Так зрэдку здараецца. Пад адным нумарам у архіве лічыліся дзве справы, замовіў я адну - прынеслі другую. У гэтай другой апынуліся невядомыя ні шырокаму, ні вузкаму колу гістарычнай грамадскасці дакументы аб Лідскай мужчынскай гімназіі.
Высветлілася, што першыя рухі па адкрыцці гімназіі гарадскія ўлады распачалі ў студзені 1911 г. Лідскае гарадское грамадскае кіраванне сваёй пастановай ад 27 студзеня прыняло на сябе абавязальніцтвы перад Віленскай вучэбнай акругай у выпадку адкрыцця ў Лідзе мужчынскай гімназіі:
- адвесці ўчастак зямлі для пабудовы будынка гімназіі;
- асігнаваць 10 000 рублёў на пакрыццё выдаткаў па пабудове гэтага будынка;
- даць на тры гады дармовае памяшканне, з ўсім для школы належным, прыдатнае для пяці класаў.
Праз паўтара года, 13 чэрвеня 1912 г. гарадское грамадскае кіраванне паўтарыла свае абавязальніцтвы. Увосень Віленская вучэбная акруга паведаміла, што з 1913 г. у Лідзе мяркуецца адчыніць мужчынскую дзяржаўную гімназію, і запытала, дзе думаецца размясціць вучэбныя класы да пабудовы будынка гімназіі. Гарадское грамадскае кіраванне апавясціла, што пад памяшканне мужчынскай гімназіі будуць выкарыстаныя казённыя будынкі, занятыя цяпер афіцэрскім сходам і канцылярыяй 172-га пяхотнага палка. Камандзір 172-га пяхотнага палка палкоўнік Уладзімір Раманавіч Раманаў і начальнік гаспадарчай часткі падпалкоўнік Анатоль Іосіфавіч Эйсымант пацвердзілі, што будынкі, занятыя канцылярыяй і афіцэрскім сходам, будуць вызваленыя да 1 кастрычніка наступнага 1913 г.
Гарадскі старастаЛеан Пётр Вісьмант, у прадбачанні сур’ёзныя выдаткаў звяртаецца да мяшчанскіх стараст і земскіх начальнікаў усіх участкаў Лідскага павету з просьбай правесці збор грошай на будаўніцтва гімназіі. Таварыства афіцэраў і Васілішскі мяшчанскі стараста адмовіліся прыняць удзел у выдатках, ды і астатнія задаволіліся зборамі ў межах некалькіх дзесяткаў рублёў. Чаканай сумы ніяк не атрымлівалася, і тады стараста ўспомніў, што гораду належыць запасны капітал у суме 13 449 рублёў 74 кап. 30 красавіка 1913 г. вышэйшае начальства дазволіла пазычыць з запаснога капіталу 10000 рублёў.
Нечакана высветлілася, што казённыя будынкі не будуць вызваленыя, мяркуецца далейшае іх выкарыстанне вайсковым ведамствам. Стараста звяртаецца да ўладальнікаў жылых дамоў: хто і на якіх умовах згодны пусціць у сваю хату гімназію. Уладальнікі жылых дамоў даюць згоду на здачу ў арэнду пад гімназію сваіх кватэр. Пагадзіліся домаўладальнікі Длускі Фларэнці Менардавіч, Янушкевіч. Фрума Ілютовіч - жонка чырвана-дрэўшчыка расійскага імператарскага дома апавясціла, што не будзе здаваць свой дом пад вайсковае кіраванне і гатовая пусціць гімназістаў. Лекар Варшаўскі С.Я. прапанаваў свой драўляны дом на вул. Замкавай з сямі пакояў і кухні і верхні паверх мураванага дома на Віленскай з 8 пакоямі за 1400 рублёў у год.
Не ўсе гэтак адназначна садзейнічалі адкрыццю гімназіі. Гаспадар Лідскай мужчынскі прыватнай прагімназіі Ян Марцінавіч Палу адмовіўся прадаваць штосьці з маёмасці прагімназіі.
30 чэрвеня 1913 года Міністэрства народнай асветы дазволіла адчыніць з 1913-14 вучэбнага года мужчынскую гімназію ў г. Лідзе ў складзе двух малодшых класаў. Стараста Леан Пётр Вісьмант 25 ліпеня піша просьбу ў газету “Віленскі веснік”, каб паведамленне аб адкрыцці гімназіі было апублікавана.
Тэрмінова была створана камісія па зборы добраахвотных ахвяраванняў на найм і абсталяванне памяшкання пад гімназію, адным з яе чальцоў быў Хведар Людвігавіч Навіцкі - уладальнік прыватнай жаночай гімназіі. Былі сабраныя абразы, партрэты гасудара, імператрыцы, нашчадка, міністра народнай асветы А.А. Касо, апякуна Віленскай вучэбнай акругі А.А. Астравумава, сталы, крэслы, табурэткі, кубкі, зэдлі, люстэркі, гадзіннікі, чарнільныя прыборы, лямпы, самавар, градуснік і да т.п.
Неўзабаве высветлілася, што колькасць ахвотных вучыцца ў гімназіі больш, чым дазволеныя 40 чалавек. Апякуна Віленскай вучэбнай акругі 14 верасня просяць дазволіць прыняць усіх ахвотных. Пасля многіх клопатаў Лідская мужчынская гімназія адчынена. У кастрычніку 1913 г. у двух класах за вучэбныя сталы селі 74 вучні. Размяшчалася гімназія ў цэнтры горада на вул. Камерцыйнай (паміж Нацбанкам і Домам рамёстваў).
Стараста Вісьмант звяртаецца ў Віленскую вучэбную акругу з просьбай назваць гімназію “Раманаўскай” у сувязі з 300-годдзем дома Раманавых. У просьбе адмоўлена.
У лістападзе на будаўніцтва будынка гімназіі ў Віленскую вучэбную акругу былі пералічаны 10 000 рублёў. 24 лютага 1914 г. гэтая сума занесена і залічана ў дэпазіт кіравання Віленскай вучэбнай акругі. Найболей зручным месцам для будаўніцтва прызнаны ўчастак зямлі каля замка. Але прапанаваны пад будаўніцтва гімназіі ўчастак забракаваны акруговым архітэктарам.
25 студзеня 1914 г зацверджаны дзве стыпендыі для маламаёмасных. Не гледзячы на распачатую Першую Сусветную вайну ўвосень 1914 г. адчынены трэці і падрыхтоўчы класы. Гімназістамі сталі 167 хлопчыкаў і юнакоў. Для падрыхтоўчага класа на два гады за 800 рублёў нанятая 5-пакаёвая кватэра з кухняй у хаце Абрама Міхеля Галяндэра на вул. Віленскай у верхнім паверсе. Там раней змяшчалася прыватная прагімназія, яе ўладальнік спадар Палу ветліва пагадзіўся выкладаць прыродазнаўства.
На ўтрыманне гімназіі з дзяржаўнага скарбу адпускалася 8260 рублёў у год. Вывучаліся руская мова і славеснасць, матэматыка, нямецкая і французская мовы, чыстапісанне, маляванне, праводзіўся ўрок гімнастыкі. Хрысціянам выкладалі Закон Божы, іудзеям - Талмуд. У гімназію прымалі дзяцей усіх саслоўяў і веравызнанняў.
Захавалася фатаграфія 1914 года, на якой заснятыя 12 настаўнікаў і 66 вучняў 1 класа. Настаўнікі і вучні ў форменнай вопратцы з эмблемамі на лацканах. На галовах вучняў фуражкі з кукардамі.
Будынак гімназіі так і не быў пабудаваны. Гарадская грамадскасць двойчы яшчэ прасіла прадаць пад гімназію вінныя склады - абодва разы безвынікова. У верасні 1915 г. немцы акупавалі Ліду. Настаўнікі рускага паходжання са сваімі сем’ямі эвакуяваліся ўглыб Расіі. Зачынілася гімназія ў 1917 г.
НГА ў Гародні. Ф. 669, воп. 5, спр. 59, арк. 4-116.