рэчы Паспалітай супраць прагрэсіўных рэформ Чатырохгадовага сойма 1788-1792 г., які выкарыстала Расійская імперыя з мэтай рэстаўрацыі там дзяржаўнага ладу, што існаваў да прыняцця Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Акт Таргавіцкай канфедэрацыі быў падпісаны 27 красавіка 1792 г. у Санкт-Пецярбургу і фіктыўна абвешчаны ў мястэчку Таргавіца (Украіна) 14 мая 1792 г., праз 3 дні пасля пачатку інтэрвенцыі Расійскай імперыі ў Рэч Паспалітую.
[16] Kronika Rodzinna: pismo dwutygodniowe. № 17, 1 września 1873. S. 260.
[17] Polski Słownik Biograficzny.Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 532-533.
[18] Феліцыян Выкоўскі (1728-1784, за дасягненні ў астраноміі і матэматыкі яго называлі "Капернікам", а пра яго, як пра паэта, казалі: "Што ў Польшчы - Нарушэвіч, то ты - у Літве"
[19] Ślusarska Magdalena. Felicjan Wykowski (1728-1784) : zapomniany poeta z wileńskiego środowiska pijarów litewskich // Napis. Pismo poświęcone literaturze okolicznościowej i użytkowej, 1999, T. 5. S. 81-82.
[20] Dziełem to jest natury, gdy z swej szczodrej ręki
Dla pięknej płci szafuje powaby i wdzięki,
Lecz że te są doczesne, więc nie na tym sztuka:
Nieśmiertelną ją czyni cnota i nauka.
Ta to jest chęć chwalebna! Ta cała przyczyna,
Czemu książki tlómaczy lidzka chorążyna:
Prócz wybornych przymiotów duszy, serca, ciała,
Będzie z dzieł swych rozumnych nieśmiertelność miała!
[21] Polski Słownik Biograficzny.Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 540.
[22] Нарбут А. Н. Нарбуты Гродзенской губернии. С. 19, 49-50.
[23] Гл: Лаўрэш Леанід. Юлія Шышкова з лідскіх Нарбутаў // Маладосць. 2019. № 6. С. 114-122.
[24] Нарбут А. Н. Нарбуты Гродзенской губернии. С. 24.
[25] Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. S. 14.
[26] Griškaitė Reda. Teodoro Narbuto intelektiniai žaidimai: Šiauriai kaip lietuviškų senienų. P. 264.
[27] Нарбут А. Н. Нарбуты Гродзенской губернии. С. 29, 33, 49-50.
[28] Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. Wilno, 1852.
[29] Там жа.
[30] Jurewiczowa Kamilla z Narbuttow. Restytucya. Obrazek litewski. Wilno, 1862.
[31] Kronika Rodzinna: pismo dwutygodniowe. № 17, 1 września 1873. S. 260-261.