Папярэдняя старонка: Адукацыя, культура

Адукацыя ў Лідзе, 1920-1930-я гады 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 18-04-2021,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Адукацыя ў Лідзе, 1920-1930-я гады // Маладосць. 2021. № 2. С. 92-109.

Спампаваць




Прыватная яўрэйская гімназія Дварэцкага

Гарадская ці Магістрацкая гуманітарная гімназія

Дзяржаўная гімназія імя Караля Хадкевіча

Камерцыйная гімназія піяраў

Гімназія асаднікаў

Рамесна-прамысловая школа

Жаночая прафесійная кравецкая школа

Яўрэйская Тарбут-школа

Курсы, гурткі

Агульнаадукацыйныя 7-гадовыя школы


У гэтыя гады дзейнічаў у Лідзе шэраг навучальных устаноў рознага ўзроўню, але сярод іх не было ніводнай, дзе навучанне вялося б па-беларуску. У першай палове 1920-х беларускія школы былі толькі ў вёсках Лідскага павета.

Прыватная яўрэйская гімназія Дварэцкага

У 1926 годзе прэса пісала пра ліквідацыю прыватнай яўрэйскай гімназіі Дварэцкага і адкрыццё Гарадской гімназіі, ці гімназіі магістрата. Але гімназія Дварэцкага працавала яшчэ да 1929 года. Гэта яўрэйская каадукацыйная [1] навучальная ўстанова паўстала ў Лідзе ў канцы 1921-га. Гімназія арандавала памяшканне па адрасе вуліца Крывая, 16. У гэтым памяшканні было толькі 4 пакоі пад класы, і таму навучанне ішло ў дзве змены. Ніякага лепшага будынка знайсці ў горадзе было немагчыма. Уладальнік гімназіі - Мойша Дварэцкі [2], першы дырэктар - Эдвард Вахмут, у 1923 годзе дырэктарам стаў інжынер Фронкель, у 1925-м - Максіміліян Грынберг. Пры гімназіі дзейнічалі вучнёўскія аб'яднанні: «Братняя дапамога» (дапамагала бедным вучням), літаратурны гурток, школьная гміна (самакіраванне - існавала ў кожным класе). У розныя часы ўстанову наведвала ад 300 да 350 вучняў. Гімназія Дварэцкага не вытрымала камерцыйнай канкурэнцыі з іншымі навучальнымі ўстановамі і закрылася.

Гарадская ці Магістрацкая гуманітарная гімназія

З 1926 па 1934 гады ў горадзе працавала Гарадская ці Магістрацкая гуманітарная гімназія, да 1930 года яна месцілася ў доме па вуліцы Пілсудскага. Яна з'яўлялася маёмасцю гарадской улады і не лічылася дзяржаўнай. Улетку 1928 года гэта гімназія атрымала ад уладаў права адкрыць 8 клас, «што з'яўляецца добрай адзнакай для прыватнай установы, якая існуе толькі два гады». У чэрвені 1928 года прэса змясціла нататку, у якой 8-класная каадукацыйная гуманітарная гімназія магістрата горада Ліды аб'явіла прыём вучняў ва ўсе класы.

На пачатку снежня 1929 года ў памяшканні Гарадской гімназіі дырэктар гэтай навучальнай установы Генрык Пякарскі прачытаў лекцыю аб тэорыі адноснасці А. Эйнштэйна. У канцы жніўня 1930 года газета «Навагрудскае жыццё» пісала: «Гімназія магістрата г. Ліда была перанесена ў грунтоўна адрамантаваны гмах сп. Янушкевіча па вул. Замкавай, 25. У гмаху маецца 8 лекцыйных пакояў, вялікі гімнастычны зал, кабінеты прыродазнаўства і фізікі. Фізіку будзе выкладаць сам дырэктар гімназіі Пякарскі па навейшай методыцы, з вялікай колькасцю практычных заняткаў. Новае памяшканне значна лепшае за ранейшае, па вуліцы Пілсудскага». У тым жа нумары надрукавана аб'ява наступнага зместу: «Гімназія магістрата г. Ліды з правамі дзяржаўных школ. Дырэкцыя гімназіі паведамляе, што школьны год пачнецца з 2 верасня. Збор вучняў у 9-00 на набажэнства ў новым памяшканні гімназіі. Уступныя экзамены для ўсіх класаў адбудуцца 1, 2, 3 і 4 верасня ў 16-00. Бацькі павінны заплаціць за навучанне да 30 жніўня … . З пачаткам заняткаў усе вучні абавязаны насіць форму гімназіі».

Дзяржаўная гімназія імя Караля Хадкевіча

У 1921 годзе пачала працу дзяржаўная Лідская гімназія імя гетмана Караля Хадкевіча. Гэта гімназія карысталася самай высокай павагай у горадзе і лічылася прэстыжнай. Як і ў іншых установах, сярэдняя гімназічная адукацыя працягвалася 8 гадоў і дзялілася на дзве ступені: першая ступень - 1-3 класы, другая ступень - 4-8 класы. Прычым 1-3 класы гімназіі адпавядалі 5-7 класам агульнаадукацыйнай (powszechnej) школы.

Будынак дзяржаўнай гімназія ў 1920-х гг.

Прэса адзначала: «Цяжкая і ахвярная праца ... настаўніцтва сярэдніх школ у Лідзе заслугоўвае павагі. Хто не ведае нашых правінцыяльных стасункаў, не можа сабе ўявіць, як шмат трэба цярплівасці, каб у гэтых варунках не страціць энергіі і жадання, а наадварот, генерыраваць новыя ініцыятывы ... . Настаўнікі Лідскай гімназіі не толькі цалкам прысвячаюць свой час працы з моладдзю, але і па ўласнай ініцыятыве арганізуюць цэлы шэраг чытанняў і навуковых вечароў ... нясуць культуру ў масы».

Пісьменнік Ежы Путрамант, які вучыўся і жыў у Лідзе таго часу, у мемуарах са сваім звычайным сарказмам апісаў гімназічных настаўнікаў якія яго вучылі, прывяду вялікі фрагмент ягонага тэксту: « Ад пятага класа да атэстата нашым выхаваўцам быў матэматык Калісевіч. Малы, дробны, хваравіты. У акулярах у цёмнай аправе. З трохвугольным тварам - някепска ведаў свой прадмет, асаблівых свінстваў не рабіў, надмернай любові ўзбудзіць таксама не ўмеў. Не прыпомню сабе ні аднаго здарэння, у якім бы ён выступіў канкрэтна як выхаваўца. Быў шэры, не запісаўся ў маёй памяці нічым спецыяльным.

Зусім іншы, напрыклад, лацініст Какатовіч, галілей [3], гэты нашмат больш рухавы за нашых шаноўных красавякаў. Гарачы аматар мовы Гарацыя, умеў падрастаючым балбесам прышчапіць, калі не любоў да лаціны, то, прынамсі, трохі павагі. Акрамя таго, здаецца, быў трохі марфіністам а моцна - філатэлістам. [...]

Будынак дзяржаўнай гімназіі ў 1930-х гг.

У малодшых класах лаціну вучыў нейкі Барэцкі. Быў ён здаецца экс-легіянерам. Невысокага аўтарытэту ў дырэкцыі школы, бо піў, гаварыў глупствы, іграў ролю душы чалавека. [...]

Быў натураліст Руткоўскі. У кожным класе ёсць вучань-недарэка. У кожнай школе ёсць настаўнік-недарэка. У першыя мае гады ў Лідзе тыя функцыі без канкурэнтна выконваў Руткоўскі. Стараваты, тоўсты, у пенснэ. З нечым такім, што было ні то бародкай, ні то вусамі. Быў ветлівы, безабаронны, напэўна варты літасці, што ж, калі падлеткі зусім страцілі тое пачуццё і не хутка яго знаходзілі. Яго ўрокі былі бесперапынным конкурсам авантур і жартаў. [...]

У Лідзе спевам вучыла нас панна Калакша. Чатыры элементы, якія яна ў сабе яднала: бяздарны спеў, прозвішча, небяспечна блізкае да калошы, нарэшце яе паненства (была незамужняя) і выгляд (была нізкая, белабрысая, мела нялюдска вылупленыя вочы і тры або чатыры падбародкі) аддавалі яе на бязлітасны пераслед з боку вучняў. [...]

Гімнастыку ў нас вёў нейкі Кіпан. Быў гэта дзіўны, безумоўна гістарычны экзэмпляр. Высокі, худы, негаваркі, шэры, здаецца без сярэдняй адукацыі. Раз на год расцвітаў як магнолія: на Трэцяга Мая [4]. Ішоў тады ў фантастычнай рагатыўцы без казырка, але з сакаліным пяром, у вельмі прыгожай, не ведаю, як гэта называлася - ці не чамары, словам у такой нейкай куртцы, зверху шэра-зялёнай, але падбітай малінавым, накінутай на плячо, якая трымалася на шыі з дапамогай спецыяльнай сістэмы шнуроў і гузікаў. За ім маршыравала яшчэ некалькі, а можа і больш за дзесяць ягамосцяў, прыбраных падобна, хоць і больш сціпла. [...]

Паланіст Нэснар, галілей, як і Какатовіч, належаў да зусім іншай сацыяльнай катэгорыі, чым шаноўны, хоць і хітры гарацыянін-філатэліст. Нэснар - гэта наш мясцовы арбітр элегантнасці, пры тым, што перадумовы для гэтага меў пасрэдныя бо быў невысокі і лысаваты да таго ж меў блякла-блакітныя вочы. Затое заўсёды пад гальштукам-мушкай, моцна прыпудраны, з пахам незаменнага трыццаць гадоў таму назад шыпру. Нэснар вылучаўся на балях школьных і гарадскіх. Бо ён адзін з нямногіх цывільных намагаўся быць на адной назе (танцавальнай) з боствамі Ліды, афіцэрамі-пілотамі 5 палка. Спусташэнні, якія чыніліся імі ў жаночых класах, былі ўлюбёнай тэмай школьнага фальклору. Прынамсі, у падлеткаў тыпу класа пятага і шостага. Здаецца, што даходзіла там канешне да непрыстойнасцяў, хоць скандалу, на жаль, мы не дачакаліся. [...]

Другі "першапланавы" настаўнік - гэта быў гісторык Казлоўскі. Быў гэта малады чалавек. Досыць высокі, моцны, прыстойны, з цёмным румянцам. Таксама галілей, але цалкам інакшы ад там-тых, з пачуццём уласнай сілы, з бясспрэчным характарам, зрэшты, бясспрэчна разумнейшы і ад іх, і ад усіх астатніх. Іграў з цягам часу ўсё большую ролю ў гімназіі, і нават у горадзе. Пасля майскага перавароту [5] стаў адным з праваднікоў мясцовай санацыі... [...]».

Галоўным корпусам гімназіі быў будынак па вуліцы 3-га Мая, а філіял размяшчаўся «пры адной з кароткіх і вузкіх вулачак, якія адыходзілі ад Сувальскай і ўжо праз некалькі дамоў утыкаліся ў бліжняе балота. Быў гэта цесны двухпавярховы дом з цэглы. Класы былі невялікія, парты стаялі адна пры адной. Праходы паміж імі былі вузкія, кафедра напірала на першую з лавак, словам, нязручнасцей было вышэй галавы. Вучыліся тут мужчынскія класы ад першага па пяты. Тры старэйшыя - агульныя - і жаночыя класы размяшчаліся ў т. зв. галоўным корпусе, на вуліцы Трэцяга Мая». Такім чынам, месца ў гімназіі не хапала і адчувалася неабходнасць у новым памяшканні.

Праект новага будынка быў распрацаваны варшаўскім архітэктарам Ежы Бейлам (Jerzy Beill). Цікава параўнаць праект гімназіі з рэальна пабудаваным гмахам. Бачна, што рэалізаваны праект моцна адрозніваецца: скасаваны галоўны паўночны ўваход з прыгожай лесвіцай на тры паверхі, таму лесвічныя маршы зроблены ва ўсходнім і заходнім флангах паўночнага корпуса, паўночны фасад мае толькі вокны і г. д. Бакавыя і паўднёвыя фасады збольшага засталіся такімі ж, ацаніць змены ва ўнутраным дворыку цяжка. Як на мой густ, гмах захаваў «смак» піярскага калегіума, выглядае гарманічна, мае строгія формы і з'яўляецца адной з самых прыгожых пабудоў у горадзе.

У красавіку 1928 года была афіцыйна аб'яўлена пастанова Міністэрства асветы і рэлігійных веравызнанняў аб пачатку будаўніцтва новага гмаху гімназіі ў Лідзе коштам 800 000 злотых. Адразу на пачатак будаўніцтва выдзялялася 400 000 злотых. «Будова гмаху пачнецца на пляцы кс. Фалькоўскага, недалёка ад вуліцы Школьнай. Трэба заўважыць, што ў гэтым годзе Ліда ёсць адзіным горадам, які атрымае такія вялікія грошы для будаўніцтва гімназіі», - паведамлялі газеты. На пачатку кастрычніка таго ж года ваяводская ўправа ў Навагрудку абвясціла таргі на ўзвядзенне гімназіі кубатурай каля 16 250 м3 у Лідзе. Прэса адзначала, што новы будынак будзе адпавядаць усім патрабаванням «сучаснай культуры». Ужо пры канцы красавіка паведамлялася, што «на днях у Ліду прыбывае інжынер Сарока з Дырэкцыі публічных работ, каб пачаць будоўлю новай Дзяржаўнай гімназіі».

Пасля выпускных экзаменаў 1928 года ў Лідскай гімназіі віленская газета «Слова» пісала пра строгасць дырэктара ўстановы Мяноўскага: з 57 выпускнікоў гімназію з атэстатам закончылі толькі 37 чалавек, астатнія ж не здалі выніковыя іспыты, што газета тлумачыла лянотай саміх вучняў. Але «Кур'ер Віленскі» прысвяціў Лідскай гімназіі вялікі артыкул, у якім паказваліся сапраўдныя прычыны правальных экзаменаў. Нехта з лідзян у гэтым матэрыяле пісаў «пра дрэнны настрой і зло», якія пануюць у галоўнай навучальнай установе павета: сярод вучняў стымулюецца шпіёнства і даносніцтва, шэраг настаўнікаў з Малапольшчы не мае неабходнай адукацыі, але лічыць нармальным для сабе «ўжываць пустапарожнюю фразеалогію і публічна ганарыцца сваім высокім генеалагічным паходжаннем ... . Гэтыя настаўнікі прывезлі з Малапольшчы (не ідзе размова аб усіх настаўніках з Малапольшчы) спецыфічныя адносіны да нас, жыхароў усходніх земляў». Вучні, якія адмаўляліся шпіёніць за сябрамі, атрымлівалі ад такіх настаўнікаў мянушку «бандыт» і правальваліся на экзаменах. «Апякунская рада гімназіі і бацькі вучняў павінны патрабаваць замены часткі настаўнікаў і расказаць, чаму гімназія мае такія вынікі выпускных экзаменаў. Для нас, жыхароў Ліды, гэта вельмі важная справа павінна быць вырашана як найхутчэй». Бацькі навучэнцаў падзяліліся на два лагеры: у адным падтрымлівалі «строгасць» дырэктара Мяноўскага і экзаменацыйнай камісіі, у другім вінаватымі лічылі педагогаў-прыхадняў. У студзені і лютым 1929 года ўстанову праверыла адмысловая камісія - і Тэадор Мяноўскі з пасады дырэктара гімназіі быў пераведзены выкладчыкам у Віленскі ўніверсітэт. Пасля гэтага кансерватыўная газета «Слова» прысвяціла яму артыкул-дыфірамб.

Увечары 13 мая 1929 года адбылося дзіўнае здарэнне, якое, магчыма, было працягам выпускных экзаменаў 1928 года: нехта паклаў гранату са знятым засцерагальнікам каля дзвярэй кватэры настаўніка гімназіі Калісевіча (Пілсудскага, 9), пасля чаго «паліцыя пачала расследаванне».

24 лістапада 1929 года адбылося пасяджэнне бацькоўскага камітэта Дзяржаўнай гімназіі імя Караля Хадкевіча. Ва ўправу гэтага органа кіравання ўстановай сярод іншых быў абраны і лепшы лідскі гісторык XX стагоддзя, член Таварыства беларускай школы Міхал Шымялевіч. Навучэнкай гімназіі ў гэты час была малодшая дачка навукоўца.

Новая гімназія хутка будавалася, і ў сакавіку 1929 года ваяводскія ўлады абвясцілі тэндар на заканчэнне ўзвядзення Лідскай гімназіі. Але памеры гмаху складалі ўжо 15 829 м3. Як бачым, нават ад праекта, па якім пачыналася будоўля, наша гімназія ў выніку паменшылася амаль на 450 м3 (ці прыкладна на 100 м2). Цікава, на чым сэканомілі?

У красавіку 1930 года Дырэкцыя публічных работ пры Навагрудскай ваяводскай управе аб'явіла таргі на мантаж цэнтральнага ацяплення, водаправода і каналізацыі ў гмаху Дзяржаўнай гімназіі, будаўніцтва якой падыходзіла да канца.

З 26 па 30 мая 1930 года ў Дзяржаўнай гімназіі праходзілі экзамены выпускнікоў. Іспытамі кіравалі начальнік ІІ аддзела Кураторыума адукацыі Ян Бобка і дырэктар гімназіі Вацлаў Белакоз [6]. Урачыстае ўручэнне пасведчанняў аб адукацыі адбылося 15 чэрвеня, скандалаў на гэты раз не было.

Ганаровае адкрыццё і асвячэнне новага будынка гімназіі адбылося 12 лістапада 1930 года, у дзяржаўнае свята - Дзень незалежнасці. прэса паведамляла, што новы гмах гімназіі быў пабудаваны «з ініцыятывы Маршала Пілсудскага».

Пасля перасялення Дзяржаўнай гімназіі гарадская рада перадала два былыя будынкі ўстановы (па вул. 3-га Мая і Камерцыйнай) лідскай філіі Віленскага акруговага суда.

У снежні 1930 года шмат вучняў захварэлі на грып і не хадзілі ў школу. Хварэлі і выкладчыкі: «У самой Лідзе ў Дзяржаўнай гімназіі захварэла палова выкладчыкаў і шмат вучняў і ёсць намер спыніць заняткі».

1931 год пачаўся са святкавання 25-годдзя барацьбы за польскую школу. У Лідзе быў створаны камітэт, у які ўвайшлі дырэктары гімназій Белакоз і Пякарскі, настаўнікі Оркуш і Барбурскі.

Пры канцы 1931 года ў Лідзе на 10 старонках выйшаў першы нумар часопіса гімназічнай моладзі «Малады лес». Выданне змяшчала два артыкулы («І зноў да працы» і «Шанаванне Эдысана»), два вершы, хроніку, з якой чытач мог даведацца, што ў гімназіі ёсць аб'яднанні «Братняя дапамога», «Кола паланістыкі» і «Кола дакладных навук імя Ньютана». Часопіс заканчваўся раздзелам вучнёўскага гумару. Рэдактары - прафесар гімназіі Мар'ян Ганус і вучні С. Шалюбскі і М. Ілютовіч. Часопіс добра прыняла гарадская інтэлігенцыя. Восенню 1935 года вучні старэйшых класаў пад кіраўніцтвам прафесара В. Маеўскага выдалі ў друкарні Ш. Зяльдовіча школьны часопіс «Tworzmy». Рэдактар - Юры Дунько (8 клас), сакратар - Саламея Воранава. У рэдакцыйны камітэт уваходзілі І. Багатыроў (8 клас), Антон Масліньскі, А. Мацевіч, Леон Пільчук (8 клас). У часопісе маецца некалькі невялікіх нататак Л. Пільчука, А. Масліньскага і Е. Васілеўскага.

На пачатку 1932 года прафесар Канстанты Малыніч з навагрудскага Звязу аматараў радыё прачытаў у гімназіі лекцыю пра радыёвяшчанне як форму культуры. На лекцыі прысутнічала каля 200 чалавек.

Летам 1932 года святкавалася дзесяцігоддзе ўстановы: «11 і 12 чэрвеня Дзяржаўная гімназія ў Лідзе будзе адзначаць дзесяцігоддзе. Ва ўрачыстасцях будуць удзельнічаць куратар вучэбнай акругі Шалангоўскі, ваявода Костка-Бярнацкі, генерал Літвіновіч. У першы дзень пройдзе набажэнства за памёршых выкладчыкаў і вучняў, а таксама спартовыя спаборніцтвы. На другі дзень пасля набажэнства адбудзецца адкрыццё памятнай шыльды, святочная акадэмія і сустрэча з выпускнікамі, на заканчэнне - бал. У сувязі з 10-годдзем гімназіі будзе выдадзена багатая манаграфія пра ўстанову на фоне гісторыі горада».

15 кастрычніка 1932 года ў Дзяржаўнай гімназіі ў межах «Дня Шапена» прайшоў музычна-вакальны вечар: «Пра вялікага музыканта расказала прафесар гімназіі А. Калокша. Пасля чаго камерны ансамбль гімназіі выканаў прэлюдыю. Вучань Жукоўскі прадэкламаваў "Тастамент" Славацкага, жаночы квартэт пад акампанемент камернага ансамбля выканаў "Зычэнне" і "Мары". Мужчынскі хор праспяваў кантату, вучань Якуціс праспяваў "Жаль". Вучань Драмовіч выступіў у жанры меладэкламацыі, вучань Пупко сыграў на скрыпцы "Накцюрн". Пры канцы змешаны хор разам з аркестрам 77-га палка выканаў "А-dur"».

Пры канцы 1930-х гадоў, з 1936-га па 1939-ы, дырэктарам гімназіі працаваў гісторык Казiмiр Мятлевiч. Былая вучаніца гімназіі Ванда Летка ўспамінала, што ў тыя гады польскай мове яе вучыў настаўнік Маеўскі па мянушцы Пацучок (атрымаў яе з-за доўгага носа), матэматыцы - Каляцінскі: высокі прадстаўнічы мужчына, бацька двух сыноў, якія загінулі падчас вайны ў партызанах. Настаўнікам гімнастыкі ў дзяўчынак была пані Папко, яе называлі Заксуўкай. Пан Садзевіч пасвячаў вучняў у таямніцы латыні. Выкладчыкі нямецкай мовы - Сабаньскі па мянушцы Фальш і Юлій Кляйндэнст (закончыў гімназію ў Варшаве і Дэрпцкі ўніверсітэт, свабодна валодаў рускай, польскай, нямецкай мовамі, ведаў французскую і беларускую). Выкладчык фізікі - Яўген Шулакевіч, хіміі - Зыгмунт Манке, геаграфіі - Руткоўскі (мянушка Кукса). Рэлігію выкладаў ксёндз Вітольд Нелюбовіч. Гісторыю - прафесар Садоўская: «Прыгожая, элегантная, мудрая і дасціпная ... . Шмат вандравала і цікава распавядала пра свае ўражанні ад Індыі». Выкладчыцай польская мовы нейкі час працавала Ядвіга Мастовіч (сястра вядомага польскага пісьменніка Даленгі-Мастовіча, у будучыні - 3-я жонка польскага прэм'ер-міністра, генерала Славоя-Складкоўскага), былы вучань гімназіі Ян Станіслаўскі ўспамінаў пра яе: «Малога росту з непрапарцыйна шырокімі клубамі, з-за гэткай фігуры яе пазнавалі здалёк. Але была добрая і паважаная вучнямі настаўніца (прафесар) гімназіі, арганізоўвала літаратурныя сустрэчы, і калі прыязджаў яе знакаміты брат, заўсёды адбываліся спатканні гімназістаў з гэтым пісьменнікам. Па сямейных прычынах хутка пакінула Ліду».

Каб патрапіць у гімназію, трэба было здаць уступны іспыт. Штогод бацькі плацілі па 220 злотых за навучанне ва ўстанове [7], нямала каштавалі і падручнікі. У чатырохгадовай агульнаадукацыйнай дзяржаўнай гімназіі вучні насілі адмысловую форму. Напрыклад, дзяўчаты мелі цёмна-сінюю плісаваную спаднічку і белую льняную блузку, да яе прымацоўвалася стужка, а на рукаве насілі блакітную павязку. На берэце таксама быў блакітны кант. У двухгадовым ліцэі, куды паступалі пасля заканчэння гімназіі [8], кант, бант і павязка былі бардовыя. Прыналежнасць да гімназіі і нашэнне формы вучні лічылі гонарам для сябе.

Не абыходзілася і без крыміналу. 1 кастрычніка 1937 года ў Лідскім акруговым судзе пачаўся працэс над Вітольдам Гульбіновічам - былым сакратаром Дзяржаўнай гімназіі, якога абвінавачвалі ў крадзяжы 600 злотых са ўзносаў, якія сабралі сябры бацькоўскага камітэта ўстановы. Суд прыгаварыў Гульбіновіча да паўгода турмы.

Падчас летніх вакацый 1937 года ў Дзяржаўнай гімназіі адкрылася выстава графікі і жывапісу лепшых мастакоў Вільні, а 1 лютага 1938 года бацькоўскі камітэт арганізаваў вечар танцаў у памяшканні ўстановы, увесь даход ад гэтага мерапрыемства пайшоў на дапамогу бедным вучням. Як заўжды, улетку галоўны зал гімназіі прымаў розныя экспазіцыі, так, напрыклад, 19 чэрвеня 1938 года ўрачыста адкрылася выстава вучнёўскіх прац.

Дзяржава падтрымлівала развіццё краязнаўства: «Віленскі школьны інспектар даручыў лідскім настаўнікам ... (і не толькі лідскім) збіраць матэрыял і рыхтаваць да друку манаграфіі пра мясцовасці, дзе находзяцца гэтыя школы. Падобна, не гістарычныя манаграфіі, які рэканструююць агульныя падзеі нашага краю, а менавіта такія працы маглі б стаць ... падмуркамі рэгіяналізму», - паведамлялі газеты. А ў суботу 26 лістапада 1938 г. у Дзяржаўнай гімназіі прайшла першая краязнаўчая вечарына, якую арганізавалі вучні другога класа: «Краязнаўчы гурток знаходзіцца пад апекай спадарыні-прафесара Юзэфы Кляйндэнст, якая заахвоціла моладзь да збору інфармацыі пра мясцовыя звычаі вясковых людзей. Сабраны непасрэдна ў вёсцы матэрыял і стаўся асновай для правядзення вечарыны. Рэшту тэм для вечарыны моладзь узяла ў артыкулах найвыбітнейшага лідскага краязнаўца Міхала Шымялевіча з газеты "Лідская Зямля". Прыгатаваная праграма вечара прынесла прысутным у зале шмат вясёлых і прыемных хвілін. Інфармацыя, сабраная і апрацаваная вучнямі, трапна падабраныя строі, добрая аматарская акцёрская ігра паказалі выдатнае знаёмства з прадметам. Беларускі акцэнт песенек разам з прыгожымі мелодыямі вельмі спадабаліся гледачам. Трэба заахвоціць моладзь, каб была зроблена версія гэтага вечара для віленскага ці баранавіцкага радыё».

Пачынаючы з 1938 года ў публікацыях прэсы адчуваецца набліжэнне вайны: «Вучні 8 класа Дзяржаўнай гімназіі імя гетмана Караля Хадкевіча 80 % ад даходаў (69 зл.), атрыманых ад розных мерапрыемстваў, перавялі на рахункі Таварыства падтрымкі супрацьпаветранай абароны (LOPP)». Бацькоўскі камітэт установы 5 чэрвеня арганізаваў фантавую латарэю, чысты прыбытак ад якой склаў 500,48 зл., частка даходу таксама пайшла ў фонд абароны.

У маі 1939 года адбыўся апошні ў гісторыі Дзяржаўнай гімназіі імя Караля Хадкевіча ў Лідзе выпуск ліцэістаў - г.з. людзей, якія атрымалі поўную сярэднюю адукацыю і мелі права вучыцца далей ва ўніверсітэце. Апошні выпускны ліцэйскі клас меў 13 вучняў: «Матуру атрымалі ўсе навучэнцы, гэта: Дабравольская Марыя, Гарноўская Лілея, Гурвіч Юдыта, Яцэвіч Ян, Карчман Навум, Кляйндэнст Ірэна, Маслянка Збігнеў, Радзеўская Бэця, Ракіцкі Яраслаў, Станкевіч Яна, Стукатар Ева, Путрамант Марыя, Шаваховіч Соня».

Шмат выпускнікоў лідскай Дзяржаўнай гімназіі аддалі свае жыцці падчас Другой сусветнай вайны, яны выступалі супраць фашызму ў розных польскіх фарміраваннях.

Аднак сярод вучняў быў і рэнегат - Ежы Рыпер, сын былога легіянера, маёра рэзерву польскага войска, які паходзіў з аўстрыйскай часткі Польшчы і з 1920-х гадоў настаўнічаў у адной з Лідскіх школ. Ежы Рыпер у 1942 годзе выдаў немцам аднакласнікаў па гімназіі, якія стварылі антыфашысцкую арганізацыю. Хутка стаў камендантам лідскага СД і браў удзел у ліквідацыі мясцовага гета і забойстве тысяч яўрэяў на гэтай тэрыторыі. 30 кастрычніка 1943 года яго цяжка паранілі падпольшчыкі, якія самі загінулі ў перастрэлцы. Пасля вайны схаваўся, але хутка вярнуўся і паступіў на службу ва «Ужонд Беспячэнства» польскага горада Элк. Быў апазнаны адной са сваіх ахвяр, пасля чаго ўцёк у Заходнюю Германію. Змяніўшы прозвішча, доўгі час працаваў у брытанскай амбасадзе ў Боне. Толькі ў 1999 годзе зноў быў арыштаваны і асуджаны як ваенны злачынца.

Падчас вайны ў будынку гімназіі месцiўся гебiтскамiсарыят, а з 1944 года - казарма войскаў НКУС.

Камерцыйная гімназія піяраў

З 1863 па 1919 гады былы касцёл піяраў функцыянаваў як праваслаўная царква Святога Архангела Міхаіла. У 1919 годзе ў выніку рэстытуцыі храм быў зноў перароблены ў касцёл і аддадзены піярам, якія вярнуліся ў Ліду. У тым жа годзе яны аднавілі сваю педагагічную працу ў школе, якая месцілася ў старым драўляным будынку на поўдні ад касцёла (цяпер не існуе).

1 верасня 1929 года прыняла першых вучняў трохкласная Гандлёвая школа піяраў (калегіум) па адрасе Сувальская, 68. У першы год навучанне пачалося толькі ў першым класе. Прымаліся вучні ва ўзросце 14 - 17 гадоў, якія папярэдне закончылі агульнаадукацыйную школу ці 4 класы гімназіі.

Група вучняў за школай піяраў, 1930-я гг.

У 1930 годзе заснавана 4-класная Гандлёвая школа, якая знаходзілася ў будынку на поўнач ад касцёла. 15 верасня 1930 года ў прысутнасці ваяводы Бэчковіча, старасты Багаткоўскага, візітатара піяраў Курчэўскага, камандзіра 5-га лётнага палка падпалкоўніка Івашкевіча і вялікай колькасці жыхароў горада будынак адукацыйнай установы быў асвечаны. Разам з гімназіяй працягвала існаваць і Гандлёвая школа.

Былы лідзянін Уладзіслаў Нарушэвіч у сваіх мемуарах пераказаў гарадскую легенду, якая з'явілася пасля смерці Пілсудскага. Быццам бы з-за скрухі дзве мясцовыя вучаніцы Гандлёвай школы кінуліся пад цягнік на станцыі Ліда і загінулі. Але прэса 1935 года пісала пра іншае: «Трагічны выпадак здарыўся ўчора на станцыі Гаўя, дзе загінулі дзве 16-гадовыя вучаніцы. Калі цягнік Маладзечна - Ліда набліжаўся да станцыі Гаўя, пад кола паравоза, трымаючыся за рукі, кінуліся дзве дзяўчыны. Калі машыніст спыніў цягнік, парэшткі дзяўчат дасталі з-пад колаў. На месца прыбыла следча-лекарская камісія. У выніку дазнання стала вядома, што самазабойцамі былі Зоф'я Растоўская і Ірэна Паплаўская, вучаніцы Гандлёвай школы ў Лідзе. Прычына самазабойства - праблемы ў навучанні і небяспека застацца на другі год у тым жа класе». Вось такая проза жыцця замест патрыятычнага адчаю.

У Гандлёвай (купецкай) гімназіі разам з агульнай сярэдняй адукацыяй давалася і адмысловая эканамічная: вывучаліся рахункаводства, таваразнаўства, арганізацыя гандлю. Вучылі хуткаму рахунку, даваліся практычныя веды ў галіне рэкламы, гэту справу пачыналі разглядаць ужо ў першым класе гімназіі. Дзеля практычных ведаў пра рэкламу дырэкцыя гімназіі знаходзілася ў сталым кантакце з лідскім Саюзам купцоў. Старшыня гэтага саюза Баркоўскі прызначыў пэўную прэміяльную суму за лепшую вучнёўскую рэкламу для лідскіх фірм, і шмат гімназістаў бралі ўдзел у гэтым конкурсе.

Ад пачатку ў Гандлёвай школе разам вучыліся хлопчыкі і дзяўчынкі, што не спадабалася лідскаму дэкану Гіпаліту Баярунцу. Той паведаміў пра гэта віленскаму архібіскупу Рамуальду Ялбжыкоўскаму. Архібіскуп падняў пытанне пра праблему сумеснага навучання на сінадальным з'едзе і ў якасці негатыўнага прыкладу расказаў пра лідскую Гандлёвую школу. У выніку быў зняты з пасады дырэктар школы А. Наперач. У снежні 1935 года ён выехаў у Кракаў і праз некаторы час выйшаў з ордэна піяраў. На гэтым праблема сумеснага навучання не вырашылася. Гандлёвай школе пагражаў сыход каля 150 дзяўчынак, што справакавала б цяжкі фінансавы крызіс. Увесь 1935 год і першыя тры месяцы 1936 года ўсё заставалася па-старому. Аднак у сакавіку 1936 года ў Ліду прыехалі міністэрскі інспектар прафесійных школ і інспектар Віленскай навучальнай акругі. Яны пазнаёміліся з вынікамі працы ўстановы і падказалі простае рашэнне: трэба арганізаваць дзве школы, асобна для хлопчыкаў і для дзяўчынак. Рэктар Клеменс Чабаноўскі звярнуўся ў Рым з просьбай дазволіць лідскім піярам весці дзве гандлёвыя школы. Інспектары прапанавалі ператварыць Гандлёвую школу ў Купецкую гімназію і такім чынам падняць статус навучальнай установы. 1 чэрвеня 1936 года пасля грунтоўнага рамонту і набыцця абсталявання на агульную суму 18 925 злотых піяры атрымалі дазвол на адкрыццё купецкіх мужчынскай і жаночай гімназій. У тым жа месяцы адбыліся ўступныя экзамены, на якія сабралася 120 хлопчыкаў і дзяўчынак. Іспыты для паступлення ў першы клас здалі 100 вучняў і вучаніц. Сядзіба гімназіі размяшчалася па адрасе вул. Сувальская, 68, называлася яна «Прыватная мужчынская і жаночая купецкая гімназія калегіума манахаў-піяраў у Лідзе».

Такім чынам, у адрозненне ад Дзяржаўнай гімназіі, дзе навучанне вялося сумесна, у Купецкай хлопчыкі і дзяўчынкі займаліся ў асобных будынках з розных бакоў касцёла піяраў і не мелі права сустракацца ці нават сумесна паказвацца на вуліцы.

У лютым 1937 г. 16-гадовы злодзей Зыгмунт Вянскевіч, вырваўшы акно ў канцылярыі Купецкай гімназіі піяраў, скраў радыёапарат. Трэба адзначыць, што лямпавае радыё ў тыя гады было вельмі каштоўнай, жаданай і статуснай рэччу, якую маглі мець толькі дастаткова багатыя людзі.

З ініцыятывы дырэктара Купецкай гімназіі піяраў Генрыка Жалігоўскага ва ўстанове з'явіўся гурток аўтааматараў. У яго запісалася каля 50 вучняў і некалькі настаўнікаў. У гуртку вывучалася канструкцыя аўтамабіля і атрымліваліся практычныя навыкі кіравання. Настаўніца Купецкай гімназіі Яўгенія Багуцкая першай сярод вучняў і настаўнікаў здала экзамены і атрымала аўтамабільныя правы.

У 1937 годзе Гандлёвую гімназію закончылі 49 чалавек, і 16 чэрвеня адбылася выпускное свята, пасведчанні аб адукацыі ўручыў дырэктар Жалігоўскі, пасля чаго адбылася дэфіляда (урачыстае шэсце, парад) вучняў па горадзе. На гэтым свяце адзін з настаўнікаў гімназіі, ксёндз Людвік Русак прапанаваў стварыць вучнёўскі фонд, куды павінны былі збірацца грошы для краязнаўчых вандровак. Хутка ў першае ж падарожжа паехалі 45 гімназістаў. Яны пабывалі ў Варшаве, Кракаве, Катавіцах, Закапане, Гдыні, Львове і іншых месцах.

1 ліпеня 1937 г. скончыўся 3-гадовы тэрмін рэктарства ксяндза Клеменса Чабаноўскага, але ён зноў быў прызначаны на гэтую пасаду. Выкладчыка гімназіі ксяндза Людвіка Рушака, якога вельмі любілі ў Лідзе, перавялі рэктарам калегіума ў Кракаў. У іншую навучальную ўстанову з'ехаў і ксёндз-піяр Юлівуш.

Падчас новага вучэбнага года, у кастрычніку 1937 г., дзве экскурсіі з Ліды наведалі Вільню, гэта былі вучні Дзяржаўнай і Купецкай гімназій. Навучэнцы наведалі магілу сэрца маршала Пілсудскага на Росах, выставу радыётэхнікі, краму Яблыкоўскіх, Дамініканскія муры, універсітэт імя Стэфана Баторыя, касцёлы св. Ганны, св. Пятра і Паўла і Замкавую гару.

У лістападзе таго жа года пад патранатам маршала Эдварда Рыдз-Сміглага і пры дапамозе павятовага аддзела Краязнаўчага таварыства быў створаны Юбілейны камітэт ушанавання памяці Людвіка Нарбута ў Лідзе. Камітэт вырашыў заснаваць адну стыпендыю імя Людвіка Нарбута для вучняў Купецкай гімназіі, «бо народны герой пачынаў вучыцца ў лідскай піярскай павятовай школе».

Пры канцы 1937 года віленская прэса пісала: «Новая зала ў горадзе. Хутка будзе скончана будаўніцтва вялікай гімнастычнай залы пры Купецкай гімназіі. Гэта будзе адна з самых вялікіх залаў у горадзе. Адсутнасць памяшканняў для арганізацыі культурных і спартыўных мерапрыемстваў - вялікая праблема горада». Ужо 6 снежня адбылося ганаровае асвячэнне новай гімнастычнай залы. Газета « Кур'ер Віленскі» пісала: «Адбылося адкрыццё самай вялікай у горадзе (калі не лічыць кіно "Эра") гімнастычнай залы пры Купецкай гімназіі. Зала мае 22 х 10,5 м. У ёй зроблена сцэна для правядзення культурных мерапрыемстваў. Тут адразу адбылася традыцыйная школьная ўрачыстасць, на якой выступілі кіраўнікі гімназіі і калегіума». У 1970-х гадах у гэтай зале месцілася падлеткавая спартыўная школа. Выгляд будынка моцна зменены рамонтамі.

Зіма 1938 года пачалася з таго, што гімназію зноў абакралі. На гэты раз злодзей перавярнуў усе шафы, але забраў толькі некалькі злотых і дробныя рэчы настаўнікаў.

5 студзеня 1938 года Таварыства вучнёўскай моладзі ў Лідзе ў зале Дзяржаўнай гімназіі правяло 15-ы навагодні баль. Тады ж Спартыўны гурток вучняў Гандлёвай гімназіі на ставе, які быў выкапаны на зямельным надзеле піяраў, адкрыў слізгаўку, якая прымала аматараў канькоў з 9-00 да 20-00. Тут нават усталявалі радыёрупар і зрабілі электрычнае асвятленне. Пры канцы лютага 1938 года на гэтай слізгаўцы адбыўся выпадак, пра які шмат пісалі розныя газеты: «Два сямігадовыя хлопцы каталіся на слізгаўцы гімназіі піяраў. Адзін з іх, Жаброўскі, упаў у палонку і пачаў тануць, другі сямігадовы хлопец - Пятнуць - з рызыкай для жыцця выцягнуў тапельца з вады».

У лютым 1938 года кіраўніцтва Гандлёвай гімназіі правяло сустрэчу з кіраўнікамі прадпрыемстваў горада з мэтай наладжвання супрацоўніцтва вучняў выпускных класаў гімназіі з вытворчымі і гандлёвымі ўстановамі. 20 і 21 мая 1938 года ў гэтай гімназіі адбыўся сход кіраўнікоў адукацыі Віленскай акругі, тут гасцявалі дырэктары і настаўнікі школ.

Паведамлялася, што ў першыя дні чэрвеня таго ж года вучні 4 класа Гандлёвай гімназіі ў Лідзе на два тыдні павінны паехаць у Гдыню, дзе «моладзь будзе праходзіць практыку ва ўправе Цэнтральнай прамысловай акругі Гдыні».

23 мая 1938 года прайшлі выпускныя экзамены апошняга класа гімназіі [9]. А 17 ліпеня 1938 года каля станцыі Нёман адбылося ўрачыстае адкрыццё вучнёўскага лагера. Яно пачалося з набажэнства, якое правёў рэктар калегіума піяраў ксёндз Клеменс Чабаноўскі. Газеты пісалі, што «сярод іншага ў праграме лагера - апека над дзецьмі вакольных вёсак. Карыстаючыся побытам на пляжы вялікай колькасці лідзян, кіраўніцтва лагера зладзіла дансінг у мясцовым казіно». Покуль вучні адпачывалі, «у Гандлёвай гімназіі знаходзіўся візітатар (інспектар. - Л. Л.) Міністэрства, аўтар вялікай колькасці кніг і рэфарматар агульнаадукацыйнай школы Антоні Талонь».

Ад пачатку 1920-х гадоў лідскія піяры не мелі пэўнасці з юрыдычнымі правамі на фундаваную раней маёмасць - нерухомасць па вуліцы Сувальскай і фальварак Пастаўшчына каля Ліды. Шмат гадоў ішоў судовы працэс, і гэта дрэнна адбівалася на працы ўстановы: «60 % лідскай моладзі пасля заканчэння агульнаадукацыйных школ, нават здаўшы экзамены, не можа трапіць у гімназію, бо не хапае месцаў. Таму піярская гімназія павялічвае прыём вучняў у першы клас. Праект пабудовы дадатковага гмаху гімназіі і вучэбнай крамы па Сувальскай не могуць дачакацца рэалізацыі ўжо 4 гады. Калі б Найвышэйшы Суд зрабіў вырак на карысць піяраў, дык піярская школа ў гэтым годзе магла б моцна пашырыцца. Праект пабудовы гандлёвых крамаў таксама залежыць ад выраку гэтага суда».

1 верасня 1938 года пачаўся апошні мірны вучэбны год.

Увосень Таварыства выпускнікоў Гандлёвай школы піяраў у Лідзе прыступіла да арганізацыі гандлёвай бібліятэкі: «Жыццё паказала неабходнасць спецыяльнай бібліятэкі для развіцця гандлю і прамысловасці ў горадзе. Управа Таварыства звярнулася ў розныя выдавецтвы па патрэбныя кнігі». Праз некалькі месяцаў у гмаху гімназіі па адрасе Сувальская, 68 гэтая бібліятэка пачала працаваць.

У студзені 1939 года лідскія піяры нарэшце выйгралі маёмасны судовы працэс: «...няпэўнасць стрымлівала развіццё калегіума і злучаных з ім навучальных устаноў. Генеральная пракуратура разам з Дзяржаўным скарбам пачала працэс аб вывадзе піяраў з займанага імі месца. Гэты працэс прайшоў праз усе інстанцыі, і на ўсіх узроўнях выракі былі на карысць піяраў. Справа дайшла да Найвышэйшага адміністратыўнага трыбунала ў Варшаве, які і паставіў кропку ў гэтай справе, пацвердзіўшы правы піяраў на нерухомасць. Лідскія піяры прыступаюць да рэалізацыі даўно акрэсленага плана будаўніцтва пры ўласнай гімназіі сучасных крам, у якіх вучні будуць праходзіць гандлёвую практыку».

Магчыма, у сувязі з перамогай у маёмасным працэсе ўлетку 1939 года прыватная Гандлёвай гімназія ў Лідзе атрымала юрыдычныя паўнамоцтвы дзяржаўнай гімназіі і таму «пашырае набор вучняў, бо ў мінулым годзе гімназія не магла ўзяць усіх ахвочых. Будуць пабудаваныя крамы, дзе вучні будуць атрымліваць практычныя веды».

У тое апошняе лета існавання гімназіі была пераабрана ўправа Таварыства выпускнікоў: «У яго склад увайшлі: прэзідэнт - Юзаф Шчыгло, віцэ-прэзідэнт - Казімір Вайцахоўскі, скарбнік - Станіслаў Чашэйка, сакратар - Казімір Мінько, сябры ўправы: Ян Зарэмба, Галіна Катоўская і Ян Клышэйка». Выпускнікі 1939 года Купецкай гімназіі вырашылі стварыць кааператыў, які павінен быў займацца скупкай адходаў у насельніцтва Лідскага павета: рыззя, костак, металу, макулатуры.

Гімназія асаднікаў

Зімой 1938 года прэса пісала пра недахоп месцаў ва ўсіх лідскіх гімназіях. І ўжо ўлетку пачаўся запіс у першы клас новай гімназіі Звязу асаднікаў, якая адкрылася ў былым будынку школы № 4 на Слабодцы (Белагрудская, 28).

Аўтар у сваёй калекцыі мае фотакопію паштоўкі-паведамлення, якую дырэкцыя рассылала вучням. Паштоўка, адпраўленая ад імя «Прыватнай каадукацыйнай гімназіі Звязу асаднікаў, вуліца Белагрудская, 28», нагадвае пра тое, што заняткі ў чарговым навучальным годзе (1939-1940) пачнуцца 11 верасня і што да пачатку заняткаў будуць дапушчаны толькі тыя вучні, за якіх на наступныя паўгода будзе заплачана 125 злотых за вучобу і 30 злотых у фонд матэрыялаў для практычных заняткаў і вандровак (разам 155 злотых). Паштоўка была адпраўлена 9 жніўня вучню гімназіі Піліпу Касперу па адрасе вуліца Шкляная, 30-1.

Хутка кіраўніцтва звязу вырашыла будаваць свой сталы гмах новай прыватнай гімназіі (першапачаткова пляц для ўзвядзення новай прыватнай гімназіі атрымаў Стралецкі звяз - добраахвотная арганізацыя дапамогі войску. Аднак гэты звяз не змог знайсці неабходнае фінансаванне для будаўніцтва вучэбнай установы - і за справу ўзяліся асаднікі).

Увосень 1938 года газета «Кур'ер Віленскі» пісала: «Ліда будуе новую гімназію. Гімназія, пабудаваная 10 гадоў таму, … аказалася замалой для горада. У гэтым годзе некалькі сотняў вучняў, якія здалі экзамены, не трапілі ў гімназію. Каб даць магчымасць моладзі атрымаць сярэднюю адукацыю ў Лідзе, Звяз вайсковых асаднікаў адкрыў прыватную гімназію. Цяпер гімназія месціцца ў памяшканні былой школы № 4. Гэта памяшканне не адпавядае патрабаванням адукацыйнага працэсу, і таму звяз звярнуўся да ўладаў з просьбай ахвяраваць пляц пад новы будынак. Гарадская рада ахвяравала вялікі пляц каля Дзяржаўнай гімназіі. Калі справы пойдуць добра, хутка горад будзе мець яшчэ адну агульнаадукацыйную гімназію».

У красавіку 1939 года на ахвяраваным гарадскімі ўладамі пляцы пад пабудову гімназіі адбылося геалагічнае вывучэнне грунту. Яно паказала, што новы гмах не запатрабуе занадта моцнага фундамента. Працы планавалася пачаць у найбліжэйшы час, «новая гімназія будзе будавацца каля існуючай Дзяржаўнай гімназіі».

У жніўні 1939 года прэса паведаміла: «Каля гмаху Дзяржаўнай гімназіі і ліцэя вядзецца будаўніцтва новай гімназіі Звязу асаднікаў. Гэта будзе другі школьны будынак коштам болей за мільён злотых. Работы часткова фінансуе Фонд працы. Кіраўніцтва будоўлі знаходзіцца ў руках гарадскога архітэктара інжынера Вацлава Галіка».

Да пачатку вайны - к 1 верасня 1939 года - паспелі пабудаваць трохі вышэй за першы паверх. Гмах быў дабудаваны ў 1949-1950 гадах як жылы дом для афіцэраў Савецкай Арміі.

Лідзянка Ларыса Канчэўская, якая ў 1950-я гады жыла побач, піша: «...адчуваецца ў гэтым будынку неадпаведнасць вышыні і агульнай масіўнасці. Мы яго заўсёды называлі «белым домам», хоць ён быў жоўтым. Даўным-даўно ён быў цытрынавага колеру. У горадзе яго нават называлі ў шасцідзясятыя гады «Пентагонам»... Гэта быў дом афіцэраў Паўночнага гарадка і іх сем'яў. Там жылі мае сяброўкі, аднакласнікі і пазней - сем'і сяброў. Цяпер, пасля вашай гістарычнай даведкі (пасля інфармацыі, што гэта недабудаваная гімназія. - Л. Л.), я разумею, з-за чаго там такая недарэчная планіроўка некаторых кватэр: адзін пакой вялізны і два маленькія - мабыць, лабаранцкая і кабінет выкладчыка».

Рамесна-прамысловая школа

У 1925 годзе па ініцыятыве інжынера Станкевіча ў Лідзе была арганізавана дзяржаўная Рамесна-прамысловая школа. Яна ад пачатку месцілася ў наёмным будынку былой тытунёвай фабрыкі Віленчыка па адрасе Сувальская, 74. Будынак меў 2 вучэбныя класы, 3 класы з варштатамі, памяшканне для настаўнікаў, канцылярыю, пакой-склад для гатовых вырабаў, пакой-склад для сыравіны і пакой, у якім знаходзіўся матор. Аднак нават пасля рамонту і неабходных пераробак пафабрычны будынак не адпавядаў патрабаванням навучальнай установы.

У Рамесна-прамысловай школе мелі магчымасць вучыцца 80 вучняў, але ў 1927 годзе школа мела толькі 53 навучэнцы. Ад пачатку выкладаўся толькі разлічаны на 3 гады курс сталяроў. Прымаліся хлопцы, якія мелі пасведчанні аб 4-гадовай, пачатковай, адукацыі. Школа не мела інтэрната, і таму ў ёй маглі вучыцца толькі жыхары Ліды ці прыгарадаў. Заняткі пачыналіся ў 8 гадзін раніцы і працягваліся да 18 з вялікім перапынкам у паўтары гадзіны на абед.

Аплата за навучанне складала 90 злотых штогод. Акрамя агульнаадукацыйных прадметаў, тут вывучалі тэхналогію матэрыялаў, эканоміку, чарчэнне, курсы будаўнічага і мэблевага сталярства і атрымлівалі стандартную адукацыю, як у 7-гадовай дзяржаўнай школе. Агульныя навукі выкладалі дырэктар школы, настаўнік і ксёндз-піяр. Прафесіянальныя навукі і курсы практычных заняткаў у класах варштатаў вялі тры настаўнікі (два - родам з Малапольшчы, адзін з - Вільні).

Школа мела рухавік унутранага згарання з адмысловай трансмісіяй, які застаўся ад тытунёвай фабрыкі. Планавалася выкарыстоўваць гэты рухавік для вытворчасці. Штогод для закупу сыравіны школа атрымлівала дзяржаўны крэдыт, за які потым на працягу навучальнага года расплачвалася, прадаючы свае вырабы.

На пасяджэнні гарадской рады 5 ліпеня 1928 года было вырашаны перадаць дом, які будаваўся для адзінокіх старых па вуліцы Сувальскай (за праваслаўнымі могілкамі, недалёка ад чыгуначнага пераезду), пад Рамесна-прамысловую школу.

У жніўні 1928 года прэса паведамляла пра сталыя праблемы ў гэтай школе: «Школа існуе ў Лідзе трэці год і мае сталярнае аддзяленне. ... Ёсць у школе шмат дрэннага ... і вінавайца гэтаму - яе дырэктар. Трэба дадаць, што раней за скандальны характар ужо быў звольнены папярэдні дырэктар. Але лепей не стала. Што бачаць у гэтай школе вучні? Яны бачаць, як іх дырэктар, па адукацыі дарожны інжынер, пагарджае рамяством, але пры тым з'яўляецца дырэктарам рамеснай школы».

22 верасня 1929 года да візіту прэзідэнта Масціцкага ў новапабудаваным памяшканні Рамесна-прамысловай школы (Сувальская, 130) была адкрыта выстава сталярных і слясарных вырабаў вучняў за 1928-1929 навучальныя гады.

У лютым 1926 года прэса пісала пра пачатак працы гуртка авіямадэлістаў і планерыстаў у Лідзе, кіраваў ім нехта з афіцэраў авіяцыйнага палка. На пачатку 1934 года выданні паведамляла: «Стараннямі ўправы гуртка планерыстаў у Лідзе і дзякуючы дырэкцыі i вучням дзяржаўнай Рамеснай школы ў варштатах школы пабудаваны два планёры "Варона". Урачыстае асвячэнне планёраў адбудзецца 30 студзеня ў 13-30 на плошчы Збавіцеля ў Лідзе». Лідскія планёры былі першымі лятальнымі апаратамі, пабудаванымі ў Заходняй Беларусі. Яны прайшлі сертыфікацыю і былі прынятыя ў эксплуатацыю міжнародным бюро «Верытас» і прызнаныя прыдатнымі да палётаў.

Улетку 1937 года Рамесна-прамысловая школа ў Лідзе была пераназваная ў Дзяржаўную рамесную (механічную) школу. Сталярныя варштаты ліквідаваны, уведзены курсы навук і практычных заняткаў па кавальскіх, слясарных і тэхніка-механічных справах.

У верасні 1937 года паведамлялася, што «будынку Рамеснай (механічнай) школы па вуліцы Сувальскай патрэбны рамонт. Драўлянае памяшканне школы пабудаваны ў 1930 годзе і патрабуе грунтоўнага дарагога рамонту, бо дрэва точыць грыбок, акрамя гэтага некалькі разоў перарабляліся печы. Розныя рамонты ўжо каштавалі 60 000 зл., гэтых грошай хапіла б на мураваны будынак амаль такога ж памеру. Можа, лепей, чым ратаваць драўляны будынак ад грыбка, пабудаваць на тым жа месцы новы?»

Увесну 1939 года дырэкцыя Рамеснай школы ў Лідзе арганізавала пры ўстанове курсы кіроўцаў аўтамабіля і матацыкла. На курсах вывучалася тэорыя і даваліся практычныя веды ў галіне аўтамабільнай справы. Дырэкцыя школы хацела, каб кожны выпускнік акрамя пасведчання аб адукацыі атрымаў і правы кіроўцы. Першы аўтамабільна-матацыклетны курс сабраў 60 слухачоў.

Жаночая прафесійная кравецкая школа

У жніўні 1938 года паведамлялася пра адкрыццё ў Лідзе Звязам грамадзянскай працы жанчын Жаночай прафесіянальнай кравецка-бялізнярскай школы. Адрас школы - вуліца Сувальская, 90. Аднак у студзені 1939 года гарадская рада ўхваліла пастанову аб выдзяленні для Жаночай прафесіянальнай кравецкай школы асобнага будынка, у якім акрамя школы павінен быў знаходзіцца і інтэрнат для вучаніц: «Школе перадалі гмах па вуліцы Камерцыйнай, дзе раней быў карны аддзел Акруговага суда».

Яўрэйская Тарбут-школа

Па вуліцы Садовай, 11 знаходзілася адкрытая Тарбутам [10] школа другой ступені, так званая Тарбут-школа. Ад гэтай установы да нашага часу захавалася бакавая сцяна, да якой пасля вайны была зроблена дабудова (велічная фасадная сцяна знаходзіцца цяпер за гарадской бібліятэкай, яна - адзінае, што засталося ад пабудоў старога цэнтра горада).

Па адрасе Садовая, 11 знаходзіўся пляц вядомай і разгалінаванай лідскай сям'і Ілютовічаў. Якаў Ілютовіч пісаў: «Мой бацька Ерамія Ілютовіч па сваёй маці належаў да сям'і Пупко-Ханчыкаў, ад імя заснавальніка сям'і, чыё імя было Хана. Усе Ханчыкі мелі вялікую вагу ў справах кагалу. З-за свайго радаводу мой бацька нават змог выслізнуць ад каманды лаўцоў рэкрутаў, якія павінны былі выхапіць яўрэйскіх дзяцей у салдаты на 25 гадоў. Гэта такая гісторыя: калі мой бацька быў яшчэ толькі маленькім хлопчыкам, ён зімовым вечарам выйшаў з ешывы, дзе вучыўся. Раптоўна каманда лаўцоў, якая толькі што ўвайшла ў горад, акружыла яго. Мясцовы паліцэйскі, які прымаў удзел у лоўлі, асвятліў яго твар ліхтаром і сказаў: "Адпусціце яго. Ён адзін з Ханчыкаў"».

Сам Якаў Ілютовіч быў адным з заснавальнікаў руху сіяністаў у Лідзе. Сіяністы лічылі, што самае галоўнае трэба зрабіць ў сферы адукацыі - іхнім ідэалам была поўная яўрэйская школа. Піянерамі яўрэйскай школы ў Лідзе былі малады студэнт Матаціс Рубін, сын Руба-Хана Рубіна, і пазней - яго будучая жонка Нота, да замуства - Рабіновіч. Яны першымі адкрылі клас на іўрыце. У іх не было грошай на арэнду памяшкання, і, з адабрэння папячыцеляў сінагогі, яны вучылі ў пакоі для абслугоўваючага персаналу пры малельным доме канторы пахаванняў. З гэтай установы вырасла школа на іўрыце, якая вучыла да 6 класа па праграме гімназіі. Далей падвышаць узровень адукацыі не дазволілі фінансавыя абмежаванні, бо галоўныя высілкі яўрэйскай грамады засяроджваліся на ўмацаванні становішча класаў Народнай школыдля непісьменных.

Яўрэйская свецкая школа ў горадзе выконвала ролю культурнага цэнтра. Пры канцы кастрычніка 1931 года ў «яўрэйскай школе "Тарбут" па вуліцы Садовай лектарам з Вільні быў зачытаны рэферат на тэму гісторыі сіянізму за апошнія 50 гадоў. Падчас дыскусіі абмяркоўваліся яўрэйска-арабскія стасункі ў Палесціне і справы каланізацыі. Прысутнічалі 60 чалавек - у большасці яўрэйская моладзь з сіянісцкіх арганізацый».

26 ліпеня 1932 года ў зале школы «Тарбут» (вуліца Садовая, 11) адбыўся сход навуковага яўрэйскага таварыства г. Ліда. Была абрана новая ўправа таварыства ў складзе Гірша Палячака, Абрама Гурвіча, Адольфа Левінсона, Гірша Альперовіча і Ільі Зайгера і рэвізійнай камісіі.

«Тарбут-школу», дырэктарам якой быў Ханан Ілютовіч, наведвала 500 вучняў, і пры канцы 1930-х гадоў стары будынак стаў замалы. Таму яўрэйская грамада пажадала мець новае трохпавярховае памяшканне. На пасяджэнні гарадской рады пры канцы мая 1933 года была ўхвалена пастанова аб выдзяленні яўрэйскаму культурна-асветнаму таварыству «Тарбут» пляцу для будаўніцтва 7-гадовай яўрэйскай агульнаадукацыйнай школы: «Як стала вядома, "Тарбут" набудзе пляц пры вуліцы Касцюшкі па льготным кошце ў 50 гр.». Але будоўля новай школы пачнецца толькі ў 1939 годзе.

Прэса паведамляла, што ў чэрвені 1939 года «па вуліцы Касцюшкі адбылася ўрачыстая закладка каменя пад гмах яўрэйскай школы, якую будуе Аб'яднанне яўрэйскіх школ у Лідзе». Былы жыхар Ліды Якаў Ілютовіч пісаў: «Будаўнічы камітэт быў абраны з прадстаўнікоў "Тарбуту" і бацькоў. ... Будаўнічая пляцоўка была набыта бясплатна ў магістрата недалёка ад дзяржаўнай польскай школы. Яўрэйскае насельніцтва Ліды давала грошай, колькі магло. Сэгал даваў цэглу са сваёй фабрыкі, тартакі давалі дрэва, а жалеза дала фабрыка Чартка-Штэйнберга. Мецэнаты-купцы Шымон Пупко і Пінхас Рабіновіч далі цэмент. ... З вялікім напружаннем была пабудавана трохпавярховая школа з залай для гімнастыкі і цёплым туалетам. Адбылося вялікае наваселле, на якое было запрошана шмат гасцей, асобна для бацькоў зрабілі пасядзелкі з "тортам і каньяком". ... Гэта было вялікае свята. ... Школа перажыла вайну ... і адразу пасля вайны тут была нейкае савецкая ўстанова. Гэта разбіла мне сэрца».

Верагодна, школа была дабудавана яшчэ да Другой сусветнай вайны. Цяпер тут знаходзіцца Дзіцячая школа мастацтваў.

Курсы, гурткі

У лютым 1937 года ў «Доме горада Ліда» на Мацкевіча, 11 пачалі працаваць курсы кіроўцаў матацыкла, вучоба працягвалася палову месяца па аўторках, чацвяргах і суботах з 18-00 да 20-00, наведвальнікі плацілі за поўны курс 60 зл. У тым жа будынку адкрыліся заняткі для кіроўцаў аўтамабіляў, вучоба праводзілася штодзённа, акрамя суботы і нядзелі, з 20-30 да 22-00, плата - 90 злотых. Падобныя курсы ў горадзе стала працавалі пры розных арганізацыях.

У 1937 годзе недалёка ад Ліды праходзіў летні лагер, дзе сабраліся добраахвотнікі, каб атрымаць практычныя навыкі пілатажу планёра. У Лідзе працаваў гурток планерызму і парашутнай справы: «15 студзеня 1938 г. у памяшканні Звязу цывільных працаўнікоў Лідскага аэрадрома адбылося ўрачыстае адкрыццё пятага тэарэтычнага курса планерызму і парашутнай справы. Гэтыя курсы праводзіць мясцовы гурток планерызму пры Таварыстве падтрымкі супрацьпаветранай абароны (LOPP), які ўзначальвае знаны інструктар планерызму інжынер Міхал Багатыроў. Гурток планерызму ў Лідзе таксама займаецца выхаваннем моладзі і авіямадэлізмам». Гурток Багатырова наведвалі 70 чалавек.

На пачатку 1939 года ў Лідзе адкрыліся 3-месячныя курсы радыётэлеграфістаў.

Агульнаадукацыйныя 7-гадовыя школы

У 1921 годзе польскімі ўладамі былі арганізаваныя 7-гадовыя агульнаадукацыйныя школы, у 1920-1930-я гады працавала 5 агульнаадукацыйных школ.

Школа № 1 атрымала назву імя маршала Пілсудскага. Гарадская агульнаадукацыйная школа № 1 у канцы 1920-х месцілася па адрасе Замкавая, 25 [11]. Гэта бачна з аб'явы пра адкрыццё тут вячэрніх курсаў для ахвочых атрымаць 7-класную адукацыю. Тут жа ў рэжыме вячэрняй школы асобы, якія ўжо скончылі агульнаадукацыйную школу, маглі атрымаць сярэднюю адукацыю.

Школа № 2. Дырэктар - Антон Катанскі, да яго - Стэфанія Гаворка. Настаўнікі: Стэфанія Гаворка, Стэфанія Апухоўская, Яўген Апухоўскі, Сэрафін, Рэгіна Цала, Хэлена Стогнеў, Хэлена Тоўсцюк, Тоўсцюк, Задурская, Заорскі, Крыстафовіч.

Школа № 1 і № 2, 1930-я гг.

У чэрвені 1928 года магістрат Ліды аб'явіў тэндар на будоўлю гмаху агульнаадукацыйнай школы кубатурай каля 12 610 м3. Будынак Лідскай агульнаадукацыйнай школы з'яўляецца цікавай ілюстрацый праблемы каадукацыі ў міжваенны перыяд. Праблема мела вялікі ўплыў на праектаванне школ. Першыя каадукацыйныя школы з'явіліся ў другой палове XIX стагоддзя. Але каадукацыя яшчэ доўга заставалася дыскусійнай тэмай. Таму школы ў архітэктурным сэнсе часта праектаваліся ў адным будынку, але былі падзеленыя на дзве паловы з асобным уваходам. У вёсках і малых мястэчках сумеснае навучанне мела і эканамічны сэнс з-за невялікай колькасці вучняў. Некаторыя больш рэдка ўжываныя памяшканні - гімнастычная зала, спецыялізаваныя навучальныя класы ці адміністрацыйныя памяшканні - праектаваліся супольнымі, але так, каб хлопцы не маглі патрапіць на жаночую палову. Такія «сіметрычныя» школы добра атрымлівалася праектаваць у стылі неакласіцызму, дастаткова папулярным у 1920-х гадах у Еўропе. Адно крыло ўстановы было мужчынскім, а другое - жаночым, яны мелі свае ўваходы, а ў частцы, якая злучала два крылы, месціліся пакоі настаўнікаў, гімнастычная зала, тут жа быў галоўны ўваход у школу. У новым лідскім гмаху размясціліся агульнаадукацыйныя школы № 1 і № 2, левае крыло для хлопчыкаў, правае -для дзяўчынак. Лідская агульнаадукацыйная школа - ідэальны ўзор такога праекта, аналагічныя ідэі былі рэалізаваны ў шмат якіх школьных будынках таго часу.

Да канца 1928 года павінны былі выканаць земляныя, цяслярскія работы і пабудаваць муры. «Камень і цэглу дае магістрат. Да тэндара будуць дапушчаны толькі зарэгістраваныя будаўнічыя фірмы. ... Праект школы і варункі тэндара знаходзяцца ў магістраце. ... Ліда, 21 ліпеня 1928 г.». Так пачыналася будаўніцтва гмаху сучаснай школы № 1 Ліды.

Пры канцы жніўня 1929 года прэса пісала: «На будоўлі вялікага падвойнага будынка агульнаадукацыйнай школы імя Прэзідэнта Рэчы Паспалітай ужо цалкам скончаны вонкавыя работы. Заканчваецца і будаўніцтва вялікага памяшкання новай Дзяржаўнай гімназіі».

Раніцай 25 верасня 1929 года прэзідэнт Польшчы Масціцкі прыехаў у Ліду. Павітаўшыся і паразмаўляўшы з лідзянамі, прэзідэнт наведаў Фарны касцёл, потым прысутнічаў на ўрачыстым пасяджэнні ўправы Народнага Банка. У 13 гадзін Масціцкі паехаў да будынка толькі што ўзведзенай школы імя Габрыеля Нарутовіча і ўдзельнічаў у яе ўрачыстым асвячэнні і адкрыцці. Потым у актавай зале ўстановы прэзідэнт паабедаў з прадстаўнікамі грамадскасці Ліды. Пасля абеду вышэйшая службовая асоба наведала выставу ў Рамеснай школе і выехала ў Беняконі.

Прэса паведаміла, што акрамя агульнаадукацыйнай школы, дзякуючы магістрату, у новым будынку «з пачаткам навучальнага года адкрыецца ... школа павышэння кваліфікацыі рамеснікаў».

Газета «Навагрудскае жыццё» пісала: «Адкрылася агульнаадукацыйная школа. ... Гмах памерам 13 300 м3 пабудаваны за 801 000 злотых згодна з найноўшымі патрабаваннямі і складаецца з двух школ-блізнятаў, мае 7 класных пакояў для агульнага выкладання, 1 зал прыродазнаўства, 1 зал ручной працы і 1 гімнастычны зал».

У новым гмаху размясціліся агульнаадукацыйныя школы № 1 і № 2.

На пачатку красавіка 1930 года школьны гмах імя прэзідэнта Нарутовіча быў прыняты адмысловай камісіяй, якая прызнала, што памяшканне якасна пабудавана і цалкам адпавядае свайму прызначэнню. Было вырашана зрабіць яшчэ агароджу і стадыён.

1930-я гг. Лідскія гімназістачкі Яна Станкевіч і Ірына Клейдэнст шпацыруюць па вуліцы Сувальскай (зараз Савецкай). Наперадзе ў іх перакрыжаванне з вул. 3-га Мая (Ленінскай). Яна Станкевіч будзе арыштавана ў 1940-м, у 1941 г. пройдзе «Ігуменскім шляхам смерці» з Менску і застанецца жывой.

10 красавіка 1930 года ў гэтай школе адбыліся першыя ўрокі. Гэты дзень можна святкаваць як дзень нараджэння сучаснай школы № 1 Ліды.

На пачатку сакавіка ў Забалацкай гміне знойдзена 2 малаткі з цёсанага каменю, якія праз нейкі час былі перададзены ў Ліду ў музеі школ № 1 і № 2.

Жаночая школа была перанесена ў новы гмах імя прэзідэнта Нарутовіча па вуліцы Школьнай толькі ў маі 1930 года: «Зараз школьная моладзь зможа карыстацца самым новым абсталяваннем, і мы не памылімся, калі скажам, што вучні будуць мець усё самае лепшае. Школа мае вялікія класы, дасканалую вентыляцыю, шырокія вокны, замест былых лавак - столікі з пюпітрамі, і для кожнага вучня - зручнае крэсла. Ёсць адмысловы гімнастычны зал і майстэрні». А з газеты «Навагрудскае жыццё» дазнаемся, што «ў новы школьны гмах на Выгане жаночая школа перанесена з вуліцы Замкавай».

Лідзянін Уладзіслаў Нарушэвіч успамінаў: «Перайшлі са старой у гэтую новую школу прэфект ксёндз Лявонці Касперак і настаўнік спеваў Міхал Драмовіч - самы сімпатычны і любімы класам, навучыў нас мноству песенек, пераважна з часоў студзеньскага паўстання, вялікім знаўцам якога быў. Польскай мове і гісторыі вучыла нас Тэрэза Тарашэвіч, прыстойная бландзінка ў веку Талімены... Настаўнікам матэматыкі, якая называлася ў той час лічэннем, быў Яўген Абуховіч, высокі хударлявы мужчына з лысінай, якая ўсё павялічвалася. Вучыў нас таксама фізіцы... Настаўнікам ручной працы і малявання быў Станіслаў Філіповіч, бландзін сярэдніх гадоў і прыемнай знешнасці. Пачаў піць пасля смерці жонкі, якую вельмі кахаў. Настаўнікам гімнастыкі быў Ян Сякула, высокі, са спартыўнай фігурай, смуглым тварам... У нашай школе гэтак жа, як і ў іншых агульнаадукацыйных школах, хлопцы павінны былі мець валасы, стрыжаныя пад нуль. Было гэта, зразумела, патрэбна як неабходнасць у вайне з вашывасцю і не выклікала нічыйго супраціву».

Той жа аўтар пісаў пра цялесныя пакаранні: «Гэта былі часы, калі ў агульнаадукацыйных школах у вялікай колькасці ўжываліся цялесныя пакаранні. Найбольш шырока ўжываным і пакутлівым пакараннем было біццё лінейкай па далоні. Пры моцным удары вучань падскокваў ад болю. Не менш балючым было павольнае выцягванне за валасы над вухам або за само вуха ўверх. Была яшчэ "каза" - пакіданне ў зачыненым памяшканні пасля ўрокаў на гадзіну або дзве, а таксама стаянне ў куце класа на каленях на гаросе. Асабліва стараліся ўжываць пакаранні пажылыя настаўніцы. Жулікам, хуліганам па-сучаснаму, тым, хто курыў папяросы, гэта не дапамагала - праз пару гадоў навучання яны пакідалі школу».

Пры канцы 1930-х гадоў дырэктарам школы № 1 быў Юзаф Міхнеўскі, настаўнікамі Уладзіслаў Бочак, Дуброўнікава, Ян Казлоўскі, Казлоўская, Тэадозія Каметава, Калокшча, Юзэфа Міхнеўская, Эдвард Крыстафовіч, Ганна Аляхновіч, Вінцэнт Новак.

Школа № 3 імя Берка Ёселевіча месцiлася каля касцёла пiяраў, гэта вышэй згаданая школа піяраў.

Школа № 4 імя маршала Рыдз-Сміглага - цяпер СШ № 10. Новую школу № 4 пачалі будаваць у 1936 годзе. Улетку 1937 года «Кур'ер Віленскі» паведамляў, што два паверхі ўжо пабудаваны, «у школе будзе 12 аўдыторных памяшканняў, лабараторыі, кабінеты настаўнікаў, пакой адпачынку, гардэроб, прыбіральні і памяшканне для вартаўніка. Кошт будынка 135 000». Тады ж на будаўніцтва школы гарадскія ўлады дадаткова атрымалі ад Фонду працы 10 000 злотых. У лістападзе 1937 года «гарадскія ўлады дадаткова атрымалі 10 000 ад Фонду працы для заканчэння будаўніцтва школы № 4».

У ліпені 1938 года гарадскія ўлады вырашылі «нарэшце закончыць будаўніцтва школы на Слабодцы», таму, верагодна, першых вучняў гэтая школа прыняла 1 верасня 1938 года. Новая ўстанова была самай прыгожай у павеце.

Дырэктарам школы працаваў Уладзіслаў Дабравольскі. Настаўнікі школы: Філіпкоўская, Курматоўская, Матэрна, Найда, Вікторыя Рагоўская, Драмовіч, Ян Турбяк.

Школа № 5 імя Людвіка Нарбута ў 1930-х знаходзілася каля паўночнай сцяны замка, у будынку, дзе да 1915 года месцілася гарадская вучэльня.

Вучаніца гэтай школы Яўгенія Ярмант пісала: «На першым паверсе размяшчаліся малодшыя класы з першага па чацвёрты. У глыбіні будынка знаходзілася агульная распранальня - рад кручкоў і драўляных калочкаў, убітых па ўсёй даўжыні сцяны. Справа ад распранальні была вялікая прахадная зала, дзе праходзілі ўрокі гімнастыкі і праводзіліся сходы харцараў. У двары з задняга боку будынка вузкая і крутая драўляная лесвіца вяла на другі паверх. На галоўным фасадзе справа размяшчалася шырокая, але вельмі крутая лесвіца, якая вяла ў настаўніцкую на другім паверсе. Ёю карысталіся толькі настаўнікі».

Другі вучань школы № 5, Ян Станіслаўскі, успамінаў: «Мела адрас вул. Гедзімінаўская, 10. Стары двухпавярховы будынак з чырвонай цэглы. Падлогі з дошак, цесныя калідоры, малы пляц для адпачынку дзяцей, у куту якога былі прымітыўныя туалеты. Школа не мела гімнастычнага зала, майстэрні, з кабінетаў мела толькі фізіка-геаграфічны. Вуліца Гедзімінаўская з аднаго боку ўлівалася ў вуліцу Замкавую, з другога - у Мацкевіча (Крывую)».

Дырэктар школы - Фердынанд Оркуш. Настаўнікі: Яніна Багдзевіч, Каханьская, Зыгмунт Лісецкі, Ян Лаўчэўскі, Лапінскі, Ян Міхнеўскі, Яніна Насовіч, Ян Новак, Браніслава Ляскоўская, Яніна Пруткоўская, Адольф Ляскоўскі.

Падчас 1937-1938 навучальнага года наш горад меў 5 дзяржаўных школ, у якіх працавалі 47 настаўнікаў і вучыліся 3 094 чалавекі. Акрамя дзяржаўных, у горадзе таксама было 5 прыватных школ, у якіх атрымлівалі адукацыю 659 вучняў.

Пры канцы кастрычніка 1937 года ў зале Лідскага староства адбылася інфармацыйная сустрэча лідскага бургамістра Задурскага з прэсай і гараджанамі, падчас якой бургамістр выступіў з дакладам пра вынікі 1937 года, у якім ён сказаў: «Да гэтага часу з 5 агульнаадукацыйных школ толькі 2 месцяцца ва ўласным будынку. У наступным годзе адкрыецца шостая новая школа на Слабодцы, аднак ёсць патрэба ў 7-й і 8-й школах, якія б маглі замяніць 5 існых прыватных школ». Дакладна вядома, што планаваная школа № 6 павінна была атрымаць імя Тадэвуша Касцюшкі. Гэтую ўстанову збіраліся пачаць будаваць у 1938 годзе па вуліцы Легіяновай (цяпер - вуліца Клімко). Праз некалькі месяцаў «Кур'ер Віленскі» паведаміў: «Гарадскія ўлады вырашылі пачаць будаўніцтва новага гмаху 7-класнай школы па вуліцы Легіяновай. Акрамя грошай з гарадскога бюджэту на школу пойдуць грошы Фонду працы і Таварыства дапамогі будоўлі школ».

На студзеньскім пасяджэнні 1939 года гарадская рада ўпаўнаважыла гарадскую ўправу закупіць дрэва для будаўнічых работ. Па льготнай цане горад закупляў 1 253 кубічныя метры будаўнічага лесу і 103 000 жэрдак для будаўніцтва агульнаадукацыйнай школы, гарадской рэзні і паліклінікі.

* * *

Адным з самых сур'ёзных дасягненняў міжваеннай Польшчы стала аднаўленне сістэмы адукацыі. За няпоўныя 20 гадоў утрая скараціўся лік непісьменных, пры гэтым паменшыліся адрозненні паміж асобнымі рэгіёнамі краіны, бо ў больш адсталых усходніх раёнах гэты працэс ішоў значна хутчэй. За 20 міжваенных гадоў узрасла колькасць людзей з вышэйшай адукацыяй, а шэрагі інтэлігенцыі, якая культывавала шляхецкія традыцыі, папаўняліся выхадцамі з сялян і меней заможных пластоў гарадскога насельніцтва. Узнавіў працу закрыты царскімі ўладамі пасля паўстання 1831 года ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя ў Вільні, які працягваў традыцыі Віленскай Акадэміі ВКЛ, тут вучылася шмат лідзян і дзейнічалі розныя беларускія аб'яднанні студэнтаў, напрыклад «Скарынія».



[1] Гімназія ці школа з сумесным навучаннем хлопчыкаў і дзяўчынак.

[2] Дварэцкі Мойша нарадзіўся ў Лідзе 1 снежня 1891 г. Закончыў гімназію, два семестры педагагічнага інстытута і тры семестры медыцынскага факультэта. Выкладаў лацінскую мову.

[3] Путрамант пісаў: «Справа ... ў паходжанні афіцэраў. ... меліся тры вялікія афіцэрскія групы і некалькі меншых: легіянеры, афіцэры з аўстрыйскай арміі, або "галілеі", а таксама з расійскай арміі, ці т. зв. "католікі", трохі "халерчыкаў"». «Халерчыкі» - афіцэры якімі камандаваў генерал Халер, «католікі» - з-за таго, што ў расійскай арміі гэта веравызнанне ў афіцэра было кляймом.

[4] Свята «Дзень канстытуцыі».

[5] Пераварот у маі 1926 г. пасля якога да ўлады прыйшоў так званы «санацыйны» рэжым.

[6] У гэты год гімназію паспяхова скончылі Плунгус Генрык, Вадэйка Станіслаў, Петрашкевіч Ідалія, Ліпінская Марыя, Вільтас Рычард, Курчэўская Ванда, Дрозд Каятан, Жукоўская Рэгіна, Макарывіч Зміцер, Капалюк Станіслаў, Запаснік Аляксандр, Залкінд Маша, Філіпчук Міхал, Сянкевіч, Рабіновіч Фрадэль, Вітажэнец Хэлена, Малевіч Марыя, Любчанскі Мойша, Стукатар Рахель, Ліпшыц Рыва, Вінаградава Соня, Бенеш-Крывец Юзаф, Давідовіч Беньямін, Грабоўскі Ян, Дэлімала Баляслаў, Сянкевіч Уладзіслаў, Ігнатовіч Паўлін.

[7] Прыкладна 2-3 добрыя месячныя заробкі рабочага ў Лідзе таго часу.

[8] Для паступлення ва ўніверсітэт і атрымання поўнай сярэдняй адукацыі неабходна было яшчэ два гады працягваць вучобу ў ліцэі, які знаходзіўся ў будынку гімназіі.

[9] Скончылі гімназію 20 вучняў і вучаніц: Бедраўскі, Гербядзёўская, Ілютовіч, Іваноўскі, Яхніс, Камянецкая, Клышэйка, Малахоўская, Міцкінеўскі, Нарушэвіч, Прасмыцкі, Савонь, Шварцбрам, Урбановіч, Воранава, Урублеўская, Прус, Манякоўская, Здановіч.

[10] Тарбут (іўр. - культура) - яўрэйская свецкая асветніцкая-культурная арганізацыя, пад эгідай якой у перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі была створана сетка адукацыйных устаноў на іўрыце.

[11] Як я пісаў вышэй, у будынак Замкавая, 25 пасля школы перасялілася гімназія магістрата.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX