Папярэдняя старонка: Адукацыя, культура

Сайту 'Павет' - 20 гадоў 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 27-05-2020,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Сайту «Павет» - 20 гадоў // Лідскі Летапісец 2020. 4(88). С. 7.



У снежні 2019 г. гістарычна-краязнаўчы сайт "Павет" адзначыў сваё дваццацігоддзе. Яго стваральнікам і кіраўніком з'яўляецца аўтар гэтага артыкула. Сайт "Павет" добра вядомы гісторыкам і краязнаўцам Беларусі, Расіі і Польшчы.

Раскажу пра гісторыю стварэння сайта. У канцы восені далёкага ўжо 1999 г. я, не надта задумваючыся пра тое, што можа атрымацца, вывучаў і эксперыментаваў з кампутарнай мовай, на якой тады ствараліся сайты - мовай разметкі HTML. У той час нават у інтэрнэце Лаўрэш Леанід. Сайту 'Павет' - 20 гадоў. не было добрых падручнікаў па гэтай тэме, і мне даводзілася чытаць шмат інструкцый па-англійску.

Таму, калі першы, маленькі сайт з пяці старонак, цалкам напісаных рукамі, без выкарыстання якіх небудзь праграм-рэдактараў, запрацаваў, я атрымаў вялікае задавальненне. Гэта запатрабавала інтэлектуальных высілкаў роўных здачы экзамена па вышэйшай матэматыцы ў інстытуце.

Адразу на адным з сервераў быў знойдзены бясплатны хостынг. Да таго часу адміністратар сайта ўжо меў вялікаю цікавасць да беларускай гісторыі і таму першымі загрузіў у інтэрнэт некалькі артыкулаў з часопіса "Лідскі летапісец". Такім чынам, новы сайт адразу стаў гістарычным сайтам і з першых дзён свайго існавання атрымаў назву "Павет".

Да 20 снежня 1999 года "Павет" ужо быў праіндэксаваны ўсімі пошукавымі сэрвісамі і меў першых наведвальнікаў. У першыя месяцы цікава было адсочваць, як прыходзіла 5 - 10 наведвальнікаў у дзень і назіраць, што яны чытаюць. Улічваючы малалікасць карыстальнікаў інтэрнэту ў тыя часы, такая колькасць наведвальнікаў нават абнадзейвала. Прыкладна праз год сайт ужо стала наведвала 30 - 50 чалавек у дзень, што дазваляла рэсурсу нармальна выглядаць сярод іншых беларускіх культурніцкіх сайтаў. Добра памятаю, што самыя "крутыя" беларускія сайты таго часу мелі па некалькі сотняў наведвальнікаў у дзень.

Памяняўшы некалькі адрасоў, "Павет" з 2006 г. стала знаходзіцца па адрасе: http://pawet.net і з 2009 г. працуе на ўнікальным рухавіку, які адмыслова для яго, як дыпломны праект, напісаў мой сын Вадзім. Прыемна, што да "Павета" ставяцца ўжо як да культурна-гістарычнай каштоўнасці - ён адзін з тых сайтаў, пра які ёсць асобны артыкул у беларускай Вікіпедыі. Я даўно прызвычаіўся тэсціраваць чалавека на веданне беларускай гісторыі і культуры па тым, ці ведае ён гэты сайт.

Сайт з'яўляецца сховішчам, у асноўным, тэкстаў пра Беларусь, беларускую культуру і гісторыю. Распачынаўся ён як чыста лідскі, але амаль што адразу стаў агульнабеларускім. Такім зараз і з'яўляецца бо агульнабеларускай інфармацыі на ім значна больш, чым лакальнай. Ёсць шмат тэкстаў на польскай мове. Наяўнасць вялікай колькасці матэрыялаў, якія рэпрэзентуюць беларускі пункт гледжання на нашу гісторыю і культуру, з'яўляецца вельмі важнай справай. У наш час дзейнічае прынцып: "Калі цябе няма ў інтэрнэце - цябе няма нідзе". Мае вялікае значэнне і тое, што людзі, можа нават не задумваючыся над сэнсавым зместам інфармацыі для сваіх рэфератаў ці нейкіх іншых праектаў, заўжды могуць знайсці тэкст, які адлюстроўвае менавіта беларускі погляд і выкарыстаць нашу інфармацыю ў сваёй працы. Бо інакш яны выкарыстаюць тэксты з чужымі поглядамі на нашу гісторыю і культуру. Такія сайты, як "Павет", рэальна беларусізуюць інфармацыйнае асяроддзе.

На працягу года колькасць наведвальнікаў сайта мяняецца. Улетку наведвальнікаў заўсёды менш бо людзі адпачываюць. У лепшыя месяцы на сайт прыходзіць больш за 100 000 унікальных наведвальнікаў у месяц. Розныя аўтары, у асноўным гісторыкі, рэгулярна дасылаюць свае тэксты.

Калі аналізаваць яндэкс-метрыку, усталяваную на сайце, каб даведацца, якія матэрыялы ідуць у першую чаргу, дык бачна, што галоўнымі чытачамі з'яўляюцца вучні школ і студэнты. Потым, верагодна, настаўнікі.

У наш час вельмі важным з'яўляецца тое, што сайт мае добрае цытаванне ў сацыяльных сетках - г.з. на яго часта спасылаюцца ў сацыяльных сетках пры абмеркаванні нейкіх тэм ці ў дыскусіях пра нашу гісторыю і культуру. Шмат людзей знаходзілі і знаходзяць неабходную ім гістарычную ці генеалагічную інфармацыю. "Павет" выконвае свае функцыі. Трэба дадаць, што праца над сайтам значна пашырыла мае асабістыя кантакты па ўсім свеце.

Ужо некалькі гадоў выношваюцца планы перазапуску "Павета" на новым рухавіку і па новых тэхналогіях. Галоўная праблема - сайт вельмі вялікі і перарабіць яго - надзвычай цяжкая і няпростая праца.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX