Папярэдняя старонка: Навукоўцы

Да 100-годдзя з дня нарадджэння Уладзіміра Урбановіча 


Аўтар: Чыгрын Сяргей,
Дадана: 25-01-2023,
Крыніца: Чыгрын Сяргей. Вандроўнік шляхамі паэтаў і герояў. Да 100-годдзя з дня нарадджэння Уладзіміра Урбановіча // Лідскі Летапісец. 2021. № 3-4(95-96). С. 25-26.



Уладзімір Урбановіч (1921-1999) у 1960-1990 гадах быў самым вядомым у Беларусі краязнаўцам, педагогам, вандроўнікам, калекцыянерам і музейшчыкам. А яшчэ - шчырым беларусам, дэлегатам Устаноўчага з'езда Таварыства беларускай мовы ў Менску. Сёлета 1 жніўня яму споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння.

Уладзімір Урбановіч, 1960.

Нарадзіўся Уладзімір Урбановіч у 1921 годзе ў вёсцы Пудзіна на Лідчыне ў сялянскай сям'і. У 1932 годзе скончыў пяць класаў і працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. У 1938 годзе экстэрнам здаў экзамен за сямігодку і ў 1939 годзе паступіў у Жыровіцкую польскую сельскагаспадарчую гімназію Слонімскага павета. Пры "саветах" зноў здаваў экзамены за 7 класаў і паступіў у Менскі політэхнікум. Падчас акупацыі скончыў настаўніцкія курсы ў Наваградку, пасля якіх працаваў настаўнікам пачатковых класаў у Лідзе і ў вёсцы Біскупцы на Лідчыне. Пасля вайны завочна скончыў Лідскую педагагічную вучэльню і літаратурны факультэт Гарадзенскага педінстытута. А калі скончыў педінстытут, то ўладкаваўся настаўнікам роднай мовы і літаратуры ў Райцаўскую сярэднюю школу Карэліцкага раёна, а з 1959 года працаваў у Валеўскай сярэдняй школе Наваградскага раёна.

Уладзімір Урбановіч адзін з першых у тыя пасляваенныя гады, напісаў і выдаў у Беларусі краязнаўчую кнігу "Па дарагіх мясцінах" (Мн., 1964), дзе дзяліўся досведам краязнаўчай работы па беларускай літаратуры ў сваёй Валеўскай сярэдняй школе Наваградскага раёна. Настаўнік Уладзімір Урбановіч у той час паказаў і апісаў, як трэба выкарыстоўваць краязнаўчы матэрыял на ўроках у школе. Вывучаючы жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў, а таксама пісьменнікаў-землякоў, ён з вучнямі на раварах і пяшком абыйшоў, аб'ехаў, і зноў жа апісаў тыя мясціны, дзе нарадзіліся пісьменнікі, творчасць якіх вывучалі ў школе. Настаўнік-краязнавец са школьнікамі наведаў мясціны Адама Міцкевіча, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Цішкі Гартнага, Ежы Путраманта, літаратурныя Лідчыну, Баранавіччыну, Дзятлаўшчыну, Наваградчыну, Стаўбцоўшчыну, Слонімшчыну і Уздзеншчыну, збіраючы новыя звесткі пра творчасць беларускіх літаратараў, запісваючы не толькі ўспаміны сваякоў, якія тады яшчэ жылі, але і займаўся зборам вуснай народнай творчасці.

У 1955 годзе ў Валеўскай сярэдняй школе быў створаны краязнаўчы музей. Спачатку ў ім былі тры аддзелы: гістарычна-этнаграфічны і прыроды. Калі ў школу прыехаў на працу Уладзімір Урбановіч, то ён дапоўніў музей чацвёртым аддзелам - літаратурным. Ужо ў 1980 годзе ў Валеўскім народным краязнаўчым музеі налічвалася 1895 экспанатаў, з іх 978 арыгінальных. Уладзімір Аляксандравіч па ўсім свеце збіраў для музея розныя экспанаты, асабліва ў свой літаратурны аддзел. Тады ў музеі былі каштоўныя рэчы, звязаныя з "Хронікай Быхаўца", з гісторыяй Любчанскай друкарні, матэрыялы пра Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Цётку, кнігі, паштоўкі, выдадзеныя суполкай "Загляне сонца і ў наша ваконца", друкарнямі Марціна Кухты і "Нашай нівы". Шырока была прадстаўлена заходнебеларуская літаратура кнігамі Б. Тарашкевіча, І. Дварчаніна, Г. Леўчыка, К. Буйло, В. Таўлая, М. Танка, М. Васілька, Н. Тарас, газетамі і часопісамі той пары, фотаздымкамі беларускіх літаратараў, каштоўнымі дакументамі і кнігамі А. Міцкевіча, Г. Сянкевіча, М. Рылеева, І. Катлярэўскага, С. Нерыс і іншымі асобамі, лёс якіх непасрэдна быў звязаны з Наваградчынай.

У 1970 годзе Уладзімір Урбановіч выдае сваю новую кнігу "Шляхамі паэтаў і герояў". Гэта было дапоўненае выданне, дзе аўтар цікава расказваў пра школьны літаратурны гурток, пра музей, апісваў паходы вучняў па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменнікаў і герояў беларускага народа, аўтар дзяліўся шматгадовым досведам выкарыстання краязнаўчага матэрыялу на ўроках беларускай літаратуры. Пра кнігі настаўніка з Валеўкі пісалі Аляксей Пяткевіч, Рыгор Шкраба, Янка Саламевіч, Уладзімір Калеснік, Вера Ляшук, Сцяпан Александровіч і многія іншыя вядомыя асобы.

Чалавек, жывучы ў глыбінцы, дзеля беларускай справы працаваў даволі сур'ёзна і актыўна. Да яго звярталіся па дапамогу і параду навукоўцы, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, педагогі, архівісты і літаратуразнаўцы з усёй Беларусі, а таксама з Літвы, Польшчы, Украіны. Уладзімір Урбановіч вёў вялікую перапіску, тысячы пісем ад вялікіх людзей, на жаль, згубіліся, але і шмат захавалася ў беларускіх архівах і музеях, у прыватных сховішчах. Уладзімір Урбановіч сябраваў амаль з усімі дзеячамі беларускай культуры і пісьменнікамі. У яго доме і ў школе ў Валеўцы шмат разоў пабывалі Максім Танк, Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль, Генадзь Каханоўскі, Уладзімір Калеснік, Ігар Лучанок, Аляксей Карпюк, Барыс Сачанка, Анатоль Вярцінскі, Пятрусь Макаль, Фёдар Янкоўскі, Ян Скрыган, сваякі Якуба Коласа і Адама Міцкевіча і сотні іншых вядомых нам асобаў. Ён заўсёды знаёміў гасцей з Валеўкай, школьным музеем і вядома ж адвозіў іх на Свіцязь, дзе частаваў, дзе вяліся шчырыя гутаркі пра Беларусь, родную мову і культуру…

За сваю педагагічную і краязнаўчую дзейнасць Уладзімір Урбановіч быў унагароджаны рознымі граматамі і дыпломамі, а таксама значком "Выдатнік народнай асветы". Ён так пры жыцці і не атрымаў звання Заслужны работнік культуры ці Заслужаны настаўнік Беларусі. І толькі пасля смерці (памёр 2 лютага 1999 года ў Валеўцы, дзе і пахаваны), яго пасмяротна занеслі ў Кнігу Славы Наваградскага раёна.

Даўно пара на будынку Валеўскай школы адкрыць Уладзіміру Урбановічу мемарыя-льную шыльду, устанавіць у Валеўцы яму помнік і ўсе яго артыкулы выдаць асобнай кнігай.

Сяргей ЧЫГРЫН. Фота з архіва аўтара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX