Папярэдняя старонка: Адукацыя, культура

Лідская адукацыя на пачатку ХХ ст. 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 20-05-2019,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Лідская адукацыя на пачатку ХХ стагоддзя // Маладосць. 2018. № 10. С. 117–125.

Спампаваць




Даведнік «Города России в 1904 году» паведамляе, што ў Лідзе было 6 навучальных устаноў, у якіх вучыліся 700 вучняў (500 мужчынскага і 200 жаночага полу) і 23 настаўнікі (18 мужчынскага і 5 жаночага полу). Асноўныя навучальныя ўстановы горада: гарадская чатырохкласная вучэльня, мужчынская прыходская двухкласная вучэльня, жаночая вучэльня Навіцкай, пачатковая яўрэйская вучэльня (з 1905 г. - іешыва з 6-гадовым тэрмінам навучання).

Газета «Гоман» прыводзіла цікавыя лічбы, якія сведчылі пра агульны стан адукацыі на Лідчыне перад Першай сусветнай вайной: «Працэнт пісьменных рэкрутаў з Лідскага павета па гадах: 1904 г. - 54,3%, 1905 г. - 69,0%, 1906 г. - 49,3%».

Прыватная жаночая гімназія

14 красавіка 1901 года дырэктар Віленскай дырэкцыі народных вучэльняў звярнуўся з хадайніцтвам да папячыцеля Віленскай навучальнай акругі з нагоды заявы жонкі штатнага наглядчыка Лідскай павятовай вучэльні Марыі Навіцкай [1] (у дзявоцтве Снітко) аб дазволе ёй адчыніць у горадзе Лідзе прыватную 3-х класную з падрыхтоўчым класам жаночую вучэльню. Да хадайніцтва быў прыкладзены водгук Віленскага губернатара аб тым, што «жонка штатнага наглядчыка Лідскага павятовай вучэльні Марыя Канстанцінаўна Навіцкая за час пражываньня ў г. Лідзе з 22 лістапада 1899 года пад судом і следствам не была і маральнай ды палітычнай недобрадзейнасці не праяўляла». Такім чынам, у дадатак да існуючых дзяржаўных, 7 кастрычніка 1901 г. у Лідзе была адкрыта прыватная жаночая трохкласная вучэльня з падрыхтоўчым класам. Арганізавала і ўтрымлівала вучэльню Марыя Канстанцінаўна Навіцкая - выпускніца Віленскай вышэйшай Марыінскай вучэльні.

Захавалася апісанне дома, складзенае Навіцкай М. К., у якім размяшчалася вучэльня: «Дом стаіць на Каменскай вуліцы і размешчаны ў двары, у 8 сажняў ад вуліцы. Ён абнесены плотам і абсаджаны з боку вуліцы кустамі бэзу і дрэвамі: ясенем, пірамідальным таполям і клёнамі. Тут жа за плотам, перад домам, невялікі вішнёвы садок і побач з ім кветнік. Шырыня двара 20 саж, даўжыня 28 саж. За домам, на поўдзень пачынаецца вялікі, нядаўна пасаджаны малады сад, шырынёй 20 саж, даўжынёй 62 саж. Сярод двара размешчаны будынак вучэльні. Дом аднапавярховы, драўляны, з мезанінам і шыкарным ганкам. Як дом, так і брама перад ім пабудаваны ў расейскім стылі. Плот, брама і дом пафарбаваны ў зялёны колер. Страха чырвоная. Аканіцы - шэрыя, рамы цёмна-карычневыя. Даўжыня дома - 38 арш., шырыня - 22 арш. У доме 8 пакояў і вітальня. Вокны і дзверы вялікія, столь высокая, у класах 5 арш. - 4 вярш., у зале 5 арш. - 8 вярш. Самы вялікі пакой - рэкрэацыйная зала, даўжынёю 19 арш., шырынёю 11 арш. У ёй знаходзяцца навучэнкі пад час перапынкаў і ў час урокаў танцаў ды музыкі. Зала асвятляецца 8 вокнамі, што выходзяць на двор, на сад і кветнік, (2-гі) насаджаны перад залай. Клазеты двух відаў: нутраны, у доме - цёплы і надворныя - халодныя. Суседнія дамы і справа з шырокім дваром: садам, злева - з агародам, Са сказанага бачна, што вакол дома шмат прасторы, зелені і, адпаведна, чыстага паветра. Дзякуючы насаджэнням ад вуліцы няма пылу і гразі».

Гэтага драўлянага дома даўно ўжо няма а на гэтым месцы стаіць Лідскі гарадскі ліцэй. Ад садоў і агародаў таксама нічога не засталося.

Памятная кніжка Віленскай губерні паведамляе, што ў 1905 г. утрымлівала вучэльню М. К. Навіцкая, Закон Божы выкладалі: протаіерэй, благачынны І. Каяловіч, ксёндз-дэкан І. Сянкевіч а вучням іудзейскага веравызнання рэлігію выкладаў равін М. Крамнік. Іншыя навукі выкладалі: Ф. Л. Навіцкі, Г. І. Катлінскі, А. В. Мокат, А. В. Матыжанка, Е. Л. Калеснікава, Н. А. Колеш (жонка тытулярнага саветніка), С. І. Львова (жонка тытулярнага саветніка).

15 лютага 1906 года бацькі звярнуліся да «Спадарыні Ўтрымальніцы» Лідскай прыватнай 4-х класнай жаночай вучэльні з заяваю, у якой адзначаецца, што «вучэльня за чатыры года існавання зарэкамендавала сябе з добрага боку, многія выпускніцы вучэльні паступілі ў сярэднія жаночыя установы Вільні, Коўні, Кіева і др. Горад Ліда стаў вузлом дзвюх бойкіх чыгунак і таму колькасць жыхароў паступова павялічваецца, а з ім расце патрэбнасць у адукацыі». Таму бацькі прасілі Марыю Канстанцінаўну ўзбудзіць хадайніцтва перад начальствам аб пераўтварэнні з будучага года даверанай ёй вучэльні ў прыватную 7 класную гімназію з усімі правамі. Пад гэтай заявай пастаўлены подпісы больш 30-ці бацькоў. Сярод бацькоў, якія падпісалі заяву за адкрыццё гімназіі быў і лідскі гарадскі стараста, губернскі сакратар Леон Вісмант. Прэса паведаміла, што ў красавіку 1906 г. «прыватная жаночая школа ў Лідзе спадарыні Навіцкай хадайнічае аб пераўтварэнні ў прагімназію».

У верасні 1906 г. года М. Навіцкая і М. Палу яшчэ раз «падалі прашэнне куратару навучальнай акругі аб дазволе адкрыць у Лідзе 4-х класную прагімназію». І ў выніку - вучэльня пераўтвараецца ў прагімназію [2].

1 красавіка 1908 г. кіраўніцтва Лідскай прыватнай жаночай 7-класнай навучальнай установы звярнуўся з прашэннем да Папячыцеля Віленскай Навучальнай акругі, у якім хадайнічала аб ператварэнні жаночай прагімназіі ў паўнапраўную прыватную жаночую гімназію. У прашэнні было зазначана:

1) Навучальная ўстанова існуе з 1901 г. і дала 4 выпускі да 1906 г., калі яна была ператворана ў прагімназію з правамі для навучэнак і дазволам штогадовага адкрыцця старэйшых класаў да складу поўнай гімназіі.

2) У выніку гэтага ў 1907 г. утрымальнікі адмыслова пабудавалі для гімназіі цагляны двухпавярховы дом коштам 15 100 руб.

3) У 6-класным складзе ўстанова таксама выявіла сваю працаздольнасць - дэпутацкія экзамены прайшлі з поўнай паспяховасцю, нездаўшых не было.

4) Каб паўнапраўна ўтрымліваць сваю гімназію, Ф. Л. Навіцкі, пакінуўшы педагагічную дзяржаўную службу, паступіў у С. Пецярбургскі ўніверсітэт і атрымаў неабходны адукацыйны цэнз.

5) На працягу ўсяго дзевяцігадовага існавання навучальнай установы ўтрымальнікамі звярталася асаблівая ўвага на ўзмацненне хрысціянскага элементу і таму штогод вызваляліся ад платы за навучанне 9 - 12 хрысціянскіх дзяўчынак з беднага насельніцтва.

Двухпавярховы цагляны будынак коштам 15 100 рублёў стаіць і зараз, ён з'яўляецца ўсходне-паўдзённай часткай сучаснага будынку лідскага ліцэя.

«Кур'ер Літоўскі» у 1908 г. надрукаваў цікавыя развагі невядомага жыхара Ліды пра мовы: «У горадзе функцыянуюць дзве прыватныя школы, прагімназіі жаночая і мужчынская з правамі дзяржаўных школ. Абедзве школы атрымалі права выкладаць польскую мову за дадатковую плату па 7 рублёў з вучня. Аднак ахвотных вучыцца польскай мове знайшлося толькі 40 чалавек, і таму настаўніца польскай не загружана і выкладае яшчэ і французскую мову». Аўтар са смуткам паведамляе, што ў жаночай прагімназіі польскую мову вучыць толькі 18 вучаніц, у мужчынскай - 24 вучні. «Вялікая частка гараджан Ліды - яўрэі, дома яны размаўляюць часткова на ідыш, часткова па-руску, на вуліцы - у асноўным па-руску. Хрысціяне: палякі і беларусы, дома размаўляюць у асноўным па-польску [3], а на вуліцы паміж сабой па-руску». Далей невядомы аўтар піша: «На пытанне, чаму не жадаеце, каб вашы дзеці вучылі польскую мову, адказваюць: Нашы дзеці ўмеюць Пана Бога славіць па-польску ў касцёле па кніжцы і больш ім не трэба».

У верасні 1908 г. у зале гімназіі Навіцкай адбыўся «толькі адзін вечар гумару, прадстаўленне вядомага драматычнага артыста з Кракава Юзафа Харонжага».

6 лістапада 1908 г. ад разрыву сэрца памірае стваральніца Лідскай прыватнай жаночай прагімназіі Марыя Канстанцінаўна Навіцкая, але назва «Прагімназія Навіцкай» працягвае выкарыстоўвацца - у сувязі са смерцю жонкі, Фёдар Людвігавіч Навіцкі і выкладчыца гісторыі прагімназіі Вера Сяргееўна Махцэвіч (памочніца ўтрымальніцы) звярнуліся 1 снежня 1908 г. да Папячыцеля Віленскай Навучальнай акругі з прашэннем пакінуць назаўжды навучальнай установе назву «Прагімназія М. К. Навіцкай» з размеркаваннем абавязкаў; Ф. Л. Навіцкаму аддаць агульную адміністрацыйную ролю, г.з. старшынства ў педагагічнай радзе, запрашэнне на работу выкладчыкаў вядзенне канцылярыі і гаспадаркі, а В. С. Махцэвіч - вядзенне і кіраўніцтва навучальна-выхаваўчай часткай у прагімназіі. У лістападзе 1909 года ад Папячыцеля Віленскай навучальнай акругі ў Лідскую жаночую прагімназію было накіравана прадпісанне каб не пазней 1 студзеня 1910 г. знайшлі загадчыка навучальна-выхаваўнай справай з належным адукацыйным цэнзам, на што Вера Сяргееўна, якая тады ўжо ўзяла шлюб з Ф. Л. Навіцкім, адказала, што Навіцкі зараз здае іспыты па дадатковых прадметах пры Санкт-Пецярбургскім універсітэце, пасля чаго будуць пададзены адпаведныя дакументы ў канцылярыю навучальнай акругі. Пры канцы лістапада 1909 г. Фёдар Людвігавіч Навіцкі здаў іспыты ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце і атрымаў годнасць настаўніка гімназій і прагімназій з правам выкладаць гісторыю і геаграфію, пра што яму выдадзена пасведчанне за № 702 ад 8 сакавіка 1910 г.

17 верасня 1910 г. «Кур'ер Літоўскі» напісаў, што «25 жніўня ў Лідзе адкрыта прыватная гімназія Навіцкай з правамі дзяржаўнай школы». Прэса паведаміла, што «на падставе пастановы сходу ўпаўнаважаных ад 27 чэрвеня 1911 г. вырашана асігнаваць з гарадскіх сум Лідскай прыватнай жаночай гімназіі Ф. Л. і В. С. Навіцкіх дапамогу на адкрыццё 8-га класа - 600 руб. Дапамога адмяняецца з-за нестварэння 8 класа».

Будынак гімназіі быў адным з грамадска-культурных цэнтраў горада. Напрыклад, у суботу, 22 снежня 1912 г. у зале жаночай гімназіі Лідскае яўрэйскае музычна-драматычнае таварыства паказала спектакль, была пастаўлена новая драма маладога тады аўтара Барыса Аршанскага [4] ў 3-х частках «Ганна» «пад наглядам і пры ўдзеле аўтара. У гэтай драме аўтар жывымі фарбамі малюе карціну жыцця сучаснай яўрэйскай інтэлігенцыі і кранае пытанне сямейнага побыту».

У зале гімназіі ладзіліся вечарыны, выручка ад іх ішла на карысць бедных вучняў. Такая вечарына адбылася 2 лютага 1913 г.: «у суботу, ў зале сп. Навіцкіх ... літаратурна-вакальная вечарына на карысць бедных вучняў і вучаніц». Потым прэса паведаміла, што з вечарыны 2 лютага «даход 191 руб. 60 кап., расход 53 руб. 45 кап. Камітэт арганізацыі вечарыны выказвае ўдзячнасць Грыншыяну, Гінзбургу і Стукатару, якія прынялі ўдзел ў арганізацыі вечарыны. Асаблівая ўдзячнасць спадарству Навіцкім за шчодрае ахвяраванне ў выглядзе бясплатнага памяшкання для вечарыны».

У 1913 г. шырока святкавалася 300-годдзе царавання дынастыі Раманавых, пасля святочных мерапрыемстваў у розных частках горада, 19 лютага «Увечары, ў гімназіі сп. Навіцкіх адбыўся вечар прысвечаны святу трохсотгоддзя дома Раманавых. На вечарыне акрамя вучняў і настаўнікаў прысутнічала частка мясцовай інтэлігенцыі. У бліскучым па форме выступе сп. Навіцкі расказаў пра важнейшыя моманты царавання дома Раманавых, пра творчасць нацыянальнага духу і ахарактарызаваў галоўных гістарычных герояў, як, напрыклад, Мініна і Пажарскага, а таксама творцаў культуры і літаратуры і прыйшоў да высновы, што "рускія вялікія, шматлікія, багатыя і таленавітыя" і гэтым усім яны абавязаны дынастыі Раманавых і асабліва працы цяперашняга манарха Мікалая Аляксандравіча. Пасля рэферату былі спевы і дэкламацыі. Асабліва ўдалым і дарэчным было апавяданне В. С. Навіцкай "Саша", якое прачытаў акцёр. Вечар скончыўся спевам гімну».

Зала гімназіі з'яўлялася месцам, у якім рэгулярна адбываліся гастролі артыстаў. Напрыклад, паведамлялася, што ў нядзелю 31 сакавіка 1913 г. «ў зале сп. Навіцкіх адбудзецца канцэрт вядомага гумарыста і аўтара, артыста СПБ тэатраў Д. Багемскага. Разам з ім ў канцэрце прымуць удзел тэнар Д. А. Растан, лірычныя песні і цыганскія рамансы выканае О. В. Мірава, акампанемент на піяніна Г. З. Зіноўеў. Квіткі можна набыць у краме "Труд"».

Памятная кніжка Віленскай губерні на 1915 год друкавала апошнюю інфармацыю пра Лідскую прыватную жаночую гімназію Ф. Л. і В. С. Навіцкіх: «Існуе з 21 чэрвеня 1910 г. Папячыцельны савет гімназіі. Сталыя члены: заснавальнікі гімназіі Фёдар Людвігавіч Навіцкі і Вера Сяргееўна Навіцкая. Старшыня савета Лідскі павятовы прадвадзіцель дваранства, граф Людвіг Уладзіслававіч Грабоўскі. Члены: удава сапраўднага стацкага саветніка Ніна Георгіеўна Смальян, Елізавета Дзмітрыеўна Скосырава, Екацярына Пятроўна Пятухова, Эміль Сцяпанавіч Буткевіч, калежскі саветнік Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко, надворны саветнік Леў Вісмант.

Настаўнікі гімназіі: Старшыня педагагічнага савету, выкладчык гісторыі і геаграфіі, ганаровы грамадзянін горада Ліда, калежскі саветнік Фёдар Людвігавіч Навіцкі, начальніца гімназіі Вера Сяргееўна Навіцкая, законавучыцелі: праваслаўнага веравызнання, святар Іоан Якаўлевіч Цэбрыкаў, рыма-каталіцкага - ксёндз Франц Ратынскі, іудзейскага - Абрам Маркавіч Шэйнгольд. Выкладчыцы рускай мовы і гісторыі Аляксандра Васільеўна Абаімава, выкладчык матэматыкі і фізікі Віталій Дамінікавіч Булат, выкладчык рускай мовы ў малодшых класах Антаніна Вітальеўна Павецкая, выкладчыца французскай мовы Людміла Уладзіміраўна Кузьмінская, выкладчык нямецкай мовы Элізабет Карлавіч Віганд, выкладчыца рукадзелля Анна Гаўрылаўна Ярмаловіч, выкладчыца чыстапісання Мікалай Васільевіч Сямёнаў, класныя назіральніцы: Аляксандра Кіпрыянаўна Лебедзева, Анна Пятроўна Цэбрыкава, Антаніна Іванаўна Павецкая, Анна Гаўрылаўна Ярмаловіч, вакансія настаўніка музыкі не занята».

Да верасня 1915 г. з-за наступу немцаў гімназія была эвакуіравана на ўсход.


Вера і Фёдар Навіцкія. Пра Веру Сяргееўну Навіцкую (1873? - 19??) вядома вельмі мала і яшчэ зусім нядаўна не было вядома нічога. Вера Навіцкая, народжаная Шыльдэр-Шульднер (з рускіх, віцебскіх, немцаў), каля 1890 г. скончыла Ліцейную жаночую гімназію ў Пецярбургу. Выйшла замуж за Аляксандра Уладзіміравіча Махцэвіча, які служыў у 107-м Траецкім пяхотным палку ў Вільні, у 1899-м г. выйшаў у адстаўку і з 24 кастрычніка таго ж года пачаў служыць Лідскім паліцэйскім спраўнікам - менавіта ў гэты год адбылося першае знаёмства Веры Сяргееўны з горадам Лідай. Амаль што адначасова, з 3 лістапада 1899 г., яе будучага другога мужа - Фёдара Людвігавіча Навіцкага, выпускніка Віленскай настаўніцкай вучэльні, з пасады настаўніка Свянцянскай 3-х класнай гарадской вучэльні, з павышэннем, пераводзяць на пасаду штатнага наглядчыка і выкладчыка рускай мовы і гісторыі ў Лідскую 2-х класную павятовую вучэльню.

Пазнаёміліся яны гэтай восенню? Ці прабегла паміж імі першая іскра менавіта тады? Магчыма, бо ўжо праз год прэса паведаміла што лідскі павятовы спраўнік, надворны дарадца Махцэвіч, пераведзены на службу ў Віцебскую губерню, што падобна на ўцёкі зняважанага мужа.

Як бы там ні было, да 1905 г. Махцэвічы перастаюць жыць разам, і Вера Сяргееўна пасяляецца ў Пецярбургу, вуліца Басейная, 17. У адраснай кнізе Пецярбурга яна запісана адна, без мужа, але як жонка калежскага саветніка. Свае дзве першыя кнігі яна напісала і выдала менавіта тут, у Пецярбургу, імя аўтара на вокладцы - Вера Махцэвіч («Хорошо жить на свете! Из воспоминаний счастливой девочки. СПб, 1906.» і «Веселые будни: Из воспоминаний гимназистки. СПб, 1906.»)

У Лідзе, яшчэ ў 1901 г. жонка штатнага наглядчыка Лідскай павятовай вучэльні Марыя Навіцкай адкрывае прыватную 3-х класную жаночую вучэльню з падрыхтоўчым класам. Па сумяшчальніцтву ў ёй выкладае і Фёдар Людвігавіч. Хутка прыватная жаночая школа становіцца прагімназіяй а потым і прыватнай жаночай гімназіяй. Каб мець права трымаць гімназію, трэба мець вышэйшую адукацыю, і Ф.Л. Навіцкі паступае ў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт. Ці сустракаўся ён ў Пецярбургу з Верай Сяргееўнай? Так, бо як раз там яны складаюць хрэстаматыю для падрыхтоўчых і першых класаў сярэдніх навучальных устаноў «Куткі жыцця», якая была надрукавана ў 1908 г. у Пецярбургу. Вера Сяргееўна вяртаецца ў Ліду і са жніўня 1908 года становіцца памочніцай начальніцы ў жаночай прагімназіі М. К. Навіцкай. Таму на хрэстаматыі пазначана: «Склалі выкладчыкі Лідскай мужчынскай і жаночай прагімназій Ф. Л. Навіцкі і В. С. Махцэвіч».

У кнізе Н. Дзмітрыева «Нацыянальная школа», якая ўбачыла свет у 1913 г., маецца такая рэцэнзія на гэтую хрэстаматыю: «Кніга мае 5 частак: любоў, вера, праца, абавязак і "стракатыя старонкі". Найбольш шырокае месца пакінута першаму раздзелу - любві; тут апавяданні і вершы пра любоў да Бога, да радзімы і чалавека, з іх шмат добрых ... Няма неабходных патрыятычных вершаў, айчыне не надаецца належнай увагі; але затое ёсць прыстойныя апавяданні ў раздзелах: праца і доўг, хоць і не ўсе, і асабліва ў раздзеле "вера"; супраць апошняга раздзела нічога не маем запярэчыць. Агульнае ўражанне аб кнізе было б добрае, калі б не было названых галоўных недахопаў кнігі».

У 1909 г. Вера Сяргееўна ўзяла шлюб з Фёдарам Людвігавічам Навіцкім, а ў канцы лістапада таго ж года Навіцкі здаў іспыты ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце і атрымаў годнасць настаўніка гімназій.

Менавіта ў Лідзе, паміж 1909 і 1914 гг., Вера Сяргееўна піша большасць сваіх кніг. Усе яны друкуюцца ў Пецярбургу: «Заветные уголки: рассказы для детей» (1911), «Безмятежные годы» (1912), «Первые грезы» (1913), «Басурманка» (1914), «Наташа Славина» (1914), «Галя» (1914). Вера Сяргееўна пісала ў часы, калі адцвіталі апошнія кветкі сімвалізму таму яго ўплыў не абышоў і яе. Вера Сяргееўна Навіцкая пісала ясныя, чыстыя і на першы погляд немудрагелістыя кніжкі - дзеянні іх адбываюцца ў своеасаблівым дзіцячым раі. У апошніх кнігах фон трохі змяняецца - гераіня паступае ў гімназію, вучыцца, наведвае оперу, спасцігае жыццё.

Вера Сяргееўна Навіцкая супрацоўнічала з дзіцячым часопісам «Крыніца», дзе друкаваліся яе апавяданні. Апошнім часам усе кнігі лідскай аўтаркі перавыдадзены.

Фёдар Людвігавіч Навіцкі меў годнасць ганаровага грамадзяніна горада Ліда і быў значнай фігурай ў грамадскім жыцці, з прэсы вядома, што ён з'яўляўся сябрам розных грамадскіх аб'яднаняў, пісаў праблемныя артыкулы ў газету "Лідскае слова" і карыстаўся павагай гараджан.

Летам 1915 г. гімназія эвакуіруюцца з Ліды на ўсход, Навіцкія губляюцца ў вірах Сусветнай вайны і рэвалюцыі. Але ў віленскай прэсе 1930 г. мне ўдалося знайсці інфармацыю пра Ф. Л. Навіцкага - ён жыў у Маскве і праз пасрэдніка прадаў будынак Лідскай гімназіі (вул. 3-га Мая, 45) адвакату Слаўцілу за 3 000 долараў. Ці жыла яшчэ ў гэты час Вера Сяргееўна - невядома.

Мужчынская гімназія

Першая лідская газета «Лідскае слова» ў лістападзе 1912 г. паведаміла: «Пацвердзіліся чуткі аб адкрыцці ў Лідзе мужчынскай гімназіі. Лідскі стараста атрымаў афіцыйны зварот ад папячыцеля Віленскай вучэбнай акругі А. Астравумава: "Сп. міністр Народнай асветы 5 лістапада зваротам № 44155 паведаміў, што ў 1913 г. вырашана адкрыць мужчынскую гімназію ў г. Лідзе і даручыў зрабіць неабходныя захады для гэтага. Прымаючы да ўвагі, што Лідскае грамадскае кіраванне пастановамі ад 27 студзеня 1911 г. і 13 чэрвеня гэтага года абавязалася: а) у выпадку, калі будзе дазволена адкрыць мужчынскую гімназію, выдзеліць участак зямлі для пабудовы гімназічнага гмаха; б) асігнаваць 10 000 руб. на пабудову гэтага гмаха і гэтыя грошы перадаць ва ўправу акругі; в) на тры гады задарма перадаць у карыстанне цалкам абсталяванае школьнае памяшканне для пяці класаў ...»

У рэдакцыйным артыкуле «Лідскае слова» пракаментавала адкрыццё мужчынскай гімназіі: «Мара, якую гэтак доўга песцілі жыхары горада - мець у Лідзе дзяржаўную мужчынскую гімназію, хутка ажыццявіцца. Першыя крокі ўжо зроблены. Зараз трэба выканаць абавязацельствы, узятыя на сябе Гарадской управай … . Управа сама выканаць абавязацельствы не ў стане і мае патрэбу ў падтрымцы з боку насельніцтва. Не трэба шмат казаць пра значнасць гімназіі для Ліды. Бацькі атрымаюць магчымасць даць сваім дзецям сярэднюю адукацыю і гэтым задаволяць свае запаветныя мары і цалкам зразумелыя пажаданні. Гімназія можа ўскосным чынам значна паўплываць на жыццё горада ў культурным і матэрыяльным сэнсе. ... Зразумела, не ўсе з аднолькавай радасцю сустрэнуць весткі пра адкрыццё гімназіі. Вялікая частка насельніцтва, пастаўленая ў адмысловыя ўмовы працэнтнай нормай [5] і яе строгім прымяненнем, не будзе мець магчымасці вучыць сваіх дзяцей. Але гэта - вынік дзяржаўнай палітыкі, і таму не час і не месца пра гэта тут пісаць».

Класічная гімназія. Мы зараз ужо не разумеем, што гэта такое. На працягу васьмі гадоў гімназісты акрамя двух сучасных еўрапейскіх моў, займаліся класічнымі мовамі - грэчаскай ды латынню і таму паступова фармальны строй старажытных моў і сістэма каштоўнасцяў аказвалася падмуркам асобы. Лацінскага і грэцкага было па шэсць-сем урокаў на тыдзень, у паўтара разы больш, чым рускага і матэматыкі. Гімназіі прывівала філалагічную культуру, уменне каментаваць тэксты, пачуццё мовы, рытарычныя здольнасці. У гімназіях забаранялася карыстацца гатовымі перакладамі - і гэтак заахвочвалася не бессэнсоўная завучванне, а творчы падыход да авалодання класікай. Класічная адукацыя ўключала ў круг паўсядзённых інтарэсаў гімназіста гісторыю грамадства і філасофію.

У шостым класе 100 урокаў прысвячалася «Іліядзе» а ў сёмым яшчэ 100 - «Адысеі», і добры гімназіст мог у дэталях рэканструяваць любы фрагмент гамераўскага сусвету і апісаць яго эвалюцыю ад больш архаічных формаў у «Іліядзе» да больш сучасных у «Адысеі». І пры гэтым гімназісты увесь час пісалі сачыненні, папулярная тэма - «Сабака ў Гамера». Наогул за 80 месячны курс навучання гімназісты павінны былі прадставіць каля ста твораў на розных мовах. Старшакласнікі здавалі хатнія сачыненні раз у месяц.

Практычна ва ўсіх гімназіях чарговы год заканчвала з класа толькі палова вучняў, астатнія паўтаралі год. Да выпускных экзаменаў пасля 8-га класа разам даходзіла каля 20% аднакласнікаў. Яны здавалі экзамены разам з дарослымі людзьмі - «другагоднікамія» якія «пакутвалі» ў адным класе па некалькі гадоў. Але ў выніку тыя, хто скончыў гімназію, атрымліваў выдатную адукацыю якая дазваляла прыстойна ўладкавацца ў жыцці. Таму зразумела жаданне бацькоў вучыць сваіх дзяцей у гімназіі.

На працягу ўсяго свайго нядоўга часу існавання «Лідскае слова» стала інфармавала пра падзеі вакол адкрыцця мужчынскай гімназіі ў Лідзе. У канцы 1912 г. Лідскі гарадскі стараста атрымаў ліст ад папячыцеля вучэбнай акругі, у якім паведамлялася, што ў верасні 1913 г. у Лідзе будуць адкрыты два першыя класы Лідскай мужчынскай гімназіі (з падрыхтоўчым класам).

«Лідскае слова» ў рэдакцыйным артыкуле пракаментавала падрыхтоўку да адкрыцця гімназіі: «Прыбліжаецца час адкрыцця гімназіі. А між тым, мы не бачым ніякай зацікаўленасці з боку тых, каму гэта гімназія неабходна. Толькі зрэдку да нас даходзяць чуткі, што адзінкавыя навакольныя абшарнікі-мецэнаты прысылаюць ахвяраванні. Больш за тое: вядома, што калі б было хадайніцтва ... аб адкрыцці 3, 4, 5 класаў, дык без сумневу быў бы атрыманы дазвол. Бо гэта важна для многіх. Між тым не бачым ніякай ініцыятывы ... Гэта вынік нашай пасіўнасці».

4 сакавіка 1913 г. у Ліду прыехаў акруговы інспектар Віленскай вучэбнай акругі Счасліўцаў. Цэлы тыдзень ён рэвізаваў мясцовыя навучальныя ўстановы і аглядаў памяшканні, якія былі прапанаваны для арэнды будучай гімназіі. У выніку інспектар памяшканне выбраў і «Лідскае слова» паведаміла, што для мужчынскай гімназіі будзе арандаваны дом доктара Янушкевіча па вуліцы Камерцыйнай.

У канцы сакавіка Віленскае губернскае па гарадскіх справах «присутствие» дазволіла Лідскаму гарадскому грамадскаму кіраванню пазычыць з гарадскога запаснога капіталу 10 000 руб. на пабудову дзяржаўнай мужчынскай гімназіі.

Газета абвесіла перапіс будучых вучняў: «У рэдакцыю "Лідскага слова" паступаюць заявы ад бацькоў пра неабходнасць хадайнічаць аб адкрыцці акрамя двух класаў гімназіі яшчэ і трэцяга. Для гэтага неабходна дастатковая колькасць хлопчыкаў, і таму прапануем бацькам даслаць у рэдакцыю інфармацыю аб узросце, веравызнанні і ўзроўні падрыхтоўкі хлопчыкаў».

У тым жа нумары газета паведаміла, што падрыхтоўчы клас, верагодна, не з'явіцца з-за недахопу ў гарадской управы 1 500 руб., службоўцы 15-га участка Палескай чыгункі сабралі 4 руб. 50 кап. для камітэта па зборах ахвяраванняў на карысць гімназіі і «гмах для новай дзяржаўнай гімназіі будзе пабудаваны на горцы (Ферма). Гэта месца адведзенае Гарадской управай і ўхвалена кіраўніцтвам адукацыі» - прыкладна там, дзе зараз знаходзіцца падаткавая інспекцыя.

Газета пракаментавала збор грошай на гімназію: «Наколькі парадаваў факт збору грошай чыгуначнікамі, настолькі несуцяшальным з'яўляецца агульны вынік ахвяраванняў на гімназію. А здавалася б, мы жывём у Еўропе і павінны стаяць вышэй за папуасаў, якія мала вераць у адукацыю». У тым жа нумары: «Дырэктарам мужчынскай гімназіі будзе прызначаны інспектар віленскай рэальнай вучэльні сп. Бялькоўскі».

У сярэдзіне траўня Лідскі прадвадзіцель дваранства сабраў 1 000 руб. на карысць гімназіі, «якая хутка адкрыецца ў горадзе». Тады ж «Пастановай сходу ўпаўнаважаных ад 13 чэрвеня 1912 г. вырашана асігнаваць з гарадскіх сродкаў 10 000 р. аднаразовай дапамогі на пабудову будынка Лідскай мужчынскай дзяржаўнай гімназіі, адкрытай ў 1913 г.» і вырашана аплачваць за кошт горада навучанне 2-х выхаванцаў гэтай гімназіі на суму 300 рублёў.

Фінансавыя пытанні вакол гімназіі неяк вырашыліся і летам 1913 г. навучальная ўстанова пачала працаваць: «У Лідзе гэтай восенню адкрываецца гімназія для хлопцаў. Уступныя экзамены пачнуцца ад 20 жніўня. Просьбы аб прыняцці ад 1 жніўня прымаюцца ў канцылярыі гімназіі». Горад плаціў за наём памяшкання і абсталяванне гімназіі, «якая адкрываецца з 1 ліпеня 1913 г. - 2 500 рублёў».

Адразу адкрыліся два класы гімназіі, у якія прыняты 74 вучні. У 1914 г. адкрыты 3-ці і падрыхтоўчы класы, колькасць гімназістаў вырасла да 167 чалавек. Як і паведамлялася, гімназія займала памяшканне ў цэнтры горада па вуліцы Камерцыйнай.

У 1914 г. гарадскія ўлады выдаткоўваюць на мужчынскую гімназію 2 500 рублёў, з разліку: наём памяшкання - 1 400 рублёў і абсталяванне памяшканняў мэбляй для адкрыцця наступных 3-га і 4-га класаў.

Увосень 1914 года «пры тутэйшай гімназіі для хлопцаў з дазволу міністэрства асветы адкрыты падрыхтоўчы клас. За навуку ў гэтым класе трэба плаціць 50 р. Прымаюцца хлопцы ад 8-мі да 10-ці гадоў». А ўвесну 1915-га Лідская «мясцовая ўправа ўстанавіла 4 стыпендыі для бедных вучняў родам з Ліды без розніцы веры».

Прагімназія Палу

31 жніўня 1906 г. гарадскія ўлады прынялі на сябе абавязак на працягу двух гадоў, пачынаючы з 1907 г., выдаткоўваць дапамогу ў памеры 300 рублёў у год прыватнай мужчынскай прагімназіі, калі тая адчыніцца. Памятная кніжка на 1914 г. дае наступную інфармацыю пра гэтую навучальную ўстанову: «Лідская 4-х класная мужчынская прагімназія І. М. Палу з правамі для вучняў. Утрымальнік прагімназіі: тытулярны дарадца Іван Мартавіч Палу. Законанастаўнікі: праваслаўнага веравызнання - святар а. Іаан Якаўлевіч Цэбрыкаў, рыма-каталіцкага - кс. Ян Мароз, іудзейства - Д. Б. Дубоўскі. Выкладчыкі: Аляксандр Рыгоравіч Траўскі, Яўген Аляксандравіч Палу».

Прэса пісала, што ўначы з 22 па 23 лістапада 1912 г. у мужчынскай прагімназіі сп. Палу скралі класныя журналы 3-га і 4-га класаў, «падазраюць вучняў».

Іншыя навучальныя ўстановы

Пастановай сходу лідскіх ўпаўнаважаных ад 25 кастрычніка 1912 г. прызначаны 150 рублёў у год на арэнду памяшкання для мужчынскай народнай вучэльні. Пэўна мелася на ўвазе Двухкласная мужчынская прыходская вучэльня, якая вучыла дзяцей чытанню, пісьму, арыфметыцы і закону Божаму. Перад 1914 г. выкладалі тут настаўнікі Міхаіл Сцяпанавіч Галубовіч, Міхаіл Станіслававіч Міцько, Ніна Міхайлаўна Галубовіч, рэлігію выкладалі дыякан Мікалай Зянковіч і вікарны ксёндз Франц Ратынскі.

На пачатку 1913 г. гарадская ўправа асігнавала 150 руб. на адкрыццё другой мужчынскай народнай вучэльні, а дырэкцыя народных вучэльняў звярнулася да гарадской управы з просьбай надаць ёй участак зямлі памерам 2 дзесяціны для будаўніцтва новага будынка.

2 лютага таго ж года ў памяшканні лідскай прыходскай вучэльні адбыўся з'езд народных настаўнікаў, на якім абмяркоўваліся педагагічныя пытанні. На з'ездзе было каля 40 настаўнікаў і настаўніц.

Пра наяўнасць у горадзе чыгуначнай вучэльні мы можам даведацца з паведамлення ў газеце: «30 снежня (1912 г.) сябры гуртка чыгуначнай вучэльні ладзяць спектакль з канцэртным аддзяленнем на карысць сваёй вучэльні».

Пра іешыву Рэйнеса я пісаў ужо пісаў ў артыкуле пра лідскіх яўрэяў.

У 1907 г. была адчынена яўрэйская прыватная прагімназія Цыпкінай на 45 вучаніц. На пачатку 1913 г. прагімназія надрукала аб'яву наступнага зместу: «Прыёмныя іспыты ва ўсе класы пачынаюцца з 7 студзеня гэтага года».

Перад 1914 г. ганаровым наглядчыкам пачатковай яўрэйскай вучэльні лічыўся купец 1-й гільдыі, інжынер-хімік, Давід Львовіч Стругач, загадчык-настаўнік вучэльні Ілья Савельевіч Цыпкін, памочнік настаўніка працаваў Абрам Маркавіч Шэйнгельд, настаўнікам падрыхтоўчага класа Давід Іонавіч Гэрштэйн, штатным ўрачом Абрам Ізраілевіч Варшаўскі.

У снежні 1912 г. газета «Лідскае слова» прапануе стварыць у Лідзе «дзіцячы сад», маючы на ўвазе пад гэтым тэрмінам трошкі не тое, да чаго мы прывыклі: «… дзіцячы сад … мог бы мець вялікі выхаваўчы эфект. Арганізацыя розных гульняў, гімнастычных практыкаванняў пад кіраўніцтвам дасведчанай фрэбелічкі [6] дадасць новы струмень ў выхаванне нашых дзяцей».

Да Першай сусветнай вайны ў павеце было 27 народных вучылішч і 134 царкоўна-прыходскія школы. Падчас нямецкай акупацыі на Лідчыне працавала 60 народных школ.

Першая гарадская бібліятэка

Вядома, што гарадская бібліятэка-чытальня пры чайной была адкрыта па рашэнні «Лідскага павятовага камітэта Папячыцельства аб народнай цвярозасці» 12 студзеня 1897 г.

Пры складанні каштарысу на 1907 г. Лідскі павятовы камітэт Папячыцельства аб народнай цвярозасці вырашыў адкрыць у Лідзе чайную з бібліятэкай-чытальняй, чытаннямі, хорам і нядзельнай школай.

Лідская бібліятэка-чытальня з нядзельнай школай і чайной да Першай сусветнай вайны знаходзілася ў двухпавярховым доме пабудаваным ў самым пачатку XX ст., дам зараз мае адрас: вул. Замкавая, 2. Практычна адразу пасля пабудовы гэты гмах быў арандаваны «Лідскім папячыцельствам аб народнай цвярозасці», і тут пачаў працаваць Народны дом. Народныя дамы адкрываліся, каб адцягнуць народ ад п'янства, і звычайна складаліся з бібліятэкі-чытальні, чайной і розных гурткоў. Такім чынам, у будынку, які стаіць і зараз месціўся першы ў горадзе народны клуб. У пачатку бурлівых 1920-х гг. тут былі штаб-кватэры розных палітычных партый, а з сярэдзіны 1920-х гг. магістрат горада.

Значную колькасць кніг перадаў бібліятэцы Народнага дома аптэкар Бэргман, «Лідскае слова» паведамляла ў канцы 1912 г.: «Пяць гадоў таму ў Лідзе з вялікімі стараннямі і клопатамі была адкрыта бібліятэка. На самым пачатку яна мела ўсяго 600 тамоў, а зараз, праз пяць гадоў мае ўжо 2 000 тамоў. І якія кнігі, каго тут толькі няма! Талстой і Ібсен, Гюго і Гайнэ, Бялінскі і Дабралюбаў - і шмат іншых, з вялікім розумам і гарачым сэрцам напісаных кніг. ... Што чытаюць і хто чытае? Гімназісткі і іешыўнікі. Першыя зачытваюцца Вярбіцкай, а другія і чытаюць, і пытаюцца, пытаюцца і чытаюць Талстога, Дастаеўскага і Тургенева. Галоўная ж маса лідзян ставіцца да бібліятэкі абыякава ...».

Мелася ў горадзе і некалькі кніжных крам. Акрамя агульнавядомай кніжнай крамы сп-ні Шкоп каля касцёла, у гасцініцы Быхвітаў «Варшава» месцілася кніжная і пісча-папяровая крама «Культура»: «... вялікі багаты выбар мастацкіх паштовак. На складзе маецца вялікая колькасць падручнікаў, класічная літаратура на рускай і яўрэйскай мовах» (дарэчы, тут жа ў гатэлі «Варшава» працавала аддзяленне Санкт-Пецярбургскага таварыства страхавання, агент па Лідзе і павеце Я. Л. Быхвіт). Мелася яшчэ кніжная крама «Труд», у якой у сераду 13 сакавіка 1913 г. вучань гарадской вучэльні Лагун знайшоў скрадзеную ў яго раней кнігу, крама аказвала і букіністычныя паслугі.

***

Грамадскасць горада хвалявалі праблемы аднаўлення ўніверсітэта ў Вільні, і мясцовая прэса дастаткова падрабязна пісала пра гэта.

Віленская гарадская ўправа вырашыла скарыстацца святкаваннем 300-годдзя дома Раманавых і агульнай атмасферай свята і ўжо не першы раз паставіла перад уладамі пытанне аб адкрыцці ў Вільні ўніверсітэта. Яна была гатова асігнаваць для гэтага мільён рублёў і даць для гмаха ўніверсітэта кавалак зямлі ў 20 дзесяцін.

У сакавіку 1913 г. «Лідскае слова» паведаміла сваім чытачам: «... пытанне пра адкрыццё ў Вільні ўніверсітэта вырашана адмоўна. Відочна, перамаглі нацыяналістычныя тэндэнцыі, якія мацней за здаровую логіку. Не дапамог нават грунтоўны даклад Віленскай гарадской управы, у якім статыстычныя дадзеныя пра колькасць вучэбных устаноў красамоўна кажуць пра неабходнасць універсітэта ў адным з нашых вялікіх цэнтраў. Гэты даклад, таксама аспрэчвае галоўны довад праціўнікаў універсітэта, што ў ім будуць панаваць студэнты-палякі. ... пры афіцыйным "нацыянальным" курсе наш край ніколі не атрымае гэтай найкультурнейшай установы».

Аднак грамадскасць краю працягвала барацьбу за ўніверсітэт. Газета пісала: «У апошні час віленскі друк шмат увагі надае пытанню пра ўніверсітэт у Вільні. ... Для нас, лідзян, якія жывуць за тры гадзіны язды ад Вільні, тым больш павінна быць прыемна, што калі ўніверсітэт адкрыецца, дык выбітныя прадстаўнікі навукі - прафесары будучага ўніверсітэта змогуць часта наведваць наш горад, каб дзяліцца сваімі ведамі і думкамі».

Як альтэрнатыва, прапаноўваліся таксама Мінск і Віцебск, абшарнікі і гарадскія самакіраванні абяцалі ўзяць на сябе ўсе выдаткі, але ўлады так і не дазволілі адкрыць універсітэт у нашым краі. Віленскі ўніверсітэт быў адноўлены адным з першых указаў Пілсудскага ў 1919 г. як польская навучальная ўстанова.



[1] Марыя Навіцкая, уроджаная Снітко, нарадзілася 3 чэрвеня 1865 г. Атрымала адукацыю ў Віленскай Марыінскай вышэйшай жаночай вучэльні. Мела годнасць хатняй настаўніцы. У Лідзе жыла з 22 лістапада 1899 г. Памерла 26 лістапада 1908 г. ад разрыву сэрца, не дажыўшы менш двух гадоў да канчатковага здзяйснення сваёй мары - адкрыцця ў г. Лідзе жаночай прыватнай гімназіі. Пахавана на старых праваслаўных могілках каля Свята-Георгіеўскай царквы.

[2] Прагімназія - агульнаадукацыйная ўстанова ў Расійскай імперыі з праграмай малодшых класаў гімназіі. У прагімназіі мелася чатыры класы якія адпавядалі чатыром малодшых класам гімназіі.

[3] Словы аўтара пра польскую мову беларусаў горада як хатнюю трошкі здзіўляюць, верагодна аўтар артыкула лічыў беларускую мову дыялектам польскай.

[4] Аршанскі Б.М. (1883-1945) крытык драматург. Нарадзіўся ў мястэчку Гарадок Віцебскай губерні. З 1903 г. удзельнічаў у Бундзе, з 1918 г. - член ВКП(б), з 1926 г. кіраваў яўрэйскай секцыяй Інбелькульта ў Мінску, у 1932 г. сасланы на Камчатку. Драма з жыцця працоўных «Ганна» - адна з першых напісаным гэтым аўтарам - Гл: Литературная энциклопедия. Москва, 1934. Т. 8. С. 327.

[5] У царскай Расіі існавала працэнтная норма прыёму яўрэяў у сярэднія i вышэйшыя навучальныя ўстановы.

[6] Фрэбелічка - выхавальніца дзяцей дашкольнага ўзросту па метадзе нямецкага педагога Фрэбеля. Фрыдрых Фрэбель (1782-1852) - нямецкі педагог, тэарэтык дашкольнага выхавання, стваральнік паняцця "дзіцячы сад". Фрэбель лічыў мэтай выхавання развіццё прыродных асаблівасцяў дзіцяці, яго самараскрыццё. Дзіцячы сад павінен ажыццяўляць ўсебаковае развіццё дзяцей, якое пачынаецца з фізічнага развіцця. Ужо ў раннім узросце догляд за целам дзіцяці Фрэбель звязваў з развіццём яго псіхікі. Ядром педагогікі дзіцячага сада Фрэбель лічыў гульню. Ён даводзіў, што гульня для дзіцяці - цяга, інстынкт, яго галоўная дзейнасць, стыхія, у якой ён жыве, яна - яго ўласнае жыццё. У гульні дзіця выказвае свой унутраны свет.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX