Першае зафіксаванае ў прэсе здарэнне з удзелам аўтамабіля на гістарычнай Лідчыне адбылося 4 кастрычніка 1911 г.: «каля 17-00 пані Чачот ехала на брычцы па дарозе Ліда - Вільня. Не даязджаючы Беняконяў, конь быў напалоханы аўтамабілем пана Вагнера з Вялікіх Салечнікаў, які абагнаў брычку без папераджальнага сігналу. Конь кінуўся ў бок, перавярнуў брычку, і пані Чачот была выкінута з яе на дарогу. Конь з брычкай без гаспадыні памчаўся ў бок мястэчка, дзе і быў злоўлены. Пані Чачот атрымала цялесныя пашкоджанні і не магла сама падняцца з зямлі, аднак кіроўца і пасажыры аўтамабіля не звярнулі на яе ўвагі», - пісала газета «Кур'ер Віленскі».
Першае зафіксаванае смяротнае здарэнне з удзелам аўтамабіля адбылося ўзімку 1918 г., газета «Гоман» паведаміла, што па дарозе Ліда - Гародня, каля Новага Двара, «конь, спужаны аўтамабілем, панёс і разбіў сані аб тэлеграфны слуп. Міліцыянт Якабсан зваліўся з санак і папаў пад аўтамабіль, каторы яго задушыў на смерць».
Першым вядомым мне аўтаўладальнікам на гістарычнай Лідчыне быў уладальнік маёнтка Гурнофель Альфрэд Бразоўскі. Вельмі цікава пра яго пісаў сын уладальніка Ішчалны Андрэй Брахоцкі: «У мае маладыя гады гаспадаром маёнтка быў пан Альфрэд Бразоўскі - стары кавалер. Ездзіў чацвёркай коней, зімой заўсёды са званочкамі, бываў паўсюдна, не прапускаў нічыіх суседскіх імянін і нават у сталым веку сябраваў з так званай «залатой моладдзю». Меў яшчэ нейкі іншы маёнтак у іншым павеце і яшчэ перад Першай сусветнай вайной купіў сабе аўтамабіль - хоць і ўжываны, але гэта быў першы аўтамабіль у Лідскім павеце. Усе балі ў акрузе былі яго, і часта пасля балю брычка Бразоўскага начавала ў канаве. Расказвалі, што для аўтамабіля трымаў двух шафёраў, а шыны ездзіў мяняць за 100 кіламетраў. У часы Першай сусветнай вайны ажаніўся з паннай Янкоўскай і адразу пасля вайны памёр, пакінуўшы адну дачку.
Хадзіла пра яго шмат анекдотаў, якія дасціпныя сябры ахвотна расказвалі. Ён з цікавасцю выслухваў анекдоты пра сябе, і сам з іх першы смяяўся. У маёй памяці засталося некалькі такіх гісторый. Расказвалі, што ў маладосці ён некалькі разоў рабіў прапановы рукі і сэрца, але безвынікова. Адным разам у кавярні яму і яго пасіі падалі дзве філіжанкі кавы з вяршкамі ў адным гаршчочку з вушкам. Пан Альфрэд звярнуўся да панны з пытаннем, ці хацела б яна мець з ім адзін агульны гаршчок на ўсё жыццё. Тая адмовілася.
Іншым разам нейкі дасціпнік запэўніў пана Альфрэда, што ведае такі фокус: поўная шклянка вады будзе перавернута над яго галавой, а ён пры гэтым застанецца сухі. Пан Альфрэд сказаў, што гэта немагчыма. Тады жартаўнік прапанаваў паспрачацца на 100 рублёў - вялікія ў той час грошы. Памятаю, як наш улюбёны фурман, стары Юзаф, купіў сабе добрыя скураныя боты за 3 рублі. Пан Бразоўскі быў ашчадны і прапанаваў спрэчку на 1 рубель. Было гэта ў рэстаране, афіцыянт прынёс шклянку вады, якую штукар на вачах усяго рэстарана выліў на галаву пана Альфрэда. Пасля чаго, здзівіўшыся, сказаў, што фокус не ўдаўся, і заплаціў 1 рубель. На гэтым справа да задавальнення абодвух бакоў скончылася».
Вось такім чалавекам быў першы шчаслівы ўладальнік аўтамабіля на Лідчыне.
З-за невялікай колькасці механічнага транспарту аварыі з ім у 1920-х гг. здараліся не часта. Але аўтамабілі і матацыклы ўжо пачалі забіваць і калечыць людзей. Напрыклад, 2 ліпеня 1926 г. за чатыры кіламетры ад Ліды ў бок Вільні, разбіўся аўтамабіль памежнай аховы, паручнік Вяндлінскі загінуў, а кіроўца аўтамабіля атрымаў цяжкія раненні. І з часам падобных выпадкаў станавілася ўсё больш.
І гэта пры хуткасці на нашых тагачасных дарогах, пра якую кажа той факт, што 25 верасня 1929 г. аўтамабіль прэзідэнта Польшчы Масціцкага на шляху з Наваградка ў Ліду суправаджаў эскадрон уланаў 25-га палка.
У лютым 1929 г. у Лідзе з'явіўся першы спецыялізаваны аўтамабіль пажарнай аховы. А пры канцы 1937 г. Лідскі аддзел Чырвонага Крыжа атрымаў першы ў Лідзе санітарны аўтамабіль для перавозкі хворых.
Паміж 1934 і 1936 г. свой стары «Авэрлэнд» на новы «Польскі фіят» змяніла ўдава генерала Кіпрыяна Кандратовіча Ада.
Вось як прафесар Ірэна Стасевіч-Ясюкова, дачка лідскага павятовага доктара, якая жыла ў доме па сучаснай вуліцы 7-га Лістапада, д. 4, успамінала пра аўтамабіль сваёй сям'і: «Праца павятовага лекара […] была цяжкая і знясільвальная, але праз некалькі гадоў бацькі набылі аўтамабіль; выязджалі з шафёрам (бацька не навучыўся кіраваць гэтым новым набыткам тэхнікі) у нядзелю на возера, часам у кампаніі знаёмых». Ужо ў сталым узросце Ірэна Стасевіч-Ясюкова зноў убачыла дом свайго бацькі, дом свайго дзяцінства: «Усё захавалася ў выдатным стане, у ідэальным парадку, як бы час затрымаўся на месцы. На падворку гараж для аўтамабіля, які запрашаў у нядзельныя выезды на Нёман; асфальтавы пад'езд да гаража, на якім мы гулялі ў мяч або ў гульню «ў класы» з нарысованымі крэйдай небам і пеклам». Праходзячы каля гэтага дома, я заўсёды гляджу на той гараж з вузкімі, якраз для «Фіята 508», варотамі.
Транспарту было няшмат, удзельнікі дарожнага руху не мелі добрай падрыхтоўкі, да таго ж амаль што не было кантролю паліцыі за дарожным рухам. Верагодна, таму паводзіны ўдзельнікаў дарожнага руху вызначаліся дрэнным выкананнем правіл: «Калі вы ездзілі аўтамабілем на нашых дарогах, дык ведаеце... як ігнаруюць усе правілы дарожнага руху вясковыя вазы. Таму з поўным разуменнем мы аднесліся да акцыі лідскага староства, якое звярнула пільную ўвагу на ўпарадкаванне руху на публічных дарогах. 12 ліпеня 1937 г. на галоўных дарогах каля Ліды была арганізавана аблава на «карсараў дарог», кіраваў аблавай сам стараста Міклашэўскі. Рэферэнт бяспекі ў старостве, маёр Арлоўскі, павятовы інжынер Дамброўскі, кіраўнік камісарыяту паліцыі Акаловіч на працягу некалькіх гадзін кантралявалі рух фурманак і аўтатранспарту на публічных дарогах. У выніку за парушэнні яны пакаралі 145 чалавек (за парушэнні правіл руху, адсутнасць нумароў, няправільную вупраж каня і г.д.). Таксама былі пакараны 40 шафёраў перапоўненых аўтобусаў».
У другой палове 1930-х гг. кардынальна змянілася стаўленне самых шырокіх слаёў насельніцтва да аўтамабіляў. Аўтамабіль стаў сімвалам тэхнічнага прагрэсу, а развіццё аўтамабілізацыі - сімвалам сацыяльнага прагрэсу, і таму ў 1937 г. з ініцыятывы дырэктара Купецкай гімназі піяраў Генрыка Жалігоўскага ў гімназіі паўстаў гурток аўтааматараў. У гурток запісалася каля 50 вучняў і некалькі настаўнікаў. У гуртку вывучалася канструкцыя аўтамабіля і атрымліваліся практычныя навыкі кіравання. Настаўніца Купецкай гімназіі Яўгенія Багуцкая першай сярод вучняў і настаўнікаў здала экзамены і атрымала аўтамабільныя правы.
У траўні 1938 г. Лідскі маторны клуб на агульным сходзе вырашыў пачаць будоўлю станцыі тэхабслугоўвання аўтамабіляў: «Ліда да гэтага часу не мае станцыі тэхабслугоўвання. У кожным выпадку нават малой паломкі трэба ехаць у Вільню. Лідскі маторны клуб спадзяецца на фінансавую дапамогу самакіравання горада», - паведамляла прэса.
Пры канцы 1936 г. у Лідскім павеце было 27 асабістых аўтамабіляў, 4 грузавыя аўтамабілі, 6 аўтобусаў, 28 матацыклаў - разам 67 механічных транспартных сродкаў: «Ступень матарызацыі Лідскага павета ў Наваградскім ваяводства знаходзіцца на другім месцы, першае месца займае Баранавіцкі павет, які мае 95 механічных транспартных сродкаў, на апошнім месцы - Стаўпецкі павет, дзе ёсць толькі 16 машын (з іх 5 матацыклаў)», - пісала віленская газета «Слова». Спіс усяго матарызаванага цывільнага транспарту на Лідчыне ў 1936 г., падаю ў канцы артыкула.
А зараз паглядзім, як фінансава цяжка ў тыя часы ў Заходняй Беларусі было ўтрымліваць аўтамабіль тым шчасліўчыкам, якія яго мелі.
Калі б можна было спытаць у тагачаснага лідскага аўтаўладальніка (які па азначэнні быў чалавекам не бедным), чаму ў нашым горадзе так мала аўтамабіляў, кожны аўтааматар адказаў бы адразу: «Бо кошт утрымання аўтамабіля вельмі вялікі». І змог бы падмацаваць свой адказ рахункам. За аснову для разлікаў аўтааматар узяў бы тагачасны самы танны легкавы аўтамабіль, які можна было свабодна купіць, а менавіта мадэль польскага фіата, так званую «пяцісотку» ці Polski Fiat-508 у розных мадыфікацыях. Трэба заўважыць, што кошт гэтага аўтамабіля амаль не адрозніваўся ад яго кошту на знешнім рынку, тады гэты аўтамабіль каштаваў 5400 злотых (самы танны з мінімальнай камплектацыяй рэкламаваўся за 4950 злотых) і столькі ж, крыху менш ці крыху больш, гэтая мадэль каштавала ў тагачасных Італіі, Германіі і Францыі.
З прэсы 1930-х гг. [1], даведваемся, што жыццё тагачаснага аўтамабіля пры прабегу 15 000 км у год, складала 5 гадоў - як бачым, рэсурс быў зусім невялікі. Пасля 5 гадоў эксплуатацыі, аўтамабіль можна было прадаць за тыя самыя грошы, якія былі патрачаны на яго эксплуатацыю на працягу гэтага часу. Таму, каб кожныя 5 гадоў купляць новы фіят, трэба было адкладаць на новы аўтамабіль прыкладна 1000 злотых у год.
Пры гэтым, на працягу 5 гадоў трэба было купіць два камплекты шын, гэта значыць 8 шын і не менш за 16 камер. Самая танная шына для гэтага фіята каштавала тады 70 злотых, а камера - 10 злотых, разам - 720 злотых ці 144 злотыя ў год.
Самая танная цана за гараж, абслугоўванне і змазачныя матэрыялы - 50 злотых у месяц, за 5 гадоў гэта складала 600 злотых.
Дробны рамонт, замена некаторых дробных дэталяў, якія хутка зношваюцца, і розныя малыя выдаткі на ліквідацыю няспраўнасцяў - не менш за 20 злотых штомесяц ці 240 злотых у год.
Падатак на аўтамабіль складаў 42 злотыя ў год, а разам з выдаткамі на рэгістрацыю і штогадовае падаўжэнне рэгістрацыйных дакументаў, якое тады патрабавалася, яшчэ 60 злотых у год.
Усе гэтыя фіксаваныя выдаткі цалкам не залежалі ад колькасці пройдзеных кіламетраў. Адсюль, у штогадовым вымярэнні:
- кошт пакупкі аўтамабіля 1100 злотых у разбіўцы на 5 гадоў;
- гума 144 злотыя;
- гараж і абслугоўванне 600 злотых;
- дробны рамонт 240 злотых;
- падаткі і зборы 60 злотых.
Разам: 2144 злотыя ў год.
Другі артыкул выдаткаў - выдаткі, якія залежаць ад прабегу аўтамабіля. Яны складаюцца з выдаткаў на бензін і маторную аліву. Маленькі польскі фіят спажываў у сярэднім 8 літраў на 100 км бензіну і 3 літры алівы на 2500 км, бензін каштаваў 70 грошаў за літр, аліва - 4 злотыя за літр. Пры прабегу 15000 км штогод, пайшло б 1200 літраў бензіну і 18 літраў маторнаай алівы - агулам 912 злотых.
Агульныя сумарныя штогадовыя выдаткі складалі б прыкладна 3060 злотых у год, ці 250 злотых у месяц.
Праз пяць гадоў за старую машыну можна было атрымаць 800 ці можа нават і 1000 злотых, але прынамсі столькі ж трэба было выдаткаваць на капітальны рамонт фіята на трэці год эксплуатацыі, гэтыя грошы кампенсуюць адны адных і могуць быць выдалены з уліковай сумы.
Такім чынам, мы бачым, што ўтрыманне самага таннага ў той час аўтамабіля абыходзілася амаль што ў 300 злотых у месяц.
І вельмі мала было людзей, якія маглі б выдаткаваць 300 злотых у месяц на задавальненне ад валодання аўтамабілем.
Трэба заўважыць, што калі кошт фіята - 5400 злотых - пакласці ў банк, дык пры тагачасных 5% можна было б атрымаць не менш за 1350 злотых на працягу 5 гадоў, г. зн. штогод з гэтай сумы можна было б мець 270 злотых прыбытку. У той час мала хто страхаваў аўтамабіль, аднак трэба ведаць, што страхоўка каштавала каля 500 злотых штогод.
У выпадку пакупкі больш вялікага аўтамабіля, напрыклад, форда, пры ўмове, што ён абышоўся б уладальніку бяспошлінна, трэба было б выдаткаваць каля 7000 злотых штогод. Штомесячны кошт з-за двайнога ў параўнанні з фіятам спажывання бензіну і алівы, а таксама значна большы кошт гумы, тэхнічнага абслугоўвання і дробных выдаткаў, склаў бы мінімум 400 злотых штомесяц. Такія выдаткі мог сабе дазволіць толькі чалавек, які зарабляў не менш за 2000 злотых у месяц, а такіх людзей у той час было вельмі мала. Аўтамабільныя аглядальнікі лічылі, што ва ўсёй тагачаснай Польшчы мелася, можа, тысяча чалавек, якія могуць патраціць 400 злотых штомесяц на машыну, але не маглі ўжо дазволіць сабе 500 злотых. Таму, адзінай перашкодай для аўтамабілізацыі з'яўляўся выключна нізкі ўзровень даходаў насельніцтва.
Фіят не быў прыстасаваны для нашых тагачасных дарог, але, як пісалі адмыслоўцы, і ва ўсім свеце не было тады машыны для нашых дарог у катэгорыі 300 злотых у месяц, і таму гэтая мадэль не мела канкурэнтаў. Каля 60% тагачаснага еўрапейскага аўтапарку складалі менавіта аўтамабілі такога класу, але аўтааглядальнікі лічылі, што з гэтымі аўто чалавек не мог спазнаць сапраўднай радасці ад аўтамабіля і яго настрой уздымала толькі тое, што праз год пасля пакупкі фіята, яго ўладальнік мог сказаць сабе: «Добра, што я не купіў Форд ці Шэўрале, з такім цмокам я б збанкрутаваў!».
Што за аўтамабіль быў гэты «Польскі фіят»?
Легкавы аўтамабіль «Фіят 508» выпускаўся кампаніяй «Fiat» з 1932 г. Аўтамабіль быў абсталяваны 3-ступеністай скрынкай перадач (з 1934 г. - 4-ступеністай), рухавіком аб'ёмам 955 куб. см, магутнасцю ў 20-24 к. с. (мадэль 508 S ужо мела магутнасць 30-36 к. с.). Аўтамабіль развіваў хуткасць да 80 км/г. Даўжыню аўтамабіль меў 3,67 м, шырыню - 1,33 м, а важыў толькі 760 кг. Усяго ў Еўропе было выраблена каля 113 000 такіх аўтамабіляў, большая частка з якіх на заводзе CWS у Польшчы. «Фіят 508» таксама выпускаўся ў Францыі кампаніяй SAFAF пад назвай Simca-Fiat 6CV. Цікава, што шматгадовым дырэктарам польскага фіята быў Юры Іваноўскі, старэйшы брат Вацлава і сын тайнага дарадцы і ганаровага жыхара Ліды Леанарда Іваноўскага, сям'я Іваноўскіх паходзіла з Лябёдкі, што ў Лідскім павеце, і пакінула пасля сябе значны след у гісторыі [2].
І пры канцы трошкі пра даходы простага чалавека ў нашым горадзе. У красавіку 1938 г. «Кур'ер Віленскі» пісаў: «Заробкі рабочых у Лідзе наогул вельмі нізкія. Таму ўтрымліваць сям'ю, у якой працуе толькі адзін чалавек, які часта зарабляе меней за 2 злотыя ў дзень, надта цяжка». Сярэдні заробак у Заходняй Беларусі заставаўся ніжэйшым за заробкі ў заходняй частцы Польшчы.
Пры канцы 1930-х гг. у горадзе ўсталяваліся прыкладна такія цэны і заробкі: булка хлеба - каля 30 грошаў, 1 кг цукру - каля 1 злотага, 1 кг алею - 80 грошаў, 10 яйкаў - 10 грошаў, пачак запалак - 10 грошаў, 1 кг бульбы - каля 10 грошаў, мяса, ялавічына ці свініна - каля 1,5 злотых, малако - каля 20 грошаў за 1 л., вугаль каля 48 злотых за 1 т., мужчынская кашуля - каля 10 злотых, мужчынскі капялюш - каля 20 злотых, мужчынскія чаравікі - каля 15 злотых, цэгла - каля 40 злотых за 1000 шт., цэмент - каля 30 злотых за 1 т., друкарская машынка - 1200 злотых, гектар зямлі каштаваў 500 злотых, карова - 100 злотых, пуд збожжа - 2 злотыя. Сярэдні дзённы заробак быў каля 2 - 3-х злотых, мінімальны - 1 злоты, высокі заробак - да 10 злотых. Кваліфікаваны рабочы на «Ардалі» атрымліваў 5 злотых, майстар - 10 злотых. На жніве ў дзень плацілі 2 злотыя, на копцы бульбы - 1 злоты. Зарплата настаўнікаў дасягала 200 злотых у месяц. Зразумела, што ніхто з гэтых людзей не мог нават марыць пра аўтамабіль. Адначасова, напрыклад заробкі кіраўнікоў, адміністрацыі і працоўных заводакіравання «Ардаля» (абутковая фабрыка) пачыналіся ад 1 тысячы злотых у месяц. Гэтых людзей было мала, але якраз яны і маглі сабе дазволіць мець свой аўтамабіль.
У канцы артыкула трэба трошкі расказаць пра матацыклы ў нашым горадзе, тым больш, што з-за сваёй адноснай таннасці яны былі значна больш папулярнымі.
У тыя часы вялікі і добра ўладкаваны завод «Нёман» у Гародні (Kresowa Wytwоrnia Rowerоw i Motocykli «Niemen») выпускаў ровары, матацыклы і швейныя машынкі. Матацыклы, што праўда, завод толькі збіраў, выкарыстоўваючы пра гэтым нямецкія і англійскія рухавікі (фірмаў «Sachs» і «Villiers»).
Перш, чым пачаць прадукаваць свае мотаровары, фірма «Нёман» некаторы час прадавала мотаровары нямецкай маркі Presto. Потым, фірма вырашыла пачаць зборку такой тэхнікі самастойна. Прыкладна ў
1934 г. тут быў пабудаваны просты мотаровар (у мужчынскай і жаночай рамных версіях) з рухавіком «Sachs» аб'ёмам у 75 см2. Канструктыўна гэта быў ровар з навешаным рухавіком. Праз два гады пачалася вытворчасць мотаровара «Нёман», пазначанага як мадэль R100 з рухавіком «Sachs» аб'ёмам у 98 см2 і магутнасцю 2,25 к.с. з 2-х ступеністай скрынкай перадач. Гэты транспартны сродак па-ранейшаму, як і звычайны ровар, быў абсталяваны педалямі, але пярэдняя падвеска ўжо падрэсорвалася спіральнай спружынай, хаця задняе кола было жорсткім. Гэтая асаблівасць з'яўлялася характэрнай практычна для ўсіх мотаровараў 1930-х гг. Пераключэнне перадач ажыццяўлялася з дапамогай рычага, размешчанага з правага боку побач з паліўным бакам. Запуск рухавіка ажыццяўляўся з дапамогай педаляў. Мотаровар развіваў максімальную хуткасць 50 км/г і важыў 55 кг (рухавік - 11,5 кг). Габарытныя агні працавалі ад сухой батарэі, размешчанай у кантэйнеры каля рамы мотаровара. Кошт гэтага транспартнага сродку складаў прыкладна 715 злотых. Мяркуючы па дызайне «Нёман» R100 меў шмат запазычанняў пд мотаровараў «Presto».
Вытворчасць мотаровараў стала вельмі прыбытковым справай, і гарадзенская фабрыка "Niemen" вывела на рынак новыя мадэлі. Гэта былі: «Нёман» 100DS з рухавіком «Sachs» 98 см2 з нажным старцёрам. Дзякуючы гэтаму старцёру зніклі роварныя педалі. 100DS па сваёй канструкцыі набліжаўся да матацыкла.
Наступная мадэль «Нёман» 100DV Unit мела падобную канструкцыю, але абсталёўвалася англійскім рухавіком «Villiers» у 98 см2.
Па меры развіцця канструкцыі мапеды «Нёман» даражэлі - 100DS каштавалі 900 злотых, а 100DV ужо 920 злотых. За дадатковую плату ў 35 злотых можна было набыць спідометр з лічыльнікам прабегу.
У 1938-1939 гг. фабрыка «Нёман» ужо прапаноўвала матацыклы з рухавікамі 125 і 150 см2. Насамрэч гэта былі матацыклы аднаго з ангельскіх вытворцаў, а на іх была нанесена толькі назва кампаніі «Нёман».
Сёння ровары, мапеды і матацыклы «Нёман» карыстаюцца попытам у калекцыянераў.
Спіс аўтамабіляў і матацыклаў у Лідскім павеце, на 15 снежня 1936 г.
№ |
Рэгістрацыйны нумар |
Від транспорту |
Марка |
Гаспадар |
Месца знаходжання |
1 |
79292 |
асабісты аўтамабіль |
Fiat |
Марачэўскі Уладзімір |
Эйшышкі, Віленская 68 |
2 |
79062 |
асабісты аўтамабіль |
Ford |
Палячак Макс |
Ліда, Сувальская, 91 |
3 |
79192 |
асабісты аўтамабіль |
Chevrolet |
Сацыяльнае забеспячэнне |
Ліда, Сувальская, 83 |
4 |
79093 |
асабісты аўтамабіль |
Overland Whippet |
Сацыяльнае забеспячэнне |
Ліда, Сувальская, 83 |
5 |
79021 |
асабісты аўтамабіль |
Tatra |
Лясковіч Вітольд |
Маёнтак Філіпкі, Лідская гміна |
6 |
9544 |
асабісты аўтамабіль |
Fiat |
Жалігоўскі Генрык |
Ліда, Шаптыцкага, 8 |
7 |
9530 |
асабісты аўтамабіль |
Fiat |
Кабылінкая Халіна |
Маёнтак Гарадэнка, Жырмунская гміна |
8 |
79324 |
асабісты аўтамабіль |
Ford |
Ю. Столе |
Гута шкла Нёмана |
9 |
79316 |
асабісты аўтамабіль |
Ford |
Грузель Раман |
Нёман, Беліцкай гміны |
10 |
79310 |
асабісты аўтамабіль |
Polski Fiat |
Грабоўскі Рудольф |
Ліда, Сыракомлі, 2 |
11 |
9482 |
асабісты аўтамабіль |
Fiat |
Макарэвіч Уладзімір |
Ліда, Бярозавая, 21 |
12 |
79352 |
асабісты аўтамабіль |
Steyer |
Кіневіч Генрык |
Маёнтак Бальцэнікі, Беняконская гміна |
13 |
79134 |
асабісты аўтамабіль |
Fiat |
Ельская Яніна |
Маёнтак і гміна Жырмуны |
14 |
79366 |
асабісты аўтамабіль |
Essex |
Пупко Шымон |
Ліда, Сувальская, 88 |
15 |
9550 |
асабісты аўтамабіль |
Studebaker |
Ардаль |
Ліда, Фабрычная, 8 |
16 |
9568 |
асабісты аўтамабіль |
Ford |
Міцкевіч Станіслаў |
Ліда, Варшаўская, 32 |
17 |
79249 |
асабісты аўтамабіль |
Chevrolet |
Заянчкоўская Александра-Генофа |
Ліда, Пілсудскага, 13 |
18 |
79373 |
асабісты аўтамабіль |
Ford |
Галінскі Дамінік |
Ліда, Мяніцкага, 5/14 |
19 |
9597 |
асабісты аўтамабіль |
Chevrolet |
Межва Ян |
Ліда, Рынак, 3 |
20 |
9575 |
асабісты аўтамабіль |
Overland Whippet |
Кузян Зофья |
Маёнтак Кір'янаўцы, Лідская гміна |
21 |
79295 |
асабісты аўтамабіль |
Chevrolet |
Якевіч Станіслаў |
Ліда, Мацкевіча, 47 |
22 |
79396 |
асабісты аўтамабіль |
Polski Fiat |
Кандратовіч Ада |
Гародна, Жырмунская гміна |
23 |
401 |
асабісты аўтамабіль |
Fiat |
Равінскі Станіслаў |
Ліда, Гарнянская, 19 |
24 |
7939 |
асабісты аўтамабіль |
Ford |
Канаржэўскі Генрык |
Ліда, Фалькоўскага, 19 |
25 |
79239 |
асабісты аўтамабіль |
Ford |
Дамброўскі Антон |
Ліда, Варшаўская, 24 |
26 |
79395 |
асабісты аўтамабіль |
Fiat |
Краеўская Казіміра |
Гута шкла Нёман |
27 |
9505 |
асабісты аўтамабіль |
Ford |
Вольфганг Зыгмунт |
Воранава, Лідскі павет |
28 |
79301 |
грузавік |
Chevrolet |
Пупко Мейлах |
Ліда, Сувальская (бровар) |
29 |
79312 |
грузавік |
Chevrolet |
Зарэцкі Шлёма |
Ліда, Фалькоўскага, 39 |
30 |
24884 |
грузавік |
Ford |
Бінкевіч Пётр |
Ліда, Сувальская, 127 |
31 |
7935 |
грузавік |
Chevrolet |
Баркоўскі Міхал |
Ліда, Сувалькая, 72 |
32 |
79135 |
аўтобус |
Chevrolet |
Апановіч Невах |
Беліца, Лідскі павет |
33 |
79177 |
аўтобус |
Chevrolet |
Школа Купецкая а. Піяраў |
Ліда, Сувальская, 68 |
34 |
79349 |
аўтобус |
Chevrolet |
Пуйдак Вацлаў, Кругер Эдвард |
Беліца, Лідскі павет |
35 |
79003 |
аўтобус |
Chevrolet |
Кавальскі Берка |
Радунь, Татарская, 3 |
36 |
79391 |
аўтобус |
Polski Fiat |
Аўтобусны кааператыў "Лідзянка" |
Ліда, Замкавая, 4 |
37 |
79260 |
аўтобус |
Studebaker |
Вырваль Станіслаў |
Ліда, 5-ты лётны полк |
38 |
79226 |
аўтобус |
Chevrolet |
Раманоўскі Юзаф |
Ліда, Сувальская, 109 |
39 |
9416 |
матацыкл |
F.N. |
Кс. Штэйн Чэслаў |
Воранава, Лідскі павет |
40 |
24870 |
матацыкл |
Motocajer |
Бердаўскі Гецель |
Ліда, Мацкевіча 39 |
41 |
9485 |
матацыкл |
Ariel |
Антковяк Ян |
Ліда, 77 п.п. |
42 |
24885 |
матацыкл |
Ariel |
Бакавец Казімір |
Ліда, 3-га Мая 61 |
43 |
9547 |
матацыкл |
Norton |
Даз Вільям |
Ліда, 5-ты летны полк |
44 |
9590 |
матацыкл |
Sunbeam |
Крыгель Юлівуш |
Ліда, Сувальская, 72 |
45 |
38717 |
матацыкл |
B.S.A. |
Праўлоцкі Кейстут |
Ліда, 11-га Лістапада, 4 |
46 |
9462 |
матацыкл |
Royal Enfield |
Ненартовіч Ян |
Ліда, 17-га Красавіка, 20 |
47 |
9503 |
матацыкл |
Ariel |
Касоўскі Стэфан |
Гута шкла Нёман |
48 |
38628 |
матацыкл |
Panther |
Грейцюн Уладзіслаў |
Ліда, 77 п.п. |
49 |
9546 |
матацыкл |
B.S.A. |
Курганоўскі Алексы |
Ліда, Мацкевіча, 37 |
50 |
403 |
матацыкл |
Triumph |
Рецько Юзаф |
Навапрудцы, Лідская гміна |
51 |
405 |
матацыкл |
B.S.A. |
Тоцін Эдмунд |
Ліда, 5-ты лётны полк |
52 |
1253 |
матацыкл |
Niemen |
Бердаўскі Гесель |
Ліда, Мацкевіча, 39 |
53 |
1253 |
матацыкл |
Puch |
Комінч Юзаф |
Ліда, Лётная, 49 |
54 |
58918 |
матацыкл |
D.K.W. |
Дзяркоўскі Францішак |
Мыто, Васілішсая гміна |
55 |
406 |
матацыкл |
Niemen |
Ражанскі Ёсель |
Ліда, Сувальская, 12 |
56 |
9445 |
матацыкл |
F.N. |
Гаеўскі Вітольд |
Ліда, 5-ты лётны полк |
57 |
9519 |
матацыкл |
F.N. |
Дамроўскі Антон |
Ліда, Варшаўская, 24 |
58 |
9584 |
матацыкл |
Royal Enfield |
Галік Вацлаў |
Ліда, Калонія дзяржаўных дамоў |
59 |
9405 |
матацыкл |
Gillet-Hestal |
Гаюн Аркадзь |
Ліда, Сасновая, 23 |
60 |
9571 |
матацыкл з каляскай |
Indian |
Лявіцкі Александр |
Ліда, Сыракомлі, 2 |
61 |
9437 |
матацыкл з каляскай |
Harley-Dawidson |
Казлоўскі Эдвард |
Іўе, Лідскі павет |
62 |
9554 |
матацыкл з каляскай |
Harley-Dawidson |
Арлоўскі Міхал |
Ліда, Малая Дварцовая, 14 |
63 |
9481 |
матацыкл з каляскай |
Matosacoche |
Грывач Станіслаў |
Ліда, 77 п.п. |
64 |
9471 |
матацыкл з каляскай |
B.S.A. |
Лех Эдмунд |
Эйшышкі, Вызвалення, 2 |
65 |
3085 |
матацыкл з каляскай |
Harley-Dawidson |
Ціхоўскі Юліян |
Ліда, Фалькоўскага, 15 |
66 |
24877 |
матацыкл з каляскай |
Harley-Dawidson |
Раткевіч Казімір |
Ліда, Райская, 70 |
67 |
9425 |
матацыкл з каляскай |
Indian |
Дварэцкі Мойша |
Ліда, Камерцыйная, 1 |
[1] Гл. напрыклад: Stanisław Horwat. Ile kosztuje w Polsce utrzymanie samochodu? // Słowo. 1935. № 195.
[2] Гл: Лаўрэш Леанід. Лябёдка Іваноўскіх. Дакументальная аповесць // Новы Замак. 2019. № 8. С. 194-212.; 2020. № 9. С. 180-219.