Пра ўчора, сёння, заўтра габрэйскай грамады карэспандэнт гутарыў з тымі, хто стаяў ля яе вытокаў, кіраваў ёй у розныя гады.
Марш жыцця дарагой смерці
- Габрэйская грамада ў Лідзе была з даўніх часоў, яна толькі прыпыняла сваё існаванне 8 траўня 1942 года, калі былі расстраляныя каля сямі тысяч габрэяў. 20-годдзе ж адзначаецца таму, што афіцыйна рэгіянальнае мемарыяльна-культурнае грамадскае аб'яднанне было зарэгістравана ў 1994 годзе, - распавядае яго заснавальніца, а цяпер жыхарка Ізраіля, кіраўнік міжнароднага праекта "Карані" Тамара Барадач.
- У Лідзе да вайны пражывала каля 8,5 тысяч габрэяў, - гаворыць Тамара Майсееўна. - Многія прадпрыемствы горада пачыналіся менавіта з габрэяў. Ліда была вядомая ўнікальнай іешывой імя Райніса. Па сутнасці, гэта вышэйшая навучальная ўстанова з элементамі ўніверсітэта. Не спыняла сваёй дзейнасці грамада і падчас Вялікай Айчыннай вайны: у гета здзяйсняліся ўцёкі, габрэі збіралі зброю і папаўнялі партызанскія атрады.
У 1989 годзе я пачала працаваць намеснікам дырэктара ў СШ №15, побач, на вул. Рыбіноўскага, знаходзіўся неабсталяваны мемарыял. Мы, супрацоўнікі адміністрацыі школы, задумаліся, што можна зрабіць і як захаваць месцы пахавання. Маё перакананне было такое: той, хто прыйдзе на магілу з кветкамі, ніколі не стане яе разбуральнікам. Так, адным з выхаваўчых метадаў, мы ажыццявілі догляд за брацкімі магіламі.
У 90-х гадах паўстаў унікальны міжнародны праект, у якім былі задзейнічаны чатыры дзяржавы. Тамара Барадач стала прадзюсарам з беларускага боку. Тады ж паўстала неабходнасць афіцыйна зарэгістраваць Лідскую габрэйскую грамаду. Яна пачала называцца: Рэгіянальнае (аб'яднала рэгіёны) мемарыяльнае (засноўваецца на памяці) культурнае (захоўвае традыцыі і культуру) аб'яднанне. У рамках праекту ў Ліду прыехала вялікая група былых лідскіх габрэяў, іх сваякоў і нашчадкаў. Тады ж у Лідзе ўпершыню лунаў габрэйскі сцяг, а габрэі прайшлі маршам жыцця па дарозе смерці - праз былое гета да месца расстрэлу ў 1942 годзе.
Памяць у камені і слове
Дзесяць гадоў, пачынаючы з 1996-га і заканчваючы 2006-м, габрэйскую абшчыну ўзначальвала Ася Саулкіна. Шмат часу і сіл аддавала яна грамадскім справам, і за гэты адрэзак ёй удалося нямала. Самае галоўнае - былі адкрыты новыя і дабраўпарадкаваны наяўныя месцы пахаванняў загінулых габрэяў. Мемарыялы каля вул. Рыбіноўскага добра вядомыя лідзянам. А вось месца яшчэ аднаго масавага растрэлу габрэяў (віленскіх і воранаўскіх) Асі Данілаўне паказаў мясцовы жыхар Зянон Бянько. Сябры грамады прынялі рашэнне ўвекавечыць іх памяць. Але раптам аказалася, што ў гэтым жа месцы на ўскраіне горада павінен будавацца аўтасэрвіс. Ася Данілаўна абыйшла мноства інстанцый і дамаглася такі, каб будаўнічыя работы спынілі. У доказ таго, што на гэтым месцы расстралялі габрэяў, пры дапамозе пошукавага сапёрнага батальёна прыйшлося праводзіць раскопкі. Былі знойдзены парэшткі двухсот трупаў. Ася Данілаўна і сёння не можа без слёз успамінаць тое, што адкрылася яе вачам.
Устала пытанне з вырабам помніка. І хто ведае, ці з'явіўся б ён наогул, калі б не скульптар Рычард Груша.
- Рычард Баляслававіч не мае габрэйскіх кара ёў, - адзначае Ася Саулкіна, - але ўжо не раз прыходзіў на дапамогу людзям незалежна ад іх веравызнання.
Варта адзначыць, што дзякуючы Асі Данілаўне была ўсталявана і дарагая агароджа на мемарыяле расстраляным 8 траўня 1942 года габрэям. Спансаваў гэтую справу прадпрымальнік з Менска Барыс Галубовіч, сын таго самога Меера Галубовіча, аднаго з нямногіх лідзян, які выратаваўся і ваяваў у партызанскім атрадзе. Такім чынам, у камені атрымалася ўвекавечыць памяць пра загінулых габрэяў.
Нельга не адзначыць яшчэ адну заслугу Асі Саулкінай на ніве захавання памяці: яна сабрала найбагаты матэрыял - фота, газетныя выразкі, спісы расстраляных габрэяў і іх нашчадкаў, якія жывуць за мяжой. Матэрыял быў выдадзены адной кнігай, якая так і завецца - "Кніга памяці габрэяў г. Ліды".
Там, дзе "Шалом", заўсёды свята
У 2006 году, калі на пост кіраўніка грамады была абрана Тамара Даўжанская, пачалася праца з замежнымі дабрачыннымі фондамі. Адным з кірункаў стала праца з фондам ЕУ2. Грамада пад кіраўніцтвам Тамары Даўжанскай стварыла і рэалізавала праект "Узрост і досвед у радасці". У рамках яго моладзь грамады прыцягвала пажылых людзей да ўдзелу ў разнастайных гуртках і клубах па зацікаўленнях. Гэта ўзаемадзеянне маладых і пажылых спрыяльна паўплывала і на тых, і на другіх: маладыя вучыліся ў пажылых, а людзі ва ўзросце пачуваліся запатрабаванымі. Праект заняў 1-е месца сярод 23 шукальнікаў гранту фонду. Не спыніўся на дасягнутым і працягвае працу па развіцці грамады цяперашні яе кіраўнік - Андрэй Фішбайн.
Кажучы пра дзень сённяшнім, цяжка нават ахапіць усе кірункі - настолькі дзейнасць аб'яднання стала шырокая! Па-першае, сябры габрэйскай грамады - актыўныя ўдзельнікі розных фэстаў. Пры ёй функцыянуюць два ансамблі: сталы "Шалом" і дзіцячы "Шаломчык", кожны з якіх выпусціў па некалькі сваіх музычных дыскаў. "Шалом" актыўна гастралюе - аб'ездзіў усе гарады Беларусі, выступаў у Расіі, на Ўкраіне, у Літве, Польшчы, Ізраілі. Гэтыя артысты вядомыя, там, дзе "Шалом", заўсёды свята.
Пры грамадзе працуюць нядзельная школа, тэатральны гурток, "Сямейны клуб" і бібліятэка. Аднак у сяброў грамады ёсць мара - мець сваё сталае памяшканне, дом, у якім яны будуць пачувацца як дома. Дарэчы, дзверы грамады адкрыты заўсёды і для ўсіх - сябрам яе можа стаць любы, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання. Характэрна, што многія мерапрыемствы ў габрэйскай грамадзе праводзяцца сумесна з іншымі лідскімі дыяспарамі - украінцаў, палякаў, літоўцаў.