Папярэдняя старонка: Адукацыя, культура

'Наша слова' ў Лідзе 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 20-10-2011,
Крыніца: 'Наша слова' № 11 (954)-2010; Лідскій Летапісец № (4)60.



15 гадоў назад 1 лістапада 1997 года ў Лідзе выйшаў першы нумар адноўленай газеты ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" "Наша слова", у агульнай нумерацыі № 331. Да гэтага 330 нумароў за перыяд 1990 - 97 гг. выйшлі ў Менску.

Найперш, як і чаму Ліда?

Я прыехаў жыць у Ліду летам 1994 года. На гэты час я быў сябрам Рэспубліканскай Рады ТБМ ад Гарадзенскай вобласці і меў досвед выдання беларускай газеты "Рокаш" у Казахстане. У Лідзе на той момант была моцная грамадзянская супольнасць, якая складалася ў асноўным з сяброў БНФ "Адраджэньне", Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, адзінкавых прадстаўнікоў іншых партый і рухаў. Моцнымі былі польскія арганізацыі. У снежні 1994 года я быў абраны старшынём Лідскай гарадской арганізацыі БНФ "Адраджэньне".

У Лідзе ўжо была традыцыя выпуску незалежных беларускіх выданняў. Пэўны час выходзілі газеты "Народная трыбуна" і "Голас з Ліды". Падчас выбараў 1995 года я яшчэ паспеў выдаць адзін нумар газеты "Голас з Ліды". Пазней выданне гэтай газеты стала немагчымым, бо была страчана рэгістрацыя. Але неабходнасць выдання газеты вісела ў паветры. Недзе з 1995 года я пачаў працаваць карэспандэнтам газеты "Пагоня", адначасова пачалі прымацца захады да рэгістрацыі газеты "Рокаш". Было зроблена каля пяці спробаў, але дазволу ад гарвыканкаму ні разу не атрымалі. Захаваліся гранкі першага нумара лідскага "Рокаша", які так ніколі і не выйшаў.

1997 год

У пачатку 1997 года навісла пагроза над газетай ТБМ "Наша слова" ў Менску. Дзяржава адмовіла ў фінансаванні выдання. Прайшла інфармацыя, што "Наша слова" будзе закрывацца. Я сустрэўся з дырэктарам адной з лідскіх прыватных фірмаў (сябрам БНФ), і было прынятае рашэнне - у выпадку закрыцця газеты ў Менску пераняць яе выданне ў Ліду, балазе яна зарэгістраваная. Была абяцаная падтрымка з боку фірмы ў выданні газеты. З гэтым абяцаннем я і паехаў на 5-ты з'езд ТБМ, які адбыўся 12 красавіка 1997 года ў Менску. На з'ездзе, пасля дакладу Эрнэста Ялугіна аб спыненні выдання "Нашага слова" я папрасіў слова і прапанаваў перадаць выданне газеты ў Ліду, але мая прапанова нікім сур'ёзна ўспрынята не была, а шмат у каго выклікала смех. З'езд прапанову не падтрымаў. "Наша слова" перастала выходзіць. Рэдакцыя была распушчана, абсталяванне некаму перададзена. Ад газеты засталася пячатка і копія пасведчання аб рэгістрацыі, арыгінал таксама недзе дзеўся.

Летам 1997 года ў Ліду прыехаў малады лідскі хлопец Алесь Казак, які жыў у Менску і быў ужо абазнаны ў варунках працы трэцяга сектару. Ён сустрэўся са мной і Валерам Сліўкіным, старэйшым навуковым супрацоўнікам Лідска гістарычна-мастацкага музея, кандыдатам геаграфічных навук, і прапанаваў нешта выдаваць. У нас на той момант ужо была прапрацавана канцэпцыя выдання часопіса "Лідскі летапісец", чым мы і адказалі на яго прапанову.

Пачалася праца над першым нумарам часопіса. Ніхто нічога не ўмеў. Я распавёў пра намер выдання часопіса на занятках стэнаграфіі, якія вёў у той час у Паўночным гарадку на курсах перападрыхтоўкі. На перапынку да мяне падышла маладзенькая вучаніца і сказала, што яе муж абазнаны ў такіх справах. Усё аказалася так. Гэты хлопец зрабіў першы макет "Лідскага летапісца", і ў верасні выйшаў першы нумар часопіса. Але справа з "Нашым словам" у Менску не вырашалася. Час ішоў, узнікала пагроза страты рэгістрацыі і поўнай ліквідацыі газеты. Я падтрымліваў сувязь з Генадзем Бураўкіным, Людмілай Дзіцэвіч і Алегам Трусавым. На 26 верасня было прызначана паседжанне Рэспубліканскай Рады ТБМ. Было дамоўлена вынесці на гэтую Раду пытанне аб перадачы "Нашага слова" ў Ліду яшчэ раз, але маючы досвед з'езду, які такую ідэю не падтрымаў, бачачы небяспеку, што і Рада не падтрымае, я прапанаваў, каб у пастанове абавязкова былі словы "часова перадаць". У войску бытуе мудрасць: "Няма нічога больш пастаяннага, чым часовае". Таму "часова перадаць" абазначала для нас "перадаць надоўга або назаўсёды". І трэба сказаць, што Рада на часовую перадачу пайшла лёгка. А тая часовасць працягнулася 15 гадоў і пацягнулася на16-ты. Мне перадалі, згаданыя ўжо, пячатку і копію пасведчання аб рэгістрацыі, і пачалася падрыхтоўка першага лідскага нумара. Мы нічога не маглі рабіць самі. У нас банальна не было ні кампутара, ні рахунка ў банку, ні досведу ўсіх неабходных стасункаў, аперацый і г.д. Па вялікаму рахунку гэта была авантура.

Першы нумар набраў і звярстаў той жа хлопец, які вярстаў "Лідскі летапісец". Ён жа зрабіў лагатып. Пастаўленыя ім помнік Скарыны і эмблема ТБМ, стаяць у "шапцы" газеты да гэтага часу. Аплаціла нумар фірма, з якой вяліся перамовы вясной, перад з'ездам. Першы нумар выйшаў пад 1-е лістапада 1997 года і быў прадстаўлены шырокай грамадскасці ў Свіслачы, куды сабраліся сябры нацыянальных арганізацый, каб ушанаваць памяць Віктара Каліноўскага, Кастуся Каліноўскага і ўсіх паўстанцаў 1863 года (магіла Віктара Каліноўскага была толькі што адшукана і адноўлена, і гэта быў першы шырокі збор грамадскасці). Канешне першы лідскі нумар быў далёкі ад дасканаласці. Я доўга захоўваў ліст аднаго з нашых "добразычліўцаў" з нагоды выхаду гэтага нумара. У лісце было напісана: "Чым такое "Наша слова", то лепш ніякага." Але машына закруцілася. У 1997 годзе газета выходзіла адзін раз на два тыдні. З 1998 года стала штотыднёвай. На другі нумар нам прыйшлося шукаць новага наборшчыка. Знайшлі, аддалі матэрыялы, і хлопец прапаў разам з матэрыяламі, усё нанава. Выйшаў другі нумар. Прыйшла першая дапамога. Язэп Палубятка з Мастоў ад імя Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады перадаў рэдакцыі першы кампутар. Кампутар быў слабенькі. На ім можна было вярстаць толькі адну паласу. Паласу запісвалі на дыскету, сціралі і вярсталі другую. Наш дабрадзей, які дапамагаў ад пачатку, рэкамендаваў нам дзяўчыну, якая за невялікую плату пачала вярстаць газету ў вячэрні час, пасля асноўнай працы. Але ў гэты час за яе спіной стаялі мае сыны Максім і Арцём, якія вельмі хутка ўсё асвоілі. І як толькі дзяўчына сказала, што ёй цяжкавата ездзіць вечарамі, мы ёй падзякавалі і ўдзячныя да гэтага часу. Сыны пасадзілі мяне за кампутар і пачалі вучыць. Недзе з нумара дзесятага і да гэтага часу ўсе нумары я вярстаў сам. Аднак трэба была наборшчыца. Знайшлі выпадкова. Разгаварыўся з былым прапаршчыкам нашай часткі, які спытаў, ці няма працы для жонкі. І Ванда Адольфаўна набірала газету гадоў чатыры.

Рэдакцыя ў гэты час па сутнасці размяшчалася на абутковай фабрыцы "Тэмп", сёння гэта гадлёвы комплекс "Кантынент". Адзін раз там давялося пабываць Генадзю Бураўкіну.

У нас не было сканера. Каб адсканаваць фатаграфію, я бегаў на Раслякі (край горада) на фірму Сяргея Лазарэвіча (сябар БНФ). У нас не было прынтара. Газету вычытвалі на экране, у друк здавалі на дыскетах. Часцяком здаралася, што дыскеты не адкрываліся, таму заўсёды рабілася некалькі копій.

Крызісны быў трэці нумар, у якім мы надрукавалі артыкул прафесара Аляксея Саламонава, і які выклікаў негатыўную рэкцыю ў Гарадзенскім аблвыканкаме. Адтуль прайшоў званок у Лідскую друкарню, каб друкарня газету не друкавала. І я, і нехта з кіраўніцтва ТБМ звязаліся з гарадзенскімі сябрамі ТБМ. Як распавядалі пазней, два ці тры прафесары Гарадзенскага ўніверсітэта пайшлі ў аблвыканкам. Што і з кім гаварылі, тое на апасля, але забарона на друк была знятая.

Пасля гэтага ж трэцяга нумара на фірму, якая аплачвала газету, прыйшлі хлопцы ў цывільным і сказалі: або развязвайцеся з газетай, або будзеце закрытыя. Фірма перастала плаціць за газету, праўда ў закрытым рэжыме падтрымку працягвала, але гэтых грошай ужо ніякім чынам не хапала. Плаціць за друк тады можна было наяўнымі, таму грошы збіраліся па ўсёй Беларусі, балазе кошты былі не такія страшныя. Тым не менш патрэбна была юрыдычная асоба, якая б адказвала перад органамі ўлады - падаткавай інспекцыяй і інш. Пад рукой былі дзве фірмы: фірма "Прагрэс" Мікалая Сцепасюка (сябар Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады) і фірма Валерыя Сліўкіна (сябар Партыі здаровага сэнсу). Першым быў задзейнічаны "Прагрэс". Некалькі гадоў яны вялі ўсю нашую бухгалтэрыю. Іх правярала падаткавая інспекцыя, іх штрафавалі.

Акрамя праблем выдання газеты былі праблемы распаўсюду. Тут нашымі кліентамі аказаліся "Белпошта" і "Белсаюздрук". Цераз "Белпошту" вырашаліся пытанні падпіскі і дастаўкі газет, цераз "Белсаюздрук" - пытанні продажу ў шапіках. Трэба сказаць, што мы мелі поўнае спрыянне з боку Гарадзенскага абласнога аддзялення "Белпошты" і Гарадзенскага абласнога і Лідскага гарадскога аддзяленняў "Белсаюздруку". Мы з іх боку мелі не толькі дакладнае выкананне ўсіх абавязкаў, але і сістэматычную падтрымку ў арганізацыйным плане. Гарадзенскае аддзяленне "Белпошты" трымала на кантролі падачу намі ўсіх дакументаў на ўключэнне ў каталогі падпіскі. Паштавікі, тэлефанавалі, падганялі, калі быў нейкі збой. У Лідзе ўсе пытанні вырашаліся цераз намесніка начальніка вузла паштовай сувязі, які ад першага нумара і да самай смерці выпісваў і чытаў газету "Наша слова". Не было ні адной праблемы і з лідскім "Саюздрукам".

Паступова мы выйшлі на продаж у кіёсках усіх 117 раёнаў Беларусі. Патрэбна было штотыдзень выпісаць каля 120 накладных і запакаваць каля 115 пакетаў. Мы вымушаны былі наняць асобную жанчыну, якая займалася толькі гэтай працай.

Паляпшалася справа з тэхнікай. Атрымалі лепшы кампутар, факс, потым сканер, прынтар. Прадалі кампутар і купілі яшчэ лепшы. Прыехаў Аляксей Глушко са Згуртавання беларускіх студэнтаў, паставіў электронную пошту, навучыў карыстацца.

Усё гэта адбывалася ў няпростыя часы, калі закрываліся газеты "Свабода", "Пагоня" і многія іншыя. У гэты час вельмі многімі людзьмі, у тым ліку ва ўладных структурах, рабілася надзвычай шмат, каб "Наша слова" не трапіла "пад раздачу". Мы атрымалі адно пісьмовае папярэджанне ад тады яшчэ Дзяржаўнага камітэта па друку, але сам Камітэт яго і адмяніў.

Праблемай лідскага "Нашага слова" была і ёсць значная колькасць арфаграфічных памылак. Мы тры разы наймалі карэктараў, якія працавалі ў нас па паўгода, але эфекту ад іх працы не было, памылак менш не станавілася.

Народны карэспандэнт

У нас не было карэспандэнтаў. Мае спробы залучыць у газету некаторых знаных майстроў пяра поспеху не мелі. Было вырашана працаваць на тых матэрыялах, якія прышлюць чытачы і якія дасць кіраўніцтва ТБМ.

Газета была абвешчана безганарарнай. Гэта значыць, што мы не маглі, каб нават і хацелі, плаціць аўтарам. Мы спадзяваліся на сяброў ТБМ, патрыётаў Беларусі, на тых, каму ёсць што сказаць у падтрымку і абарону беларускай мовы. Разлік у прынцыпе аказаўся правільным. Так званы метад "народнага карэспандэнта" не толькі спрацаваў і забяспечыў газету матэрыяламі, а і вызначыў яе змест, скіраванасць, "твар".

У газету пачалі пісаць знаныя мовазнаўцы, гісторыкі, шараговыя краязнаўцы і аматары слова. Калі сыходзіць з персаналій аўтараў, то ўзровень газеты быў даволі высокі. Здараліся выпадкі, калі ў адным нумары друкавалася да трох дактароў навук. Адзін - два дактары навук у нумары - звыклая з'ява. У газеце неаднаразова друкаваліся: член-карэспандэнт НАН Беларусі Радзім Гарэцкі, дактары навук Павел Сцяцко, Іван Лепешаў, Анатоль Грыцкевіч, Леанід Лыч; кандыдаты навук Алег Трусаў, Уладзіслаў Завальнюк і шмат іншых.

Так ёсць і да гэтага часу. І вялікі дзякуй усім, хто піша ў газету.

Газета ў апошнія пяць гадоў пачала інтэнсіўна друкаваць перапіску ТБМ з уладамі, што выклікае адпаведную цікавасць і забяспечвае галоснасць у дзейнасці ТБМ.

Лідская гарадская арганізацыя ТБМ - выдавец "Нашага слова"

У кастрычніку 1998 года ў Лідзе была адноўлена дзейнасць Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ. Лідская гарадская арганізацыя ТБМ існавала ў Лідзе з 1989 года. 16 красавіка 1998 года яна была пераўтворана ў Лідскую арганізацыю ТБМ з ахопам суполак раёна. Узначаліў яе Лявон Анацка. Але Лідская гарадская арганізацыя не была распушчана, і вось яе дзейнасць ізноў аднавілася. Узначаліла яе Лілея Сазанавец. Праз некаторы час Лілея Сазанавец адмовілася ад пасады старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, фактычна паклала пячатку на стол. Выпадкова я пры гэтым прысутнічаў, забраў пячатку і ўзначаліў арганізацыю. Адразу з Лідскай арганізацыі выйшла найбуйнейшая арганізацыя - арганізацыя ТБМ Лідскага каледжа начале з Міхасём Мельнікам і ўвайшла ў Лідскую гарадскую арганізацю. На бліжэйшай канферэнцыі (1999 г.) мяне абралі старшынём Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ.

У гэтым жа 1999 годзе пачаліся нелады ў фірме "Прагрэс", якая, як юрыдычная асоба, забяспечвала выданне "Нашага слова". З 1 студзеня 2000 года Лідская гарадская арганізацыя ТБМ імя Ф. Скарыны павяла самастойную гаспадарчую дзейнасць і бухгалтарскі ўлік па выданні газеты "Наша слова". Некаторы час мы адпрацавалі з неафіцыйным бухгалтарам (бухгалтар па дамове, які рабіў усе разлікі, але ні за што не адказваў і нічога не падпісваў). Гэтым неафіцыйным бухгалтарам выпадкова аказаўся галоўны бухгалтар аднаго з аддзелаў Лідскага гарвыканкаму, і ніякіх комплексаў. Але патрабаванні станавіліся ўсё больш жорсткімі, і з 2002 года бухгалтарам афіцыйна стала Данута Аўгусцін (БНФ, ТБМ), якая працуе да гэтага часу.

З 2002 года наборшчыцай стала Лілея Крупкіна (БНФ, ТБМ), якая працуе да гэтага часу.

Газета развівалася няроўна. Былі моманты, калі мы даганялі наклад да 5000 асобнікаў. Былі моманты, калі падпісвалі на газету многія сотні бібліятэк. Былі часы, калі выходзілі на 12 палосах і ў два колеры. Былі цяжкія часы, калі нас выцеснілі спачатку з шапікаў "Саюздруку" ўсходніх абласцей, а пасля з Менска і Менскай вобласці. Былі гады, калі друкарня заключала з намі дамову толькі на адзін месяц.

Быў час, калі мы выручалі ў цяжкай сітуацыі "Новую газету Смаргоні" і патрапілі пад праверку фінансавай міліцыі. Былі праверкі падаткавай інспекцыі, і былі штрафы.

Былі моманты цэнзуры. Характэрны прыклад з часу выбараў 2006 года. Я наслухаўся абвінавачванняў за тое, што газета фактычна прамаўчала выбары. А з нумароў "Нашага слова" ў гэты час было знята чатыры паласы. З Гарадзенскага аблвыканкаму патэлефанаваў чалавек, якога я заўсёды паважаў, і сказаў: "Перадайце Судніку, мы не дазволім яму закрыць газету. Хай мяняе палосы. А не, то хай лепш не выйдзе гэты нумар зусім, чым закрыецца газета." Я памяняў палосы, прайшлі выбары, усё ўтрэслася. Кожны можа абвінаваціць рэдактара ў памяркоўніцтве, непрынцыповасці, уступчывасці. Гэта на адну шалю вагаў, а на другую больш за 300 нумароў "Нашага слова", якія выйшлі пасля тых выбараў. Што пераважыць? Мабыць, залежыць яшчэ і ад таго, хто важыць будзе.

Выдавецкі дом ТБМ

А між тым дзяржаўная машына прадаўжала працаваць і найэфектыўней у галіне законатворчасці. Раптам грамадскія аб'яднанні пазбавіліся права гаспадарчай дзейнасці, а, значыць, Лідская гарадская арганізацыя ТБМ не магла больш выдаваць газету "Наша слова". Неабходна ізноў было вяртацца да старой схемы з юрыдычнай асобай, але ў статуце якой былі б прапісаны ўсе правы па выдавецкай дзейнасці. Былі праведзены два паседжанні рэспубліканскай Рады ТБМ, унесены змены ў Статут. У Лідзе быў падрыхтаваны пакет дакументаў, і 12 снежня 2006 года Гарадзенскі аблвыканкам зарэгістраваў Установу інфармацыі "Выдавецкі дом грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Гэта быў першы выпадак за многія годы, калі грамадскае аб'яднанне зарэгістравала выдавецтва. Да месца будзе сказаць, што распрацаваны пакет дакументаў быў скарыстаны яшчэ раз. На аснове падпрацаванага статута і іншых дакументаў была зарэгістравана Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова "Вераснянка", якая зараз займаецца выданнем часопіса "Верасень".

Такім чынам пятнаццаць гадоў штодзённай працы без канкрэтна азначаных выхадных, без штогадовых, як належыць добрым людзям, адпачынкаў, але маем 770 лідскіх нумароў і 1100 па агульнай нумерацыі (2 студзеня 2013 года).

На сёння газета выходзіць на 8 палосах. Наклад 2000 асобнікаў. На яе можна падпісацца ў аддзяленнях "Белпошты". Газету можна купіць у шапіках "Саюздруку" Гарадзенскай вобласці, гарадоў Берасця, Пінска і Баранавіч Берасцейскай вобласці, гарадоў Віцебска, Полацка і Наваполацка Віцебскай вобласці. Версію PDF газеты можна купіць у "Белкіёску" (belkiosk.by), прачытаць на сайтах pawet.net i kamunikat.org.

Кіраўніцтва ТБМ і рэдкалегія

Усе гэтыя 15 гадоў, нягледзячы на розныя перапетыі, газета "Наша слова" заставалася цэнтральным органам ТБМ, і гэтым у значнай ступені таксама вызначаецца твар газеты.

Газета "Наша слова" друкуе афіцыйныя дакументы ТБМ, планы работы і справаздачы не толькі рэспубліканскай Рады ТБМ, але і мясцовых арганізацый. Справаздачы старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ друкуюцца рэгулярна.

І Генадзь Бураўкін - старшыня ТБМ у 1997-99 гадах, і Алег Трусаў - старшыня ТБМ з 1999 года выдатна разумелі значэнне газеты для дзейнасці, захаванасці і развіцця Таварыства. У прынцыпе і рэдактар, і старшыні ТБМ работу У. Леніна "Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура" ў свой час вучылі. А вось сучасным маладым кіраўнікам палітычных партый не пашчасціла ў гэтым плане, таму большасць з іх не то што газеты, а і сайта забяспечыць не могуць, а туды ж - у масы, па галасы выбаршчыкаў.

У газеце склалася практыка ўзгаднення кожнага нумара са старшынём ТБМ і не ў плане цэнзуры, а ў плане паўнаты і першачарговасці падачы той ці іншай інфармацыі.

У цяжкія для газеты часы ў матэрыяльным плане кіраўніцтва ТБМ аказвала і аказвае сістэматычную фінансавую падтрымку рэдакцыі, без якой ужо колькі разоў газета магла закрыцца.

Ад моманту заснавання і да сённяшняга дня ў газеты ёсць рэдкалегія, якая зацвярджецца з'ездамі ТБМ і карэктуецца Радамі. У рэдкалегію "Нашага слова" ўваходзілі і ўваходзяць многія знакамітыя людзі Беларусі, тыя, хто знаходзіцца на пярэднім краі барацьбы за беларускую мову. Склад рэдкалегіі на снежань 2012 г.: Алена Анісім, Юрась Бабіч, Марыя Баравік, Вінцук Вячорка, Юрась Каласоўскі, Юля Карчагіна, Леакадзія Мілаш, Максім Новік, Язэп Палубятка, Аляксей Пяткевіч, Уладзімір Содаль, Станіслаў Суднік, Павел Сцяцко, Алег Трусаў. У сваёй большасці гэта сябры Рады ТБМ, кіраўнікі рэгіянальных арганізацый, мовазнаўцы. Рэдкалегія не кіруе газетай нейкімі пастановамі ці загадамі, але шляхам падачы масы актуальных матэрыялаў вызначае яе і зместавую, і ідэалагічную скіраванасць.

Народная падтрымка

Я назваў вельмі мала імёнаў і прозвішчаў, прывёў далёка не ўсе прыклады і лічбы, але, магчыма, пакуль што больш і не трэба. А найперш нельга назваць прозвішчы тых дабрадзеяў, якія садзейнічалі выданню газеты, бо многія з іх яшчэ займаюць значныя пасады ў органах улады і ў бізнэсе, і не выпадае браць у кожнага дазвол на абнародванне яго імені і яго заслуг. А шмат хто такога дазволу не дасць, пажадаўшы і надалей заставацца ў цяні.

Але трэба сказаць, што адной з асноўных праблем лідскага перыяду выдання газеты "Наша слова" была і ёсць фінансавая праблема. Газету ўвесь час існавання, як адзначалася, падтрымлівае кіраўніцтва ТБМ. Пэўная падтрымка шукалася ў Лідзе. Сур'ёзную падтрымку ТБМ і газеце аказала распарадчыца спадчыны Ўладзіміра Караткевіча Алена Сінкевіч, што для нас вельмі важна і знакава. Пакуль можна было, газету падтрымлівала цераз ТБМ і беларуская дыяспара ажно да Аўстраліі. У адзін з гадоў аўстралійскія беларусы вырашылі паслаць свайго дэлегата на з'езд ЗБС "Бацькаўшчына", але грошай назбіралі недастаткова, не бліжні свет - дорага, таму вырашылі заміж дэлегата на з'езд паслаць гэтыя грошы ў ТБМ. Логіка ёсць.

Увесь час, пакуль газета знаходзіцца ў Лідзе, мы адчуваем самую шырокую падтрымку і ўладных структур, і бізнэсоўцаў, і простых грамадзян. І мы выдатна разумеем, што гэта падтрымка не зусім рэдакцыі, не зусім газеце, не зусім ТБМ. Гэта падтрымка беларускай мове. Лідзяне любілі, любяць і будуць любіць беларускую мову. Прыдзе час, і размаўляць будуць усе толькі па-беларуску.

Станіслаў Суднік, рэдактар газеты "Наша слова".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX