Папярэдняя старонка: Адукацыя, культура

Лідскія краязнаўцы ў 20-30-я гг. 


Аўтар: Саітава Валянціна,
Дадана: 10-11-2002,
Крыніца: Саітава В.І. Краязнаўчая работа ў Лідзе 20–30-я гг. // Бібліятэчны свет. № 3-1999. С. 22–23.



Краязнаўчая работа ў Лідзе (20-я - 30-я гг.)
The article is devoted to the study of local lore in Lida (1920 - 1930)

Аб поспехах і няўдачах краязнаўчай работы ў БССР у 20 - 30-я гады сёння вядома нямалаю Нараджэнню сур'ёзных інтарэсаў у многіх людзей да мінулага роднага краю вельмі спрыяла абуджэнне нацыянальнай свядомасці беларусаў на працягу апошняга дзясяцігоддзя, пашырэнне інфармаванасці, паляпшэнне якасці выкладання гуманітарных дысцыплін у навучальных установах.

Аднак раcпаўсюджанне краязнаўства на заходнебеларускай тэрыторыі ў 1920 - 1939 гг. яшчэ мала даследавана. Як адносіліся заходнія беларусы да сваёй "малой радзімы", ці імкнуліся пазнаць гісторыю зямлі сваіх продкаў, сучаснае жыццё і давесці гэтыя веды да новых пакаленняў?

У пошуку адказаў на гэтыя пытанні хочацца распавесці гісторыю 60-гадовай даўнасці з перадваеннага жыцця жыхароў Ліды. У гэтым невялікім горадзе новагрудскага павета ( у верасні 1938 г. у ім налічвалася 26 257 жыхароў) не існавала буйных навуковых, асветных ці культурных цэнтраў. Аднак там жылі людзі, якія ведалі і шанавалі гісторыю краю, продкаў, імкнуліся зберагчы кожную адметнасць мінулага і сучаснага ладу жыцця і здолелі раскрыць гэтыя каштоўнасці для многіх людзей. Патрыётам горада быў бурмістр Юзэф Задурскі, дапамога якога спрыяла здзяйсненню важных краязнаўчых праектаў. У Лідзе, як і ў многіх гарадах і мястэчках Заходняй Беларусі, актыўна і плённа працавала краязнаўчае таварыства. Гарадская бібліятэка, у якой налічвалася 10 000 тамоў, была адной з лепшых ша заходнебеларускай зямлі. Сучаснікі адзначалі, што ў яе фондах былі навейшыя выданні сусветнай літаратуры, творы, вызначаныя высокімі ўзнагародамі: Нобелеўскімі прэміямі і інш. У фондзе мэтанакіравана быў выдзелены раздзел краязнаўчай літаратуры.

У 1935 г. быў арганізаваны выпуск выдатнага краязнаўчага часопіса "Лідская Зямля" (Ziemlia Lidzka", да 1939 г. называўся "Ziemlia nasza"). Часопіс выходзіў штомесячна на польскай мове пад рэдакцыяй вядомага краязнаўцы Уладзіслава Абрамовіча. Глыбокая любоў да родных мясцін, талент гісторыка і выдатнага арганізатара дапамагалі яму сабраць кола адменных аўтараў, сярод якіх быў і сам рэдактар. Менавіта У.Абрамовічу належыць цудоўная кніжка "Strony Nowogrodzkie" ("Навагрудскія мясціны"), якая атрымала 3-ю прэмію на літаратурным конкурсе, праведзеным прафесіянальным саюзам польскіх пісьменнікаў у Вільне.

У "Лідскай зямлі" былі надрукаваны дзесяткі арыгінальных, цікавых артыкулаў па гісторыі Ліды і яе наваколля, па гісторыі вызваленчых і палітычных рухаў, аб асаблівасцях укладу мясцовага жыцця, народных звычаях, эканамічным стане і іншых пытаннях. Часта друкаваліся ў часопісе найлепшы знаўца краю Міхал Шымялевіч, Аляксандр Сняжко, Уладзімір Галубовіч. З артыкулаў часопіса паўставала гісторыя вёсак, маёнткаў, мястэчак, культавых установаў усіх канфесій, распавядалася пра даследванні курганоў і другіх археалагічных і архітэктурных помнікаў, трагічныя падзеі паўстання 1863 - 1864 гг., ваенных дзеянняў 1918 - 1921 гг., асвятлялася самае шырокае кола сучасных праблем: стан сельскай гаспадаркі, эканамічнага жыцця горада, культуры. Напрыклад у артыкуле М. Шымелевіча "Горад Ліда ў 1938 годзе" прадстаўлена падрабязнейшая характарыстыка эканомікі, бюджэта горада і яго выкарыстання, адміністратыўнай сыстэмы, этнічнага, сацыяльнага, прафесіянальнага і канфесіянальнага саставу яго жыхароў. З выключнай увагай у часопісе ставіліся да славутасцей лідчыны і навагрудчыны. Вялікая колькасць публікацый была прысвечана даследванню сувязей Адама Міцкевіча з краем: сям'і паэта, яго дзяцінству, каханню да Марылі і яе лёсу, наведванню навагрудчыны сынам Вацлавам і многім другім аспектам, а нумар 9 за 1938 г. цалкам прысвечаны гэтай тэме ў сувязі з правядзеннем свята "Міцкевічавых дзён", калі журналісты з усёй Польшы прынялі ўдзел у краязнаўчай экскурсіі па навагрудскіх памятных мясцінах. Знаходзілі адлюстраванне і лёсы іншых людзей, якія пакінулі карысны ці памятны след на роднай зямлі.

Артыкулы ў "Лідскай зямлі" вызначаюцца навуковай грунтоўнасцю, адным з фактараў дасягнення якой было шырокае выкарыстанне даследчыкамі краю літаратуры, архіўных дакументаў і іншых крыніц. Многія артыкулы змяшчалі дзесяткі бібліяграфічных спасылак на польскія рускія, беларускія і выданні на іншых мовах, публікацыі навуковай, даведачнай, мемуарнай і іншай літаратуры незалежна ад часу і месца яе выпуска, на архіўныя друкаваныя і рукапісныя матэрыялы. Сярод крыніц нярэдка называліся бібліяграфічныя дапаможнікі.

У разделе "Бібліяграфія" друкаваліся рэцэнзіі, рэкамендацыйныя анатацыі, водгукі, агляды новых кніг і перыядычных выданняў, якія прадстаўлялі навуковую і пазнавальную цікавасць для чытачоў "Лідскай зямлі". Рэдакцыя ўважліва сачыла за новай літаратурай пра лідчыну і суседнія мясцовасці. Узровень ацэнак быў вельмі высокім і аб'ектыўным. Так, аўтар агляду "Запісак Беларускага навуковага таварыства" (Вільня, 1938) вельмі трапна звярнуў увагу на псеўдабеларускаю мову аўтараў некаторых артыкулаў зборніка і раіў ім звярнуцца да выдадзеных актаў Літоўскай метрыкі - "сапраўднай скарбніцы фанэтыкі, марфалогіі і слоўніка беларускага". Вельмі добразычліва аўтар агляду выказаў спадзяванне, што карысная навуковая праца Беларускага навуковага таварыства будзе працягвацца.

У апошніх гадавых нумарах змяшчаліся паказальнікі зместу часопіса. Асобныя разделы яго ўтваралі пералік артыкулаў, матэрыялаў гадавой хронікі, прац, разгледжаных у біблічграфічным разделе, спіс ілюстрацый. Матэрыял у кожным разделе паказальніка адлюстроўваўся вычарпальна, гэта добра спрыяла больш хуткаму і поўнаму выяўленню неабходнай чытачу інфармацыі.

Бібліяграфічны характар меў таксама раздел "Кнігі, прысланыя да рэдакцыі", у якім змяшчалася бібліяграфічнае апісанне твораў друку, маючых краязнаўчы змест.

Часопіс меў добрае паліграфічнае афармленне, вялікі фармат і змяшчаў каштоўныя і цікавыя ілюстрацыі. Гэта былі фотаздымкі герояў артыкулаў, памятных мясцін м прадметаў, ілюстрацыі з карцін і іншыя матэрыялы. Напрыклад, у 1938 г. у часопісе было надрукавана 57 артыкулаў і змешчана 34 ілюстрацыі. У трывожным 1939 г. фармат часопіса паменьшыўся, нумар шосты за чэрвень быў апошнім ( па даных Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі).

Часопіс "Лідская зямля" быў папулярным сярод мясцовага насельніцтва. Ён спрыяў абуджэнню пачуццяў любві да роднай зямлі, імкнення ведаць яе і зыскаў павагу і высокую ацэнку як лепшы краязнаўчы часопіс у Заходняй Беларусі і нават у Польшы. Заслуга часопіса была і ў згуртаванні мясцовай інтэлегенцыі і прыцягненні яе ўвагі да даследвання роднага краю. У Лідзе выходзілі кнігі і перыядычныя выданні, напрыклад, у 1938 г. выйшлі два нумары перыядычнага выдання "Лірнік вясковы", прысвечаны паэзіі і народнай літаратуры, заснавана "Газета лідска". Рэдакцыя часопіса выдала таксама шэраг кніг пра лідчыну ( Ю.Дзічканец "Самаабарона зямлі лідскай", А Сняжко "Касцёл фарны ў Міры" і іншыя). У № 6 за 1939 г. на 4-й старонцы вокладкі змешчана бібліяграфічная інфармацыя пра 6 выдадзеных на аснове часопіса краязнаўчых кніг. У 1938 г. моладзь другога класа дзяржаўнай гімназіі імя К. Хадкевіча пад кіраўніцтвам настаўніцы Юзэфы Клейндэнстовэй правяла з вялікім поспехам краязнаўчую вечарыну. Рыхтуючы мерапрыемства, вучні сабралі шмат матэрыялаў пра бытавыя звычаі і абрады сельскіх жыхароў, выкарысталі этнаграфічныя артыкулы М.Шымелевіча з часопіса "Лідская зямля". У інфармацыі пра вечарыну асабліва падкрэслівалася, як ўдала спявалі "артысты" беларускія песні. Невыпадкова 28 мая 1939 г. у Лідзе ўрачыста адкрыўся музейны асяродак аддзелу Польскага краязнаўчага таварыства, які разглядаўся як зачатак будучага музея лідскай зямлі. Аб часопісе пісалі ў іншых выданнях, паведамлялі па радыё ў Вільні і Баранавічах. Значэнне "Лідскай зямлі" чуйна выразіў вядомы спецыяліст па краязнаўству прафесар Віленскага універсітэта М. Ліманоўскі, напісаўшы, што часопіс "спрабуе адваліць магільную пліту забыцця з лідскай зямлі і на свет дзённы дастаць багацці гэтай зямлі".

Сёння азнаямленне з матэрыяламі "Лідскай зямлі" дасць нямала хвалюючых уражанняў Часопіс багаты цікавейшай інфармацыяй для ўсіх, хто імкнецца паглыбіць свае веды пра лідчыну і навагрудчыну. На жаль, у буйнейшых бібліятэках Мінска няма поўнага камплекта гэтага выдатнага часопіса. Магчыма бібліятэкары і краязнаўцы Ліды і Навагрудка здолелі сабраць усе яго выпускі як каштоўную крыніцу краязнаўчай інфармацыі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX