Папярэдняя старонка: Адукацыя, культура

Лідскі піярскі калегіум 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 19-11-2016,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Лідскі піярскі калегіум // Маладосць №11(756), лістапад 2016. С. 120-130.

Спампаваць




Можна сцвярджаць, што, прагнаўшы правінцыйныя сны, піяры зрабілі значны ўплыў на фарміраванне Ліды XVIII стагоддзя, увёўшы існаванне горада ў сучасны еўрапейскі кантэкст. Значэнне піяраў для развіцця Ліды можна параўнаць толькі з значэннем чыгункі, якая з'явілася ў канцы XIX стагоддзя і аказала вызначальны ўплыў на далейшае развіццё горада.


У першай трэці XVIII стагоддзя ў Лідскім павеце з'явіліся манахі-піяры. Пачала працаваць піярская школа ў Шчучыне і Верэнаве (цяпер - Воранава) [1].

Юрыст і гісторык, піяр, ксёндз Мацей Догель, лідзянін па паходжанні і хатні настаўнік лідскіх старастаў Сцыпіёнаў, першым падаў думку перанесці верэнаўскі калегіум «у шляхетны каралеўскі горад Ліду». І ў 1756 годзе па прапанове лідскага старасты Ігнація Сцыпіёна піярскі калегіум, створаны ў 1730 годзе ў Воранаве, быў перанесены ў Ліду. Верагодна, менавіта ў Лідзе, а не ў Воранаве 12 снежня 1756 года стараста ў прысутнасці Францішка Александровіча, пісара земскага і Самуэля з Кастравіц Кастравіцкага, пісара лідскага гродскага, падпісаў акт пераносу, які пакідаў воранаўскі касцёл піярам і замацоўваў за гэтай рэзідэнцыяй фундушовую суму ў 20 000 злотых, забяспечаных маёнткам Мерач Франскевічаўская. Астатнія ж фундушы пераносіліся на лідскі калегіум, прычым Сцыпіён дадаў яшчэ свой пляц у Лідзе каля вуліцы Віленскай, набыты ў 1749 годзе ў Людвікі Гадэмбскай, пінскай стольнікавай. Таксама ва ўласнасць калегіума ён запісаў яшчэ свой фальварак Асава Лапацінская. У той жа дзень гэты акт быў зарэгістраваны ў Лідскім гродскім судзе, а 9 сакавіка таго ж года пацверджаны віленскім біскупам Міхалам Зянковічам. Аднак на пачатку справа пераносу калегіума ў Ліду і павелічэнне колькасці выкладчыкаў-святароў у бедным павятовым горадзе, якім была Ліда, стрымлівалася закуліснымі інтрыгамі. Хранікёр і рэктар калегіума, ксёндз Юзафат Вайшвіла ў XIX стагоддзі пісаў, што «як сведчаць лісты, якія знаходзяцца да гэтага часу ў плябаніі, лідскія кармеліты звярталіся з просьбай у Апостальскую сталіцу, каб піярам не дазволілі асесці ў Лідзе, бо хваляваліся, што паменшацца іх касцельныя даходы» [2].

У цэнтры горада Ліда, недалёка ад старадаўняга рынку, каля ўніяцкай царквы Св. Мікалая [3] на пачатку XVIII стагоддзя Сцыпіёны мелі вялікі пляц, які з фронту прылягаў да рынку і месціўся паміж існаваўшымі да 1941 года вуліцамі Камерцыйнай і Пераца, а з тылу абмяжоўваўся ракой Лідзеяй. Пасля Другой сусветнай вайны гэтых вуліц не стала, але паглядзеўшы на карту горада 1930-х гадоў, няцяжка зразумець, пра якую пляцоўку ідзе гаворка. На гэтым пляцы з часоў Сцыпіёнаў змяшчаліся гарадская канцылярыя, турма і аптэка. Тут жа быў і жылы двор, у якім жылі лідскія старасты падчас сваіх прыездаў у горад. Спераду, пры самым рынку ці вуліцы Віленскай стаяла вялікая драўляная заезная карчма [4].

У часы вакацый 1756 года піяры перанеслі свой калегіум з Верэнава ў Ліду і размясціліся менавіта на пляцы Сцыпіёна - часова занялі частку заезнай карчмы. «Відочна, перарабілі карчму ў школу і павешаны на ёй званок адразу, з першых дзён вучэбнага года пачаў згуртоўваць дзятву да навукі» [5], - пісаў ксёндз Вайшвіла. Па легендзе павесіць школьны званок на карчму прапанаваў бургамістр горада.

Як бы там ні было, але піярская школа адразу пачала працаваць, сюды пераехала большасць вучняў з Воранава, агульнай колькасцю каля 50 чалавек. Таму адразу паўсталі і старэйшыя класы [6]. Узначальваў кляштар і калегіум рэктар [7]. Навучальна-выхаваўчым працэсам у калегіуме кіравалі прэфекты [8].

Пляц, запісаны Ігнаціем Сцыпіёнам, не быў дастаткова вялікім, каб на ім маглі быць пабудаваны касцёл, калегіум і гаспадарчыя будынкі. Тады Юзаф Барымоўскі, лідскі земскі суддзя, уступіў за 2 000 імшоў піярам ва ўласнасць свой пляц, які прылягаў да сцыпіёнавага. Уласнікі Воранава Аляксандровічы за перапісаны ім піярамі ва ўласнасць пляц каля рынку ў Воранаве аддалі манахам свой пляц пры вуліцы Віленскай у Лідзе. Кароль Аўгуст ІІІ у 1762 годзе зацвердзіў гэтую фундацыю піяраў у Лідзе і ў тым жа годзе 25 кастрычніка ў Варшаве падпісаў дакумент перадачы ва ўласнасць піярам запісаных за імі пляцоў [9].

Плённым было 25-цігадовае рэктарства Аляксандра Вольмера (1732-1802). Атрымаўшы пасаду ў 1768 годзе, ён пачаў актыўна разбудоўваць кляштар і ўпарадкоўваць маёмасныя справы. У выніку яго старанняў 4 мая 1774 года з'явілася ўхвала экстраардынарнага сейму ў Варшаве пад назвай «Зацвярджэнне фундацыі Ксяндзоў Піяраў Лідскіх з дазволам дакупіць новыя пляцы»: «Са згодай усіх станаў, фундуш Ксяндзоў Піяраў у горадзе нашым Лідзе праз Ураджонага Ігната Сцыпіёна, падстолія ВКЛ, судовага Лідскага старасты, на пляцах земскіх, якімі ён аднаасобна валодае, а другім Шпорцікаўскім, ад ... Юзафа Барымоўскага, суддзі лідскага земскага, саступленым, зацвярджаем. Так сама, з-за невялікіх памераў памянёных пляцаў, дазваляем прыкупіць тым жа ксяндзам Піярам прылеглы пляц для добрай пабудовы касцёла, кляштара і школ. Salvis oneribus, terragio, et jurisdictione civitatensibus» [10]. Такім чынам піяры павялічылі сваю нерухомасць у Лідзе да 6 моргаў. Згодна з планам 1851 года яны мелі 4 дзесяціны і 36 квадратных сажняў.

Пасля атрымання нерухомасці ў Лідзе піяры пабудавалі невялікі драўляны касцёл у паўночным канцы пляца. Візітацыя 1802 года захавала наступную інфармацыю: «Касцёл драўляны, благаславёны, не высвечаны, святога Юзафа Каласантага, фундаваны ад Ігнація Сцыпіёна дэ Кампа, старасты лідскага ў 1758 г. Будова патрабуе направы, аднак можа стаяць пакуль незакончаны новы, ужо на палову вымураваны за кошт імператара Паўла І, каторы 15 мая 1797 г. вырашыў даць 5 000 рублёў. Алтары тры: 1) Пан Езус укрыжаваны, намаляваны, 2) Найсвяцейшая Панна, 3) Юзаф Каласанты, абразы: Св. Антонія і Св. Кацярыны. Брацтвы на якіх прывязаны вечныя адпусты: 1) Сэрца Езуса і 2) Найсвяцейшай Панны Ласкавай».

Каля гэтага касцёла, ці дакладней, капліцы быў пабудаваны невялікі драўляны дом для настаўнікаў. Мураваны калегіум пачаў будаваць рэктар ксёндз Аляксандр Вольмер у 1778 годзе, аднак з-за браку сродкаў будова прасоўвалася павольна. «Гэты дом меў 12 пакояў для настаўнікаў, кухню, пякарню, сталовую і зал на другім паверсе» [11].

Сейм 1775 года зацвердзіў усе фундушы ксяндзоў «Scholarum Piarum» Літоўскіх і адначасова дазволіў «прылеглыя вёскі прыкупіць на сумы не большыя за 60 000 злотых» [12]. Каля горада Ліда, з паўночна-ўсходняга боку знаходзіўся маёнтак Пастаўшчына з вёскай Раслякі, землі якога праз раку Лідзею межавалі з нерухомасцю лідскіх піяраў. Пастаўшчына мела доўг Міхалу Эйсманту ў суме 15 000 зл. Пад канец XVII стагоддзя гэтым маёнткам валодаў Міхал Гансоўскі, падкаморы вендэнскі. Ён прадаў гэту маёмасць Тамашу Юзафу Умястоўскаму, рэгенту земскаму лідскаму. Лідскія піяры, карыстаючыся пастановай сейма, 6 красавіка 1778 года за ўласныя грошы набылі Пастаўшчыну ў пана Умястоўскага за 26 000 злотых, прычым адразу выплацілі гатоўкай 11 000 злотых і прынялі на сябе былы доўг Міхала Эйсманта ў памеры 15 000 злотых. Разам з маёнткам Пастаўшчына, уласнасцю піяраў знаходзілася таксама вёска Раслякі з падданымі.

Згодна з інвентаром 1775 года ў склад Пастаўшчыны уваходзілі: фальварак за ракой Лідзеяй па левай старане дарогі на Дворышча, млын на рацэ Лідзея і вёска Раслякі (6 дымоў, сем'і Федаровічаў). Падданыя былі павінны хадзіць на паншчыну, гэта значыць на работу «з чым двор прыкажа», мужчыны і жанчыны па тры дні з кожнай хаты, ад усходу да заходу сонца, па чарзе вартаваць двор і адбыць штогод чатыры дарогі ў Вільню ці куды яшчэ будзе трэба.

Апрача нерухомасці ў горадзе Ліда і маёнткаў Лапацішак і Пастаўшчына лідскія піяры мелі некалькі запісаных легатаў (завяшчальнікаў). Ян Кербядзь, шляхціц з ваколіцы Кербядзі сваім тастаментам ад 1762 года надаваў піярам 7 000 злотых, пазычаных Нарбутам, дзедзічам маёнтка Крупа, сучаснае Крупава з умовай, што піяры тры разы ў год - на Грамніцы, на Св. Тройцу і на Св. Яна Хрысціцеля - удвух будуць праязджаць у крупаўскі філіяльны касцёл з імшой і навукай. 24 красавіка 1766 года адвакат Гаўрылкевіч запісаў піярам 2 000 злотых за маёнткам Ляцк Пісараўскіх, які быў часткай маёмасці Шчучын Сцыпіёнаў дэ Кампа. У 1773 годзе князь Аляксандр Сапега надаў нашым піярам 15 000 злотых, забяспечаных ягонай маёмасцю ў Дзярэчыне. 1 лістапада 1781 года Тамаш і Бенедыкт Мігдалы, уласнікі фальварка Мігдалы з Забалацкай парафіі, ахвяравалі лідскім піярам 12 000 злотых, 1000 злотых з гэтай сумы гатоўкай а астатняя сума забяспечвалася застаўным правам [13] на маёнтку Несікоўшчына, потым гэта забеспячэнне было перанесена на Вялікую Перапечыцу Юзафа Нарбута, лідскага харунжага. 10 красавіка 1789 года Ежы Адамовіч, суддзя лідскі земскі, праз тастамент адпісаў піярам на мураваны касцёл 20 000 злотых, у гэтай суме 14 000 злотых - пазыковая распіска князёў Радзівілаў, забяспечаная іх маёмасцю ў Жырмунах, а 6 000 злотых - пазыковая распіска Станіслава Марцінкевіча, забяспечаных Гарнастаішкамі. Таксама было вельмі шмат дробных завяшчальнікаў і невялікіх грошай, якія ахвяравалі пабожныя людзі. Згодна з тастаментамі Стацэвіча і Мігдалаў, піяры павінны былі ўтрымліваць уласным коштам па аднаму вучню [14].

14 лютага 1782 года быў заселены новы мураваны будынак калегіума. Гмах меў два крыла, якія злучаліся пад прамым вуглом. Будынак доўгі час прастаяў нетынкаваным. Адразу пасля засялення адбыўся няшчасны выпадак: угарэлі два выкладчыкі - былы рэктар Казімір Яблонскі, які дажываў свой манаскі век, і Самуэль Галавінскі [15]. Але і ў візітацыі 1802 года пазначана: «Кляштар мураваны з цэглы на два паверхі, няскончаны» [16]. Гэтая неаднаразова пераробленая знутры і звонку пабудова часткова захавалася да нашага часу і з'яўляецца адзіным цэлым з адміністрацыйным гмахам сучаснай царквы.

Будаваць па-навуцы было каму - ксёндз Себасцьян Дамброўкі, рэктар калегіума пры канцы XVIII стагоддзя, а да гэтага пробашч касцёлаў у Ваверцы і Дылеве, лічыўся лепшым сярод піяраў архітэктарам таго часу [17]. Менавіта ён адклаў будоўлю калегіума і пачаў будаўніцтва мураванага касцёла. На працягу шасці гадоў узвёў касцёл «ажно да гзымсаў». І скончыліся грошы [18].


Захавалася няшмат інфармацыі пра навучальны працэс у Лідскай школе.

Лідская школа была падзелена на тры класы, у якіх павінны былі выкладаць тры выкладчыкі (прафесары). І акрамя першага 1756/57 і цяжкага 1795/96 навучальных гадоў заўсёды выкладалі тры настаўнікі.

У 1773-1775 гадах Адукацыйная камісія правяла рэформу адукацыі, якая патрабавала ўзмацнення вывучэння прыродазнаўчых фізіка-матэматычных навук. Аднак лідскія піяры не спяшаліся ўводзіць пераўтварэнні. У 1782 годзе па-ранейшаму ў кожным класе выкладаў адзін настаўнік, не было падзелу настаўнікаў па дысцыплінах. Візітатар адзначаў, што «шмат хто з жывучых у канвікце спіць і есць у кляштары, малады магістр які сам трошкі ведае французскую мову, дае ім пачаткі гэтай мовы» [19]. У 1783-1784 гадах змяніўся прэфект, і візітатары пачалі фіксаваць змены да лепшага, праграма навучання была прыстасавана да патрабаванняў Адукацыйнай камісіі.

У Лідскай піярскай павятовай школе ў 1801 годзе працавалі наступныя настаўнікі:

· Рэктарам (прэфект) школ ксёндз Рыгор Янкевіч, узрост 41 год, паходзіў з шляхты Упіцкага павета, першапачаткова вучыўся ў Расіенах, стаўшы манахам, вывучаў красамоўства, матэматыку і фізіку. Потым вучыўся ў Віленскай акадэміі на багаслоўскім факультэце. На пасадзе з 1798 года.

· Настаўнік права і красамоўства, ксёндз Леанард Рамашкевіч, узрост 32 гады, паходзіў з шляхты Упіцкага павета, першапачаткова вучыўся ў Паневежы, стаўшы манахам, вывучаў красамоўства, фізіку і мовы. На пасадзе з 1791 года.

· Настаўнік матэматыкі і фізікі ксёндз Андрэй Канюшэўскі, узрост 29 гадоў, паходзіў з шляхты Лідскага павета, першапачаткова вучыўся ў Лідзе, стаўшы манахам, вывучаў красамоўства, фізіку, матэматыку і рускую мову. На пасадзе з 1794 года.

· Настаўнік першага класа ксёндз Францішак Стукевіч, узрост 20 гадоў, паходзіў з шляхты жмудскага княства, першапачаткова вучыўся ў Дамбровіцы, стаўшы манахам, вывучаў красамоўства, фізіку і матэматыку. На пасадзе з 1800 года [20].

У лідскай вучэльні, як і ва ўсіх вучэльнях краю, у кожным класе вучыліся па два гады, выкладаліся наступныя курсы:

· Першы года навучання: граматыка, 1-я частка маралі (маральнай філасофіі), геаграфія, арыфметыка, катэхізіс.

· Другі год навучання: 2-я частка граматыкі, 2-я частка маралі, геаграфія, арыфметыка, выпіскі з пісьменнікаў.

· Трэці год навучання: 3-я частка граматыкі, 3-я частка маралі, 1-я частка геаметрыі, выпіскі з найлепшых месцаў з пісьменнікаў, гісторыя Асырыі, Мідзіі, Персіі, Егіпта, геаграфія.

· Чацвёрты год навучання: 1-я частка рыторыкі, 1-я частка паэзіі, 2-я частка геаметрыі, пачаткі фізікі, гісторыя Грэцыі, прыродазнаўства, пераклады замежных пісьменнікаў.

· Пяты год навучання: механіка, 3-я частка геаметрыі, алгебра, палітыка, гісторыя Рыма, батаніка, навука аб захаванні здароўя, рыторыка і паэзія.

· Шосты год навучання: заалогія, права, агульная гісторыя, логіка, рыторыка, паэзія і эксперыментальная фізіка.

Лекцыі працягваліся 4 гадзіны ў дзень з 8 да 10 і з 14 да 16, акрамя аўторка і чацвярга, экзамены праводзіліся штомесяц, акрамя першых трох месяцаў вывучэння прадмета [21].

У малодшых класах па некаторых прадметах былі яшчэ і практычныя заняткі. Пад час візітацыі 6 чэрвеня 1785 года прафесару геаметрыі указана «каб вучыў геаметрыі на практыцы, на полі, разам з рысаваннем карт». Школьная рада 2 мая 1791 года вызначыла час землямернай практыкі. У «Дзеях...» 25 лістапада 1797 года запісана: «Каморнік, прызначаны Літоўскім урадам вымяраць горад Ліду і зрабіць план, прасіў аб дапамозе студэнтаў. Сход настаўнікаў, зыходзячы з вялікай практычнай карысці для вучняў, якія вывучаюць геаметрыю, каб удасканаліцца ў гэтай навуцы дазволіў. А таксама каб і настаўнікі хадзілі на тую практыку, аднак без занядбання школьных і кляштарных абавязкаў» [22]. На гэтай карце горада бачны і кляштар піяраў і царква Св. Міхала (верагодна пасля пажару была пераасвечана з царквы Св. Мікалая), якая мела шпіталь, плябанію і могілкі, што бачна з тэксту візітацыі цэркваў Лідскага уніяцкага дэканата ў 1792 годзе [23]. Гэтым планам Ліды гісторыкі і аматары гісторыі карыстаюцца і сёння.

У 1800 годзе Міхал Богуш, генеральны візітатар літоўскіх школ, склаў пахвалу ксяндзу Андрэю Канюшэўскаму, прафесару 2-га класа, «які злучаючы прыемнасць з практыкай, патрапіў зацікавіць сваіх вучняў батанікай, прывучаючы іх у часы адпачынку да збірання на палях і лугах тутэйшай ваколіцы розных зёлак, класіфікавання іх і складання кожным вучнем гербарыяў. Гербарыі, якія вучні паказалі візітатару, ён праглядзеў усе, запытваў іх назвы як па-грэцку так і па-польску і адказамі вучняў быў задаволены».

У «Дзеях ...» 3 лютага 1800 года знаходзіцца цікавы запіс аб уводнай лекцыі з навукі права. Тады, згодна з даўнім звычаем, у Лідзе сабраўся грамнічны павятовы сеймік. Можна дапусціць, што такія ўводныя лекцыі права былі звычайнымі ў школьным жыцці і паходзілі з часоў Рэчы Паспалітай.

У школе звярталася ўвага і на фізічнае выхаванне вучняў. Візітацыя 13 ліпеня 1789 года занатавала: «Найсвяцейшая камісія вырашыла муштраваць вучняў і вучыць іх жаўнерскім прыёмам як толькі дазволіць іх узрост», а таксама праводзіць «звычайныя ігры падчас адпачынку - мяч і бег навыперадкі».

У школе праводзіліся метэаралагічныя назіранні. 22-24 мая 1804 года візітатар «агледзеў метэаралагічную абсерваторыю». Візітацыя 1808 года адзначае, што «у кнізе метэаралагічных назіранняў маюцца значныя перарывы, бо два разы праходзіла войска і вучняў распускалі» [24].

Вядомы імёны вучняў, які ў часы перад падзеламі Рэчы Паспалітай вызначыліся выбітнымі поспехамі ў навуках ці высокім узроўнем маральнасці і таму былі узнагароджаны медалём «Deligentiae», які кароль Станіслаў Панятоўскі зацвердзіў у 1785 годзе [25].

У 1796 годзе да піярскай школы далучана лідская парафіяльная школа. У візіце 1803 года пазначана, што парафіяльная школа ўтрымліваецца стараннямі ксяндза каноніка Вінцэнта Нарбута, пробашча лідскага, і што «дзеці гэтай школы маюць асобнага настаўніка, ходзяць разам у тутэйшую школу і ў першым класе, сярод пачаткоўцаў, месцяцца». Візітатар 22/24 мая 1804 года запісаў: «1-шы клас двухгадовы, вучняў 37, у двух вышэйшых класах знайшоў 24 вучня, класы гэтыя таксама двухгадовыя».

Дакументы калегіума даюць нам інфармацыю пра існаванне школьнага тэатру. У 1771 годзе ў віленскай друкарні піяраў кніжкай на 22 старонкі была надрукавана п'еса прэфекта Антона Мікуцкага [26], у якой ён высмейваў скаргі на недасканаласць сучаснага сусвету. 4 ліпеня 1772 года лідскі тэатр паставіў яшчэ адну трагедыю гэтага ж аўтара [27], яна была прысвечана Юзафу Пацу [28]. Тэатральная дзейнасць піяраў - цікавы эпізод гісторыі Лідчыны [29].

Трэба сказаць некалькі слоў пра Антона Мікуцкага. Ён быў настаўнікам лідскага калегіума, прапаведнікам, аўтарам падручнікаў, задачай якіх лічыў павышэнне дасведчанасці шляхты пра формы праўлення ў іншых краінах. Мікуцкі меў вялікія палітычныя амбіцыі, ў 1787-1796 гадах быў рэктарам віленскага піярскага калегіума. Навуковыя спатканні ў Мікуцкага нават параўноўвалі з каралеўскімі абедамі ў чацвер [30]. На пасадзе рэктара ён захацеў стаць віленскім біскупам і каб атрымаць падтрымку заможных людзей, на грошы з фундушу лідскіх піяраў, арганізаваў вялікае свята, абяцаючы братам-манахам, што ўсё вернецца пасля атрымання ім годнасці біскупа. На жаль, усё скончылася велізарным фінансавым скандалам [31].

У 1779 годзе творы некалькіх лідскіх піяраў - Міхала Харкевіча, Міхала Аляхоўскага і інш. патрапілі ў зборнік панегірыкаў, выдадзеных у Вільні, у гэтым жа зборніку вядомы віленскі піяр Феліцян Выкоўскі славіў лідскага старасту Сцыпіёна [32].


Піярская школа ўтрымлівалася з фундушоў і дабрачынных ахвяраванняў. Ані скарб Рэчы Паспалітай, ані каралеўская каса не прычыніліся да стварэння і ўтрымання гэтай навучальнай установы. Пабудова мураваных кляштара і касцёла, набыццё Пастаўшчыны паглынулі большасць грошай. Лідская нерухомасць, два фальварка, працэнты ад завешчаных сум і выпадковыя ахвяраванні былі тымі крыніцамі, з якіх лідскія піяры мелі вельмі сціплыя і ледзь дастатковыя сродкі на ўтрыманне калегіума, школы і асабістае існаванне. Былі гэта грозныя часы другога і трэцяга падзелаў Рэчы Паспалітай. Пры рэктары Раймунду Ржашоўскім на пачатку XIX стагоддзя піяры засталіся без грошай. Вайшвіла пісаў, што ніколі «мы не былі такімі беднымі, як падчас гэтага бязладдзя. Нават увайшло ў прыслоўе: Ліда - бяда!» Калі хтосьці з кіраўніцтва закону хацеў напужаць падначаленага, дык гразіўся адправіць яго выкладаць у Ліду [33].

Ксёндз Вайшвіла трымаў у руках хронікі лідскіх піяраў пад назвай: «Кніга агульных здарэнняў горада, пачата ў 1793 г.», ён пісаў, што глава «Выпадкі 1794 г.» была напісана, але ўсе старонкі гэтага года выдраны з кнігі, заставалася толькі некалькі слоў у змесце. Вядома, што Лідскі стараста Юзаф дэ Кампа Сцыпіён чынна выступаў супраць таргавічан і расійскіх войскаў, ажно да апошніх дзён бараніў вольнасць і незалежнасць Рэчы Паспалітай, а падтрыманыя ім лідскія і шчучынскія піяры верна дапамагалі свайму пратэктару і таму выклікалі супраць сябе пераслед акупантаў.

Рускае войска для сваіх мэтаў час ад часу забірала школу, ціснула піяраў рэквізіцыямі і нават адзін раз забрала піярскі касцёльчык пад ваенную царкву [34].

Зразумець, як лідскія піяры-выкладчыкі аднесліся да інкарпарацыі Рэчы Паспалітай у Расію, можна з загаду расійскага генерал-губернатара Літвы Рапніна ад 1 красавіка 1795 года: «у горадзе Лідзе 19 мінулага сакавіка месяца па новым стылі Піяр, названы Лаўрынец (Ваўжынец. - Л.Л.) Адамовіч, адважыўся ў пропаведзі, замест павучання закону Божаму, супраць правілаў Евангельскіх і апостальскіх і насуперак сваёй прысягі, непрыстойна ганьбіць паводзіны Гасудароў і ўмешвацца ў справы палітычныя, якія да духоўнага сану і закона Боскага не належалі; за такую дзёрзкасць той няварты свайго сану манах быў ўзяты пад варту і пазбаўлены свайго месца, ён будзе за гэта злачынства пакараны па ўсёй строгасці законаў». Разам з Адамовічам манахам быў узяты пад варту і рэктар Лідскага вучылішча Фларыян Крушэўскі, але «пасля разгляду справы высветлілася, што ён бязвінны бо не ведаў, што такую пропаведзь той манах казаць будзе: таму гэты Крушэўскі адпушчаны без усялякага спагнання, хоць ён і знаходзіцца не на сваім месцы з-за слабага утрымання падначаленых, ад чаго і адбылася такая дзёрзкасць, гэтак жа вінаваты і ў тым, што супраць сваёй прысягі адразу не прыняў залежных ад яго мер да спынення падобнага злачынства і не паведаміў пра яго куды трэба» [35].

У канцы XVIII стагоддзя найлепшым будынкам Ліды лічыўся недабудаваны яшчэ піярскі калегіум. Ён служыў месцам, дзе спыняліся розныя высакародныя асобы. Так вядома, што ў 1797 годзе цар Павел І рабіў агляд «новадалучанага да Расіі краю». Разам з ім аглядалі наш край вялікія князі Аляксандр і Канстанцін і вышэйшыя расійскія саноўнікі: Аляксандр Безбародка, Фёдар Растапчын, Дзмітры Трашчынскі, Грыгорый Кушчалеў [36], Аркадзь Нялідаў, флігель-ад'ютант, князь Галіцын, Кутузаў, Нелядзінскі, Пётр Абрэшкаў, Аляксей Аракчэеў і асобы світы. Пышны царскі поезд з Масквы праз Смаленск, Оршу і Мінск 19 мая прыбыў у Нясвіж, адкуль, пасля начлегу, рушыў на Слонім, Дзярэчын, Масты і Скідаль да Гродна, куды і прыбыў 14 мая. Пасля кароткага адпачынку ў каралеўскім замку Павел з вялікімі князямі і Рапніным паехаў на мяжу Прусіі. Назаўтра, пасля наведвання мяжы, усе разам выехалі праз Каменку Тызенгаўза і пераначавалі ў Лідзе [37].

Пра той начлег у Лідзе апавядае ў сваіх «Дзеях...» ксёндз Вайшвіла: «Павел І, агледзеўшы літоўскія правінцыі, 16 мая 1797 г. прыбыў у Ліду. Начаваў разам з вялікімі князямі Аляксандрам і Канстанцінам у тутэйшым калегіуме і пакінуў пасля сабе добрую памяць - ахвяраваў на касцёл 5 000 рублёў. Займаў тры пакоі на другім паверсе. Сам адпачываў у тым, у якім дзверы насупраць большага калідору, якім уваходзяць з нізу, каля яго пакою, з правага боку, ў кутнім пакоі, адпачываў вялікі князь Аляксандр, а з левага - вялікі князь Канстанцін. Удзячныя піяры зрабілі памятную дошку, якая была галоўная асаблівасцю і аздобай гэтай пабудовы. Авальная тарча з дрэва была прымацавана на калідоры над дзвярамі пакою, дзе адпачываў цар, на тарчы меўся надпіс залатымі літарамі [38].

Гэта дошка згарэла пры пажары 1842 г.

Цар праз сваю ласкавасць і шчодрасць вырашыў даць грошы для заканчэння пабудовы мураванага касцёлу і запытаў гаспадара [39]: "Колькі на гэта трэба?" Той, парадзіўшыся з калегамі, і каб не прасіць болей, указаў суму ў 5 000 рублёў. Адразу найяснейшы пан уласнай рукой напісаў цыдулку да падскарбія ...» [40].

Цікавая далейшай гісторыя царскіх грошаў. Падскарбі згадзіўся выплаціць грошы, толькі калі яму перападзе 100 рублёў з сумы. Піяры адмовіліся даваць хабар і тады з'явілася другая праблема - цар меў на увазе 5 000 рублёў золатам але не ўказаў гэта ў цыдулцы (4 рубель асігнацыямі тады быў роўны 1 рублю золатам). Покуль піяры шукалі тлумачэння, Паўла І забілі і ім прыйшлося задаволіцца асігнацыямі [41]. Вось такой можа быць царская міласць.

Вайшвіла пісаў і пра другі царскі начлег ў лідскіх піяраў: «У часы пабудовы касцёла, пануючы цар Аляксандр І наведаў калегіум і выказаў нам сваю ласку. Як мне расказваў кс. Антон Паеўскі, які сам тады быў вучнем школы, адбылося гэта ў маі 1802 г. Найяснейшы пан адпачываў у зале над сталовай, якая апрача іншых упрыгожванняў, была высыпана ружамі (у маі?) а калідор рознымі іншымі кветкамі. Будаўнік [42] не адважыўся прасіць аб дары на аднаўленне касцёлу, але ж меў шанц атрымаць, калі б распавёў пра неабходнасць гэтага».

Акрамя таго, ксёндз Вайшвіла, не даючы даты, коратка піша пра яшчэ аднаго госця піяраў у той час: «Кніга агульных здарэнняў горада, пачатая ў 1793 г. не змяшчала нічога, акрамя адной ведамасці, што аўстрыйскія эрцгерцагі ў свой прыезд з Вены ў Пецярбург на адваротным шляху бавілі час і балявалі ў тутэйшым калегіуме» [43].

Гасцілі ў піяраў не толькі цары, але і прыезджыя павятовыя дыгнітарыі. У «Дзеях ...» запісана, што 3 лютага 1800 года «Была склікана сесія каб вырашыць, што рабіць з лекцыямі падчас сейміка, бо адзіная школа была занятая панам падкаморым, і ці маюць вучні бываць на сесіях?» Аднак такія пастоі звычайна праносілі грошы ад гасцей. Значна больш цяжкімі былі вайсковыя пастоі. Руская армія не рабіла ніякіх паслабленняў для будынкаў школьных ці кляштарных, а гэтак жа і для памяшканняў, у якіх жылі вучні. Ужо падчас першага побыту рускага войска 18 мая 1793 года было «склікана пасяджэнне школьнай рады з прычыны раскватаравання рускага войска ў пакоях вучняў ... Бо жаўнеры ў вучнёўскіх пакоях робяць перашкоду і трэба каб прэфект паразмаўляў пра гэта з палкоўнікам» [44].

Наогул, умовы існавання школы ў Расійскай імперыі былі цяжкімі. 14 кастрычніка 1799 года зроблены такі запіс у «Дзеях ...»: «пасля заняцця школы пад царкву для палка Эсэна 2-га, лекцыі пачалі даваць з вялікім перапынкам, прэфект пытаўся, ці не лепей было адмяніць лекцыі па палову тыдня? Аднагалосна з гэтым пагадзіліся, лічачы гэта эканоміяй часу». Ксёндз Вайшвіла дадае да гэтай інфармацыі наступнае: «Побыт тут нашага гаспадара (ксяндза Філіпа Неруша Банарскага) скараціла наступная акалічнасць: пры канцы трохгоддзя яго прац для закона, праваслаўны вайсковы капелан адправіў набажэнства ў піярскім касцёле не пытаючыся пры дазвол, наш рэктар быў абвінавачаны біскупам у тым, што ён гэта дапусціў і таму зняты з пасады».

22 кастрычніка 1803 года «на агульным сходзе абмяркоўвалася, як зрабіць так, каб дом, прызначаны для летняй адукацыі і гвалтоўна забраны гарадской камандай, быў вернуты. Ухвалілі: падаць просьбу да гараднічага Ліды пра падпаручніка Мернага, які супраць указаў манарха аб каталіцкім духавенстве, якія вызвалялі ад пастояў усе памяшканні законаў і асабліва памяшканні прызначаныя для адукацыі, 21 дня прыйшоў з жаўнерамі і дзясятнікамі і гвалтоўным чынам забраў школьны дом, замкі пазбіваў, кафедры і лаўкі з класаў павыкідваў». 26 таго ж кастрычніка «кс. прэфект сабраў сход каб абмеркаваць адбор школы вайсковай камандай... Школьны сход неаднаразова звяртаўся да васпана выконваючага абавязкі гараднічага, камісара лідскага Ельца, але не дачакаўшыся ягонага выраку па справе аб заняцці школьнага дома, пастанавіў: даслаць рапарт да Імператарскага Віленскага ўніверсітэта». Але не дапамог і рапарт да ўніверсітэта, 22/24 мая 1804 года візітатар эзопавым стылем запісаў у кнізе візітацый: «Пад палкавую капліцу забраны школьны дом, таксама за правіну пошуку дапамогі ва універсітэце робяцца перашкоды і забрана бюро».

Падобна, мясцовыя ўлады нават змагаліся з піярскай школай. 15 красавіка 1806 года « была сабрана сесія, каб абмеркаваць свае паводзіны з васпанам гараднічым Каралінам з-за гвалтоўнага, супраць указу Імператара, прымусу распусціць на час вучняў і каб яны пакінулі свае пакоі. Ухвалілі: як хутчэй даслаць аб гэтым здарэнні рапарт ў Галоўную Школу (Віленскі ўніверсітэт. - Л.Л.)». Універсітэт дапамог праз чатыры гады, толькі 25 мая 1810 года візітатар пісаў: «Дзякуючы дапамозе Універсітэту школа вызвалена ад павіннасці пастою ў кляштары і школе» [45].

Візітацыя 4 чэрвеня 1792 года пра школьны будынак занатавала: «Школьныя залы дастаткова зручныя», але візітацыя 24 сакавіка 1808 года сцвярджала, што «асобнага будынку для школы няма (NB - падчас візітацыі быў заняты войскамі), частка класаў у кляштары, частка ў ізбе-сталоўцы, частка ў пакоях настаўнікаў», візітацыя ад 25 мая 1810 года выразна адзначае: « Школьны будынак цалкам зруйнаваны а заняткі праходзяць у памяшканнях настаўнікаў». Дырэктар гродзенскай гімназіі Сазановіч, інспектуючы лідскую школу 21 кастрычніка 1833 года, таксама занатаваў: «Паміж вучнямі ў класах, па магчымасці, падтрымліваецца дысцыпліна, вучні з-за браку месца знаходзяцца ў сталовай і келлях манахаў-піяраў». Падобна, школьны будынак быў зруйнаваны пастоем войска [46].


У 1801 годзе ў лідскім піярскім калегіуме вучылася 49 чалавек, з іх 39 з шляхты, 3 з гараджан, 2 з разначынцаў, 5 з чыноўнікаў. Бібліятэка вучэльні мела 627 кніг (з іх 38 падручнікаў) [47].

У 1803 годзе піярскі калегіум ператвораны ў 4-класную павятовую вучэльню ў складзе Віленскай навучальнай акругі, арганізацыя вучэбнага працэсу і праграма навучання пры гэтым не змяніліся, і піяры па-ранейшаму лічылі яе сваёй справай [48].

Аляксандр І, дазваляючы існаванне Віленскага ўніверсітэта, сваім рэскрыптам ад 4 красавіка 1803 года падпарадкаваў універсітэту ўсе публічныя і прыватныя школы, а таксама пансіёны, якія знаходзіліся ў Вільні і іншых месцах. На утрыманне кожнай павятовай школы з даходаў па-езуіцкай маёмасці асігноўвалася штогод 2 820 рублі. Указ гэты вызначаў, што ў Літоўскіх губернях - віленскай і гродзенскай, школы якія утрымліваліся манаскімі законамі, кіраваліся статутам «былой Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай» і што школы гэтыя знаходзіліся ў падпарадкаванні універсітэта. Асобнай клаўзулай указ абмяжоўвай правы манаскіх школ на атрыманне сродкаў з даходаў па-езуіцкай маёмасці і паведамляў, што «ў Гродзенскай губерні [49] законы павінны утрымліваць сем школ» і «ў тых школах адукацыйныя праграмы павінны быць прыстасаванымі да праграм чатырохкласных павятовых школ». У лік гэтых сямі школ уваходзілі школы ў Лідзе і Шчучыне [50].

Указам ад 20 жніўня 1804 года было вызначана, што «ў Літоўскіх губернях, Віленскай і Гродзенскай, вучылішча, даручаны Духоўным законам павінны кіравацца... Уставам былой Польскай Адукацыйнай камісіі» [51]. Быў вызначаны штат і гадавыя заробкі выкладчыкаў для дзяржаўных вучэльняў і вызначана, што вучэльні Духоўных законаў будуць «складацца з 4 класаў і 4 настаўнікаў» [52].

У 1808 годзе ўніверсітэт паставіў лідскую школу пад непасрэдны нагляд гродзенскай гімназіі. Тады ж школа атрымала назву «Павятовая Лідская школа айцоў Піяраў».

Мовай школы ажно да яе закрыцця была польская мова. Статут Віленскага ўніверсітэта ад 18 мая 1803 года ўводзіў рускую мову ў праграму лекцый, але піяры нейкі час не прымалі гэтай навацыі: 12 лістапада 1803 года ксёндз правінцыял Юзаф Астроўскі зацвердзіў штат настаўнікаў лідскай школы, але ці выпадкова, ці адмыслова, выкладчыка рускай мовы сярод настаўнікаў не было. Відавочна, нехта звярнуў на гэта увагу і 6 снежня 1803 года на школьнай радзе разглядалі пытанне: «справа аб неабходнасці мэтра рускай мовы і выраку, каб ксёндз Санкоўскі вучыў гэтай мове». Візітацыя 1804 года сцвярджала, што «мовы французская і руская вывучаюцца», аднак поспехі вучняў у рускай мове былі слабыя ці рэдкія і таму універсітэт пажадаў, каб гэтая мова «давалася як нацыянальная». 17 красавіка 1808 года Школьная рада «не знайшла падручнікаў і настаўнікаў у гэтай мове і вырашана адкласці гэты пункт на наступны навучальны год». Але гэты наступны год прыйшоў не хутка, 25 мая 1810 года правінцыял у візітацыі адзначыў: «Не выкладаецца абавязковая ў павятовых школах руская мова, але толькі французская на пачатковым узроўні». Потым на гэта звярнуў увагу дырэктар гродзенскай гімназіі і указаў на гэты факт ў лісце да кіраўніцтва школы, прыказаўшы выкладаць гэтую мову. 12 верасня 1811 года школьная рада мусіла адказаць на загады і вырашыла, што рускую мову будзе выкладаць ксёндз прафесар Дыянізі Фрайсамберг, які і выкладаў гэты прадмет да 1820 года. Спачатку давалі рускую мову па паўгадзіны штодзённа, але ад 3 лютага 1814 года пачалі, відавочна, пад ціскам, выкладаць рускую мову па гадзіне на тыдзень. 8 кастрычніка таго ж года было вызначана, што руская мова будзе выкладацца па панядзелках, серадах і пятніцах пасля «школьнай абедні». У 1820 годзе рускую мову выкладаў ксёндз Тадэвуш Унянтоўскі «у двух аддзелах: пачатковым і дасканалым», пры чым гэтыя лекцыі «замыкалі навуку пачатковага чытання, скланенне слоў, красамоўства і правапіс». У 1822 годзе рускую мову выкладаў ужо ксёндз Дэмэтры Тамашэвіч, у 1824 годзе - ксёндз Алексы Тубароўскі, а ў 1829 годзе ксёндз Піюс Ясенскі [53].

З боку гледжання падзела настаўнікаў, школа складалася з наступных трох частак: 1) пачатковыя класы і парафіяльная школа, 2) два першыя малодшыя класы, 3) два старшыя класы. Пачатковы клас, які часам называўся ўступным, і парафіяльная школа мелі аднаго настаўніка, у 1824 годзе гэта быў клірык Андрэй Слявінскі, у 1828 годзе Рамуальд Панасевіч, раней ён сам быў вучнем павятовай школы і яе дамашнім наглядчыкам.

У 1-м класе выкладалі ксяндзы: у 1784-1785 гг. Ваўжынец Адамовіч, у 1787 г. Каятан Дзержаноўскі, у 1788 г. Антоні Юхневіч, у 1789 г. Рамульд Арэшкоўскі, 1792-1793 гг. Піюс Янкевіч, у 1798 г. Людвік Сцыпіён, у 1800 г. Францішак Стукевіч і ў 1803-1804 гг. Вінцэнт Кавалеўскі.

У 2-гім класе выкладалі ксяндзы: у 1784 г. Юзаф Статкевіч, у 1785-1787 гг. Караль Харват, у 1788 г. Казімір Таліцкі, у 1793 г. Казімір Янцэвіч, у 1798-1803 гг. Андрэй Канюшэўскі, у 1803-1804 гг. Казімір Заткевіч і ў 1805 г. Францішак Калясінскі.

У 1806 г. у 1-м і 2-м класах выкладаў настаўнік ксёндз Станіслаў Заверанскі, аднак у 1807 г. 1-ы клас быў аддадзены выключна ксяндзу Ежы Мігдале, а 2-гі клас - ксяндзу Адаму Юшкевічу. Аднак у 1808 г. у абодвух класах выкладаў адзін ксёндз Антані Данілевіч, пасля яго ў 1816 г. Дзіянісі Фрасамберг, у 1818-1820 гг. ксёндз Тадэвуш Унянтоўскі, у 1825 г. клірык Мацей Рапніцкі.

Праца настаўніка ў двух старшых класах была падзелена па прадметам. У 1793 і 1798 гг. у «Дзеях ...» успамінаецца ксёндз Казімір Жукоўскі з тытулам прафесара - гэтак называўся выкладчык-прадметнік, звычайна з універсітэцкай адукацыяй, які выкладаў у 3-м класе. Вядома, што некаторыя прафесары старшых класаў адначасова выкладалі і ў малодшых [54].

З актаў візітацый можна даведацца і пра колькасці вучняў [55].

Вышэй згадвалася пра два фундушы, запісаныя лідскім піярам - Войцаха Стэцэвіча і Томаша і Бенедыкта Мігдалаў. Згодна з гэтымі фундушамі, піяры былі павінны бясплатна ўтрымоўваць і вучыць двух вучняў - сваякоў фундатараў ці хоць бы з такім жа прозвішчам, як у фундатараў. Візітатары заўжды звярталі увагу на тое ці выконваюць піяры гэтыя ўмовы [56]. У візітатараў знаходзім занатаваныя імі прозвішча фундушовых вучняў [57].

6 чэрвеня 1817 года, ранютка, неспадзявана, падчас праезду ў Вільню і Пецярбург прыбыў у Ліду яго светласць князь Адам Чартарыскі, тагачасны куратар Віленскага універсітэта і вучэбнай акругі. Ён адразу прыйшоў у тутэйшую школу і сам праверыў веды вучняў. Праверкай застаўся задаволены і выказаў падзяку рэктару разам з усімі настаўнікамі за адносіны вучнёўскай моладзі да навукі. Прыказаў свайму сакратару запісаць у журнале візітацый, але каб было хутчэй, запісаў уласнаручна. Перапісаў той запіс даслоўна: «Аддаю павагу заслужанай руплівасці і пільнасці настаўнікаў лідскай школы і яе кіраўніку - высакароднаму і узорнаму ягамосці рэктару і сведчу сваю найвялікшую падзяку. Для яшчэ больш дасканалай працы гэтай школы, звяртаю увагу настаўнікаў на два важных у навучанні моманту: зразумеласць у тлумачэннях, што значыць чыстае вымаўленне слоў і цэлых сказаў з дакладнай інтанацыяй: без маркотнай аднастайнасці але і без залішняй афектацыі. Вучыць так, каб вучні не запаміналі лекцыю павярхоўна а грунтоўна даходзілі да галоўных высноў вывучаемай тэмы. Трэба каб моладзь не зубрыла лекцыі на-памяць але каб кожная навука выкладалася ясна і стасоўна да разумення, даваліся запамінальныя прыклады з жыцця і нарэшце, трэба імкнуцца да таго, каб кожнае слова з лекцыі вучні маглі самі растлумачыць. Пісана ў Лідзе 6/18 чэрвеня 1817 г. А. Чартырыскі, куратар». Хутка падобны ж запіс князь зрабіў у віленскай гімназіі, дзе, дарэчы, прыводзіў лідскую школу як узор. Сучаснікі лічылі гэтыя словы найвялікшай хвалой і вянцом дзейнасці школы.

У канцы красавіка 1827 года школу наведаў тагачасны рэктар Віленскага ўніверсітэта Пелікан. Вынік інспекцыі ён выразіў у наступным лісце: «Правінцыялу закона кс. Піяраў, вялебнаму кс. Крукоўскаму. Наведаўшы ў гэтым годзе некаторыя навучальны установы Віленскай акругі, з вялікім задавальненнем магу адзначыць, што у гімназіі Мянджэца [58], а таксама ў лідскай павятовай школе, якую утрымліваюць піяры, усталяваны неабходны лад у справе выкладання навук і ў маральным выхаванні і пакаранні вучняў. Усё робіцца як належыць з-за высокай руплівасці піяраў на дабро грамадства і дакладным выбары піярскім законам асоб для навучання моладзі. Лічу сваім прыемным абавязкам выказаць вам удзячнасць за вашу працу ад імя куратара Віленскай вучэбнай акругі, які мяне на гэта ўпаўнаважыў, і ад мяне асабіста. Прашу перадаць гэтыя падзякі таксама кіраўніку школы і настаўнікам. Рэктар Універсітэта Пелікан. 6 ліпеня 1827 г. № 724».

Апошнюю інспекцыю школы правёў 21 кастрычніка 1833 года дырэктар школ Гродзенскай губерні калежскі дарадца Сазановіч. Пратакол ягонай інспекцыі першы раз упісаны ў кнігу візітацый па-руску. Школа была ўжо асуджана на знікненне [59].

Лідскую піярскую школу скончыла шмат выбітных людзей нашага краю. Адзначу тут толькі Станіслава Баніфацыя Юндзіла (1761-1847), прафесара батанікі і заалогіі Віленскага універсітэта, які атрымаў сярэднюю адукацыю ў піярскіх школах Ліды, Шчучына і Любяшова [60] і Мірона Браніслава Нарбута - аўтара найкаштоўнейшых мемуараў пра Лідчыну, паўстанца 1863 г. [61]

9 верасня 1834 г. Лідскі павятовая вучэльня піяраў была закрыта [62]. А юрыдычна піярскі калегіум быў ліквідаваны толькі 14 мая 1845 г. [63]



[1] Сборник материалов для истории просвещения в России. Т. 1. С.-Петербург, 1893. С. 221

[2] Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №9, grudzień 1936. S. 3.

[3] Архіў Жыровіцкай семінарыі. Архіў Лідскага благачыння. Ф. 1. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 117.

[4] Гэтая карчма згарэла ў пажары горада Ліда ў 1827 годзе, на яе месцы ў 1840 годзе Беньямін Каменецкі пабудаваў двухпавярховы мураваны дом, у якім павятовыя ўлады месціліся да 1915 года. У 1920-30-я гг. гэтай нерухомасцю валодаў Фрума Крэйна Ілютовіч. Некалькі дзесяткаў іншых уладальнікаў забудавалі былы сцыпіёнаўскі пляц ажно да ракі Лідзеі.

[5] Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №9, grudzień 1936. S. 4.

[6] Kurkowski Jarosław. Pijarzy w Werenowie i Lidzie // Z dziejów Ziemi Lidzkiej. Warszawa, 1997. S. 68.

[7] Рэктары піяраў ў Лідзе: у 1758-1762 гг. кс. Антоні Астроўскі; у 1763 г. па намінацыі генерала закону кс. Войцах Камароўскі; каля 1767 г. кс. Казімір Яблонскі, памёр у Лідзе; у 1768-1793 гг. кс. Аляксандр Вольмер, памёр у Лідзе 12 снежня 1802 г.; у 1793-1795 гг. кс. Фларыян Крушэўскі; у 1796 г. кс. Андрыян Шалевіч; у 1797 г. кс. Павел Выхоўскі; з 5 верасня 1797 г. па 1799 г. кс. Філіп Неруш Банарскі; у 1799-1806 гг. кс. Себасцьян Дамброўскі, пробашч вавёрскі і дылеўскі, архітэктар; з 22 жніўня 1806 г. па 1808 г. кс. Раймунд Ржашоўскі, юрыст; у 1808 г. кс. Юзаф Сангайла; у 1808-1811 гг. кс. Антон Юхневіч; у 1811-1814 гг. кс. Францішак Дашкевіч, памёр у Лідзе ў 1814 г.; у 1814 г. кс. Дамінік Серафіновіч; у 1814-1817 гг. кс. Феліцыян Пашкевіч; у 1817-1818 гг. кс. Себасцян Дамброўскі паўторна, памёр у Лідзе; з 1818 г. кс. Віктар Ежыкевіч, па намінацыі правінцыяла закону; у 1820 г. на капітуле абраны кс. Каласанты Санкоўскі, у 1826 г. ён атрымаў ад князёў Радзівілаў інвестытуру на пробаства Жырмунскае. Кіраваў лідскім калегіумам да 1829 г. Памёр у Жырмунах у 1834 г.; у 1829-1832 гг. кс. Антон Раеўскі, лідзянін, прыродазнаўца; у 1832-1835 гг. Фердынанд Шумоўскі, матэматык; у 1835-1842 гг. кс. Юзаф Вайшвіла, матэматык. - Гл: Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №1, styczeń 1937. S. 2.

[8] Лідскія прэфекты: Юзаф Кянтрынскі (1756-57); Дамінік Грабоўскі (1757-58); А. Астроўскі (1758/59); Юзаф Гермер (1759-61); Аляксандр Волмер (1761-69); Ян Пажэрскі (1769-70); Міхал Кянтрынскі (1770-71); Антон Мікуцкі (1771-72); Міхал Туркоўскі (1772-74); Яцак Красоўскі (1774-76); Дыянісій Гурыновіч (1776-78, 1781-83); Бярнард Памарнацкі (1778-79); Ксавер Янкоўскі (1779-81) ; Андрэй Свіршчэўскі (1783-84); Павел Выгоўскі (1785-86, 1789-90); Бярнард Парэмбскі (1790-91); Ваўжынец Адамовіч (1791-93, 1802/03) ; Андрыян Шалевіч (1794-96); Амброзі Сангайла (1796-97). - Гл: Kurkowski Jarosław. Pijarzy w Werenowie i Lidzie // Z dziejów Ziemi Lidzkiej. Warszawa, 1997. S. 71-72.

Далей: у 1798 г. кс. Рыгор Янкевіч; у 1803 г. кс. Ваўжынец Адамовіч, паўторна; у 1804 г. кс. Ігнацій Пляскачэўскі; у 1805 г. кс. Якуб Захарэвіч; у 1808-1811 гг. кс. Антон Юхневіч, першым быў прымушаны прыняць тытул наглядчыка школы; у 1811-1822 гг. кс. Ігнацій Пазалевіч; у 1824 г. кс. Дэмэтры Тамашэвіч; у 1833 г. кс. Фердынанд Шымборскі, рэктар і прэфэкт. - Гл: Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №6-7, czerwiec-lipiec 1937. S. 62.

[9] Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №1, styczeń 1937. S. 2.

[10] Volumina Legum. Petersburg, 1860. T. VIII, S. 410.

[11] Kurkowski Jarosław. Pijarzy w Werenowie i Lidzie // Z dziejów Ziemi Lidzkiej. Warszawa, 1997. S. 69.

[12] Volumina Legum. Petersburg, 1860. T. VIII, S. 411.

[13] Застаўны пасэсар (лац. possesio) - уладальнік зямлі паводле права закладавага валодання (застаўны - закладны) - заўвага Л.Л.

[14] Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №1, styczeń 1937. S. 3.

[15] Kurkowski Jarosław. Pijarzy w Werenowie i Lidzie // Z dziejów Ziemi Lidzkiej. Warszawa, 1997. S. 70.

[16] Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №1, styczeń 1937. S. 2.

[17] Самусік А. Лідскі піярскі калегіум // Вялікае княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 2. Мінск, 2006. С. 199.

[18] Kurkowski Jarosław. Pijarzy w Werenowie i Lidzie // Z dziejów Ziemi Lidzkiej. Warszawa, 1997. S. 78.

[19] Там жа. S. 73.

[20] Сборник документов, касающихся административного устройства Северо-Западного края при императрице Екатерине II (1792-1796) [С предисл. Ар. Турцевич]. Вильна, 1903. С. 229-230.

[21] Сборник документов, касающихся административного устройства Северо-Западного края при императрице Екатерине II (1792-1796) [С предисл. Ар. Турцевич]. Вильна, 1903. С. 229-230.

[22] Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №6-7, czerwiec - lipiec 1937. S. 65.

[23] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41244. Візіты цэркваў Лідскага дэканата. 1792 г. Арк. 35-35 адв.

[24] Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №6-7, czerwiec - lipiec 1937. S. 65-66.

[25] Узнагароджаны былі: у 1787 г. Фелікс Багатка, Юзаф Лісоўскі, Антоні Лісоўскі; у 1788 г. Ян Дымітровіч, Андрэй Канюшэўскі; у 1789 г. Зыгмунт Кунцэвіч; у 1791 г. Міхал Бародзіч; у 1792 г. Мацей Гарасімовіч, Міхал Канюшэўскі, Юзаф Калясінскі; у 1793 г. Леанард Трацяк, Азары Вайчынскі. - Гл: Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №6-7, czerwiec - lipiec 1937. S. 66.

[26] Гл: [Mikucki Antoni], Nieszczęśliwość, troskliwych zawsze, i nieukontentowanych osób, i całą własnej nieszczęśliwości przyczynę przypisujących czasom lub zepsutemu podług ich mniemania światu, scenicznym sposobem pod zaszczytem imienia Wielmożnych Ichmościów Panów Narbuttów chorążych powiatu lidzkiego wyrażona w szkołach Lidzkich Szkół Pobożnych roku 1771.

[27] Гл: [Mikucki Antoni], Tragedia o sprzysiężeniu Katyliny, pod zaszczytem imienia... Józefa hrabi na Różance i Dowspudzie etc. Paca starosty wilejskiego. W szkołach lidzkich Scholarum Piarum odprawiona Roku 1772 dnia 4 lipca, Wilno [b.r.], drukarnia pijarska.

[28] Юзэф Пëтр Пац (1736-1797) - дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, генерал-маёр літоўскіх войскаў (1757), з 1758 года або раней - генерал-ад'ютант, стараста вілейскі. Удзельнік паўстаньня 1794 г. Уладальнік маёнтка Ражанка, цяпер - Шчучынскі р-н.

[29] Kurkowski Jarosław. Pijarzy w Werenowie i Lidzie // Z dziejów Ziemi Lidzkiej. Warszawa, 1997. S. 72.

[30] Чацьвярговыя ці мудрыя абеды ў караля Станіслава Паянятоўскага паўсталі па ініцыятыве Адама Чартарыскага на узор парыжскіх літаратурных салонаў. Да караля на іх збіраліся лепшыя інтэлектуалы.

[31] Ślusarska Magdalena. Felicjan Wykowski (1728-1784) - zapomniany poeta z wileńskiego środowiska pijarów litewskich. Napis. Napis. Pismo poświęcone literaturze okolicznościowej i użytkowej. T. V. 1999. S. 65.

[32] Гл: Ciapiński, J. 1779. De aedibus ill. Comitis Brzostowski Notarii M. D. L. Canon: Vilnen. R. 1769. - Zebranie rymów z rożnych okolicznosci pisanych mianowicie jmieniem konwiktu szlacheckiego wilen. XX Scholarum Piarum. Wilno: w Typografii J. K. M. y Rzeczypospolitey u XX Scholarum Piarum.

[33] Kurkowski Jarosław. Pijarzy w Werenowie i Lidzie // Z dziejów Ziemi Lidzkiej. Warszawa, 1997. S. 78.

[34] Там жа. С. 284.

[35] Сборник документов, касающихся административного устройства Северо-Западного края при императрице Екатерине II (1792-1796) [С предисл. Ар. Турцевич]. Вильна, 1903. С. 270.

[36] Грыгорый Грыгоравіч Кушчалеў (1754-1833) - адмірал, граф, фактычны камандуючы расійскім ваенным флотам ў эпоху Паўла I.

[37] Mościcki H. Dzieje Porozbiorowe Litwy i Rusi. T. 1, 1772-1800, Wilno 1913. S. 416.

[38] Надпіс: «Paulo I Clementissimo et Sapientissimo totius Rusiae Imperatori atque Parenti optimo. Quum iter agens una cum carissimis Filiis suis magnis ducibus Aleksandro et Constantino Grodna ad Collegium Lidense quietis causa idibus maji divertisset, illugue Imperatoriae Majestatis suae gratia ac singulari patrocinio prosequatus fuisset Scholae piae grati animi, debiti amoris, profundissimae que veneratioriis percune monumentum sexto Kalendas Junii anno Dni MDCCXCVII, D. D. D.».

[39] Кс. Паўла Выгоўскага, рэктара.

[40] Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №4, kwiecień 1937. S. 44.

[41] Kurkowski Jarosław. Pijarzy w Werenowie i Lidzie // Z dziejów Ziemi Lidzkiej. Warszawa, 1997. S. 72.

[42] Кс. Себасцян Дамброўскі, рэктар.

[43] У 1798 г. у Пецярбург прыбылі браты імператрыцы Марыі Фёдараўна (жонкі імператара Паўла) Фердынанд і Аляксандр (яны служылі ў аўстрыйскай арміі). Зацікаўленая ў саюзніку Аўстрыя прапаноўвала заключыць саюз супраць Напалеона, а для ўмацавання саюза заключыць шлюб паміж Аляксандрай Паўлаўнай (дачка імператара Паўла) і эрцгерцагам Іосіфам, братам імператара Франца.

[44] Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №4, kwiecień 1937. S. 44.

[45] Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №6-7, czerwiec - lipiec 1937. S. 62.

[46] Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №6-7, czerwiec - lipiec 1937. S. 63.

[47] Сборник документов, касающихся административного устройства Северо-Западного края при императрице Екатерине II (1792-1796) [С предисл. Ар. Турцевич]. Вильна, 1903. С. 249-250.

[48] Kałamajska-Saeed Maria. Kościół p.w. Sw. Jozefa Kalasantego i klasztor Pijarow w Lidzie // Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa wileńskiego. Kraków, 2008. T. 2., cz. III. S. 143.

[49] Да 1842 г. Ліда належала да Гродзенскай губерні. - Л.Л.

[50] Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №6-7, czerwiec - lipiec 1937. S. 63

[51] Сборник постановлений по Министерству народного просвещения, 1802-1825. С-Петербург, 1864. Т. 1. С. 238.

[52] Там жа. Штаты и Приложения. С. 7-8.

[53] Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №6-7, czerwiec - lipiec 1937. S. 63.

[54] Спіс старшых класаў з пералікам выкладаных імі прадметаў: кс. Павел Выхоўскі, школьны прэфект, у 1785-1789 гг. выкладаў красамоўства; rс. Юзаф Статкевіч, у 1785 г. выкладаў геаметрыю; кс. Леапольд Сцыпіён, у 1792-1798 гг. выкладаў матэматыку і фізіку; кс. Ваўжынец Адамовіч, школьны прэфект, у 1792-1803 г. красамоўства і права; кс. Антоні Канюшэўскі, у 1800 г. выкладаў матэматыку і фізіку; кс. Андрэй Канюшэўскі, у 1803-1804 гг. геаметрыю і фізіку; кс. Ігнацы Плескачэўскі, у 1803-1804 гг. выкладаў красамоўства; кс. Казімір Заткевіч, у 1804-1806 г. выкладаў фізіку, у 1810 г. граматыку; кс. Ігнацы Пазялевіч, шматгадовы наглядчык школы, у 1805 г. выкладаў матэматыку (арыфметыку і геаметрыю) і фізіку, у 1820 г. натуральную гісторыю, у 1822 г. акрамя гэтага яшчэ і геаграфію; кс. Антон Вільнярскі, у 1805 г. выкладаў красамоўства; кс. Яцак Руміноўскі, будучы правінцыял, у 1808 г. красамоўства і гісторыю; кс. Антоні Данілевіч, у 1808 г. выкладаў навуку маральнасці, у 1810 г. арыфметыку, геаграфію і навуку маральнасці; кс. Феліцыян Калюсоўскі, у 1810 г. выкладаў навуку маральнасці, акрамя таго арыфметыку і геаграфію у першых двух класах, у 1818 г. французскаю мову і літаратуру; кс. Дэмэтры Тамашэвіч, у 1810 г. выкладаў граматыку, у 1822 г. граматыку, геаграфію, арыфметыку, навуку маральнасці, рускую мову, у 1824 г. хрысціянскую навуку, геаграфію, граматыку, польскую, лацінскую і французскаю мовы; кс. Павел Вансоўскі, у 1810 г. красамоўства; клірык Юзаф Каласанты Кабылянскі, у 1814 г. выкладаў красамоўства і права, у 1816 г. красамоўства, права, паэзію, гісторыю, французскую мову, у 1825-1826 гг. у старшых класах рыторыку, лаціну, агульную гісторыю; кс. Юзаф Каласанты Гаўлоўскі, у 1811 г. красамоўства; кс. Дзіянісі Фрасамберг, у 1811 г. выкладаў граматыку і лаціну. У 1814 г. пачаткі граматыкі, арыфметыку, гісторыю, геаграфію, маральную навуку, рэлігію, рускую мову. У 1816 г. настаўнік двух ніжніх класаў, навукі хрысціянскай, навукі маральнай, граматыкі, геаграфіі, арыфметыкі, рускай мовы у вышэйшых класах; кс. Францішак Калясінскі, у 1818 г. выкладаў літаратуру, права і гісторыю; клірык Тадэвуш Унянтоўскі, у 1820 г. выкладаў рускую мову, граматыку, маральную навуку, лаціну, гісторыю і красамоўства; кс. Дамінік Бенявіч, у 1821 г. выкладаў польска-лацінскую граматыку, у 1822 г. красамоўства, гісторыю, права і нямецкую мову; кс. Алекса Тубароўскі, у 1824 г. выкладаў матэматыку і рускую мову; кс. Каласанты Адамовіч, у 1825-1826 гг. выкладаў геаметрыю, алгебру, натуральную гісторыю і фізіку ў вышэйшых класах; кс. Калансанты Багуцкі, у 1826 г. выкладаў арыфметыку, геаметрыю і натуральную гісторыю ў 1-м і 2-гім класах; клірык Мацей Рапнініскі, у 1825-1826 гг. выкладаў рэлігію, польскую і лацінскую мовы ў вышэйшых класах; кс. Фелікс Юшкевіч, у 1828-1829 гг. выкладаў геаграфію ў двух ніжніх класах, арыфметыку і геаметрыю ў вышэйшых класах; клірык Караль Ліпінскі, у 1828-1829 гг. выкладаў рэлігію ў 1-м і 2-м класах і французскую мову; кс. Юстын Янушкевіч, у 1829 г. выкладаў арыфметыку і геаметрыю; кс. Піюс Ясінскі, у 1829 г. выкладаў рускую мову і звычаі. - Гл: Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №6-7, czerwiec - lipiec 1937. S. 64.

[55] Акты візітацый даюць наступныя лічбы: 14 мая 1784 г., 75 вучняў з тлумачэннем, што ўзімку было болей; 6 чэрвеня 1785 г., 60 вучняў, зноў з тлумачэннем, што ўзімку было значна болей; 10 мая 1787 г., 82 вучня; 13 ліпеня 1789 г., 50 вучняў; 4 чэрвеня 1792 г., 52 вучня; 24 чэрвеня 1798 г., да 50 вучняў; 22 мая 1804 г., 1-ы клас - 37, 2-гі і 3-ці - 24 вучняў; 10 ліпеня 1806 г., 37 вучняў; 24 сакавіка 1808 г., 44 вучня; 11 ліпеня 1811 г., 40 вучняў; 4 мая 1812 г., 42 вучня; 9 мая 1816 г., 47 вучняў; 9 чэрвеня 1818 г., 36 вучняў; 16 чэрвеня 1822 г., 24 вучня, але з-за раскватаравання ў Лідзе войскаў знайшліся толькі 13. - Гл: Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №6-7, czerwiec - lipiec 1937. S. 65-66.

[56] Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №6-7, czerwiec - lipiec 1937. S. 66.

[57] Гэта: Пётр Мігдала, 1788-1792; Ігнацій Пранеўскі, 1789; Юзаф Стэцевіч, 1792; Клеменс Стэцевіч, 1792; Караль Вільбік (па выраку управы), 1798; Казімір Шалевіч (па выраку управы), 1798-1803; Ежы Мігдала, 1798-1807 гг. (вучыўся ажно дзевяць гадоў!); Аляксандр Вербуш, 1808; Фелікс Стэцевіч, 1808-1811; Караль Арэхоўскі, 1811; Вінцэнт Мігдала, 1818-1820 гг. (пайшоў ва уланы); Марцін Стэцевіч, 1818-1820; Аляксандр Стэцевіч, 1822; Ян Місевіч, 1822; Генрык Буржынскі, 1825; Рамуальд Стэцевіч, 1828; Ян Мігдала, 1828; Аляксандр Стэцевіч, 1833; Ігнацы Цярпіцкі, 1833. - Гл: Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №6-7, czerwiec - lipiec 1937. S. 66.

[58] Горад Мянджэц-Падляскі.

[59] Szymielewicz Michał. Dzieje pijarów lidzkich // Ziemia Lidzka №6-7, czerwiec - lipiec 1937. S. 66-67.

[60] Грамбецка Ванда. Станіслаў Баніфацый Юндзіл. Варшава-Ліда, 2003. С. 44.

[61] Ziemia Lidzka №5, sierpień 1936. S. 6.

[62] Kałamajska-Saeed Maria. Kościół p.w. Sw. Jozefa Kalasantego i klasztor Pijarow w Lidzie // Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa wileńskiego. Kraków, 2008. T. 2., cz. III. S. 144.

[63] Там жа. S. 145.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX