Тут музыка пануе ва ўсім…
Сёлета Лідскі дзяржаўны музычны каледж адзначае вельмі прыгожы юбілей - 50-годдзе. Ён займае трывалыя пазіцыі ў сістэме музычнай адукацыі Рэспублікі Беларусь - ажыццяўляе падрыхтоўку кваліфікаваных спецыялістаў для галіны культуры: настаўнікаў дзіцячых музычных школ мастацтваў і дзіцячых школ мастацтваў, артыстаў аркестра, ансамбля, кіраўнікоў творчых калектываў, канцэртмайстраў.
У наш час у каледжы ажыццяўляецца падрыхтоўка музычна-педагагічных кадраў па чатырох спецыяльнасцях: "Фартэпіяннае выканальніцтва", "Інструментальнае выканальніцтва (аркестравыя струнна-смычковые інструменты, духавыя і ўдарныя інструменты, інструменты народнага аркестра)", "Харавое выканальніцтва (акадэмічны хор, народны хор)", "Музыказнаўства".
Каледж неаднаразова з'яўляўся арганізатарам грамадска-культурных мерапрыемстваў самага высокага ўзроўню: рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча, рэспубліканскага конкурсу вакалістаў імя Л. Аляксандроўскай, абласнога адкрытага конкурсу імя К. Горскага, абласной музычна-тэарэтычнай алімпіяды, абласнога конкурсу для навучэнцаў сельскіх ДШМ і ДМШМ, адкрытых рэгіянальных фэстаў-конкурсаў юных выканаўцаў "Навагодні феерверк" і "Вясновыя сустрэчы", якія праводзяцца ў дыстанцыйнай форме.
Штогод тут праходзіць арганізацыя метадычных мерапрыемстваў рэгіянальных і абласных узроўняў. У 2022 годзе навучальная ўстанова стала пляцоўкай для рэспубліканскага семінара "З досведу працы ўстановы адукацыі "Лідскі дзяржаўны музычны каледж" па падрыхтоўцы кадраў для галіны культуры і мастацтвы".
Самая творчая кузня кадраў
У розныя перыяды гісторыі навучальную ўстанову ўзначальвалі: Эдуард Васільевіч Кірыленка, Мар'ян Андрэевіч Баяровіч, Канстанцін Мікалаевіч Сцяпанаў. З 2011 года на пасаду дырэктара Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа заступіла Алена Віктараўна Серакова.
- Яшчэ ў 90-я гады я прыехала ў Ліду ў якасці канцэртмайстра на абласны адкрыты конкурс імя К. Горскага, і ён вызначыў мой далейшы лёс, - з цеплынёй успамінае Алена Віктараўна свае ўражанні пра наш горад і каледж. - Першае, што запала ў душу - гэта Лідскі замак. А ў музычнай вучэльні мяне ўразіла цёплая творчая атмасфера, якая панавала ў калектыве, і я зразумела, што хачу звязаць сваё далейшае жыццё з гэтым навучальнай установай, таму, не разважаючы, прыняла прапанову на працу. З 1 верасня 2003 па 31 жніўня 2006 года я працавала выкладчыкам музычна-тэарэтычных дысцыплін, а затым была прызначана на пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай працы, якую заўсёды сумяшчала з выкладаннем і працягваю гэта рабіць дагэтуль. Люблю выкладчыцкую дзейнасць менавіта за творчае самаразвіццё: пры наяўнасці адпаведных задаткаў сапраўды можна выхаваць выдатныя асобасныя якасці. Цікава назіраць за працэсам сталення навучэнцаў. Прыходзячы ў каледж з дзіцячай школы мастацтваў, яны выходзяць у вялікае жыццё сацыялізаванымі грамадзянамі і прафесійнымі музыкамі, каб працягнуць творчую дзейнасць у навучальных установах, прафесійных творчых калектывах або на кантрактнай службе.
З моманту стварэння каледжа ў ім працуюць музычныя калектывы. Колькасць творчых звязаў выкладчыкаў і навучэнцаў увесь час павялічваецца. Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны аркестр рускіх народных інструментаў апошнія пятнаццаць гадоў узначальвае намеснік дырэктара па навучальнай працы Алена Эдуардаўна Сечка.
- Варта адзначыць, што аркестраў, якія маюць званне Заслужанага ў нас у рэспубліцы не так шмат, таму, я лічу, што гэта адпаведная заслуга ўсяго калектыва. Наш музычны каледж імкнецца весці даволі актыўнае конкурснае жыццё. Бо конкурсы дапамагаюць адсочваць і паднімаць узровень музычнага развіцця нашых выхаванцаў, развіваць у іх упэўненасць у сваім прафесіяналізме. Мы ганарымся сваімі выпускнікамі і навучэнцамі, якія ў конкурсна-фэставых мерапрыемствах блізкага і далёкага замежжа пакарылі мноства краін. Пра нас можна гаварыць шмат і доўга, - адзначае Алена Эдуардаўна.
У мэтах паляпшэння падрыхтоўкі маладых спецыялістаў на базе Лідскай музычнай вучэльні ў 1975 годзе была адкрыта музычная школа. Зараз гэта Цэнтр практыкі, якім кіруе выкладчык па класе баяна Галіна Барысаўна Пушкіна.
- Я прыйшла працаваць у каледж у 1990 годзе, а з 1995 года ўзначальваю практычную працу студэнтаў. Гэтую дзейнасць давялося арганізоўваць з нуля. Працуем мы ў цесным звязку з навучэнцамі, каб максімальна наблізіць іх да будучай прафесіі. У 2005 годзе была прызначана кіраўніком народнага аматарскага калектыва "Аркестр беларускіх народных інструментаў". Аркестр і практыка з'яўляюцца асноўнымі кірункамі ў маёй дзейнасці. Мы імкнёмся працягваць традыцыі і перадаваць новаму пакаленню той дух і той кірунак, якім ідзём самі, - распавядае Галіна Барысаўна.
Амаль 40 гадоў назад Ніна Мікалаеўна Сушко, выкладчык спецыяльнага фартэпіяна, прыехала ў Ліду з далёкага сонечнага Казахстана.
- Я нават кансерваторыю скончыла ў Алма-Ате, - смяецца Ніна Мікалаеўна. - А лёс занёс у Беларусь. Казахстан, наогул, шматнацыянальная краіна, у нас там было шмат сяброў, жыццё было напоўнена яркімі падзеямі. Аднак муж быў родам з Беларусі, як і мая бабуля, таму я не стала пярэчыць і прыехала сюды разам з мужам. Трэба сказаць, што адразу ж адчула сябе, як дома. Нібы і праўда вярнулася на радзіму да бабулі. Праўда, тут мяне ніхто не ведаў, але, тым не менш, усё адно атрымалася хутка асвоіцца, і вось ужо больш за 30 гадоў я выкладаю спецыяльнае фартэпіяна ў нашым Лідскім музычным каледжы. За гэты час многія мае навучэнцы паступілі ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Мне ўдалося рэалізаваць уласныя планы. Вучні ўсе аднолькава дарагія і па-ранейшаму працягваюць цешыць.
Будучыня - за музыкай!
- Каледж - гэта тое месца, дзе можна набыць неабходныя навыкі, уменні і веды для будучай прафесіі ў музычнай сферы. Вучоба тут дае магчымасць адчуць сябе чалавекам, які адбыўся, - упэўнены навучэнцы каледжа Юлія Раманюк, Алеся Таўкач, Зміцер Някрасаў, Максім Вадэйка, Вадзім Ладынін, Раман Віткевіч. - Тут заўсёды можна сустрэць новых людзей, завесці цікавыя знаёмствы, прыняць удзел у класных мерапрыемствах. У каледжы, як нідзе, пануе дружалюбная атмасфера, прысутнічае падтрымка і добрыя партнёрскія адносіны.
За 50 гадоў у навучальнай установе сфармаваўся творчы калектыў высокакваліфікаваных спецыялістаў-аднадумцаў, якія ўвабралі ў сябе прафесійны досвед, мудрасць і глыбокія веды ў сферы музычнай педагогікі. За ўвесь гэты час навучальная ўстанова падрыхтавала каля 6000 спецыялістаў. Лідскі дзяржаўны музычны каледж - сапраўдная творчая лабараторыя па падрыхтоўцы канкурэнтаздольных кадраў, музыкаў-выканаўцаў і музыказнаўцаў - будучых носьбітаў культуры.
Паводле Аксаны Глінінай