Папярэдняя старонка: Навукоўцы

Бацька беларускіх гісторыкаў. Тодар Нарбут 


Аўтар: Полехаў Сяргей,
Дадана: 26-01-2011,
Крыніца: Лідскі летапісец №47.



225 гадоў з дня нараджэння Тодара Нарбута

Нарбут (Остык-Нарбут) Тодар [Фёдар Яўхімавіч; 28.10 (8.11).1784, маёнтак Шаўры Лідскага пав., цяпер Воранаўскі р-н - 14(26). 11.1864], гісторык і археолаг. Скончыў Віленскі ун-т (1803). У тым жа 1803 прыняты ў Пецярбургскі кадэцкі корпус. У 1804 удзельні-чаў у рабоце камісіі па распрацоўцы праекту рэгуляцыі Нёмана. Удзельнік руска-пруска-французскай (1806-07) і руска-шведскай (1808-09) войнаў (капітан рускай арміі, вайсковы інжынер). Аўтар праекту Бабруйскай цвярдыні і ўдзельнік яе будаўніцтва. 3 1812 у адстаўцы, жыў у сваім маёнтку, даследаваў гісторыю ВКЛ. Першы на Беларусі даў азначэнне курганам як месцам старажытных пахаванняў. Вёў раскопкі ў Падняпроўі, пазней - на радзіме. У 1820 адкрыў ямнае пахаванне непадалёку ад в. Шаўры Лідскага пав. Алісаў руіны цвярдыні на Нёмане каля в. Лыскава Гарадзенскага павету. Сцвярджаў, што дрыгавічы невядомага паходжання жылі каля Кіева. Адносіў яцвягаў да скіфскіх плямён. Геральдыку Беларусі не лічыў старажытнай, бо аналагічная існавала і ў суседніх народаў. Даследаваў Лідскі замак. Збіраў і вывучаў помнікі археаграфіі. Аўтар «Гісторыі літоўскага народа» (т. 1-9, 1835-41; давёў падзеі да 1569), у 1-м томе якой змясціў табліцу сваіх знаходак. Увёў у навуковы ўжытак Хроніку Быхаўца (1846). Для гіст. поглядаў Нарбута характэрны ліцвінскі патрыятызм, прычым этнічных літоўцаў і беларусаў ён успрымаў як адзіны народ ВКЛ. Нарбут адзначаў, што, «злучыўшыся з Польшчай, Літва добраахвотна здала сваю незалежнасць, трапіла ў хаос польскага безуладдзя, які пазбавіў яе знешняй абароны і значэння ў суседзяў, выдаў на водкуп знішчальных войнаў». Нарбут імкнуўся паказаць гісторыю літоўскага народа як аднаго з роўных еўрапейскіх народаў. Ён пісаў не гісторыю дзяржавы, як было прынята ў той час у польскай і расейскай гістарыяграфіі, а менавіта гісторыю народа.

Меў багатую калекцыю археалагічных матэрыялаў. Апублікаваў шэраг артыкулаў пра Ліду, Наваградак, Індуру і інш. Займаўся пытаннямі старажытнай міфалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыкі.

Рукапіс Тодара Нарбута ў Расіі

Постаць Тодара Нарбута (1784 - 1864) займае віднае месца ў гісторыі беларускай, а таксама літоўска-польскай гістарычнай навукі і грамадскага жыцця. Галоўная яго праца, "Гісторыя літоўскага народа" (у 9-ці тт., 1835 - 1841), - адно з першых навуковых сачыненняў, прысвечаных мінуламу Літвы. Напісаная па-польску, "Гісторыя…" тым не менш адыграла выбітную ролю ў нацыянальным адраджэнні літоўцаў (Berenis V., 1992. P. 16) і беларусаў. У апошнія гады ў навуцы ўзмацнілася цікавасць да жыцця і творчасці Нарбута. У дадзеным паведамленні мне хацелася б пазнаёміць навуковую грамадскасць з адной знаходкай, якая пралівае святло на працэс стварэння "Гісторыі літоўскага народа".

У Аддзеле гісторыі кнігі Дзяржаўнай публічнай гістарычнай бібліятэкі Расіі (далей - ОИК ГПИБ) захоўваецца рукапіс in quarto, у паўскураной вокладцы, датаваны па знешніх прыкметах першай паловай - сярэдзінай XIX ст. На рукапісе маюцца штампы і бібліятэчныя адзнакі ГПИБ, а таксама сіні алоўкавы нумар, які сведчыць пра яе паходжанне з бібліятэкі Гістарычнага музея. Тэкст на польскай мове ўтрымоўваецца на 404 нумараваных старонках, акрамя таго, у пачатку і ў канцы рукапісу знаходзяцца адпаведна 23 і 24 ненумараваныя чыстыя аркушы. Рукапіс утрымоўвае 893 рэгесты гістарычных дакументаў (лістоў, заканадаўчых актаў, папскіх бул, дароўчых грамат) за перыяд 1216 - 1529 гг. Па змесце яны адносяцца галоўным чынам да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, а таксама Польшчы, Тэўтонскага (Нямецкага) і Лівонскага Ордэнаў, рускіх земляў і іншых дзяржаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. У арыгінале рукапіс ніяк не азагалоўлены, у каталогу бібліятэкі фігуруе пад назвай "Regesta dokumentorum".

У канцы кожнага рэгеста паказана месцазнаходжанне арыгіналу і копіі дакумента (або яго выдання). Мяркуючы па гэтых адсылках, дакументы паходзілі з сакрэтнага архіву ў Кёнігсберзе, Рыжскага гарадскога архіву, Нясвіжскага архіву Радзівілаў і інш. Сам рукапіс служыў паказальнікам да збору копій гістарычных крыніц, зробленых для гісторыка сярэдзіны XIX ст. (пасля 1841 г., калі выйшла ў свет выданне "Zbiоr praw litewskich"). Звяртае на сябе ўвагу той факт, што практычна пры кожнай спасылцы на апублікаваную крыніцу паказаны аўтар выдання. Гэтага не робіцца толькі ў адным выпадку - пры згадванні "Гісторыі літоўскага народу" Нарбута. Параўнанне рукапісу з яго даследаваннямі і публікацыямі паказвае, што спасылкі на неапублікаваныя крыніцы ў іх супадаюць (Narbutt T., 1856. S. 36 - 37, 124, 126, 184; [Regesta dokumentorum.] S. 13, 94, 117, 277). А гэта азначае, што пералік гістарычных дакументаў быў складзены менавіта для Тодара Нарбута.

На працягу многіх гадоў Нарбут збіраў копіі гістарычных дакументаў, у прыватнасці, пры пасярэдніцтве І. Фойгта і К. Нап'ерскага атрымліваў матэрыялы з архіваў Кёнігсберга і Рыгі (Berenis V., 1992. P. 15). Яны былі згрупаваныя па месцы паходжання ў некалькі кніг, пазначаных літарамі лацінскага алфавіту. У міжваенны перыяд шэраг гэтых кніг захоўваўся ў Вільні, Кракаве і Львове (Doubek Fr.A., 1930. S. 873 - 874). Прыкладна гэтак жа ёсць і зараз. У прыватнасці, у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Літвы находзіцца адна з кніг копій, падрыхтаваных для Нарбута па матэрыялах Кёнігсбергскага архіву за 1382 - 1424 гг., так званая "кніга B" (Lietuvos TSR valstybiniu archyvu fondu trumpas zinynas. 4 s-s. P. 57)*. Яна вядомая і па дасылках у "Regesta dokumentorum", дзе, праўда, апошні яе дакумент датаваны 1425 г. (Regesta dokumentorum. S. 148.) Магчыма, Нарбут некалькі раз прымаўся за складанне паказальніка да кніг копій. Ёсць звесткі пра яго рукапіс "Index historicorum monimentorum Lithuaniae. An. 1211 - 1570" у 3-х частках, перапісаны самім Нарбутам (Апісанне. Вып. 5. C. 32). Паміж тым "Regesta dokumentorum" перапісаныя пісцом-каліграфам і на некаторых старонках утрымоўваюць выпраўленні спорным почыркам (верагодна, рукой Нарбута).

Пакуль не ўяўляецца магчымым дасканала прасачыць шлях рукапісу Нарбута з яго маёнтка Шаўры Лідскага павету (дзе захоўвалася яго збор) у ГПИБ. Пасля смерці гісторыка маёнтак яго сям'і, якая актыўна садзейнічала паўстанцам у 1863 - 1864 гг., падпаў пад секвестр, а кнігі былі перавезеныя ў Вільню і складзеныя ў адным з касцёлаў у чаканні арганізацыі Віленскай Публічнай бібліятэкі. Яна адчынілася толькі праз тры гады, а тым часам кніжны збор Нарбута раскрадаўся (Berenis V., 1992. Р. 16). Пазней нейкая частка кніг Нарбута сапраўды патрапіла ў Віленскую Публічную бібліятэку. Зараз яны рассеяны па зборах Вільні, Кракава і, магчыма, Львова (Stolzman M., 1977. S. 539).

Якое значэнне выяўленага рукапісу Т. Нарбута? Па-першае, гэта яшчэ адзін крок да стварэння "поўнага пераліку і апісання яго архіваў і рукапісаў" (такая задача была пастаўленая ў артыкуле: Нарбут А.Н., 1993. С. 147). Варта дадаць, што для рашэння гэтай задачы патрабуецца высветліць суадносіны паміж паказальнікамі і кнігамі копій. Па-другое, звесткі гэтага рукапісу дазваляюць зазірнуць у творчую майстэрню гісторыка. Справа ў тым, што многія з гэтых рэгестаў дапоўненыя разгорнутымі каментарамі, палемічнымі заўвагамі ў адрас гісторыкаў. Нарбут рыхтаваў другое выданне "Гісторыі літоўскага народа", і гэтыя заўвагі маглі ўвасобіцца ў яго маргіналіях у аўтарскім асобніку кнігі (гл.: Griskaite R., 1994). Нарэшце, шматлікія з сабраных ім дакументаў дагэтуль не выдадзеныя, і знойдзены рукапіс дае магчымасць пазнаёміцца, калі і не з самімі дакументамі, то з іх поўнымі рэгестамі ў тых выпадках, калі арыгіналы па той або іншай прычыне недаступныя гісторыку. Такім чынам, рукапіс "Regesta dokumentorum" з Аддзела гісторыі кнігі ГПИБ можа ўяўляць цікавасць для досыць шырокага кола даследчыкаў.


Літаратура:

1. [Regesta dokumentorum.] SI, s.a. (ОИК - 379 р.) ГПИБ.

2. Berenis V. Teodoras Narbutas ir jo "Lietuviu tautos istorija" // Narbutas T. Lietuviu tautos istorija. T.l. [1-as leid.] Vilnius, 1992.

3. Doubek Fr.A. Skarga Zmudzinow i odpowiedz Zakonu Niemieckiego z roku 1416 // Ateneum Wilenskie. 1930. R. 7. Zesz. 3-4.

4. Griskaitt R. Keletas minciu jau pasirodzius pirmajam Teodoro Narbuto Lietuviu tautos istorijos tomui lietuviu kalba (Vietoj recenzijos) // Lietuvos istorijos metrastis. 1993 m. Vilnius, 1994.

5. Lietuvos TSR valstybiniu archyvu fondu trumpas zinynas. 4 sas.: Kultura. Mokslas. Spauda ir informacija. Vilnius, 1976.

6. Narbutt T. Pomniejsze pisma historyczne szczegolnie do historyi Litwy odnoszaxe sie. Wilno, 1856.

7. Stolzman M. Narbutt Teodor // Polski slownik biograficzny. T. XXII/3. Zesz. 94. Wroclaw etc., 1977.

8. Нарбут А.Н. Жизнь и деятельность Теодора Нарбута // Наш радавод. Т. 5. Ч. 1. Гродно, 1993.

9. Описание рукописного отделения Виленской публичной библиотеки. Вып. 5. Вильна, 1906.


* У гэтым даведніку замест Кёнігсбергскага архіву (літ. "Karaliauсiaus archyvas") у якасці крыніцы дакументаў зборніка паказаны "каралеўскі архіў" ("karaliskasis archyvas"). Відавочна, гэта памылка, заснаваная на неразуменні літоўцамі польскіх слоў "krolewiecki" і "krolewski".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX