3-5 кастрычніка 2008 года Ліда адзначыла 685 гадоў з дня заснавання. Пасля доўгага змагання на Лідчыну вернута гістарычная праўда, і адлік гадоў горад пачаў весці ад 1323 года, калі Вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі Гедзімін загадаў заснаваць Лідскі замак.
Пра значнасць гэтай падзеі можна коратка сказаць наступнае. Барацьба лідскіх краязнаўцаў за вяртанне сапраўднай даты заснавання горада пачалася адразу пасля 1980 года, калі камуністычныя ўлады ні з таго - ні з сяго прызначылі дату заснавання Ліды на 1380 год. Але саматужных краязнаўцаў 80-х ніхто слухаць не збіраўся, ды і сказаць уголас яны што-небудзь не маглі. Гістарычныя веды пра Ліду, ды і пра Беларусь наогул былі крайне абмежаваныя. Камуністы сышлі. Але і за дзесяць гадоў незалежнай Беларусі ў Лідскім пытанні нічога не змянілася. Хіба што, загаварылі пра тры даты: 1180, 1323 і 1380 гады. Пры гэтым дату 1180 "падагравалі" з адной мэтай - каб не дапусціць наўпроставага сутыкнення датаў 1323 і 1380. Але яно было непазбежнае.
У 1999 годзе выйшаў 9-ты том "Беларускай Энцыклапедыі", дзе напісана: "Датай узнікнення Ліды лічаць 1323 - пачатак будаўніцтва Лідскага замка". Лічаць то лічаць, але хто лічыць? У 2003 годзе гэтае пытанне з усёй вастрынёй было пастаўлена ў "Лідскім летапісцы" (артыкул "Лідзе 680 гадоў"), калі стала зразумелым, што 680-годдзе Ліды ў горадзе ніхто святкаваць не збіраецца. Ды і не сабраліся. У 2004 годзе гэтае пытанне было пастаўлена ўжо на круглым стале паміж грамадскасцю і ўладай. Як бы ўдалося прыйсці да агульнай даты - 1323. І ў тым жа 2004 годзе выйшла кніга "Памяць. Ліда. Лідскі раён". Там запісана: "1323 - Заснаванне Ліды вялікім князем літоўскім Гедымінам". І вось велічнае святкаванне 685-годдзя Ліды ставіць кропку. Адлік ідзе ад 1323 года.
У горадзе праведзены грандыёзны аб'ём работаў па добраўпарадкаваннні, і выкананы яны з вялікім густам і якасцю. Былі задзейнічаны ўсе службы і прадпрыемствы горада. Зроблена столькі, колькі не рабілася ні ў адзін папярэдні год, можа ад Гедзіміна. Чаго варта толькі рэканструкцыя вуліц Энгельса і 1-й Навапрудскай. Праект быў непад'ёмны для гарадскога бюджэту, а паднялі. Яшчэ два такія ўдарныя гады і Ліду было б не пазнаць.
Пачаліся юбілейныя дні ў пятніцу, 3 кастрычніка, з унясення ў горад Дабрадатнага агню ад труны Гасподняй.
Архіепіскап Наваградскі і Лідскі Гурый прыбыў у Ліду, каб асабіста прыняць удзел у гэтай важнай для горада падзеі. Святары Лідскага дабрачыння, вернікі сустрэлі ўладыку ў Шайбаках, адкуль з хросным ходам адправіліся ў цэнтр горада. Па ходзе руху працэсіі ўладыкам Гурыем быў асвечаны памятны знак ваярам-чыгуначнікам.
У цэнтры горада, каля помніка загінулым за вызваленне Ліды, удзельнікі хроснага ходу спыніліся. Тут ад дабрадатнага агню, дастаўленага з Ерусаліма, быў запалены Вечны агонь.
У Архістратыга-Міхайлаўскім Кафедральным саборы адбылося святочнага набажэнства. Асабліва ўрачыстым момантам стала ўручэнне абраза Божай Маці, якую стршыня Лідскага райвыканкаму Андрэй Паўлавіч Худык перадаў у дарунак сабору.
Свецкая частка святкавання 685-годдзя Ліды ў той жа дзень пачалася з правядзення рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай гісторыі нашага горада, у працы якой прынялі ўдзел навукоўцы з Гародні, Менска, краязнаўцы з Ліды.
У праграму канферэнцыі былі ўключаны наступныя даклады:
ПЛЕНАРНАЕ ПАСЕДЖАННЕ
1. Горад Ліда на старонках летапісаў і хронік Вялікага Княства Літоўскага. Марозава Святлана Валянцінаўна, доктар гістарычных навук, прафесар (г. Гародня).
2. Православная жизнь города Лиды в XIX - начале XX вв. Чарапіца Валерый Мікалаевіч, кандыдат гістарычных навук, прафесар (г. Гародня).
3. Развитие г. Лиды в первое послевоенное десятилетие: страницы истории. Верхась Уладзімір Паўлавіч, доктар гістарычных навук, прафесар (г. Гародня).
4. Социально-экономическое и культурное развитие Лидского региона в контексте развития Республики Беларусь. Худык Андрэй Паўлавіч - старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта.
СЕКЦЫЯ 1
ЛІДА I ЛІДЧЫНА АД СЯРЭДНЯВЕЧЧА ПА НОВЫ ЧАС
Кіраўнік: Соркіна I.В., кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Сакратар: Занеўскі С.В.
1. Шляхта Лідскага павету. Амелька Сяргей Уладзіміравіч, кандыдат гістарычных навук (г. Гародня).
2. Гербы шляхты Лідскага павету ў XVI-XVIII ст. Шаланда Аляксей Іванавіч, кандыдат гістарычных навук (г. Менск).
3. Лідская шляхта ў палітычным крызісе Рэчы Паспалітай 1587 г. Падалінскі Уладзімір Аляксеевіч, кандыдат гістарычных навук (г. Менск).
4. Лідскі піярскі калегіюм. Самусік Андрэй Фёдаравіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт (г. Менск).
5. Месца заключэння Востраўскага пагаднення 1392 г. Лаўрэш Леанід Лявонцьевіч (г. Ліда).
6. Хозяйственные реформы на Лидчине в XVI веке в освещении дореволюционной российской историографии. Дземідовіч Анатоль Віктаравіч (г. Ліда).
7. Пасольская дакументацыя Лідскага сойміка ў першай палове XVII ст. Галубовіч Віталь Уладзіміравіч, кандыдат гістарычных навук (г. Гародня).
8. Крыніцы з гісторыі Лідскай шляхты канца ХVШ-ХІХ ст. Занеўскі Сяргей Віктаравіч (г. Гародня).
9. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX пачатку XX ст. Соркіна Іна Валер'еўна, кандыдат гістарычных навук, дацэнт (г. Гародня).
10. 3 гісторыі гарадскога самакіравання г. Ліды (канец ХІХ ст.). Грыбко Ірына Леанідаўна (г. Менск).
11. Ліда па матэрыялах перапісу 1897 года. Кітурка Ірына Фёдараўна, кандыдат гістарычных навук, дацэнт (г. Гародня).
12. Лідчына ў нацыянальна-вызваленчым руху другой паловы XIX ст. Радзюк Аляксандр Рыгоравіч, кандыдат гістарычных навук (г. Гародня).
13. Участие населения Лидского уезда в восстании 1863 г. Карповіч Алег Валер'евіч (г. Бярэсце).
14. Проблемы истории Беларуси в научном творчестве А.С. Будиловича. Курстак Юрый Іосіфавіч (г. Гародня).
15. Римско-католическая церковь в Лидском уезде в 1864-1914 гг. Ганчар Андрэй Іванавіч, кандыдат гістарычныхнавук (г. Гародня).
16. 3 гісторыі Жымянскай Свята-Пакроўскай царквы Лідскага павету. Васілючак Міхаіл Вікенцьевіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт (г. Гародня).
СЕКЦЫЯ 2
ЛІДА I ЛІДЧЫНА Ў НАВЕЙШЫ ЧАС
Кіраўнік: Крэнь І.П., кандыдат гістарычных навук, прафесар. Сакратар: Ашмяна В.А.
1. Город Лида в годы установления Советской власти (1919-1920). Фёдараў Ігар Алегавіч, кандыдат гістарычыых навук, дацэнт (г. Гародня).
2. Ліда і Лідчына ў складзе II Рэчы Паспалітай (1921-1939 гг.). Загідулін Аляксей Мікалаевіч, кандыдат гістарычных навук (г. Гародня).
3. Польские политические партии на Лидчине в 1918-1926 гг. Гецэвіч Андрэй Казіміравіч, кандыдат гістарычыых навук, дацэнт (г. Гародня).
4. Дзейнасць БХД на Лідчыне. Мазько Эдуард Аляксандравіч, кандыдат гістарычных навук (г. Гародня).
5. 17 сентября 1939 г. - поворотный момент в жизни белорусов. Кулеш Анатоль Фёдаравіч (г. Ліда).
6. Сопротивленне немецко-фашистским оккупантам на территории Лидского района в годы Великой Отечественной войны. Ярмусік Эдмунд Станіслававіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт (г. Гародня).
7. Праваслаўная царква на Лідчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сілава Святлана Уладзіміраўна, кандыдат гістарычных навук, дацэнт (г. Гародня).
8. Освобождение г. Лиды от немецко-фашистских захватчиков. Іода Мікалай Віктаравіч (г. Ліда).
9. Деятельность польского подполья на территории Лидского района в послевоенные годы (1944-1949). Рыбак Наталля Аляксандраўна, кандыдат гістарычных навук (г. Гародня).
10. Дзейнасць акаўскіх фармаванняў на Лідчыне (1939-1953 гг.). Коўкель Іван Іванавіч, кандыдат гістарычных навук, прафесар (г. Гародня).
11. Аграрные преобразования на Лидчине в 1939-1953 гг. Белазаровіч Віктар Аляксандравіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт (г. Гародня).
12. Горад Ліда - буйны цэнтр хімічнай прамысловасці Беларусі. Крэнь Іван Платонавіч, кандыдат гістарычных навук, прафесар (г. Гародня).
13. Развитие образования в Лидском районе в 1944-2007 гг. А шмяна Вольга А натольеўна (г. Ліда).
14. Развіццё пейзажнага жанру ў творчасці Браніслава Яманта - мастака Лідчыны. Загідуліна Марына Аляксееўна (г. Гародня).
15. Музейный маркетинг Лидского замка как часть белорусской экономики впечатлений. Карэліна Надзея Уладзшіраўна (г. Менск).
16. Михаил Минкевич. От учителя до министра. Міханава Наталля Анатольеўна (г. Ліда).
Асаблівая каштоўнасць выступаў, якія прагучалі на канферэнцыі ў тым, што пры іх падрыхтоўцы дакладчыкі не выкарыстоўвалі шырока вядомыя факты, ужо выкладзеныя ў друкаваных выданнях пра наш край. Паглыбіўшыся ў малавывучаныныя архіўныя дакументы (а такіх нямала!), можна вельмі могае запазычыць гісторыі Лідчыны, дагэтуль невядомага, не агучанага. Хоць крыніцамі цікавых звестак могуць быць не толькі летапісы, дакументы і перыёдыка мінулых гадоў. Сярод нас, што і пацвердзіла канферэнцыя, жывуць людзі, якія ў свой час апынуліся ў эпіцэнтры падзей, што адбываліся ў горадзе і сталі ўжо гісторыяй, і трэба спяшацца зафіксаваць успаміны гэтых жывых сведак.
Гісторыя, навука якая развіваецца, а гісторыя Лідчыны, у прыватнасці, мае шмат загадак, інтрыгаў, не да канца вывучаных фактаў...
Вынікам працы канферэнцыі стала рашэнне аб тым, што ўсе выступы, пасля неабходнай дапрацоўкі і дапоўненыя ілюстрацыйным матэрыялам, неўзабаве будуць сабраныя і выдадзеныя пад адной вокладкай. Можна не сумнявацца, гэтая кніга аб гісторыі Лідчыны не толькі зацікавіць многіх сёння, але і стане каштоўным дакументам для будучых пакаленняў. Рыхтуецца таксама і яе электронная версія.
Арганічна ўпісаўся ў тэматыку канферэнцыі памятны камень, устаноўлены да юбілею лідскім скульптарам Рычардам Грушам. На камені выбіты словы з тастаманту Вялікага князя Гедзіміна, дзе Ліда ўпамінаецца сярод першых 14 гарадоў Вялікага Княства Літоўскага: "Тых всъх сынов за живота своего порядно подълив панствами удъльными Кестутови Троки Старые зо всъм князством Жамойтским з Гродном и Ковном, Упитом и Лидою аж до Подляша при границъ пруской идучиэ".
Россып творчых талентаў сабрала 3 кастрычніка вялікая зала музычнай школы. Вядомыя паэты Лідчыны і пачаткоўцы не маглі застацца сам-насам, калі ўвесь горад святкаваў свой юбілей. У адрозненне ад машынабудаўнікоў, кандытараў, прадаўцоў і іншых працалюбівых лідчан, што сваёй канкрэтнаю працай увасабляюць багацце роднай старонкі, літаратары мацуюць яе трапным словам, выявай лірычнага вобраза.
Да 685-годдзя Ліды лідскія літаратары няблага папрацавалі. Выйшла анталогія твораў лідскіх літаратараў пра беларускую мову "Шануйце роднае слова". У зборнік увайшлі творы 47 аўтараў. Станіслаў Суднік выдаў зборнік вершаў "Лідскія скрыжалі", куды ўвайшлі творы, прысвечаныя фрагментам лідскай гісторыі. Лідская цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы выдала зборнік вершаў, прысвечаных Лідзе "Мой любы горад Ліда".
У 2008 годзе прайшоў літаратурны конкурс у гонар Ліды, які аб'явілі райвыканкам і "Лідская газета". Больш за 50 аўтараў даслалі на конкурс свае творы, і ўсе яны ўвабралі ў сябе любоў да роднага горада, вялікае пачуццё пяшчоты да роднага краю.
Як зазначыла на сустрэчы член журы, загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета перыядычнага друку і фотажурналістыкі Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы Л. Патракова, цяжка было вызначыць пераможцаў - на-столькі ўзнёсла гучалі ў вершах вядомых і маладых паэтаў вобразнасць, пяшчота мовы, патрыятычны настрой творцаў.
3 нагоды ўручэння ўзнагарод пераможцам конкурсу, а імі сталі У. Васько, I. Масян, А. Бурак, С. Сліўко (пасмяротна), Іван Гушчынскі, старшыня райвыканкаму Андрэй Худык шчодра адарыў прысутных у зале творцаў цёплымі словамі падзякі за адданасць свайму гораду. Андрэй Паўлавіч зазначыў, што слава горада складаецца з дзвюх частак: матэрыяльных набыткаў і духоўных каштоўнасцей. Сёння Ліда моцная эканамічна, але і духоўнае жыццё віруе не менш плённа. Пацвярджэнне таму - высокія дасягненні нашых паэтаў, празаікаў, мастакоў, музыкантаў на рэспубліканскай творчай ніве.
Літаратурная ўдача на гэты раз выпала пецярым аўтарам. Аднак творчасць людзей не вымяраецца адным конкурсам. Лідскім паэтам адкрыта шырокая дарога да крыніц натхнення і новых творчых набыткаў, і маюцца ўсе падставы сцвярджаць: мы яшчэ не раз пачуем і прачытаем на старонках "Лідскай газеты" таленавітыя радкі Вольгі Цяслюк, Ігара Кудлы, Івана Гушчынскага, Міхася Мельніка і многіх іншых мясцовых літаратараў, якім у нашым славутым краі выпаў зайздросны лёс тварыць на радасць іншым.
4 кастрычніка, другі дзень святкавання, пачаўся з адкрыцця памятнага знака воінам-чыгуначнікам.
Паравоз, усталяваны на скрыжаванні вуліц Энгельса і Чаротавай, прывітаў лідзян, якія прыйшлі на мітынг, як бы ўсведамляючы ўсю ўрачыстасць моманту. Лёгкае хваляванне і гонар чыталіся на тварах людзей, апранутых па форме чыгуначнікаў і грамадскасці горада. Павіншаваў прысутных са знамянальнымі падзеямі - 685-годдзем Ліды і адкрыццём памятнага знака - і падзякаваў за праведзеную працу старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Цімчанка. Начальнік транспартнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі" Іван Каладзенка, крануўшыся старонак гісторыі, адзначыў праяўленыя ў гады вайны доблесць і гераічнасць калегаў, сярод якіх былі і лідзяне. Працягнуў дадзеную тэму, распавёўшы пра герояў-падпольшчыкаў лакаматыўнага дэпо машыніста Міхаіла Ігнатава і слесара Аляксандра Клімко, ветэран працы, былы начальнік лакаматыўнага дэпо Ліда Барыс Саяпін. Ім таксама былі названыя імёны воінаў-чыгуначнікаў, якія пасля заканчэння вайны працавалі ў мясцовым дэпо. Гэта былыя машыністы калоны асобага рэзерву Міністэрства шляхоў зносін Фёдар Драздоў, Леанід Кукушкінін, Васіль Мухін, а таксама ардэнаносцы Віктар Жыватоў і Віктар Кардаш, якія ваявалі на некалькіх баявых франтах. Актыўны ўдзел у аднаўленні чыгуначнага вузла Ліда прымалі Аляксей Мітрафанаў, Аляксандр Князеў і іншыя.
Нажаль ніхто ні адным словам не згадаў сотні тых жанчын, якія ў 1914 годзе ўручную, цераз балота і пойму Лідзейкі цягнулі чыгуначну каляю, каля якой пастаўлены памятны знак, да Лідскага аэрадрома.
Але вось перарэзаная сімвалічная чырвоная стужачка, з мемарыяльнай дошкі знята пакрывала. У памяць аб воінах-чыгуначніках да пастамента ўскладзены вянкі і кветкі і абвешчана хвіліна маўчання.
Другую падзею 4 кастрычніка смела можна назваць ключавой ва ўсёй юбілейнай праграме. У Лідзе пасля працяглага рамонту быў адчынены Гістарычна-мастацкі музей.
У свой час лідскі музей размяшчаўся а будынку цяперашняга Кафедральнага сабора па вуліцы Савецкай, а затым, у 1998 годзе, пераехаў у будынак па вуліцы Перамогі. Паколькі будынак не быў прыстасаваны пад гэтую ўстанову культуры і ў дадатак патрабаваў рамонту, з 2002 года тут пачалі весціся будаўнічыя работы. Аднак працэс абнаўлення ішоў млява. Толькі ў 2007 годзе па патрабаванні старшыні райвыканкаму будынак музея пачаў капітальна рамантавацца. Грошы для гэтага былі выдзелены з раённага бюджэту. Але велізарную работу правялі і супрацоўнікі музея начале са сваім дырэктарам Ганнай Драб
...Адкрыццё музея прымеркавалі да юбілею Ліды. У чаканні гэтага ўрачыстага мерапрыемствы нямала жыхароў і гасцей горада сабралася на ганку абноўленага будынка. У працэсе тэатралізаванага дзейства права перарэзаць святочную стужачку было прадстаўлена старшыні райвыканкаму Андрэю Худыку і начальніку кіравання культуры аблвыканкаму Аляксандру Лойку. А высвянціў будынак архіепіскап Наваградскі і Лідскі Гурый. Музей расхінуў дзверы для першых наведвальнікаў. А яны не маглі адразу не адзначыць выдатны інтэр'ер з выкарыстаннем сучасных матэрыялаў ва ўсіх памяшканнях. Тут няма дробязяў. Кожная дэталь падабраная да месца і густоўна. Ужо блакітнаваты хол наладжвае наведвальнікаў на адмысловы лад: з столі струменіцца мяккае святло, у нішах сценаў гіпсавыя работы мясцовага скульптара Вадзіма Вараб'ёва адлюстроўваюць гісторыю і прыроду нашага краю.
Наогул, залаў у музеі чатыры. На першым паверсе ў адной з іх размясцілася сталая экспазіцыя "Прырода Лідчыны". Яна ўключае экспанаты, якія прадстаўляюць больш за 110 відаў жывёл і раслін. Экспазіцыя суправаджаецца гукавым і відэаматэрыялам.
На другім паверсе наведвальнікі музея з вялікай цікавасцю знаёміліся з выставамі, адмыслова падрыхтаванымі супрацоўнікамі музея да дня яго адкрыцця і прымеркаванымі да 685-годдзя горада. У першую чаргу - з выставай "Вядзём пачатак свой ад Гедзіміна. На выставе прадстаўлены ўнікальныя экспанаты, знойдзеныя ў розны час у Лідскім замку: сталёвы корд 15 стагоддзя, шпора, кінжал, цвікі, крукі, арбалет. Можна нават убачыць цагліну з сцяны замка з адбіткамі пальцаў майстра.
Унікальная і другая выстава, размешчаная ў адной з залаў, - "Час і людзі", якую рыхтавалі да адкрыцця Н. Каладзяжная і Н. Валынец. Гадзіннікі - сведкі шматлікіх гістарычных падзей. Ва ўсёй разнастайнасці яны прадстаўленыя наведвальнікам. Таксама можна ўбачыць прадметы, якія захоўваюцца ў фондах музея і кожны з якіх распавядае пра лёс чалавека, пра падзеі і нават пра цэлыя адрэзкі эпохі. А самымі неацэннымі супрацоўнікі музея лічаць фрагмент дзіцячага абутку і дзіцячы мячык, якія былі знойдзеныя пры правядзенні раскопак пахаванняў мірных жыхароў, расстраляных у гады вайны фашыстамі ў Лідзе ў раёне вуліцы Чырвонаармейскай. Мячык неўзабаве будзе адпраўлены ў Фларыду і прадстаўлены на сусветнай выставе, прысвечанай ахвярам халакосту.
Яшчэ адна з выставачных залаў музея стала карціннай галярэяй. У ёй да юбілею гарада нашы мастакі выставілі свае работы. Выстава называецца "Натхненне". Рыхтавалі выставу Т. Нікіфарава і В. Лук'ян.
У музеі адчынена і зала для правядзення камерцыйных выстаў. Размешчана яна на першым паверсе будынка.
Работнікі музея заўсёды з адмысловым трапятаннем ставяцца да новых паступленняў у іх фонды, таму што ўпэўненыя: гэта выкліча цікавасць у наведвальнікаў, стане здабыткам лідзян. Новая экспазіцыя музея так і завецца - "Новыя паступленні". І цікавасць да яе адмысловая. Бо ўсе прадметы гэтай экспазіцыі перадаў музею старшыня райвыканкаму Андрэй Худык. А былі яны падораныя яму падчас наведвання Лідчыны шматлікімі дэлегацыямі гарадоў, раёнаў, амбасад Расіі, Украіны, Польшчы, Азербайджана, Казахстана, Турцыі, Індыі і іншых краін.
На ўрачыстым адкрыцці раённая ўлада зрабіла музею падарунак. Для плённай працы супрацоўнікаў ад імя райвыканкаму былі падораныя відэакамера і кампутар. Зрэшты, гэтае толькі дапаўненне да асноўнага вялікага і дарагога падарунку, як для супрацоўнікаў, так і для ўсіх лідзян, - да новага будынка музея.
Лагічным працягам музейнай выставы "Час і лёс" стаў сонечны гадзіннік, які да юбілею горада заняў сваё месца каля кінатэатра "Юбілейны".
Момант устаноўкі каменнай статуі вядомага лідскага скульптара Рычарда Грушы можна назваць урачыстым - гадзіннік пачаў адлік новага часу Ліды.
- Такая задумка існавала ў нас даўно, -заўважыў начальнік ЛГУП ЖКГ Сяргей Саўко. - Спачатку планавалася ўсталяваць скульптуру ля возера, аднак, лічу, толькі тут самае прыдатнае месца для эксклюзіўнага твору з каменю (нічога падобнага няма ні ў адным беларускім горадзе). Побач сквер, лідзяне могуць пасядзець на зэдлях, тут шпацыруе моладзь, і, думаю, не памылюся, калі скажу, што ўжо ў бліжэйшы час ля сонечнага гадзінніка будуць спыняцца вясельныя картэжы, а традыцыяй лідзян-маладых стане пачатак адліку часу сваіх сем'яў.
Скульптура, якая ўяўляе сабой цыферблат, што ляжыць на трох кітах, выканана з натуральнага каменю і важыць 5 тон 250 кілаграмаў. Незвычайнае афармленне працы натхняе на разважанні аб вечным.
- Старажытныя верылі, што зямля трымаецца на трох кітах, - распавёў аўтар скульптуры Рычард Груша.- У маёй працы цыферблат - час - сімвалізуе вечнасць, якая трымаецца на тых жа пачатках. Сэнс нясуць і тры розныя колеры камянёў.
Як распавёў таксама скульптар, у сціснутыя тэрміны праца выкананая няпростая - амаль 20 дзён па многу гадзін у суткі майстар працаваў, каб паспець да свята горада, дапамагаў бацьку-скульптару і 15-гадовы сын Антон. Праца паспяхова выканана, нягледзячы на ўзніклыя цяжкасці: у першую чаргу, гэта разлікі вугла падзення сонечных прамянёў. І тут аўтару прыйшоў на дапамогу падпалкоўнік у адстаўцы Юры Сакаленка, які з дакладнасцю да градуса зрабіў разлікі і дапамог усталяваць сонечны гадзіннік.
- Зараз мы ставім гадзіннік на летні час, - распавёў Юры Мікалаевіч. - З пераходам на зімовы каменны цыферблат будзе мець адну гадзіну розніцыз рэальным часам.
У сонечны гадзіннік, як, дарэчы, і ў іншыя працы, скульптар Рычард Груша ўклаў сваё майстэрства, талент і, вядома ж, часцінку душы. "Кожны чалавек павінен пакінуць пасля сябе плён уласнай працы, - гаворыць скульптар. - Я хачу, каб ён быў не на гады - на вякі".
А афіцыйнае адкрыццё свята адбылося 4 кастрычніка на цэнтральнай плошчы горада. Гасцей і лідзян сустракалі вядоўцы папулярных праграм Ларыса Грынько (СТБ) і Аляксандр Сярэбраннікаў (АНТ), якія на час сталі гаспадарамі канцэртнай пляцоўкі. Надвор'е спрабавала ўнесці свае карэктывы, палохаючы ўдзельнікаў мерапрыемства шэрымі хмарамі і зрываўшымся з іх дажджом, але атмасфера свята нават у гэтую непагадзь была сагрэтая цеплынёй творчых калектываў, якія паказалі тэатралізаванае прадстаўленне. Разам з вядоўцамі праграмы і ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці гледачы перагарнулі старонкі летапісу горада.
Узнікненне горада з рамантычнай і прыгожай назвай... Прыгожая легенда, звязаная з яго імем... Вяселле Ягайлы і Соф'і, ад якіх паўстаў магутны род Ягелонаў... Атрыманне Лідай Магдэбургскага права ў сярэднявеччы... Будаўніцтва Фарнага касцёла па праекце архітэктара Глаўбіца... Ваеннае ліхалецце...
Маляўніча, эмацыйна і вельмі артыстычна прадставілі гледачам гісторыю горада вядомыя калектывы Лідчыны.
На юбілеі горада прысутнічаў старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімір Саўчанка, які высока цэніць дасягненні жыхароў Ліды, кіраўніцтва горада начале з Андрэем Худыкам. Звяртаючыся да лідзян, Уладзімір Ягоравіч сказаў:
- Ліда будуецца. Растуць новыя мікрараёны, добраўпарадкоўваюцца вуліцы, паркі і скверы, і сёння ваш горад - адзін з найпрыгожых населеных пунктаў Прынёманскага краю. Ён валодае высокім прамысловым, інтэлектуальным і кадравым патэнцыялам, і кожны лідзянін мае права ганарыцца, што жыве, вучыцца і працуе ў горадзе з багатай гісторыяй і добрымі традыцыямі.
Старшыня райвыканкаму Андрэй Худык, якому старшынём аблвыканкаму былі ўручаны вітальны адрас і памятны сувенір, у сваю чаргу прывітаў дэлегацыі Масквы, Літвы, Польшчы, Ізраіля, Украіны, якія прысутнічалі на юбілеі горада.
- Гарады, як і людзі, маюць сваю біяграфію, - сказаў Андрэй Паўлавіч, - а Ліда - адно з найстарэйшых селішчаў Беларусі.
Адзначыў Андрэй Худык і тое, што Лідская зямля спазнала нямала выпрабаванняў у розныя гады і панесла нямала страт, асабліва падчас вайны. Непазнавальна змянілася аблічча горада, набыло незвычайны каларыт дзякуючы стваральнай працы шматлікіх пакаленняў лідзян.
Святочны парад арганізацый, працоўных калектываў раёна пачаўся з шэсця вайскоўцаў авіябазы і Лідскага памежнага атрада. Урачыста ішлі прадстаўнікі Ўзброеных Сіл нашай краіны па плошчы, а за імі, дэманструючы патэнцыял маладосці, запалу і аптымізму, ішлі школы гарада і творчыя калектывы, банкі і прамысловыя прадпрыемствы.
Першым сярод працоўных калектываў ішоў калектыў найстарэйшай на Лідчыне арганізацыі - Раённага вузла паштовай сувязі. У першай палове 18 стагоддзя былі закладзеныя яе традыцыі, а сёння ў калектыве раённага вузла паштовай сувязі працуе больш за 300 працаўнікоў. Далей прадпрыемствы ішлі па гадах заснавання.
1876 - ААТ "Лідскае піва"
1884 - Лакаматыўнае дэпо
1884 - Лідская дыстанцыя каляі
1884 - Станцыя Ліда
1901 - ААТ "Лідсельмаш"
1922 - Беларусбанк
1922 - УАЗ "Лідская ЦРБ"
1927 - ААТ "Лідскі завод электравырабаў"
1929 - ААТ "Лідская абутковая фабрыка"
1939 - ГАУПП "Лідская друкарня"
1939 - Лідскае райпо
1940 - Лідская дыстанцыя сігналізацыі і сувязі
1944 - ГУП ЖКГ
1944 - Лідскі лясгас
1944 - АУП "Лідская мэблевая фабрыка"
1944 - ДРСУ №48
1944 - ААТ ГПФ "Ліда"
1944 - Лідскі раённы вузел электрасувязі
1944 - Нацыянальны банк
1944 - ААТ "Лідскія харчовыя канцэнтраты"
1945 - АУП "Лідскі мясакамбінат"
1945 - ААТ "Ліданафтапрадукт"
1952 - ААТ "Лідскі малочна-кансервавы камбінат"
1954 - Лідскі хлебазавод
1954 - Лідскія цеплавыя сеткі
1957 - Лідскія электрасеткі
1958 - ААТ "Лідаграпраммаш"
1959 - ПУ "Лідаміжрайгаз"
1960 - ААТ "Будвектар"
1961 - Аўтобусны парк №2
1965 - ААТ "Лакафарба"
1965 - ААТ "Будтрэст №19"
1965 - ААТ "Лідабудканструкцыя"
1966 - РУП "Лідскае ПМС"
1968 - ДРБУ №24
1970 - РУП "Завод "Оптык"
1970 - Белпрамбудбанк
1973 - ААТ "Лідаспецаўтатранс"
1974 - ДП "Лідская ПМК-169"
1976 - ААТ "Лідабудматэрыялы"
1982 - ПМК-170
1984 - ААТ "Лідахлебапрадукт"
1984 - ДЗ "Нёман"
1985 - ААТ "Ліцейна-механічны завод"
1985 - ААТ "Лідагазбуд"
1986 -УКП крама №1 "Дом гандлю"
1989 - УП "Лідская ДС ПМК-72"
1989 - ЗАТ "Каскад"
1990 - ААТ "Лідскае рамонтна-будаўнічае прад-прыемства №17"
1990 - РУП "Завод "Ізатрон"
1991 - ЗП "Белтэкс Оптык"
1991 - Белаграпрамбанк
1992 - СЗАТ "Ліпласт-СПб"
1993 - Пріорбанк
1994 - УКП ГЦ "Патсдам"
1995 - Белінвестбанк
1995 - Белзнешэканомбанк
Асобна трэба сказаць пра шэсце маладых. У белых сукенках маладыя нявесты, а дакладней, ужо жонкі, ішлі са сваімі выбраннікамі і свяціліся шчасцем.
Хай жа будзе шчасным і шчаслівым кожны дзень жыцця маладых і ўсіх жыхароў горада, і хай выканаюцца ўсе добрыя пажаданні, якія гучалі ў гэты дзень на галоўнай плошчы Ліды.
Урачыстую частку свята працягнуў канцэрт зорак беларускай эстрады. Цэлы "букет" вядомых і ўсенародна любімых выканаўцаў радаваў лідзян. Саліст дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі "Свята" Вячаслаў Статкевіч і тэлевядоўца канала СТБ (праграма "Лінія лёсу") Ларыса Грынько, дарылі лідзянам выдатны настрой свята.
Першым на сцэне цэнтральнага пляца з'явіўся лаўрэат рэспубліканскіх фэстаў і конкурсаў, саліст Дзяржаўнага аркестра пад кіраваннем Міхаіла Фінберга Зміцер Качароўскі. Выступалі спявачка Вольга Плотнікава, спявак Зміцер Сяргеяў, цыганскі ансамбль "Рада" і група "Беларусы", Гюнеш, Аляксей Жось (група "Верасы"), ансамбль "Чысты голас", саліст якога, Юры Рудзевіч, родам з Ліды, спявачка Вольга Вронская і многія іншыя зоркі беларускай эстрады.
У зале Раённага дома культуры адбыўся канцэрт знакамітых выканаўцаў, які падарыў гораду расійскі бізнесмен Андрэй Чыжык. Андрэй Станіслававіч доўгі час жыў тут, вучыўся ў школе №1. Засталося шмат сяброў, знаёмых, і самае галоўнае - лідская зямля навечна прытуліла яго бацькоў.
Падчас свята былі падведзены вынікі і яшчэ аднаго конкурса. У сваёй любові да роднага краю прызнаваліся не толькі паэты, але і кампазітары. Вынікі конкурсу на лепшую песню пра Ліду і Лідчыну падвяло кампетэнтнае журы.
1-е месца аддадзена песні кампазітара Вячаслава Пыпеця на словы Ганны Баборык.
Два 2-я месцы ў песняў Сяргея Герасімовіча і Антона Ракшына.
Два 3-я месцы ў песняў Марыі Цымосік і Мар'і Лябедскай.
З урачыстага набажэнства аб здароўі і дабрабыце лідзян у касцёле Ўзнясення Святога Крыжа пачаўся трэці дзень святкавання 685-годдзя Ліды. Плябан касцёла ксёндз Уладзімір цёпла прывітаў сабраных у храме лідзян і гасцей, а таксама старшыню Лідскага райвыканкаму Андрэя Худыка, начальніка аддзела па рэлігіі і нацыянальнасцях Гарадзенскага аблвыканкаму Ігара Папова і іншых прадстаўнікоў свецкай улады.
- Тое, што ў касцёле прысутнічае адміністрацыя горада, гаворыць аб тым, што зараз надаецца вялікае значэнне духоўнаму адраджэнню, - гаварыў ксёндз Уладзімір. - Падчас святой імшы я буду маліцца за горад, яго жыхароў і адміністрацыю, за тых людзей, якія прыкладаюць максімум высілкаў, каб усе мы жылі лепш.
Святочная літургія ў касцёле па традыцыі працягнулася чытаннем Евангелля. Незвычайна глыбокай і праніклівай была пропаведзь ксяндза Віталя, які звярнуўся да вытокаў узнікнення каталіцкай веры на Лідчыне.
У дарунак касцёлу А. Худык паднёс выдатную выяву абраза Маці Божай Лідскай, выказаўшы пажаданне, каб горад заўсёды знаходзіўся пад яе заступніцтвам. Абраз гэты створаны выкладчыцай Лідскай дзіцячай школы мастацтваў Тарэзай Кедык, родам з Дайнавы. Абраз не з'яўляецца дакладнай копіяй, бо пры стварэнні яго не быў дадзены дазвол на зняцце срэбнага акладу з арыгіналу. Таму гэты абраз можна назваць новым увасабленнем вобразу Маці Божай Лідскай.
Асвячэнне абраза ў завяршэнне набажэнства ў прысутнасці сотняў лідзян правёў ксёндз Уладзімір.
А сам трэці дзень святкавання 685-годдзя горада быў прысвечаны нацыянальным культурам. Пачаўся ён з сустрэчы старшыні райвыканкаму Андрэя Худыка з чальцамі беларускай грамады Львоўскай вобласці "Белая Русь". Львоўская беларуская дыяспара даўно жадала завязаць сяброўскія адносіны з прадстаўнікамі гістарычнай радзімы, таму з задавальненнем прыняла запрашэнне прыехаць у наш горад. Як распавёў Андрэю Паўлавічу старшыня грамады Сяргей Уладзіміравіч Кулікоў, на Львоўшчыне жыве 5 700 беларусаў. Гэта тыя, якія ў свой час прыехалі туды як маладыя адмыслоўцы, хто служыў на тэрыторыі вобласці ў вайсковых частках, і іншыя. Аб'ядноўвацца ў культурнае грамадскае аб'яднанне беларусы Львоўшчыны пачалі ў 1992 годзе. Да 1999 года гэта ўжо была цэлая грамада. Зараз беларуская дыяспара мае свой культурна-адукацыйны цэнтр, у якім ёсць нядзельная школа, дзе вывучаюцца мова, культура, гісторыя Беларусі, функцыянуе бібліятэка, выдаецца газета, працуе грамадская прыёмная. Пры цэнтры створаныя і з поспехам прадстаўляюць нацыянальную творчасць самадзейныя мастацкія калектывы. Словам, львоўскія беларусы асцярожна захоўваюць свае нацыянальныя традыцыі. Падчас сустрэчы была падпісана дамова аб супрацоўніцтве ў вобласці адукацыі, культуры, спорту паміж райвыканкамам і беларускай грамадой Львоўскай вобласці "Белая Русь".
Фэст нацыянальных культур Лідчыны праходзіў у Раённым доме культуры. У фэсце ўдзельнічалі як нацыянальныя грамадскія аб'яднанні нашага рэгіёна, так і прыезджыя калектывы. Яшчэ да пачатку адкрыцця фэсту прысутныя змаглі азнаёміцца з выставай, што распавядае аб асаблівасцях культуры і традыцыях нацыянальнасцяў.
Азнаёміўшыся з выставай, прысутныя на фэсце занялі месцы ў зале. Маляўнічым і велічным было ўрачыстае адкрыццё фэсту. Кожны адзначыў для сябе, што гэта сапраўды сузор'е сяброўства, калі на сцэну падняліся, прэзентуючы сваю нацыянальнасць, чальцы раённай арганізацыі "Саюза палякаў на Беларусі", "Таварыства польскай культуры на Лідчыне", pэгіянальнага мемарыяльна-культурнага аб'яднання, грамадскага аб'яднання літоўцаў "Рута", раённай арганізацыі ўкраінцаў "Трэмбіта", а таксама прадстаўнікі казахскай нацыянальнасці, якія жывуць у Лідзе.
Падчас гала-канцэрту прагучала шмат песняў, прысвечаных Лідзе. Зрэшты, прысвячалі іх нашаму гораду не толькі мясцовыя артысты, але і госці фэсту. Напрыклад, музычны калектыў з Польшчы "Пака з Граева" прадставіў песню "Ліда, Лідэнька".
- Мы ўжо не першы раз наведваем ваш горад з канцэртамі,- гаварыў потым кіраўнік калектыва Эдвард Шабат. - Песня, якую напісаў наш вакаліст Міраслаў Сядлецкі, - гэты выраз нашых пачуццяў да прыгажуні Ліды.
Свята нацыянальных культур Лідчыны на высокай ноце завяршыла святкаванне 685-х угодкаў слаўнага горада Ліды.
(Па матэрыялах лідскага друку.)