Гімназія № 1 - адна з самых паспяховых школ не толькі Лідчыны, але і краіны. Тут працуюць майстры сваёй справы, таленавітыя і крэатыўныя педагогі, якія не толькі перадаюць дзецям свой досвед і веды, але і служаць прыкладам высокай маральнасці і сумленнага стаўлення да працы. І ў восеньскія дні 2023 года ўстанова адукацыі - юбіляр!
- Сёння наша ўстанова адукацыі вядома далёка за межамі Лідскага рэгіёна, а яе выпускнікі - гэта спецыялісты ў кожнай вобласці, якія ёсць у нас у рэспубліцы: інжынеры, вайскоўцы, настаўнікі, выратавальнікі, лекары... Мы не стаім на месцы, працягваем традыцыі, укараняем новыя падыходы ў сістэму адукацыі гімназіі, працуем у эксперыментальным рэжыме. У гэтым годзе адкрылі групу інжынернай накіраванасці. Нашы хлопцы навучаюцца ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, перамагаюць у рэспубліканскіх і абласных алімпіядах, канферэнцыях, моладзевых конкурсах "100 ідэй для Беларусі", "Стартаптур. Інтэнсіў для маладых прадпрымальнікаў", "Лідэр года" і іншых. За гэта ўсё асобныя словы ўдзячнасці педагагічнаму калектыву. Нашы настаўнікі ўзбагачаюць дзяцей новымі ведамі, выхоўваюць лепшыя чалавечыя якасці, фармуюць іх актыўную грамадзянскую пазіцыю, раскрываюць здольнасці кожнага дзіцяці. Не забываюць развівацца і расці ў прафесійным плане самі. І ўсё ж, паўтаруся, важнымі дасягненнямі нашага педагагічнага калектыву становяцца лёсы выпускнікоў, якія з цеплынёй успамінаюць сваіх настаўнікаў, сваю альма-матэр, - адзначыла дырэктар гімназіі №1 г. Ліды Ірына Рубцэвіч.
Дарога даўжынёю ў 30 гадоў...
Гімназія № 1 г. Ліды з'яўляецца адной з самых эфектыўных школ Гарадзенскай вобласці. Першай з больш чым 3000 устаноў агульнай і сярэдняй адукацыі яна была занесена на Рэспубліканскую Дошку гонару. Творчая і наватарская праца педагагічнага калектыву неаднаразова адзначалася Падзячнымі лістамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Навучальная ўстанова мае званне "Брэнд адукацыі Гарадзенскай вобласці", неаднаразова ўзнагароджваліся дыпломамі першай ступені сярод устаноў адукацыі Лідскага раёна. За сваю трыццацігадовую гісторыю гімназія прайшла велізарны шлях развіцця, склаліся свае традыцыі, у яе сценах было рэалізавана мноства творчых ідэй.
Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел ганаровыя госці, ветэраны педагагічнай працы, выпускнікі, бацькі вучняў і, вядома ж, настаўнікі, якія працуюць сёння ў навучальнай установе, для якіх лёс гімназіі і іх лёс - адно непадзельнае цэлае. Пад бурныя апладысменты залы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Ірына Лобан ўручыла Ганаровыя граматы Лідскага райвыканкама і Ганаровыя граматы Лідскага раённага Савета дэпутатаў людзям, якія ўнеслі ўклад у развіццё навучальнай установы. Гэта Ганна Санюк, Алена Герасімчук, Таццяна Хаменка, Галіна Піваварчык, Альфрэд Ладыка. Граматамі ўпраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама ўзнагароджаны Ірына Клейда, Віктар Чункевіч, Наталля Курганская, Валерый Махнач, Ала Ярмантовіч.
- Жадаю педагагічнаму калектыву творчага натхнення, дабрабыту, новых прафесійных поспехаў у рэалізацыі цікавых адукацыйных ідэй і праектаў. Хай маладосць душы, добрыя сэрцы, мара, надзея і вера заўсёды жывуць у сценах установы. Прыміце мае шчырыя віншаванні з юбілеем, - сказала Ірына Янаўна.
Юбілей - гэта нагода азірнуцца назад, падвесці пэўныя вынікі, ацаніць пройдзены шлях, убачыць, чым можна ганарыцца, а што яшчэ наперадзе. 30 гадоў ўстанова адукацыі "Гімназія № 1 горада Ліды" запрашае новых вучняў і выпускае добрую, таленавітую моладзь. З 1994 года са сцен установы адукацыі выйшлі 1642 выпускнікі, з іх 354 - з залатымі і сярэбранымі медалямі. 2784 навучэнцаў - пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах, прычым 288 дамагліся перамогі на заключным этапе алімпіяды. Амаль усе выпускнікі сталі студэнтамі ВНУ. Цяпер гэта высокакваліфікаваныя спецыялісты, сярод іх ёсць магістры, кандыдаты навук і дацэнты. І ўсе яны - гонар сваёй альма-матэр!