У апошнія гады прыкметна прырастае аб'ёмамі прамысловасць Лідскага раёна. Станоўчай дынаміцы развіцця спрыяюць і Дні эканомікі, якія сталі традыцыйнай пляцоўкай для сустрэч прадстаўнікоў бізнэсу, навукі, дзелавых колаў замежных дзяржаў. 27 і 28 чэрвеня 2008 года ў Лідзе ў чацвёрты раз праходзіла такое мерапрыемства. Яго па праву можна назваць міжнародным: дзесяткі прадстаўнікоў замежных дзяржаў прыехалі ў горад.
Напярэдадні форуму да гасцей і жыхароў горада і раёна звярнуўся старшыня Лідскага райвыканкаму Андрэй Худык, які абмаляваў эканамічную сітуацыю ў рэгіёне перад пачаткам форуму:
"У чацвёрты раз у нашым горадзе праводзіцца прэзентацыявыстава "Лідарэгіён" і міжнародны эканамічны форум "Устойлівае эканамічнае развіццё асобных тэрыторый: глабалізацыя і субкантрактацыя". У 2005 годзе, каб наглядна прадставіць магчымасць будучага сектара эканомікі, мы выбралі такі дзелавы спосаб зносін дзяржаўных дзеячаў, палітыкаў, бізнэсмэнаў, навукоўцаў, як выстава прамысловай прадукцыі. Час паказаў, што мэты былі пастаўленыя правільна. Назапашаны станоўчы досвед дапамог не толькі прасунуць лідскую прадукцыю, якасць якой пацвярджаецца міжнароднымі сертыфікатамі, але і стварыць магчымасць утвараць сумесныя прадпрыемствы, развіваць малы і сярэдні бізнэс, шырока ўкараняць навуковыя дасягненні, прыцягваць замежныя інвестыцыі ў мясцовую вытворчасць. Гэтаму дапамагаюць і спрыяльныя ўмовы для развіцця гандлю, дзелавых адносін, створаныя ў нашай краіне, дзякуючы высілкам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
За мінулы час мы многага дасягнулі. Сёння Лідчына рэалізуе 10 інвестыцыйных праектаў, а аб'ёмы вытворчасці прадукцыі, пачынаючы з 2005 года, падвоіліся. Нашы вытворцы ўпэўнена заявілі аб сабе на міжнародным рынку. Асабліва хацелася б адзначыць цесныя эканамічныя адносіны, якія склаліся з г. Нёманам Калінінградскай вобласці, Геакчайскім раёнам Азербайджана, Харошава-Мнеўнікскім раёнам г. Масквы і многімі гарадамі і рэгіёнамі іншых дзяржаў. Дзелавыя сустрэчы кіраўнікоў органаў дзяржкіравання, людзей бізнэсу дазваляюць пашыраць сферы супрацоўніцтва, асноўнымі прыярытэтамі якіх з'яўляецца выгадны гандаль, сацыяльнае партнёрства.
Эканамічная інтэграцыя стварае не толькі палітычную аснову для цеснага паразумення народаў розных краін, але і значна пашыряе межы рынкаў збыту прадукцыі, тавараў і паслуг. Упэўнены, што выстава-прэзентацыя "Ліда-рэгіён-2008" і Міжнародны эканамічны форум не толькі адкрыюць новыя магчымасці для рэалізацыі адважных інвестыцыйных і інавацыйных праектаў, але і паслужаць асновай фармавання перспектыўнага супрацоўніцтва ў свеце бізнэсу і дзелавога партнёрства..."
Сёлета ў Днях эканомікі Лідскага рэгіёна прынялі ўдзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Леанід Анфімаў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па Гарадзенскай вобласці Марыя Праташчык, намеснікі старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Аляксандр Русанаў, Мікалай Кавалёў, Надзвычайныя і Паўнамоцныя Амбасадары Арменіі, В'етнама, Грузіі, Індыі, Літвы, Малдовы, Сербіі, Сірыі, Таджыкістана, Фінляндыі, Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Рэспублікі Беларусь у Літве Ўладзімір Дражын, прадстаўнікі амбасад Азербайджана, Вялікабрытаніі, Вугоршчыны, Венесуэлы, Нямеччыны, Італіі, Казахстана, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, супрацоўнікі міністэрстваў і ведамстваў нашай краіны, дэлегацыі адміністрацый і дзелавых колаў гарадоў і раёнаў Расіі, Кітая, ЗША, Вялікабрытаніі, Фінляндыі, Эстоніі і іншых дзяржаў.
Адкрываючы выставу, прадстаўнічы дыпламатычны корпус, бізнэсмэнаў, кіраўнікоў дэлегацый з замежных дзяржаў цёпла павітаў кіраўнік Лідскага раёна Андрэй Худык. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што Дні эканомікі Лідскага рэгіёна з кожным годам становяцца ўсё больш багатымі на сустрэчы, усё больш і больш у арбіту дзелавых адносін залучаецца рэгіёнаў Расіі, Малдовы, краін Прыбалтыкі і іншых дзяржаў. Поспех такога супрацоўніцтва відавочны нават па такім факце. Калі на першай выставе сваю прадукцыю дэманстравала 37 удзельнікаў, то сёлета - 70. Падпісаныя раней узаемныя дамовы паспрыялі пашырэнню дзелавога партнёрства. За апошні час аб'ёмы вытворчасці павялічаныя ў два разы, а экспарт - на 30 адсоткаў. Гэтыя факты на карысць таго, што выстава "Ліда-рэгіён" спрыяе росту інвеставання.
Пасля завяршэння ўрачыстай часткі госці агледзелі экспазіцыю выставы. На цэнтральнай плошчы горада - сапраўдны парад тэхнікі. І не толькі сельскагаспадарчай, але новы збожжаўборачны камбайн "Ліда-1600" карыстаўся найбольшай ўвагай. Гэта новы твор. А ўсяго на выставе можна было ўбачыць 12 узораў тэхнікі, якая вырабляецца на ААТ "Лідаграпраммаш".
Цікавасць у прадстаўнікоў замежных дзяржаў выклікалі таксама ўзоры тэхнікі ААТ "Лідсельмаш" і Мінойтаўскага рэмзавода. Уражліва глядзеліся новенькія аўтобусы ВРУП "Дасведчаны завод "Нёман". Падыходзілі госці да выставачных стэндаў торфапрадпрыемства і керамзітавага завода. Але ў гэты дзень лідзяне і госці горада змаглі не толькі пазнаёміцца з прамысловымі прадпрыемствамі, але і прадэгуставаць іх прадукцыю. У РДК прадпрыемствы харчовай прамысловасці арганізавалі госцевы стол для наведвальнікаў выставы, частуючы іх сваёй прадукцыяй. Хтосьці аддаваў належныя кампліменты кексам хлебазавода, дэлікатэсам мясакамбіната, а госці з Італіі ацанілі натуральны густ лідскага квасу. Але выстава была прадстаўленая прадукцыяй не толькі вядомых прадпрыемстваў, якія маюць даўнія традыцыі. Толькі сёлета пачаў працу па вырабе дэкаратыўных вырабаў з бетону індывідуальны прадпрымальнік Віктар Цыбулька, а сёння ўвага да яго вырабаў велізарная.
У другой палове дня 27 чэрвеня ў зале райвыканкаму пачаў працу ўласна сам Міжнародны эканамічны форум "Устойлівае эканамічнае развіццё асобных тэрыторый: глабалізацыя і субкантрактацыя". У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх галін улады Рэспублікі Беларусь, а таксама дзелавых колаў. На форуме прысутнічала больш за 360 удзельнікаў, было прадстаўлена 26 краін, 17 амбасад. На мерапрыемства былі запрошаныя і кіраўнікі прамысловага корпуса Лідскага рэгіёна.
Форум адкрыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Леанід Анфімаў. У сваёй прамове ён яшчэ раз падкрэсліў, што наша краіна гатовая да раўнапраўнага партнёрства, дзелавая ініцыятыва будзе падтрыманая. Аб гатовасці да супрацоўніцтва гаварылі намеснік старшыні аблвыканкаму Аляксандр Русанаў, старшыня Лідскага райвыканкаму Андрэй Худык.
Важнай часткай форуму стала пленарная сесія. Бо міжнародны эканамічны форум - гэта пляцоўка для зносін дзелавых колаў, дзяржаўных дзеячоў. Тут генеруюцца ідэі, акцэнтуецца ўвага на тых або іншых праблемах, якія вырашаюцца пасля. Увазе прысутных быў прапанаваны шэраг выступаў замежных і беларускіх эканамістаў і палітыкаў. Сярод іх прафесар інстытута вышэйшых кіраўнічых кадраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Віктар Ярмоленкаў, доктар навук, дырэктар Міжнароднага цэнтра навуковых даследаванняў і навучання Станіслаў Маеўскі, дацэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Ўладзімір Паплыка, кіраўнік прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь, кандыдат эканамічных навук Уладзімір Аўгусцінскі, старшыня кіравання Нямецкага эканамічнага клуба Байер Клаўс і іншыя.
У шэрагу выступаў на пленарнай сесіі абагульняўся досвед працы Лідскага раёна па ўцягванні ў мясцовую эканоміку замежных інвестыцый, а таксама падкрэслівалася, што рост аб'ёму вытворчасці, які назіраецца на Лідчыне - вынік і паспяховага інтэграцыйнага працэсу.
Меў форум і сваю культурную частку. У Лідскім замку адбылося прадстаўленне сцэнак з жыцця сярэднявечнай Ліды ў выкананні рыцарскіх клубаў. У адрозненне ад усходніх забаваў, дзе змагаюцца за тушу казла, лідскія рыцары біліся за мяшок "Лідскай мукі".
28 чэрвеня выстава-прэзентацыя "Ліда-рэгіён-2008" і Міжнародны эканамічны форум працягнулі сваю працу. Ладзіліся і мацаваліся знаёмствы. Падпісваліся разавыя кантракты і доўгатэрміновыя пагадненні аб сяброўстве і супрацоўніцтве.
Лідскі раён ў чарговы раз паказаў, як можа, а магчыма, і як павінен выглядаць кожны куточак краіны з назвай Беларусь.
(Па матэрыялах лідскага друку.)