У 1948 годзе была адкрыта пачатковая школа № 6, будынак якой знаходзіўся на вуліцы П. Асіпенкі.
У сакавіку 1966 года рабочыя будтрэста № 19 правялі мітынг, дзе быў закладзены падмурак будучай СШ № 6. На месцы, дзе планаваўся цэнтральны ўваход у школу, быў пакладзены велізарны валун і выкапаны катлаван пад падмурак. Адміністрацыяй горада было вырашана здаць школу да пачатку 1966 навучальнага года. Гэта быў самы высокі будынак у той час сярод прыватных дамоў. Ля цэнтральнага ўваходу размяшчаліся дзве скульптуры - піянера і піянеркі. 15 жніўня 1966 года будаўніцтва было закончана.
Першым дырэктарам сярэдняй школы з'яўляўся Паторскі Іван Сяргеевіч. Ён нарадзіўся ў вёсцы Обчын Любанскага раёна Менскай вобласці ў 1923 годзе. З'яўляўся ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг., ваяваў у партызанскім атрадзе імя Чапаева брыгады імя Куйбышава № 258.
Пасля вайны працаваў падатковым інспектарам у г. Любань, з 1946 па 1950 г. вучыўся ў Гарадзенскім педагагічным інстытуце. У1950-1951 гг. працаваў інспектарам-метадыстам у Гарадзенскім абласным камітэце. У 1951-1957 гг. выкладаў нямецкую мову ў СШ № 2 г. Ліды. З лютага 1957 года стаў дырэктарам 8-гадовай, а затым СШ № 7 г. Ліды. У 1966-1972 гг. займаў пасаду дырэктара СШ № 6 г. Ліды.
Іван Сяргеевіч вялікую ўвагу надаваў грамадскай працы: з'яўляўся старшынём Гарадскога савета садзейнічання сям'і і школе, кіраўніком гарадской секцыі метадычнага аб'яднання настаўнікаў нямецкай мовы. За актыўную грамадскую працу быў узнагароджаны ганаровай граматай Міністэрства адукацыі БССР, ордэнам "Знак Пашаны", медалём "За працоўную доблесць".
Прыйшлі ў школу і першыя педагогі: Суворава Людміла Якаўлевна, Скрабец Ніна Рыгораўна, Лайкевіч Станіслава Антонаўна, Салаўёў Генадзь Сцяпанавіч, Баброва Людміла Іванаўна. Гэта былі людзі, адданыя сваёй працы, школе, дзецям. Многія з іх не расставаліся з СШ № 6 да самай пенсіі.
Такім педагогам стала Лайкевіч (Кулеш) Станіслава Антонаўна - легенда школы. Станіслава Антонаўна нарадзілася 9 лютага 1943 года ў вёсцы Ціўновічы Іўеўскага раёна. Бацька, Кулеш Антон Якаўлевіч, і маці, Кулеш Браніслава Тамашаўна, усё жыццё працавалі ў калгасе. У 1 клас пайшла ў 8-гадовую школу ў вёсцы Ўрцішкі, сярэднюю адукацыю атрымала ў Іўеўскай СШ № 12. У 1961-1966 гг. вучылася ў Гарадзенскім педагагічным інстытуце імя Я. Купалы.
"У СШ № 6 я прыйшла працаваць у 1966 годзе пасля заканчэння Гарадзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы. 15 жніўня 1966 года ўвесь педагагічны калектыў выйшаў на працу і рыхтаваў новую школу да адкрыцця. Мы мылі вокны, парты, прыводзілі кабінеты ў парадак," - успамінае Станіслава Антонаўна.
Вучні Станіславы Антонаўны да цяперашняга часу падтрымліваюць з ёй сувязь і вельмі добра ўладкаваліся ў жыцці: Лапко Вера - заслужаны лекар, Захарэвіч Тамара - вядучы тэхнолаг Віцебскай абутковай фабрыкі, Лайкевіч Аксана - лекар навукова-даследчага інстытута анкалогіі г. Менска, Чарнавус Станіслаў супрацоўнік Міністэрства энергарэсурсаў.
Станіслава Антонаўна ўзнагароджана значком "Выдатнік асветы", медалём " У азнаменаванне стагоддзя з дня нараджэння Леніна", граматамі ўпраўлення адукацыі за педагагічную дзейнасць.
Звязаў лёс са школай № 6 і Зінчанку Ніну Гаўрылаўну - ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Зінчанка (Качан) Ніна Гаўрылаўна нарадзілася 26 верасня 1931 года ў вёсцы Хатынічы Лунінецкага раёна Берасцейскай вобласці. Да вайны Ніна Гаўрылаўна скончыла два класы.
У 1941 годзе сям'я Качан не эвакуявалася, а з першых дзён вайны ўключылася ў барацьбу з фашыстамі. Бацька, Гаўрыла Паўлавіч, і яго сын Анатоль сталі сувязнымі партызанскіх атрадаў "Балтыец" і "Іскра". Ніна Гаўрылаўна актыўна дапамагала брату, выконвала даручэнні: перапісвала і распаўсюджвала ўлёткі, дастаўляла медыкаменты, дапамагала перавозіць міны ў партызанскі атрад.
У 1947 г. Ніна Гаўрылаўна скончыла 7 класаў школы № 1 г. Ліды. Пасля заканчэння школы было прынята цвёрдае рашэнне стаць настаўнікам. З 1948 да 1952 года яна з'яўлялася студэнткай Лідскага дзяржаўнага педагагічнага вучылішча.
Пачынала педагагічную дзейнасць у 1952 г. піянерважатай у школе № 2 г. Ліды, а ў 1953 годзе перавялася працаваць у Дакудаўскую школу, затым працавала ў СШ № 4, СШ № 3. Ніна Гаўрылаўна была ўзнагароджана юбілейным медалём "Дваццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне" (7 траўня 1965 года), медалём "За баявыя заслугі" (21 ліпеня 1965 г.), юбілейным медалём "За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна". За дасягнутыя працоўныя поспехі не раз аб'яўлялася падзяка. Ніна Гаўрылаўна стала ветэранам працы.
У 2007 годзе Камісія па справах былых партызан і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны 1941 - 1945 гадоў пацвердзіла рашэнне аднайменнай камісіі пры Лідскім райвыканкаме аб прызнанні Зінчанкі (Качан) Ніны Гаўрылаўны ўдзельнікам партызанскага і падпольнага руху Лідчыны.
27 студзеня 2010 г. Ніны Гаўрылаўны не стала.
У 1966/1967 навучальным годзе ў школе навучаліся 923 вучні. Усяго налічвалася 24 класы-камплекты па 42 вучні ў кожным. На "4" і "5" навучальны год скончылі 218 вучняў, выдатнікаў было 56 навучэнцаў. На паўторны курс навучання былі пакінуты 47 чалавек. Займаліся толькі ў першую змену. Вучыліся да 31 траўня. Экзамены здавалі ўсе класы разам на калідоры і ў спартыўнай зале.
1 верасня 1966 г. была створана піянерская дружына імя Аркадзя Гайдара, якая неаднаразова дамагалася высокіх паказчыкаў у працы і займала прызавыя месцы: 2-ое месца ў Фестывальнай віктарыне, 2-ое месца ў гарадскім фінале ваенна-спартыўнай гульні "Зарніца", прызавое месца за высокія паказчыкі ў аперацыі "Ўрэнгой", 1-ае месца ў аглядзе-конкурсе піянерскіх пакояў і нагляднай агітацыі. Агітбрыгада піянерскай дружыны імя А. Гайдара заняла 2-ое месца ў аглядзе-конкурсе агітбрыгад "Фэст у Маскве - фестываль паўсюль". Рэдакцыя газеты "Піянер Беларусі", ЦК ЛКСМ Беларусі і Рэспубліканскі Савет піянерскай арганізацыі імя У.І. Леніна ўзнагародзілі граматай піянерскую дружыну СШ № 6, пераможцу 1-га тура конкурсу - агляду "Чырвоныя гваздзікі".
У 1968 годзе ў школе адбыўся першы выпуск 10-х класаў.
Вялікая ўвага ў школе надавалася фізічнаму выхаванню. Загадам № 42 загадчыка народнай адукацыі Лідскага гарвыканкама ад 2 студзеня 1971 г. СШ № 6 стала апорнай па фізвыхаванні. У 1972/1973 гг. да асноўнага будынка школы была прыбудавана спартыўная зала.
У гэты перыяд школа славілася вельмі прыгожымі кветнікамі, якія былі зробленыя пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Грэчыц Любові Аляксееўны. Не было ні аднаго семінара ў горадзе, каб госці не заехалі ў школу № 6 палюбавацца багаццем кветак.
Цікавым з'яўляецца факт, што за сярэдняй школай № 6 была замацавана аўтамашына "Масквіч - 426" для навучання практычнаму кіраванню.
У 1972-1974 гадах пасаду дырэктара школы займала Кардаш (Дрэвіц) Таццяна Ўладзіміраўна. Яна нарадзілася ў 1933 годзе ў г. Лідзе ў сям'і службоўца (бацька працаваў у натарыяльнай канторы). У час нямецкай акупацыі разам з бацькамі знаходзілася ў родным горадзе. Пасля вызвалення савецкай арміяй г. Ліды паступіла ў 4 клас чыгуначнай СШ № 52 станцыі Ліда Брэст-Літоўскай чыгункі, якую скончыла ў 1951 годзе. У той жа год паступіла ў Гарадзенскі педагагічны інстытут імя Я. Купалы на фізіка-матэматычны факультэт і скончыла яго з адзнакай. Затым была накіравана на працу ў распараджэнне Лідскага гарана.
Са жніўня 1955 г. па люты 1958 года працавала выкладчыкам матэматыкі СШ № 2 г. Ліды, затым - у СШ № 7, СШ № 11. У 1966-1971 гг. займала пасаду завуча па вучэбна-выхаваўчай рабоце СШ № 6 г. Ліды, а з 1972 г. - дырэктара СШ № 6 г. Ліды.
Таццяна Ўладзіміраўна праявіла сябе як ініцыятыўны настаўнік, умелы арганізатар вучэбна-выхаваўчага працэсу.
Узнагароджана знакам "Выдатнік асветы БССР", юбілейным медалём "За доблесную працу", граматай Міністэрства асветы БССР.
Трэцім дырэктарам школы была Зыранава (Кур'ян) Ніна Станіславаўна. Яна нарадзілася ў 1931 годзе ў г. Лідзе ў сям'і рабочага чыгуначніка. У 1950 годзе паступіла ў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут, у 1953 годзе - у Магілёўскі педагагічны інстытут на гістарычны факультэт. У 1955 годзе абрана першым сакратаром гаркама камсамолу. У 1957 годзе па сямейных абставінах пераехала ў г. Ліду, дзе паступіла на працу ў гаркам камсамолу і адпрацавала 11 гадоў.
Працавала дырэктарам школы працоўнай моладзі № 2, загадчыцай педкабінета, інспектарам гарана, старшынёй гаркама прафсаюза работнікаў асветы.
У 1974-1976 гг. - дырэктар СШ № 6 г. Ліда.
У 1970 г. узнагароджана медалём "За доблесную працу", у 1984 г. прысвоена званне настаўнік-метадыст.
На працягу дваццаці гадоў сярэднюю школу ўзначальваў Кашпар Валянцін Фёдаравіч. Ён нарадзіўся 6 жніўня 1928 года ў сялянскай сям'і ў горадзе Віцебску. У 1934 годзе паступіў у 1 клас Віцебскай сярэдняй школы. У красавіку 1945 года ён уладкоўваецца ў Швянчэнскую падатковую інспекцыю, са жніўня 1946 года па люты 1948 года - супрацоўнік Швянчэнскага спажывецкага таварыства. З 1949 года працуе на заводзе "Гомсельмаш".
У 1950 годзе ён паступае на паскораны курс навучання Гомельскага настаўніцкага інстытута імя В.Г. Чкалава, у 1952 годзе - Віленскага педагагічнага інстытута.
З 1956 па 1964 гады Валянцін Фёдаравіч з'яўляўся дырэктарам Запольскай сярэдняй школы.
У 1965 годзе ён быў пераведзены дырэктарам у Красноўскую сярэднюю школу.
З 1965 года па 1976 год займаў пасаду загадчыка народнай адукацыі Лідскага раённага выканаўчага камітэта. За актыўную грамадзянскую пазіцыю, арганізатарскія і кіраўніцкія здольнасці, высокія вынікі ў вучэбнай дзейнасці Лідскага раёна Валянцін Фёдаравіч быў узнагароджаны граматамі, нагруднымі знакамі, медалём БССР, Лідскага райвыканкама і Гарадзенскага абласнога камітэта.
З 1976 года па 1996 год Валянцін Фёдаравіч працаваў дырэктарам сярэдняй школы № 6 г. Ліды.
Са справаздачы дырэктара В.Ф. Кашпара аб добраўпарадкаванні школы:
"Знешні выгляд: школа цагляная, пабудаваная па тыпавым праекце Б2-02-3-62 (на 960 вучнёўскіх парт). Тэрыторыя школы азялененая, пасаджаны кусты, дрэвы, шмат кветак.
Удзел у афармленні ўнутранага памяшкання школы прымае мастацкі савет школы, кіруючыся пры гэтым выдадзенымі рэкамендацыямі па афармленні школы. Дапамагаюць у афармленні мастакі шэфскай арганізацыі.
1 паверх: акцябрацкія стэнды, стэнд па правілах паводзін навучэнцаў, правілы карыстання гардэробам.
2 паверх: стэнды "Імі ганарыцца школа", "Рашэнні 25 з'езду КПСС - у жыццё", абавязкі навучэнцаў школы з нагоды сустрэчы 60-годдзя Вялікага Кастрычніка, экран падвядзення вынікаў сацыялістычных спаборніцтваў па школе.
3 паверх: стэнды па прафарыентацыі, па пачатковай вайсковай падрыхтоўцы, па гісторыі камсамолу."
1978 год увайшоў у гісторыю школы як першы выпуск навучэнцаў, якія скончылі поўны курс СШ №6. У 1996 годзе школа адзначыла 30-годдзе.
З 1996 па 2002 год на пасаду кіраўніка школы была прызначана Чарнічэнка Людміла Мікалаеўна. Менавіта яна стаяла ля вытоку кадэцкага руху.
У ліпені 1997 года Вайсковай Акадэміяй Рэспублікі Беларусь у асобе начальніка Г.І. Флярко і дырэктарам СШ № 6 Л.М. Чарнічэнка была заключана дамова аб стварэнні вайскова-патрыятычных класаў з выкарыстаннем праграмна-метадычнага кадравага забеспячэння Вайсковай Акадэміі. У гэтых класах навучаюцца юнакі і дзяўчаты, якія жадаюць у далейшым звязаць сваё жыццё з прафесіяй афіцэра. Падрыхтоўка вучняў вайскова-патрыятычнага класа - гэта ў вялікай ступені і працяг сямейных традыцый. Школа знаходзіцца ў Паўночным вайсковым гарадку, дзе жывуць сем'і вайскоўцаў, а іх дзеці цяпер маюць магчымасць са школьнай парты рыхтавацца да службы Радзіме, ісці па слядах бацькоў. Куратарства над вайскова-патрыятычным класам ўзяў на сябе факультэт ракетных войскаў і артылерыі ВА Рэспублікі Беларусь.
Кадэцкія класы школы прымаюць актыўны ўдзел у розных акцыях і мерапрыемствах: зборах вайскова-патрыятычных класаў, днях адчыненых дзвярэй у ВА Рэспублікі Беларусь, у валанцёрскім руху.
З 2002 года дырэктарам школы з'яўляецца Прэпляска Галіна Феліксаўна. Яна нарадзілася 14 верасня 1962 года ў вёсцы Складанцы Воранаўскага раёна. У 1969 годзе Галіна Феліксаўна паступіла ў 1 клас Складанскай пачатковай школы, у 1972 годзе - у Нова-Казакоўскую базавую школу, у 1979 годзе - у Радуньскую сярэднюю школу і скончыла яе з залатым медалём. Затым 5 гадоў вучылася ў Гарадзенскім універсітэце імя Я. Купалы на матэматычным факультэце. У 1984 годзе па размеркаванні была накіравана ў СШ № 6 горада Ліды настаўнікам матэматыкі.
У 2009 г. СШ № 6 была прызнана лепшай сярод устаноў адукацыі.
Але найвялікшы гонар школы - яе выпускнікі. Сярод выпускнікоў школы ёсць тыя вучні, якія заявілі аб сабе на рэспубліканскім ўзроўні:
- Цыленьць Валерый Антонавіч - спартсмен - інструктар па грэка-рымскай барацьбе Мінспорту Рэспублікі Беларусь. Заслужаны майстар спорту (1996). Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў (1996), 4-е месца на Алімпійскіх гульнях (2000), бронзавы прызёр чэмпіянату свету (1994), пераможца першынства СНД сярод моладзі (1991).
Штогод у Лідзе праходзіць рэспубліканскі турнір па грэка-рымскай барацьбе на прызы В. Цыленьця.
- Малчанаў Аляксандр Яраслававіч - акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (з 1999 года). Вядомыя ролі ў тэатры: Сымон ("Сымон-музыка"), Дырыжор ("Маэстра"), Сіман ("Брат мой, Сіман..."), Янка Здольнік ("Тутэйшыя"), Дземетрый ("Сон у чарадзейную ноч пасярэдзіне лета"), Джордж Пігэн ("№ 13")...
За выкананне галоўнай ролі ў спектаклі "Маэстра" атрымаў дыплом "За лепшую мужчынскую ролю" ў тэатральным конкурсе ХІІІ Менскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад".
- Клім Іван - майстар спорту па цяжкай атлетыцы. Чэмпіён Еўропы 2011 года сярод кадэтаў. Чэмпіён Рэспублікі Беларусь 2011 года. Чэмпіён Алімпійскіх дзён моладзі Рэспублікі Беларусь 2011 года, чэмпіён Рэспублікі Беларусь 2011 года сярод юніёраў.
У сярэдняй школе № 6 працуюць і яе выпускнікі: Драгун Людміла Сямёнаўна, Хахлова Вольга Ўладзіміраўна, Богуш Наталля Іванаўна, Астравух Надзея Ўладзіміраўна, Малмыга Ірына Леанідаўна, Карчэўская Святлана Вяславаўна, Хлюст Валерыя Ўладзіміраўна і Масойць (Кучынская) Таццяна Фердынантаўна.
Адной з яркіх асоб школы з'яўляецца Масойць (Кучынская) Таццяна Фердынантаўна. У школьныя годы яна зарэкамендавала сябе як як прыкладная, адказная, актыўная вучаніца і выдатніца. Была ўзнагароджана ганаровымі граматамі за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці і прыкладныя паводзіны, пахвальнымі лістамі за выдатную вучобу.
У 1986 годзе паступіла ў Гарадзенскі інстытут імя Я. Купалы на факультэт рускай мовы і літаратуры.
З 1997 года па 2013 год працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы ў СШ № 6, з 2013 года - намеснікам дырэктара па вучэбнай-выхаваўчай працы.
Узнагароджана граматамі Вайсковай Акадэміі Рэспублікі Беларусь за стараннасць, праяўленую пры навучанні навучэнцаў вайскова-патрыятычных класаў і і высокае прафесійнае майстэрства, граматамі Лідскага аддзела адукацыі за добрасумленнае выкананне прафесійных абавязкаў.
У 2016/2017 навучальным годзе школа адсвяткавала свой пяцідзесяцігадовы юбілей.