Папярэдняя старонка: Навукоўцы

Лідскі след Уладзіслава Вярыгі 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 15-07-2023,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Лідскі след Уладзіслава Вярыгі // Наша слова.pdf № 33 (85), 16 жніўня 2023.

Спампаваць




Філосаф, этнограф і збіральнік беларускага фальклору Уладзіслаў Вярыга нарадзіўся 9 чэрвеня 1868 г. у Пскове, дзе жыла яго сям'я пасля канфіскацыі за ўдзел у паўстанні 1863-64 гг. маёнтка каля Полацка.

Па меркаванню лепшага знаўцы гісторыі Полаччыны Міхася Баўтовіча, верагодна, бацькам Уладзіслава быў Вінцэнт Вярыга, уладальнік маёнтка Янова Дрысенскага павету (45 км ад Полацка). Ягоная палова маёнтку пасля паўстання канфіскаваная. Пэўна, Вінцэнт Вярыга быў у тым самым аддзеле, што і будучы даследнік Сібіры Ян Чэрскі. У 1871 г. на моц загаду цара, ён быў вызвалены ад паліцэйскага нагляду з дазволам жыць у Расейскай імперыі за выняткам Царства Польскага, сталічных і Заходніх губерняў.

У 8 гадоў Уладзіслаў страціў бацькоў і далей гадаваўся пад апекай бабулі. У 1878 г. паступіў у Пскоўскую і праз некалькі гадоў перайшоў у Пецярбургскую гімназію, якую скончыў у 1885 г.

Як хатні настаўнік паміж 1885 і 1889 гадамі працаваў у Беларусі. Якраз на гэты час і прыходзіцца яго вывучэнне беларускай этнаграфіі.

Не больш за пяць гадоў прабыў Уладзіслаў Вярыга на Лідчыне, але для нас ён назаўсёды застанецца збіральнікам нашаага фальклору, слаўным сваёй працай, выкананай яшчэ ў зусім маладыя, даўніверсітэцкія гады. Свае нарысы пра фальклёр ён спачатку змяшчаў у часопісе "Вісла", які рэдагаваў Ян Карловіч.

У 1889 г. у Львове Вярыга выдаў кнігу "Беларускія паданні" ("Podania białoruskie"), дзе змясціў 23 беларускія народныя казкі, запісаныя ў 1884 г. у ваколіцах Новага Двара і Астрыны Лідскага павета. Рэдактарам кнігі і аўтарам уступу да яе быў Ян Карловіч.

У 1889 г. у часопісе "Збор звестак па айчыннай антрапалогіі" ("Zbiór Wiadomości do Antropologii Krajowej" 1889. Т. 13.) Уладзіслаў Вярыга апублікаваў працу "Беларускія думкі з вёскі Глыбокае Лідскага павету Віленскай губерні, запісаныя ў 1885 годзе", якая змяшчае 42 беларускія народныя песні-балады.

Таксама ён з'яўляецца аўтарам працы "Латышскія паданні" (W. Weryho, Podania łotewskie, Biblioteka "Wisły", t. 10, Warszawa 1892).

Далейшыя шляхі-дарогі Уладзіслава Вярыгі праляглі за межамі Лідчыны. У 1889 г. ён пачаў навучанне ў Берлінскім універсітэце, потым вучыўся таксама ва ўніверсітэтах Прагі і Берна - тут ён у 1892 г. на падставе прадстаўленай дысертацыі "Маркс як філосаф" (Marx als Philosoph) атрымаў ступень доктара філасофіі (PhD). Вярнуўшыся, Вярыга прысвяціў сябе арганізацыі філасофскага жыцця ў Польшчы.

Як філосаф, Уладзіслаў Вярыга выяўляў стрыманасць у адносінах да філасофскіх сістэм, якія стваралі цэласнае бачанне свету, не адмаўляючы пры гэтым іх пазнавальнай ролі. Ён сцвярджаў, што нават самыя крайнія і аднабаковыя погляды могуць быць навукова плённымі. У якасці прыкладаў Вярыга прыводзіў погляды Артура Шапенгаўэра і Эдуарда Гартмана - аднабаковасць першага ён бачыў у тым, што той усё тлумачыў адным прынцыпам, які атаясамліваў з воляй, а другі асновай быцця лічыў несвядомы духоўны пачатак чалавека. Гэтая аднабаковасць сістэмаў абодвух мысляроў не змяняла таго факту, што Шапэнгаўэру мы абавязаны больш глыбокім разуменнем волі, а Гартману - больш глыбокім разуменнем чалавечай падсвядомасці - лічыў Вярыга. Сярод філасофскіх вучэнняў, якім ён прысвяціў сваю ўвагу, была і філасофія Карла Маркса. Уладзіслаў Вярыга адмаўляў яе арыгінальнасць, сцвярджаючы, што філасофія Карла Маркса грунтуецца на тых жа прынцыпах, што і філасофія Гегеля, а адрозненні паміж імі зводзяцца да адрозненняў у тэрміналогіі.

Асноўнымі сферамі філасофскіх зацікаўленняў Вярыгі былі гнасеалогія і метадалогія навук. У сувязі з гэтым ён надаваў вялікае значэнне супрацоўніцтву філосафаў з вучонымі іншых спецыяльнасцяў і пастуляваў неабходнасць спецыяльных студыяў ў кожным з накірункаў універсітэцкіх даследаванняў, мэтай такіх студыяў павінна было б стаць вывучэнне філасофскіх і метадалагічных асноў розных навук і педагагічная дзейнасць у гэтых галінах.

Уладзіслаў Вярыга адхіляў ідэалістычныя ўстаноўкі польскіх гегельянцаў пра тое, што польская філасофія павінна нарадзіцца з нейкага духу нацыі пасля краху еўрапейскай філасофіі. Ён не быў пазітывістам, але падтрымліваў у філасофіі дамінуючую ў той час грамадзянскую ідэю арганічнай працы, распрацаваную польскімі пазітывістамі ў XIX ст.

У 1897 г. Вярыга заснаваў штоквартальнік "Przeglad Filozoficzny" ("Філасофскі агляд") - першы прафесійны філасофскі часопіс у Польшчы і да сваёй смерці быў яго выдаўцом і рэдактарам. "Філасофскі агляд" ахопліваў усе філасофскія дысцыпліны, а таксама разглядаў пытанні на мяжы філасофіі і іншых навук. Часопіс не быў органам аднаго накірунку але быў даступны ўсім філасофскім школам пры ўмове, што яны былі правільнымі з пункту гледжання метадалагічных патрабаванняў. Акрамя навуковых задач, Вярыга ставіў перад гэтым выданнем дыдактычныя мэты, сваім зместам выданне звярталася не толькі да спецыялістаў у галіне філасофіі і навукоўцаў, але і да кожнага адукаванага чалавека. "Філасофскі агляд" стаў адным з найважнейшых фактараў развіцця філасофіі ў нашым краі таго часу.

Адным з пачынанняў, накіраваных на ўзбагачэнне жыцця філасофіі, была арганізацыя Вярыгам псіхалагічна-філасофскай секцыі на IX-м (у 1900 г. у Кракаве) і Х-м (у 1907 г. у Львове) з'ездах лекараў і натуралістаў. Гэтым быў пакладзены пачатак пазнейшых агульных філасофскіх з'ездаў.

Уладзіслаў Вярыга таксама з'яўляўся ініцыятарам, стваральнікам і старшынём заснаванага ў 1907 г. Польскага псіхалагічнага таварыства (Варшава), якое, нягледзячы на абмяжоўваючаю яго назву, навязаную царскімі ўладамі, вяло і дзейнасць у галіне філасофіі. Па яго ініцыятыве гэтая дзейнасць выйшла за рамкі Таварыства праз шматлікія цыклы філасофскіх лекцый і публічных чытанняў.

Вярыга ўдзельнічаў у стварэнні (у 1907 г.) Таварыства даследавання дзяцей і быў яго віца-прэзідэнтам. У 1911 г. пры Псіхалагічным таварыстве ён стварыў Псіхалагічную лабараторыю, якая ў 1913 г. была ператворана ў незалежны Варшаўскі псіхалагічны інстытут, які займаўся даследаваннямі ў галіне псіхалогіі і асабліва эксперыментальнай псіхалогіі. У 1913 г. прымаў удзел у стварэнні (а затым быў членам) Камісіі вывучэння гісторыі філасофіі ў Польшчы пры Кракаўскай Акадэміі ведаў. У 1915 г. заснаваў у Варшаве Інстытут Філасофіі і быў яго старшынём.

Памёр Уладзіслаў Вярыга 28 жніўня 1916 г. у Варшаве.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX