Папярэдняя старонка: Эканоміка

Лідскім цеплавым сеткам-60 гадоў 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 19-04-2015,
Крыніца: Лідскі Летапісец №4(68)-2014.



Развіццё энергетыкі ў горадзе Лідзе

Першыя крокі ў развіцці энергетыкі ў г. Лідзе пачынаюцца з часоў Першай сусветнай вайны, з 1915-1918 гадоў, калі Заходняя Беларусь была акупавана нямецкімі войскамі. Ужо ў 1916 г. немцы будуюць першую электрастанцыю. Гэтая ўстаноўка забяспечвала патрэбы ў электраэнергіі нямецкіх устаноў і часткі дамоў жылога сектара ў цэнтры горада. Яна мела два дызель-генератары агульнай магутнасцю ў 220 кВт. і не магла забяспечыць электрычнасцю патрэбы горада і прамысловасці. Таму фірмы горада будавалі свае прыватныя электроўні У тым жа 1916 г. прадпрымальны завадчанін Крыгер на бровары, які размяшчаўся на вуліцы Лідскай у раёне цяперашняга домакіраўніцтва № 2, меў парасілавую ўстаноўку, якая складалася з адной паравой машыны магутнасцю 45 к.с. і лакамабіля магутнасцю 50 к.с. з дынамамашынай пастаяннага току.

5 студзеня 1919 г. у г. Ліду ўступаюць часткі Чырвонай Арміі, але 17 траўня 1919 г. горад займаюць палякі. У ліпені 1920 г. горад ізноў пераходзіць у рукі чырвоных, але ўжо ўвосень 1920 г. ізноў захопліваецца палякамі і гэтым разам надоўга.

Па Рыжскай дамове 1921 г. заходнія вобласці Беларусі, у тым ліку і г. Ліда, адыходзяць да тэрыторыі Польшчы.

У траўні 1921 г. па вул. Сувальскага палка (цяпер Савецкай) будуецца памяшканне для электрастанцыі, у якім устанаўліваюцца два лакамабілі магутнасцю 75 і 50 к.с. У гэты ж час будуецца электрасетка, да якой падключаюцца каля 500 абанентаў. З кожным годам лічба абанентаў у Лідзе павялічвалася, запатрабаванне ў электраэнергіі расло.

У 1929 г. у Лідзе працавалі дзве адносна вялікія электроўні: гарадская (Цыдзяровіч А., Сандлер Л.) па вуліцы Сувальскай і чыгуначная 142, а таксама некалькі невялікіх, у 1938 г. ў Лідзе было 13 электрастанцый: гарадская (220 кВт, ), чыгуначная (180 кВт), на фабрыцы "Ардаль" (300 кВт), на фабрыцы "Ўнігум" (117 кВт), на тартаку "Тарлас" (37 кВт), на тартаку пры бровары Пупко (12 кВт), на тартаку пры бровары Папiрмайстра (12 кВт), на тартаку Мельніка (39 кВт), на фабрыцы па перапрацоўцы воўны братоў Г.Я. Жыжэмскiх i Я. Левiна (10 кВт) на фабрыцы сельскагаспадарчых машын братоў Шапiраў (5 кВт), на алейні "Шэмен" (3,4 кВт), на фабрыцы спружын "Звуй" (1,3 кВт) 143, на млыне "Аўтамат" (магутнасць не вядома).

Сумарная магутнасць электрарухавікоў "Ардаля" была каля 250 кВт, а выпрацоўка энергіі электроўні "Ардаля" пераўзыходзіла выпрацоўку на гарадской электроўні: 750 тыс. кілаватгадзін у год на "Ардалі" супраць 500 тыс. кілаватгадзін у год на гарадской электроўні. Нават прыватная электроўня млына "Аўтамат" выпрацоўвала 500 кілават-гадзін у год.

У красавіку 1930 г. вугорскай фірмай "Ганц" была пабудавана новая прыватная электрастанцыя па вул. Сувальскай (цяпер Савецкай), на месцы паваеннай дызельнай электрастанцыі. На электрастанцыі ўстаноўлены тры дызельныя ўстаноўкі магутнасцю 500, 150 і 75 кВт. Асноўнымі спажыўцамі электраэнергіі былі тады жылы сектар, установы і вайсковыя гарадкі, якія выкарыстоўвалі электраэнергію ў мэтах асвятлення. Сілавая нагрузка была толькі на цвікавым заводзе (цяпер завод "Электравырабы"). Многія наяўныя заводы мелі свае парасілавыя і дызельныя ўстаноўкі, але не ўсе выпрацоўвалі электраэнергію.

Прадпрыемствы для прывядзенне ў рух станкоў выкарыстоўвалі ў асноўным механічную энергію (цераз трансмісіі), таму для асвятлення куплялі электраэнергію ў знешніх вытворцаў.


18 верасня 1939 г. у г. Лідзе ў чарговы раз была ўсталявана савецкая ўлада. Усе буйныя прадпрыемствы і прадпрыемствы энергетыкі былі нацыяналізаваны.

27 чэрвеня 1941 года нямецкія войскі захапілі горад Ліду. Пачаўся перыяд падпольнай і партызанскай барацьбы, менавіта ў той час падпольшчыкамі была падарвана чыгуначная вузлавая электрастанцыя.

Калі зыход вайны быў прадвызначаны, немцы дэмантавалі абсталяванне гарадской электрастанцыі і рыхтавалі яго да адпраўкі ў Германію, але падзеі развіваліся імкліва, савецкія войскі набліжаліся да г. Ліды. У такой сітуацыі фашысты вырашылі падарваць будынак і абсталяванне электрастанцыі.

8 ліпеня 1944 года горад Ліда быў вызвалены ад нямецкіх акупантаў войскамі 3-га Беларускага фронту.

Пасля завяршэння Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. перад краінай паўстала пытанне пра аднаўленне ўсёй народнай гаспадаркі, у тым ліку і энергетыкі.

Лідская гарадская электрастанцыя, як прамысловае прадпрыемства, пачала сваё існаванне з лютага 1945 года. На тэрыторыі былой разбуранай электрастанцыі быў усталяваны лакамабіль магутнасцю 18 к.с. Электраэнергіяй забяспечваліся пошта, Лідскі ГАМ і частка бліжніх да электрастанцыі жылых дамоў. На адноўленых прамысловых прадпрыемствах з'явіліся дробныя паравыя і дызельныя ўстаноўкі. Аднак для поўнага забеспячэння электраэнергіяй побытавага сектара, дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў горада ўстаноўленай магутнасці вельмі бракавала.

У 1945 г. былі пачаты работы па расчыстцы тэрыторыі і падрыхтоўцы пляцоўкі пад будаўніцтва Лідскай гарадской электрычнай станцыі.

Ачыстку ад развалін сцен і знявечанага выбухам абсталявання вялі студэнты педвучылішча, працоўныя, службоўцы, прадстаўнікі інтэлігенцыі горада. Без перабольшання можна сказаць, што гэта быў характэрны для таго часу акт бязвыплатнай, бескарыслівай працоўнай дапамогі жыхароў Ліды свайму гораду.

Адначасова Менскім трэстам "Прамэнергапраект" у адпаведнасці з рашэннем Савета Народных Камісараў СССР за № 738 ад 9 студзеня 1945 г. "Пра пабудову ў г. Лідзе цеплавой электрастанцыі магутнасцю 3-4 МВт замест разбуранай нямецкімі акупантамі дызельнай электрастанцыі" былі пачаты праектныя работы.

Было вызначана, што праектаваная электрастанцыя з'яўляецца гарадской і знаходзіцца ў сістэме Галоўэнергакіравання пры СНК БССР. Электрастанцыя будавалася для забеспячэння электраэнергіяй і цяплом як прамысловых і камунальных прадпрыемстваў, так і жыллёва-камунальнага сектара горада.

Пляцоўка для будаўніцтва Лідскай гарадской ЭС была абрана на месцы падарванай дызельнай электрастанцыі, што і зацвердзіў у сваім рашэнні за № 346 Лідскі гарсавет 29.11.1945 года. Пляцоўку пашырылі за кошт зносу найбліжэйшых хат, далучэння земляў фабрыкі "Ардаль" і вольных земляў да вул. 8-га Сакавіка, а таксама за кошт адчужаных земляў уздоўж чыгункі Ліда-Маладзечна. Электрастанцыя размяшчалася ў цэнтры электрычных і цеплавых нагрузак.

Пакрыццё гэтых нагрузак вызначана было ажыццявіць у дзве чаргі. Першая чарга прадугледжвала забеспячэнне спажыўцоў электрычнай энергіяй, другая - электрычнай і цеплавой энергіяй.

Для задавальнення першачарговых патрэб горада была вызначана ўстаноўка энергацягніка 1000 кВт, які працаваў на сілезскім вугалі, бо мясцовае торфапрадпрыемства толькі будавалася і да працы тады яшчэ не было гатова.

У 1946 г., у мэтах задавальнення ўсё ўзрастаўшых патрэбаў у электраэнергіі, Галоўэнергакіраванне пры СМ БССР (начальнік - Панес А., галоўны інжынер - Пекеліс Г. Б.) дае заданне Белэнергапраектбуду на праектаванне часовай дызельнай электрастанцыі магутнасцю 600 кВт з устаноўкай дызель-генератара фірмы "Вартынгтон" 865 к.с. з магутнасцю 750 кВА і напругай 230/400 В.

Адначасова з праектаваннем гэтага аб'екта вяліся працы па будаўніцтве цаглянага будынка пад дызельную электрастанцыю на існым падмурку разбуранай электрастанцыі. Да будынка дызельнай была прыбудавана кантора гарадской ЭС. Будаўніцтва вялося лідскім будаўнічым участкам № 3 (начальнік - Карнавухаў).

Па электрычнай частцы разам з дызель-генератарам быў пастаўлены дзвюхпанельны размеркавальны шчыт на чатыры фідары - генератарны і тры адыходзячых - для сілкавання цвіковага завода і бліжніх спажыўцоў. Для сілкавання больш аддаленых спажыўцоў быў усталяваны павышальны трансфарматар 800 кВА і часовае РП-6 кВ з выхадамм 2-х ліній у горад.

Часовая дызельная электрастанцыя была ўведзена ў дзеянне 25 красавіка 1947 года, а лакамабіль 18 к.с. у траўні 1947 года дэмантаваны і здадзены ў металалом.


Пасля аднаўлення і ўводу ў эксплуатацыю Беларускай ДРЭС у г. Ліду быў пераведзены энергацягнік № 007 ТБ-1000 фірмы "Вестынгаўз" магутнасцю 1000 кВт, які ўжо 18 жніўня 1947 г. пачаў сваю працу.

Складаўся энергацягнік з трох вагонаў:

катлавагона з котлоагрегатом "Бабкок-Вількокс" вытворчасцю 7,3 т/г, ціскам 29 ат і тэмпературай 388° С;

турбовагона з турбагенератарам "Вестынгаўз" магутнасцю 1000 кВт, 5330/1000 аб/мін, сумешчаным шчытом кіравання з размеркпрыстасаваннем 6,3 кВ і трансфарматарам уласных патрэб;

вагона-градзірні з рэзервуарам цырквады, цыркпомпай і чатырма восевымі вентылятарамі для штучнай цягі паветра.

У катлавагоне была змантавана катыянітавая ўстаноўка па хімачыстцы воды прадукцыйнасцю 2 м 3/гадзіну. Хімлабораторыя знаходзілася ў асобным цагляным будынку побач з катлавагонам.

Энергацягнік працаваў у паралелі з дызель-генератарам. Магутнасць электрастанцыі ў 1947 годзе складала, такім чынам, 1750 кВт.

Першым дырэктарам Лідскай гарадской электрастанцыі быў Ягораў Уладзімір Яўхімавіч.

Галоўным інжынерам быў Купрыянаў Л.Н., начальнікам энергацягніка - Іваноў С.С., начальнікам кацельнага цэха - Арлоўскі І.І., начальнікам электрацэха - Шульжык М.С., старэйшым бухгалтарам - Жабыка, начальнікам забеспячэння - Якубоўскі П.К., начальнікам электрасетак - Кацуба С.В., механікам - Дашчынскі Іван Мікалаевіч, начальнікам абанентнага аддзела - Шчытанаў.

У снежні 1947 г. праектнай канторай трэста "Белэнергапраектбуд" быў распрацаваны, а 31 сакавіка 1948 г. тэхсаветам Галоўэнергакіравання пры СМ БССР зацверджаны рабочы праект, паводле якога рабілася пашырэнне і рэканструкцыя электрасетак горада ў святле першага паваеннага пяцігадовага плану аднаўлення народнай гаспадаркі.

У 1948 г. праводзілася парадкаванне электразабеспячэння прамысловых прадпрыемстваў і горада. Ужо ў канцы 1948 г. электрасетка г. Ліды складалася з 3,9 км паветранай і 7,1 км кабельнай пракладкі 6 кВ і 48,8 км паветранай пракладкі 0,4 кВ.

Асноўнымі спажыўцамі былі прамысловы сектар горада, вайсковыя часткі з майстэрнямі, МТС, чыгуначная электрастанцыя, якая сілкавала чыгуначны вузел, і камунальна-побытавыя спажыўцы. Сілавыя ўстаноўкі прамысловых прадпрыемстваў служылі рэзервам на выпадак абмежавання спажывання электраэнергіі.

У гэтыя гады ў горадзе шырока разгарнулася сацыялістычнае спаборніцтва па аднаўленні народнай гаспадаркі. Калектыў Лідскай гарадской ЭС за поспехі ў працы быў занесены на рэспубліканскую Дошку пашаны як пераможца сацспаборніцтва ў гонар 30-годдзя БССР.

Лепшымі працаўнікамі калектыва Лідскай гарадской электрастанцыі ў той час былі:

шчытавы манцёр Трусава П.В.

турбамашыніст Ксянзова Н.П.

турбамашыніст Златагурскі І.Ф.

электраслесар Глінскі П.Г.

шчытавы манцёр Іванова Е.Я.

старшы качагар Валькоўскі А. А.

старшы качагар Кандрацюк С. В.

качагар Кузьма Ф.Н.

дызеліст Чайкоўскі М.М.

слесар Гойць М.В.

старэйшы качагар Сіманенка Н.В.

манцёр электрасетак Страйкоў В.Л.

манцёр электрасетак Сітніц С.Г.

манцёр па рамонце Сянкевіч І.В.

слесар па рамонце Дуброўскі А. Ф.

слесар па рамонце Валадашчук Н.Ф.

рабочая палівападачы Серабракова М.М.

За высокія паказчыкі ў працы, актыўную грамадскую працу і ў сувязі з 30-годдзем утварэння БССР старэйшы машыніст турбін т. Златагурскі Іван Фабіянавіч быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Тым часам маскоўскім трэстам "Прамэнергапраект" працягвалася праектаванне новай ЦЭЦ у горадзе Лідзе. 25 чэрвеня 1949 года тэхсавет Галоўэнергакіравання пры СМ БССР зацвердзіў яе праект. Першапачаткова праектам прадугледжвалася ўсталёўка двух рэканструяваных катлоў "Эдж-Мур" па 30 т/г пары для спальвання торфу і двух турбагенератараў ст. № 1 "Сіменс-Шукерт" магутнасцю 1,7 МВт і ст. №2 АЕГ магутнасцю 2,5 МВт.

У стадыі рабочага праектавання, перададзенага ўтворанаму Менскаму аддзяленню трэста "Прамэнергапраект", да ўсталёўкі былі прыняты два катлы айчыннай вытворчасці ТП-35 прадукцыйнасцю па 35 т/г пары з ціскам 39 ат і тэмпературай перагрэтай пары 400°С.


Загадам № 190 ад 27 снежня 1948 г. Галоўэнергакіравання галоўны інжынер электрастанцыі Купрыянаў Л. Н. пераводзіцца ў галоўнае кіраванне. На Лідскую гарадскую ЭС галоўным інжынерам прызначаецца начальнік энергацягніка Іваноў С.С.

Загадам ГЭК пры СМ БССР ад 10 жніўня 1949 г. дырэктарам Лідскай гарадской ЭС прызначаецца Пракопчык Мікалай Іванавіч, які працаваў да гэтага галоўным інжынерам Баранавіцкай электрастанцыі, а Ягораў Уладзімір Яўхімавіч пераводзіцца на пасаду дырэктара Полацкай электрастанцыі.

У 1950 г. на Лідскай гарадской ЭС былі працягнуты працы па ўдасканаленні тэхніка-эканамічных паказчыкаў і паляпшэнні побыту працоўных. Навасёлаў прыняў 8-кватэрны дом па вул. Вясновай, было пачата будаўніцтва 16-кватэрнага жылога дома па вул. Савецкай, 25.

У 1951 г. ажыццяўлялася рэканструкцыя гарадскіх электрычных сетак. З мэтай павелічэння колькасці адыходзячых ліній 6 кв было рэканструявана размеркавальнае прыстасаванне РП-6 кв. Выконвалася паасобнае электразабеспячэнне прамысловых і побытавых спажыўцоў. Шматлікія аварыі ў электрасетках прыводзілі да абмежавання спажыўцоў. Аж да пуску новай электрастанцыі практыкаваліся графікі абмежавання і перасоўныя графікі выхадных дзён.

Загадам ГЭК пры СМ БССР № 93 ад 2 чэрвеня 1951 г. галоўным інжынерам Лідскай гарадской ЭС прызначаецца Сабінін Уладзімір Мікалаевіч, а Іваноў С.С. пераводзіцца на Гомельскую электрастанцыю.

Увод у эксплуатацыю новай ЦЭЦ

1951 год быў адзначаны пачаткам работ па будаўніцтве Лідскай ЦЭЦ. Першапачаткова будаваліся дапаможныя збудаванні: мехмайстэрня, гараж, градзірня № 1, прахадная, падмурак пад галоўны корпус. Будаўнічыя рабрты праводзіліся будучасткам № 3 (начальнік участка Бурдукоў І.М.).

У 1952 г. уводзяцца ў эксплуатацыю 12- і 16-кватэрныя жылыя дамы па вул. Савецкай, ключы ад кватэр у якіх атрымліваюць першыя будаўнікі і мантажнікі Лідскай электрастанцыі. Адначасова з гэтым будуецца цеплахалодны склад, і пачынаецца будаўніцтва 2-хкватэрнага жылога дома па вул. Ламаносава.


Абсталяванне энергацягніка і дызельнай працавала тады на знос. Магчымасці праводзіць рамонтныя работы на іх былі абмежаваны з-за дэфіцыту магутнасці.

Вельмі напружаным быў 1953 г., калі ўвесь час практыкаваліся змушаныя графікі абмежавання нагрузак, перасоўныя графікі выхадных дзён спажыўцоў.

Недахоп магутнасці перакрываўся часткова сілавымі ўстаноўкамі спажыўцоў. Дэфіцыт водпуску электраэнергіі складаў 165,8 тысяч кВт/г, ці 2,1% гадавой выпрацоўкі.

Поўным ходам ішлі работы па будаўніцтве Лідскай ЦЭЦ. На пляцоўку паступалі абсталяванне і матэрыялы, пачаліся мантажныя работы. Была ўведзена першая артэзіянская свідравіна № 1.

Калектыў Лідскай ЦЭЦ быў занесены на гарадскую Дошку пашаны ў гонар 36-х угодкаў Вялікага Кастрычніка.

Рашэннем выканкама абласнога Савета дэпутатаў працоўных і абкама КПБ за датэрміновае выкананне плану 1-га квартала 1953 г. на абласную Дошку пашаны занесена Лідская электрастанцыя (дырэктар Пракопчык Н. І.). План быў выкананы на 118,1%. Зэканомлена 37,7 тон умоўнага паліва, прадукцыйнасць працы павялічылася на 2%.

Загадам Галоўэнергакіравання пры СМ БССР № 120 ад 26 траўня 1953 года галоўным інжынерам станцыі прызначаецца Даронін Зміцер Ніканавіч. Гэта быў дасведчаны і рашучы кіраўнік, які адважна ішоў на неардынарныя рашэнні і вельмі цвёрда кантраляваў іх выкананне.

У 1954 годзе былі завершаны асноўныя работы па будаўніцтве новай электрастанцыі, і Лідская ЦЭЦ перадаецца ў падначаленне ГЭК пры СМ БССР.

Набор персаналу, яго навучанне практычным метадам кіравання энергаабсталяваннем катлоў, турбін і дапаможным абсталяваннем мелі вырашальнае, жыццёва важнае значэнне, і з гэтай задачай кіраўніцтва новай ЦЭЦ справілася паспяхова. Да пуску абсталявання ўсё было гатова.

25 снежня 1954 г., у гістарычны для энергетыкаў Лідскай ЦЭЦ дзень і быў зроблены выпрабавальны пуск Лідскай ЦЭЦ. Да працы былі падрыхтаваны катлааграгат ст. № 1 ТП-35 з гарэльняй Шаршнёва для працы на фрэзерным торфе і турбіна ст. № 2 фірмы АЕГ АТ- 2,5 МВт з адборам пары 3,5 ат.

Рукатворное цуда, створанае працай, талентам і неймавернымі высілкамі рабочых і інжынераў, адбылося - Лідская ЦЭЦ уступіла ў шыхт дзейных. Горад Ліда ўпершыню атрымаў электраэнергію ад уласнай ЦЭЦ.

У 1954 г. былі завершаны ўсе асноўныя работы па будаўніцтве новай электрастанцыі, і Лідская ЦЭЦ перадаецца ў падначаленне Галоўэнергакіравання пры Савеце Міністраў БССР.

Адміністрацыя ЦЭЦ прыступіла да набору і камплектацыі кіравання, цэхаў і аддзелаў персаналам.

Так адным з першых прынятых на ЦЭЦ быў галоўны інжынер Даронін Зміцер Ніканавіч, прызначаны загадам ГЭК пры СМ БССР № 120 ад 26 траўня 1953 г.


Даронін З.Н. нарадзіўся 12 траўня 1920 г. у в. Абухава Аршанскага раёна Віцебскай вобласці.

У 1940 г. ён скончыў Віцебскі энергетычны тэхнікум і атрымаў прафесію тэхніка-цеплатэхніка. Пасля заканчэння вучобы накіраваны на Брэсцкую ЦЭЦ на пасаду дзяжурнага інжынера.

У красавіку 1941 г. быў прызваны ў шэрагі Чырвонай Арміі. Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне ў 959-ым асобным батальёне сувязі 106-га стралковага корпуса 60-й арміі 1-га Ўкраінскага фронту да канца вайны.

Дэмабілізаваўся з войска ў 1946 годзе і вярнуўся працаваць на Брэсцкую электрастанцыю начальнікам катлатурбіннага цэха.

З 1951 г. па 1953 г. працаваў галоўным інжынерам Маладзечанскай электрастанцыі да пераводу на Лідскую ЦЭЦ.

У 1956 г. Дороніна З.Н. пераводзяць дырэктарам Бабруйскай ЦЭЦ.

У 1958 г. Дароніна пераводзяць на Светлагорскую ЦЭЦ начальнікам КЦЦ (Васілевіцкая ДРЭС).

Да выходу на пенсію Даронін З.Н. працаваў начальнікам кіслотнага цэха Светлагорскага ПА "Хімвалакно"

Памёр у 2007 годзе.


Скончыўшы службу ў Ваенна-марскіх сілах, з Менскай вобласці на Лідскую ЦЭЦ накіраваны працаваць Голуб Віктар Іванавіч 1929 года нараджэння. На Лідскай ЦЭЦ ён працаваў з 18 лістапада 1954 г. на пасадзе турбамашыніста па 2 студзеня 1969 года. Скончыў Маладзечанскі энергатэхнікум, атрымаў прафесію тэхнік-цеплатэхнік.

З 2 студзеня 1969 г. па 1 верасня 1985 года займаў пасаду начальніка КЦЦ.

У 1985 г. В.І. Голуб выйшаў на заслужаны адпачынак.

Працягваў працаваць машыністам вадагрэйных катлоў, перадаючы досвед маладым спецыялістам. Але падступная хвароба бязлітасна пераследвала яго, і ён пайшоў з жыцця ў 1999 годзе.


Скончыўшы Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці інжынера-цеплаэнергетыка ЦЭЦ, з Менска ў Ліду прыбыў Шаманоўскі Віктар Іванавіч. Гэта было ў жніўні 1956 г. Прызначаны на пасаду начальніка КЦЦ Лідскай ЦЭЦ і працаваў да 1 лютага 1961 г. Шмат слаўных спраў пакінуў В.І. Шаманоўскі на Лідскай ЦЭЦ.

У 1961г. Шаманоўскага В.І. пераводзяць дырэктарам на Магілёўскую ЦЭЦ (1961 - 1963 гг.), галоўны інжынер Бабруйскай ЦЭЦ (1963 - 1966 гг.), дырэктар Бабруйскай ЦЭЦ (1966 - 1967 гг.). З 1967 года Шаманоўскі В.І. - дырэктар "Белэнергарамонту" (19.07.1967- 1973 г.).

І далейшая яго праца ў бурнай дзейнасці. Ён пачаў будаўніцтва першай атамнай электрастанцыі, але пабудаваць яе не ўдалося.

На месцы АЭС у гарадку Дружны ён будаваў цеплавую электрастанцыю.

Падступная хвароба заўчасна падкасіла яго. Пайшоў з жыцця, працуючы дырэктарам ЦЭЦ-5 у 1997 годзе.


Пасля выпрабавальнага пуску кацёл № 1 і турбіна № 2 былі спынены для выпраўлення выяўленых падчас апрабавання дэфектаў і недаробак. Ухіліўшы асноўныя з іх, катлааграгат № 1 і турбагенератар № 2 былі ўключаны ў наладкавую эксплуатацыю.

З 20 студзеня 1955 г. горад Ліда пачаў увесь час атрымліваць ад Лідскай ЦЭЦ электраэнергію. Дзень пуску ЦЭЦ калектыў прадпрыемства па праве лічыць Днём нараджэння ЦЭЦ і штогод яго адзначае.

З пускам ЦЭЦ зноў былі асветлены вуліцы нашай старажытнай Ліды. "Горад радаваўся, - успамінае першы дырэктар Пракопчык Мікалай Іванавіч. - Дзякуючы ўводу Лідскай ЦЭЦ прамысловую электраэнергію атрымалі завод "Лідсельмаш", абутковая фабрыка, завод электравырабаў, млын і іншыя прадпрыемствы.

У гэты вечар народ выйшаў на асветленыя вуліцы, усюды гарэла святло ў дамах. Ажыло сэрца горада - электрастанцыя".

Загадам № 18 ад 29 студзеня 1955 г. электрастанцыя атрымала сваю назву як цеплаэнергацэнтраль - Лідская ЦЭЦ.

Новая электрастанцыя мела наступную цэхавую структуру:

Кіраванне:

дырэктар Пракопчык М.І.

галоўны інжынер Даронін З.Н.

начальнік АКС-а Гінсбург Л.З.

інжынер па эксплуатацыі Хрышчановіч Н.Н.

дзяжурныя дыспетчары станцыі: Акалаў Е.К., Асіпчык С.І., Златагурскі І.Ф., Аскерка Р.Л., Файбусовіч М.С.

ст. бухгалтар Губанава Р.Б.

нач. забеспячэння Чорнагалаў І.Р.

нач. паліватранспартнага цэха Сідар Н.А.

нач. кацельнага цэха Івашка Н.А.

нач. турбіннага цэха Таванкоў В.В.

нач. электрацэха Татур В.С.

нач. хімводаачысткі Ермачкова Н.І.

нач. цеплаэлектралабараторыі Турчановіч В.І.

нач. мехмайстэрні Туруткін І.В.

нач. цэха электрасетак Селіванаў Ф.П.

нач. абанентнага аддзела Марчукевіч І. Ф.

На тэрыторыі Лідскай ЦЭЦ у 1954 г. размяшчаліся - галоўны корпус, палівападача з драбільным аддзяленнем і прыёмна-разгрузным прыстасаваннем, чыгуначная гаспадарка са складам торфу, 100-тонавыя вагонныя вагі, чыгуначны кран ПК-6, сістэма артэзіянскага водазабеспячэння з трыма свідравінамі ст. № 1, 2, 3 (ранейшая СКВ № 2 у наш час дэмантавана), помпавая станцыя 2-га ўздыму вады з двума падземнымі рэзервуарамі па 400 куб. м, капежная градзірня плошчай абрашэння 400 кв. м, цагляны дымавы комін вышынёй 60 м, механічная майстэрня, матэрыяльны склад, гараж на 3 машынамесцы, попелаадвал з вузкакалейкай для ручнога вагоначнага выдалення попелу, дызельная, распальная мазутная станцыя, будынак канторы і прахадная.

Да галоўнага корпуса прыбудавалі блок, дзе размясціўся галоўны шчыт кіравання, акумулятарная батарэя, падзараднае прыстасаванне. Да фасада галоўнага корпуса быў прыбудаваны блок побытавых памяшканняў на 1-м паверсе і службовых на 2-м паверсе. З паўночнага боку, дзе размяшчалася абсталяванне хімводападрыхтоўкі, знаходзілася бакавая гаспадарка, дымавы комін вышынёй 60 м.

Да турбіннага цэха было прыбудавана закрытае размеркпрыставанне 6 кВ, трансфарматары ўласных патрэб.

Усе сілы калектыва былі накіраваны ў той час на асваенне абсталявання новай ЦЭЦ, на ўхіленне дэфектаў і недахопаў, на ўкараненне аўтаматыкі і механізацыю вытворчых працэсаў.

У 1955 г. была ўкаранёная электрамеханічная аўтаматыка ЦКЦІ на дэаэраторнай устаноўцы (ДС-75 2 шт.), зняты дзяжурныя па дэаэратарах. Удалося правесці комплексныя мерапрыемствы па забеспячэнні ўстойлівай працы катлоў ТП-35 пры нізкіх нагрузках парадку 10-15 т/г.

Загадам ГКЭ пры СМ БССР № 59 ад 23.04.1955 г. на пасаду дырэктарав Лідскай ЦЭЦ прызначаецца Ю.Д. Белаев, а ранейшы пераводзіцца на Ровенскую ЦЭЦ.

Заслугі калектыва былі годна ацэнены кіраўніцтвам. У загадзе за № 110 ад 18.06.1955 г. начальніка Галоўэнергакіравання пры СМ БССР т. Бразгоўкі і загадзе дырэктара Лідскай ЦЭЦ Белаева Ю.Д. № 149 ад 5.08.1955 г., "За дасягнутыя поспехі ў сацспаборніцтве і актыўны ўдзел у выкананні мантажных і будаўнічых работ, на падставе загаду начальніка ГЭК пры СМ БССР № 110" быў прэміяваны і заахвочаны шэраг працаўнікоў ЦЭЦ.

Загадам начальніка ГКЭ пры СМ БССР № 251 ад 19.11.1955 г. на пасаду дырэктара Лідскай ЦЭЦ прызначаны Кунцікаў Аркадзь Сямёнавіч.

Кунцікаў Аркадзь Сямёнавіч нарадзіўся 8 студзеня 1913 г. у в. Ваўкоўшчына Горыцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сям'і селяніна.

У 1928 г. скончыў 7 класаў школы ў г. Горкі.

З 1928 г. па 1931 г. вучыўся ў Віцебскім механіка-энергетычным тэхнікуме. Пасля заканчэння тэхнікума атрымаў спецыяльнасць механіка- электрыка (дыплом Э № 6859).

Па накіраванні працаваў у г. Менску ў "Белсельэлектра" трэста УТЭСГ майстрам. Затым прарабам па электрафікацыі ў саўгасе "Фаніпаль" і іншых МТС Дубровенскім, Любаньскім і ў іншых раёнах Менскай вобласці.

У 1931 г. паступіў на завочнае аддзяленне Маскоўскага энергетычнага інстытута на электраэнергетычны факультэт, дзе правучыўся да 10 траўня 1935 г. і скончыў 4 курсы. Завяршыць навучанне яму не ўдалося, бо бацька Кунцікава А.С. быў раскулачаны і разам з сям'ёй высланы ў Сібір, у Кемераўскую вобласць Анжэра-Суджанскі раён. З інстытута Аркадзь Сямёнавіч быў выключаны з правам аднаўлення на вучобу толькі праз 3 гады.

20 траўня 1935 г. па спецнаборы быў прызваны ў Чырвоную Армію і залічаны курсантам бранетанкавай вучэльні ў г. Бабруйску пры ваеннай акадэміі механізацыі і матарызацыі арміі. Вучыўся ў мястэчку Кісялевічы Бабруйскага раёна. Пасля заканчэння ББВ ў 1936 г. паводле загаду № 90 ад 19.02.1936 г. БВА і НКА Кунцікаву А.С. было прысвоена званне "ваентэхнік ІІ-га рангу".

З лютага 1936 г. па канец 1937 г. знаходзіўся на службе ў 16-ай танкавай брыгадзе БВА на пасадзе памочніка камандзіра танкавай роты БТ-7 па тэхнічнай частцы.

Пасля дэмабілізацыі з войска працягваў працу ў народнай гаспадарцы Беларусі.

З ліпеня 1937 г. па кастрычнік 1939 г. працаваў прарабам у "Белэнергабудзе" на будаўніцтве Мазырскага ДРЭС Гомельскага мантажнага ўчастка, галоўным энергетыкам Крычаўскага цэментавага завода.

З канца 1939 г. па 23 чэрвеня 1941 г. працаваў у Менску ў "Белэнергапраектбудзе" інжынерам электратэхнічнай лабараторыі Галоўэнергакіравання Савета народных камісараў камунальнай гаспадаркі БССР.

На пачатку вайны Кунцікаў А.С. быў прызваны ў войска ў Крычаўскім райваенкамаце і накіраваны ў 55-ае аддзяленне палка сувязі 13-ай дзейнай арміі Цэнтральнага фронта.

З 4 ліпеня 1941 г. па травень 1943 г. служыў у званні ваентэхніка 1-га рангу, а затым ваенінжынера 1-га рангу ў званні інжынера-капітана на пасадах ад начальніка зарадна-генератарнай станцыі да інжынера армейскага вузла сувязі той жа арміі, толькі пераназванай у Бранскі фронт. А з верасня 1943 г. па люты 1945 г. быў начальнікам сувязі 16-ай аўтамабільнай брыгады Першага Ўкраінскага фронту. Загадам Ваеннага Савета 1-га Ўкраінскага фронту № 380 ад 5.05.1944 г. яму было прысвоена званне інжынер-маёр.

У складзе Першага Ўкраінскага фронту Кунцікаў А.С. браў удзел у Львоўска-Сандамірскай аперацыі і вызваленні Заходняй Украіны, затым Польшчы, Чэхаславакіі, Усходняй Германіі. Пад Кенігсбергам быў паранены ў грудзі. У канцы вайны служыў памочнікам начальніка базы НКА № 3594 па тэхнічнай частцы, а затым начальнікам электратэхнічнага аддзела кіравання базы НКА № 3603, якая займалася вывазам з вызваленых краін трафейнага энергетычнага абсталявання, дзе і праслужыў да верасня 1946 г. Дэмабілізаваўся, жыў і працаваў у Львове.

Затым, па яго просьбе, быў выкліканы ў Галоўэнерга Рэспублікі Беларусь.

Са снежня 1948 г. па красавік 1949 г. працаваў дырэктарам Бабруйскай электрастанцыі, а з красавіка 1949 г. па травень 1954 г. дырэктарам Маладзечанскай ЦЭЦ Галоўэнергакіравання пры Савеце Міністраў БССР.

З траўня 1954 г. па лістапад 1955 г. Кунцікаў А.С. - начальнік Маладзечанскага аблэнерга. Ён быў першым начальнікам аблэнерга. Пад яго кіраўніцтвам за кароткі час быў створаны невялікі, але працаздольны калектыў, які ўзяў пад апеку шматлікія дробныя электрастанцыі з неразвітымі нізкавольтнымі электрычнымі сеткамі ў райцэнтрах вобласці. Маладзечанскаму аблэнерга былі тады перададзены ў падначаленне наступныя электрастанцыі і сеткі: Глыбоцкая, Ашмянская, Дзяржынская, Вілейская, Заслаўская, Лагойская, Уздзенская, Радашковіцкая, Астравецкая, Валожынская, Міёрская і інш.

З 19 лістапада 1955 г. Кунцікаў А.С. стаў дырэктарам Лідскай ЦЭЦ.

Ішоў час, рос горад, развівалася яго прамысловасць. З 1952 г. у Лідзе пачынае выпуск сваёй прадукцыі новы малочна-кансервавы завод - першая буйная новабудоўля горада за паваенны перыяд. Вядуцца маштабныя работы па пашырэнні і рэканструкцыі такіх адноўленых пасля вайны прадпрыемстваў, як "Лідсельмаш", абутковая фабрыка, завод электравырабаў, хлебакамбінат, мясакамбінат, піўзавод, камбінат харчовых канцэнтратаў і іншыя.

Неабходнасць у электраэнергіі расла і за межамі нашага горада. З'явілася запатрабаванне ў цеплаэнергіі адабранай парай 3,5 ата 175°С.


Начальнікам ПТА ў 1955 г. прызначана Шчыцына Н.М., начальнікам паліўна-транспартнага цэха - Самошын В.П.

У 1-ым квартале 1955 г. у г. Лідзе працавала арандаваная электрастанцыя малочна-кансервавага завода. Кіраваў працай майстар кацельнага цэха Дашчынскі Н.І.


У 1956 г. Савет Міністраў БССР прымае рашэнне пра цеплафікацыю г. Ліды, што дае пачатак будаўніцтву цеплатрасы па вул. Савецкай.

Вось яго змест:

"Савет Міністраў Беларускай ССР.

Распараджэнне № 694-р ад 13 чэрвеня 1956 г., г. Менск

У мэтах развіцця цеплафікацыі г. Ліды Гарадзенскай вобласці абавязаць:

1. Галоўэнергакіраванне пры Савеце Міністраў БССР (т. Бразгоўка):

а) забяспечыць выкананне ў 1956 г. работ па пракладцы цеплавода на галаўным участку ад Лідскай ЦЭЦ да Савецкай вуліцы;

б) уключыць у план капітальных работ на 1957 год пракладку цеплавода ад завода харчовых канцэнтратаў да школы № 8 па вул. Савецкай;

2. Міністэрства мясцовай прамысловасці БССР (т. Самяніха):

выканаць у 1956 г. работы па пракладцы цеплавода ад Лідскай ЦЭЦ да завода сельгасмашын, з пераводам апошняга на цеплазабеспячэнне ад Лідскай ЦЭЦ.

3. Белдзяржпраект (т. Кандратовіч):

зрабіць працоўныя чарцяжы цеплатрасы ад Лідскай ЦЭЦ па вул. Савецкай да школы № 8 за кошт лімітаў Галоўэнергакіравання пры Савеце Міністраў БССР і дадаткова на 25 тыс. руб. у межах агульнага аб'ёму работ на 1956 г. у тэрміны паводле Дадатку.

4. Міністэрства гарадскога і сельскага будаўніцтва БССР (т. Красіна):

выканаць у 1/XIІ-56 г. падрадныя работы па дамовах з Галоўэнергакіраваннем пры Савеце Міністраў БССР і Міністэрствам мясцовай і паліўнай прамысловасці БССР на пракладку цеплавода ад Лідскай ЦЭЦ да завода сельгасмашын.

5. Міністэрства прамысловасці харчовых тавараў БССР (т. Шаўрова):

прадугледзець у плане работ на 1957 год неабходныя капукладанні на пракладку цеплавода па вул. Савецкай ад завода сельгасмашын да завода харчовых канцэнтратаў з адгалінаваннем на піўзавод і перавод заводаў піваварнага і харчовых канцэнтратаў на цеплазабеспячэнне ад Лідскай ЦЭЦ.

6. Выканкам Лідскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных (т. Шайтараў): аказваць усялякую дапамогу ў будаўніцтве I чаргі цеплатрасы ў г. Лідзе, а таксама ў арганізацыі падрыхтоўкі спажыўцоў і іх долевага ўдзелу ў далейшай цеплафікацыі г. Ліды.

М. П. Старшыня Савета

Міністраў Беларускай ССР К. Мазураў."

Першым будаўніком цеплавых сетак быў прараб трэста № 19 Логаш В.М., мантажныя працы вёў Жданаў С.І. Паспяховай здачы цеплаправодаў спрыяла якасная зварка электрагазазваршчыка Адамава Н.К. і яго падручнага Паўлюкевіча П.І.

На тэрыторыі ЦЭЦ вялося будаўніцтва галаўнога ўчастка цеплатрасы дыяметрам 400 мм па вадзе і 325 мм па пары. Па вул. Савецкай ажыццяўлялася будаўніцтва цепласеткі даўжынёй 1,7 км для цеплазабеспячэння парай і гарачай вадой заводаў "Лідсельмаш", электравырабаў, піўзавода і камбіната харчовых канцэнтратаў, а таксама прылеглага да трасы жылога сектара горада, які ў той час будаваўся.

Агульнабудаўнічыя работы вяліся будаўнічым мантажным кіраваннем № 1 трэста № 10 Міністэрства гарадскога і сельскага будаўніцтва БССР, а мантаж трубаправодаў вяло БМК-7 трэста "Белсантэхмантаж" гэтага ж міністэрства.

23.02.1956 г. быў пабудаваны першы парапровад дыяметрам труб 200 мм, даўжынёй 660 м і пададзена пара на абутковую фабрыку і завод "Металашырспажыў" (завод электравырабаў), а ў лістападзе да парапроваду быў падключаны і птушкакамбінат.

Ужо ў 1956 г. электрычны максімум дасягнуў 3300 кВт, пры ўстаноўленай магутнасці новай ЦЭЦ 4200 кВт. Менавіта тады і далёка не выпадкова ў дырэктара ЦЭЦ Кунцікова А.С. узнікла ідэя ўсталяваць яшчэ адну турбіну.

У лістападзе 1955 года быў распрацаваны тэхнічны праект усталёўкі турбагенератара ст. № 3 менскім аддзяленнем ДСПІ "Прамэнергапраект", які прадугледжваў пашырэнне ЦЭЦ усталёўкай турбагенератара АП-6 магутнасцю 6000 квт. У наступным 1956 г. былі пачаты работы па будаўніцтве падмурка і мантажы турбагенератара чэшскай вытворчасці.

Адначасова, у мэтах забеспячэння больш надзейнага электразабеспячэння горада і ў мэтах цэнтралізацыі і стварэння адзінай энергасістэмы, у снежні месяцы 1956 г. была збудавана часовая падстанцыя 6/35 кВ і ЛЭП-35 кВ Ліда-Шчучын. На павышальнай падстанцыі быў усталяваны адзін трансфарматар ТМ-1000/35, які быў уключаны ў работу 27 снежня 1956 г.

18 верасня 1956 г. быў дэмантаваны дызель-генератар "Вартынгтон" і перададзены Рэчыцкай электрастанцыі.

Калектыў Лідскай ЦЭЦ у 1956 годзе выканаў вялікі аб'ём работ па мадэрнізацыі і аўтаматызацыі ўсталяванага абсталявання. Так, былі змантаваны і ўведзены ў эксплуатацыю шахтавыя млыны ШМА-1300/944, аўтаматыка сілкавання катлоў, аўтаматычнае рэгуляванне напругі генератараў, аўтаматычнае ўключэнне рэзерву трансфарматараў уласных патрэб і акумулятарнай батарэі, АПВ ліній 6 кВ; арганізавана дыстанцыйнае кіраванне накіравальнымі апаратамі вентылятараў і дымасмокаў катлоў; выканана блакаванне механізмаў палівападачы; пераведзена сілкаванне электраэнергіяй прадпрыемстваў "Нарыхтзбожжа", "Птушкакамбінат" і іншых спажыўцоў з 0,4 кВ на 6 кВ, змантаваны кампрэсар для абдзімання апаратуры, і праведзены шэраг іншых работ.

Загадам № 280 ад 10 чэрвеня 1956 г. вызвалены ад пасады галоўнага інжынера ЦЭЦ Даронін З.Н. і пераведзены ў распараджэнне Галоўэнергакіравання пры СМ БССР, а 12 чэрвеня 1956 г. на пасаду галоўнага інжынера прызначана Шчыцына Н.М. Начальнікам ПТА стаў Хрышчановіч Н.Н., гал. бухгалтарам прызначаны Чавускін Г. Г.

25 сакавіка 1957 г. уведзены ў эксплуатацыю турбагенератар ст. № 3 АП-6 магутнасцю 6000 кВт, 3000 пра/хвіл, параметры пары 35 аті і 435°С, з адборам пары 4-6 ата ў колькасці 45 т/гадзіну.

Першая чарга Лідскай ЦЭЦ завершана. Усталяваная магутнасць электрастанцыі дасягнула запланаванага ўзроўню - 10,2 МВт электрычнай і 45 Гкал/гадзіну цеплавой энергіі. Станцыя працавала ізалявана.

Тым часам перад энергетыкамі ставіцца новая задача - стварыць Заходнюю энергасістэму, аб'яднаўшы тры малыя электрастанцыі рэгіёна: Лідскую ЦЭЦ магутнасцю 10,2 МВт, Гарадзенскую ЦЭЦ магутнасцю 8,55 МВт і Роскую ЦЭЦ магутнасцю 9,4 МВт.

У адпаведнасці з Пастановай СМ БССР за №321 ад 3. 06. 57 г. "Пра далейшую рэарганізацыю кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам у БССР" з 1 ліпеня 1957 года ўтворана Кіраванне Энергетыкі Саўнаргаса БССР, у падначаленне якога і пераходзіць Лідская ЦЭЦ.

Загадам начальніка Галоўэнергакіравання пры СМ БССР № 110 ад 7 чэрвеня 1957 г. цэх электрасетак і абанентны аддзел з 5 ліпеня 1957 г. вылучаюцца са складу Лідскай ЦЭЦ і перадаюцца Гарадзенскім абласным электрасеткам. Так утвараюцца Лідскія гарадскія электрасеткі і ўчастак Энергазбыту.

Для стварэння Заходняй энергасістэмы праводзіліся работы па будаўніцтве ЛЭП-35 кВ Ліда-Шчучын-Гародня-Сапоцкін і работы па замене і рэканструкцыі падстанцыі 6/35 кВ пры Лідскай ЦЭЦ. На падстанцыі замест аднаго трансфарматара ТМ-1000/35 былі ўсталяваны два трансфарматара ТМ-3200/35 і два фідары.

Першапачаткова Лідская ЦЭЦ забяспечвала па ЛЭП Дакудаўскае торфапрадпрыемства "40 гадоў БССР", шклозавод "Нёман" і горад Наваградак. Адначасова працягваліся работы па замене трансфарматараў ТМ-3200/35 кВА на трансфарматары ТМ-5600/35, пасля ўсталёўкі якіх Лідская ЦЭЦ стала працаваць у паралелі з Гарадзенскай ЦЭЦ.

З 5 красавіка 1958 г. у адпаведнасці з распараджэннем Кіравання энергетыкі СНГ БССР на Лідскай ЦЭЦ утвораны цеплавая і электрычная лабараторыі. Начальнікам цеплавой лабараторыі прызначаны Якушак М.А., электрычнай - Звяроўскі П. С.

Паводле загаду начальніка Кіравання энергетыкі Саўнаргаса БССР Бацвінніка Я.К. за № 91/к ад 26 чэрвеня 1958 г. галоўным інжынерам Лідскай ЦЭЦ прызначаецца Чыжонак І.І.

У чэрвені 1958 года на пасаду галоўнага бухгалтара Лідскай ЦЭЦ прызначаны Шыловіч Уладзімір Раманавіч.


Уладзімір Раманавіч Шыловіч нарадзіўся 1 красавіка 1923 г. у в. Кублішча Слуцкага раёна Менскай вобласці, беларус.

З 4 кастрычніка 1943 г. да 1 ліпеня 1944 г. удзельнічаў у партызанскім руху. З 1 жніўня 1944 г. у шэрагах Савецкай Арміі браў удзел у вызваленні Беларусі, Польшчы, Германіі. 4 лютага 1947 г. дэмабілізаваны ў званні сяржанта, узнагароджаны мадалямі "За Перамогу над Германіяй 1941-1945 гг.", "Партызану ВАВ II ступені".

У 1948 г. скончыў спецшколу бухгалтараў у г. Менску. У 1951 г. паступіў на Вышэйшыя курсы па гандлі ў г. Львове і скончыў іх у 1954 г., пасля чаго працаваў гал. бухгалтарам у ГППГ г. Ліды.

З 23 верасня 1958 г. Шыловіч В.Р. - гал. бухгалтар Лідскай ЦЭЦ. Узнагароджаны медалём "За доблесную працу".

Трагічна загінуў у снежні 1972 года.

Гэта быў працавіты, сумленны чалавек, карыстаўся велізарнай павагай усяго калектыва Лідскай ЦЭЦ.

1 траўня 1959 г. перад працаўнікамі ўпершыню выступіў з канцэртам калектыў мастацкай самадзейнасці Лідскай ЦЭЦ.

Была шырока разгорнутая спартовамасавая работа. Каманды ЦЭЦ выступалі ў горадзе па ўсіх відах спартовых спаборніцтваў, якія праводзяцца саветам таварыства "Чырвоны Сцяг". За актыўны масавы ўдзел спартоўцаў Лідскай ЦЭЦ у гарадскіх і абласных спаборніцтвах прадпрыемства было ўзнагароджана Ганаровай граматай.

Футбольная каманда ў 1958-59 гг. займала 1-е месца па горадзе і ІІ-е месца па абласным савеце "Чырвоны Сцяг". Паспяхова выступалі лёгкаатлеты, стралкі, валейбалісты.

У лістападзе месяцы 1959 года была ўтворана Заходняя энергасістэма Гародня-Рось-Ліда. Да падстанцыі ў г. Лідзе падключана ЛЭП-35 кВ Ліда-Воранава. Лідская ЦЭЦ увайшла ў паралельную працу з Гарадзенскай, Роскай ЦЭЦ, Мастоўскай электрастанцыяй, электрастанцыяй Скідальскага цукровага завода, што мела вялікае значэнне для забеспячэння народнай гаспадаркі электрычнай энергіяй.

У тым жа 1959 г. Лідская ЦЭЦ была занесена на абласную Дошку Пашаны за дасягненне высокіх паказчыкаў у працы калектыва за 9 месяцаў.

У канцы 1959 г. уводзіцца ў эксплуатацыю параправод да камбіната харчканцэнтратаў, а ў студзені 1960 г. - бойлерная ўстаноўка і 1,72 км цеплатрасы.

У 1960 г. быў заменены фізічна састарэлы турбагенератар "Сіменс-Шукерт" АТ-1,7 МВт на турбагенератар фірмы АЕГ-2,5 Мвт. Рэканструявана гарэльнае прыстасаванне на катлаагрэгаце ст. № 1 ТП-35 для спальвання торфу ў тонкіх струменях.

Завяршылася будаўніцтва градзірні № 2 з плошчай абрашэння 700 кв.м, быў пракладзены параправод ад ЦЭЦ да мясакамбіната даўжынёю 450 м і дыяметрам 200 мм. Паліўна-транспартны цэх атрымаў новы паравоз 9П для замены адслужыўшага свой тэрмін ОВ. Па вул. Суворава быў здадзены навасёлам 2-кватэрны жылы дом.

Адмысловы ўнёсак зрабілі ў 1960 г. рацыяналізатары Лідскай ЦЭЦ, якія заваявалі першае месца па аглядзе рацыяналізатарскай работы сярод калектываў прадпрыемстваў Кіравання энергетыкі Саўнаргаса БССР, за што калектыву была прысуджана Пастановай Саўнаргаса БССР за № 48 ад 25.03.1961 г. першая прэмія ў памеры 300 рублёў.

У 1960 г. уведзена ў эксплуатацыю цепламагістраль № 1 і адвод цепласеткі на мясакамбінат.

У 1961 годзе было працягнута будаўніцтва цеплатрасы па вул. Савецкай да школы № 8 (цяпер музкаледж), што дазволіла ўвесці ў эксплуатацыю 480 м цеплавых сетак. Агульная працягласць параправодаў складала на той час 2,52 км, з іх трубаправодаў сеткавай вады - 2,2 км. Максімум цеплавой нагрузкі дасягнуў 12,7 Гкал/гадзіну. Цеплавыя сеткі працягвалі развівацца: У 1962 годзе ўводзяцца ў эксплуатацыю яшчэ 0,43 км трубаправодаў у двухтрубным вылічэнні, праводзяцца мерапрыемствы па павелічэнні цеплавой магутнасці, надзейнасці і эканамічнасці працы Лідскай ЦЭЦ.

У 1963 годзе ўведзены ў эксплуатацыю шламаадвал, помпавая і шламаправод. Ручная праца выдалення попелу ваганетачным спосабам заменена на механічнае гідрапопелаўдаленне.

Шмат зроблена Кунцікавым А.С. па павелічэнні магутнасці ЦЭЦ. Ім зменены праект ЦЭЦ, прапанавана ўсталяваць трэцюю турбіну АП-6, магутнасцю 6 МВт, у выніку чаго магутнасць ЦЭЦ павялічылася да 10,2 МВт. Мадэрнізавана абсталяванне, ліквідаваны ручная праца па ваганетачным выдаленні попелу. ЦЭЦ пераведзена на гідрапопелаўдаленне. Былі аўтаматызаваны і многія іншыя працэсы.

Менавіта пад кіраўніцтвам Кунцікава А.С. ажыццяўляўся пачатак цеплафікацыі г. Ліды.

Этапы рэканструкцыі Лідскай ЦЭЦ

1964 г. Пачата будаўніцтва другой чаргі ЦЭЦ. Уведзены ў эксплуатацыю катлаагрэгат БКЗ-75-39 ФБ прадукцыйнасцю 75 т/г, Р = 39 атм, tпп = 450 С. Пашырана хімводаачыстка да 65 т/г вычышчанай вады з дэкарбанізатарам. Уведзены ў эксплуатацыю РОУ-40\6 № 1, Дп = 40 т/г. Уведзена ў эксплуатацыю цепламагістраль № 3 паравая і вадзяная. На ЦЭЦ арга-нізаваны ўчастак цеплавых сетак.

1965 г. Уведзена ў эксплуатацыю РОУ-40\6 №2, Дп = 40 т/г. ЛЦЭЦ падключана двума кабелямі да паўночнай падстанцыі. Часовая падстанцыя дэмантавана.

1966 г. Уведзена ў эксплуатацыю цепламагістраль № 2.

1967 г. Дэмантаваны турбагенератар № 2 АГ-2,5 АЕГ і градзірня № 1. Магутнасць ЦЭЦ стала 8,5 МВт. Турбіна № 3 пераведзена на рэжым пагоршанага вакууму. Уведзена ўстаноўка абезжалезвання кандэнсату з вытворчасцяў.

1968 г. Уведзена ў эксплуатацыю цепламагістраль № 5 даўжынёй 1000 м. Пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю клуб "Энергетык". Зроблена рэканструкцыя склада магнезіту пад базу цеплавых сетак.

1969 г. Уведзена ў эксплуатацыю ўчастак цепламагістралі даўжынёй 960 м. Задзейнічаны дэаэратар падсілкоўвання цеплавых сетак.

1970 г. Пачата трэцяя чарга пашырэння ЦЭЦ. Пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю комін № 2 h = 60 м. Уведзены ў эксплуатацыю катлаагрэгат № 4 БКЭ-75-39 ФБ, Дп = 75 т/ч, t = 450 c, Рп = 39 атм. Уведзены дэаэратары № 3 і № 4, падагравальнікі сеткавай вады № 1 і № 2, РОУ № 4.

1971 г. Выканана сувязь паміж цепламагістралямі № 1 і № 5 па вуліцы Чапаева.

1972 г. Пабудаваны адміністрацыйны корпус ЦЭЦ. Уведзена ў эксплуатацыю мазутная ёмістасць 2000 м 3. Пачаты працы па пераводзе ЦЭЦ на спальванне мазуту. Перавод катлоў на 30% спальванне мазуту.

1973 г. Уведзены ў эксплуатацыю 80-кватэрны жылы дом з крамай па вул. Чапаева. Скончана рэканструкцыя цеплавых магістраляў № 3 да завода ЛФЗ.

1975 г. 01.09.1975 г. створана Гарадзенскае прадпрыемства цеплавых сетак. Лідская ЦЭЦ увайшла ў яго склад як структурная адзінка.

1976 г. Зроблены сувязі паміж магістралямі №1 і № 5 па вуліцах Кірава і Ленінскай. Працягвалася праца па прыёмцы на баланс цеплавых сетак ад спажыўцоў.

1977 г. Перавод катлоў Лідскай ЦЭЦ, на спальванне 100% мазуту.

1981 г. Пабудавана мазутапомпавая, мазутны рэзервуар № 1 V=2000 м 3 і № 3 V=3000 м 3.

1982 г. Выканана сувязь паміж цеплавымі сеткамі завода "Оптык" і цеплавымі сеткамі ЦЭЦ. Скончана трэцяя чарга пашырэння ЦЭЦ, усталяваная электрычная магутнасць Nуст.= 8,5 МВт. Цеплавая магут-насць Q=140 Гкал. Даўжыня цеплавых сетак 51,2 км.

1983 г. Чацвёртая чарга. Пачата падрыхтоўка тэрыторыі ЦЭЦ пад будаўніцтва вадагрэйнага катла.

1984 г. Увод у эксплуатацыю вадагрэйнага катла № 5 КВГМ-100. Увод новай мазутапомпавай з эстакадай парамазутаправодаў.

1985 г. Дэмантаж турбагенератара №1 АЕГ-2,5 МВт. Увод у эксплуатацыю мазутнай ёмістасці №3 V=3000 м 3.

1986 г. Пачата пракладка газаправода ад ГРП да ЦЭЦ 7,7 км. Дыяметр 500-400 мм. Увод у эксплуатацыю мазутнай ёмістасці № 4 V=3000 м 3. Будаўніцтва ГРП і эстакады газаправода нізкага ціску.

1987 г. Увод мазутнай ёмістасці № 5 і № 6 па 3000 м 3 кожная. Скончаны і здадзены ў эксплуатацыю газаправод. 19.04.1987 г. газ пададзены на кацёл № 5 КВГМ-100.

1988 г. Увод у эксплуатацыю катла № 6 КВГМ-100 на газе. 19.08.1988 г. пададзены газ на катлаагрэгат № 4 БКЗ-75-39.

10.12.1988 г. пададзены газ на катлаагрэгат №3 БКЗ-75-39. Уведзена ў эксплуатацыю цепламагістраль № 7 з дыяметрам труб 350-273 мм ЦЭЦ-ТП- 191 = 2465 да ЦТП-21 219 даўжынёй 1365 м.

1989 г. Наладка КВГМ-100 № 6 па спальванні газу. Наладка рэжыму працы хімцэха.

1990 г. Юбілейны год, адзначалася 70-годдзе плану ДАЭРЛА. 01.01.1990 г. Лідская ЦЭЦ і РТС выйшлі са складу Гарадзенскага прадпрыемства цеплавых сетак, утварыўшы новую структурную адзінку ПАЭІЭ "Гроднаэнерга" "Лідскія цеплавыя сеткі". Лідскім цеплавым сеткам перададзены функцыі збыту цеплавой энергіі. Выканана рэканструкцыя цепламагістралі № 1 ад ТК-0104 да ТК- 0115 з заменай труб на дыяметр 500 мм.

1991 г. Энергетыкі РБ адзначалі 60-годдзе Беларускай энергасістэмы.

1992 г. Набыты вадавод рачной вады даўжынёй 8,5 км дыяметрам 400 мм у завода "Лідсельмаш".

1993 г. Увод сталовай на 75 месцаў. Працягнуты вадаправод ад "Лідсельмаша" да ЦЭЦ даўжынёй 1 км для атрымання вады з р. Нёман. Рэканструкцыя цепламагістралі № 5 - ЦЭЦ - ТК-0504 дыяметрам 500 мм даўжынёй 1000 м.

1995 г. Рэканструкцыя ТМ № 5 ад ТК-0504 да УТ-7. Цепласетка пракладзена каналам, а ад УТ-7 да УТ-9 безканальна з ужываннем прадізаляваных труб дыяметрам 508x6,3 мм. Пераход параправода праз чыгунку Ліда-Маладзечна на мясакамбінат дыяметр 273 мм даўжыня 91 м. 01.11.1995 г. уведзены ў эксплуатацыю турбагенератар № 1 ІНШ-6\35\10\5\-1 Калужскага турбіннага завода.

1996 г. ЦЭЦ атрымала ваду з ракі Нёман. Арганізаваны ўчастак ГТУ (па абслугоўванні помпавай 2 уздыму і вадавода 9,1 км). Рэканструкцыя цепламагістралі № 5 ад УТ-9 да ТК-0515 508x6,3 мм прадізаляванымі трубамі.

1997 г. Рэканструкцыя цепламагістралі № 5 ад ТК- 0515 да ТК- 0631 400 мм прадізаляванымі трубамі. Укаранёны хеламін для апрацоўкі спажыўной вады паравых катлоў.

1998 г. Уведзена падстанцыя 110\6 кВ. Рэканструкцыя цепламагістралі № 1 ад ТК-0142 да ТК- 0144 прадізаляванымі трубамі дыяметрам 200 мм, даўжыня ўчастка 389 м.

1999 г. Рэканструкцыя цепламагістралі № 1 ад ТК- 0115 да ТК-0119. Рэканструкцыя цепламагістралі № 5 да ЦТП-5.

2000 г. Рэканструкцыя цепламагістралі № 5, усяго 2594 м з ужываннем прадізаляваных труб.

2001 г. Рэканструкцыя цепламагістралі № 7 дыяметр 350 мм, даўжыня 184 м, з ужыванне прадізаляваных труб. Рэканструкцыя магістралі № 1 на ўчастку ад ТК-0115 да ТК-01-120, усяго 2406 м, дыяметр 273 мм.

2002 г. 02.08.2002 прынята на баланс Лідскіх цеплавых сетак кацельня "Нёман". Рэканструкцыя цепласетак ТК-0377-0237; 0119 -0167; 0603 - 0604. Укаранёная гідрамуфта на сеткавай помпе № 5.

2003 г. Створана лабараторыя па паверцы лічыльнікаў цеплавой энергіі і вадамераў халоднай вады.

2004 г. Увод у эксплуатацыю адміністрацыйнага будынка. Рэканструкцыя клуба. Рэканструкцыя сталовай. Рэканструкцыя цепласетак. Падрыхтоўка да 50-гадовага юбілею ЦЭЦ.

2005 г. Уведзены ў эксплуатацыю РЭП на сеткавай помпе № 1 РК "Нёман". Пуск турбаагрэгата № 3 Р-12-35 на ЛЦЭЦ.

2006 г. Укаранёныя пласціністыя ахаладжальнікі выпару дэаэратараў № 3 і № 4.

2007 г. Праведзена рэканструкцыя мазутнай гаспадаркі. Пушчаны ў працу новы паравы кацёл № 2 Е-35. Запуск цеплафікацыйнай устаноўкі з выкарыстаннем пласціністых падагравальнікаў на РК "Нёман".

2008 г. Укараненне газавай турбіны ГТЭ-25/НК з катломутылізатарам. Аўтаматызаваны працэс дазавання хеламіну ў залежнасці ад дадатку хімачышчанай вады ў дэаэратары. Укараненне гідрамагнітнай сістэмы нейтралізацыі жорсткасці зыходнай вады ПАК "Нёман".

2009 г. Заменена 3,653 км цеплавых сетак з ужываннем ПІ- труб.

2010 г. Уведзена ў эксплуатацыю гідрамуфта на ПЭН № 1. Заменена 4,560 км цеплавых сетак з ужываннем ПІ-труб.

2011 г. Рэалізавана схема выкарыстання цяпла адваротнай сістэмы астуджэння рухавікоў для падагрэву сырой вады.

2012 г. Усталявана гідрамагнітная сістэма нейтралізацыі жорсткасці зыходнай вады на ЛЦЭЦ.

2013 г. Укараненне РЭП на сеткавай помпе № 2 турбіннага аддзялення. Уведзены ў эксплуатацыю новы корпус УТАІ. З 01.11.2013 у склад ЛЦС увайшла кацельная "Смаргонь".


Падрыхтаваў да друку Станіслаў Суднік паводле: "60 лет в пути. Лидские тепловые сети", Лідская друкарня, 2014. Укладальнік П.Г. Гардзеёнак. Леанід Лаўрэш. "Ліда ў 1936 - 1939 гг. у люстэрку прэсы", Лідскі летапісец, № 2 (66), красавік-чэрвень 2014 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX