Памяці Станіслава Ушакевіча
1 лістапада памёр Станіслаў Ушакевіч, шматгадовы дзеячТаварыства польскай культуры на Лідчыне, ініцыятар многіх прадпрыемстваў, найстарэйшы лідскі краязнавец, пэўны час рэдактар "Ziemi Lidzkiej".
Неардынарны Станіслаў
Мне пашчасціла, што нарадзіўся ў адзін 1931 год разам з Ушакевічам Стасем, родам з гаротнай і шматпакутнай, як і мае родныя Крычнікі, вёскі Такарышкі, даволі вялікай (больш за 100 гаспадарак), што прытулілася паміж рэчкай Прудзец і паўночна-заходнім краем услаўленай старажытнай Налібоцкай пушчы. З ранніх юнацкіх гадоў мне давялося разам са Стасем закончыць Эйгердаўскую сямігодку (1950 год) і вялікімі пераросткамі (прычынай сталася вайна і пасляваенныя цяжкасці) у 1953 годзе ў Юрацішскай СШ атрымаць сярэднюю адукацыю. Мы былі выпускам школы ў колькасці 19 чаавек. Веды ж па тым часе, складаным і паўгалодным, атрымалі грунтоўныя, бо была вялікая цяга да навукі і працаваў кваліфікаваны педагагічны калекгыў, на чале якога стаяў патрабавальны і адзіны ў раёне педагог з універсітэцкай адукацыяй 30-гадовы ўдзельнік ВАВ, шчыры беларус-патрыёт Бародзіч Зміцер Захаравіч (пазней-навуковец Акадэміі навук), якога змяніў вялікі знаўца дзіцячых душ (і дарослых таксама) Касяк Міхаіл Іванавіч, працавіты і паважаны аўтарытэт.
Стааніслаў Ушакевіч сярод сваіх аднакласнікаў выдзяляўся дысцыплінаванасцю, акуратнасцю, зацікаўленасцю да навукі, асабліва прыродазнаўчай і матэматыкі, набожнасцю, павагай да працы і да акаляючых людзей. Так вучылі яго і ўсіх сваіх дзяцей яго бацька Алёйзы і маці Яніна са шляхецкага роду Пляямовічаў. Бацька, патомны селянін, меў 9,5 га зямлі і шмат жывёлы да прыходу бальшавікоў у 1939 годзе. Парабкoў не меў, а таму новая ўлада яго не кранула, калі не лічыць вялікіх і многіх падаткаў. Ён кожную нядзелю хадзіў на набажэнства ў касцёл мястэчка Лаздуны. Выдзяляўся дабрынёй і сціпласцю.
За любоў да кветак, садоўніцтва Стася ў школе называлі Мічурынам. I не памыліліся. Зінаіда Іосіфаўна Ярашэвіч, класная настаўніца падаравала яму рэкамендацыю аб паступленні ў Горацкую сельгасакадэмію, у якую і паступіў, толькі на гідрамелія-рыяцыйны факультэт, які ў адрозненне ад агранамічнага, быў больш цяжкім і пашыраным. Беларусь рыхтавалася да наступу на многія балоты. Акадэмію закончыў у 1958 годзе са спецыяльнасцю інжынер-гідратэхнік міліярацыйнага будаўніцтва.
На розных пасадах па сваёй спецыяльнасці адпрацаваў 13 гадоў, пачынаючы з Лаздунскага СМУ (с/г меліярацыйнага ўпраўлення), але расчараваўся ў працы, бо падначаленыя яму брыгадзіры, тэхнікі з маўклівай згоды вышэйшага бюракратычна-адміністрацыйнага кіраўніцтва, парушалі навуковасць міліярацыі, фарсіруючы перавыкананне планавых заданняў. Патрэбны былі павышаныя прэміі і ўзнагароды.
У 1972 годзе перайшоў на пасаду кіраўніка будаўнічай брыгады калгаса побач з горадам Ліда. Тут Станіслаў Алёйзавіч у вёсцы Малейкаўшчына дамогся пабудаваць уласны дом за горадам. А калі ў 1991 годзе пасля 19-гадовай працы ў калгасе выйшаў на пенсію, поўнасцю аднавіў мічурынскія замілаванні набыў многа розных гатункаў кветак, ягаднікаў, агародных культур, дэкаратыўных кустарнікаў. Усяго каля сотні розных відаў!
"Пасля пастаўлення гарбачоўскай перабудовы і сцвярджэння незалежнай Беларусі я актыўна ўключыўся ў грамадскую дзейнасць па адраджэнні польскай мовы, кулыуры, па аднаўленні гістарычнай памяці на Лідчыне і Іўеўшчыне. У 1990 годзе ўвайшоў у склад камітэта па аднаўленні выдання краязнаўча-гістарычнага незалежнага часопіса на польскай мове ("Лідская Зямля"), які выдаваўся яшчэ ў 1936-1939 гадах. Адноўленыў 1990 годзе. У складзе яго рэдакцыі знаходжуся да цяперашняга часу. На старонках гэтага выдання час ад часу друкуюцца мае артыкулы. Таксама мае артыкулы друкаваліся ў польскіх рэспубліканскіх выданнях і ў мясцовай "Лідскай газеце".
Станіслаў Ушакевіч дасканала валодаў польскай мовай. Даследаваў і пісаў выбітныя нарысы пра забытыя цікавыя мясціны, гістарычныя падзеі, людзей. Меў багатую бібліятэку з навуковых кніг на рускай, польскай і беларускай мовах. Многа ездзіў, ладзіў экскурсіі-пілігрьмкі па Беларусі, Літве, Польшчы і Расіі для дарослых і дзяцей.
Вельмі неардынарная і багатая асоба. Меў вялікія планы на будучыню.