Канстанцін Тызенгаўз (1786-1853). Да 220 годдзя з дня народзінаў
У гэтым годзе мы адзначаем 220-ці годдзе Канстанціна Тызенгаўза, знакамітага заоляга і заснавальніка беларускай арніталёгіі, які нарадзіўся 3 чэрвеня 1786 г. ў родавым маёнтку ў мястэчку Жалудок, што на Шчучыншчыне. Прадстаўнік старажытнага і славутага шляхецкага роду, ён пражыў поўнае падзеямі і здабыткамі жыцьцё, пераплеценае з лёсам сваёй Радзімы - Беларусі.
Пра сваю прысягу помніКожны дзень і штохвілінна.
Шчырасьць, веды і айчына.
Пойдзем хоць цяжкой дарогай,
Калі з братам брат заўсёды;
Будзе табе дапамога
Там, дзе мужнасьць, праца, згода!
Адам Міцкевіч
Род Тызенгаўзаў
Род Тызенгаўзенаў (de Tysenhusen, von Tysenhausen) /далей - Т./ пачынаецца з мястэчка Tisenhusen, якое знаходзілася паміж Нінбургам і Holtorf, або Holzdorp на рацэ Везэр (Weser). Па паданьнях сям'і, Тызенгаўзэны былі рыцарамі ў дружыне пры замку графаў фон Вёльпе (von Wölpe).
Паводле іншай крыніцы, Т. бяруць пачатак з дому Segeberg ў Гальштэйне (Германія), дзе яны былі ўжо ў ХІІ ст. шматлікімі, мелі землі і дамы ў Любеку.
Прыкладна ў 1198 г. (па другой крыніцы - у пачатку вясны 1200г.) браты Engelbrecht і Teodoryk Т., разам з прыкладна 1500 іншымі рыцарамі на 23 караблях прыплылі ў Інфлянты, ля вусьця Дзьвіны, каб пашыраць хрысьціянства сярод тутэйшых балцкіх плямёнаў.
Інфлянты, або Лівонія - гэта гістарычная назва зямель Усходняй Прыбалтыкі (сучасных Латвіі і Эстоніі). Паходзіць яна ад найменьня племя ліваў, што жылі на ўзбырэжжы Рыскага заліву, у вусьці Дзьвіны і Гаўі. Гэтая тэрыторыя ў ХІІ-ХІІІ стст па-лацінску называлася Livonia, па-нямецку Livland - Ліфлянд, адкуль паходзяць беларускія назвы Ліфлянты і Інфлянты.
Жонка Engelbrecht'а, ад якога і паходзяць ўсе Т. ў Інфлянтах, Kурляндыі, Эстоніі і ВКЛ, была сястрой брэмэнскага каноніка Альбeрта дэ Буксгёўдэна (Albert de Buxhoeveden), які кіраваў гэтай выправай. У 1201 г. рыцары разам з купцамі з в-ва Готланд заснавалі Рыгу. Альбeрт дэ Буксгёўдэн становіцца біскупам Рыскім і з 1202 г. заснавальнікам Ордэна Братоў рыцарства Хрыстова, Статут якога ў 1205 г. зацьвердзіў папа рымскі Інакенцій ІІІ. Браты-рыцары насілі белыя плашчы з выявай чырвонага мяча і крыжа над ім, адкуль і пайшла больш вядомая назва рыцараў Ордэна "браты па мячы", або "мечаносцы".
Т. належалі да адных самых уплывовых рыцарскіх родаў, якія адыгралі вялізную ролю ў заснаваньні Рыгі і біскупства (ад 1255г. - арцыбіскупства) Рыскага, пад час заваёвы гэтых балцкіх земляў Ордэнам Мечаносцаў, а потым і аб'яднаньня з Тэўтонскім Ордэнам (у 1237г.). Адначасова яны будавалі і займалі шэраг замкаў у Інфлянтах.
Іаган Т., сын Энгэльберта, жаніўся на Сафіі, унучцы князя Вячкі (з полацкіх князёў, уладальнік Кукенойса). Рыскі епіскап Нікалаўс фон Наўэн у 1269г. прадставіў ім у валоданьне замак Кукенойс.
Хутчэй за ўсё той жа Іаган Т. (Jan von T.) (або яго сын) пад час славутай бітвы з літоўцамі пад Ascheroden у 1279г. нёс вялікую харугву Ордэну і быў забіты побач з гэрмістрам Інфлянт Ernest'ам de Rassburg.
XIII і асабліва XIV стст былі найлепшымі часамі для інфлянцкага адгалінаваньня Т. - яно хутка павялічвалася, але, напэўна з-за гэтага і шматлікіх падзелаў маёмасьці, Т. пачалі бяднець.
З Інфлянтаў і паходзіць род Т. у ВКЛ. Не зусім зразумела, як Т. маглі перабрацца на жыцьцё ў Вялікае Княства. Хоць Вялікі князь літоўскі і лічыўся адпаведна з законамі ВКЛ ўласьнікам усяе зямлі і толькі даваў яе шляхце ў часовае, пажыцьцёвае альбо вечнае карыстаньне, яшчэ з 1447 г. дзейнічаў Прывілей Вялікага князя Казіміра Ягайлавіча. Гэты дакумант гарантаваў выключнае права насельнікаў ВКЛ на атрыманьне зямель і дзяржаўных пасад, а манарху забаранялася раздаваць землі і ўрады іншаземцам. Дамаглася гэтай нормы беларуская шляхта, і ўключалася яна пазьней ва ўсе Статуты ВКЛ.
Дапамагчы зразумець, як іншаземцы-Тызенгаўзы змаглі атрымаць пасады і зямлю на тэрыторыі ВКЛ, можа гісторыя Інфлянцкай вайны. У 1558г. войскі Маскоўскага княства напалі на Інфлянцкі Ордэн, у хуткім часе авалодаўшы Нарваю, Дэрптам, Нойгаузам і іншымі замкамі. Акрамя гэтага, Швэцыя захапіла паўночную частку сучаснай Эстоніі.
Магістр Ордэну Готард Кетлер, пасьля няўдалых спробаў арганізаваць супраціўленьне Масковіі, зьвярнуўся да караля польскага і Вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста з просьбаю аб дапамозе. Манарх пагадзіўся прыняць Інфлянты пад сваю апеку і бараніць іх. Аднак польскія князі і шляхта, даведаўшыся аб гэтым, адмовіліся ваяваць за новыя землі. У паноў-рады ВКЛ, у адрозьненьне ад палякаў, не было вялікага выбару: авалоданьне Маскоўскім княствам Інфлянтамі, са шматлікімі замкамі і гаванямі, відавочна стварала моцную пагрозу паўночным рубяжам беларускага гаспадарства. Канчаткова ў склад ВКЛ Інфлянты былі ўключаны ў 1566 г. на Гарадзенскім сойме пад назвай Інфлянцкае княства з наданьнем яму герба (гл. мал.).
На мой погляд, менавіта гэтая дамова дала юрыдычную магчымасьць інфлянцкай шляхце перасяліцца на "спрадвечныя землі" Вялікага княства. Але выглядае на тое, што скарыстаць гэтую магчымасьць частка шляхты захацела (ці была вымушана...) толькі пасьля заканчэньня вайны Рэчы Паспалітай са Швэцыяй (1600-1629гг), калі ў складзе Рэчы Паспалітай засталіся толькі 4 інфлянцкія староствы.
Так у гісторыі роду Тызенгаўзаў у другі ўжо раз адбылося перасяленьне часткі яго прадстаўнікоў. Яны пакінулі Інфлянты, заставілі там шматлікую маёмасьць і перасяліліся ў ВКЛ.
Першыя вядомыя зьвесткі пра Тызенгаўзенаў у ВКЛ адносяцца да 1633г., калі Дарпацкі (зараз частка Эстоніі) падстолі Рэйнольд Т. (Rejnhold) апынуўся ў Вялікім княстве.
Тут яны перарабілі нават сваё прозьвішча von Tiesenhausen , або таксама de Thysenhaus, якое захавалі прадстаўнікі роду нямецкія, а потым швэдзкія, і, нарэшце, расейскія (пасьля пераходу Інфлянтаў швэдзкіх у часы Пятра І пад расейскую ўладу), перарабілі яго ў карацейшае Tyzenhauz, з тых часоў адрозніваючае галіну роду з ВКЛ.
Другім вядомым "перасяленцам" быў Дарпацкі ваявода Готард Ян (Gotard Jan) (†1640), які яшчэ пісаўся von Tiesenhausen. Пад час швэдзкай акупацыі каталікі былі прымушаны пераходзіць у лютэранства, інакш іх маёнткі канфіскоўвалі. Готард Ян вырашыў не мяняць веру і не мала заставіўшы дабра на акупаваных швэдамі "новадалучаных" да ВКЛ землях, перасяліўся ў глыб Вялікага княства. Тут ён ажаніўся з Сюзаннай Сафіяй Сапега і меў з ёй трох дачок і трох сыноў, з якіх найбольш вядомы Готард Ян Т. - суфраган Віленскага біскупства, а з 1666 да сьмерці ў 1669г. біскуп Смаленскі.
Зразумела, што такое сваяцтва адкрывала прадстаўнікам роду Т. шляхі на самыя вярхі ўлады ВКЛ. Спадзяюся, што далейшы расповед пакажа чытачам, што гэтыя новыя магчымасьці Т. скарысталі на поўніцу з вялікай карысьцю не толькі для сябе, але і для сваёй новай Радзімы. Трэба падкрэсьліць, што розныя прадстаўнікі роду карысталіся вялікай павагай і даверам беларускай шляхты, так што пачынаючы ад 1658г. амаль ніводны Сэйм Рэчы Паспалітай не адбываўся без удзелу каго-небудзь з Тызенгаўзаў у якасьці пасла.
Канстанцін Т. паходзіў з веттельскай лініі Т. - малодшай. У сваіх адгалінаваньнях частка яе засталася нямецкай, але большасьць зьвязана з ВКЛ.
Да гэтай лініі адносіўся Рэйнольд Т. (гл. вышэй), які ажаніўся на Эльжбэце фон Эфэн (von Efen (Effern)) - прадстаўнічцы ад пачатку XVIІ ст. аселага ў Інфлянтах роду. Ад гэтай сям'і і ідзе непарыўнае генэалягічнае дрэва да Канстанціна Т.
Унук Рэйнольда - Стэфан Т., кухмістр, а з 1689 да сваёй сьмерці ў 1709г. ваявода Навагародзкі, меў чатырох сыноў: Яна (ваявода Мсьціслаўскі), Міхаіл а (найвышэйшы пісар Літоўскі), Станіслава і Юрыя (Дыяменцкі стараста). Па Міхаіле Т., які быў другім мужам Цэцыліі Сафіі народж.Сапега, засталіся сыны: Бенедыкт (стараста Шмелтынскі), Антоні (езуіт) і Казімір (лоўчы Інфлянцкі), а таксама дачка Тэрэза.
Пра Жалудок, Паставы і сям'ю Канстанціна Тызенгаўза
Як жа Тызенгаўзы апынуліся ў Жалудку, дзе ў фамільным маёнтку нарадзіўся і правёў свае маладыя гады Канстанцін Т., а таксама ў Паставах, якімі ён валодаў і ў якіх ён працаваў?
Пасьля сьмерці земскага суддзі Казіміра Радамінскага, мястэчка Жалудок перайшло ва ўласнасьць да яго адзінай дачкі Аляксандры і яе мужа Міхаіла Т. (гл. вышэй). Пасьля іх да Бенедыкта Т., Шмельцінскага старасты. Бенедыкт Т. у якасьці прыданага, разам з рукою Ганны Беганскай, атрымаў Паставы ад яе бацькі Яна-Казіміра Беганскага.
Па сваёй сьмерці Бенедыкт Т. заставіў тры сыны і аж восем дачок. Гэтыя тры браты: Міхаіл , Антоні і Казімір Т. ў 1755г. падпісалі акт падзелу маёмасьці, па якому Жалудок перайшоў да Міхаіла Т., пасольскага старасты.
Паставы ж былі падзелены паміж братамі, пасьля чаго Антоні Т. (1733-1785), надворны падскарбі Літоўскі і знакаміты рэфарматар Вялікага княства, выкупіў у братоў іх часткі і стаў адзіным уладальнікам мястэчка.
Антоній Т. быў бяздзетны, і па ім уладальніцай Пастаў стала яго пляменьніца Сафія Хамінская (народж. Т.) - дачка брата Казіміра Т.. З-за таго, што ў яе з мужам таксама не было прамых патомкаў, Паставы атрымаў ва ўласнасьць Ігнацій Т., сын другога брата - Міхаіла. Міхаіл Т., жанаты на Барбары фон Зыберг (Barbara von Syberg zu Wischling) - дзед і бабуля героя нашага расповеду Канстанціна Т.
Нарэшце, праз пералік слаўных і шанаваных продкаў, мы дабраліся да бацькоў нашага галоўнага героя!
З двух сыноў Міхаіла Т., Жалудок па яго сьмерці таксама адышоў да Ігнацыя Т., бацькі Канстанціна.
Граф Ігнацы Тызенгаўз (каля 1750-1822, Вільня), палкоўнік і шэф літоўскай гвардыі, за службу Вялікаму Княству Літоўскаму быў узнагароджаны ордэнамі Белага Арла і Св.Станіслава (гл. мал.).
На жаль, не вядома, ў якасьці каго і як ён прымаў ўдзел у вызвольным паўстаньні Тадэвуша Касьцюшкі, але ёсьць дадзеныя, што ў 1794 г. Ігнацы Т. быў камандзірам Гродзенскага гарнізону і прыхільна выказваўся пра паўстаньне. Пад час Напалеонаўскай кампаніі (напэўна, за дапамогу ў сфармаваньні і ўтрыманьні пяхотнага палка і артылерыйскай роты ў зноў сфармаваных войсках ВКЛ - гл.ніжэй) атрымаў Залаты Крыж Ганаровай Легіі (гл. мал.). Ва ўладаньні графа Ігнацыя, апроч Жалудка і Паставаў з навакольнымі вёскамі і фальваркамі, былі дзесяткі тысяч гектараў зямлі і населеныя пункты з тысячамі сялян у Шавельскім, Вількамірскім, Віленскім, Дзісьнянскім, Вілейскім, Ашмянскім, Лідзкім, Гродзенскім, Слонімскім, Наваградзкім і Пінскім паветах. Жанаты на Марыяньне Марыі Пшэздзецкай (Przezdzecka), меў трох дачок: Юзэфу, Эльфрыду і Эмеранцыю, і двух сыноў - Адольфа Рудольфа (1783-1830) (больш вядомага па другому імені) і Канстанціна.
Ад народзінаў да вайны 1812г.
Нарадзіўся Канстанцін Тызенгаўз 3 чэрвеня 1786 г. у родавым маёнтку ў мястэчку Жалудок (зараз Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.). Пакуль не атрымалася знайсьці зьвесткі, ці засталіся нейкія тагачасныя будынкі з сямейнай сядзібы. Дакладна вядома, што на месцы палацу ў 1908г. насьледнікамі па праекту В.Марконі быў збудаваны палацавы комплекс у стылі мадэрн, які зараз знаходзіцца ў занядбаным стане.
Напэўна, у 1804г. (ў 18ці гадовым узросьце) Канстанцін паступіў у Віленскі універсітэт, у 1803г. рэарганізаваны "под покровіцельством" цара Аляксандра І. Цар у першыя гады свайго праўленьня думаў пра разьвіцьцё навукі і адукацыі на захопленых землях ВКЛ каб прыцягнуць да сябе новых падданых. На самой справе Віленскі універсітэт быў створаны ў 1578 годзе паводле прывілею караля і Вялікага князя Стэфана Баторыя. Але афіцыйнаю датаю ягонага адкрыцьця лічыцца 30 кастрычніка 1579 г, калі рымскі Папа Грыгоры XIII (той самы, дарэчы, які ўвёў у Эўропе новы стыль летазьлічэньня) сваёй булаю зацвердзіў гэты прывілей.
Рэктарам універсітэту быў прызначаны знакаміты матэматык, астраном, філёзаф і асьветнік Ян Снядэцкі, чалавек незалежных поглядаў. Яго малодшы брат Андрэй Снядэцкі працаваў прафесарам хіміі і фармацэўтыкі. На той час ва ўніверсітэце існавалі чатыры факультэты: літаратуры і вольных навук, маральных і палітычных навук, медычны і фізіка-матэматычны. На іх выкладалі некалькі прафесараў і вучыліся больш за 300 студэнтаў (у 1830г. - ужо 47 і 1321). Вельмі магчыма, што Канстанцін Тызенгаўз быў знаёмы з будучым знакамітым гісторыкам Яўхімам Лелевелем, які вучыўся тамсама з 1804 па 1808гг.
Больш упэўнена можна сказаць, што адным з любімых выкладчыкаў Канстанціна быў знакаміты батанік праф. Станіслаў Баніфацы Юндзілл. Апошні, яшчэ пад час кіраваньня (з 1785г.) школай піяраў у Шчучыне, акрамя стварэньня гербару мясцовай флоры, пачаў зьбіраць калекцыю птушак і насякомых. Пасьля вандровак і вучобы ў Заходняй Эўропе, на ўзор убачаных там Станіслаў Баніфацы заняўся ў 1799г. арганізацыяй батанічнага саду. Адначасова па даручэньні Адукацыйнай камісіі Юндзілл займаецца стварэньнем кабінету гісторыі прыроды. Ужо ў 1801 г. кабінет пачаў працаваць. У ім былі сістэматызаваны і выстаўлены экспанаты, атрыманыя ў падарунак ад шматлікіх асоб, між іншым, ад Ж.Жалібера, Г.Форстэра, М.Агінскага. Акрамя гэтай і іншай працы, Юндзіл выкладаў ва ўнівэрсітэце і пісаў (між іншым, кнігі па батаніцы і падручнікі для студэнтаў і школьнікаў: Stanisław B. Jundziłł: Opisanie roślin w prowincji W. X. Litewskiego naturalnie rosnących według układu Linneusza. (Wyd. I. Wilno, 1791); " Botanika stosowana, czyli wiadomości o własnościach i użyciu roślin w handlu, ekonomice, rękodziełach, o ich ojczyźnie, mnożeniu i utrzymaniu"; "Początki botaniki" (W-wa, 1804); "Zoologia krótko zebrana" (Wilno, 1807), і іншыя.)
Магчыма, што менавіта пад уплывам гэтай навуковай дзейнасьці Юндзілла і вырашыў Канстанцін Тызенгаўз заняцца зборам калекцый, але заалягічных, а таксама даследваньнем і апісаньнем фауны Вялікага княства. Таму і прысьвяціў сваю трохтомную працу "Асновы арніталёгіі" праф. Юндзіллу.
Другім вядомым настаўнікам Канстанціна быў выдатны мастак (грэк ці армянін па-паходжаньні) Ян Рустэм, які ў гэты час працаваў ад'юнктам на кафэдры малярства. Вядомы перад усім як партрэтыст, ён напісаў адзін з двух вядомых на сёньня партрэтаў К. Тызенгаўза (гл. ніжэй). Некаторыя крыніцы пішуць пра французкага мастака Яна Пётра Норбліна (які шмат гадоў працаваў у Польшчы), як пра яшчэ аднаго настаўніка, які вучыў Канстанціна мастацтву малюнку. Але на мой погляд, гэта малаімаверна, бо ужо ў 1804г. Норблін канчаткова вярнуўся ў Францыю.
Вайна 1812-1814 гг. і ўдзел у ёй К.Тызенгаўза
Каб зразумець, чаму шматлікія прадстаўнікі беларускай і летувіскай шляхты пад час Маскоўскай кампаніі 1812г. (а на самой справе - шмат хто і раней) далучыліся да Напалеона і ваявалі супраць расейскіх войск і іх хаўрусьнікаў, трэба ўспомніць, што здарылася за 20 гадоў да гэтага. У 1795г., пасьля падаўленьня паўстаньня генерала Касьцюшкі, актамі трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Прусія, Аўстрыя і Расея зьнішчылі польска-літоўскую дзяржаву. Польскія землі былі падзелены паміж першымі двума хаўрусьніцамі, а да Расеі адышлі заходняя частка Беларусі (усходняя была акупавана раней), Летува, Курляндыя і Заходняя Валынь.
У 1806г. французкія войскі ўвайшлі ў Варшаву, а ў наступным годзе пад апекай Напалеона было створана Варшаўскае княства, якое была вымушана прызнаць Расея.
Перад самым пачаткам расейскай кампаніі 1812г. адбылася падзеяі, якая магла кардынальна зьмяніць жыцьцё Тызенгаўзаў (і не толькі іх). У траўні 1812г. ў Вільню, дзе ў гэты час знаходзіўся Аляксандр І, на тры дні для вядзеньня з ім перамоваў прыехаў генерал-ад'ютант Напалеона граф Нарбонн. Падрабязнасьці гэтых перамоваў дагэтуль не вядомыя. Але не яны ўяўляюць для нас цікаўнасьць, а выдатна арганізаванае сачэньне расейскай вайсковай паліцыі за французкай дэлегацыяй. Усе падрабязнасьці прыпынкаў і сустрэч апошніх дакладваліся "на верх". Для нас цікавы наступны запіс з гэтых данясеньняў, зроблены ў дзень ад'езду графа Нарбонна з Вільні: "Сел в карету и выехал из города. При выезде заметил я что в том же дворе на балконе стояли Граф Тизенгауз, Граф Косаковский и Граф Пржесдецкий и множество дам которых я не мог узнать."
Па выніках сачэньня цару былі прапанаваны рэкамэндацыі, адну з якіх варта прывесьці амаль цалкам: "Чтобы уничтожить засеянные здесь семена; всех вышеозначенных особ нужно бы было отправить в Российские Губернии на жительство... Самый лучший предлог для отправления сих господ, коих неминуемо кажется нужно сделать безвредными - ибо еще довольно останется Графов Тизенгаузеных, Платеров и проч. - было бы, что природным французам, не ловко здесь оставаться в такое время, где все походит на войну с сей нацией." Уяўляеце, ці вывучаў бы Кастанцін Тызенгаўз птушак увогуле, а калі так, дык ў якіх мясцовасьцях Расеі, калі б цар выкарыстаў бы гэтыя рэкамэндацыі і сапраўды здолеў перасяліць найлепшых прадстаўнікоў беларускай шляхты ўглыб Расеі? На шчасьце, гэта не адбылося (ў той час і з гэтымі людзьмі...)
Ранкам 24 чэрвеня 1812г. амаль 700-тысячнае войска Напалеона перайшло Нёман і Буг. Ужо праз 4 дні французкія войскі ганарова ўступалі ў сталіцу ВКЛ Вільню. Прычым першымі ехалі пад бел-чырвона-белым сьцягам уланы з 8га палка Варшаўскага княства на чале з палкоўнікам князем Дамінікам Радзівілам. Сустракалі іх як вызваліцеляў. Праз колькі дзён без значных баёў былі вызвалены практычна ўсе беларускія землі. 1 ліпеня Напалеон дазволіў (хаця і пад французкім наглядам) ажыцьцявіць беларусам самакіраваньне на тэрыторыі іх гістарычнай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага. Гэты дазвол быў сустрэты з радасьцю. Хутка быў сфармаваны найвышэйшы орган новай нацыянальнай улады - часовы Урад на чале з маршалкам Солтанам. 5 ліпеня Вайсковая камісія ўраду пад кіраўніцтвам Аляксандра Сапегі прыступіла да стварэньня першых за доўгія гады нацыянальных вайсковых частак. Згодна з дэкрэтам трэба было стварыць 5 пяхотных і 4 кавалерыйскіх палка (2005 жаўнераў і ўнцер-афіцэраў у кожным пяхотным і 940 ў кожным кавалерыйскім (уланскім) палку), разам каля 14 000 чалавек. Пазьней, разам са стварэньнем іншых вайсковых фармаваньняў, было пастаўлена пад ружжо ўсяго каля 20 000 чалавек.
Палкоўнікі прызначаліся з багатых і знатных мясцовых шляхецкіх сем'яў, што акрамя падтрымкі шляхты, давала Напалеону магчымасьць разлічваць на тое, што яны возьмуць на сябе частку расходаў па фармаваньню і ўтрыманьню сваіх палкоў. Вялікалітоўская пехота была апранута і экіпірована па-польскаму ўзору, але на ківерах замест "Белага арла" мела "Пагоню", часам гэтыя два гербы сумяшчаліся. Уланы на чорных шапках-канфедэратках таксама насілі "Пагоню". Літоўскія палкі, хоць і мелі нумарацыю польскай арміі (пяхотныя палкі №№ 18-22, уланскія - №№ 17-20), аднак не ўваходзілі ў яе склад і падпарадкоўваліся толькі свайму штабу, а той, у сваю чаргу, непасрэдна Галоўнаму штабу Вялікай арміі. Такім чынам, 19ты пяхотны полк, які фармаваўся ў Расіёнах (зараз Расоны, Віцебшчына), ачоліў з прысваеньнем званьня палкоўніка 26ці гадовы граф Канстанцін Тызенгаўз. Яго брат Рудольф, таксама палкоўнік (?) і таксама на свае грошы, сфармаваў і ачоліў конна-артылерыйскую роту. Толькі ў сярэдзіне студзеня 1813г. Напалеон узяў рэшткі гэтых войскаў (каля 6000 чалавек) на сваё утрыманьне.
Ніхто ня мог тады меркаваць, што дараваная свабода праіснуе ўсяго тры месяцы і скарыцель Эўропы паверне назад. Не пішучы тут падрабязна пра хаду і вынікі ваенных дзеяньняў, заўважу, што Канстанцін Тызенгаўз разам са сваім палком мужна змагаўся пад Вільняй, Кёнігсбергам, прымаў удзел (?) у знакамітай абароне крэпасьці Модлін, а потым і ў бітвах за Германію. У 1813г. ён быў узнагароджаны Крыжам Ганаровай Легіі. Вайна для яго (напэўна, як і для рэшткі прадстаўнікоў вялікалітоўскага войска) канчаткова скончылася вясною 1814г., калі войскі анты-французкіх хаўрусьнікаў увайшлі ў Парыж. Напалеон падпісаў сваё першае адрачэньне ад трону і быў сасланы на в. Эльба. Кастанцін Тызенгаўз спачатку застаўся ў гарадку Clermont (Цэнтр.Францыя), а пасьля указу (фактычна амністыі) Аляксандра І ад 30 жнiўня 1814 г. аб дараваньнi ўсiх асоб, якiя выехалi за мяжу Расii i вяртання iм секвестраваных i канфiскаваных маёнткаў, змог вярнуцца ў Паставы.
Як піша расейскі гісторык И.Ю Кудряшов: "Так случилось, что история Литовской армии - это история поражений, литовские части примкнули к Наполеону в пору его трагических неудач и не успели закалиться в огне императорских побед. Лучшие сыны Литвы встали в 1812 году под знамена возрождаемой родины. Недостаток выучки и военного опыта они компенсировали своим пылом, искренне веря, что Наполеон - это Мессия, пришедший восстановить их Отчизну."
Жыцьцё і навуковая дзейнасьць у Паставах
Некаторыя аўтары пішуць пра вяртаньне Канстанціна Тызенгаўза на Радзіму ўжо ў 1814г.. Па ускосных зьвестках, зьвязаных з яго сям'ёй, можна сцярджаць, што адбылося гэта не раней за 1815г. У гэтым годзе вярнуўся ў свае беларускія маёнткі зводны брат Канстанціна - Людвік Міхал Пац (генерал брыгады ў войсках Напалеона), у гэтым жа годзе Ігнацій Тызенгаўз падзяліў большую частку сваіх уладаньняў паміж сынамі. Старэйшы Рэйнольд атрымаў Жалудок і бліжэйшыя да яго землі, а Канстанцін - графства Паставы з навакольнымі фальваркамі.
Менавіта пры Канстанціне быў дабудаваны Пастаўскі палац Тызенгаўзаў. Бо пад час жыцьця Антонія Т. былі ўзведзены толькі два бакавыя флігелі (кухонны і канюшанны), закладзены фундамент асноўнага будынку і быў заснаваны парк пейзажнага тыпу з сажалкамі. Па ініцыятыве Канстанціна ў палацы была ўзведзена каланада - парадны пад'езд. З'явіўся новы, больш рэпрэзентатыўны фасад, павялічыліся і абодва флігелі. Паўночная частка палацу была цалкам прызначана для заняткаў навукамі і мастацтваў. Направа ад вестыбюля размяшчалася вялізная зала, прыстасаваная пад арніталягічны музэй, налева - капліца. Былі таксама кабінеты заалёгіі, мінэралёгіі і этнаграфіі краю. Зьлева знаходзіліся анфіляды пакояў з ляпнінай і мармуровымі камінамі, сьцены якіх упрыгожвалі палотны знакамітых мастакоў: Леанарда да Вінчы, Веранэзэ, Тынтарэтта, Рубэнса, Бройгеля, Дзюрэра. Ці ёсць зараз у Беларусі музэй, які б мог пахваліцца калекцыяй падобнага ўзроўню? - пытаньне, на жаль, рытарычнае... У другую, больш сьціплую палову палацу, дзе жыла сям'я Канстанціна, заязджалі з заходняга боку праз браму, куды выходзілі тры ганкі. Цэнтральны меў выгляд галерэі і вёў у жылое памяшканьне - вітальню і тры пакоі. Жанаты з Валерыяй Ваньковіч, Канстанцін меў двух дачок: Алену (Helena) і Марыю, а таксама сына Рэйнольда. Цікава, што як згадвае ў сваёй кнізе ягоная пляменніца Габрыэля Пузына: " Ён быў бацькам, панам і лекарам дамовым, а ягоныя спосабы супраць рожы і каўтуна былі слынныя на ўсе ваколіцы, адно, што захоўваў іх у таямніцы, як нейкі знахар. Падобна ж чыніў і са спосабам вырабу адмысловых сыроў, фабрыку якіх меў у адным са сваіх фальваркаў ."
У сакавіку 1831 г., лістападаўскае вызвольнае паўстаньне з Польшчы пашырылася на тэрыторыю сучаснай Летувы і заходнюю частку Беларусі: на Ашмянскі, Свянцянскі, Браслаўскі, Вілейскі і Дзісенскі паветы. У ім прыняло ўдзел каля 10.000 чалавек. Асноўнае ядро паўстанцаў складалі шляхта, навучэнцкая моладзь, афіцэры-ураджэнцы Польшчы і Беларусі.
У падрыхтоўчы перыяд паўстаньня на тэрыторыі Беларусі і Летувы К.Тызенгаўз сустракаўся з Аляксандрам Лапацінскім (Галоўным сакрэтным начальнікам па падрыхтоўцы паўстаньня), надалей супрацоўнічаў з Дзісенскім Урадавым камітэтам. Дапамагаў матэрыяльнымі сродкамі, пастаўляў зброю і кантаністаў (выхаванцаў ніжэйшай вайсковай школы). Пасьля разгрому паўстанцаў, Віленскай губернскай сьледчай камісіяй на яго была заведзена адмысловая справа. Вынікі яе разгляду не вядомыя, але выглядае на тое, што значных наступстваў для Канстанціна і яго сям'і яна не мела...
Але, канешне, асноўным заняткам Канстанціна і справай усяго яго жыцьця сталася заалёгія, а найперш - арніталёгія. Разам са сваім таксідэрмістам Міхалам Скіндэрам ён не толькі прэпарыраваў шматлікія экзэмпляры птушак і зьвяроў з навакольных мясьцінаў Віленшчыны. Каб мець магчымасьць параўноўваць птушак з розных месцаў і нават частак Сьвету, ездзіў у экспедыцыі па краі і за яго межы (на Гарадзеншчыну, Піншчыну, у Карпаты, Падолію, Бесарабію, на ўзбярэжжа Чорнага мора), здабываючы там не толькі новыя экспанаты для сваёй знакамітай калекцыі, але і новы досьвед, новыя знаёмствы сярод навукоўцаў. У 1829 і 1844гг. ён быў у Парыжы і Вене, у 1841г. наведаў Дрэздэн, Мілан і Венецыю, у 1851 - Бэрлін. Некалькі разоў наведваў Варшаву і мясцовы Заалягічны кабінэт. За няпоўныя 40 гадоў ён сабраў вялізарную нават па сёньняшнім меркам калекцыю: каля 3000 відаў птушак з усяго Сьвету (гл. здымкі), а таксама значную колькасьць птушыных яек.
Як піша В.В.Грычык: "аднак дзейнасць К.Тызенгаўза як заолага і арнітолага не абмяжоўвалася зборам калекцый. Гэта быў сапраўдны натураліст - чалавек, які вывучаў прыроду ў судакрананні з ёй, выдатна ведаў мясцовую фауну птушак, звяроў і рыб і меў у навуковых колах высокую рэпутацыю знакамітага заолага". Яго працы "не страцілі свайго значэння і да сённяшняга дня. Найбольшую каштоўнасць у іх уяўляюць канкрэтныя звесткі аб складзе фауны Беларусі ў першай палове ХІХ стагоддзя". Менавіта ён увёў у польскую мову навуковыя назвы шмат якіх відаў птушак, якія выкарыстоўваюцца дагэтуль. З 1831 г. дасьледнік апублікаваў больш за 20 навуковых прац, напісаных польскай, лацінскай і французкаю мовамі. У артыкулах пісаў, між іншым, пра вясновы пралёт птушак у навакольлі Пастаў, пра афарбоўку качак, пра эўрапейскія віды арлоў, пра зьвяроў і рыб Беларусі, і нават пра цікавыя назіраньні за насякомымі. Але найбольш вядомыя кнігі Тызенгаўза, якія ён выдатна ілюстраваў уласнымі малюнкамі - яны і прынесьлі яму заслужаную славу заснавальніка беларускай арніталёгіі:
Zasad у ornitologii albo nauki o ptakach (1841) - "Асновы арніталёгіі, навукі аб птушках"; Ornitologia powszechna , czyli opisanie ptak ó w wszystkich cz ęś ci ś wiata (tom 1-3, 1843-1846, Wilno.) - "Агульная арніталёгія, альбо апісаньне птушак усіх частак Сьвету"; Catalogus avium et mammalium ... (1844) - "Каталёг птушак і млекакормячых ВКЛ і Каралеўства Польскага", у якім былі апісаны 351 від птушак і 167 відаў зьвяроў з тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны; ілюстрацыйныя табліцы да " Oologija ptak ó w polskich , wystawiona na 170 tablicach rytych na miedzi i kolorowanych ", text - W . Taczanowski , 1862 ( "Аалёгія польскіх птушак" з тэкстам У.Тачаноўскага - выйшла ўжо па сьмерці Тызенгаўза).
Менавіта Тызенгаўз першым выявіў на поўначы Беларусі факт гнездаваньня барадатай кугакаўкі (гл. мал.), здабыў для свайго музэю некалькі птушак і паведаміў аб гэтым ў навуковых артыкулах. Як піша В.В. Грычык, "на той час гэта знаходка была свайго роду сенсацыяй, бо лічылася, што гэта птушка не сустракаецца на поўдзень ад Скандынавіі. Першапачаткова сам К.Тызенгаўз нават лічыў, што ім адкрыты новы від птушак...Strix microphthalmos - ("сава дробнавокая"), аднак пазней пераканаўся ў памылковасці сваіх меркаванняў і выправіў... памылку ў адной з сваіх апошніх навуковых прац... Ужо на сёмым дзесятку свайго жыцця ён пачаў падрыхтоўку да экспедыцыі ў Азію..., якая на той час была загадкай для даследчыкаў. ...Аднак мара не здзейснілася: зімою 1853г., прыехаўшы ў Парыж па справах выдання сваёй чарговай кнігі, К.Тызенгаўз раптоўна захварэў. Цяжка хворага, яго прывозяць на радзіму. 28 сакавіка, дачакаўшыся ў апошні раз веснавога спеву жаўрукоў, вучоны памер."
Хоць ва усіх знойдзеных намі крыніцах як месца пахаваньня К.Тызенгаўза згадваецца родавы склеп у парафіяльным касьцёле ў Жалудку, насамрэч аказалася, што пахаваньня арнітоляга там няма. Таму пытаньне аб тым, дзе ён пахаваны, застаецца не высьветленым...
Яшчэ пры жыцьці Канстанцін Тызенгаўз быў прыняты ў сябры Навуковага Кракаўскага таварыства, Львоўскага сельскагаспадарчага таварыства і іншых навуковых таварыстваў па ўсёй Эўропе: у Парыжы, Варшаве, Рызе, Бэрліне і Дрэздэне.
Сумнае пасьляслоўе
У 1856г., выконваючы волю бацькі, Рэйнольд Тызенгаўз (1830-1881) перадаў арніталягічную калекцыю ў новаствораны музэй Віленскай археалягічнай камісіі, у якім быў створаны арніталягічны кабінет. Аднак пасьля здушэньня паўстаньня Кастуся Каліноўскага расейскія ўлады разглядалі музэй старажытнасьцяў як адзін з цэнтраў «польскай інтрыгі». Па загаду генерал-губернатара Мураўёва ў 1864 г ён фактычна быў зачынены. А замест Віленскай археалагічнай камісіі пачала працаваць іншая - «Комиссия для разбора и приведения в известность и надлежащий порядок предметов, находящихся в Виленском музеуме древностей». Найбольш каштоўныя экспанаты "рэвізавалі" і адпраўлялі ў Маскву...
У Пастаўскім палацы была значная бібліятэка, якая складалася з кніг па арніталёгіі і заалёгіі, а таксама рэдкіх помнікаў польскага пісьменства, каштоўнага збору гравюр і сямейнага архіва, дакументы якога пачыналіся ад 13 ст. Пасьля сьмерці бацькі справу па падтрыманьні бібліятэкі і яе папаўненьні працягваў яго сын Рэйнольд. У канцы ХІХ ст, калі пастаўская рэзідэнцыя пачала траціць сваё значэньне, частка жывапісу трапіла ў палац Тызенгаўзаў у Ракішках (куды перанесьлі сваю сядзібу Пшэздзецкія, насьледнікі Тызенгаўзаў), частка ў Варшаву, апошняя, у час Першай Сусьветнай вайны, была вывезена ў Кіеў. У 1914г. сямейны архіў Тызенгаўзаў быў перададзены ў бібліятэку ардынацыі Пшездзецкіх у Варшаве, а бібліятэка перавезена з Паставаў у Смаленск. Далейшы яе лёс, як і лёс арніталягічнай калекцыі, дагэтуль невядомы...
Гэтая праца збольшага ўяўляе кампіляцыю вялікай колькасьці артыкулаў (знойдзеных, у асноўным, у Сеціве) і некалькіх кніг, аўтары і назвы якіх з-за абмежаванасьці месца тут не прыводзяцца. Але лічу неабходным з вялікай удзячнасьцю пералічыць усіх асоб, якія паспрыялі яго напісаньню: Ірына і Ігар Варкулевічы, Вадзім Вілейта, Васіль Грычык, Віталь Гуменны, Віталь Карнелюк, Сяргей Краўчанка, Юры Лукашэнка, Дзьмітры і Ганна Ракіцкія, а.Ян Рэйшaль, Вітаўт Руднік, і, нарэшце, мая жонка Алена Вінчэўская.