Выступ старшыні Лідскага райвыканкаму А.П. Худыка на ўрачыстым сходзе 28.02.2009 г. па падвядзенні вынікаў працы галін гаспадарання Лідскага раёна за 2008 г.
Паважаныя ўдзельнікі сходу!
Я рады прывітаць вас у гэтай зале на традыцыйным свяце працы. Сёння мы падвядзём вынікі работы за мінулы год, абазначым задачы на будучыню. Адзначым тых, хто, не шкадуючы сваіх сілаў і, парой, асабістага часу, выкарыстоўваючы сваё майстэрства і прыродны талент, адказна падыходзіў да выканання сваіх прафесійных абавязкаў, укладваючы сваю цаглінку ў пабудову моцнай і квітнеючай Беларусі.
Працуючы з вамі разам на працягу пяці гадоў, не перастаю дзівіцца працавітасці, розуму, здольнасцям лідзян. Сёння я буду гаварыць аб выніках мінулага года ў лічбавым выразе. Але, паверце, я заўсёды памятаю аб тым, што за кожнай лічбай, за кожным сухім статыстычным радком стаіць праца многіх людзей. І я выказваю шчырую падзяку ўсім вам за асабісты ўклад у развіццё Лідскага рэгіёна.
У 2008 годзе намі была захавана пазітыўная тэндэнцыя ў развіцці ўсіх галін эканомікі, якая склалася ў апошнія чатыры гады.
Выкананы прагнозныя заданні па тэмпах росту вытворчасці прамысловай прадукцыі, валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, экспарту тавараў, рознічнага таваразвароту, рэалізацыі платных паслуг насельніцтву, прыцягненні інвестыцый у асноўны капітал, паказчыкі па энергазахаванні.
Станоўчая дынаміка назіраецца ў прамысловай галіне. Пачынаючы з 2004 года, прамысловая вытворчасць узрасла ў 1,8 раза. За год выраблена прадукцыі ў фактычных коштах на суму 1,3 трыльёна рублёў. Тэмп росту склаў больш 116%. Спажывецкіх тавараў выпушчана на суму больш за 550 млрд. рублёў.
Большасць кіраўнікоў бачаць перспектывы развіцця сваіх прадпрыемстваў і накіроўваюць высілкі калектываў на тэхпераўзбраенне, выпуск новых відаў прадукцыі, захаванне і заваёву рынкаў збыту.
Актыўна вядзецца тэхпераўзбраенне на ААТ "Лідскае піва". Рэалізуюцца праекты на "Лідабудматэрыялах", "Лідсельмашы", "Ізатроне", шклозаводзе "Нёман", мэблевай фабрыцы, "Лідахлебапрадукце", доследным заводзе "Нёман", "Каскадзе", "Ліпласт-Спб", "Лідабудканструкцыя", малочна-кансервавым камбінаце.
Сучаснае абсталяванне, інавацыйныя тэхналогіі дазваляюць выпускаць новыя віды прадукцыі. Так, у 2008 годзе ў раёне іх выраблена на суму больш за 336 млрд. рублёў, што складае больш за 26% у аб'ёме вытворчасці.
На "Ізатроне", доследным заводзе "Нёман", Мінойтаўскім рамонтным заводзе новая прадукцыя складае больш за палову асартыменту. "Каскад" выпусціў новыя светлатэхнічныя вырабы для Менскага опернага тэатра, "Лідааграпраммаш" - кукурузныя жаткі да збожжаўборачнага камбайна "Ліда-1300", прычэпы, граблі-валкавальнікі. На заводзе электравырабаў наладжана вытворчасць актыўных частак сілавых трансфарматараў, на "Ліпласце" арганізаваны выпуск вырабаў з АБС-пластыку, на "Харчовых канцэнтратах" - сушыльная вытворчасць з ужываннем мікрахвалевых-вакуумных установак "Мусаон".
У бягучым годзе перад прамысловымі прадпрыемствамі стаіць задача давесці ўдзельную вагу новай прадукцыі, як у экспарце, так і ў агульным аб'ёме вытворчасці да ўзроўню не ніжэй за 30%.
"Лідааграпраммаш" наладжвае выпуск высока-прадукцыйнага камбайна "Ліда-1600", "Лідабудматэрыялы" - аконных блокаў з алюмініевым адлівам, "Лідсельмаш" - варочальнікаў-успушвальнікаў.
Сёння, як ніколі, актуальным з'яўляецца пытанне імпартазамяшчэння. Як вырашаецца гэтая праблема, вывучаў падчас візіту ў Ліду Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. У I квартале бягучага года на базе "Лідсельмаша" плануецца ўсталяваць лінію па вытворчасці радыятараў. Рэалізацыя дадзенага імпартазамяшчальнага інвестыцыйнага праекту дазволіць выпускаць 200-240 тыс. штук радыятараў у год. У 2008 годзе прадпрыемствамі раёна выраблена імпартазамяшчальнай прадукцыі больш, чым на 221 млрд. рублёў, што амаль у 1,5 разы больш, чым у 2007 годзе.
Гаворачы аб знешнеэканамічнай дзейнасці, варта адзначыць, што летась прадпрыемствамі раёна экспартавана прадукцыі на суму больш за 170 млн. даляраў. "Гандлёвы дом "Ліда-рэгіён" у 4,5 разы павялічыў аб'ём экспарту. Па-ранейшаму асноўным знешнім партнёрам для лідскіх вытворцаў застаецца Расія (каля 60% у знешнегандлёвым абароце). Але вядзецца праца па пашырэнні наяўных і пошуку новых рынкаў збыту. Так, торфапрадпрыемствы "Лідскае" і "Дзітва" асвойваюць пастаўку паліўных брыкетаў у Польшчу, Літву, Швецыю. Заслугоўвае распаўсюджвання досвед шклозавода "Нёман", "Лакафарбы", заводаў электравырабаў, "Оптык", доследнага завода "Нёман" - гэта праца ў цесным кантакце з амбасадамі Рэспублікі Беларусь у іншых краінах. Райвыканкам аказваў і будзе надалей аказваць садзейнічанне ў наладжванні такіх кантактаў. Неабходна актыўна працаваць над павелічэннем аб'ёмаў экспарту, шукаць новых плацежаздольных пакупнікоў за мяжой, прымаць меры па недапушчэнні страты ўжо адпрацаваных рынкаў.
З гэтай мэтай, але ў новым фармаце, сумесна з БЕЛЭКСПА, замежнымі прадстаўніцтвамі ў Рэспубліцы Беларусь, у 2009 годзе адбудзецца 5-я раённая выстава - прэзентацыя. Адным з вынікаў выставы мінулага года стане рэалізацыя праекту з расійскай кампаніяй "Садружнасць" па будаўніцтве ў раёне комплексу па глыбокай перапрацоўцы масляністых культур, на што атрымана ўжо згода ад Ураду Рэспублікі Беларусь. Выстава-прэзентацыя 2009 павінна стаць больш прагматычнай і дзелавой, улічваць рэаліі цяперашняга часу, патрабаванні рынку.
Стратэгія працы прамысловасці ў бягучым годзе - веданне кан'юнктуры рынку і бачанне яго перспектыў, выпуск запатрабаванай прадукцыі, пошук кааперацыі, у тым ліку і ўнутрыраённай. Запыты патэнцыйных пакупнікоў запатрабавалі ад нашых прадпрыемстваў сур'ёзна заняцца пытаннямі якасці. Сёння ў раёне сертыфікавана больш за 79% прадукцыі. 35 арганізацый маюць міжнародныя сертыфікаваныя сістэмы якасці. З іх 25 - прадпрыемствы прамысловасці.
Разам з тым, лідская прадукцыя павінна быць канкурэнтаздольнай не толькі па якасці, але і па кошце. А гэтага можна дабіцца толькі рэалізуючы комплекс мер па паніжэнні выдаткаў на яе вытворчасць.
У 2008 годзе паказчык па энергазахаванні ў раёне склаў (-19,2%) пры заданні (-19,0). Гэта значыць можам мы эканоміць, але гэтага не дастаткова.
У 2008 годзе абагульненыя энергетычныя выдаткі па Лідскім раёне ў цэлым знізіліся на 0,6 % . Аднак аплата за энергарэсурсы за мінулы год павялічылася больш, чым на 20 % або амаль на 25 млрд. рублёў. За студзень 2009 года абагульненыя энергетычныя выдаткі па Лідскім раёне ў цэлым знізіліся на 0,6 % у параўнанні са студзенем 2008 года. Аднак аплата за энергарэсурсы ў бягучым годзе павялічылася амаль на 32% або на 5,3 млрд. рублёў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Дадзеныя лічбы гавораць аб тым, што пры сітуацыі, калі кошты на энергетычныя рэсурсы значна ўзраслі, мы павінны больш увагі надаваць рацыянальнаму выкарыстанню і эканоміі ўсіх выглядаў паліўна-энергетычных рэсурсаў. Гэта найважная задача для Лідскага раёна ў цэлым і для кожнага з тых, хто сядзіць у гэтай зале.
Паважаныя ўдзельнікі сходу! Трэба вучыцца жыць і працаваць у новых эканамічных умовах. Сённяшняя сітуацыя дае шанец моцным, здольным і настойлівым дасягнуць жаданай мэты.
Галоўнай задачай 2009 года з'яўляецца захаванне наяўнага вытворчага патэнцыялу кожнага без выключэння прадпрыемства. У той жа час трэба імкнуцца не спыняцца на дасягнутым - далей развіваць патэнцыял рэгіёна. Як справядліва сказаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, сёння: "Не праца ідзе да чалавека, а чалавек да працы".
Асабліва відавочна гэта ў будаўнічай галіне, дзе ўжо пачынае адчувацца прыток працоўнай сілы. А будаўнічыя спецыяльнасці ў ВНУ краіны - адны з самых запатрабаваных і прэстыжных.
Шмат зроблена нашымі будаўнікамі. Пабудавана 61,5 тыс. кв. метраў жылля, у тым ліку 7,8 тыс. кв. метраў у сельскай мясцовасці. 703 сем'і атрымалі новыя кватэры. Праца будаўнікоў годна ацэньваецца ўсімі лідзянамі і гасцямі раёна: праспектам стала вуліца Энгельса, змяніўся цэнтр горада, адчыніліся музей, басейн.
Жыллёва-камунальная гаспадарка праводзіла добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, рамонты жылых памяшканняў, будынкаў, кацельняў. Дзякуючы творчай працы камунальнікаў з'явілася шмат утульных і прывабных месцаў у горадзе.
У 2008 годзе працягвалася рэалізацыя праграмы развіцця горада Бярозаўка. Яшчэ тры сельскія населеныя пункты: Крупава, Гуды, Тарнова ператвораны ў аграгарадкі.
Летась сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна выраблена валавой прадукцыі на суму 99 млрд. рублёў, што на 23% больш за ўзровень папярэдняга года. Павялічылася амаль на 10% вытворчасць малака, на 4,5% - рэалізацыя жывёлы і птушкі на убой. Сярэдні ўдой малака ад адной каровы павялічыўся амаль на 400 кілаграмаў. Выраслі сярэднесутачныя прывагі на гадоўлі і адкорме свіней і буйной рагатай жывёлы. Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых склала больш за 39 цэнтнераў з гектара, ільновалакна - 6,8, цукровых буракоў - 466, рапсу - каля 22, бульбы - 220, гародніны - 268 цэнтнераў з гектара.
У той жа час, нягледзячы на добрыя паказчыкі, ні адно сельгаспрадпрыемства не здолела ў поўным аб'ёме выканаць даведзеныя прагнозныя паказчыкі, не выкарыстала да канца спрыяльныя ўмовы надвор'я мінулага года. Ва ўсім свеце сельскагаспадарчая галіна датуецца, і нашы аграрыі заўсёды мелі падтрымку дзяржавы і выканкаму. Значна ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база - маецца новая магутная тэхніка, сучасныя фермы. У цяперашні час неабходна, маючы дастатковую колькасць кармоў, выконваць тэхналагічны працэс і забяспечыць вытворчасць малака і мяса ў той колькасці, якая дазволіла б падняць эканоміку гаспадаркі. Сёння, як і ва ўсе часы ў Беларусі, жывёлагадоўля была і застаецца асноўнай крыніцай прыбыткаў сельгасвытворцаў. Не за гарамі і вяснавая сяўба, якую трэба правесці арганізавана і ў сціснутыя тэрміны.
Паважаныя ўдзельнікі сходу!
Бясстратна працавалі прадпрыемствы транспартнай галіны. Грузавымі транспартнымі арганізацыямі перавезена летась на 20% грузаў больш, чым у папярэднім
Аб'ём рознічнага таваразвароту склаў амаль 672 млрд. рублёў. Прырост па харчовай групе тавараў - большы, чым на 12%, па нехарчовай - большы, чым на 30%. Таваразварот на аднаго жыхара павялічыўся за год на 1 млн 260 тысяч рублёў.
Стабільная праца рэальнага сектара эканомікі дазволіла забяспечыць рост аб'ёмаў паступленняў у бюджэт. За тры апошнія гады яны павялічыліся ў 2 разы. Мэтанакіраваная дзейнасць падатковай інспекцыі дазволіла ўдакладніць бюджэт у бок павелічэння ў мінулым годзе на 28,6 млрд. рублёў. Па выніках працы інспекцыя заняла другое месца ў абласным спаборніцтве.
Каля 70-ці адсоткаў сродкаў раённага бюджэту накіроўваецца на ўтрыманне сацыяльнай сферы. Гэта дазваляе амаль у поўным аб'ёме вырашаць сацыяльныя пытанні. У сацыяльнай сферы, у транспарце і сувязі выкананыя ўсе нарматывы сацыяльных стандартаў.
У выкананне дзяржаўных праграм развіцця істотна ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база лячэбных устаноў, якая з'яўляецца падмуркам стабільнай працы ўсіх падраздзяленняў. Дзіцячай паліклініцы, жаночай кансультацыі, радзільнаму дому летась камісіяй Міністэрства аховы здароўя і ЮНІСЕФ прысвоены сертыфікат "Арганізацыя аховы здароўя дабразычлівага стаўлення да дзіцяці". У раёне праглядаецца ўстойлівая тэндэнцыя да звужэння дэмаграфічных нажніц.
Ёсць поспехі і ў адукацыі.
Лідскі каледж, філіял Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы паспяхова прайшоў акрэдытацыю. Універсітэт - гэта, у першую чаргу, выкладчыцкі склад высокага ўзроўню, здольны не толькі даваць веды навучэнцам, але і арыентаваць іх у тым кірунку, які ім па сілах. У пачатку гэтага года выкладчык Лідскага каледжа Анатоль Віктаравіч Дзямідовіч паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю і стаў кандыдатам гістарычных навук, вядзе актыўную грамадскую працу. Яго фатаграфія таксама зойме годнае месца на раённай Дошцы пашаны.
На працягу чатырох гадоў кіраванне адукацыі раёна займае першае месца ў вобласці па колькасці пераможцаў абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. 2007/2008 вучэбны год амаль 52% навучэнцаў скончылі на "6-10" балаў. Чацвёрты год у раёне няма другагоднікаў. Летась амаль 81% выпускнікоў агульна-адукацыйных устаноў паступілі ў ВНУ і СНУ, у тым ліку ў ВНУ - каля 57 %. Асабліва дзейсна працуюць педагогі гімназіі і ліцэя горада Ліды. Там адсотак паступлення ў ВНУ - 100 і 98 адпаведна. Высокі ўзровень навучання ў гімназіі №1 г. Бярозаўка. Летась 75% яе выпускнікоў сталі студэнтамі ВНУ.
У 2008 г. у фэстах, аглядах, конкурсах спаборніцтвах навучэнцамі школ раёна занята 638 прызавых месцаў. З іх 442 - у абласных і 196 - у рэспубліканскіх і міжнародных. Па выніках рэспубліканскага агляду ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі навучэнцаў каманды СШ №16 і Дзітвянскай СШ занялі другія месцы.
2008-мы быў абвешчаны Годам здароўя. Аддзелам фізічнай культуры, спорту і турызму сумесна з іншымі арганізацыямі было падрыхтавана і праведзена 93 спартова-масавыя мерапрыемствы, у якіх прынялі ўдзел каля 11000 лідзян.
Найболей папулярныя і любімыя такія спартова-масавыя спаборніцтвы і віды спорту як: зімовая і летняя спартакіяды, "Скураны мяч", "Залатая шайба", спартакіяда "Абаронца Айчына", валейбол, міні-футбол, плаванне, лёгкаатлетычныя спаборніцтвы, гарадошны спорт і іншыя.
У мінулым годзе спартоўцы раёна занялі 436 прызавых месцаў на абласных, 117 на рэспубліканскіх, па 11 на міжнародных і фізкультурна-масавых спаборніцтвах. Аграсядзіба Салькоўскіх "Над Нёманам" прызнаная лепшай у краіне.
Шырока і маштабна лідзяне адзначылі ў 2008 годзе 685-годдзе горада. Яркія і незабыўныя мерапрыемствы, прысвечаныя дзяржаўным святам, выстава - прэзентацыя "Ліда-рэгіён - 2008", выпускныя школьныя балі, свята моладзі, святы вёсак, "Дажынкі" былі падрыхтаваныя працаўнікамі культуры.
5 навучэнцаў Лідскай дзіцячай школы мастацтваў (мастацкае аддзяленне) сталі стыпендыятамі адмысловай прэміі фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
"Лідскі гістарычна-мастацкі музей" прызнаны лепшай установай культуры Гарадзенскай вобласці, а аддзел культуры заняў першае месца ў абласным спаборніцтве.
Паважаныя ўдзельнікі сходу!
Неабходна прызнаць, што мы можам спакойна працаваць, ствараць нешта новае толькі тады, калі забяспечаныя не толькі ўмовы на вытворчасці, але і спакойнае становішча вакол нас. Важна, каб выйшаўшы ў любы час сутак на вуліцу, мы былі ўпэўненыя ў сваёй бяспецы і абароненасці. На гэта нацэленая праца сілавых структур, вайскоўцаў частак, размешчаных на тэрыторыі раёна. Прыемна, што нашы лідзяне дамагаюцца і на гэтай ніве высокіх вынікаў. Яркім прыкладам таго з'яўляецца капітан унутранай службы Лідскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях галоўны спецыяліст інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду Вадзім Мікалаевіч Быкаў, які па выніках рэспубліканскага конкурсу стаў лепшым інспектарам Гарадзеншчыны. Сёння яго фатаграфія ўпрыгожыць і раённую Дошку пашаны.
Паважаныя лідзяне!
У свой час адзін палітычны дзеяч сказаў, што ў перыяд крызісу чалавек павінен пытаць, не што яму дала Радзіма, а што ён ёй даў. Менавіта такі падыход здаўна быў характэрны славянам: клопат пра іншага чалавека, пра сваю сям'ю, пра дзецей, здольнасць у імя Радзімы ісці на подзвіг. Гэта пацвердзяць нам ветэраны вайны і працы, якія прысутнічаюць у зале. У знак павагі да ўсіх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны на раённую Дошку пашаны занесены ўдзельнік вызвалення Беларусі - Галаваты Пётр Кірылавіч. Подзвіг пакалення герояў - арыентыр для іх дзяцей і ўнукаў. Тое, што моладзь у нас працавітая і актыўная, годны пераймальнік спраў старэйшых, сакратар першаснай арганізацыі БРСМ Шалугін Андрэй, майстар Лідскай дыстанцыі каляі Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі, даказвае сваёй працай і ладам жыцця,
Сёння хтосьці аб сваіх палітычных арыентырах заяўляе ўдзелам у арганізацыях патрыятычнай скіраванасці - БРСМ, Белая Русь, хтосьці шэфствуе над брацкімі магіламі, закладвае парк, бярэ на выхаванне дзяцей... З такіх высакародных учынкаў і фармуецца маральная сіла, здольная зрабіць дзяржаву моцнай і магутнай. І нам важна яе зберагчы і ўмацаваць.
І я ўпэўнены, што лідзянам па сілах вырашыць усе пастаўленыя задачы. Яшчэ раз выказваю падзяку ўсім за добрасумленную працу і прапаноўваю прыступіць да першай часткі цырымоніі ўзнагароджання лепшых працаўнікоў і калектываў, якія дамагліся значных вынікаў у 2008 годзе.