Папярэдняя старонка: Навукоўцы

Роўба Яўген 


Аўтар: Грыб Юлія,
Дадана: 19-12-2010,
Крыніца: Лідскі летапісец № 46.



Рэктар Яўген Роўба. 60 гадоў з дня нараджэння

РОЎБА Яўген Аляксеевіч нарадзіўся 1.4.1949 г. у в. Андрушоўшчына Лідскага р-на Гарадзенскай вобл. Беларускі матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1999), праф. (2001). Скончыў БДУ (1971). 3 1974 у Гомельскім ун-це (з 1977 заг. кафедры). 3 1979 у Гродзенскім ун-це (у 1994-98 заг. кафедры; у 1980-86, 1992-94, з 1998 прарэктар, з 2008 рэктар). "За шматгадовую плённую навукова-педагагiчную дзейнасць па падрыхтоўцы высокаквалiфiкаваных спецыялiстаў, значны асабiсты ўклад у развiццё сiстэмы адукацыi, навукi i культуры Гарадзенскай вобласцi" у 2008 годзе ўзнагароджаны медалём Францішка Скарыны. Навук. працы па вывучэнні інтэрпаляцыйных рацыянальных аператараў і рацыянальных шэрагаў Фур'е.

Тв.: Высшая математика. Гродно, 2000 (разам з С.А.Мінюком); Интерполяция и ряды Фурье в рациональной аппроксимации. Гродно, 2001. Интерполяционные рациональ-ные операторы типа Фейера и Валле-Пуссена // Матем. заметки. 1993. Т. 53, № 2; Сумматорные рациональные операторы типа Джексона // Матем. заметки. 1997. Т. 61, № 6; Orthogonal Systems of Rational Functions on the Segment and Quadratures of Gauss-Type // Math. Balcanica. 1999. V. 13, № 3-4.

Будучы рэктар Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэтам імя Янкі Купалы, доктар фізіка-матэматычных навук Яўген Аляксеевіч Роўба вырас у невялічкай вёсачцы Прынёманскага краю - Чахоўшчыне.

Пачатковую адукацыю ён атрымаў у Вангінскай школе, а затым сярэднюю - у Моцевіцкай сярэдняй школе. На сённяшні дзень гэта Пескаўская школа-сад.

Школьныя гады Яўгена Аляксеевіча былі вельмі цікавымі і насычанмі яркімі падзеямі. Яшчэ ў дзяцінстве маладому кемліваму хлопцу-шасцікласніку напрарочыў быць матэматыкам адзін з самых любімых яго настаўнікаў Мікалай Іосіфавіч Гота. I дагэтуль Мікалай Іосіфавіч успамінае свайго вучня і ганарыцца яго поспехамі. Школьнік Яўген Роўба быў, вельмі актыўным: браў удзел у шматлікіх мерапрыемствах піянерскіх і камсамольскіх арганізацый, абараняў гонар свайго краю ў спартыўных мерапрыемствах на раённых спаборніцтвах. Гэты мэтанакіраваны хлапец не баяўся ставіць перад сабой мэты і ўпарта ісці да іх.

Яўген Аляксеевіч і дагэтуль прытрымліваецца наступнага меркавання: "Калі ёсць талент то нельга ленавацца яго развіваць". Гэты ўжо сталы, дасведчаны чалавек, які дасягнуў вышынь у навуцы і кар'еры, удзячны сваім бацькам, простым сельскім працаўнікам за тое, што яны дапамаглі яму "знайсці сваю дарогу ў жыцці". "Простыя працавітыя людзі - мае бацькі, не толькі прылучылі мяне і маіх двух братоў да працы - яны марылі, каб іх сыны абавязкова сталі вучонымі людзьмі. I нам вельмі хацелася, каб іх надзеі апраўдаліся".

Паступіўшы ў Віленскі ўніверсітэт, і, правучыўшыся там два курсы, хоць і не без цяжкасцяў, але перавёўся на механіка-матэматычны факультэт у БДУ. Захопленасць матэматыкай і поспехі ў вучобе праклалі шлях у навуку. Пасля аспірантуры, яго запрасілі на працу ў Гомельскі ўніверсітэт, дзе праз два гады быў абраны загадчыкам кафедры. Але, нажаль, у родным краі, у бацькоў удавалася бываць вельмі рэдка. Таму разам з сям'ёй прынялі рашэнне пераехаць у Гародню.

Ужо 30 год працуе Яўгеній Роўба ва ўніверсітэце, пяты год узначальвае самую буйную ўстанову адукацыі Гародзеншчыны, адну з найстарэйшых ВНУ краіны - у лютым 2010 года ГРДУ імя Янкі Купалы будзе святкаваць 70-годдзе з дня заснавання.

Падрыхтоўка маладых спецыялістаў - гэта справа ўсяго яго жыцця. Доктар фізіка-матэматычных навук Яўген Роўба, лічыць, што асабліва важна ў наш час гадаваць уласныя кадры, падтрымліваць маладых навукоўцаў, стымуляваць іх і маральна, і матэрыяльна. У свой час яму, маладому навукоўцу, які абараніў кандыдацкую дысертацыю ў 26 год, настойліва раілі працягнуць займацца навуковай дзейнасцю вядомыя беларускія навукоўцы. Яўген Аляксеевіч добра памятае іх імёны, удзячны сваім настаўнікам за ўдзел у яго лёсе. Сёння прафесар Роўба таксама пільна сочыць за навуковай кар'ерай сваіх вучняў.

У такім шчыльным працоўным графіку цяжка парою даводзіцца знайсці вольны час, каб прысвяціць яго сабе і сваёй сям'і. Але і тут, Яўген Аляксеевіч імкнецца ўсё паспяваць і быць актыўным. Вось ужо некалькі гадоў ён займаецца тэнісам. Любіць бываць на лецішчы, якое размешчана ў маляўнічым месцы каля Нёмана. Некалькі разоў у год атрымоўваецца з'ездзіць на рыбалку.

Яўген Аляксеевіч Роўба, гэты таленавіты ва ўсіх адносінах чалавек, вельмі шчаслівы. Бо ў яго ёсць любімая праца і сям'я. Дзве яго дачкі сталі таксама матэматыкамі, яны займаюцца эканамічнай кібернетыкай. Часта збірацца ўсёй сям'і не ўдааецца, але цёплыя адносіны з дочкамі ад гэтага толькі мацнеюць. Шчаслівы ён і таму, што апраўдаў надзеі сваіх бацькоў. Класічная аксіёма шчасця - гэта калі раніцай з задавальненнем ідзеш на працу, а ўвечар - дахаты. Праўда, якая ў яго лёсе не патрабуе доказаў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX