Папярэдняя старонка: Адукацыя, культура

15 гадоў сайту 'Павет' 


Аўтар: Грынкевіч Яраслаў,
Дадана: 17-12-2014,
Крыніца: НАША СЛОВА № 51 (1202), 17 снежня 2014 г.

Спампаваць




Наш карэспандэнт паразмаўляў з стваральнікам і адміністратарам сайта "Павет" Леанідам Лаўрэшам.

Пры канцы восені таго далёкага 1999 г. стваральнік сайта, не надта задумваючыся пра будучыню праекта, вывучаў і эксперыментаваў з кампутарнай мовай, на якой ствараюцца сайты - мовай разметкі HTML. У той час нават у інтэрнэце не было добрых падручнікаў для канструктараў сайтаў і будучаму адміністратару "Павета" даводзілася шмат чытаць на англійскай мове інструкцый па HTML. Таму, калі першы, маленькі сайт з пяці старонак, цалкам напісаным рукамі, без выкарыстання якіх небудзь праграм-рэдактараў, запрацаваў, радасць яго была бязмежнай. Адразу на адным з амерыканскіх сэрвераў быў знойдзены бясплатны хостынг. Да таго часу адміністратар сайта ўжо меў вялікае замілаванне да беларускай гісторыі і таму адразу загрузіў у інтэрнэт некалькі артыкулаў з "Лідскага летапісца". Такім чынам новы сайт стаў гістарычным сайтам і з першых дзён свайго існавання атрымаў назву "Павет". Да 20 снежня 1999 г. "Павет" ужо быў праіндэксаваны пошукавымі сэрвісамі і меў першых наведвальнікаў. Хутка на сайце з'явіўся лічыльнік першай беларускай рэйтынгавай сістэмы Акавіта і дасюль "Павет" мае на гэтым вядомым сэрвісе рэгістрацыйны нумар 138. У першыя месяцы цікава было адсочваць як прыходзіла 5 - 10 наведвальнікаў у дзень, улічваючы малалікасць карыстальнікаў інтэрнэту ў тыя часы, такая колькасць наведвальнікаў нават абнадзейвала. Прыкладна праз год ужо сайт стала наведвала 30 - 50 чалавек у дзень, што дазваляла рэсурсу нармалёва выглядаць сярод іншых беларускіх культурніцкіх сайтаў у рэйтынгах Акавіты (калі не памыляюся, некалькі сотняў наведвальнікаў у дзень у тыя часы мелі толькі "крутыя" сайты).

- 15 гадоў для сайта гэта вельмі многа. Гэта цэлая эпоха. Павінны быць значныя вынікі, ці так гэта?

- У снежні 2014 г. унутраная статыстыка "AWStats" сэрвера, дзе размешчаны "Павет", паказвае, што на сайце бываюць каля 3 500 унікальных наведвальнікаў кожны дзень, што для некамерцыйнага беларускага праекта нядрэнна.

Зараз Павет гэта ў асноўным бібліятэка, якая змяшчае вялікую колькасць тэкстаў па беларускай гісторыі, культуры, філасофіі, этнаграфіі і інш. На сайце маюць свае старонкі лепшыя беларускія навукоўцы.

Наяўнасць вялікай колькасці тэкстаў, якія рэпрэзентуюць беларускі пункт гледжання на нашу гісторыю і культуру з'яўляецца найнеабходнейшай справай. У нас час абсалютна дзейнічае прынцып: "Калі цябе няма ў інтэрнэце - цябе няма нідзе". Мае вялікае значэнне, што студэнты, школьнікі, ці проста нейкія зацікаўленыя людзі, можа нават не задумваючыся над сэнсавым зместам інфармацыі для сваіх рэфератаў ці нейкіх іншых праектаў, заўжды без праблем могуць знайсці тэкст, які адлюстроўвае беларускі погляд і выкарыстаць яго ў сваёй працы. Тое ж датычыць і інфармацыі якая выкарыстоўваецца ў блогах ці на розных форумах. Такія сайты як "Павет" рэальна беларусізуюць інфармацыйнае асяроддзе.

Змяніўшы некалькі адрасоў, Павет з 2006 г. стала знаходзіцца па адрасе: http://pawet.net.

Хацелася б спадзявацца, што сайт будзе развівацца і радаваць сваіх наведвальнікаў.

Гутарыў Яраслаў Грынкевіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX